A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (47-48) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЛЮБАШ ВЭСЭЛЫ | ||||
Андэграўнд і Хартыя-77
У зборніку, прысьвечаным дваццатым угодкам заснаваньня Хартыі-77, Пэтар Ул за адзін з самых сур’ёзных канфліктаў у ейнай гісторыі азначыў «бунт моладзі ў 1986 г., асабліва няпраскіх падпісантаў зь неінтэлігенцкага асяродзьдзя»1. Тут ён называе Чуняса (Францішка Старка; мянушка Чуняс па-чэску значыць «Сьвінюк»), Станіслава Дэватага і Любаша Выдру. Пра канфлікт пакаленьняў, у якім спэцыфічную ролю адыграў т. зв. андэграўнд, піша ў кароткім артыкуле ў 1993 г. іншы знакаміты хартыст Марцін Палаўш2. У чым гэты канфлікт палягаў, наколькі быў сур’ёзны і якім было ягонае значэньне для дэмакратычнай апазыцыі камуністычнаму рэжыму ў нашай краіне?
Надыход нармалізацыі на пачатку сямідзясятых гадоў значыў поўны канец надзеяў на захаваньне больш-менш вольнай атмасфэры ў галіне культуры. Усіх, хто не хацеў прыладжвацца да новых правілаў, ціск рэжыму загнаў у падпольле. Датычыла гэта і музычных групаў, якія надалей маглі ажыцьцяўляць публічную дзейнасьць толькі пасьля выкананьня такіх умоваў, як, напрыклад, адмова ад ангельскіх тэкстаў і назваў гуртоў альбо паказ рэпэртуару на ўхваленьне ў спэцыяльныя камісіі. У выніку ў андэграўндзе апынуўся і гурт «The Plastic People of the Universe», называны скарочана «Плястыкі» або «PPU», чыім мастацкім кіраўніком з 1969 г. быў мастацтвазнаўца Іван Іраўс на мянушку Магор (значыць «Псых» або «Дурань»). Частка маладых людзей, на якіх паўплываў гэты гурт і заходнія музычныя, літаратурныя і выяўленчыя кірункі, спантанна засноўваюць новыя гурты, а нярэдка і пэўнага кшталту камуны, якія былі, напрыклад, у Ржэбчыцах альбо ў Новай Вісцы ля Хомутава. Для іх сымпатызантаў было тыповым выразнае проціпастаўленьне сябе грамадзтву, якое да іх паводзінаў і вонкавага выгляду, што характарызаваўся доўгімі валасамі, ставілася адмоўна. Гэта, акрамя прапагандысцкага лёзунгу «Валасатыя ня з намі!», праяўлялася найчасьцей у тым, што ім рабілі вымовы ў навучальных установах, іх выстаўлялі зь піўніцаў і рэстаранаў і да т. п. Уласьцівым для гэтых людзей было і адмаўленьне ад вайсковай службы3. Гэтыя маладыя людзі, што паходзілі пераважна зь няпраскага рабочага асяродзьдзя, ладзілі незалежныя канцэрты і выставы, а дзякуючы Івану Іраўсу паступова пачалі кантактаваць зь некаторымі праскімі інтэлектуаламі: Іржы Немцам, Данай Немцавай, Андрэем Станкавічам, Эганам Бонды (сапраўднае імя Збынек Фішар). Бонды, ужо тады легендарная асоба, напісаў раман «Інвалідныя браты ды сёстры», які ў самвыдаце выйшаў у 1974 г. Разам зь Іраўсавым тэкстам «Вестка пра трэцяе чэскае музычнае адраджэньне» (1975 г.) ён стаўся значным формаўтваральным элемэнтам андэграўнднага асяродзьдзя. Абодва тэксты мэтай руху вызначалі стварэньне незалежнай, «другой культуры», якая «сьвядома адмаўляецца ўступаць у кантэкст істэблішмэнтных формаў культурнай прэзэнтацыі і ўсюдыіснай цэнзуры»4. Як напісаў Іван Іраўс, «паміж уладай і андэграўндам пануе атмасфэра абсалютнай згоды: істэблішмэнт ня хоча нас, а мы ня хочам мець нічога агульнага зь ім».
Пасьля таго, як у лютым 1976 г. у Баяновіцах ля Прагі адбыўся ўжо другі фэстываль «другой культуры», дзевятнаццаць музыкаў і аматараў музычных гуртоў «PPU» і «DG 307» былі абвінавачаныя ў злачынным дармаедзтве і пасаджаныя ў турму. Аднак дзякуючы іх папярэднім кантактам з праскімі інтэлектуаламі працэс ня быў пакінуты без увагі. Пэтар Ул сваім лістом заклікаў да салідарнасьці зь вязьнямі былых высокіх прадстаўнікоў КПЧ (напрыклад, Францішка Крыгла, Венка Шылгана, Здэнька Млынаржа і Іржы Гаека), якія пасьля 1968 г. апынуліся ў няласцы рэжыму. Крытыкі рэжыму рознай ідэйнай скіраванасьці і прыхільнікі асуджаных музыкаў сабраліся разам у калідоры праскага суду на Малай Стране, каб досыць гучна заявіць свой пратэст супраць абсурднага судовага пакараньня «Плястыкаў». Суровыя прысуды сталіся апошнім штуршком да ўзьнікненьня грамадзкай ініцыятывы, названай Хартыя-77. Яе дэклярацыя 1 студзеня 1977 г. спасылалася на два пакты аб правах чалавека ААН, якія ў 1976 г. ратыфікавала і Чэхаславакія, і чые дух і літара рэзка кантраставалі з рэальнай чэхаславацкай палітычнай практыкай і правапарадкам. Як на некалькі гадоў пазьней напісаў Іван Іраўс, «можна сказаць, што працэс над «Plastic People» і паўночначэскім асяродкам андэграўнду (Скаліцкі, Старак, Гавэлка) выклікаў абсалютна адваротную рэакцыю, чым тую, на якую істэблішмэнт разьлічваў. Андэграўнд робіцца андэграўндам ня толькі ў паэтычным сэнсе слова, як яго пераважна разумелі. Пры гэтым ён зусім ня выйшаў за свае першапачатковыя рамкі – гэта па-ранейшаму рух, цэнтар цяжару якога палягае ў стварэньні вольнага аўтэнтычнага мастацтва (перадусім музыкі і паэзіі) і ў імкненьні да фармаваньня іншага спосабу знаходжаньня ў сьвеце, чым які прапануе істэблішмэнт ляяльным грамадзянам – адчуваецца, што андэграўнд уяўляе ў сучасным спэктры культурна-палітычнай сытуацыі ў ЧССР і значную палітычную сілу»5. Нягледзячы на тое, што андэграўнд і Хартыя часта мелі супрацьлеглыя погляды на многія рэчы, напрыклад, андэграўнд адмяжоўваўся ад кіроўнай улады, а Хартыя-77 прапаноўвала ёй дыялёг, абедзьве грамады яднала столькі ўсяго, што ў наступныя гады яны значна ўзаемаўплывалі адна на адну і перасякаліся ў сваёй дзейнасьці. |
(Luboš Veselý) – бакаляўр, працуе на факультэце сацыяльных навук Карлавага ўнівэрсытэту.
1 CÍSAŘOVSKÁ, B. – DRÁPALA, M. – PREČAN, V. – VANČURA, J. (eds.): Charta 77 očima současníků: Po dvaceti letech. Praha – Brno 1997, s. 265. 2 PALOUŠ, M.: Poznámky ke generačním sporům v Chartě 77 v druhé polovině osmdesátých let. In: MANDLER, E. (ed.): Dvě desetiletí před listopadem 89. Praha 1993, s. 35–44. 3 Параўн.: BLAŽEK, P.: Dejte šanci míru! Pacifismus a neformální mírové aktivity mládeže v Československu 1980–1989. In: VANĚK, M. a kol.: Ostrůvky svobody: Kulturní a občanské iniciativy mladé generace v 80. letech v Československu. Praha 2002, s. 52–56. 4 JIROUS, I.: Český underground – geneze a přítomnost hnutí. In: Informace o Chartě 77, samizdat, roč. 7, č. 6 (1985), s. 14. |
У адрозьненьне ад Івана Іраўса, Сватаплука Карасэка і Ўраціслава Брабэнэца, якія былі асуджаны на некалькі месяцаў пазбаўленьня волі, Францішак Старак з КПЗ быў выпушчаны. Таму з пачатку 1977 г. ён змог заняцца арганізацыйнай і дыстрыбуцыйнай дзейнасьцю ў рамках Хартыі-77. Як яе падпісант ён – у шэрагу многіх іншых – адразу быў звольнены з працы. Па вяртаньні з турмы свае подпісы пад Хартыяй-77 паставілі і іншыя асобы, зьвязаныя з андэграўндам, сярод іх і Іван Іраўс, Сватаплук Карасэк ды Ўраціслаў Брабэнэц. На пачатку 1979 г. Францішак Старак разам зь іншымі прыхільнікамі «другой культуры» пачаў выпускаць самвыдатаўскі часопіс «Vokno», які неўзабаве зрабіўся галоўным культурна-інфармацыйным часопісам чэскага андэграўнду, а ягоная дыстрыбуцыйная сетка праз кароткі час пакрывала ўжо ўсю тагачасную чэхаславацкую тэрыторыю.
Пачатак васьмідзясятых гадоў ня быў спрыяльным часам для чэскага дысыдэнцкага руху. Камуністычны рэжым дзейнічаў супраць сваіх супраціўнікаў вельмі жорстка. Апроч іншых спосабаў цкаваньня, Дзяржбясьпека ў той час распачала апэрацыю, характэрна названую «Асэнізацыя», мэтай якой было змусіць пэўных дысыдэнтаў да эміграцыі, прычым нярэдка пры дапамозе брутальных мэтадаў, што ўрэшце ў шэрагу выпадкаў спэцслужбам удалося. Зьехалі й людзі, зьвязаныя з андэграўндам: Павал Заічак, Ураціслаў Брабэнэц, Сватаплук Карасэк і іншыя. У турме ў той час адбывалі некалькігадовыя тэрміны пазбаўленьня волі вядомыя ўдзельнікі Хартыі-77, асуджаныя ўвосень 1979 г. у працэсе над Камітэтам абароны несправядліва перасьледаваных. Іншыя людзі апынуліся за кратамі ў сувязі з раскрыцьцём спробы перасылкі эмігранцкіх публікацыяў у красавіку 1981 г. (урэшце неажыцьцёўлены працэс над Іржынай Шыклавай і Ко). Пад устаноўчай дэклярацыяй Хартыі-77 свае подпісы ставілі ўсяго пару дзясяткаў чалавек за год6, такім чынам, яе дзейнасьць была значна падарваная, нават практычна паралізаваная, і ў паасобных падпісантаў нават зьяўляліся думкі пра поўнае спыненьне яе чыннасьці. За выданьне часопісу «Vokno» з восені 1981 г. апынуліся ў турме Мілан Фрыч, Міхал Гібэк, Іван Іраўс і Францішак Старак. |
5 JIROUS, I.: Český underground… S. 15–16. |
Сытуацыя пачала мяняцца ў сярэдзіне васьмідзясятых, калі большасьць удзельнікаў супраціву пасьля вяртаньня з турмы зноў уключылася ў падпольную дзейнасьць, а рэжым у сувязі са зьменамі ў Савецкім Саюзе паслабіў свае рэпрэсіі. Францішак Старак у 1985 г. аднавіў выданьне часопісу «Vokno» і ў тым самым годзе пачаў выходзіць часопіс «Jednou nohou», пазьней перайменаваны ў «Revolver Revue». Ягоныя стваральнікі – Віктар Карлік, Іван Лампэр і Яхім Топаль – хоць і не былі тыповымі прадстаўнікамі андэграўнду, але пачуваліся блізкімі да яго, прычым ня толькі дзякуючы пасярэдніцтву Эгана Бонды, які для іх быў легендарнай асобай і гуру гэтага руху. Як і ўвесь андэграўнд (ці не з адзіным выключэньнем Івана Іраўса), усе тры згаданыя рэдактары «Revolver Revue» належалі да новай генэрацыі, якая дасьпявала ў сямідзясятыя гады, і такім чынам падзеі канца шасьцідзясятых на іх прынцыпова не паўплывалі. Гэтыя людзі, у адрозьненьне ад старэйшых калегаў, ніколі не займалі ніякіх пасадаў, а таму нават падсьвядома не чакалі чарговай рэформы або зьмены, якая б вярнула іх на страчаныя месцы, – яны стваралі ўласныя структуры і паралельныя грамады, падобныя да той, якую ў 1978 г. у эсэ «Паралельны поліс» апісаў Вацлаў Бэнда. Многія з гэтых маладых людзей, дзякуючы натуральным кантактам са старэйшай генэрацыяй дысыдэнтаў, сталіся падпісантамі Хартыі і ўдзельнічалі ў перапісваньні і распаўсюджваньні самвыдату, які празь іх дыстрыбуцыйную сетку трапляў нават у невялікія гарадкі, дзе датулешнія кантакты Хартыі былі слабыя. Гэтая новая генэрацыя ў сярэдзіне васьмідзясятых гадоў дасьпела, і, як кажа Францішак Старак (які дзякуючы сваёй арганізатарскай і выдавецкай дзейнасьці зрабіўся адным з натуральных лідэраў Хартыі), «гэта ўжо не былі проста хлопцы з вуліцы, што граюць на гітарах – яны ўжо мелі абсалютна ясныя грамадзянскія пазыцыі»7. «З патлатых, якія ў 1976 г. былі пасіўнымі прымальнікамі салідарнай дапамогі, вырасьлі людзі, якія былі здольныя артыкуляваць свае думкі і хацелі пра іх з астатнімі дыскутаваць»8.
|
6 Лік падпісантаў Хартыі-77 у паасобныя гады: 1978 – 106, 1979 – 80, 1980 – 48, 1981 – 44, 1982 – 36, 1983 – 37, 1984 – 25, 1985 – 28. |
Аднак у Хартыі-77 нарастала супярэчнасьць «паміж спосабам, якім выказвала свае погляды яна – г. зн. акадэмічна, пасярэдніцтвам дакумэнтаў і абвешчаньняў, – і спосабам, якім выказваў свае погляды андэграўнд, г. зн. непасрэдным дзеяньнем»9. Як у згаданым артыкуле піша Марцін Палаўш, «калі першапачаткова ў палеміках і дэбатах паралельнага полісу ўдзельнічалі «раўналеткі», г. зн. людзі, што належалі да адной зь вельмі вольна дэфінаваных ідэйных групаў, з дамовы якіх Хартыя ў канцы 1976 г. увогуле ўзьнікла, то спрэчка другой паловы васьмідзясятых гадоў мела характар генэрацыйны. Ейныя бакі былі падзелены ня гэтак адрознымі поглядамі, якія яны ў «паралельны поліс» прынесьлі са сваёй «дахартысцкай» мінуўшчыны, не адрознымі ідэалягічнымі ці сьветапогляднымі пазыцыямі, як адрозным «паралельна-палітычным» досьведам». Ужо адладжаныя і шматкроць выпрабаваныя абмены думкамі паміж прадстаўнікамі лявацкага, лібэральнага і хрысьціянскага крылаў, тыповыя для пачатковага пэрыяду, былі папросту адсунутыя на запасную каляіну, і на першы плян выйшла зусім іншая праблема – праблема адносінаў паміж хартысцкім цэнтрам і пэрыфэрыяй, паміж пераважна праскім дысыдэнцкім «істэблішмэнтам» і падпісантамі Хартыі з рэгіёнаў, праблема ўсё больш хісткай мяжы паміж хартысцкім гета і ягоным, хоць недысыдэнцкім, але ўсё больш сьвядомым у грамадзянскім сэнсе атачэньнем»10.
Прынамсі частка «хартысцкага цэнтру» гэтыя зьмены і праблемы ўсьведамляла і імкнулася браць іх пад увагу. У студзені 1987 г., празь дзесяць гадоў пасьля заснаваньня Хартыі-77, ейныя паўнамоцныя прадстаўнікі падпісалі два дакумэнты, якія на новую сытуацыю рэагавалі. Маюцца на ўвазе «Слова да суграмадзянаў» і «Ліст да падпісантаў Хартыі-77». Калі ў сваёй папярэдняй дзесяцігадовай гісторыі Хартыя-77 зьвярталася да ўладнага рэжыму, то «Слова да суграмадзянаў» ёсьць яе першай спробай зьвярнуцца да ўсяго грамадзтва, заклікаць яго да пераадоленьня страху і актыўнага дзеяньня. «Ліст да падпісантаў», які падводзіць вынікі папярэдняга існаваньня Хартыі, зьвяртае ўвагу на праблемы ўзьнікненьня «актыўнага ядра» і «пасіўнай большасьці», на складанасьці камунікацыі зь няпраскімі падпісантамі, на «адсутнасьць якіх-кольвек цьвёрдых правілаў», на дакладней не акрэсьленую праблему «пакаленьняў» і некаторыя іншыя. Таксама дакумэнт згадвае дыскусію пра неабходнасьць увядзеньня «больш палітычнай праграмы» ці радыкальнага вяртаньня да ўстаноўчай дэклярацыі і «адыходу ад стракатай шкалы задачаў і функцыяў». Ліст прапануе трансфармацыю датулешняга невыразна акрэсьленага «калектыву паўнамоцных прадстаўнікоў» у «клюб паўнамоцных прадстаўнікоў», які б складаўся з былых паўнамоцных прадстаўнікоў і запрошаных гасьцей, і падтрымлівае ідэю заснаваньня Форуму Хартыі-77, які быў бы «шырока адкрыты для людзей і ініцыятываў»11. Аднак яшчэ да абнародаваньня абодвух дакумэнтаў сярод падпісантаў разгарэлася спрэчка, якая вылілася ў згаданы на пачатку «бунт маладых». У адпаведнасьці з усталяваным звычаем, кожны паўнамоцны прадстаўнік Хартыі-77 прапаноўваў свайго пераемніка на наступны год. Так, Анна Шабатава на 1987 г. прапанавала Францішка Старка, які ўжо ўдзельнічаў у працы калектыву паўнамоцных прадстаўнікоў. Сваёй прапановай яна хацела разьняволіць напружаньне, якое панавала ўнутры Хартыі-7712, аднак сярод значнай часткі яе падпісантаў яна выклікала вострую нязгоду: «У той час утварылася апазыцыя супраць мяне і андэграўнду ўвогуле. [Выданьне кнігі Яна Пэлца] «…а будзе горш» вяло да фармаваньня групы хартыстаў, для якіх мы былі непрымальныя. Адну частку ўтваралі «хартысцкія» камуністы, а другую ханжаскія каталікі. З гэтага ўзьнікла ці не сямічленная кааліцыя, члены якой дамовіліся аб тым, што калі Шабатава будзе настойваць на маім прызначэньні паўнамоцным прадстаўніком Хартыі, то яны пойдуць і на раскол. (…) Напрыклад, гэта былі Пэтрушка Шустрава і Вашак Бэнда ад каталікоў і група вакол Руды Сланскага ад экс-камуністаў»13. Паводле згадкі Рудольфа Сланскага, ядром спрэчкі быў не андэграўнд як такі, паколькі ягоная роля ў супраціве нармалізацыйнаму грамадзтву была несумнеўная і важкая (ён сам удзельнічаў у некаторых канцэртах «Плястыкаў»), а сама асоба Францішка Старка. Супраціўнікі абраньня яго паўнамоцным прадстаўніком