A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (47-48) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Расстрэльная сістэма Алкаев, Олег. Расстрельная команда. – Москва: Партизан, 2006.
Калі б тое, пра што пішацца ў кнізе Алега Алкаева, адбылося ў іншай краіне і стала вядома грамадству, яе хутчэй за ўсё спаткалі б магутныя сацыяльна-палітычныя землятрусы. Мы ж ведаем, якую ролю адыгралі вядомыя «касеты Мельнічэнкі», што раскрылі тайны забойства Гіі Гангадзэ, у падзенні рэжыму Кучмы ва Украіне. Зрэшты, бывае і па-іншаму. Дастаткова згадаць «брудныя войны» ў Лацінскай Амерыцы, тысячы ахвяр піначэтаўскага рэжыму і... натоўпы, што ў захапленні вітаюць свайго «ўратавальніка». Чалавечая псіхалогія – рэч вельмі прыдатная для «перакоўкі» ўладай, для зменаў у пэўных палітычных варунках да такой ступені, што перастае ўжо здзіўляць адсутнасць уласна чалавечнасці. На разгон намётавага лагера на пляцы Каліноўскага ў сакавіку 2006 г. частка нашых суайчыннікаў адрэагавала так, што, маўляў, «іх наогул пазабіваць трэба было». У 2001 г., калі на вуліцы Менска выйшлі маці і жонкі зніклых палітыкаў, некаторыя з нашых суродзічаў крычалі ў твар жанчынам, што «ім пенсію плацяць у доларах». Менавіта так: у краіне пераможнага рынкавага сацыялізму і ідэалогіі, што вучыць «працы не дзеля нажывы», пачак долараў цэніцца больш за чалавечае жыццё.
Зрэшты, здзіўляцца мы амаль развучыліся. Таму кніга Алкаева ўжо не ўзрушыць і не ўразіць душы – яна ўспрымаецца больш як гістарычнае апавяданне. Як заўжды, прызвычаіліся... Хоць, можа, і не зусім. Дзякаваць Богу, з 2000 г. палітыкі і журналісты пакуль знікаць перасталі (не магу тут, аднак, не згадаць пра лёс Юрася Корбана, на якога чамусьці забыліся і палітыкі, і праваабаронцы – можа, сапраўды прызвычаліся?). Факты і падзеі, пра якія піша Алкаеў, былы загадчык менскай Валадаркі і па сумяшчальніцтве – кіраўнік групы, што прыводзіла ў выкананне смяротныя прысуды, а папросту кажучы – той самай «расстрэльнай каманды», – ужо не сенсацыя. Рапарты і дакументы, «злітыя» пяць гадоў таму Уладзіміру Ганчарыку, дагэтуль вісяць дзесьці ў Інтэрнэце. Як і справаздача камісіі ПАРЭ пад кіраўніцтвам Хрыстаса Пургурыдыса. Дарэчы, як і сама кніга: у кампутарны век цэнзура ўсё ж – цяжкая справа. Яе не тое што зусім няма – ёсць, і яшчэ як ёсць. Але на адно блакаванне альтэрнатыўных думак і непажаданай інфармацыі ў сённяшнім грамадстве спадзявацца ўжо не выпадае – гарантый ад прарываў, уцечак няма. А вось паспрабаваць змяніць нормы, зрабіць некаторыя рэчы не тое каб маральнымі, але прынамсі прымальнымі – гэта можна. Што ж падштурхнула тады Алкаева напісаць гэтую кнігу? Версіі могуць быць самыя розныя. Відавочна, што адзін з уцягненых у самы гучны палітычны скандал у найноўшай гісторыі Беларусі мусіў растлумачыць некаторыя падрабязнасці ягонай уласнай ролі ў сумнавядомых падзеях. Нагадаем, што яго нават абвінавачвалі ў непасрэднай датычнасці да выкрадання і расправы над Ганчаром і іншымі. Цалкам магчыма і тое, што пасля некалькі гадоў жыцця ў цывілізаваным і вольным свеце ў чалавека змяняюцца ўяўленні пра нармальнае і прымальнае, і не выказацца пра тое, іншае, ужо далёкае жыццё ён не можа. Алег Алкаеў выконваў бадай што самую агідную працу, на якую можна асудзіць чалавека, – працу ката. Не яго ў гэтым віна, не яго нават бяда – усім вядома, як ставяцца ў нашым грамадстве да адмены смяротнага пакарання. Дарэчы, багата ў якіх дэмакратычных краінах становішча не моцна адрозніваецца: там забарона на «вышку» існуе толькі воляй палітычных элітаў. Тут няма нічога незвычайнага – сапраўды, вывучаючы справы шмат якіх нягоднікаў, хоцькі-няхоцькі задаешся пытаннем, ці маюць яны права на жыццё, і сваю ўласную апазіцыю да найвышэйшай меры пачынаеш тлумачыць толькі тым, што верагоднасць судовай памылкі каштуе занадта дорага, каб рызыкаваць страціць смерцю хоць аднаго невінаватага. Але рэч не ў літасці да злодзеяў і не ў неабходнасці апраўдваць узаконеныя дзяржавай і ўхваленыя народам на рэферэндуме 1996 г. акты легітымнага забойства. Расстрэльная каманда, што базуецца на Валадарцы ў Менску, – гэта толькі вярхушка айсберга. Алкаеў даводзіць, што ў нас уся сістэма, а бадай і ўся краіна, ператварылася ў расстрэльную. Расстрэльная сістэма пачынаецца з «расстрэльных» людзей – простых грамадзянаў, чыноўнікаў, палітычных лідэраў, для якіх чалавечае жыццё – каштоўнасць вельмі ўмоўная. Некаторыя партрэты вышэйшых палітычных асоб, пададзеныя Алкаевым, даволі банальныя. Зрэшты, мы ўсе ведаем, што «нет спасенья от раба, который стал царём». Цары-рабы, аднак, спараджаюць сабе падобных – а тыя іншых, і гэтак далей, пакуль гэтая манархічна-халопская вертыкаль не працінае сваімі метастазамі літаральна ўсю краіну. На ўзроўні «блізка да цела» – гэта міністры (каб не падставіць часопіс, прозвішчы, па магчымасці, апускаю), для якіх крытэры баявой здольнасці падраздзяленняў – «абавязковая наяўнасць выказванняў міністра (штосьці накшталт цытатніка Мао), аформленых у выглядзе яго лекцый з плейбойскім партрэтам самога генерала ў крапавым берэце на мужнай галаве, што красавалася на вокладцы канспекта». На ніжэйшым узроўні – маёр унутраных войскаў, так бы мовіць, адзін з пачынальнікаў сумнавядомых эскадронаў, які, займаючыся «крышавальным» бізнэсам, зарваўся да такой ступені, што нават свае мусілі пасадзіць, каб прадухіліць уцечкі інфармацыі. Але нават на зоне той маёр не проста не адмаўляўся ад мінулых подзвігаў – прылюдна амаль бесперапынна балабоніў пра свой удзел у выкананні «любых загадаў» вышэйшага кіраўніцтва. Як сведчыць Алкаеў, пры разглядзе матэрыялаў яго справы складвалася ўражанне, што размова ідзе не пра забойства людзей, а пра шараговыя мерапрыемствы – настолькі звычайныя, што падрабязнасці нават не хаваліся. Так паводзяцца альбо вар’яты, альбо людзі, абсалютна ўпэўненыя ў беспакаранасці і дасведчаныя ў падобных справах. Логіка стварэння расстрэльнай сістэмы нічым не розніцца ад уласна логікі яе «шрубкоў» – яна заснаваная на страху, што мяжуе з вар’яцтвам, поўнай беззаконнасці і беспакаранасці. Як сцвярджае Алкаеў, нават выносячы за дужкі дзеянні пэўных карных структур, само іх стварэнне і наданне адметных сілавых функцый не адпавядала дзейнаму заканадаўству. Папросту кажучы, вайсковыя фармаванні не маглі мець паліцэйскіх функцый.
Зусім магчыма, – працягвае ён, – што некаторыя з баевікоў увогуле не трапілі б на службу ў органы ўнутраных справаў нават у якасці шарагоўцаў, калі б праходзілі паўнавартасны адбор і праверку, прадугледжаную для будучых супрацоўнікаў міліцыі. Пры ўсіх недахопах камплектавання, у міліцыю ўсё ж імкнуліся падбіраць здаровых і разумных. А ў войскі – здаровых і паслухмяных, а часам і толькі паслухмяных. Нішто так не спрыяла стварэнню карных структураў, як страх саміх уладаў, які старанна падаграваўся тымі, каму без гэтай паўсюднай атмасферы страху неяк і заробак няма за што плаціць. Агентура спецслужбаў, узрошчаная ў перыяд вострага дэфіцыту на шпіёнаў і дыверсантаў, проста збірала па свеце ўсялякія плёткі. Атрыманая такім чынам інфармацыя «творча» апрацоўвалася і набывала статус дакумента дзяржаўнай значнасці. У выніку вар’яцкія роздумы нейкага неда- ці перапіўшага дзядзькі Васі ператвараліся ў пэўных руках у шматстаронкавыя справаздачы і ўсёабдымныя планы аховы бяспекі дзяржавы ад ваенна-эканамічных дыверсій. Аднак гэта ўсё рэчы сумныя, жудасныя, але вядомыя. Сапраўдную цікавасць у кнізе выклікае тое, дзеля чаго яна, магчыма, і стваралася. Па-першае, гэта тлумачэнні Алкаева, чаму ён, захавальнік «расстрэльнага пісталета», гэтак позна правёў паралель паміж незразумелымі «пазычэннямі» зброі і знікненнямі палітыкаў. Тут выплывае даволі вялікі шэраг несупадзенняў. Напрыклад, Алкаеў прызнаецца, што спрабаваў зліць інфармацыю некаторым асобам, якія потым вызначаліся як магчымыя фігуранты будучых гучных справаў. Што ж столькі часу гарантавала бяспеку Алкаева, якім чынам ён пратрымаўся да сярэдзіны 2001 г., а потым перабраўся ў Берлін? Я не сцвярджаю, што Алкаеў кажа няпраўду, але ён відавочна нешта не дагаворвае – зрэшты, гэта і не дзіўна. А вось што відавочна, дык гэта жаданне Алкаева звесці рахункі з вядомай незалежнай журналісткай Ірынай Халіп. Нагадаем: яна калісьці наўпрост абвінаваціла Алкаева ў тым, што ён і ёсць сапраўдны забойца некаторых вядомых асобаў. І тут Алкаеў наносіць удар у адказ: паводле ягонай версіі, Халіп брала ўдзел у інфармацыйным прыкрыцці знікненняў, раскручваючы тэму Тамары Віннікавай, якую таксама пэўны час залічвалі да сумнага шэрагу ахвяр. Потым яна нечакана ўсплыла, прычым знайшла яе спадарыня Халіп у тым самым месцы (прынамсі, так сцвярджае Алкаеў), якое за пару тыдняў да таго згадваў кіраўнік дзяржавы. Разборак на старонках кнігі сапраўды багата. Тут і характарыстыкі некаторых высокіх чыноў дзяржавы і сілавых структур, і намёкі на тое, што Алкаеў ведае нашмат больш, чым сказаў (напрыклад, пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады), і пагроза, што дакументальныя доказы датычнасці пэўных асобаў да лёсу вядомых апазіцыянераў захаваныя і рана ці позна ўсплывуць. Аднак пытанні да Алкаева застаюцца. Напрыклад, ці можна верыць таму, што калі Алкаеву ўпершыню загадалі выдаць расстрэльны пісталет, ён спярша падумаў, што яго запатрабавалі міліцэйскія чыны, каб на прыродзе пастраляць па бляшанках? А другі раз, асабліва калі грамадства (і, вядома, сілавыя структуры) скаланулі знікненні Ганчара і Красоўскага, калі толькі пра гэта і казалі? Ці можна сапраўды даць веры наіўнасці Алкаева, ці варта верыць, што ён – чалавек, які літаральна сядзеў на засакрэчанай, выбуховай інфармацыі – быў «далёкі ад палітыкі»? Іншае пытанне: Алкаеў не хавае, што, нарэшце вызначыўшы пэўныя прычынна-выніковыя сувязі, ён спрабаваў «падкінуць» інфармацыю адпаведным органам. Як тады атрымалася, што яго не чапалі, а потым Алкаеў і зусім выслізнуў – знік з-пад носу ў Маскву, затым у Берлін? Чаму да яго не дакапаліся падчас кадравага ператрусу ў лістападзе 2000 г. і не чапалі, нават калі спецслужбы дакладна ведалі, што ў незалежнай прэсе неўзабаве з’явяцца выкрыцці з ягоным рапартам? Алкаеў адказвае на ўсе гэтыя пытанні, але з адказаў нельга зрабіць адназначных высноў. Аднак яго версія выглядае досыць лагічнай, магчымай, праўдападобнай. Сапраўды, можна паверыць, што міліцэйскі чыноўнік да пары да часу не браў да галавы палітычных пытанняў. Цалкам верагодна, што ён пачаў капаць толькі тады, калі дацяміў, што ў яго руках – кампрамат, які можа каштаваць яму жыцця, альбо прынамсі што менавіта на яго, Алкаева, павесяць у гэтай справе ўсіх сабак. Вядома, што ў 1999–2000 гг. у сілавых структурах ішла паддывановая барацьба за ўладу, у якой пэўным асобам быў патрэбны кампрамат, што забяспечвала пэўную ступень свабоды яго носьбіту. Шмат пра што можна здагадацца. Напрыклад, з аповеду Алкаева вынікае, што адна з чатырох асобаў, якія найчасцей фігуруюць як магчымыя галоўныя дзеячы «гучных справаў», – яго міліцэйскі начальнік (Уладзімір Навумаў) – да знікненняў дачынення не мае. Менавіта праз яго ішла далей і інфармацыя, якой валодаў Алкаеў. Калі гэта так, то на пытанне, чаму Алкаева не кранулі (болей за тое, ён атрымаў камандзіроўку МУС... у Берлін!), напрошваецца лагічны адказ. Зрэшты, версіяў, адказаў і інтэрпрэтацый можна дадумаць і прывесці шмат...
Апошняя частка кнігі нагадвае ўжо не паказанні і нават не палітычны памфлет, а споведзь. Алкаеў малюе жудасці сваёй штодзённай працы на пасадзе кіраўніка «расстрэльнай каманды»: яму давялося прысутнічаць пры выкананні прысуду каля паўтары сотні асуджаных. Споведзь гэтая, напэўна, мае прабудзіць у чытача спачуванне да самога аўтара. Ёсць і спроба супрацьпаставіць забойства легітымнае, якое здзяйснялася паводле выраку суда, і забойства іншага кшталту – тое, якое, магчыма, спаткала некаторых вядомых людзей. Зноўку паўтаруся – абсмоктваць гэтую тэму не варта – у краіне, дзе супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавала каля 80 % выбарцаў, нехта мусіць выконваць прысуд. Ды хоць я сам і супраць такога пакарання ў прынцыпе, жалю да падонкаў, якія пасля абвяшчэння прысуду ўпадалі ў прастрацыю і пачыналі паволі з’язджаць з глузду або ішлі на ўсялякія хітрыкі, каб вымаліць літаральна кожную хвіліну жыцця, неяк не паболела – хіба толькі да іх бацькоў і крэўных, якія таксама вымушаныя прайсці праз гэтае маральнае пекла. Дадатковых аргументаў у дыскусію, напрыклад, пра мэтазгоднасць ці немэтазгоднасць адмены смяротнага пакарання гэтыя сцэны не дадаюць. Нашмат больш уразіла іншае – аповед Алкаева, як уплывае забойства, нават цалкам законнае і справядлівае (выносім за дужкі шостае прыказанне), на нармальных, адэкватных людзей – нават калі яны страцілі смерцю нелюдзя, што забіў дачку і ўнучку іх калегі па цэху, і былі цалкам прасякнутыя духам, як кажа Алкаеў, мянтоўскай салідарнасці. Нармальны чалавек і забойства – рэчы несумяшчальныя. Нармальны чалавек не можа хадзіць на выкананне прысуду, як у тэатр. Нармальны чалавек не будзе балабоніць пра свае «мокрыя справы» на зоне, як пра подзвігі. Як бы хто ні ставіўся да асобы самога аўтара, але ён вынес свой, нават не палітычны, а клінічны прысуд «расстрэльнай сістэме». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (47-48) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |