A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


гісторыя

  ОЛДРЖЫХ ТУМА

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Олдржых Тума
Антырэжымныя дэманстрацыі ў Празе


Камуністычныя рэжымы заўжды баяліся ўсяго спантаннага і імкнуліся ўтрымліваць, наколькі гэта было мажліва, поўны кантроль над грамадзтвам ва ўсіх сфэрах. Яны часта з ахвотай арганізоўвалі пышныя маніфэстацыі ў сваю падтрымку і імкнуліся з такой нагоды сабраць на вуліцах як мага большую колькасьць народу (клясычны прыклад – сьвяткаваньне 1 мая). Удзел у маніфэстацыях быў своеасаблівым паўтаральным тэстам на ляяльнасьць і паслухмянасьць. З другога боку, сама ўява сабраных на вуліцах грамадзянаў, якія выказваюць аўтэнтычныя меркаваньні і патрабаваньні, была зь ліку найгоршых кашмараў камуністаў, што стаялі пры ўладзе. Апошнія асьцерагаліся спантанных выступаў грамадзянаў, нават калі яны ня тычыліся палітычных справаў. Чэхаславацкае чынавенства, напрыклад, прымала штогадовыя маштабныя меры падчас чэмпіянату сьвету па хакеі, каб папярэдзіць магчымыя вулічныя сьвяткаваньні перамогі над Савецкім Саюзам.

Яшчэ болей паноўны рэжым імкнуўся прадухіліць публічныя дэманстрацыі прадстаўнікоў іншых палітычных поглядаў, у выпадку неабходнасьці стараўся такія спробы як мага болей эфэктыўна выключыць. З пункту гледжаньня ўладаў гэтая боязь была, па сутнасьці, цалкам абгрунтаваная: масавыя пратэсты і дэманстрацыі ўрэшце выявіліся адным з тых чыньнікаў, што прывялі да канчатковага каляпсу камуністычных рэжымаў ва Ўсходняй Эўропе. Узьнікненьне, існаваньне і падзеньне камуністычных рэжымаў мы маглі б палічыць за своеасаблівую барацьбу за грамадзкую плошчу, за вуліцу. Натуральна, гэта быў бы спрошчаны і абмежаваны погляд, у гульні было шмат іншых фактараў.

Тым ня менш, і гэты пункт гледжаньня ўсё ж адносны, і гісторыя камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі ў гэтым сэнсе асабліва паказальная. За 40 гадоў існаваньня рэжыму сытуацыя цалкам зьмянілася. Напачатку, у лютым 1948-га, камуністы былі ў стане апанаваць вуліцы. Прыкладна ў палове iснаваньня рэжыму, у жніўні 1969 году, яны змаглі ліквідаваць вулічныя акцыі пратэсту толькі коштам найвялікшых намаганьняў, з выкарыстаньнем сілы, пры масавым прыцягненьні паліцыі, войска і Народнай міліцыі. Пад канец, у лістападзе 1989-га, супраць іх паўстала пераважная большасьць грамадзянаў, і рэжым ужо быў ня ў стане – альбо ня меў дастатковай рашучасьці – супрацьстаяць з пазыцыі сілы.

У момант найвышэйшай палітычнай крызы і вырашальнага канфлікту ў лютым 1948 году вуліцы чэхаславацкіх гарадоў апанавалі рашучыя, добра арганізаваныя маніфэстацыі камуністаў і іх прыхільнікаў пад добрым камандаваньнем.

Апанэнты камуністаў ня здолелі арганізаваць дзейснага супрацьдзеяньня, спантанныя спробы грамадзянаў ня мелі шанцаў зьмяніць хаду падзеяў, асабліва з улікам таго, што камуністы кантралявалі сілавыя структуры дзяржаўнага апарату. Брутальна разагнанае шэсьце праскіх студэнтаў, якое адбылося ў час, калі камуністы ўжо трыюмфавалі і зыход барацьбы быў прадвызначаны, было ўсяго толькі адчайнай, хоць і сумленнай кропкай у прайгранай бітве за дэмакратыю.

У пазьнейшыя гады рэжым трывала авалодаў сытуацыяй, адкрытыя пратэсты здараліся толькі ў выключных выпадках і заўсёды былі рашуча задушаныя. Сытуацыя зьмянілася толькі праз дваццаць гадоў, падчас Праскай вясны, калі камуністычны рэжым быў у многіх адносінах расхістаны і ад дэмантажу яго захавала толькі вайсковая інтэрвэнцыя СССР і іншых камуністычных дзяржаваў. Гады 1968 і 1969 зноў азваліся масавымі вулічнымі дэманстрацыямі. Крыху парадаксальна найбуйнейшыя антырэжымныя дэманстрацыі адбыліся ў час, калі ў палітычных адносінах усё было зноў вырашана – у жніўні 1969-га. Праская вясна была адметная хутчэй дэбатамі ў СМІ, на сходах і ў суполках, чым вулічнымі маніфэстацыямі. Шэрагі людзей на вуліцы вывела толькі інтэрвэнцыя войскаў Варшаўскай дамовы 21 жніўня 1968 году. Няўзброены і негвалтоўны супраціў быў дзейсным і стаў вырашальным фактарам крушэньня першапачатковага сцэнару інтэрвэнцыі. Тут гаворка ня толькі пра клясычныя дэманстрацыі, а хутчэй пра вынаходлівае супрацьстаяньне ўсяго грамадзтва вялізнай перавазе чужынскіх арміяў. Гэтае супрацьстаяньне, асабліва ў першыя дні, адбывалася і на вуліцы і каштавала, між іншым, дзясяткаў чалавечых ахвяраў. Яго галоўнай сілай былі перадусім юнакі і дзяўчаты ў веку каля дваццаці гадоў. Яно мела сваё значэньне і прымусіла інтэрвэнтаў зьмяніць тактыку і арыентавацца на паступовае адстойваньне палітычных мэтаў інтэрвэнцыі і на выкарыстаньне тых людзей, якія мелі давер грамадзтва, гэта значыць камуністаў-рэфарматараў на чале з Аляксандрам Дубчакам. Паўторная кансалідацыя рэжыму цягнулася доўгія месяцы і суправаджалася шматлікімі вулічнымі дэманстрацыямі. Гэта не былі антырэжымныя дэманстрацыі ў поўным сэнсе гэтага слова – наадварот, дэзарыентаванае грамадзтва празь іх неаднаразова прапаноўвала падтрымку рэфарматарам. Апошнія, аднак, увесь час саступалі ціску Саветаў і айчынных артадаксальных камуністаў, яны не змаглі ці не захацелі выкарыстаць падтрымку грамадзтва і адыгралі сваю ролю ў яе паступовай пацыфікацыі. Найбольш значнае сутыкненьне адбылося ў дні першых угодкаў жнівеньскай інтэрвэнцыі – у 1969 годзе. Масавыя дэманстрацыі былі тады задушаныя чэхаславацкімі танкамі, а людзкія ахвяры сталіся вынікам страляніны чэхаславацкіх наёмнікаў-паліцаяў і міліцыянэраў.

Радыкальнае задушэньне дэманстрацыяў і далейшыя рэпрэсіі пасьля выразна зламалі супрацьстаяньне грамадзтва і ў наступныя дваццаць гадоў існаваньня рэжыму на вуліцах удавалася захоўваць спакой. Апошнія два гады перад каляпсам зноў былі – найперш у Празе – сьведкамі антырэжымных вулічных дэманстрацыяў, зь якімі рэжым, праўда, яшчэ мог справіцца сілавымі мэтадамі, але якія прыкметна перайначылі атмасфэру ў грамадзтве і сталіся важнай увэртурай да лістапада 1989 году. Менавіта дэманстрацыям перад непасрэдным крушэньнем камуністычнай улады (1988, 1989), іх ходу, удзельнікам і рэакцыі рэжыму прысьвячаецца наступны артыкул.