баяліся, што жыцьцёвы стыль андэграўнду, які гэты рэдактар часопісу «Vokno» прэзэнтаваў, мог зрабіцца зачэпкай для дыскрэдытацыі Хартыі-7714. Урэшце новым паўнамоцным прадстаўніком замест Старка зрабіўся літаратурны крытык і перакладчык Ёзэф Вогрызак, які сярод дысыдэнтаў быў вядомы сваім выказваньнем, што «Хартыі ўжо час перастаць шамацець паперай, а трэба выйсьці насустрач грамадзянам»15. Аднак у асяродзьдзі андэграўнду непрыняцьце Францішка Старка ў якасьці паўнамоцнага прадстаўніка выклікала вялікае незадавальненьне, якое яшчэ ўзмацніла ранейшыя пярэчаньні супраць залішняй лявацкасьці Хартыі16. Адкліканьне подпісу пад Хартыяй-77 Ладзіславам Цэрманам зь Лібэрца сталася для Старка імпульсам да напісаньня ліста, які стаў вядомы як «Ліст 40» і ў Хартыі выклікаў далейшыя вострыя канфлікты. «Ліст 40», апублікаваны Пэтрам Улам у самвыдатаўскім пэрыёдыку «Інфармацыя пра Хартыю-77» (скарочана «Інфох») на пачатку жніўня, рэагуе на «Ліст да падпісантаў», крытыкуе існаваньне «звычаёвага права», якое «вяло да пэўнай ізаляцыі ня толькі «актыўнага ядра» ад астатніх падпісантаў, але і да пэўнай ізаляцыі Х[артыі]-77 ад значных групаў паводле інтарэсаў або веку ў нашай краіне»17. Таксама ліст закідае «актыўнаму ядру» недастатковую ўвагу вядомых прадстаўнікоў Хартыі-77 да маладой генэрацыі ўнутры і па-за Хартыяй-77 і патрабуе, каб задуманы Форум Хартыі-77 меў ня толькі дарадчы голас, але каб абапіраўся на «каардынаваны ўдзел падпісантаў не са сталіцы і падпісантаў «другой хвалі», г. зн. тых, якія далучаюцца ў гэтыя гады і якія амаль без выключэньня рэпрэзэнтуюць маладое пакаленьне. (…) Арганізацыйныя праблемы, з гэтым зьвязаныя, у значнай ступені здольныя вырашыць самі маладыя і новыя актывісты, але яны мусяць ведаць, што на працу і патрабаваньні Форуму будзе зьвернутая сур’ёзная практычная ўвага і будзе гарантавана, што для рэалізацыі ініцыятываў і патрабаваньняў Форуму ня будуць ставіцца тыя ці іншыя перашкоды з боку дагэтулешняга «актыўнага ядра»…»18. |
7 KUČEROVÁ, L.: Vokno do undergroundu. In: Novy Prostor, č. 130 (2003), s. 36–37. 8 Гутарка аўтара з Францішкам Старкам, Прага, 31.07.2003. 9 Гутарка аўтара з Пэтрам Углам, Прага, 18.09.2003. 10 PALOUŠ, M.: Poznámky ke generačním sporům v Chartě 77 v druhé polovině osmdesátých let. In: MANDLER, E. (ed.): Dvě desetiletí před listopadem 89, s. 40. 11 Dopis signatářům Charty 77. In: Informace o Chartě 77, samizdat, roč. 7, č. 1 (1987), s. 10–19. 12 Гутарка аўтара з Аннай Шабатавай, Прага, 13.09.2003. 13 KUČEROVÁ, L.: Vokno do undergroundu, s. 36–37. 14 Ліст Рудольфа Странскага аўтару ад 6.02.2004. 15 Гутарка аўтара зь Лібушай Шылганавай, Прага, 24.01.2004. 16 Гутарка аўтара з Францішакам Старкам, Прага, 31.07.2003. 17 Dopis 40 signatářů Charty 77 ke Slovu k signatářům Charty 77, dokumentu Charty 77 č. 3/87. In: Informace o Chartě 77, samizdat, roč. 7, č. 9 (1987), s. 8a–10. Uzávěrka čísla byla 6.08.1987. |
«Ліст 40» таксама высоўвае ідэю, «што маладыя самі маглі б стварыць нейкую новую інстанцыю, якая б рэфлектавала і іх інтарэсы». Ён заканчваецца заклікам: «Узяць за звычай актыўны ўдзел маладой генэрацыі ў працы Х-77 (з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць), на нашу думку, рэч, якая ня церпіць адкладаньня». Такім чынам, «Ліст 40» настойліва фармуляваў патрабаваньне генэрацыі маладых і няпраскіх падпісантаў, часта зьвязаных з андэграўндам, удзельнічаць у супольным прыманьні рашэньняў у Хартыі-77. Як аўтар «Ліста» падпісаны Францішак Старак, які ягоны зьмест узгадняў з Эганам Бонды і сам выбіраў асобаў, якім таксама прапанаваў яго падпісаць. Так да ліста далучылі свае подпісы, напрыклад, Пэтар Цыбулка, Мікалаш Хадзіма, Станіслаў Піташ, Ян Рампіх, Ярамір Шавэрда (адзіны народжаны да Другой сусьветнай вайны) або пазьнейшыя паўнамоцныя прадстаўнікі Хартыі Станіслаў Дэваты і Томаш Градзілак. Адным з падпісантаў павінен быў стаць таксама Пэтар Ул, аднак ягоны подпіс пад лістом урэшце не зьявіўся. Паводле ягоных словаў, тэкст ліста фармуляваў Эган Бонды, і ягонай мэтай было выклікаць у Хартыі раскол.
|
18 Тамсама, s. 10. |
Даверанай асобай Дзяржбясьпекі Оскарам, які згадваецца ў тэксьце, быў Эган Бонды. Францішак Старак і многія іншыя здагадваліся, што падчас допытаў ён раскрываў асобныя таямніцы, аднак пра яго непасрэднае супрацоўніцтва з сакрэтнай паліцыяй яны ня ведалі. Магчымым тлумачэньнем гэтай супярэчнасьці, здаецца, можа быць тое, што альбо ён сам, альбо яго кіроўны орган вырашыў скарыстацца ініцыятывай Францішка Старка і прыпісаць яе сабе як уласную заслугу. Аднак адназначна публікацыя ліста ў «Інфоху» выклікала сярод падпісантаў Хартыі-77 бурную рэакцыю. Свой адказ на «Ліст 40», датаваны 1 верасьня 1987 г., абнародаваў у наступным жа нумару «Інфоху» Марцін Палаўш, які эмацыйна піша, што ад чытаньня «Ліста» яму было «часам ажно вусьцішна», і між іншым пытаецца ў яго падпісантаў, «чаму яны самі не паспрабавалі зарганізаваць адзіны Форум»19. Свае ўражаньні ад дыскусіяў, якія ўзьніклі пасьля апублікаваньня «Ліста 40», непасрэдна апісаў адзін зь яго падпісантаў, Любаш Выдра: «Пасьля падпісаньня «Ліста 40» мы ўвадначас ператварыліся ў цкаваных. Асабліва людзі, якія ня маюць свайго ўласнага погляду і далучаюцца толькі да той ці іншай групы галоўных членаў «актыўнага ядра», выяўлялі найвялікшую зьедлівасьць і незадавальненьне. (…) Маўляў, вы ж і самі – людзі зь яснымі мэтамі – цудоўна ведаеце, наколькі той андэграўнд ненадзейны і як ад яго патыхае, хіба ж ня праўда?»20. Той самы нумар «Інфоху» прынёс навіну, паводле якой ад свайго подпісу пад «Лістом 40» у эмацыйных выразах дыстанцыяваўся Пэтар Тацёўн. Дыскусіі ўнутры Хартыі-77 былі ў той час такія вострыя, што паміж падпісантамі зьявілася боязь за ейны распад21.
Францішак Старак з ініцыятывы Вацлава Гаўла зарганізаваў Форум Хартыі-77, які сабраўся 28 лістапада 1987 г. пры ўдзеле сямі дзясяткаў чалавек22. Ягонай тэмай, паводле паведамленьня, пазьней апублікаванага ў «Інфоху», была «дзейнасьць Хартыі і яе ўнутраныя праблемы»23. Бурнымі дэбатамі кіраваў Вацлаў Гавал, і іх вынікам было даручэньне Францішку Старку арганізоўваць форумы штодвамесяцы24. У спрэчцы, ці Хартыя мусіць склікаць грамадзкія мітынгі, урэшце перамог погляд больш радыкальнай маладзейшай генэрацыі, і паўнамоцным прадстаўнікам Яну Літаміскаму, Лібушы Шылганавай і Яну Вогрызку было даручана паведаміць адпаведным органам аб правядзеньні маніфэстацыі да дня правоў чалавека 10 сьнежня 1987 г. Хартыя-77 празь дзесяць гадоў сваёй дзейнасьці афіцыйна склікала першую дэманстрацыю, на якой, хоць тая і была забаронена тагачасным Раённым нацыянальным камітэтам, упершыню з 1969 г. сабраліся больш як тысяча чалавек, і гэта была колькасьць, якой арганізатары зусім не чакалі25. Вынікам Форуму было канстытуяваньне андэграўнду як адной з плыняў унутры Хартыі, чым і скончыўся «бунт маладых», які паспрыяў умацаваньню Хартыі-77, ейнай большай адкрытасьці і падтрымцы новых, больш палітычна скіраваных ініцыятываў і эфэктыўнейшых спосабаў супраціву камуністычнаму рэжыму.
З чэскай пераклаў Сяргей Сматрычэнка |
19 PALOUŠ, M.: Odpověď na dopis 40 signatářů Charty 77. In: Informace o Chartě 77, samizdat, roč. 7, č. 10 (1987), s. 3–7. 20 Vyjádření Luboše Vydry. In: Informace o Chartě 77, samizdat, roč. 7, č. 12 (1987), s. 7–8. 21 Гутарка аўтара з Аляксандрам Вондрам, Прага, 18.08.2003. 22 Фактычна, гэта ўжо быў другі Форум Хартыі-77, бо першы адбыўся 10.06.1987 і быў прысьвечаны экалягічнай праблематыцы. 23 Параўн.: Informace o Chartě 77, samizdat, č. 16, roč. 12 (1987), s. 20. 24 Аднак да лістапада 1989 г. адбыліся толькі два Форумы Хартыі-77 (у студзені і траўні 1988 г.). Пры гэтым іх ход быў фактычна сарваны органамі Дзяржбясьпекі. 25 Гутарка аўтара з Францішкам Старкам, Прага, 31.07.2003. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (47-48) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |