A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


аналітыка

  ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца


1. Чым больш часу аддзяляе нас ад памятных сакавіцкіх падзеяў, тым менш застаецца адзнакаў эмацыянальнага ўздыму і аптымізму, які выклікала Плошча Каліноўскага. У тыя дні многім здавалася, што мы сапраўды сталі сведкамі пачатку новага адліку ў гісторыі краіны, новай старонкі барацьбы за свабоду і дэмакратыі, пачатку рэвалюцыі духа. Рэчаіснасць, аднак, пачынае прыносіць куды больш песімістычныя сведчанні. Замест пачатку, Беларусь відавочна вяртаецца ў сонны, апатычны стан, з якога яго толькі ненадоўга вывела перадвыбарная кампанія і падзеі, якія насталі за ёй.

Відавочны спад грамадзянскай актыўнасці. Некалькі тыдняў пасля сакавіка на запале, на куражы, на энтузіязме яшчэ праводзіліся акцыі, у першую чаргу вядомыя флэш-мобы. Як толькі ўлады адладзілі механізм прадухілення новых, дагэтуль неартадаксальных формаў пратэсту, актыўныя грамадскія дзеянні спыніліся. Спыніліся, зазначым, нават раней, чым хтосьці паспеў прызначыць іх «арганізатара і натхняльніка» ў выглядзе флэшмоб-цэнтру. Уладзе спатрэбілася менш часу і высілкаў на прэвентыўныя дзеянні, чым яе апанентам нават на рэфлексію. Спробы абудзіць балоты, такія, як галадоўка маладафронтаўцаў, патанулі ў інфармацыйным вакууме. У выніку, палітычнай апазіцыі і незалежнаму грамадству ізноў не ўдалося пазбегнуць паслявыбарнай апатыі – яе прыход толькі адцягнуўся на некалькі тыдняў.

Спад грамадзянскай актыўнасці знаходзіць сваё адлюстраванне і ў адноўленым інфармацыйным вакууме вакол падзеяў у Беларусі. Колькасць паведамленняў з краіны ў глабальных электронных медыях і ў інтэрнет-прасторы зноў наблізілася да мізэрнага перадсакавіцкага ўзроўню. Рэпрэсіі ізноў адбываюцца ў цішы.

Гэтаксама не ўдалося пазбегнуць крызісных тэндэнцый унутры палітычнай апазіцыі. Не вельмі гучна, але ўсё ж такі пачаўся разбор палётаў з нагоды хто і дзе быў і як сабе вёў падчас сакавіцкіх падзеяў. Аб расколе кааліцыі дэмакратычных сілаў не заяўлена, але яго праявы відавочныя. Абвастрылася барацьба за лідэрства і ставіцца пад сумнеў статус лідэра апазіцыі (больш дакладна – яе былога адзінага кандыдата). Некаторыя сілы само аб’яднанне публічна лічаць памылкай. Ідэя аб стварэнні агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху амаль пахаваная: нават калі ён паўстане, хутчэй за ўсё гэта будзе яшчэ адна апазіцыйная структура, якая будзе ўцягнутая ў бясконцыя кааліцыйныя перамовы.

Самае галоўнае, пытанне «што далей» дагэтуль застаецца адкрытым. Стратэгічныя мэты дэмакратычных сілаў так і не былі вызначаныя, а спробы іх дэкларацыі гучалі даволі агульна (узгадаем тэзу пра «аблогу аўтарытарнай фартэцыі»), з розных бакоў і часцяком уступалі ў супярэчнасць адна з другой. Калі не вызначаныя мэты, няма і больш-менш рэальнага плану дзеянняў па яго дасягненню.

Нельга сказаць, што ўзровень апатыі і праз сто дзён пасля плошчы параўнальны з тым, што было ў 2001 г., што грамадзянскі чын на плошчы Каліноўскага не пакінуў спадчыны, і што апазіцыя зусім нічога не робіць. Не, не ўсё так дрэнна. Ёсць і працягваюцца добрыя праявы салідарнасці і ўзаемадапамогі ахвярам рэпрэсіяў. Ёсць імкненне палітычных лідэраў далей працаваць з людзьмі, ездзіць па рэгіёнах. Ёсць дробныя прыватныя ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца без аглядкі на апазіцыйных лідэраў. Няма скандалаў, падобнага пяцігадовай даўніны грантавага, які б дэмаралізаваў бы апазіцыю на некалькі гадоў наперад. Аднак, няма ліхтара ў канцы тунелю, няхай самага хісткага і слабенькага. Няма кропкі на гарызонце, якую бачылі б партыйныя і беспартыйныя, арганізаваныя і неарганізаваныя, працуючыя ў рэале і ў віртуале, тыя, хто жыве ў Менску, у рэгіёнах і за мяжой. Няма нават маленькай, хай і не зусім рэальнай, але структурызаванай надзеі. Без гэтага, дэмакратычны супраціў асуджаны выключна на сумбурныя, раз’яднаныя, і ўсё менш выніковыя дзеянні адзінак ці маленькіх групаў.

У цэлым, пачуццё безнадзейнасці пачынае вяртацца ў свядомасць самых зацятых аптымістаў. Чым яно, аднак, выклікана: непрафесійнымі дзеяннямі апазіцыі ці нашым уласным завышаным і неапраўданым аптымізмам па сакавіцкіх падзеях? Ці ёсць адсутнасць перспектывы, стратэгіі, плана дзеянняў адзнакай інтэлектуальнага высільвання прыхільнікаў пераменаў, іх лідэраў, аналітыкаў, альбо наступствам таго, што адказаў на гэтыя пытанні аб’ектыўна не існуе? Ці магчыма ўвогуле планаванне стратэгіі ва ўмовах, калі адсутнічае неабходная для змястоўных дзеянняў ступень свабоды?

Аналізуючы падзеі і дзеянні, мы часцяком забываемся даць адэкватную ацэнку тых умоваў, у якіх існуюць палітычныя і сацыяльныя акторы і грамадства ў цэлым. Спасылка на «кантэкст» не ёсць спробай апраўдаць чыюсьці бяздзейнасць, палітычны непрафесіяналізм ці недальнабачнасць. Аднак, зразумець, куды рушым, і, як казаў класік, «што рабіць» немагчыма без яснага ўсведамлення, дзе мы знаходзімся цяпер. Інакш любыя планы і стратэгіі зноў пераўтворацца ў практыкаванне ў палітычным летуценніцтве – чаго ў найноўшай гісторыі Беларусі было ўжо багата.

2. Апазіцыю па сакавіцкіх падзеях часцяком абвінавачвалі ў тым, што яна наогул прымала ўдзел у бессэнсоўнай працэдуры; што яна не прадбачыла выбуху грамадзянскага пратэсту пасля выбараў, і як след, не падрыхтавалася да яго; што асобныя яе лідэры недастаткова актыўна падтрымлівалі плошчу і нават самаўхіліліся пад час падзеяў; і нарэшце, што яны не здолелі выкарыстаць патэнцыял народнага энтузіязму і дамагчыся якога-ніякога палітычнага выніку.

Адкінем адразу абвінавачванні ва ўдзеле ў «бессэнсоўнай» выбарчай працэдуры, нават калі яна такой і была. У выбарах (гэтых, як і наступных, калі дажывём) удзельнічаць неабходна хаця б таму, што менавіта яна прыцягваюць увагу грамадскасці да палітычных падзеяў і робяцца сігналам да мабілізацыі для дэмакратычных актывістаў і таму што плошча Каліноўскага паўстала менавіта 19 сакавіка 2006 года, а не ў любы іншы дзень. Аднак давайце паспрабуем яшчэ раз аглянуцца назад і ўсвядоміць, чым насамрэч былі сакавіцкія падзеі.

Па-першае, на мой погляд, выбары і паслявыбарныя акцыі паказалі і азначылі (для тых, хто сумняваўся) межы ўздзеяння як палітычных, так і грамадскіх апанентаў улады. Гэтыя межы можна пазначыць як «дэмакратычная субкультура». Валянцін Акудовіч неяк ахарактарызаваў гэтае іншае, паралельнае грамадства (ці нават паралельную нацыю), як «архіпелаг Беларусь». Значнасць сакавіцкіх падзеяў у тым, што дзякуючы выбуху грамадзянскай актыўнасці і выкарыстанню сучасных інфармацыйных тэхналогій гэты архіпелаг у нейкай ступені сцягнуўся, згуртаваўся, аформіўся гарызантальнымі сувязямі, пачаў пераўтварацца, калі можна так сказаць, у гета. Але гэтае гета было вельмі эфектыўна злакалізавана ўладамі, каб яго настроі і працэсы, якія адбываюцца ў ім, не перакінуліся на астатнюю тэрыторыю беларускага грамадства.

Па-другое, пытанне аб уладзе падчас палітычнай кампаніі 2006 г. не стаяла ані да яе пачатку, ані ў яе працягу, ані ў яе канцы. Па гэта самой прычыне размаўляць аб «праваленай рэвалюцыі» бессэнсоўна. Апазіцыя і яе прыхільнікі цудоўна ўсведамлялі, што сцэнар «выбары+вулічныя пратэсты» (скапіяваны з «памаранчавай» і іншых рэвалюцыяў) недастатковы для вырашэння пытання аб уладзе. Непасрэдны ўдзел у перадвыбарнай кампаніі дазволіў нават самым зацятым ідэалістам рэальна ацаніць як грамадскія настроі, так і ступень прыгатаванасці ўлады для адбіцця даволі няхітрай, нешматлікай і прадказальнай атакі. Дамагчыся большага апазіцыя не здолела не толькі з прычын адсутнасці крэатыўнага падыходу і некрытычнай адаптацыі «памаранчавага» сцэнару (хаця факт гэтай нездольнасці адмаўляць нельга), а таму, што паламаць лукашэнкаўскі сцэнар апазіцыя магла б толькі тады, калі б а) заклікала грамадзян пакласці галовы на алтар дэмакратыі і б) калі б грамадзяне на гэта адгукнуліся. Пра сапраўды рэвалюцыйны сцэнар спрабаваў разважаць хіба толькі аналітык Уладзімір Мацкевіч (гл. яго распрацоўку «Стратэгія-2006»), але яго аналітыка ўтрымлівала збольшага план мірных, але радыкальных дзеянняў без сур’ёзнага разважання на тэму, як стварыць рэвалюцыйную сітуацыю ў грамадстве. Больш таго, радыкалізацыя актыўнай часткі апазіцыі (напр., выкананне патрабаванняў некаторых гарачых галоваў «ісці на прэзідэнцкую рэзідэнцыю») прывяло б толькі да непатрэбных ахвяраў і пахавала б любую надзею на адраджэнне альтэрнатыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасці на доўгія гады. Ва ўмовах, калі адсутнічае нават мінімальная магчымасць палітычнай перамогі, весці людзей на магчымую смерць не ёсць паказнікам палітычнай мужнасці таго ці іншага палітыка. Апошняе, дарэчы, з’яўляецца маёй ацэнкай паводзінаў падчас сакавіцкіх падзеяў кандыдата Аляксандра Казуліна, якога некаторыя аналітыкі прадстаўляюць як больш эфектыўнага і вартага даверу лідэра, чым Мілінкевіча (і пры гэтым забываюць, што акурат Казулін заклікаў плошчу разысціся). Відавочна, што Казулін радыкалізаваўся падчас кампаніі толькі тады і настолькі, наколькі гэта служыла яго самарэкламе. Аддамо даніну яго асабістай мужнасці і мужнасці тых, хто пайшоў за ім, але ўсё ж выкажам сумнеў у тым, што весці бездапаможных людзей у бязлюднае месца, пад мост і пад паўлічэнкаўскія шыхты было дзеяннем адказнага палітыка.

Па-трэцяе, сакавіцкі чын на плошчы Каліноўскага, ня гледзячы на тое, што ён быў спрычынены перадвыбарнымі падзеямі і ўдзелам апазіцыі ў выбарах, быў не палітычным, а хутчэй дысідэнцкім пратэстам. Ён не дамагаўся канкрэтных мэтаў (якія ніхто канкрэтна і паслядоўна не пазначыў), а хутчэй быў сродкам захавання пачуцця ўласнай годнасці прадстаўнікамі дэмакратычнай субкультуры. (Аб гэтым пачуцці выразна выказаўся, напрыклад, Юры Чавусаў у артыкуле папярэднім нумары «ARCHE», прыгадаўшы ганебнае, у чымсьці трагікамічнае заканчэнне кампаніі Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 г. і рашучасць дэмакратычных актывістаў не дапусціць паўтарэння гэтай ганьбы праз пяць год).

Я пагаджуся з Юрыем Чавусавым, што грамадзянская супольнасць у пэўнай эйфарыі пераацаніла ў паслясакавіцкі перыяд значнасць і ўплыў сваіх безумоўна гераічных дзеянняў. Аднак абвінавачваць лідэраў апазіцыі ў тым, што яны не падтрымалі (дзеяннямі, аб адсутнасці маральнай, эмацыйнай падтрымкі гаворыць нельга) парыў плошчы таксама можна толькі ўмоўна. І не таму што «электаральныя» дзеянні апазіцыі не адпавядалі «рэвалюцыйнаму» сцэнару плошчы, а таму, што і дзеянні плошчы зусім не дацягвалі да таго, што магло б у беларускіх умовах спарадзіць рэвалюцыю. Чын на супраціву быў скапіяваны акурат з памаранчавага сцэнару (які спалучаў электаральны і рэвалюцыйны элементы і мог ажыццявіцца толькі тады, калі барацьба за ўладу не несла фізічнай пагрозы яе ўдзельнікам), і ён меў даць пэўны вынік, толькі тады, калі б у выніку выбарчай кампаніі апазіцыя б выставіла ўласныя прэтэнзіі на ўладу. Без гэтага пратэст на плошчы Каліноўскага быў ужо амаль самадастатковай з’явай: ён быў барацьбой не за ўладу, а за асабісты гонар, не палітычнай, а дысідэнцкай, не рацыянальнай, а ірацыянальнай, эмацыянальнай дзеяй, спантанным чынам, у якога наўрад ці мог быў быць сцэнар і ў рамках якога маглі б быць дасягнутыя канкрэтныя вынікі.

Менавіта гэтая ірацыянальнасць, спантаннасць і выклікала нашае захапленне, стварыла легенду змагання, якая застанецца нашай палітычнай і культурнай спадчынай. Аднак сам факт ірацыянальных дзеянняў пацвярджае, што палітычнага выніку на той момант дамагчыся было немагчыма. Вынік мог быць толькі ідэалагічны, маральны, інфармацыйны, эмацыянальны. Плошча яго часткова дамаглася, няздольнасць арганізаванай апазіцыі дапамагчы пашырыць яго ёсць бадай тым, у чым яе сапраўды можна папракнуць. У любым выпадку, дысідэнцкія дзеянні звычайна не паддаюцца ацэнкам рацыянальнага палітычнага мыслення, іх наступствамі з’яўляецца пашырэнне паралельнага грамадства, альтэрнатыўнай духоўнай і інтэлектуальнай прасторы, а не вырашэнне пытання аб уладзе. Па меры выгасання эмацыянальнага ўздыму гэтая прастора непазбежна пераходзіць у больш латэнтны, замаскаваны для вонкавага вока стан. Вось, збольшага, і прычыны паслясакавіцкай апатыі.

3. Ці пераадолець можна гэтую апатыю? Ці магчыма ўвогуле ў цяперашняй Беларусі змястоўная палітычная дзейнасць? Апазіцыйная палітычная сіла звычайна канцэнтруецца на двух накірунках дзейнасці. Першы – гэта барацьба за ўладу. Другі – гэта прасоўванне і папулярызацыя ў грамадстве палітычнай альтэрнатывы, што ў сваю чаргу надае апазіцыі сацыяльны рэсурс, які і робіць магчымым барацьбу за ўладу. У нашым грамадстве гэты попыт абмяжоўваецца не толькі страхам пабудаванай і ўдасканаленай за дванаццаць гадоў рэпрэсіўнай машыны. Рэжым Лукашэнкі здолеў дасягнуць пэўнай раўнавагі паміж самім сабой і грамадствам, з аднаго боку, «падагнаўшы» яго пад свае лякалы, з іншага, заклаўшы, калі так можна сказаць, светапогляд і палітычную культуру сярэднестатыстычнага беларуса ў свой уласны падмурак. Дасягненне такой раўнавагі адлюстроўваецца ў дзвюх тэндэнцыях грамадскага жыцця, якія сталі асабліва заўважнымі апошнім часам.

Адна такая тэндэнцыя – гэта карпаратызацыя грамадства. Дзяржава ўсталявала і прадыктавала грамадзяніну пэўны даволі ясны і зразумелы алгарытм узаемадзеяння і аформіла яго адмысловымі інстытуцыянальнымі рамкамі (такімі, як прэзідэнцкая вертыкаль, кантрактная сістэма, сістэма размеркавання студэнтаў і г.д. і т.п.) Яна выпрацавала сістэму ўзаемаабмену (сацыяльнага кантракту), якая выразна тлумачыць, што і як трэба рабіць для задавальнення сваіх матэрыяльных і сацыяльных патрэбаў. Яна выпрацавала механізмы сацыяльнай мабільнасці. Усе гэтыя інстытуты, механізмы і алгарытмы цалкам кантралююцца самой дзяржавай. Як вынік, чалавек мусіць выбудоўваць свае жыццёвыя і кар’ерныя планы, прымаць рашэнні (куды пайсці вучыцца ці рабіць, як выплаціць крэдыт на жыллё і г.д.) у поўнай адпаведнасцю з існуючымі правіламі гульні. Наступствам падобнай карпаратызацыі з’яўляецца тое, што жаданне чагосьці большага, чым «чарка і скварка» (прэстыжная праца, добры заробак, ліцэнзія на канцэртную дзейнасць, ці магчымасць займацца бізнесам, напрыклад), можа рэалізавацца толькі пры ўмове не проста прымання правілаў гульні, а актыўнага садзеяння ў іх падтрымцы і мацаванні. Такім чынам, дзяржава вярбуе да сябе на службу цэлы сацыяльны пласт, які ў іншых умовах, пры існаванні шырокіх зонаў персанальнай і грамадскай аўтаноміі і легітымных магчымасцяў для незалежнай дзейнасці і творчасці, стваралі б сацыяльную базу прыхільнікаў пераменаў. Нагадаю, што сярод тых, хто стаяў у чорных шэрагу спецназу альбо ствараў вядомыя сюжэты на БТ падчас сакавіцкіх падзеяў, большасць складалі даволі маладыя людзі.

Другая тэндэнцыя – гэта віртуалізацыя светапогляду і светаадчування. Каментуючы падзеі на Кастрычніцкай плошчы, адна мая знаёмая – моладзевая актывістка – падзялілася такім меркаваннем: уся дзея, казала яна, нагадвала Матрыцу. Вось мы тут, бунтуем, мітынгуем, а выйдзі на суседнюю вуліцу – і нічога не нагадвае, што зусім побач штосьці адбываецца. Людзі сабе ходзяць па крамах, п’юць піва, гуляюць пад ручку... Іншымі словамі, тое, што адбываецца ў рэальным жыцці, гэта яшчэ зусім не рэчаіснасць, так сказаць. Дзеля гэтага яна мусіць патрапіць у тэлевізар. Віртуалізацыя – з’ява абсалютна лагічная для атамізаванага грамадства, у якім, да таго ж, усе істотныя медыі кантралююцца зверху (выключэнне стварае пакуль што інтэрнэт, і менавіта дзякуючы яму дэмакратычная субкультура здолела аформіцца і захавацца). Але яна мае вельмі сумныя для шукальнікаў палітычных альтэрнатываў наступствы. Віртуальная рэчаіснасць адкладваецца ў галовах у якасці міфаў і фобій, яна мацуе ўжо існуючыя сістэмы стэрэатыпаў і каштоўнасцяў, і як вынік – шмат хто пры канфлікце «віртуала» з «рэалам» проста адмаўляецца ўспрымаць апошні. Пазнавальна і сумна было чытаць на інтэрнэт-часопісах пра досвед адной маладой актывісткі, студэнткі і безумоўна добрага чалавека, якая, трапіўшы ў шпіталь і ўступіўшы ў спрэчку з бабулькамі ў сваёй палаце, пачула пра сабе шмат чаго, звязанага з прастытуцыяй і наркаманіяй. Хаця перад бабкамі быў жывы і відавочна прыстойны чалавек...

Карпаратызацыя падвышае кошты як актыўнай, так і пасіўнай альтэрнатыўнай палітычнай і сацыяльнай актыўнасці (да пасіўнай можна аднесці нават чытанне апазіцыйнага вэб-сайту на працоўным месцы, што можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў). Вырвацца за межы лукашэнкаўскай сістэмы могуць дазволіць сабе зусім нямногія. Чалавек не толькі прыстасоўваецца да сістэмы, ён робіцца яе ўдзельнікам. Магчыма, я памыляюся, але за дванаццаць год лукашэнкаўшчыны я не памятаю такой гатоўнасці канфармістаў прымаць удзел у палітычных рэпрэсіях, і такога масавага пераўтварэння «кухоннай апазіцыі» ў канфармістаў. Віртуалізацыя надзвычайна ўскладняе камунікацыю тых, хто існуе ў падкантрольным грамадстве і тых, хто вырываецца ў паралельнае, тымі, хто мае доступ да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі і тымі, хто не, тымі, хто яшчэ не страціў здольнасцяў да крытычнага ўспрымання інфармацыі і тымі, хто ўспрымае прапаганду як дадзенае. Зноўку магчымая памылка, але такое істэрычнае стаўленне зацятых лукашыстаў да апанентаў улады цягам апошніх выбараў і асабліва ў паслявыбарны перыяд назіралася, бадай, упершыню.

Кумулятыўны эфект карпаратызацыі і віртуалізацыі палягае ў тым, што любыя альтэрнатыўныя палітычныя і грамадскія дзеянні абмежаваныя межамі сацыяльнай і інфармацыйнай рэзервацыі. Пытанні палітычнай стратэгіі, тэхналогій, мэсіджу, выбару кандыдатаў, і нават кааліцыйнага будавання другасныя, пакуль альтэрнатыўная палітычная дзейнасць вядзецца ў межах рэзервацыі.

Калісьці, некалі гадоў таму, калі палітычны клімат у краіне быў нашмат менш рэпрэсіўным а канструкцыя рэжыму (у тым ліку пабудова яго адносінаў з грамадствам) менш жорсткай, існаванне ў рэзервацыі альбо праца з больш шырокай аўдыторыяй, «з электаратам», было пытаннем выбару для палітычных апанентаў. Часцяком аўтар гэтых радкоў сам крытыкаваў апазіцыю за тое, што яна свядома замыкалася ў паралельным грамадстве. Сёння магчымасць выбару ўжо не пакінутая. Болей таго, відавочна, што адміністрацыйны і інфармацыйны кантроль дзяржавы над грамадствам у бліжэйшы час яшчэ больш узмацніцца. А значыць, межы рэзервацыі яшчэ больш звузяцца.

4. Валерка Булгакаў нядаўна вельмі трапна вызначыў, чаму ва ўмовах «карпаратыўнай дзяржавы» дагэтуль дазваляецца фармальнае існаванне палітычнай апазіцыі:

Чым больш я назіраю за паводзінамі нашай улады, тым больш я пераконваюся ў тым, што апазыцыю Лукашэнка дазваляе толькі дзеля таго, каб у Беларусі ўсё было, як у людзей. Апазыцыя -- гэта зьява, якая яшчэ нейкім чынам збліжае нас з суседнімі краінамі Ўсходняй Эўропы. Ня будзе апазыцыі -- і Беларусь відавочна ператворыцца ў сярэднеазіяцкую дзяржаву.

Аднак палітычная апазіцыя пакуль што існуе, а магчымасцяў займацца палітычнай дзейнасцю амаль не засталося. Інстытуцыянальны стан беларускай апазіцыі фактычна не змяніўся з тых часоў, калі паўсталі палітычныя суб’екты – з больш лагодных, плюралістычных часоў. Атрымалася, што форма цалкам не адпавядае жыццю. Падзелы на палітычныя партыі, звады паміж лідэрамі, спробы вызначыць «свой электарат», падзяліць яго на «правы і левы», падобныя да рэфлексаў у чалавека, у якога нядаўна ампутавалі ці нагу ці руку. У іх дадзеная канечнасць нейкі час працягвае «балець»: іншымі словамі, адчуванне ёсць, матэрыяльнага аб’екта няма.

У новых умовах патрэбна было б нейкае пераасэнсаванне сваіх мэтаў і задачаў, а таксама і змены інстытуцыянальных рамках сваёй дзейнасці, рэканструкцыя іх пад новыя рэаліі, якія не зводзяцца да барацьбы за ўплыў той ці іншай партыі ці партыйнай ідэалогіі. Праблема ў тым, што зрабіць гэта амаль немагчыма. Практычна нерэальна, напрыклад, зарэгістраваць новую арганізацыю, партыю, рух, кааліцыю, а ствараць незарэгістраваную – значыць рызыкаваць трыма гадамі ў турме нават перад тым, як пачнеш актыўную дзейнасць. Я не ўпэўнены, што гэта было задумкай улады, калі прымаліся вядомыя артыкулы крымінальнага кодэксу, але відавочна, што наступствы, хай і не прадбачаныя, для яе вельмі і вельмі спрыяльныя. Падзел на мноства партый і іншых структураў робіць, напрыклад, малавыніковай ратацыю не апраўдаўшых сабе апазіцыйных кадраў, нават калі на змену прыходзяць больш жвавыя, сучасныя, ініцыятыўныя лідэры. Пераемнікі ветэранаў у першую чаргу бачаць сабе як лідэры тых жа самых партыйных структураў. Іх уплыў у апазіцыйнай палітыцы, у рэзервацыі, залежыць у першую чаргу ад уплыву менавіта ў гэтых структурах. Такім чынам, паколькі рэформа апазіцыі прывядзе да яе поўнай крыміналізацыі, застой у яе шэрагаў непазбежны.

Інстытуцыянальны застой непазбежна выклікае і дэфіцыт ідэяў. Давайце паглядзім, якія накірункі далейшай дзейнасці прапануюць апазіцыйныя структуры, у прыватнасці, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (з падачы БНФ) і Аб’яднаная грамадзянская партыя разам з камуністамі. Нагадаем, што менавіта нязгода наконт плану далейшых дзеянняў нядаўна прывяла да першых адзнакаў расколу ў апазіцыйнай кааліцыі. Першыя бачаць шлях у наладжванні масавых акцыяў з мэтай патрабавання новых выбараў. Другія прапануюць збор подпісаў за адмену кантрактнай сістэмы, за дэлегітымізацыю прэзідэнцкіх выбараў, правядзенне кампаніі «Салідарнасць у імя Свабоды», а таксама падрыхтоўку да мясцовых выбараў. На жаль, гэтыя два розныя планы дзеянняў маюць паміж сабой багата супольнага.

Па-першае, можна зазначыць відавочны дэфіцыт рэпертуару і як вынік – няздольнасць вынесці ўрокі з папярэдніх беспаспяховых кампаній падобнага кшталту. Адныя прапануюць вяртанне да мітынговай дэмакратыі, іншыя бачаць шлях у хаджэнні ў народ і зборах подпісаў.

Па-другое, такое адчуванне, што прапануецца гонка за з’ехаўшым цягніком, асабліва што тычыцца дэлегітымізацыі адбытых выбараў. Выбары можна дэлегітымізаваць толькі тады, калі яны адбываюцца, а не праз некалькі месяцаў, калі грамадства ўжо амаль забылася, што яны наогул адбыліся. Калі пачаць сёння, то дэлегітымізаваць можна хіба што выбары 2011 года.

Па-трэцяе, і той і іншы планы як быццам бы маюць на ўвазе, што на Плошчы Каліноўскага яшчэ стаіць намётавае мястэчка, што сярод дэмакратычных актывістаў існуе маральны і псіхалагічны ўздым, які падштурхне іх на масавыя акцыі. Мітынговая кампанія патрабуе пэўнага стану напружанасці ў грамадстве, які мусіць узнікнуць менавіта ў дачыненні пытання выбараў (з-за якога людзі тэарэтычна мусяць выйсці на вуліцы).

Па-чацвёртае, відавочная адсутнасць стратэгічнага планавання. Зразумела, што мітынгі плануюцца, каб завастрыць увагу грамадства на парушэнні падчас выбарчага працэсу, што адмену кантрактнай сістэмы будуць патрабаваць, каб атаясаміць відавочна непапулярную меру уладаў. Аднак гэта толькі адзінкавыя акцыі, і не зразумела, які ў іх мусіць быць працяг, што рабіць пасля таго, як мітынгі будуць разагнаныя, а подпісы сабраныя.

Па-пятае, маштабныя палітычныя задачы, аб якіх кажуць лідэры, мусяць рэалізавацца нашмат больш магутнымі палітычнымі, фінансавымі, інфармацыйнымі і арганізацыйнымі рэсурсамі, чым тыя, якія сёння маюцца ў распараджэнні ў апазіцыі. Самае галоўнае, што спробы правядзення падобных акцыяў рабіліся і ў мінулым, а іх вынікі былі даволі несуцяшальнымі.

5. Аднак, праблема нашмат шырэйшая, чым крызіс жанру ў апазіцыі. Ва ўмовах немагчымасці кантралявання базавых працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаве і грамадстве, палітычная апазіцыя робіцца закладніцай абставінаў, мусіць, пры самых сваіх актыўных дзеяннях, спадзявацца на цуд, на форс-мажор, ці на натуральны ход падзеяў, які можа заняць балюча шмат часу. Яна не можа даць аніякіх гарантыяў, што самыя эфектыўныя індывідуальныя і калектыўныя дзеянні прынясуць плён, што яны не будуць ануляваныя прэвентыўнымі дзеяннямі ўлады. Разам з хвастом мінулых няўдачаў гэта ператварае безнадзейнасць у руціну: паразы, няўдачы пачынаюць успрымацца як дадзенае.

У варунках, калі безнадзейнасць руцінізаваная, калі актыўныя незалежныя дзеянні трапляюць пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, калі ўлада загадзя мае адказ амаль на любыя выклікі з боку апанентаў, адзіная сіла, якая застаецца непадкантрольнай і непераадольнай для ўлады, гэта сіла бяссільных. Захаванне надзеі на палітычны прарыў у будучым залежыць ад таго, ці будзе працяг у рэвалюцыі духу, чый пачатак мы пабачылі на плошчы Каліноўскага. Падтрыманне і пашырэнне дысідэнцкай грамадскай актыўнасці ёсць неабходнай перадумовай для таго, каб у будучым узнікла сур’ёзная палітычная альтэрнатыва. Такая дзейнасць шмат у чым адрозніваецца ад палітычнай – яна больш індывідуальная і, калі так можна сказаць, дробнагрупавая, чым калектыўная і палітычная. Яна ладзіцца больш з уласнай ініцыятывы, чым па планах і стратэгіях. Яна, нарэшце, праводзіцца на свой страх і рызыку – гарантыяў абароны ад ціску, шантажу і рэпрэсіяў сёння даць ніхто не можа (іншая справа, што трэба ўсімі магчымасцямі пазбягаць непатрэбных ахвяраў і пасадак).

Арганізаваным можа быць хіба спрыянне і распаўсюджванне гэтай незалежнай і дэцэнтралізаванай актыўнасці. Сёння як ніколі патрэбнае пашырэнне незалежнай прасторы, тэрыторыі свабоды, пашырэнне і мацаванне дэмакратычнай субкультуры, калі хочаце – палітычнага гета. Пошук новых формаў «існавання ў свабодзе» ўжо вядзецца незалежнымі высілкамі – і пашырэнне ўплыву палітычнага інтэрнэту ёсць адной з відавочных праяваў. Зноў такі, гэтае пашырэнне перадусім залежыць ад індывідуальных высілкаў, ад здольнасці актывістаў камунікаваць са сваімі аднадумцамі, даносіць думкі і інфармацыю да іншых, ад іх здольнасці ўцягваць новых людзей часам у самыя простыя формы грамадзянскай актыўнасці. Арганізаваная палітычныя і грамадскія структуры мусяць стаць своеасаблівымі рэсурснымі цэнтрамі (даруйце за гэта зацёртае і кантраверсійнае вызначэнне), якія аказваюць мінімальную тэхнічную і інтэлектуальную дапамогу такім дробным высілкам, ад якіх сёння залежыць многае.

Тэрыторыя свабоды патрабуе лепшай камунікацыі паміж яе насельнікамі – менавіта тады дысідэнцкі рух мае перспектыву калісьці пераўтварыцца ў палітычную сілу. Досвед мінулага паказвае, што гэтага часцяком можна дасягнуць, не зацыкліваючыся на палітыцы. Летні адпачынак, заўзятарства, краязнаўчыя экскурсіі, любая іншая непалітызаваная і дэбюракратызаваная форма аб’яднання аднадумцаў (апошняе – дэбюракратызацыя – сёння асабліва важна, каб зменшыць пагрозу крымінальнага пераследу) можа быць нашмат больш плённай, чым любыя заклікі далучыцца да наступнай палітычнай кампаніі.

Тэрыторыя свабоды не здольная выжыць без салідарнасці і ўзаемадапамогі. Паўтаруся, што гарантыяў ад пераследу ці як мінімум банальных жыццёвых непрыемнасцяў сёння актыўнаму грамадзяніну не можа даць ніхто. Зменшыць кошт існавання ў паралельным грамадстве можна толькі супольнымі высілкамі ўсіх яго сяброў. Самая простая дапамога тым, хто трапляе пад дзяржаўны каток ці іх сем’ям, ахвяраванне невялікіх грошай ці часу, каб памагчы ў побытавых пытаннях. Маральная падтрымка сёння значыць больш, чым ніколі. Тое ж самае тычыцца і больш шырокага грамадства. Трэба навучыцца рэагаваць на любы канфлікт ці напружанасць, заступацца за любога пакрыўджанага, наладжваць кантакты з любымі аўтаномнымі асяродкамі, перапісаць талмуды сваіх праграмаў у некалькі радкоў канкрэтных і зразумелых прапановаў і патрабаванняў, наогул, усімі сіламі паказваць, што палітычныя змены будуць асабістай перамогай кожнага.

Наладжванне камунікацый з падкантрольным уладзе грамадствам, па-за рамкамі дэмакратычнай субкультуры, немагчыма без інфармацыйнага прарыву. Гэты прарыў сёння можа ажыццявіцца толькі звонку. Арганізацыя незалежнага тэлевізійнага і радыёвяшчання на Беларусь абмяркоўваецца і мусоліцца ўжо які год, але гара кожны раз параджае мыш. Відавочна, што пытанне ніколі не было да канца прапрацаванае, не хапае арыгінальных ідэяў, грунтоўных даследаванняў, новага бачання таго, якія формы, які фармат вонкавых электронных медыяў можа быць найбольш эфектыўным. Любы новы тэндэр з боку ЕЗ альбо іншай структуры становіцца аб’ектам паддывановай канкурэнцыі паміж асобнымі групамі журналістаў. У той жа час імкліва ўзнікаюць новыя формы падачы інфармацыі (інтэрнэт-TV, падкастынг і г.д.), якія яшчэ малазадейнічаныя і ў якіх можа быць магутны патэнцыял у будучым. Існуючая на сёння палітычная апазіцыя валодае інструментамі, каб як мінімум паспрабаваць арганізаваць гэты масіўны інфармацыйны прарыў звонку. Болей за тое, я лічу гэта галоўнай яе задачай на бліжэйшы перыяд – у рэшце рэшт, без інфармацыі аб палітычнай дзейнасці казаць не даводзіцца. Трэба памятаць, аднак, што патрэбна менавіта інфармацыя для грамадзянаў, а не трыбуна для таго ці іншага палітыка ці працоўнае месца для таго ці іншага «свайго» журналіста.

6. Быць дысідэнтам ва ўмовах карпаратыўнай дзяржавы ўсё ж параўнальна лёгка. Цяжка з псіхалагічнага пункту гледжання, але ў той жа час не цісне неабходнасць дасягнення выніку. Стратэгія будуецца з шэрагу дробных справаў. Можна проста займацца тым, чым займаешся – пісаць артыкулы, друкаваць кнігі і часопісы, рабіць інтэрнэт-сайты, размаўляць з людзьмі... Руцінізаваная безнадзейнасць апраўдвае паўсядзённасць. Палітычнай апазіцыі нашмат складаней. Патрэбны мэты, патрэбны вынікі. Патрэбна свядомая рызыка, больш высокі ўзровень самаахвярнасці, патрэбныя здольнасці, каб пераканаць іншых ісці на ахвяры, амаль нічога не абяцаючы ўзамен. Спіс аб’ектыўных прычынаў, па якіх палітычная апазіцыйная дзейнасць сёння можа быць малаэфектыўнай, даволі доўгі – шмат чаго ўжо было пералічана вышэй у гэтым артыкуле. Але рэчаіснасць для палітычнай апазіцыі такая, што калі яна змірыцца з аб’ектыўнымі прычынамі, то яна канчаткова пераўтварыцца ў частку грамадскага, дысідэнцкага асяродка ў паралельным грамадстве. Але апошняе па азначэнню можа існаваць без лідэраў і начальнікаў. Лідэры і начальнікі патрэбныя тады, калі з’яўляецца мэта, перспектыва.

Пры ўсіх сваіх недахопах існаванне арганізаванай апазіцыі дапамагае захоўваць надзею ў тым, што палітычны прарыў магчымы. У гэтым яе, калі хочаце, сацыяльная значнасць. Але апазіцыя можа быць запатрабаваная грамадствам толькі як пратаганіст пераменаў, а не як праваднік партыйных інтарэсаў і ідэалогіяў. Партыйным актывістам і ідэолагам ужо даўно пара ўсвядоміць, што правы і левы, ліберальны і кансерватыўны электараты ў Беларусі з’явяцца толькі тады, калі адродзіцца публічная палітыка. Прасоўванне асобных ідэалогій, праграмаў, лідэраў толькі паглыбляе адчужэнне паміж апазіцыяй і незалежным грамадствам. Калі застаюцца палітычныя партыі, неабходна любымі высілкамі захаваць аб’яднаўчыя інстытуты, такія, як кааліцыю і кангрэс дэмакратычных сілаў.

Палітычныя лідэры мусяць усвядоміць, што падпарадкаваць грамадзянскую актыўнасць у сённяшніх умовах практычна немагчыма. Дысідэнтам амаль не патрэбныя рэгістрацыя, афіцыйныя офісы і шмат чаго іншага, яны могуць існаваць больш гнутка і дэцэнтралізавана. Калі ўзнікне канкурэнцыя паміж апазіцыяй і грамадскім сектарам, першая непазбежна прайграе. Наадварот, існаванне палітычнай апазіцыі сёння хутчэй апраўдваецца тым, якія паслугі яна можа аказаць незалежнаму грамадству, якое падрыхтоўвае для яе сацыяльную глебу. У рэшце рэшт, тое, чым палітыкі мусяць займацца ў бліжэйшы час – гэта таксама збольшага грамадская, а не палітычная дзейнасць.

Мяжа паміж грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй, паміж тым, што адзін блогер вызначыў як «іерархія» і «сетка», у масавай свядомасці адсутнічае. Любыя дзеянні па высвятленню адносінаў, любыя адкрытыя канфлікты, звязаныя з барацьбой за лідэрства, сёння дыскрэдытуюць увесь дэмакратычны рух. Таму скліканне новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, перагляд раскладу сілаў унутры кааліцыі, вызначэнне новых лідэраў мэтазгодныя толькі тады, калі ўсе ўдзельнікі аб’яднання будуць гатовыя прызнаць яго вынікі без скандалаў, узаемных абвінавачванняў, кулуарнай барацьбы і абструкцыі.

Падзеі на плошчы Каліноўскага засведчылі мабілізацыйны патэнцыял ілюзіі. Бессэнсоўныя выбары ў рэшце рэшт мелі пэўны сэнс, калі нехта захоўваў хай сабе наіўную надзею на тое, што яны могуць штосьці змяніць. У гэтым і палягае сэнс удзелу апазіцыі ў выбарах. Аднак, трэба памятаваць, што ўдзел у выбарах мае сэнс толькі тады, калі кожная кампанія – мясцовая ці парламенцкая – з’яўляюцца падрыхтоўкай да паўстання новай плошчы Каліноўскага падчас заканчэння кампаніі прэзідэнцкай. Таксама паўтаруся, што дэлегітымізаваць можна толькі наступныя выбары, а не тыя, што ўжо адбыліся. Грамадства аб’ектыўна прызнала перамогу Лукашэнкі ў 2006. Таму працаваць варта на тое, каб гэтае прызнанне было апошнім.

Аднак рэалізацыя буйных палітычных стратэгіяў ва ўмовах татальнага кантролю, актыўных прэвентыўных дзеянняў улады і існаванні ў рэзервацыі маларэальна. «Крызісу ўлады», аб неабходнасці паглыблення якога апошнім часам апавядаў спадар Мілінкевіч, пакуль насамрэч не назіраецца. Наадварот, улада выйшла з апошніх палітычных падзеяў больш скансалідаванай, больш, чым раней, павязаная кругавой парукай, яшчэ мацней усведаміўшы свой магчымы лёс у тым выпадку, калі наступяць палітычныя змены. Яе крызіс магчымы толькі тады, калі аслабнуць інстытуты «карпаратыўнай дзяржавы» – іншымі словамі, калі рэсурсы, неабходныя для падтрымання адміністрацыйнага і эканамічнага кантролю над грамадствам і лаяльнасці ўласнага бюракратычнага і адміністрацыйнага апарату выгаснуць альбо радыкальна зменшацца. З іншага боку, такі крызіс малаверагодны, пакуль грамадская думка фармуецца ва ўмовах віртуальнай рэчаіснасці, іншымі словамі -- без прарыву інфармацыйнай блакады. Менавіта тады ўзнікне попыт на палітычную альтэрнатыву, а палітычная апазіцыя атрымае магчымасць вырвацца з рэзервацыі. Аднак неабходныя памеры дэзарганізацыі ўсёй лукашэнкаўскай сістэмы такія, што яны наўрад ці могуць быць спрычыненыя дзеяннямі апанентаў.

Гэтая дэзарганізацыя хутчэй магчымая альбо пры ўдзеле экзагенных чыннікаў (эканамічных, знешніх, сацыяльных), г. зн. тых, якія сама сістэма няздольная кантраляваць, альбо з прычыны ўнутранай дэзарганізацыі сістэмы, якая вынікала б з працэсаў ці дзеянняў, што дзеяцца ў рамках яе самой. Сваімі высілкамі апазіцыя дэзарганізаваць яе няздольная. Яна здольная, аднак, прадбачыць ці спрагназаваць магчымыя сцэнары яе дэзарганізацыі і выпрацаваць план дзеянняў на выпадак, калі гэтыя сцэнары адбудуцца ў рэчаіснасці. Яна мусіць быць прыгатаваная да магчымага крызісу ўлады не толькі ў арганізацыйным аспекце (планаванне дзеянняў) але і ў ідэалагічным. Досвед паказвае, што крызіс пераўтвараецца ў палітычныя магчымасці толькі для таго, хто здольны інтэрпрэтаваць яго прычыны і навязаць гэтую інтэрпрэтацыю грамадству.

У любым выпадку, дэмакратычная апазіцыя і незалежнае грамадства пакуль застаюцца закладнікамі руцінізаванай безнадзейнасці. Варыянт таго, што дэмакратычны супраціў у бліжэйшы час будзе магчымы выключна ў дысідэнцкіх формах, выключаць нельга. Фактарам падтрымання надзеі ў такіх варунках можа стаць толькі нашая перакананасць у тым, што індывідуальны супраціў – гэта самае галоўнае ў такіх абставінах, што ён непазбежна прынясе плён, што канструкцыя карпаратыўнай дзяржавы нявечная. Дысідэнт усё ж такі мае адну перавагу, якую не здольныя адняць ніякія рэпрэсіі – ён бачыў і ведае, як руйнуюцца дыктатуры.

  палітоляг, стваральнік і апякун дзьвюхмоўнага, ангельска-беларускага блогу belarus.tolblogs.org, прысьвечанага беларускаму жыцьцю.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/15