ЖНІВЕНЬ 1969-ГА

Падзеі жніўня 1969 году можна ўспрымаць як пераломны момант у гісторыі Праскай вясны, менавіта сюды можна аднесьці яе фінішны этап. У гэты пэрыяд кіраўніцтва Камуністычнай партыі Чэхаславакіі захапіла паслухмяная Маскве антырэформавая група на чале з Густавам Гусакам. Кансалідацыя рэжыму і выкараненьне вынікаў лібэралізацыі перадапошняга году ішлі ўжо поўным ходам. Як важны ўнутрыпалітычны фактар тут усё яшчэ мелі значэньне актыўнасьць і энэргія, назапашаныя чэхаславацкім грамадзтвам на працягу 1968 году і найперш у кантэксьце супраціву вайсковай інтэрвэнцыі. Аднак гэтая энэргія ў вырашальныя моманты палітычнай барацьбы паміж жніўнем 1968-га і красавіком 1969 году не была мабілізаваная – пераважна віной тых, каму грамадзтва падтрымку прапаноўвала, г. зн. паасобных палітыкаў-рэфарматараў. Немалы патэнцыял народнага супраціву, скіраванасьць якога з акупантаў перайшла на пазьнейшы «нармалізацыйны рэжым», ня быў у межах унутрыпалітычнай барацьбы эфэктыўна скарыстаны. Тое, што з пункту гледжаньня рэжыму, які ўступаў у фазу хуткай кансалідацыі, гэты патэнцыял уяўляе сабой пэўную пагрозу і павінен быць зьнішчаны, партыйнаму кіраўніцтву Гусака вясной 1969 году было зразумела. Гэткім жа відавочным тады было й тое, што прынамсі частка грамадзтва ня зможа адрачыся ад ідэалаў, якім на працягу некалькіх месяцаў была верная. Пасьля таго, як не ўдалося выкарыстаць такое рашэньне падчас некалькіх палітычных крызаў і прадухіліць зьняцьце Аляксандра Дубчака з найважнейшай сілавой функцыі, першыя ўгодкі інтэрвэнцыі былі грамадзтвам адзінадушна прынятыя як найлепшая нагода для публічнай дэманстрацыі сваёй пазыцыі.

Непасрэдна пасьля красавіцкіх зьменаў у кіраўніцтве Камуністычнай партыі Чэхаславакіі, калі бяз бою пакінуў пост Дубчак, грамадзтва знаходзілася ў стане канстэрнацыі і пэўнага шоку, але, відаць, і чаканьня таксама. Неўзабаве выявілася, што пэўныя надзеі, якія ўскладаліся на Гусака, былі толькі ілюзіямі, і шок ад далейшай капітуляцыі без супраціву паступова прыціхаў, але прынамсі частка грамадзтва яшчэ раз актывізавала супраціўленьне. Яно праявілася найперш у выглядзе ўлёткавай хвалі, якая пачала пашырацца напрыканцы вясны. Недзе ў сярэдзіне чэрвеня зьявіліся ўлёткі, якія сваім зьместам непасрэдна рэагавалі на набліжэньне гадавіны акупацыі і заклікалі грамадзянаў да пэўных дзеяньняў: да байкоту грамадзкага транспарту, крамаў, друку, забаўляльных і культурных праграмаў, да ўшанаваньня памяці асобаў, забітых інтэрвэнтамі ў жніўні 1968 году; да маніфэстацыйных кароткіх забастовак, сымбалічных актаў (жалобная вопратка або хаця б чорная стужка). Далей гэтыя ўлёткі пачалі зьяўляцца ўсё часьцей, а ў жніўні літаральна запаланілі краіну. Камітэт дзяржбясьпекі ў 1969 годзе зарэгістраваў 148 відаў і 13 231 асобнік антыдзяржаўных улётак. Гэтая лічба шматкроць перавышае сярэднюю іх колькасьць у папярэднія гады; параўнальную альбо большую колькасьць падобных папераў КДБ зарэгістраваў толькі ў 1942–1952 гады.

Неабходна ўсьвядоміць, што летам 1969 году грамадзтва ўсё яшчэ не было зламанае i запалоханае. У гэты пэрыяд яшчэ існаваў адносна шырокі доступ да размнажальнай (праўда, часта прымітыўнай) тэхнікі. Розныя грамадзкія, моладзевыя, прафэсійныя арганізацыі ўсё яшчэ не былі «нармалізаваныя» – асабліва на базавым, але часта і на вышэйшых узроўнях. Паводле зьвестак КДБ, множаньнем і распаўсюдам улётак у той час займаліся ня толькі прыватныя асобы, але і цэлыя калектывы розных прадпрыемстваў, установаў, рэдакцыяў і заводзкіх камітэтаў Рэвалюцыйнага прафсаюзнага руху. Улёткі размнажаліся нават у казармах. Распаўсюджваліся яны самымі рознымі спосабамі: праз пошту, міжасабовыя кантакты, укідваньне ў паштовыя скрынкі, вывешваньне ў публічных месцах (у т. л. на дошкі аб’яваў Кампартыі і Рэвалюцыйнага прафсаюзнага руху), раскідваньне на вуліцах і г. д. Размнажаліся яны пераважна шляхам перадрукоўваньня на пішучых машынках, рататарах, ормігах і друкарскіх варштатах. Пра наяўнасьць улётак летам 1969 году часта паведамляў штодзённы друк. Іншай праявай супраціву нармалізацыі, што надыходзіла, былі антыдзяржаўныя надпісы. І іх у 1969 годзе было нашмат болей (КДБ зарэгістравала 1199 надпісаў, зь іх 632 у жніўні), чым у сярэднім у папярэднія гады – калі, аднак, ня браць да ўвагі апошнюю жнівеньскую дэкаду 1968 году.

З другога боку, дасягнула піку маштабная мэдыякампанія, у якой прарэжымныя СМІ перасьцерагалі ад якіх-колечы пратэстаў і пагражалі тым, хто меў намер учыніць падобную спробу зноў. Аднак дзеяньні рэжыму не абмяжоўваліся толькі прапагандай. Адклад адкрытага сутыкненьня з грамадзкасьцю на жнівень прыйшоўся нармалізацыйным колам вельмі дарэчы. На працягу лета ліхаманкава ўтвараліся і муштраваліся з мэтай супакаеньня дэманстрантаў і навядзеньня парадку паліцэйскія падразьдзяленьні, з Польшчы пастаўлялася ўзбраеньне і экіпіроўка, прыдатныя да вулічных сутыкненьняў, фармаваліся спэцыяльныя адзінкі арміі, рыхтаваліся аддзелы Народнай міліцыі (некаторыя аддзелы Народнай міліцыі, якія лічыліся не зусім добранадзейнымі, наадварот, былі раззброеныя). І, натуральна, праводзілася арганізацыйная работа на ўсіх узроўнях, ствараліся апэратыўныя штабы, выпрацоўваліся падрабязныя пляны, быў утвораны своеасаблівы iнфармацыйны сэрвіс на некалькіх узроўнях (у межах КДБ, чэскага і фэдэральнага ўрадаў). Рэжым нібы рыхтаваўся да грамадзянскай вайны, камуністычнае кіраўніцтва было яўна гатовае да ўсяго. Зрэшты, гэта дакладна сфармуляваў ужо 10 ліпеня на нарадзе Галоўнага штабу Народнай міліцыі сам Густаў Гусак: «Пазыцыя кіраўніцтва наступная: хто адважыцца на актыўны супраціў альбо нешта падобнае дзесьці на вуліцы, раздушым немiласэрна, чаго б гэта ні каштавала».

Яшчэ сёньня прачытаньне пэрыёдыкі таго часу дазваляе адчуць напружаньне, якое нарастала з кожным днём. КДБ увесь час канстатаваў усё большую цыркуляцыю ўлётак, штодзённа рэгістраваліся ў самых розных пунктах дзясяткі «антыдзяржаўных» надпісаў, віравала гістэрычная кампанія ў пэрыёдыцы. Кампартыя Чэхаславакіі зладзіла шэраг мітынгаў, а іх апагеем стаў дзесяцітысячны сход партыйных, прафсаюзных работнікаў і міліцыі 19 жніўня ў праскім Палацы зьездаў. Праз цэнтар Прагі некалькі разоў дэманстратыўна правозіліся падразьдзяленьні Народнай міліцыі. Апэратыўныя зводкі КДБ зьвярталі ўвагу на тое, што многія грамадзяне сярэдняга і старэйшага веку маюць намер у крытычныя дні пакінуць Прагу і, наадварот, многія маладыя людзі нібыта ў Прагу зьбіраюцца. Заходняя пэрыёдыка была поўная спэкуляцыяў на тым, што ж уласна адбудзецца, хто што справакуе і каму гэта пойдзе на карысьць. У такой прыгнятальнай атмасфэры іскрынкі вылецелі раней, чым чакалася. Ужо ўвечары 16 жніўня на месцы, якое ў XIX і ХХ стагодзьдзях было традыцыйным эпіцэнтрам чэскага грамадзкага і палітычнага жыцьця, г. зн. у верхняй частцы Вацлаўскай плошчы, ля статуі сьв. Вацлава, пачалі зьбірацца людзі. Групы дыскутавалі, пасьля разышліся без прыкметных інцыдэнтаў. Гэта паўтаралася і ў наступныя дні, адзіна што пабольшала людзей. 19 жніўня паліцыя ўжо са значнымі цяжкасьцямі вызваляла плошчу, прагучаў нават стрэл, якім быў паранены адзін з прысутных.

20 жніўня інцыдэнты паблізу помніка сьв. Вацлава пачаліся ўжо ў першай палове дня. Плошчу не ўдавалася ачысьціць, і недзе а 16-й гадзіне яна была запалоненая шматтысячным натоўпам. Вызваленьне плошчы перарасло ў вострыя сутыкненьні. Разам з нарастаньнем жорсткасьці з боку сілавых структураў нарастала і абурэньне натоўпу, людзі без ваганьняў чынілі гвалт. Змагацца зь сіламі парадку (акрамя паліцыі былі прыцягнутыя вайсковыя падразьдзяленьні памежных войскаў і Народнай міліцыі) імкнуліся спадручнымі спосабамі. Супраць дубінак, сьлезацечных гранатаў, вадамётаў і бронетранспартэраў частка дэманстрантаў скарысталася камянямі, у розных раёнах у цэнтры Прагі вырасла і некалькі імправiзаваных барыкадаў. Пасьля ачысткі Вацлаўскай плошчы сутычкі перамясьціліся ў яе ваколіцы і да позьняга вечара працягваліся па ўсім разьлеглым цэнтры сталіцы. Урэшце бліжэй да ночы ўдалося разагнаць дэманстрантаў з дапамогай падразьдзяленьняў Чэхаславацкай народнай арміі. Яшчэ перад гэтым здарылася трагедыя. З тэрыторыі за Парахавой вежай у шпіталь на Францішаку былі перавезеныя сьмяротна параненыя юнакі. Абставіны іх сьмерці ў свой час не былі дастаткова дакладна высьветленыя, прарэжымная прапаганда імкнулася – па сутнасьці, вельмі неверагодным чынам – пераканаць грамадзкасьць у тым, што сьмяротныя стрэлы былі зробленыя з шэрагаў дэманстрантаў. Зразумела, што за гэта нясуць адказнасьць рэпрэсіўныя органы. Вельмі праўдападобна, што ў паніцы ў натоўп з грузавога аўтамабіля, што ехаў, пачалі страляць байцы Народнай міліцыі. Яны, у адрозьненьне ад падразьдзяленьняў арміі, мелі баявыя набоі. Дакладна ідэнтыфікаваць канкрэтных вінаватых не ўдалося нават з дапамогай расьсьледаваньня, якое ў 1990-я гады праводзіў Аддзел дакумэнтацыі і расьсьледаваньня злачынстваў камунізму. Стрэлы адбыліся і ў іншых месцах рэспублікі.

Дэманстрацыі 20 жніўня і іх маштаб улады зьдзівілі і засталі іх у стане, калі ўвесь падрыхтаваны рэпрэсіўны апарат ня быў цалкам запушчаны. Гэтыя памылкі ўлады хацелі на наступны дзень выправіць. Усе падрыхтаваныя падразьдзяленьні былі прыведзеныя ў стан стопрацэнтнай гатовасьці, ахову пэўных аб’ектаў у Празе ўзяла на сябе армія, астатнія вайсковыя часткі былі перамешчаныя ў ваколіцы Прагі, на вуліцах гораду знаходзіліся сотні патрулёў і супрацоўнікаў КДБ у цывільным. Апошнія маглі ад самага ранку рапартаваць, што заклікі да пасіўнага супраціўленьня знаходзяць водгук у пераважнай часткі грамадзянаў. Гарадзкі грамадзкі транспарт быў у першай палове дня амаль цалкам байкатаваны (за цэлы дзень 21 жніўня было выручана на палову меней грошай, чым звычайна, падобная сытуацыя была і ў іншых гарадах), даход ва ўсёй розьнічнай сетцы на працягу дня быў нашмат ніжэйшы, чым звычайна.

Аднак увага была засяроджаная найперш на Вацлаўскай плошчы. Улады чакалі масавых дэманстрацыяў у другой палове дня, пасьля заканчэньня працоўнага дня, але зноў былі зьдзіўлены нечаканым ходам падзеяў. Людзі на плошчы зьбіраліся з раніцы, прычым рабочыя некаторых заводаў сышлі з прадпрыемстваў і перамясьціліся ў цэнтар. У поўдзень Вацлаўская плошча была амаль цалкам запоўненая. Заходнія інфармацыйныя агенцтвы вызначалі колькасьць дэманстрантаў ад пяцідзесяці да ста тысячаў чалавек. Плошча была вызваленая і закрытая – з тым жа эфэктам, што і ў папярэдні дзень. Сутычкі, падобныя да тых, што былі напярэдадні, перамясьціліся на ўскраінныя вуліцы. 21 жніўня ўдзел у іх узяло нашмат болей людзей і адбываліся яны на большай плошчы. У другой палове дня, пасьля заканчэньня ранішняй зьмены на фабрыках, іх эпіцэнтар знаходзіўся найперш у тых праскіх раёнах, якія ляжалі на шляхах камунікацыі паміж цэнтрам гораду і найбуйнейшымі фабрыкамі. Напрыканцы дня і ўвечары адбываліся больш ці менш значныя сутычкі практычна па ўсім цэнтры. Так сама, як і ў папярэдні дзень, гэтыя сутычкі ў асобных месцах мелі характар нейкай пазыцыйнай вайны, калі пасьля атакі сілаў парадку дэманстранты крыху адступалі, каб пазьней, праз пэўны час, зноў заняць саступленую тэрыторыю. Урэшце гэтыя сутычкі былі пераважна спыненыя перамогай сілаў парадку пасьля прымяненьня цяжкой тэхнікі. Аднак пабочным вынікам было тое, што новыя асяродкі пратэстаў перамяшчаліся на некалькі вуліцаў убок. Усё большала затрыманых і параненых. Хаця акрамя паліцэйскіх падразьдзяленьняў было задзейнічана 2100 вайскоўцаў і каля 3500 членаў Народнай міліцыі (некаторыя падразьдзяленьні Народнай міліцыі з Паўночнамараўскага краю дастаўляліся ў Прагу цягам дня на самалёце), дэманстрантаў удалося расьсеяць толькі позна ўвечары дзякуючы прыцягненьню вайсковага падмацаваньня. Вырашальную ролю адыграў 17-ты танкавы полк з 90 танкамі. Нейкі афіцэр паліцыі пасьля гэта ацаніў так: «На той час для нас сытуацыя ў Празе была вельмі неспрыяльная. У шэрагу месцаў адбываліся сур’ёзныя сутыкненьні паміж дэманстрантамі і шарагоўцамі Грамадзкай бясьпекі і Народнай міліцыі. Пачалі будавацца барыкады, і нашыя сродкі былі неэфэктыўныя супраць іх, бронетранспартэры былі ня ў стане прарвацца. Хуліганы пасьля прыбыцьця танкаў пакінулі барыкады і адступілі. Гэтага нам хапіла, каб нашыя сілы парадку змаглі перафармавацца і кінуцца ім наўздагон, а пры неабходнасьці затрымліваць і дастаўляць на допыты. Такім чынам мы авалодалі сытуацыяй». Варта заўважыць: сутнасьць палягае ў тым, што гэта быў адзіны выпадак ваеннага выкарыстаньня танкаў Чэхаславацкай народнай арміі за ўвесь час яе існаваньня (1945–1990).

21 жніўня зноў стралялі ў некалькіх месцах. Паліцэйскія пратаколы рэгіструюць пятнаццаць параненых цывільных асобаў і аднаго загінулага ў выніку прымяненьня агнястрэльнай зброі.

Падзеі 21 жніўня далёка не абмяжоўваліся Прагай. У мараўскай сталіцы Брне ход падзеяў вельмі нагадваў тое, што адбывалася ў Празе. З раніцы ў цэнтры гораду пачалі зьбірацца людзі, у другой палове дня дэманстрацыі набылі значны размах, была ўзьнятая армія, таксама вырасьлі барыкады, была страляніна і ахвяры (8 чалавек паранена, 2 загінулі). У Брне нават была абвешчана забарона выходзіць з дому ўначы, адмененая толькі праз тры дні. Вельмі бурныя і маштабныя дэманстрацыі адбыліся і ў паўночначэскім Лібэрцы. Дэманстрацыі рознага маштабу (ад вельмі буйных хваляваньняў да адносна лёгка задушаных спробаў іх узьняць) адзначаліся і ў іншых чэскіх і мараўскіх гарадах. У Брне і іншых гарадах Маравіі дэманстрацыі працягваліся і 22 жніўня. Пра маштаб дэманстрацыяў у рэспубліканскім кантэксьце сьведчыць тое, што для іх задушэньня было прыцягнута акрамя падразьдзяленьняў паліцыі амаль 20 тысячаў вайскоўцаў і 27 тысячаў сяброў Народнай міліцыі. Падчас хваляваньняў у пэрыяд з 18 да 22 жніўня па ўсёй краіне было затрымана болей за 2400 грамадзянаў, у тым ліку амаль 1500 у адной толькі Празе. Паліцэйскія зводкі аб затрыманых даюць даволі дакладнае ўяўленьне пра ўдзельнікаў дэманстрацыяў. Прыблізна 77 % былі людзі, маладзейшыя за дваццаць пяць гадоў, пры гэтым узроставая група менш за дваццаць гадоў была прадстаўленая 25 %. Сярод параненых пераважалі вельмі маладыя людзі, зь пяці застрэленых аднаму было больш за дваццаць гадоў, а самаму маладому яшчэ не было і пятнаццаці. Зьдзівіць можа сацыяльная структура затрыманых дэманстрантаў. Замежныя СМІ, калі дакладвалі пра жнівеньскія хваляваньні, казалі пераважна пра студэнтаў. Відаць, пэўную ролю адыграў і рэзананс сытуацыі на Захадзе, дзе напрыканцы 1960-х гадоў студэнты рэальна былі галоўнай сілай буйных дэманстрацыяў у Францыі і ФРГ ці пратэстаў супраць вайны ў Віетнаме ў ЗША. Рэальнасьць у Чэхаславакіі ў жніўні 1969-га была, аднак, дыямэтральна супрацьлеглая. Сярод затрыманых былі рабочыя ці вучні-рамесьнікі. Адносна малую колькасьць студэнтаў можна патлумачыць фактам, што дэманстрацыі адбываліся падчас канікулаў і што ў жніўні яшчэ дзейнічалі адносна лібэральныя правілы для выезду на Захад, чым менавіта студэнты тым летам у апошні раз масава скарысталіся. Няма сумневу, правільным будзе сьцьверджаньне, што галоўнай сацыяльнай сілай антырэжымных пратэстаў у жніўні 1969 году былі маладыя рабочыя.

У дачыненьні да большасьці затрыманых як пры арышце, так і пасьля – падчас перавозкі, на паліцэйскіх участках і на допытах – шматразова ўжываўся жорсткі фізычны гвалт. Пра гэта адзінагалосна сьведчаць зьвесткі замежных агенцтваў, шматлікія ўспаміны ўдзельнікаў і скаргі затрыманых і абвінавачаных, якія падаваліся – аднак безвынікова – у кампэтэнтныя органы.

І ўсё ж вулічныя дэманстрацыі не былі адзіным спосабам, якім грамадзтва выказвала сваю пазыцыю. Побач з ужо згаданымі праявамі пасіўнага супраціву, якія даволі пасьпяхова прайшлі ў вялікіх гарадах, адбыліся і шматлікія стачкі. Гэтыя стачкі, якія ў большасьці ўяўлялі сабой кароткачасовае маніфэстацыйнае спыненьне працы, афіцыйная прапаганда імкнулася любымі сродкамі ўтаіць. Нягледзячы на гэта, яны закранулі дзясяткі заводаў у Празе і ў многіх іншых месцах.

22 жніўня на хваляваньні апошніх дзён упершыню адрэагавалі СМІ. Кампанію ў СМІ нельга назваць непрадуманай і беспасьпяховай. Да грамадзкасьці апэлявалі на некалькіх узроўнях. Побач з абавязковым ідэалягічным узроўнем, дзе, натуральна, гаварылася аб барацьбе з антысацыялістычнымі сіламі, контрарэвалюцыяй і г. д., быў яшчэ адзін, не такі яўны, але тым больш эфэктыўны ўзровень. Сутнасьць яго палягала ў стварэньні і ўзмацненьні супярэчнасьці паміж дзьвюма асноўнымі тэндэнцыямі, заключанымі ў гэтай сытуацыі. Першая, пазытыўная, на гэтым узроўні мела ня столькі ідэалягічныя характарыстыкі, колькі ў ёй апэравалі – ці, прынамсі, узнаўлялі – такімі паняцьцямі, як спакой, парадак, гармонія. Пра другую, наадварот, пісалася так, каб выклікаць асацыяцыі зь небясьпекай, хаосам, рызыкай, злачынствам. Гэта ўсё, канечне, суправаджалася масай зманіпуляванай інфармацыі і адкрытай маны.

Дэманстранты прынцыпова апісваліся як дэклясаваная стыхія, вандалы, брудныя валасацікі і г. д., а ў лепшым разе як неразважлівая, зьбітая з панталыку моладзь. З вэрбальным бокам спалучаўся і ілюстрацыйны. Старонкі пэрыёдыкі былі поўныя старанна адабраных фатаздымкаў з акцыяў пратэсту апошніх дзён. Гэтыя здымкі ніколі не выяўлялі вялікай колькасьці дэманстрантаў разам ці нават паасобных дэманстрантаў з выразнымі індывідуальнымі рысамі. Гэта заўсёды былі невыразныя ілюстрацыі групак у руху, цьмяныя здымкі разьбітых вітрынаў ці вогненных барыкадаў. У асноўным гэта былі здымкі нібыта дрэннай якасьці, неакрэсьленыя, неасьветленыя, але менавіта гэтым яны абуджалі падсьвядомае адчуваньне спалучанасьці зь нечым непрыемным, гвалтоўным, злачынным.

tuma7 (44K)

Вызначальным чынам на разьвіцьцё палітычнай сытуацыі паўплываў таксама заканадаўчы акт прэзыдыюму Фэдэральнага сходу № 99/1969. У час, калі не адбываліся паседжаньні парлямэнту, яго прэзыдыюм мог прымаць т. зв. заканадаўчыя акты, якія да наступнага сходу парлямэнту мелі сілу закону. Заканадаўчы акт № 99/1969 быў прыняты прэзыдыюмам Фэдэральнага сходу 22 жніўня ўвечары і адразу ж уступіў у сілу. Уласна кажучы, ён уводзіў памяркоўны варыянт надзвычайнага становішча. Для некаторых злачынстваў і правіннасьцяў была выразна спрошчаная і паскораная працэдура пакараньня і адначасова ўзмоцненыя меры пакараньня. Паасобнымі судзьдзямі было згодна з гэтымі параграфамі асуджана ў агульнай колькасьці 1526 грамадзянаў, найчасьцей за хуліганства, ганьбаваньне рэспублікі і яе прадстаўніка і ганьбаваньне дзяржавы сусьветнай сацыялістычнай сыстэмы. Бясспрэчным быў імгненны застрашальны эфэкт, які прынесла найперш магчымасьць падаўжэньня тэрміну папярэдняга затрыманьня з 48 гадзінаў да трох тыдняў. Большасьць затрыманых гэтыя тры тыдні трымалася пад арыштам.

З пункту гледжаньня дальнабачнасьці гэткім жа вызначальным і важным для далейшай кансалідацыі рэжыму было стварэньне заканадаўчых перадумоваў для масавых зачыстак у школах, Акадэміях навук, дзяржаўных установах і да т. п. тых, хто сваёй дзейнасьцю «парушае сацыялістычны грамадзкі лад і страчвае праз гэта давер». Зьявілася магчымасьць прыпыняць на тры месяцы дзейнасьць добраахвотнай ці іншай арганізацыі або яе распускаць.

Заканадаўчы акт меў вызначаны тэрмін дзеяньня да 31 сьнежня 1969 году. У рэальнасьці, аднак, сутнасныя бакі заканадаўчага акту паступова пераходзілі ў новы крымінальна-працэсуальны і працоўны кодэксы і збольшага заставаліся ў сіле да 1989 году. Такім чынам, заканадаўчы акт служыў доўга і адыграў у нармалізацыйнай палітыцы партыйнага кіраўніцтва Гусака вельмі значную ролю. Яго ўхваленьне прэзыдыюмам Фэдэральнага сходу было делейшым майстэрскім тактычным прыёмам, такой тактыкі Масква і артадаксальная частка партыйнага кіраўніцтва пачала прытрымлівацца пасьля часовай палітычнай няўдачы жнівеньскай інтэрвэнцыі: пацыфікаваць чэхаславацкую грамадзкасьць найперш праз пасярэдніцтва тых палітыкаў-рэфарматараў, якія ўсё яшчэ карысталіся ў яе аўтарытэтам. Пад заканадаўчым актам былі подпісы канстытуцыйных дзеячаў, трох з чатырох «герояў Праскай вясны»: прэзыдэнта Людвіка Свобады, прэм’ер-міністра Олдржыха Чэрніка і Аляксандра Дубчака, ужо, праўда, у функцыі старшыні Фэдэральнага сходу. Яны зрабілі ўрэшце тое, што адмаўляліся зрабіць пад савецкім ціскам вясной і летам 1968 году, аднак у нашмат горшай і недаравальнай сытуацыі. У жніўні 1969 году яны сваім учынкам ужо не прадухілілі чужаземнай інтэрвэнцыі, не зьбераглі нічога з рэформавай праграмы і не ўтрымалі нават сваіх палітычных пасадаў (Дубчак са сваёй змушаны быў сысьці ўжо ў верасьні 1969 году, Чэрнік – у студзені 1970-га). Яны зрабілі ўнёсак толькі ў запалохваньне, дэзарыентацыю і дэмаралізацыю грамадзтва.

Камуністычны рэжым у жніўні 1969-га атрымаў перамогу над грамадзтвам. Урэшце, сутыкненьне інакш і не магло скончыцца. Ня толькі праз тое, што рэжым меў у распараджэньні дастатковыя сілавыя сродкі, але і праз тое, што выступленьне грамадзкасьці было самамэтай, яно не было падтрыманае і скарыстанае ніякай канцэптуальнай палітычнай сілай і праграмай. Да таго ж яно было цалкам стыхійнае і некаардынаванае. І стварэньне барыкадаў на праскіх і брненскіх вуліцах мела хутчэй сымбалічнае значэньне, яно не было праявай прадуманага тактычнага прыёму і як максымум мела на мэце часовае супрацьстаяньне бесьперашкоднаму прасоўваньню сілаў парадку. Змаганьне, ад якога частка чэскай грамадзкасьці не хацела адмовіцца, на ўзроўні рэальнай палітыкі было ўжо прайгранае і стала хутчэй адчайным, але годным жэстам. Пэўнае значэньне для будучыні мела й тое, што пазыцыя грамадзтва, і асабліва маладой генэрацыі, была зламаная не без супраціўленьня. Чэхаславацкі жнівень 1969-га адносіцца да значных эпізодаў супраціву камуністычнаму дэспатызму ў Цэнтральнай Эўропе. Чэская гістарыяграфія прысьвяціла яму надзвычайную ўвагу. Чэхаславацкі жнівень 1969-га ў шматлікіх адносінах можна параўнаць з больш вядомымі і лепей дасьледаванымі падзеямі, напрыклад, чэрвеня 1953 году ў былой ГДР ці сьнежня 1970 году ў Польшчы, хоць казаць пра «элемэнты грамадзянскай вайны», бадай, не выпадае. Гэта былі пераважна цалкам спантанныя і некаардынаваныя дзеяньні. Цьверджаньне прарэжымнай прапаганды, якое ўтрымліваецца і ў дакумэнтах органаў Кампартыі Чэхаславакіі, то бок, што гэта была доўга рыхтаваная і кіраваная з аднаго цэнтру акцыя, цалкам супярэчыць фактам. Зрэшты, ніводны такі арганізатар ня быў выкрыты і пакараны. Неіснаваньне якойсьці каардынаванай падрыхтоўкі пацьвярджаюць і ўнутраныя дакумэнты КДБ. Гэтаксама не ўдалося пацьвердзіць зьвесткі прарэжымных СМІ аб тым, што дэманстранты выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю. Ва ўсялякім разе, гвалт, ужыты дэманстрантамі ў мэтах абароны ад рэпрэсіўных органаў у жніўні 1969 году, быў значна меншы, чым у ГДР у 1953 годзе ці падчас хваляваньняў у Польшчы ў сьнежні 1970-га.

Пры параўнаньні з вышэй згаданымі эпізодамі антыкамуністычнага супраціву ў іншых краінах цікава адзначыць тое, наколькі ідэнтычна прарэжымная прапаганда Чэхаславакіі і ГДР маніпулявала грамадзкімі поглядамі, не зважаючы на розьніцу ў 16 гадоў, што падзяляюць гэтыя падзеі. Між тым як ва ўсходнім Бэрліне 17 чэрвеня 1953 году да хваляваньняў падбухторвалі нібыта правакатары з заходняга Бэрліна, якія ў якасьці ўзнагароды раздавалі хуліганам дробныя грошы ды цыгарэты, у Празе быццам бы да стварэньня барыкадаў і кіданьня камянёў заклікалі заходнія іншаземцы, а чэхаславацкія сродкі масавай інфармацыі ведалі і дакладную суму, якая прапаноўвалася хуліганам: 250–300 крон.

Заслугоўвае ўвагі спосаб, якім пры такой прапагандысцкай маніпуляцыі выкарыстоўваўся ілюстрацыйны матэрыял, пры гэтым справа не абмяжоўвалася толькі сфальшаванымі і выгадна для сябе камэнтаванымі здымкамі.
tuma1 (13K)

Усходненямецкія газэты пісалі, што ўдзельнікі дэманстрацыяў 1953 г. — спрэс «злачынныя тыпы».
Нібыта па-за непасрэдным кантэкстам расповеду пра хваляваньні былі ўжытыя і карыкатуры, якія апэлявалі да іншага пласта грамадзтва і такім чынам павінны былі дапоўніць просталінейную палітычную прапаганду. Гэтую камбінацыю непасрэднай індактрынацыі праз здымкі і менш адкрытай маніпуляцыі праз пасярэдніцтва карыкатураў пацьвярджае пара ілюстрацыяў з ГДР 1953 году і з Чэхаславакіі 1969 году. Ілюстрацыя № 1 паказвае тое, як усходненямецкія СМІ імкнуліся дыскрэдытаваць удзельнікаў хваляваньняў спасылкай на іх адзеньне і прычоску (у подпісе пад фатаздымкам гаворыцца пра «тэхаскую кашулю з каўбоем, тэхаскі гальштук з выявамі голых жанчын, тэхаскую фрызуру», пры гэтым багата ўжываюцца моцныя выразы кшталту «зладзейскі твар»). Пэрсанаж з такімі ж характэрнымі рысамі твару і адзеньня пасьля стаў асновай для карыкатуры, якая суправаджала рэпартаж пра інцыдэнт у заходнебэрлінскім мікрараёне Штэгліц, дзе адбыўся напад на мясцовую канцылярыю Аб’яднанай сацыялістычнай партыі Германіі. Малюнак канцэнтруе ў сабе сутнасныя пункты рэжымнага тлумачэньня чэрвеньскіх хваляваньняў у ГДР: іх галоўным складнікам былі хуліганскія і дэклясаваныя элемэнты з заходняга Бэрліна, фінансаваныя амэрыканскімі і заходненямецкімі імпэрыялістамі і рэваншыстамі. Важна адзначыць тое, што карыкатура была апублікаваная за некалькі дзён да публікацыі здымку. Карыкатурыст «Neues Deutschland», такім чынам, павінен быў атрымаць у распараджэньне паліцэйскі здымак адпаведна апранутага затрыманага дэманстранта нейкім іншым шляхам.

tuma4 (28K)
Карыкатура з «Neues Deutschland», чэрвень 1953 г.

Чэхаславацкія СМІ ў 1969 годзе рабілі акцэнт найперш на папулярныя тады доўгія валасы і выказваліся вельмі экспрэсіўна: «Ухмыляўся, роў, пена ляцела ў яго з рота – ён быў падобны да гістэрычкі, а пасьля была ўжо валасатая сьмерць», апісваў нібыта сваё спатканьне з адным з дэманстрантаў паранены паліцыянт. Пра гіпэртрафаваную ўвагу, якую чэхаславацкія СМІ надавалі ў жніўні 1969-га доўгім валасам, сьведчыць карыкатура з газэты «Рудэ права», якая суправаджалася жартоўным тэкстам: «Ці не пазычыў бы ты мне грэбень?», і фатаздымкі з газэты «Обрана ліду» з наступным камэнтаром: «Паглядзіце ўважліва на гэтых справа! Падобныя да іх правакавалі, выклікалі хаос».

У адным важным аспэкце жнівеньскія пратэсты ў Чэхаславакіі ад падобных падзеяў у іншых сацыялістычных краінах адрозьніваліся. Хваляваньні ў Бэрліне ў 1953 годзе, у Познані ці ў Будапэшце ў 1956 годзе выбухнулі зьнянацку, зус
tuma3 (13K)

Карыкатура з «Рудэ права»,
жнівень 1969 г.
ім неспадзеўкі для непадрыхтаваных камуністычных рэжымаў і найперш для іх рэпрэсіўных органаў. Акты пратэсту ў жніўні 1969 году ў Чэхаславакіі адбыліся нібы ў адваротным парадку. Рэжым іх чакаў і мог усебакова да іх падрыхтавацца. Адбыліся яны ў самай безнадзейнай сытуацыі: рэжым ужо кансалідаваўся, пратэсты былі самамэтай, мелі ўсяго толькі этычны і эмацыйны характар, але ніяк не праграмны. Тыя, каму натоўпы на вуліцах выказвалі сваю падтрымку (найбольш частым лёзунгам быў: «Дубчак») прыклалі рукі – мажліва, не са сваёй волі, але прыклалі – да іх задушэньня і далейшых рэпрэсіяў.

1988–1989

Гвалтоўная ліквідацыя дэманстрацыяў са жніўня 1969 году і далейшыя рэпрэсіі зламалі адкрыты супраціў грамадзкасьці. Галоўныя прадстаўнікі рэжыму Гусака гэта ўсьведамлялі і ганарыліся гэтым. Напрыклад, падчас польскай крызы ў 1980–1981 гадах лідэры Кампартыі Чэхаславакіі настойліва раілі сваім польскім таварышам быць больш рашучымі і як прыклад прыводзілі свой мэтад, ужыты ў жніўні 1969 году: «Некалькі дзён на вуліцах Прагі ішла барацьба, але пасьля контрарэвалюцыя больш не адважылася на нешта падобнае». У другой палове 1980-х гадоў, аднак, адбыліся нязначныя вулічныя пратэсты. Гэта былі акцыі як максымум некалькіх соцень чалавек і да таго ж першапачаткова не антырэжымнай скіраванасьці (найперш гэта былі маніфэстацыі, якія адбываліся штогод у вечар 8 сьнежня, у гадавіну сьмерці Джона Ленана), аднак рэжым лічыў якую заўгодна неафіцыйную акцыю варожай і згодна з гэтым дзейнічаў. Сапраўдную тысячную дэманстрацыю Прага зьведала ажно – зноў! – 21 жніўня 1988-га, у дваццатую гадавіну інтэрвэнцыі. Пасьля гэтага больш ці менш вялікія паводле колькасьці ўдзельнікаў дэманстрацыі з розных нагодаў – аднак перадусім да ўгодкаў значных агульнанацыянальных падзеяў – здараліся часта, да лістапада 1989 году іх прайшло болей за трыццаць. У студзені 1989-га (да дваццатых угодкаў самаспаленьня Яна Палаха) цэнтар гораду хвалявалі даволі маштабныя дэманстрацыі шэсьць дзён запар. Часам колькасьць удзельнікаў вымяралася сотнямі, іншым разам бывала і болей, але толькі ў выключных выпадках іх зьбіралася болей за дзесяць тысяч. Да 17 лістапада 1989 году дэманстрацыі ніводнага разу не набылі такога размаху, як у жніўні 1969-га.

Акурат гэтым антырэжымным дэманстрацыям і будзе прысьвечаная рэшта артыкулу – у ёй сьцісла будуць закранутыя дэманстрацыі (масавыя, стотысячныя) пасьля 17 лістапада – гэта ўжо непасрэдна гісторыя каляпсу рэжыму. Дэманстрацыі папярэдняга году ў нечым былі пэўнай увэртурай да падзеньня рэжыму.

Вызначальнай рысай масавых выступленьняў грамадзкасьці ў Празе да 17 лістапада 1989 году была іх стыхійнасьць і спантаннасьць.
tuma2 (16K)

Улётка з інфармацыяй аб правядзеньні «маніфэстацыяў» у цэнтры Прагі 28 і 29 кастрычніка 1968 г.
Важным фактарам, які значна паспрыяў правядзеньню буйных дэманстрацыяў, былі, без сумневу, заклікі і праклямацыі з боку апазыцыйных колаў, найперш Хартыі-77. Непасрэдна на ход дэманстрацыяў апазыцыя ўплывала мала, і асабліва да гэтага не імкнулася, а пра іх арганізацыю няма ўжо чаго і казаць. Дыскусіі ўнутры апазыцыі ў ключавыя месяцы вясны і лета 1989 году адбываліся вакол пытаньня, ці праводзіць дэманстрацыі ўвогуле, а не вакол пытаньня – як. Незалежныя апазыцыйныя ініцыятывы хоць і склікалі сходы грамадзянаў, абаранялі неад’емнае права на свабоду сходаў, але вагаліся, ці варта надаваць дэманстрацыям адназначны палітычны зьмест і мэты. Гэтае схаванае напружаньне паміж стрыманай пазыцыяй Хартыі-77 і іншых згуртаваньняў у дачыненьні да дэманстрацыяў як да інструмэнту барацьбы за палітычную ўладу, з аднаго боку, і іх рэальным выбуховым значэньнем, з другога, яскрава адлюстроўвае ўлётка, выдадзеная незалежнымі ініцыятывамі з нагоды маніфэстацыі, прызначанай на 28 кастрычніка 1988 году. Тэкставая частка – цалкам звычайная палітычная агітацыя, у ёй гаворыцца ўсяго пра сход з нагоды сямідзясятай гадавіны ўзьнікненьня рэспублікі, але ілюстрацыйная частка, наадварот, асацыюецца з драматычнымі зьменамі: надыходзіць момант вызваленьня.

Ніколі не абмяркоўвалася магчымае прымяненьне гвалту як сродку абароны супраць паліцэйскага гвалту пры ліквідацыі дэманстрацыяў. Думка пра самаабарону ў канфрантацыі з рэжымам і яго рэпрэсіўнымі органамі пры гэтым ня мусіла быць сама сабою чымсьці недапушчальным і кампрамэтацыйным. У 1980-я гады ў асяродзьдзі польскай апазыцыі, дзейнасьць якой у цэлым па праве і на працягу доўгага часу лічыцца недасяжным узорам, праграмнае прымяненьне гвалту разглядалася як нешта цалкам натуральнае.

Той факт, што падчас дэманстрацыяў у Празе іх удзельнікі па сутнасьці ніколі ня ўжылі ніякага гвалту, меў адназначна пазытыўнае значэньне. Не было і «гвалту ў дачыненьні да рэчаў», нават у сытуацыі, калі месца дзеяньня большасьці антырэжымных дэманстрацыяў было літаральна перапоўненае прарэжымнымі сымбалямі. Адсутнасьць гвалту была – у адрозьненьне ад 1969 году – асноўнай характэрнай рысай праскіх дэманстрацыяў у 1988–1989 гадах. Адну з прычынаў такога стану трэба шукаць, мабыць, у факце, што ў дэманстрацыях удзельнічалі ня толькі маладыя людзі. Трэба таксама адзначыць, што ў іх брала ўдзел ня так мала людзей, як пра гэта часта гавораць. Гэта тычыцца і абсалютных лічбаў, але найперш адносна – што да мэты і значэньня дэманстрацыяў. Да 17 лістапада ніколі не зьбіралася столькі людзей, каб дэманстрацыю можна было лічыць непасрэднай пагрозай рэжыму. Аднак звычайна іх зьбіралася столькі, што дэманстрацыі былі ня толькі значнай праклямацыяй нязгоды з рэжымам – яны таксама сур’ёзна ўмешваліся ў нармальны лад жыцьця гораду. Гэтым яны выклікалі, утрымлівалі і паглыблялі адкрытую крызу рэжыму. Для рэжыму яны былі выклікам, зь якім ён ня даў сабе рады. Яны ня толькі спрычыньваліся да палітызацыі і радыкалізацыі ўнутранай атмасфэры, але і пачыналі быць падставай і зачэпкай нарастальнай крытыкі на міжнароднай сцэне. Рэжым, нягледзячы на тое, што асобныя дэманстрацыі змог ліквідаваць, сваімі дзеяньнямі толькі ўзмацніў іх эфэкт, а таксама замежны і айчынны розгалас. Ужыць на парадак больш жорсткі гвалт і рэпрэсіі – скажам, узроўню 1969 году, – якія б, верагодна, грамадзкасьць запалохалі і прадухілілі выступленьні, ён з розных прычынаў не адважыўся. Цікава, што і ў гэтай канкрэтнай сытуацыі знаходзіць пацьверджаньне агульная тэза, што камуністычныя рэжымы маглі трымацца толькі дзякуючы тэрору, які, зрэшты, рабіўся нязручным і непрыдатным нават для іх саміх. Тое, што рэжым не адважваўся, напрыклад, страляць у дэманстрантаў ці масава іх арыштоўваць, не азначае, што ў канцы 1980-х гадоў ён ня дзейнічаў у дачыненьні да дэманстрантаў часта брутальна і проціпраўна. Аднак чым рэакцыя рэжыму праз дваццаць гадоў ніяк не адрозьнівалася, дык гэта масмэдыйным узроўнем. Зноў актыўна ўжывалася тактыка ганьбаваньня дэманстрантаў, апісваньня іх як хуліганаў і дэклясаванага, крымінальнага элемэнту. Толькі доўгія валасы ўжо і для прарэжымнай прапаганды страцілі сваю ролю апазнавальнага знаку антыграмадзкага элемэнту – у пэўным сэнсе яго замянілі натурныя здымкі панка, бяз гэтага не абышоўся амаль ніводны выпуск тэлевізійных навінаў пра дэманстрацыі.

tuma5 (21K)
Паўтаральнасьць антырэжымных дэманстрацыяў прынесла эфэкт, які, відаць, найлепш было б ахарактарызаваць як пэўную зьмену сацыяльна-псыхалягічнага клімату. Удзел у дэманстрацыях меў прыкметны ўплыў на саміх удзельнікаў. Ён часта быў эўфарыйным перажываньнем агульна праяўленай мужнасьці, рашучасьці і роднасьці. Было важна і тое, што, нягледзячы на жорсткую рэакцыю ўладаў, большая частка ўдзельнікаў не пацярпела, і так была пастаўленая пад сумнеў актуальнасьць раней нібыта амаль аўтаматычна прыманага ўяўленьня пра тое, што кожнае выступленьне супраць рэжыму нясе за сабой непазьбежную расплату. У дэманстрацыях у большасьці ўдзельнічала абмежаванае кола адных і тых жа людзей. У гэтага быў свой пазытыўны бок: побач з традыцыйным дысыдэнцтвам утварылася яшчэ адна, колькасна больш вялікая група людзей, гатовых да грамадзкай дзейнасьці (даволі праўдападобным можа быць тое, што менавіта зь іх, зьяднаных і сфармаваных удзелам у дэманстрацыях, набіраліся тыя, хто зьбіраў подпісы пад пэтыцыямі). Пазьней, у лістападзе, яны былі ядром рэвалюцыйнай актыўнасьці. Для чэскага грамадзтва ў пэрыяд нармалізацыі была тыповаю сытуацыя, калі вышэй за ўзровень першасных груповак (г. зн. над узроўнем адносінаў паміж роднымі, сябрамі і г. д.) існаваў амаль суцэльны сацыяльны вакуўм. Антырэжымныя дэманстрацыі 1988–1989 гадоў былі, без сумневу, адным з важных фактараў, які дапамагаў гэтую сытуацыю парушыць і зьмяніць.

Такім чынам, важна ацаніць уплыў традыцыі далістападаўскіх дэманстрацыяў і значэньне новага, створанага імі, соцыяпсыхалягічнага клімату на ход падзеяў 17 лістапада і пасьля. Бяз гэтай цалкам аўтаматызаванай атракцыйнасьці Вацлаўскай плошчы маніфэстацыя 17 лістапада ўжо магла скончыцца на Вышаградзе – усё самае важнае было сказанае і абвешчанае. Менавіта гэтая традыцыя прывяла людзей у Празе ў суботу і ў нядзелю зноў на вуліцы – і гэта была самая што ні ёсьць натуральная рэакцыя на падзеі 17 лістапада, – яна мабілізавала і радыкалізавала ўсю грамадзкасьць у выглядзе стотысячнага натоўпу, пачынаючы з панядзелка 20 лістапада. Гэтак жа і факт, што ўлада ўжо ў першай палове дня 19 лістапада саступіла грамадзкасьці Вацлаўскую плошчу, якую раней так апантана абараняла, і што тэрыторыя вакол помніка сьв. Вацлаву з раніцы 20 лістапада магла стаць цэнтрам бесьперашкоднай антырэжымнай агітацыі, быў псыхалягічным сыгналам, што рэжым развальваецца.

tuma6 (19K) Адным зь вельмі важных унёскаў у інтэрпрэтацыю «аксамітнай рэвалюцыі», які вынікае з факту прызнаньня далістападаўскіх дэманстрацыяў інтэгральным складнікам рэвалюцыі і іх дасьледаваньня, верагодна, ёсьць зьвестка, што галоўнаю і амаль адзінаю рухальнаю сілаю дэманстрацыяў не было малодшае пакаленьне. Што ёю не былі тыя, хто з уласнага досьведу амаль нічога ня ведаў пра нармалізацыйны рэжым і нават пра тое, «што можна баяцца». Склад дэманстрантаў мы можам зноў, вядома, з пэўнай ступеньню рызыкі быць недакладнымі – вывесьці са сьпісу затрыманых і дастаўленых у пастарункі (на тагачасным паліцэйскім жаргоне – «рэалізаваных» асобаў). Вельмі важным складнікам антырэжымных дэманстрацыяў у Празе былі людзі ў веку 25–40 гадоў. Яны складалі амаль 40 % затрыманых. Асабліва відавочная розьніца з вышэй прыведзенымі лічбамі 1969-га. Тады ўдзельнікі дэманстрацыяў (або тыя, хто быў затрыманы паліцыяй), старэйшыя за 25 гадоў, складалі недзе 23 %, а ў 1988–1989 гадах – болей, чым 53 %. Сацыяльны склад так драматычна ад 1969 году не адрозьніваецца. Панізілася колькасьць рабочых і вучняў-рамесьнікаў (але ўсё роўна была высокай) – 55 %. Зноў жа надзіва нізкім (ці ніжэйшым, чым можна было чакаць у сувязі зь іх ключавой роляй пазьней на некалькі месяцаў, у лістападзе 1989-га) быў удзел студэнтаў: недзе 11 %. Хоць размова ідзе, канечне, аб лічбах, абсалютная вартасьць якіх можа быць, вядома, спрэчная, але адноснае значэньне якіх у параўнаньні з падзеямі жніўня 1969-га мае сваю вагу.

На канец – яшчэ адзін зацем што да сувязі антырэжымных выступленьняў канца 1960-х і 1980-х гадоў. Падаецца, што дэманстрацыі 1980-х гадоў зьяўляюцца ў пэўным сэнсе працягам падзей 1960-х гадоў (паводле пакаленьняў, зьместу і формы актаў пратэсту і г. д.). Мэтафарычна можна сказаць, што нібыта людзі, якія былі 21 жніўня з праскай Вацлаўскай плошчы гвалтоўна і брутальна выгнаныя, праз 19 гадоў туды вярнуліся (але ў нейкай ступені гэта сапраўды былі тыя ж людзі). Сымбалічным пацьверджаньнем такой сувязі ёсьць і тая акалічнасьць, што калі 25 жніўня 1988-га прэзыдыюм ЦК Кампартыі Чэхаславакіі меў паседжаньне, зьвязанае з дэманстрацыяй 21 жніўня – непрыемнай і неспадзяванай для іх падзеі, – то яго члены пагадзіліся ўзяць за аснову рашэньня, што рабіць, матэрыялы пра ход і задушэньне актаў пратэсту ў жніўні 1969 году. Антырэжымныя дэманстрацыі найперш зыходзілі з таго, што было з пункту гледжаньня маладога пакаленьня 1960-х гадоў і пакаленьня сярэдняга веку 1980-х гадоў, па сутнасьці, найважнейшым уражаньнем 1968 году (мажліва, нават уласна 1969 году) – г. зн. з актыўнага супрацьстаяньня нападу і нармалізацыйнаму рэжыму, які надыходзіў. Нібыта пацьвердзілася тагачасная заўвага, амаль прароцтва, якое пры занатоўваньні сваіх уражаньняў з дэманстрацыі 21 жніўня 1969-га у Брне запісаў тады дваццацігадовы студэнт: «Я бачыў гэтае мноства сяброў, аднаклясьнікаў зь дзевяцігодкі і дванаццацігодкі, калегаў з брыгады… Мы цэлае пакаленьне супраць іх… калі цяпер усё пойдзе абы-як, то мы выйграем праз 20 гадоў».

Новы тур барацьбы за кантроль над грамадзкай прасторай, а пасьля за ўладу ў дзяржаве адбываўся ў новай, нашмат больш спрыяльнай сытуацыі. Сытуацыя была іншай у многіх аспэктах, у якасьці прыкладу прыгадайма на заканчэньне адзін факт: у жніўні 1969 году сярод дэманстрантаў былі чалавечыя ахвяры. І калі тады гэтыя сьмерці, без сумневу, відавочна паспрыялі запалохваньню, пацыфікацыі і затыканьню рота грамадзкасьці на доўгія гады, то ў лістападзе 1989-га паведамленьне (якое празь некалькі гадзінаў было прызнана непраўдзівым), што падчас дэманстрацыі загінуў адзін студэнт, прыкметна абурыла і мабілізавала грамадзкасьць і паспрыяла ўзьнікненьню настолькі маштабнай хвалі пратэстаў, што яна на працягу некалькіх дзён зьнішчыла ўжо падточанае збудаваньне.

Пераклала з чэскай Ганна Краснадземская

  (Oldřich Tůma) – доктар філязофіі, працуе ў Інстытуце найноўшай гісторыі АН Чэскай Рэспублікі.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/11/21