A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


аналітыка

  ПЁТРА РУДКОЎСКІ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі
Зьмены ў беларускім Каталіцкім касьцёле


Ecclesia semper reformanda.

S. Augustinus1

«Кардынал Казімер Сьвёнтак перастае быць галавой беларускага Каталіцкага касьцёлу» – гэтая навіна вось ужо ад паловы чэрвеня жыва абмяркоўваецца ня толькі каталікамі, але і ўсёй беларускай грамадзкасьцю. Што зьменіцца ў сувязі з гэтым, а калі зьменіцца, дык у якім кірунку? Хто стане новым пастырам Менска-Магілёўскай дыяцэзіі і чаго чакаць ад новага старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), біскупа Аляксандра Кашкевіча? Якое значэньне мае ўсё гэта для беларускага грамадзтва і беларускага каталіцызму ў прыватнасьці?

Насамперш трэба заўважыць, што зьмены ў герархічных структурах беларускага Касьцёлу зьяўляюцца часткай больш маштабных рэформаў, запачаткаваных апостальскай сталіцай у часе пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Сярод найбольш значных кадравых зьменаў трэба адзначыць зьяўленьне на пасадзе дзяржаўнага сакратара Ватыкану кард. Тарчызіё Бэртонэ (на месца кард. Анджэла Садана), а таксама кард. Джавані Ляёлы на пасадзе старшыні Папскай камісіі ў справах Ватыканскай дзяржавы і старшыні губэрнатарату гэтае ж дзяржавы (на месца паляка кард. Эдмунда Шокі). Зьмены адбыліся таксама ў Польшчы. Ужо год таму памяняўся Кракаўскі мэтрапаліт, а сёлета на пэнсію адыходзіць галава Варшаўскае мэтраполіі Юзаф Глемб. Няма, бадай, сэнсу, дашуквацца якойсьці асаблівай «палітычнай лініі» ўва ўсіх гэтых зьменах; яны прадыктаваныя, хутчэй за ўсё, звычайным жаданьнем зрабіць касьцельныя інстытуты больш функцыянальнымі і больш эканомнымі (што выяўляецца, напрыклад, у захадах дзеля зьмяншэньня колькасьці пасадаў у Рымскай курыі).

Тое самае і ў выпадку зьменаў у беларускім Касьцёле. Сыход на пэнсію 91-гадовага кардынала мае простае і банальнае вытлумачэньне: у такім узросьце зацяжка кіраваць архідыяцэзіяй, выконваючы пры гэтым абавязкі старшыні ККББ. Патрэбны сьвежыя сілы, новыя ідэі і новыя ініцыятывы. Якія аспэкты рэлігійнага жыцьця беларускіх каталікоў патрабуюць гэтай «навізны» і «сьвежасьці»?

Перадусім неабходна распрацаваць канцэпцыю падтрымкі «нізавых» ініцыятываў і супрацоўніцтва зь імі. Нельга сказаць, што дагэтуль нізавыя ініцыятывы не падтрымліваліся: такія выдавецкія праекты, як «Ave Maria», «Наша Вера», «Дыялог» альбо культурна-музычныя, як «Магутны Божа», атрымалі бласлаўленьне і дзейсную падтрымку з боку беларускіх герархаў. Тым ня менш, часьцяком даваў аб сабе знаць, на жаль, «дух падазронасьці», які выявіўся і ў дачыненьні да харызматычнай «Супольнасьці Яна Хрысьціцеля», і ў дачыненьні да «Зьвязу маладых каталікоў», і ў дачыненьні да некаторых спробаў ладзіць спатканьні каталіцкай інтэлігенцыі на мясцовым узроўні. Нешматлікія ініцыятывы інтэлігенцыі гуртавацца пад апекай якогась сьвятара зазвычай сустракаліся з насьцярогай і непрыхільнасьцю з боку вышэйшых духоўных уладаў. Адносна «Зьвязу маладых каталікоў» Казімер Сьвёнтак выдаў даволі суровае распараджэньне, у якім забараняў сьвятарам і вернікам падтрымліваць якія-кольвечы кантакты з гэтай арганізацыяй, а «Супольнасьць Яна Хрысьціцеля» наагул адкалолася ад Каталіцкага касьцёлу, галоўным чынам з-за адсутнасьці кампэтэнтнага душпастыра, які здолеў бы ўмела пакіраваць гэтым рэлігійным рухам. Кардынал Казімер Сьвёнтак, пры ўсіх яго вялікіх заслугах і асабістай харызьме, заставаўся абмежаваны канцэпцыяй «парафіяльнага» каталіцызму і традыцыйных формаў рэлігійнасьці.

Другім выклікам – у значнай ступені зьвязаным зь першым – ёсьць праблема культурнай і інтэлектуальнай замкнёнасьці каталіцкага клеру. Ніжэйшае духавенства бытуе ў грамадзтве нібы асобнае саслоўе. Ксяндзы не належаць ані да «простага люду», ані да інтэлігенцыі, яны аддаюць перавагу сустрэчам у сваім асяродзьдзі, апэруюць клерыкальным ідыялектам і маюць завышанае адчуваньне ўласнай выключнасьці. Гэты «комплекс выключнасьці» і ёсьць галоўным фактарам культурнай ізаляванасьці духавенства. «Комплекс выключнасьці» часьцяком спалучаецца з «комплексам непаўнавартасьці», спароджаным адсутнасьцю дастатковага інтэлектуальнага патэнцыялу, каб весьці зьмястоўную размову з інтэлігенцыяй. Настаўнікі, лекары ды і проста інтэлігентная моладзь, зь якімі ксяндзы маюць дачыненьне штодзённа, ставяць часам цяжкія пытаньні, якія немагчыма «збыць» стандартнымі адказамі. І ксяндзы часьцяком папросту пазьбягаюць размоваў з інтэлігенцыяй на рэлігійныя тэмы, паколькі ў працэсе гэтых размоваў, бывае, выяўляецца, што сьвецкія людзі больш адукаваныя ў багаслоўскіх пытаньнях, лепш ведаюць Біблію і прэзэнтуюць вышэйшую інтэлектуальную культуру. У пропаведзях ксяндзоў дамінуе загадна-дыдактычная мова, якая адштурхоўвае кожнага ўдумлівага чалавека.

«Комплекс выключнасьці» замацаваны векавой традыцыяй стаўленьня да сьвятара як да «сьвятой асобы». Сьвятары прывыклі функцыянаваць у грамадзтве па-за і па-над крытыкай, як нехта, каго можна толькі хваліць, нельга ацэньваць і, барані Бог, папікаць. Яны страшэнна абураюцца, калі прадстаўнік ДАІ пакарае іх за парушэньне хуткасьці, не разумеюць, як можа старшыня калгасу адмовіць ім у выдзяленьні такога ўчастку зямлі і ў такім памеры, у якім яны хочуць, і глыбока абражаюцца, калі пачуюць з боку парафіянаў якуюсь крытычную заўвагу. Гэтая мэнтальнасьць найбольш устойлівая на Гарадзеншчыне, меней у цэнтральных рэгіёнах краіны, а яшчэ меней на ўсходзе. На захадзе Беларусі, дзе сілай традыцыі ў касьцёлах пераважна не бракуе вернікаў, сьвятары адчуваюць сябе цалкам самаўпэўнена, і таму часьцей там можна спаткаць ксяндза з «сындромам сьвятой каровы». Ува ўсходніх рэгіёнах, дзе парафіі часам складаюцца з пары дзясяткаў чалавек, сьвятары здаюцца больш «ачалавечанымі» і больш натуральна паводзяць сябе зь людзьмі. А людзі, у сваю чаргу, не баяцца, калі трэба, скрытыкаваць «сьвятога чалавека» альбо намякнуць на тое, што замала працуе.

З нэгатыўнымі праявамі «комплексу выключнасьці» каталіцкіх сьвятароў меў магчымасьць сутыкнуцца сам кардынал. Ён падчас аднаго зь візытаў у Гарадзенскую сэмінарыю расказваў сэмінарыстам, як, будучы ўжо кардыналам, прыехаў па нейкай справе да аднаго сьвятара. Паколькі быў апрануты звычайна, гаспадыня, якая адчыніла яму дзьверы, успрыняла яго як звыклага дзядулю. «Ксёндз цяпер сьнедае», – заявіла яна яму. «Ну, дык добра, я пачакаю», – адказаў кардынал. Праходзіць пятнаццаць хвілінаў, дваццаць, паўгадзіны – ксёндз увесь час «сьнедае». Урэшце праз сорак хвілінаў чуецца з-за дзьвярэй грэблівы голас: «Хто там?» «Я», – адказвае кардынал.

Праблема грэблівага стаўленьня сьвятароў да людзей, трактаваньне іх «звысоку» неаднойчы абмяркоўвалася беларускімі герархамі. Але звыклых напамінаў і заклікаў да сьвятароў недастаткова, бо гэтая праблема даволі глыбокая: яна грунтуецца на пэўным этасе, які ў маральнай літаратуры акрэсьліваецца наймем «фарысэйства». А зьмяніць гэты заганны этас можна перадусім шляхам стымуляваньня інтэграцыі духавенства ў шырэйшы культурны кантэкст, разьвіваньня ў ім здольнасьці да жывога дыялёгу і ўменьня выслухоўваць і прымаць крытыку. Зьмена этасу, канечне ж, не адбываецца шляхам пастановаў і распараджэньняў зьверху, аднак тое, што «верх» можа і павінен рабіць, гэта выйсьці насустрач тым сьвятарам і клерыкам, якія прэзэнтуюць этас культурнай адкрытасьці і маглі б зьдзейсьніць адыход ад фарысэйства на карысьць этасу Хрыста, які характарызаваўся адкрытасьцю як да простых людзей, так і гатовасьцю размаўляць з адукаванымі людзьмі. Дагэтуль, аднак, «адкрытыя» сьвятары і клерыкі ўспрымаліся з падазрэньнем, а канцэпцыя «парафіяльнага» каталіцызму прадугледжвала ня столькі інтэграцыю сьвятароў у культурны кантэкст, колькі іх максымальную ляяльнасьць да духоўных уладаў ды здольнасьць гарантаваньня ляяльнасьці з боку вернікаў.

Чарговым выклікам ёсьць экумэнізм і сацыяльнае навучаньне. Зноў жа, нельга не заўважыць шэрагу важных крокаў, зробленых беларускай герархіяй у гэтай сфэры. Сярод значных экумэнічных падзеяў варта адзначыць правядзеньне супольнымі намаганьнямі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў міжнароднай канфэрэнцыі «Хрысьціянства і ўзаемапранікальнае суседзтва духоўных каштоўнасьцяў у Эўрапейскай супольнасьці» ў сьнежні 2004 году альбо міжнародны экумэнічны фэстываль «Магутны Божа», які рэгулярна штогод ладзіцца ў Магілёве з 1992 году. Былі таксама выдадзены важныя дакумэнты на тэму сацыяльнае этыкі, як, напрыклад, зварот кардынала Сьвёнтка да сьвятароў і вернікаў у сувязі з тэрарыстычным актам у Бэслане, пастырскі ліст ККББ аб каштоўнасьці жыцьця чалавека альбо ліст ККББ з нагоды 15-годзьдзя аднаўленьня структуры Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. У першым дакумэнце зьявіўся выразны напамін пра існаваньне правоў чалавека, у другім – пра непрымальнасьць такіх практык, як кланаваньне чалавека ці прадукаваньне чалавечых эмбрыёнаў у якасьці «запчастак», а ў трэцім біскупы даволі рэзка асудзілі савецкі рэжым, «які пасьлядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму (...) пры адсутнасьці ўмяшальніцтва Захаду».

Тым ня менш, як экумэнізм, так і сацыяльнае навучаньне праводзіліся Каталіцкім касьцёлам непасьлядоўна і, можна сказаць, неяк нелягічна. Шэраг важных экумэнічных праектаў, ініцыяваных або падтрыманых Касьцёлам, дзіўным чынам суправаджаецца нямым маўчаньнем перад абліччам яўна несправядлівага перасьледу беларускіх пратэстантаў або праваслаўнай аўтакефаліі. А сацыяльнае навучаньне, калі і ёсьць, дык характарызуецца экскурсам у іншую часа-прастору: біскупы крытыкуюць альбо мінулую эпоху, альбо дзеяньні, якія мелі месца далёка ад Беларусі. Тое, што адбываецца тут і цяпер, як бы не кранае маральнага пачуцьця беларускіх біскупаў.

Чацьвёртым выклікам для беларускага Касьцёлу ёсьць неабходнасьць выпрацаваць больш ясную канцэпцыю ўжываньня польскай, беларускай ды расейскай моваў у касьцёлах. Казімер Сьвёнтак, хоць з паходжаньня паляк і хоць так і не навучыўся гаварыць па-беларуску, то ўсё ж вядомы нам як прыхільнік беларускамоўя ў літургіі. Менавіта ён даволі пасьлядоўна супрацьпастаўляўся як русіфікацыйным тэндэнцыям у Касьцёле, так і агрэсіўна-палянізацыйным. Гэта ён у свой час катэгарычна забараніў прыносіць на ўрачыстасьці польскія сьцягі, чым выклікаў крайне непрыхільнае стаўленьне да сябе графа Прушынскага, а сярод беларускай інтэлігенцыі здабыў нават рэпутацыю «абаронцы беларушчыны». Тым ня менш, у маштабе ўсяе Беларусі надалей у гэтым пляне няма «яснасьці». Прыхільнасьць Сьвёнтка да беларускамоўя ў нейкім сэнсе кампэнсавалася непрыхільнасьцю да яго духоўных уладаў Гарадзеншчыны. Там у большасьці касьцёлаў надалей няма беларускай імшы, дзяцей надалей прымушаюць зубрыць польскамоўныя катэхізмы, сэмінарыя надалей польскамоўная, дарма, што попыт на польскую мову абумоўлены ня столькі нацыянальнай сьведамасьцю тамтэйшых каталікоў, колькі адсутнасьцю якой-кольвечы культурнай сьведамасьці.

Нарэшце, пятым выклікам ёсьць акрэсьленьне ролі ордэнаў у місіі мясцовага Каталіцкага касьцёлу. Казімер Сьвёнтак з пэўнай насьцярогай спаглядаў на ордэны і манаскія супольнасьці. Гэта ў нечым зразумелая пастава: ордэны, асабліва тыя, якія надзелены «правам экзэмпцыі» (выключаны з-пад юрысдыкцыі біскупаў і падпарадкаваны непасрэдна папу рымскаму), характарызуюцца большай самастойнасьцю і часам могуць дазволіць сабе больш сьмелыя паводзіны ў адносінах да мясцовага біскупа. Адначасна ж манаскі рух адпачатна надаваў асаблівы калярыт хрысьціянству, уводзіў у яго моманты спантаннасьці, разнастайнасьці і надаваў Касьцёлу характар «сямейнай супольнасьці». Таму аднаўленьне манаства ў Беларусі паспрыяла б таксама «адухаўленьню» тутэйшага хрысьціянства, надало б яму больш сьвежасьці і зьмяніла б выгляд касьцельнай інстытуцыі зь бюракратычна-юрыдычнага на братэрска-супольнасны.

Сьпіс «выклікаў» можна было б доўжыць, ён не абмяжоўваецца гэтымі пяцьцю пералічанымі, але яны здаюцца найбольш значнымі ў нашым кантэксьце. Чаго можна чакаць у сувязі са зьменамі, якія адбыліся ў беларускай герархіі? Ці адыход Сьвёнтка на пэнсію адкрые магчымасьці больш эфэктыўна выконваць названыя заданьні, ці наадварот, пасьля яго адыходу місія Касьцёлу ў гэтым пляне будзе яшчэ больш занядбаная?

Зьяўленьне Аляксандра Кашкевіча на пасадзе старшыні ККББ і Антонія Дзям’янкі ў якасьці выканаўцы абавязкаў апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі асаблівых станоўчых зьменаў, бадай, не прарочыць. Біскуп Кашкевіч – гэта чалавек вельмі рэлігійны, аддадзены малітве, ветлівы ў непасрэдным кантакце і неблагі дыплямат. Аднак ён выхаваўся ў духу віленскага польскага традыцыяналізму, галоўным складнікам якога ёсьць перакананьне, што вернасьць каталіцкай веры немагчыма аддзяліць ад вернасьці «польскім караням». Немалаважна і тое, што Кашкевіч працаваў у Вільні якраз у час найбольшага ўздыму літоўскага нацыяналізму і антыпольскіх настрояў, а гэта ўзмацніла ў ім і да таго моцныя польска-традыцыяналісцкія перакананьні. Такім чынам, старшыня ККББ будзе, хутчэй за ўсё, хаўрусьнікам прапольскіх і традыцыяналісцкіх тэндэнцыяў у беларускім Касьцёле.

Антоні Дзям’янка – гэта чалавек дзейны і практычны. Ён паказаў сябе як выдатны пробашч у Наваградку, падбаў пра тое, каб рэстаўраваць найстарэйшую ў Беларусі каталіцкую сьвятыню ў мястэчку Ўсялюб, быў нядрэнным рэктарам у Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Горадні. Адначасна ж гэты «цьвёрды» чалавек характарызуецца адсутнасьцю цьвёрдай пазыцыі ў грамадзка-культурных пытаньнях. Ён ведае беларускую мову, але ніколі не дазволіць сабе «саграшыць» выкарыстаньнем гэтае мовы ў клерыкальным асяродзьдзі, цікавіцца грамадзка-палітычным жыцьцём краіны, але ня здольны да самастойнай ацэнкі беларускіх рэаліяў, ён можа запрапанаваць былому вязьню Акрэсьціна чытаць малітву падчас пантыфікальнай імшы, але сам у канчатковым пляне застаецца верны перакананьню, што Мілінкевіч – гэта марыянэтка Амэрыкі.

Таму наўрад ці прыходзіцца чакаць якіх-кольвечы станоўчых зьменаў ад беларускіх біскупаў у новай канфігурацыі. Скептычна ацэньваю пэрспэктывы выйсьця насустрач першым чатыром выклікам (падтрымка нізавых ініцыятываў, пераадоленьне культурнай замкнёнасьці каталіцкага духавенства, актуалізацыя сацыяльнага навучаньня і адыход ад польскага традыцыяналізму на Гарадзеншчыне). Паляпшэньня можна чакаць толькі ў пятым пункце. Здаецца, што Антоні Дзям’янка зьяўляецца прыхільнікам аднаўленьня манаства ў Беларусі, а Кашкевіч, хутчэй за ўсё, падтрымае яго ў гэтым.

Пры ўсім гэтым варта памятаць, што новы расклад сілаў у беларускім япіскапаце мае пераходны характар. Антоні Дзям’янка выконвае абавязкі галавы Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі толькі ad nutum, г. зн. да часу прызначэньня на гэтую пасаду кагосьці, хто атрымае званьне арцыбіскупа і будзе сталым пастырам архідыяцэзіі, пасада старшыні ККББ, якую цяпер заняў Кашкевіч, – кадэнцыйная (кадэнцыйнасьць трохгадовая з магчымасьцю пераабраньня). У будучым (цяжка сказаць, наколькі блізкім ці аддаленым) трэба чакаць зьяўленьня кагосьці новага ў беларускім япіскапаце. Беручы пад увагу, што пантыфікат Бэнэдыкта XVI нясе з сабой рэдукцыю польскага элемэнту ў касьцельных структурах (хоць гэту рэдукцыю нельга ўспрымаць як адмыслова заплянаваную акцыю, яна хутчэй «спадарожны эфэкт» рэформаў), можна спадзявацца, што новым біскупам будзе не паляк. Магчыма, будзе ім якісь дастойны чалавек сярод сёньняшніх беларускіх ксяндзоў.

Наколькі ўсё гэта паўплывае на аднаўленьне і рэформу ў беларускім Касьцёле, пакуль цяжка сказаць. Цяпер вядома толькі тое, што Аўгустынава сэнтэнцыя – еcclesia semper reformanda – у беларускім кантэксьце надзвычай актуальная

  філёзаф і багаслоў, сталы аўтар «ARCHE».

1 «Царква ўвесь час павінна рэфармавацца» — сьв. Аўгустын.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/22