A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


гісторыя

  РУДОЛЬФ ВЭВАДА

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Рудольф Вэвада
Мараўская мэтраполія
перад падзеньнем
камуністычнага рэжыму

Да разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў брненскім рэгіёне напрыканцы васьмідзясятых гадоў


УВОДЗІНЫ

Калі Іржы Маген аднойчы ў адным сваім вершы залічыў Брно да тых гарадоў, «дзе магчымасьцяў усё яшчэ багата», то гэта ж адносіцца – наколькі я магу меркаваць з уласнага досьведу ды з эўрыстычнага дасьледаваньня ў брненскіх архівах – і да адмыслоўцаў па сучаснай гісторыі. Цалкам лягічна, што ранейшыя дасьледаваньні палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця апошніх дзесяцігодзьдзяў нашай гісторыі канцэнтруюцца на Празе – тут знаходзіўся ня толькі цэнтар палітычнай улады, але й апазыцыйнай дзейнасьці – аднак нельга замоўчваць, што паўсталы такім чынам вобраз мінулых падзеяў абавязкова застаецца няпоўным. Дасьледаваньне таго, што на прафэсійнай мове гісторыкаў завецца рэгіянальнай гісторыяй, можа ўнесьці сякія-такія карэктывы1.

Становішча, якое ў нанесеных такім чынам каардынатах (цэнтар – рэгіён), займае другі паводле памераў горад рэспублікі, вызначаецца своеасаблівай амбівалентнасьцю: будучы «пэрыфэрыяй» у дачыненьні да Прагі, ён адначасова ёсьць адным (аднак са шмат якіх гледзішчаў найважнейшым) з рэгіянальных «цэнтраў» – цэнтрам былога Паўднёвамараўскага краю ды, адпаведна, усёй Маравіі. Адзін толькі пералік спэцыфічных брненскіх рысаў (у стасунку да Прагі) і мараўскіх (у стасунку да Чэхіі) мог бы быць выдадзены як самастойнае дасьледаваньне. Аднак гэта ня ёсьць амбіцыяй гэтага тэксту. Я ўсяго толькі хачу прапанаваць некалькі заўваг на тэму профілю й палітычнай стратэгіі колішніх моцных гэтага сьвету ў брненскім рэгіёне, а таксама разгледзець тое, што называлі «варожымі элемэнтамі» ды «сфэрай культуры».

Некалькі словаў пра базу першакрыніцаў. Асноўная частка рэгіянальнай дакумэнтацыі захоўваецца ў Мараўскім краявым архіве – я зыходжу асабліва з архіўных дакумэнтаў колішняга крайкаму КПЧ (краёвага камітэту Камуністычнай партыі Чэхаславакіі), інвэнтарызацыя якога была завершаная ў сярэдзіне дзевяностых гадоў ХХ стагодзьдзя, і з дакумэнтаў, дэпанаваных у архіве Ўнівэрсытэту імя Масарыка. Канечне ж, дзеля больш падрабязнага дасьледаваньня было неабходнае таксама вывучэньне дакумэнтаў гаркаму КПЧ, КНК (Краёвага нацыянальнага камітэту), ГНК (Гарадзкога нацыянальнага камітэту), партыяў-сатэлітаў з колішняга Нацыянальнага Фронту, дакумэнтацыі іншых брненскіх вышэйшых навучальных установаў ці гэтак званых творчых саюзаў. Нельга пакінуць убаку ні тагачаснага друку, ні афіцыйных мэдыяў наагул, крыніцаў самвыдату ды – last, but not least – асабістых сьведчаньняў. У сувязі з апошняй памянёнай крыніцай не пярэчу, што мне паслужыла гэтаксама ўласная памяць: бо ў Брне я жыў ад нараджэньня і аж да лета 1989 году.

I

Галоснасьць і перабудова паставілі рэжым Гусака ў нялёгкую сытуацыю. Сваю легітымнасьць ён засноўваў на паразе «контрарэвалюцыі», а таму ня мог распачаць аніякіх карэнных рэфарматарскіх крокаў. Пераацэнка гісторыі, шматабяцальна пачатая ў Савецкім Саюзе, Польшчы й Вугоршчыне, у нашых умовах абавязкова азначала б зьняцьце забароны з такіх тэмаў, як 1968 год, а для групоўкі Гусака й Біляка гэта, канечне, было б адыходам да той кропкі, якую яна сама акрэсьлівала як «сьметнік гісторыі». Аднак рэжым быў таксама заснаваны на «міжнароднай дапамозе» ды на «непарушнай дружбе з Савецкім Саюзам», прычым у небывалай тады на меркі савецкага блёку ступені. Таму ад яго нельга было чакаць, што ён зможа адкрыта дыстанцыявацца ад М. С. Гарбачова й ягонай групы. Вынікам была шызафрэнічная сытуацыя: тагачасныя ўладары вэрбальна няцьвёрда падтрымлівалі тое, што de facto адмаўлялі. Альбо наадварот: асуджалі тое, чаму не былі ў сілах перашкодзіць. Сьведчаць пра гэта, напрыклад, рытуальныя танцы таго пэрыяду вакол такіх словаў, як «дэмакратызацыя» ці «дыялёг». Дыялёг – так, але ня з кожным. Дыялёг – не, калі ён не стаіць на базе сацыялізму й калі вядзе да «нігілістычных» высноваў. «У атмасфэры ўсеагульнага крытыцызму, – папярэджваў на пачатку траўня 1989 году Ян Фойцік на пленуме Брненскага крайкаму КПЧ, прысьвечаным пытаньням адукацыйнай палітыкі, – ва ўмовах, калі да ганебнага слупа ставяцца цэлыя пакаленьні за ўсё тое, што яны нібыта змарнавалі, такі дыялёг наперад асуджаны на правал. Ён ня толькі беспасьпяховы, але й шкадлівы. І такіх дыялёгаў мы не павінны арганізоўваць»2.

  (Rudolf Vévoda) — доктар філязофіі, працуе ў Вышэйшай школе публіцыстыкі ў Празе.

1 Ранейшыя вынікі рэгіянальнай гістарыяграфіі аб падзеньні камуністычнага рэжыму глядзі у: u OTÁHAL, M.: Normalizace
1969–1989
: Příspěvek ke stavu bádání.
Praha 2002, s. 86–88.

   
Ваганьне ва ўчынках і страта «волі да ўлады» вызначалі лёс некаторых рэпрэзэнтантаў рэжыму. А ў палітыцы сярэдніх эшалёнаў партыйнага апарату – краёвых і раённых камітэтаў КПЧ – існаваў яшчэ адзін дадатковы матыў: дзейнічаць так, каб не выклікаць нялюбасьці ў вышэйшых партыйных органаў.

Цэнтрам улады Паўднёвамараўскага краю быў крайкам КПЧ. Пасаду галоўнага сакратара займаў Уладзімер Герман, з 1986 году таксама кандыдат у сябры прэзыдыюму ЦК КПЧ ды адначасова сябар некалькіх цэнтральных партыйных камісіяў. Ён меў рэпутацыю амбітнага й рашучага палітыка, які пры спрыяльнай палітычнай сытуацыі мог бы пераняць стырно ў першага чалавека партыі. Ягоная ў свой час нярэдка – і не бяз пэўных сымпатыяў – цытаваная фраза, што «калі падмятаюць лесьвіцу, то пачынаць трэба зьверху», выклікала пэўныя надзеі на зьмену палітычнага курсу, умовай якога былі грунтоўныя зьмены «пэрсанальнага» (тады казалі «кадравага») характару. Праўда, захаваныя крыніцы ня сьведчаць пра тое, што ён сваім сьветапоглядам альбо палітычнай лініяй як-небудзь выходзіў па-за тагачасны функцыянэрскі стандарт3. Тагачасныя краёвыя камітэты КПЧ уяўлялі сабой набраклы апарат зь цяжкім да рэканструяваньня раскладам кампэтэнцыяў у лябірынце аддзелаў, камітэтаў і камісіяў; фактычны ўдзел асобных функцыянэраў у прыняцьці рашэньняў цяжка вызначыць. Да асноўных палітычных дзеячаў у Брне належаў сакратар крайкаму КПЧ Ян Наўраціл, сакратар па ідэалёгіі Губэрт Ржыгачак, кіраўнік аддзелу адукацыі й навукі Ота Шула, які праяўляў сябе як адданы прыхільнік цьвёрдай лініі, сакратар крайкаму КПЧ у палітычна-арганізацыйнай працы Міраслаў Тручка ды іншыя. Сувязь з цэнтрам улады ў Празе забясьпечваў, між іншым, інструктар ЦК КПЧ Яраслаў Порвал, які рэгулярна ўдзельнічаў у паседжаньнях прэзыдыюму крайкаму КПЧ. Дачыненьне да Паўднёвамараўскага краю мелі і іншыя функцыянэры, напрыклад, сакратар ЦК КПЧ Ян Фойцік ці старшыня камітэту ў партыйнай працы ў ЧСР Карал Урбанак. Аднак свае інструкцыі ніжэйшым партыйным органам ЦК КПЧ перадаваў і іншымі шляхамі. Багата пададзенай формай былі тэлетайпаграмы, якія звычайна вызначалі, як трэба правільна рэагаваць на ўнутрыпалітычную сытуацыю.

Функцыянэры абкаму КПЧ належалі да найлепш інфармаваных асобаў у краі. Аб’ём інфармацыі й паведамленьняў паступова нарастаў, таму іх слушная ацэнка рабілася складанай. Крыніцай інфармацыі, апрача паведамленьняў і рэкамэндацыяў з цэнтру, былі й іншыя дакумэнты, сярод якіх стрыжнявую ролю адыгрывала «Канфідэнцыяльная ўнутрыпартыйная інфармацыя» (друкавала агляд пунктаў гледжаньня ніжэйшых партыйных органаў, але й грамадзтва, паведамляла таксама пра важныя палітычныя, гаспадарчыя і сацыяльныя падзеі ў краі). «Палітычныя навіны» (гэтак званая «Ўлётка») і «Весьнік» – з красавіка 1989 году «Інфармацыйны весьнік» – не былі, у адрозьненьне ад «КУІ», «строга сакрэтныя» ды служылі ў якасьці інфармацыйнай службы для чалецкай базы КПЧ. Раз на месяц (г. зн. на кожным другім паседжаньні прэзыдыюму крайкаму КПЧ, якое зьбіралася кожныя два тыдні) сакратар крайкаму КПЧ Тручка выступаў з ацэнкай палітычна-эканамічнай сытуацыі ў краі за мінулы месяц. У выступленьні закраналася й сытуацыя ў сфэры бясьпекі ды – у другой палове васьмідзясятых гадоў усё часьцей і часьцей, а асабліва пасьля студзеня 1989 году ўжо з жалезнай рэгулярнасьцю – дзейнасьць «нелегальных структураў». Чалавекам, які адказваў за паступленьне інфармацыі «ў галіне барацьбы супраць унутранага ворага», быў сябар крайкаму КПЧ палкоўнік Ёзэф Шабань, які займаў пасаду кіраўніка КУ КНБ (Краёвай управы Корпусу нацыянальнай бясьпекі)4. Дагэтуль няма адказу на пытаньне, наколькі ДБ (Дзяржбясьпека) перасьледавала ўласную палітычную стратэгію, якая магла ўплываць на выбар і форму інфармацыі, перадаванай партыйным органам. У якасьці фільтру тут узаемадзейнічалі цэнтральныя ўстановы службы бясьпекі й партыі ў Празе – толькі прайшоўшы празь іх, некаторыя зьвесткі «дэбэшнага» характару ізноў вандравалі да краёвых і раённых органаў КПЧ.

 

2 Moravský zemský archív v Brně, JmKV KSČ, sv. 64 (Pléna), Zápis ze zasedání JmKV KSČ 2.5.1989, s. 120.

3 Напрыклад, у дыскусіі на паседжаньні прэзыдыюму ЦК КПЧ 21.10.1988 Герман акрэсьліў аўтараў маніфэсту «Дэмакратыя для ўсіх» (устаноўчы дакумэнт апазыцыйнага Руху за грамадзянскую свабоду), якія жадалі адмены кіроўнай ролі КПЧ і дазволу прыватнага прадпрымальніцтва, «бандытамі, зь якімі не вядуць перамоваў». SÚA, f. PÚV KSČ, Záznam z diskuse na 90. zasedání PÚV KSČ 21.10.1988.

   
Да пікавых момантаў партыйнага жыцьця ў краі належалі пленумы крайкаму КПЧ, якія звычайна склікаліся чатыры разы на год і прысьвячаліся пэўнай тэме: у 1989 годзе гэта былі эканамічнае й сацыяльнае разьвіцьцё рэгіёну, адукацыя й сельская гаспадарка (сэрыя пленумаў, якая пачалася 28 лістапада 1989 году, склікалася зь іншых нагодаў і ў зьмененай палітычнай атмасфэры). Краёваму камітэту КПЧ у Брне падпарадкоўвалася чатырнаццаць галоўных сакратароў раённых камітэтаў КПЧ. Сярод іх – прынамсі з пункту гледжаньня становішча на Брненшчыне – важную ролю граў першы чалавек Брненскага гаркаму КПЧ Павал Пільны, які ўжо зь вясны 1989 году імкнуўся суцішаць усхваляваную ідэйную роўнядзь у гутарках са студэнтамі вышэйшых навучальных установаў.

Напрыканцы васьмідзясятых гадоў, а асабліва ў 1989 годзе, адбыліся значныя зьмены на міжнароднай сцэне, тон якім задавалі перамены ў савецкай палітыцы. Яны знайшлі свой выраз і ў самітах вышэйшых прадстаўнікоў абедзьвюх супэрдзяржаваў, а пасьля і ў перамовах пра раззбраеньне. Так як Савецкі Саюз пераставаў быць «імпэрыяй зла» для заходніх дзяржаваў, гэтаксама й сьцьверджаньні нашых тагачасных уладароў пра тое, што ён зьяўляецца «нашым узорам», гучалі ўсё менш праўдападобна. Спакою ім не дадавалі й падзеі ў Польшчы й Вугоршчыне. «Непарушная еднасьць братэрскіх сацыялістычных краінаў паволі рабілася чыстай фікцыяй. І на нашай глебе пачало ўзьнікаць вострае разьмежаваньне паміж людзьмі са «структураў» (напрыклад, мастакі) і палітычнай апазыцыяй. Некаторыя прадстаўнікі творчых саюзаў ці навукова-дасьледчых установаў пачалі выступаць з нонканфармісцкімі й крытычнымі поглядамі. Брно й Паўднёвамараўскі край ад рэшты рэспублікі (за выключэньнем Прагі) адрозьніваліся ў двух плянах: выразнай канцэнтрацыяй палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці ды большай актыўнасьцю аднае з партыяў Нацыянальнага Фронту – Чэхаславацкай Народнай Партыі. Як жа на зьмену становішча рэагавалі найвышэйшыя функцыянэры краю?

II

Кіраўніцтва крайкаму КПЧ аддавала перавагу праверанай працэдуры: не рызыкаваць, дакладна выконваць дырэктывы й, галоўнае, у час пасылаць у адказ на іх справаздачу. Пра некампэтэнтнасьць Мілаша Якеша сярод брненскіх камуністычных функцыянэраў пачало адкрыта гаварыцца ажно пасьля яго падзеньня падчас лістападаўскіх падзеяў. Нават той, хто выказваў непакой з нагоды некаторых аспэктаў палітычнага разьвіцьця на міжнароднай і ўнутранай сцэне, адразу ж пасьля гэтага прызнаваўся ў адданасьці кіраўніцтву. Характэрным у гэтым пляне было выступленьне галоўнага сакратара райкаму КПЧ са Ждзяру-над-Сазавай Індржыха Матыяша на пленуме крайкаму КПЧ, які адбыўся 1 лютага 1989 году ў Брне. Матыяш зьвярнуў увагу, што «павялічваецца колькасьць таварышаў, якія баяцца за далейшае разьвіцьцё ў нашай партыі ды за лёс сацыялізму ў нас. Справа не датычыць недаверу цяперашняму кіраўніцтву партыі. Сучаснае кіраўніцтва карыстаецца даверам»5. Такім чынам, нягледзячы на асьцярогі ў сувязі зь некаторымі аспэктамі разьвіцьця, атмасфэра характарызавалася пасіўнасьцю, чаканьнем рэкамэндацыяў зьверху ды адчуваньнем, крывадушным ці сапраўдным, што кіраўніцтва ў стане кантраляваць сытуацыю.

 

4 Палкоўнік інжынэр Ёзэф Шобань (1934) з 01.01.1980 быў загадчыкам управы ДБ у Астраве, з 20.01.1988 начальнікам КУ КНБ у Брне, 13.01.1990 пераведзены ў рэзэрву для часова звольненых ад абавязкаў, а 30.06.1990 звольнены са службы ў КНБ. ŽÁČEK, P. (ed.): Organizace a řízení represe v ČSSR: Operační štáby generála Lorence 1988–1989. Ó: Securitas Imperii, č. 4, Praha 1998, s. 227.

   
У сьвядомасьць краёвай камуністычнай верхавіны паступова пачаў пранікаць непакой у сувязі зь «нездаровымі тэндэнцыямі» й недахопам дысцыпліны ў нізавых арганізацыях КПЧ. Тады як для сярэдніх партыйных эшалёнаў – краёвых і раённых камітэтаў – была тыповай непахіснасьць і адданасьць кіраўніцтву, праблемы пачалі ўзьнікаць з чалецкай базай. Можна меркаваць, што апрача некаторых выключэньняў гаворка ішла пра рост абыякавасьці, а не пра абдуманы бунт. Крайкам КПЧ зь непакоем рэгістраваў колькаснае падзеньне чалецкай базы на некаторых важных прадпрыемствах і ў навучальных установах, незацікаўленасьць маладых людзей у сяброўстве ў ССМ (Саюз сацыялістычнай моладзі) і ў КПЧ ды нежаданьне некаторых базавых арганізацыяў своечасова рэагаваць на рэкамэндацыі з цэнтру. Бяльмом на воку функцыянэраў з крайкаму КПЧ было, напрыклад, нежаданьне некаторых базавых арганізацыяў накладаць партыйнае пакараньне аж да выключэньня з шэрагаў партыі на тых сяброў КПЧ, якія паслалі сваіх дзяцей вывучаць рэлігію6. Палітычнае кіраўніцтва, канечне, адначасова дэкляравала намер паступова паслабіць царкоўную палітыку (напрыклад, адбылося прызначэньне біскупаў на некаторыя катэдры, быў дазволены прыём паслушніц у некаторыя жаночыя манаскія ордэны і кангрэгацыі ды абмяркоўваўся дазвол дзейнасьці выбраных мужчынскіх ордэнаў)7. Інструкцыі краёвых органаў па памянёнай вышэй правіннасьці не забывалі, праўда, падкрэсьліваць, што заўсёды неабходна браць пад увагу мясцовыя ўмовы: дзе-нідзе базавыя арганізацыі КПЧ нешматлікія і яны маглі б яшчэ болей аслабіцца. У моцна рэлігійных раёнах, як, напрыклад, Годанін, Угерскае Градзішча ці Бржэцлаў, больш рашучыя дзеяньні маглі б выклікаць непрыемнае хваляваньне.

Прыкладаў зьмены стаўленьня насельніцтва да КПЧ можна знайсьці шмат. Справаздача інструктара Паўднёвамараўскага крайкаму КПЧ па Годанінскім райкаме КПЧ, напрыклад, падавала, што «маладыя сябры альбо кандыдаты выкарыстоўваюць стаўленьне партыі да сьветапогляду сваіх сяброў для спыненьня свайго сяброўства. На апошнім прэзыдыюме быў выпадак, калі кандыдатка прыводзіла такую прычыну, што хаця яна яшчэ й ня мае партнэра, але не хацела б, каб яе сяброўства было прычынай нязгоды з партнэрам. Гэта датычыць 4 сябровак з БА (базавай арганізацыі) «Марыша» з Рогатца і адной сяброўкі з БА КПЧ «Вкус» з Вэсэлі-над-Маравай»8. Пра выпадкі, калі маладыя людзі вярталі партыйныя білеты альбо спынялі кандыдацтва ў шэрагі КПЧ, паведамлялася са «Зброеўкі» ў Брне, са «Ждзясу» ў Ждзяры-над-Сазавай, з «ЧКД» («Чэска-мараўская-Кольбэн-Данек») у Бланску і з атамнай электрастанцыі ў Дукаванах9.

 

5 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 204. 35. PKV KSČ, 5.10.1989.

6 Тамсама, sv. 344. DVZ 1989, č. 12, s. 11.

7 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 358, s. 74.

   
Падобную тэндэнцыю можна было прасачыць і сярод мастакоў ды студэнтаў вышэйшых навучальных установаў. Калі ў іншых сацыяльных групах супраціў да сяброўства ў КПЧ быў праявай стыхійнай «свабоды ад страху», сярод інтэлектуалаў у большай меры справа датычыла сьвядомага і ўнутрана абгрунтаванага пратэсту супраць некаторых канкрэтных пачынаньняў уладнага цэнтру ды супраць яго агульнай палітычнай лініі. Гэта былі асабліва рэпрэсіўныя крокі апарату, напрыклад, жорсткія паліцэйскія акцыі падчас г. зв. тыдня Палаха, ці кампанія супраць падпісантаў «Ініцыятывы працаўнікоў культуры», альбо закліку «Некалькі сказаў», што вяло некаторых інтэлектуалаў да рашэньня ня мець у будучыні з гэтай партыяй нічога агульнага. Праз сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва КПЧ улетку 1989 году вярнуў свой партбілет, напрыклад, рэжысэр і актор Ганацкага тэатру Арнашт Голдфлам10, і падобныя матывы ўжо восеньню 1988 году прывялі слухача Акадэміі музычнага мастацтва імя Яначка Віта Зоўгара да напісаньня заявы аб выключэньні з шэрагаў кандыдатаў у КПЧ11.

 

8 MZA, Jm KV KSČ, G 593, sv. 344. DVZ 1989, č. 12, s. 11.

9 Тамсама, гл. 344. DVZ 1989, č. 6, s. 15; č. 9, s. 2; sv. 351, OŠV, ar. j. 171. Zápis z porady 10. 4. 1989; ăë. 202, ar. j. 364. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za březen 1989, list 110.

   
Праўда, сярод шараговых сяброў КПЧ былі й такія, хто сярод росту абыякавасьці ўсур’ёз прыняў словы аб перабудове й галоснасьці ды ня меў намеру сваю спрэчку з апаратам вырашыць адыходам з партыі, а спробай «адрадзіць» яе. Праўда, гэта напэўна не было масавай зьявай. Таму, безумоўна, можна лічыць рэдкай падзею, якая здарылася на актыве пэдагагічных працаўнікоў інстытутаў марксізму-ленінізму Ўнівэрсытэту імя Я. Э. Пуркіні ў Брне ў лютым 1989 году. На ім прагучаў праект асудзіць у спэцыяльнай рэзалюцыі пратэст працаўнікоў культуры супраць студзеньскай акцыі паліцыі ў Празе й супраць арышту Вацлава Гаўла. «Лектар крайкаму КПЧ Блажэй Ондра (выкладаў марксізм на філязофскім факультэце вышэй памянёнага ўнівэрсытэту. – Р. В.) выступіў супраць: ён перасьцярог, каб не асуджаць таго, чаго яны ня ведаюць – ён сам за такую пазыцыю галасаваць ня будзе. Большасьць удзельнікаў актыву далучылася да яго пункту гледжаньня – нельга абвергнуць таго, што мы ня ведаем у падрабязнасьцях, пра што няма падрабязнай інфармацыі»12.

 

10 На імя Арнашта Голдфлама (1946) 27.9.1974 у 4-м аддзяленьні II аддзелу Брненскай управы ДБ была зарэгістраваная папка правяранай асобы пад псэўданімам Айзэнбэрг (рэгістрацыйны нумар 22 384). 25.10.1975 яго перавялі на агентурную папку, якую 14.3.1980 здалі ў архіў.

11 Яго выпадак разьбіраў у прысутнасьці старшыні ЦККН КПЧ Ганы Бубнікавай ААН ПмКК КПЧ 12.09. і 24.10.1988. MZA, JmKV KSČ, sv. 351, OŠV, ar. j. 171.

   
І ў раёне Угерскае Градзішча зь некаторых базавых арганізацыяў наплывалі зьвесткі пра крыху нонканфармісцкія падыходы: напрыклад, што ў 1968 годзе мы апярэдзілі свой час альбо што да асуджэньня пэтыцыі «Некалькі сказаў» вымушаюць функцыянэры, каб утрымацца на сваіх пасадах13. «У Бланскім, Годанінскім, Тршэбіцкім раёнах ды ў іншых месцах нават з боку актыву функцыянэраў зьявіліся неабдуманыя патрабаваньні, каб сродкі масавай інфармацыі падалі да агульнага ведама тэкст «Некалькіх сказаў»14. Падобныя падыходы былі, хутчэй, адзінкавымі і амаль заўсёды будзілі насьцярожаную ўвагу працаўнікоў абласнога партапарату. Пераважала пасіўнасьць. Абласныя функцыянэры без энтузіязму паведамлялі, што ўсяго толькі 3658 базавых арганізацыяў КПЧ і органаў, аб’яднаных у Нацыянальным Фронце (гаворка вялася ўсяго пра 13,7 % агульнай колькасьці БА КПЧ у вобласьці), рэагавала спэцыяльнай рэзалюцыяй на заклік «Некалькі сказаў» і далучылася да «Звароту Прэзыдыюму ЦК КПЧ да 41-х угодкаў Пераможнага Лютага»15. Адным з мэтадаў змушэньня да ляяльнасьці была карупцыя. Так, напрыклад, Бланскі райкам КПЧ пасьля няўдалай спробы прымусіць базавыя арганізацыі з большай гатовасьцю – шляхам асуджальных рэзалюцыяў – рэагаваць на заклік «Некалькі сказаў», вырашыў «рабіць супраць супрацоўнікаў, дзе маюцца найбольшыя праблемы, адпаведныя высновы. РК КПЧ узяў да ведама высновы – правядзеньне размоваў з тым, што гэта будзе ўлічана пры назначэньні прэміяльных».

III

Кіраўніцтва абкаму КПЧ з усё большым непакоем назірала за разьвіцьцём падзеяў у Чэхаславацкай сацыялістычнай партыі ды асабліва ў Чэхаславацкай народнай партыі. Паўднёвамараўская арганізацыя ЧНП была найбольш шматлікая ва ўсёй рэспубліцы (на 30.11.1989 колькасьць яе сяброў у вобласьці падаецца 15 592, што ўяўляла сабой адну траціну ўсяго сяброўства партыі; наймацнейшая раённая арганізацыя ў вобласьці была ў Брненскім сельскім раёне – 1779 сяброў, a найбольшую колькасьць базавых арганізацыяў – 53 – меў Годанінскі раён)16. Варта нагадаць, што менавіта ў Паўднёвай Маравіі (ды ў Празе) сфармавалася так званая адраджэнская плынь, якая ўжо ў апошнія месяцы перад лістападам пагражала існаму Цэнтральнаму Камітэту ЧНП17. Адбылася вострая сутычка паміж старшынём ЦК Збынькам Жалманам і прадстаўніком адраджэнскай плыні Ёзэфам Бартанчыкам, чалавекам, які ў той час вёў перамовы і з прадстаўнікамі адкрытай палітычнай апазыцыі з шэрагаў Хартыі-7718. На краёвай канфэрэнцыі ЧНП, якая адбылася 22 траўня 1989 году ў Брне, большасьць дэлегатаў падтрымала Бартанчыка. Патрабавалася ранейшае скліканьне V зьезду ЧНП, распрацоўка новай праграмы партыі й рэалізацыя венскіх дакумэнтаў. Адчувалася ўсеагульная патрэба замены састарэлага й скампрамэтаванага кіраўніцтва ЧНП (на брненскай канфэрэнцыі дэлегаты патрабавалі менавіта адыходу цэнтральнага сакратара Ёзэфа Андршта)19. Пры іншых нагодах «народніцкія» функцыянэры выказвалі й размаітыя іншыя патрабаваньні, як адмена Закону аб абортах, большае прадстаўніцтва сяброў некамуністычных партыяў у органах мясцовага самакіраваньня, спыненьне дыскрымінацыі студэнтаў, якія носяць крыжык, альбо свабодны доступ ксяндзоў да дамоў састарэлых. Яны выказвалі таксама сваю падтрымку кардыналу Тамашаку20. Хаця прадстаўнікі партыі падкрэсьлівалі, што ЧНП ня ёсьць канфэсійнай партыяй, усё кіравалася да больш выразнага хрысьціянскага прафіляваньня, чаму адпавядаў і спэцыфічны рэлігійны характар некаторых прапановаў, сярод якіх не бракавала патрабаваньня да ўладаў дазволіць папу наведаць Чэхаславакію й даць магчымасьць заняць вакантную брненскую біскупскую катэдру21. ЧНП удзельнічала таксама ў падрыхтоўцы да нацыянальнага паломніцтва ў Рым з нагоды плянаванай кананізацыі шчаснай Анежкі Пршэмыслоўны22.

Самаўпэўненасьць і амбіцыі тут расьлі ў меру таго, як узмацняўся грамадзянскі кураж насельніцтва, прычым не без уплыву міжнародных падзеяў. У якасьці адной з крыніцаў натхненьня тут, несумнеўна, – разам з паступовым аднаўленьнем палітычнага плюралізму ў Вугоршчыне, – служыла тактыка Леха Валэнсы ў суседняй Польшчы ўлетку 1989 году; тады кароткі час разважалі пра магчымасьць стварэньня ўраду «Салідарнасьці» без удзелу польскіх камуністаў, але зь іх ранейшымі сатэлітамі-хаўрусьнікамі23. Праўда, ў нас бракавала масавага апазыцыйнага руху тыпу «Салідарнасьці»; таму прадстаўнікі адраджэнскай плыні ў ЧНП схіляліся да праблематычнай думкі, што адпаведным шляхам да правядзеньня палітычных рэформаў ёсьць выкарыстаньне сыстэмы Нацыянальнага Фронту ды ўзмацненьне значэньня яго некамуністычных элемэнтаў.

Як высьвятляецца, шмат хто зь сяброў абедзьвюх некамуністычных партыяў пачаў усьведамляць хісткасьць папярэдняй сыстэмы больш ясна, чым самі камуністы, ды рыхтаваўся да свайго гістарычнага шанцу. Асабліва сярод шараговых чальцоў шырылася адчуваньне, што набліжаецца момант, калі камуністам можна будзе вярнуць усе нанесеныя тымі крыўды. Памяншалася жаданьне й далей служыць псэўдадэмакратычным фонам камуністычнай уладзе. Так, напрыклад, сябры нядаўна заснаванай базавай арганізацыі ў Бошавіцах Вышкаўскага раёну нібыта не хавалі таго, што «камуністам ужо доўга было добра, і цяпер іх чарга»24. У вёсках Боржэціцы й Заечы на Бржэцлаўшчыне сябры ЧНП нават зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй «Некалькі сказаў»; ускалыхнутую сытуацыю там мусілі ліквідаваць старшыні базавых арганізацыяў КПЧ разам з прадстаўнікамі мясцовых нацыянальных камітэтаў на супольным сходзе 29 жніўня 1989 году25. Падобным чынам на раённай канфэрэнцыі ЧНП адзін з прамоўцаў задумаўся над малой цікаўнасьцю грамадзтва да сваёй партыі, якая, на яго думку, «вынікае з таго, што ЧНП для грамадзтва ня мае карысьці – яна ёсьць васалам КПЧ»26.

Паводле прыкладу ЧНП пачалося ажыўленьне – няхай сабе павольней і з большымі цяжкасьцямі – і ў шэрагах колькасна слабейшай ЧСП (у Паўднёвамараўскай вобласьці яна мела ўсяго толькі 3303 сяброў)27. Яе друкаваны орган – газэта «Свабоднае слова» – зь вясны 1989 году імкнуўся да большай аб’ектыўнасьці, закранаў некаторыя тэмы-табу ды нагадваў імёны, якія нармалізацыйны рэжым асудзіў на забыцьцё (камуністы, напрыклад, крытыкавалі той факт, што газэта дазволіла апублікаваць размову з падпісанткай Хартыі-77 сьпявачкай Мартай Кубішавай)28. Незадавальненьне й роспач камуністычных функцыянэраў выклікалі й іншыя зьявы, сярод іх, напрыклад, той факт, што ЧСП пачала кампанію набору новых сяброў: «Яна накіравалася на павышэньне чалецкай базы за кошт шэрагаў гуманітарнай інтэлігенцыі. (…) Сацыялісты надаюць увагу экалёгіі, супрацоўніцтву з абаронцамі прыроды. З ініцыятывы БА ЧСП у Жыдлахавіцах, падтрыманай РК і КК ЧСП, напрыклад, у жыдлахавіцкім замкавым парку на каменным п’едэстале будзе ўстаноўленая арыгінальная мэмарыяльная дошка ў гонар візыту Т. Г. Масарыка»29. Раённы камітэт ЧСП у Годаніне нават выступіў з патрабаваньнем аднаўленьня помніка Масарыку. Скаргі на спробу сацыялістаў «праслаўляць асобу Масарыка заўсёды й любой цаной, уключна з раскруткай на старонках «Свабоднага слова»30, прынамсі з пачатку восені сталіся важнай тэмай унутраных дакумэнтаў з паседжаньняў паўднёвамараўскага кіраўніцтва КПЧ. З шэрагаў ЧСП даносіліся й галасы, якія крытыкавалі павольныя тэмпы дэмакратызацыі (брненскі гарадзкі камітэт ЧСП). КК КПЧ імкнуўся такія тэндэнцыі выхопліваць і падаўляць альбо выкарыстоўваць дзеля навязваньня сваёй вэрсіі «перабудовы». Таму на паседжаньні прэзыдыюму КК КПЧ 14 верасьня 1989 году было вырашана распрацаваць дакумэнт, які б фармуляваў стратэгію дачыненьняў зь некамуністычнымі партыямі Нацыянальнага Фронту ў адпаведнасьці з новымі ўмовамі31. У дачыненьні да «народнікаў» і сацыялістаў быў прапанаваны больш выразны ўдзел ва ўладзе й мацнейшае асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі, праўда, пры той умове, што яны не сыдуць з сацыялістычнага шляху. Адзін з пунктаў дакумэнту прапанаваў падтрымаць «асабліва тых функцыянэраў некамуністычных партыяў, якія атаясамліваюцца з сацыялізмам ды хочуць сумленна дзейнічаць дзеля яго далейшага разьвіцьця»32. Праўда, прыведзены дакумэнт быў ухвалены ажно на паседжаньні прэзыдыюму КК КПЧ 30 лістапада 1989 году, то бок у пэрыяд, калі не было вялікай ахвоты пытаць у камуністаў, што ўжо можна, а што яшчэ не. Прэзыдыюм КК КПЧ таксама ў верасьні 1989 году вырашыў часьцей сустракацца з прадстаўнікамі абедзьвюх партыяў ды заклікаў да таго самага й падпарадкаваныя партыйныя органы (сустрэча кіраўніцтва краёвых камітэтаў усіх трох партыяў адбылася ў Брне 25 кастрычніка 1989 году)33.

IV

З архіўных дакумэнтаў відаць гэтаксама занепакоенасьць галоўных функцыянэраў КПЧ падзеямі ў некаторых краінах савецкага блёку. Яны паступова пачалі ўсьведамляць, што палітычная лінія тагачаснага савецкага кіраўніцтва сваімі наступствамі паволі пачынае паварочвацца супраць іх. Аднак толькі ўмовы дэмакратыі дазволілі ім сказаць уголас тое, што да 17 лістапада 1989 году ніхто зь іх не адважваўся сказаць адкрыта: што палітыка групоўкі Гарбачова «была найбольшай да гэтага часу здрадай сацыялізму й рабочай клясе ў сусьветнай гісторыі»34. Нягледзячы на ідэалягічны вакабуляр, яны, у прынцыпе, маюць рацыю. У дапераваротны пэрыяд ім не заставалася нічога іншага, як выконваць вэрбальныя практыкаваньні, ад якіх кругам ішла галава, пра «ўласны шлях» і «неперайманьне чужых узораў». Адной з субстытуцыйных мэтаў іх крытыкі стаўся й нібыта павярхоўны й дэструктыўны стыль пісьма пэўнай часткі савецкага (дый, напэўна, польскага й вугорскага) друку, для якога яны прынялі пагардлівы выраз «пена». Толькі некаторыя «заслужаныя шараговыя члены партыі» маглі дазволіць сабе выказваньне, што падзеі ў СССР і КПСС нясуць у сабе пагрозу сацыялізму. Абаперціся можна было толькі на дружбу з Жыўкавым, Гонэкерам і Чаўшэску; праўда, на дзень паліцэйскай акцыі супраць маніфэстацыі студэнтаў на Народным праспэкце на сваёй пасадзе заставаўся толькі апошні сярод іх. Мілаш Якеш у Чэрвэным Градку і Ян Фойцік у Брне35 зь непрыхаванай сымпатыяй дакладвалі пра прапанову Чаўшэску склікаць нараду генэральных і першых сакратароў камуністычных партыяў тых краінаў, дзе камуністы былі пры ўладзе. Чаўшэску абдумваў магчымасьць агульнай вайсковай акцыі супраць «контрарэвалюцыі». Міністар нацыянальнай абароны Мілан Вацлавік за дзень да 17 лістапада пераконваў камісіі Фэдэральнага сходу, што армія гатовая, калі атрымае на гэта загад, правесьці «кітайскі варыянт» рашэньня палітычнай крызы36. «Адзінства сацыялістычнага лягеру» ўжо было ў мінулым.

На пачатку кастрычніка 1989 году кіраўніцтва КК КПЧ у Брне ўхваліла дырэктыву пад назвай «Галоўныя кірункі ідэалягічнай і масава-палітычнай працы ў паўднёвамараўскай партыйнай арганізацыі на 1990 год». Да абмеркаваньня яе прапанаваў сакратар краёвага камітэту Ян Наўраціл37. Брненскія камуністы лічылі неабходным «ва ўмовах, калі адбываецца парушэньне еднасьці сацыялістычных краінаў і калі кожная партыя нясе ўласную адказнасьць за лёсы сацыялізму ў сваёй краіне, тлумачыць непазьбежнасьць паглыбленьня ўсебаковага супрацоўніцтва й адзінства сацыялістычных дзяржаваў»38. Памянёная «ўласная адказнасьць» давала магчымасьць крытыкаваць суседзяў і хаўрусьнікаў. «Даўно ўжо час, – сьцьвярджаў Ян Фойцік на памянёным травеньскім пленуме Брненскага абласнога камітэту партыі, – выступіць супраць дэструкцыйнай плыні, якую шмат хто зь неадпаведных асобаў зьвязвае зь перабудовай і дэмакратызацыяй грамадзтва ды натхняецца ў гэтым прыкладамі з так званай пены ў Савецкім Саюзе, ВНР і ПНР»39. Галоўны сакратар краю Ўладзімер Герман – цытатай з прамовы Якеша – выказаў на пленуме КК КПЧ 27 верасьня 1989 году прычыны асьцярог: «Новым момантам сёньня ёсьць тое, што ім (г. зн. прадстаўнікам апазыцыі. – Р. В.) чыніцца падтрымка ня толькі з Захаду, але й зь некаторых сацыялістычных краінаў, асабліва з Польшчы й Вугоршчыны, прычым нават па афіцыйнай лініі»40.

Настальгія па старых часах была немалой. «Нескаардынаваныя падыходы, – інфармаваў прэзыдыюм пра стан думак сярод камуністаў у сьнежні 1988 году сакратар краёвага камітэту Тручка, – выклікалі артыкулы, апублікаваныя ў «Спадарожніку» ды ў «Штотыднёвіку навінаў», гэтаксама як і паведамленьне ЧТА (Чэхаславацкае тэлеграфнае агенцтва) пра тое, што будуць зьнятыя мэмарыяльныя дошкі й адмененыя назвы школаў, вуліцаў, установаў і г. д., якія носяць імя Брэжнева й Чарненкі»41.

 

12 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 362. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za únor 1989, list 106.

13 MZA, JmKV KSČ, sv. 344. DVZ 1989, č. 8, s. 13.

14 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 203. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za měsíc červenec 1989, list 104.

15 Тамсама.

16 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. DVZ 1989, č. 12, s. 6.

17 Пра апазыцыю ў ЧНП гл. OTÁHAL, M.: Obrodný proud v Československé straně lidové. Ó: PERNES, J. (ed.): Po stopách nedávné historie: Sborník k 75. narozeninám doc. Karla Kaplana, Brno 2003, s. 267–279.

18 MZA, JmKV KSČ, sv. 204, ar. j. 38. На Ёзэфа Бартанчыка (1943) 25.5.1971 у РА МУС у Крамнержыжы была зарэгістраваная агентурная папка пад псэўданімам Гаек (рэгістрацыйны нумар 15 301), якая ў красавіку 1988 году была здадзеная ў архіў. На Ёзэфа Бартанчыка (1943) у той самы пэрыяд была адкрытая сыгнальная папка пад псэўданімам Спонсар. Параўн.: CHURAŇ, M. a kol: Encyklopedie špionáže: Ze zákulisí tajných služeb, zejména Státní bezpečnosti. Praha 2000, s. 18.

19 MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 368. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za květen 1989, list 71.

20 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. DVZ 1989, č. 8, s. 9.

21 Брненскае біскупства было вакантным па сьмерці біскупа Карла Скоўпага 28.2.1972. MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 364. P KV KSČ Brno, s. 8.

22 MZA, JmKV KSČ, sv. 203. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za říjen 1989, list 76.

23 Больш пра гэта глядзі, напрыклад, у: DUDEK, A.: Pierwsze lata III Rzeczypospolitej: 1989–2001, Kraków 2002, s. 70–72.

24 MZA, JmKV KSČ, sv. 203, ar. j. 369. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za červen 1989, list 87.

25 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. DVZ 1989, č. 8, s. 2.

26 MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 364. P KV KSČ, s. 8.

27 MZA, JmKV KSČ, sv. 204, list 38.

28 MZA, JmKV KSČ, sv. 204. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za říjen 1989, list 76.

29 MZA, JmKV KSČ, sv. 203. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za srpen 1989, list 76.

30 MZA, JmKV KSČ, sv. 204. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za říjen 1989, list 74.

31 MZA, JmKV KSČ, sv. 204, s. 32–39.

32 Тамсама, s. 34.

33 MZA, JmKV KSČ, sv. 204. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za říjen 1989, list 75.

34 Параўн.: ŠTĚPÁN, M.: Zpověď vězně sametové revoluce. Praha 1991, s. 36; JAKEŠ, M.: Dva roky generálním tajemníkem. Praha 1996, s. 96–99, 124.

35 MZA, JmKV KSČ, sv. 64 (Pléna). Zápis ze zasedání JmKV KSČ 2.5.1989, s. 122.

36 Параўн.: CIGÁNEK, F.: Předlistopadový parlament ve světle archivní dokumentace, Ó: MANDLER, E. (ed.): Dvě desetiletí před listopadem 1989: Sborník. Praha 1993, s. 71.

37 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 204., ar. j. 35. P KV KSČ, 5.10.1989.

38 Тамсама.

39 MZA, JmKV KSČ, sv. 64 (Pléna). Zápis ze zasedání JmKV KSČ 2.5.1989, s. 119.

40 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 204. 35 PKV KSČ, 5.10.1989.

   
Тады як выказваньне асьцярог з нагоды разьвіцьця падзеяў у Польшчы й Вугоршчыне (часам і ў Югаславіі, а рэгулярна з кастрычніка 1989 году і ў ГДР) сталася складовай часткай стандартнага рытуалу, сваю занепакоенасьць у сувязі з падзеямі ў Савецкім Саюзе звычайна агучвалі толькі «старэйшыя сябры партыі»42. Некаторыя зь іх былі нават здольныя праз «нэгатыўнае разьвіцьцё падзеяў у СССР і КПСС» выйсьці з Саюзу чэхаславацка-савецкай дружбы (пацьвярджаюць гэта, напрыклад, паведамленьні зь мясцовай арганізацыі «Ждзяс» са Ждзяру-над-Сазавай). Праўда, «некаторыя пасьля праведзенай размовы зьмянілі пункт гледжаньня»43. Аднак адкрытае адмаўленьне М. С. Гарбачова ды яго палітычнага курсу не было зусім звычайнай справай нават сярод «старэйшых членаў». Толькі самыя цьвердалобыя мелі адвагу сьцьвярджаць, што «армія павінна будзе навесьці парадак, посьпех «мірнай палітыкі» палягае на тым, чаго Захад хацеў ужо раней», «за гэта асабіста адказны Гарбачоў», «ідзе на ланцужку ў Захаду, чаму ня ўзяў удзелу ў пахаваньні Кадара?»44. У прамовах найвышэйшых функцыянэраў падобныя ацэнкі міжнароднай сытуацыі з ультралявацкай пэрспэктывы гучалі ўжо ў аслабленай форме. Напрыклад, ва ўжо цытаваным выступе на пленуме крайкаму КПЧ Ян Фойцік свае заўвагі аб «вульгарным» разуменьні дэмакратызацыі адукацыі, якую нібыта нельга зводзіць да выбараў дырэктараў школаў, паказальна завяршыў словамі: «Дый думаю, што нам асабліва няма каго пераймаць, як тая малпа»45.

V

Брно пасьля Прагі было другім паводле важнасьці цэнтрам палітычнай апазыцыі ў краіне ўжо ад пералому шасьцідзясятых і сямідзясятых гадоў. Сьпярша справа была асабліва ў спробе захаваць у сьвядомасьці грамадзкасьці рэфарматарскія памкненьні 1968 году46. Рэжым пасьпяхова ўмацоўваўся, дый міжнароднае становішча не змушала яго да карэктываў палітычнага курсу. Галоўныя дзейныя асобы бунту, сярод іх і некаторыя выключаныя камуністы, апынуліся ў турме (Яраслаў Шабата, Здэнек Пршыкрыл, Яраслаў Мэзьнік, Пэтар Вурм ды іншыя), а пасьля іх вяртаньня зь месцаў зьняволеньня каля сярэдзіны сямідзясятых гадоў перарваныя ніткі супрацоўніцтва зьвязваліся павольна і зь цяжкасьцю47. Самвыдат быў у сваіх пачатках, а палітычная апазыцыйная дзейнасьць уяўляла сабой дыскусіі ў вузкім коле сяброў. І пасьля ад’езду Мілана Кундэры ў эміграцыю ў Брне засталося некалькі «забароненых» пісьменьнікаў, зь іх некаторым – як Олдржыху Мікулашку, Яну Скацэлу ці Івану Кржыжу – паступова была дадзеная магчымасьць зноў публікавацца, тады як зь іншых – Здэнька Ротрэкла, Мілана Угдэ, Яна Трэфулкі ці Паўла Шванды – праклён ня быў зьняты да апошніх дзён рэжыму.

vevada1 (13K)

Адзін з галоўных прадстаўнікоў Хартыі-77 у Брне Яраслаў Шабата. Як «варожая асоба», ён атрымаў ад Дзяржбясьпекі мянушку «Правадыр».
Другая палова 1980-х гг.

Пачаткі Хартыі-77 у Брне былі складанымі, а ступень ізаляцыі, якой рэжыму ўдалося акружыць супрацьдзейных грамадзянаў, была значнай. Моцныя гэтага сьвету й надалей за «антыдзяржаўную дзейнасьць» прызначалі суровыя пакараньні, асабліва калі справа датычыла «рэцыдывістаў». Калі Хартыя-77 уступала ў другі дзясятак свайго існаваньня, шмат што ўжо было інакшым. У апошнія некалькі гадоў і месяцаў перад «аксамітнай рэвалюцыяй» у Брне разам з Хартыяй-77, да найбольш значных падпісантаў якой у мараўскай мэтраполіі належалі Пэтар Цыбулка, Іржы Мюлер, Пэтар Посьпіхал, Ян і Яраслаў Шабаты, Ян Шымса ці Мілан Угдэ, узьніклі й іншыя грамадзянскія ініцыятывы. Гэта былі, напрыклад, Рух за грамадзянскую свабоду (Павал Барша, Альбэрт Чэрны, Марцін Догнал, Мілан Елінэк, Бажэна Камаркава, Яраслаў Мэзьнік, Здэнек Ротрэкл, Душан Славік48, Ян Шабата, Яраслаў Шабата, Ян Шымса, Мілан Угдэ, Ітка Угдэава, Вацлаў Умлаўф), Незалежнае згуртаваньне за мір (у краі да яго далучылася каля пяцідзесяці асобаў, найбольш актыўнымі сярод якіх былі Гана Голцнэрава ды Ўладзімер Выскачыл)49, Таварыства сяброў ЗША (яно было заслугай Станіслава Дэватага, Паўла Юнгмана й Пэтра Барташа ды праводзіла сваю дзейнасьць перадусім у Готвальдаўскім раёне) і Таварыства імя Масарыка (Мілан Елінэк, Душан Славік, Ян Шымса ды іншыя). Нельга недаацэньваць і той ролі, якую ў сьвеце «паралельнага полісу» гралі хрысьціяне абодвух галоўных веравызнаньняў – Ёзэф Адамэк і Радамір Малы ад каталікоў, а з шэрагаў эвангельскіх хрысьціянаў Бажэна Камаркава й Ян Шымса ды многія іншыя (спробу Аўгустына Наўраціла з Лутапэцняў Кромнержыскага раёну, аўтара вядомай пэтыцыі мараўскіх каталікоў, інстытуцыялізаваць хрысьціянскі рух праз заснаваньне Задзіночаньня хрысьціянскіх грамадзянаў «Мір на зямлі» перш за ўсё не ўхвалілі праскія актывісты). Свайго прадстаўніка ў Брне мелі й Польска-чэхаславацкая салідарнасьць ды Ўсходнеэўрапейскае інфармацыйнае агенцтва (УІА); гэтую ролю ў абодвух выпадках выконваў Пэтар Посьпіхал50.

vevada2 (30K)
Мараўскія дысыдэнты паэт Здэнек Ротрэкл і пісьменьнік Людвік Вацулік.

 

41 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 358. PKV KSČ Brno, s. 74.

42 Тамсама, ar. j. 360, list 139.

43 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. Důvěrné vnitrostranické informace (DVI) 1989, č. 5, s. 11.

44 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. DVZ 1989, č. 9, s. 4.

45 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 204. 35. PKV KSČ, 5.10.1989.

46 Па першай фазе палітычнай апазыцыі супраць «нармалізацыйнага» рэжыму параўн.: OTÁHAL, M.: První fáze opozice proti takzvané normalizaci. Ó: MANDLER, E. (ed.): Dvě desetiletí před listopadem, c. d., s. 11–33.

47 У справе апазыцыйнай дзейнасьці часткі членаў гарадзкой арганізацыі ЧСП у Брне (Мілан Шылган, Пэтар Вурм, Яраслаў Мэзьнік ды інш.) параўн.: PERNES, J.: Od demokratického socialismu k demokracii: Nekomunistická socialistická opozice v Brně v letech 1968–1972. – Brno 1999.

48 Душан Славік (1922) знаходзіцца ў сьпісе супрацоўнікаў ДБ, надрукаваным рэдакцыяй «Нецэнзураванай газэты», падаецца як давераная асоба ды агент, псэўданім Марцін (рэгістрацыйны нумар: 15 133), завэрбаваны брненскай УДБ.

49 Да пытаньня аб дзейнасьці брненскай сэкцыі НЗМ параўн. BLAŽEK, P.: Dejte šanci míru! Pacifismus a neformální mírové aktivity mládeže v Československu 1980–1989. Ó: VANĚK, M. a kol.: Ostrůvky svobody: Kulturní a občanské aktivity mládeže v 80. letech v Československu, Praha 2002, str. 84.

   
Па Брне кружыла асноўная самвыдатаўская («Інфармацыя пра Хартыю-77», «Інфармацыя пра царкву», «Лідовэя Новіны» ды інш.) ды эмігранцкая пэрыёдыка, але зьявіўся й арыгінальны брненскі самвыдат. Часопіс «Гост» меў шырокія, пераважна культурныя амбіцыі (галоўную заслугу ў яго рэдагаваньні мелі Душан Скала й Яна Соўкупава), «Імпульс» выдавалі экс-камуністы з клюбу «Адраджэньне» (Здэнек Пршыкрыл і іншыя); выходзіў таксама «Брненскі інфармацыйны бюлетэнь Незалежнага згуртаваньня за мір» і амбіцыйнае культурна-палітычнае рэвю, скарочана названае «То» (выйшаў, праўда, усяго адзін нумар). Напрыканцы вясны 1988 году зьявіўся пробны, нулявы нумар студэнцкага «Рэвю-88»; няроўная барацьба яго рэдакцыі з палітычнай уладай прыцягвала да сябе ўвагу асабліва студэнтаў брненскіх вышэйшых навучальных установаў51. Сяляне пачалі выдаваць «Супольнасьць» (Радамір Малы ды іншыя), а цесныя сувязі з Брном былі і ў сялянскага пэрыядычнага выданьня з Аламоўцу «Велеград». Вялікую заслугу ў пашырэньні альтэрнатыўнай культуры – асабліва музычнага самвыдату – меў падпісант Хартыі-77 Пэтар Цыбулка. Сьвет апазыцыйнай палітычнай дзейнасьці й альтэрнатыўнай культуры пачаў уступаць у асяродзьдзе, куды раней ня меў доступу, перадусім у кола студэнцкай моладзі ды творчай інтэлігенцыі.

 

50 Аб дзейнасьці Польска-чэхаславацкай салідарнасьці і УІА параўн.: BLAЋEK, P.: Setkбnн pшedstavitelщ иeskoslovenskй a polskй opozice na stбtnнch hranicнch 1978–1989. У: HRODEK, D. (ed.): Česká a polská historická tradice a její vztah k současnosti: Pardubická konference (18.–20. duben 2002). FF UK, Praha 2003, s. 188–209.

51 Параўн.: VÉVODA, R.: Brněnské studentstvo v poslední fázi totalitního režimu: Příběh Revue 88. Ó: TŮMA, O. (ed.): Historické studie: K sedmdesátinám Milana Otáhala, Praha 1998, s. 233–259.

   
Год 1989 быў багатым на новыя формы незалежнай дзейнасьці. Пачалі ўзьнікаць улёткавыя акцыі, удзел у якіх, напрыклад, бралі Яраслаў Попэлка52 ці брытанскі актывіст у падтрымку міру Дэйвід Барнздэйл53. Улёткі звычайна зьвярталі ўвагу на выпадкі зьняволеньня з палітычных матываў54, заклікалі грамадзтва да ўдзелу ў акцыях пратэсту альбо выказваліся з нагоды актуальных экалягічных праблемаў, як, напрыклад, будова тэлевізійнага перадатчыка на Палаве, пляны пабудовы хуткаснай падземнай трамвайнай лініі і да т. п. Пасьля падзеяў у сувязі з так званым праскім тыднем Палаха ў Брне таксама можна было спаткацца з заклікамі да публічных маніфэстацыяў, асабліва з нагоды набліжэньня розных угодкаў, як, напрыклад, 16 студзеня (гадавіна ўчынку Палаха)55, 1 траўня56, 21 жніўня57 ці 28 кастрычніка. Колькасьць удзельнікаў такіх г. зв. недазволеных акцыяў, праўда, рэдка калі пераўзыходзіла некалькі дзясяткаў асобаў. Такім чынам, яны рабіліся лёгкай мішэньню для апэрацыяў аддзелаў паліцыі. Адным з новых элемэнтаў на палітычнай сцэне была спроба дыскусіі з прадстаўнікамі некаторых афіцыйных грамадзкіх арганізацыяў (прадстаўнікі апазыцыі, канечне ж, заклікалі да яе заўсёды). На гэтым полі было асабліва актыўным Незалежнае згуртаваньне за мір, прадстаўніца якога Гана Голцнэрава ўсталявала кантакт з гарадзкім камітэтам Нацыянальнага Фронту, гарадзкою радаю барацьбы за мір58 альбо Чэскім зьвязам ахоўнікаў прыроды. Адной з асноўных тэмаў, якім пры гэтых перамовах надавалася ўвага, была менавіта экалёгія59. Зь вялікай увагай грамадзтва сачыла за так званымі брненскімі форумамі60, арганізаванымі зь вясны 1989 году 31-й базавай арганізацыяй Чэскага зьвязу ахоўнікаў прыроды з раёну Каменны Верх гораду Брно. У гэтых дыскусійных сустрэчах рэгулярна бралі ўдзел і прадстаўнікі незалежных ініцыятываў, а таксама славацкія актывісты-эколягі. У брненскіх камуністычных функцыянэраў гэта выклікала ўсё большы непакой. Іх неахвота да глыбейшай рэвізіі палітычнага курсу мала дзе праявілася гэтак выразна, як у іх адносінах да нефармальных групаў.

Рэагавалі яны стэрэатыпна: крымінальным перасьледам апазыцыйных актывістаў. У апошнія месяцы перад лістападам 1989 году ў Брне і ў Паўднёвамараўскім краі ўвагу да сябе прыцягвалі крымінальныя справы ў дачыненьні Пэтра Цыбулкі, Станіслава Дэватага, Івана-Марціна Іраўса, Міраслава Марэчка, Яраслава Попэлкі, Іржы Ціхага, Уладзімера Вэсэлскага, Эвы Відларжавай ды іншых. Пэўную навіну ў рамках усёй рэспублікі ўяўляла сабой больш шчодрае выкарыстаньне адміністрацыйных працэсаў, якія супраць канкрэтнага «правапарушальніка» распачынаў адпаведны нацыянальны камітэт. Такія справы звычайна завяршаліся пазьней папярэджаньнем ці штрафам. Тым ня менш, шмат хто з членаў КПЧ і прадстаўнікоў кіраўніцтва ня ўтойваў свайго погляду, што «партыя занадта саступае». Прапанаваным імі рэцэптам быў працяг папярэдняга рэпрэсіўнага курсу. Іх унутраныя дакумэнты падкрэсьлівалі неабходнасьць наступальнай контрапрапаганды, пасьлядоўную рэалізацыю «права партыйнага кантролю», барацьбу з карупцыяй і іншымі «нэгатыўнымі зьявамі ў сфэры сацыялістычнай эканомікі» і да т. п. Іх аналіз сытуацыі быў, канечне, няпоўным. Перасьлед карупцыі ў дзяржаўным апараце ня мог быць дастатковым рэцэптам вырашэньня грамадзкіх праблемаў. Што яны перш за ўсё недаацанілі, дык гэта зрухі ў настроях грамадзкасьці й зьмены сацыяльнага клімату.

Палітычная апазыцыя пераставала быць ізаляванай жменькай асобаў. Напрыканцы васьмідзясятых гадоў яе грамадзкі ўплыў быў істотна большым, чым, напрыклад, у пачатковы пэрыяд існаваньня Хартыі-77. Асабліва з пачатку 1989 году хутка ўзрастала рашучасьць прадстаўнікоў некаторых грамадзкіх групаў салідарызавацца зь перасьледаванымі ды займаць крытычную пазыцыю да публічнага жыцьця. На адным зь першых месцаў тут стаялі афіцыйныя мастакі, асабліва акторы. Для функцыянэраў Паўднёвамараўскага КК КПЧ было непрыемнай неспадзяванкай адкрыць для сябе, колькі актораў брненскіх тэатраў паставілі свае подпісы пад пэтыцыяй, якая патрабавала вызваленьня Вацлава Гаўла (пасьля падзеяў тыдня Палаха), вядомай як Ініцыятыва прадстаўнікоў культуры. Занепакоенасьць была тым большай, што сярод падпісантаў зьявіліся й імёны чальцоў Камуністычнай партыі, як гэта было ў выпадку памянёнага ўжо Арнашта Голдфлама, Яна Грыгара зь Дзяржаўнага тэатру альбо Паўла Рымскага, актора Тэатру імя братоў Мршцікаў. Не засталіся ўбаку й акторы некаторых раённых сцэнаў Паўднёвамараўскага краю, напрыклад, зь Іглавы ці Готвальдава. Усяго ж гэту рэзалюцыю падпісалі з Тэатру імя братоў Мршцікаў шаснаццаць асобаў, з тэатру «Радасьць» – дзевяць асобаў, адзін супрацоўнік Тэатру сатыры «Вячэрняе Брно», з драматычнай трупы Дзяржаўнага тэатру – сем актораў, з Ганацкага тэатру – восем, а з тэатру «На Правазку» – адзіны Пэтар Ослзлы. «БА КПЧ у тэатрах атрымалі заданьне спраўдзіць пазыцыі чальцоў партыі й зрабіць адпаведныя захады. Зь беспартыйнымі правесьці размовы па месцы працы галоўным рэжысэрам і дырэктарам тэатраў, з чальцамі ЗЧПМ (Зьвяз чэскіх працаўнікоў мастацтва) – кіраўніцтву зьвязу»61. Нягледзячы на гэта, многія мастакі паставілі свае подпісы й пад пэтыцыяй «Некалькі сказаў».

 

52 MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 364. PKV KSČ Brno, s. 12.

53 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 360. PKV KSČ Brno, list 133.

54 Напрыклад, 10.03.1989 на Чэскай вуліцы былі затрыманыя трое маладых людзей, якія спрабавалі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй з патрабаваньнем
вызваліць Вацлава Гаўла. MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 364. PKV KSČ Brno.

55 16.01.1989 у 15.30 на набажэнства ў касьцёле Сьвятых Янаў сабралася каля 600 чалавек (да ўдзелу заклікалі ўлёткі, тэкст якіх перадавалі й замежныя радыёстанцыі); невялікая група людзей пасьля накіравалася на пляц Свабоды. MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 360. PKV KSČ Brno, list 139.

56 У службовыя памяшканьні КНБ падчас сьвяткаваньня 1 траўня было дастаўлена каля дваццаці асобаў, у якіх былі выкрытыя невялікія транспаранты, і тры асобы, якія паспрабавалі перад галоўнай трыбунай разгарнуць транспарант «Валэнса– Сахараў–Гавал». Сярод затрыманых было й двое слухачоў Вышэйшай сельскагаспадарчай школы. MZA, JmKV KSČ, sv. 202, ar. j. 366. PKV KSČ Brno. Zhodnocení průběhu manifestací 1. máje a akcí spojených s májovými oslavami v Jihomoravském kraji.

57 21.08.1989 каля дваццаці асобаў з трыкалёрамі затрымана пры спробе пранікнуць з бакавых вуліцаў на пляц Свабоды. Улёткі да ўгодкаў жнівеньскай акупацыі былі перахопленыя ў Брне, Готвальдаве, Просьцеёве, Кыёве, Клобаўках, Куржыме й Іглаве. MZA, JmKV KSČ, sv. 203. 33. PKV KSČ, Informace o politickoekonomické situaci v Jihomoravském kraji za měsíc srpen 1989.

58 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 344. DVI 1989, č. 5, s. 14.

59 Па экалягічнай дзейнасьці ў Чэхаславакіі да 1989 году параўн.: VANĚK, M.: Nedalo se tady dýchat: Ekologie v českých zemích 1968 –1989, Praha 1996.

60 Да 17 лістапада 1989 году адбылося пяць брненскіх форумаў. Месцам іх правядзеньня былі, напрыклад, тэатар «На Правазку» і Клюб вышэйшай школы на вуліцы Горкага. Па брненскіх форумах гл., напрыклад: VANĚK, M.: Zelené mládí: Ekologické aktivity mladé generace v osmdesátých letech. Ó: VANĚK, M. (ed.): Ostrůvky svobody, c. d., s. 259.

   
Некаторыя прадстаўнікі мастацкай грамадзкасьці не зьбянтэжыліся ды непасрэдна ўключыліся ў апазыцыйную дзейнасьць. Напрыклад, Пэтар Ослзлы, загадчык літаратурнай часткі, рэжысэр і актор тэатру «На Правазку», належаў да галоўных арганізатараў адной з найбольш адметных неафіцыйных імпрэзаў у Брне – сэмінараў на кватэрах62. Вялікае хваляваньне выклікаў таксама выпадак акторкі таго ж тэатру Эвы Відларжавай, знанай пад мянушкай Труда, (то бок Сумная). Гэтая акторка перадусім дзякуючы сяброўскім дачыненьням з Пэтрам Цыбулкам паступова цалкам ідэнтыфікавалася з дысыдэнцтвам, яе не бракавала на публічных акцыях пратэсту й на палітычных працэсах у брненскіх судах. Кароткі час яна знаходзілася пад арыштам. Падобным чынам і актор драматычнай трупы Брненскага дзяржаўнага тэатру Францішак Дэрфлер падпісаўся пад галоўнай заявай Хартыі-7763. Гэтакі зрух быў бы немагчымы – калі не лічыць зьменаў у навакольным сьвеце – безь незаўважных, аднак сыстэматычных высілкаў некаторых падпісантаў Хартыі-77 «выйсьці з гета»: зрабіць сьвет незалежнай культуры й апазыцыйнай дзейнасьці цікавым і прыцягальным для мастакоў, інтэлектуалаў і студэнтаў64.

Тактыку і стратэгію барацьбы зь «нелегальнымі структурамі» вызначаў цэнтар улады, прэзыдыюм ЦК КПЧ. Той нават у пэрыяд аднаўленьня поўнага палітычнага плюралізму ў Вугоршчыне і ў Польшчы не зьбіраўся мяняць нэасталінісцкага курсу. Таго ж самага ён патрабаваў ад ніжэйшых эшалёнаў партыі. З даступных дакумэнтаў не вынікае, што пры гэтым (за выключэньнем асобных шараговых чальцоў КПЧ) ён спатыкаўся зь якойсьці адкрытай нязгодай. Сваю волю нічога не пераацэньваць кіраўніцтва партыі выказвала рознымі шляхамі. Да грамадзкасьці яно зьвярталася пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі, перадусім газэты «Рудэ Права»; для партыйнага актыву былі прызначаныя дырэктыўныя лісты й тэлетайпаграмы прэзыдыюму ЦК КПЧ. Ужо на пачатку 1989 году цэнтар улады вызначыў кірунак сваёй «Пазыцыяй у дачыненьні да варожай дзейнасьці», ніжэйшыя элемэнты партыі адчувалі сябе абавязанымі выконваць тэлетайпнае пасланьне цэнтральнага камітэту па пэтыцыі «Некалькі сказаў», апублікаванае ў канцы верасьня.

На працягу 1989 году прэзыдыюм Брненскага АК КПЧ загадаў распрацаваць ды прыняў некалькі дакумэнтаў, прысьвечаных незалежным ініцыятывам. Яны вызначалі стратэгію барацьбы з «варожымі элемэнтамі» і для падначаленых партыйных органаў, раённымі камітэтамі й Брненскім гарадзкім камітэтам пачынаючы й заканчваючы базавымі арганізацыямі (важкая роля адводзілася краёвай палітычнай школе, раённым дамам палітычнага выхаваньня ды інстытутам марксізму-ленінізму ў брненскіх вышэйшых навучальных установах). Аднак да барацьбы з праціўнікам мелі быць уцягнутыя і іншыя палітычныя партыі й арганізацыі Нацыянальнага Фронту, сродкі масавай інфармацыі, прафсаюзы й кіраўніцтва прадпрыемстваў навучальных установаў. Дэманстрацыяй ляяльнасьці да цэнтру была потым арганізаваная пасылка на адрас кіраўніцтва партыі рэзалюцыяў у падтрымку. Але, як было паказана вышэй, усё гэта ўдалося зрабіць толькі напалову.

 

61 Справа датычыла наступных актораў: Эва Горчыцава, Драгаміра Кочава, Эрык Пардус, Іржы Душак, Лібуша Кафкава, Максімілян Горныш, Моймір Сьлезачак, Лумір Пэняз, Іржы Папэж, Марцала Дзюрава, Карэл Ярскі, Ян Гегер-Кучара (Тэатар імя братоў Мршцікаў); Зоя Мікатава, Акрам Станек, Здэнек Шэўчык, Марцал Гакаўска, Карал Гегнэр, Ян Новак, Катэржына Кралава, Францішак Грушка і Карал Карас (тэатар «Радасьць»); Іржы Балцарак (тэатар сатыры «Вячэрняе Брно»); Ян Грыгар, Леапольд Франц, Здэнек Калач, Гелена Трыбава, Павал Градзіл, Францішак Дэрфлер, Іва Валешава (драматычная трупа Брненскага дзяржаўнага тэатру); Арнашт Голдфлам, Ёзэф Ковалчук, Мілаш Чэмаўшак, Гінэк Хмэларж, Ян Сэдал, Міраслаў Маршалэк, Бржэціслаў Рыхлік, Томаш Турак (Ганацкі тэатар); Пэтар Ослзлы (тэатар «На Правазку»). MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 362. Hodnocení politickoekonomické situace v Jihomoravském kraji za únor 1989, list 106–107.

62 Параўн.: FIALA, P. – MIKŠ, F. (eds.): Podzemní univerzita: Vznik a organizace brněnských bytových přednášek a seminářů (1984–1989): Přednášky z filosofie a politologie. CDK, Brno 1993.

63 Параўн.: Dokument Charty 77 č. 37/86 z 28.12.1986.

64 Асабісты досьвед і сьведчаньні сяброў не дазваляюць мне ў гэтай сувязі не прыгадаць тут, без прэтэнзіі на паўнату, прынамсі імёнаў Іржы Мюлера й Пэтра Посьпіхала. – Р. В.

   
У раскалыханай атмасфэры пасьля праскіх падзеяў 27 студзеня 1989 году адбывалася рэгулярная нарада прэзыдыюму краёвага камітэту партыі. Парадак дня датычыў палітычнай апазыцыі, і сакратары Міраслаў Тручка і Ян Наўраціл атрымалі заданьне распрацаваць тэкст, які б у духу тагачаснай палітычнай лініі характарызаваў сытуацыю ў краі. Вынік іх працы пад назвай «Праект захадаў дзеля эфэктыўнага супрацьдзеяньня варожай дзейнасьці нелегальных структураў» быў прыняты на паседжаньні прэзыдыюму 23 лютага65. Як канстатаваў гэты дакумэнт са спасылкай на інфармацыю сакратарыяту ЦК КПЧ ад траўня 1988 году ды іншыя зьвесткі, «выразна актывізуюцца сілы ўнутраных і вонкавых ворагаў сацыялізму»66. Адным з прапанаваных захадаў было патрабаваньне «выконваць эканамічныя задачы». «Гэта гарантыя таго, – сьцьвярджалі аўтары тэксту, – што варожым да сацыялізму сілам ня ўдасца дасягнуць рэакцыйных мэтаў. Мэтанакіраванае выкананьне рашэньняў партыі – надзейная заслона супраць іх дзейнасьці»67. На той выпадак, калі б гэтага было недастаткова, прэзыдыюм прадугледжваў і шэраг іншых захадаў і мерапрыемстваў пераважна прапагандысцкага характару. Акцэнт рабіўся й на працы з моладзьдзю, асабліва з ВНУ, і са сродкамі масавай інфармацыі. Сымптаматычна падкрэсьлівалася, што базавыя арганізацыі КПЧ павінны «непасрэдна рэагаваць на выступленьні антысацыялістычных групаў, выкрываць арганізатараў, якія дзейнічаюць у полі ўвагі БА КПЧ ды прымаць апэратыўныя меры дзеля спыненьня іх дзейнасьці»68. Дзеля гэтага было неабходна палепшыць вобраз рэпрэсіўнага апарату ў вачах грамадзкасьці. Таму дакумэнт патрабаваў: «Больш эфэктыўна прапагандаваць працу службаў грамадзкай бясьпекі, спрыяць стварэньню станоўчага стаўленьня да іх з боку грамадзкасьці, адназначна дзейнічаць супраць спробаў дысыдэнцкіх групаў дыскрэдытаваць працу нашай Дзяржбясьпекі»69. Складовай часткай гэтай прапагандысцкай вайны мела таксама быць – дый была – спроба кампрамэтаваць праціўніка. Дакумэнт згодна з агульнай палітычнай лініяй свайго часу ў гэтай сувязі падкрэсьліваў, што неабходна «растлумачыць стратэгічныя мэты нелегальных структураў, рэальных палітычных сілаў, якія стаяць за імі, выкрываць палітычнае й маральнае аблічча іх галоўных арганізатараў і дзеячаў у ЧССР і ў замежжы»70. Лепшай інфармаванасьці партыйнага актыву ва ўмовах краю мела служыць рашэньне «распрацаваць матэрыял з кароткімі характарыстыкамі галоўных прыхільнікаў Хартыі-77, уключаючы іх асноўных прадстаўнікоў з Паўднёвамараўскага краю. Матэрыял падаць да ведама грамадзкасьці ў краёвым друку ды выкарыстаць для падрыхтоўкі камуністаў да іх дзейнасьці ў галіне прапаганды»71. Аўтары, канечне, разьлічвалі й на сыстэматычнае выкарыстаньне ўнутранага партыйнага друку, перадусім «Улёткі» й «Весьніка КК КПЧ». Потым на працягу 1989 году ў гэтых пэрыядычных выданьнях часьцей пачалі зьяўляцца артыкулы, прысьвечаныя «нелегальным структурам», «дзейнасьці буржуазнай прапаганды», «дзейнасьці замежных радыёстанцыяў і іх падтрымцы антысацыялістычных сілаў» і да т. п. Дакумэнт таксама лічыў неабходным «на нарадах зь галоўнымі дзеячамі краёвых, раённых камітэтаў грамадзкіх арганізацыяў і нацыянальных камітэтаў, а таксама на ўзроўні іх базавых зьвёнаў рэгулярна закранаць праблематыку нелегальных групаў і апэратыўна інфармаваць аб іх дзейнасьці на давераным участку працы. Выкарыстоўваць гэтыя нарады для каардынаванага супрацьдзеяньня акцыям нелегальных групаў»72. Адпаведным сродкам задушэньня праціўніка лічыўся таксама яго крымінальны перасьлед: «У галіне дзяржаўнага кіраваньня» аўтары тэксту дамагаліся «за пасярэдніцтвам камуністаў пасьлядоўна ажыцьцяўляць прынятыя меры па лініі органаў бясьпекі, судоў і пракуратуры»73.

 

65 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 361. PKV KSČ Brno, list 13–26. Тамсама, sv. 345. Informační z pravodaj 1989, č. 1, s. 11–15.

66 Тамсама, s. 26.

67 Тамсама.

68 Тамсама, s. 18.

69 Тамсама, s. 21.

70 Тамсама, s. 19.

71 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 361. PKV KSČ Brno, list 13–26. Тамсама, sv. 345. Informační z pravodaj 1989, č. 1, s. 21.

   
Між тым пра «варожую дзейнасьць нелегальных групаў» на паседжаньні, якое адбывалася 9 лютага, прэзыдыюм краёвага камітэту інфармаваў сам галоўны сакратар Герман; дапамагаў яму сакратар Тручка74. Пытаньням барацьбы з «унутраным ворагам» прэзыдыюм КК КПЧ на сваіх рэгулярных паседжаньнях на працягу 1989 году прысьвячаў увагу яшчэ некалькі разоў. Ініцыятыва ў большасьці выпадкаў прыходзіла з Прагі. Пасьля таго як сакратарыят ЦК КПЧ распрацаваў і ўхваліў у лютым 1989 году «Доўгатэрміновую канцэпцыю прапаганды на замежжа», якая на адрас «капіталізму» канстатавала, што не зьмянілася «яго антаганістычная, антыгуманная сутнасьць, (…) гэтаксама як не зьмянілася й яго нянавісьць да сацыялізму»75, і прэзыдыюм КК КПЧ вырашыў распрацаваць падобны дакумэнт для Паўднёвамараўскага краю. Ён быў прыняты 4 траўня 1989 году пад назвай «Задачы камуністаў пры павышэньні эфэктыўнасьці дзейнасьці супраць уплыву буржуазнай ідэалёгіі й прапаганды ў Паўднёвамараўскім краі»76. У некаторых плянах дакумэнт быў дыямэтральна супрацьлеглы лібэралізацыйным памкненьням палітыкі перабудовы й галоснасьці. Яго аўтары, напрыклад, канстатавалі: «Высілкі, накіраваныя на аб’ектыўную ацэнку мінулага й сучаснага разьвіцьця сацыялістычнага грамадзтва, якая ёсьць умовай яго далейшага разьвіцьця, шмат хто з буржуазных палітыкаў, тэарэтыкаў ды рэакцыйных дзеячаў выкарыстоўвае дзеля ўсё грубейшых нападак на сацыялістычныя краіны»77. Дакумэнт імкнуўся падаць пералік сродкаў, пры дапамозе якіх «буржуазная прапаганда» можа ўплываць на нашых грамадзянаў: не бракавала тут замежных тэлевізійных і радыёстанцыяў, «буржуазнага друку», самвыдатаўскай і эмігранцкай літаратуры, аднак былі й «кампутарныя гульні прафашысцкага й антыкамуністычнага характару», кружэлкі, дыскеты, відэакасэты з парнаграфічнымі фільмамі і да т. п. Вялікую рызыку аўтары дакумэнту бачылі і ў пашырэньні магчымасьцяў выяжджаць за мяжу. Разам з падарожнікамі ў капіталістычныя краіны (такіх у краі рэгістравалася ў год каля 75 тысячаў), небясьпеку «ідэалягічнай дывэрсіі» магло ўяўляць «і наведваньне грамадзянамі некаторых сацыялістычных краінаў, асабліва ПНР і ВНР, якія не пагаджаюцца з нашай палітыкай ды шмат калі ўступаюць у кантакт з нашымі дысыдэнтамі»78. Мішэньню нападу асабліва ж былі замежныя радыёстанцыі. Паводле аўтараў дакумэнту, яны «імкнуцца стварыць сетку інфарматараў, якія ім непасрэдна за мяжу пасылаюць інфармацыю аб становішчы ў ЧССР. Выкарыстаньне такой інфармацыі відавочна праводзіцца з выкарыстаньнем мэтадаў амэрыканскай інфармацыйнай махіны, уключна з сучаснай вылічальнай тэхнікай для падбору й складаньня навінаў»79.

 

72 Тамсама, s. 23.

73 Тамсама, s. 25.

74 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 360. PKV KSČ Brno.

75 Тамсама, list 144.

76 MZA, JmKV KSČ, sv. 202. PKV KSČ, ar. j. 366.

77 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 360. PKV KSČ Brno, list 141.

78 MZA, JmKV KSČ, sv. 201, ar. j. 360. PKV KSČ Brno, list 141.

   
Зброяй павінна было стацца павышэньне якасьці контрапрапаганды, «падкрэсьліваньне посьпехаў» і г. д. Для дасягненьня такой мэты быў заснаваны аддзел контрапрапаганды пры КК КПЧ, які распачаў дзейнасьць у ліпені 1989 году80, і некалькі намэнклятурных штатных адзінак лектараў па контрапрапагандзе пры асобных раённых дамах палітычнага выхаваньня, заснавальнікамі якіх былі раённыя камітэты партыі. Аўтары дакумэнту не пазьбеглі крытычных рэфлексіяў над кваліфікацыяй тых, хто меў несьці на сабе галоўны цяжар прапагандысцкай працы на месцах, лектараў краёвага камітэту й раённых камітэтаў КПЧ. Гэта была шматлікая каманда людзей – у краі іх працавала прыблізна 18 000, – аднак, відавочна, ня надта эфэктыўная. Хаця дакумэнт з задавальненьнем сьцьвярджаў, «што 68 % лектараў маюць вышэйшую адукацыю, аднак сярод іх мала маладых лектараў (да 35 гадоў – усяго 6 %). Невялікае таксама валоданьне ангельскай і нямецкай мовамі. Толькі 8 % лектараў валодаюць ангельскай мовай і 17 % нямецкай»81.

 

79 Тамсама, list 143.

80 MZA, JmKV KSČ, sv. 203, ar. j. 370. 31. PKV KSČ. Informace o společenskoekonomické situaci v Jihomoravském kraji za měsíc červenec 1989.

   
Спроба лепшай інфармаванасьці аб дзейнасьці «варожых структураў» была адзіным адчувальным вынікам прапагандысцкай бітвы, якую камуністы вялі ў апошнія месяцы перад лістападам 1989 году. Да патрэбаў падабранага функцыянэрскага актыву выдавалася інфармацыя пра дзейнасьць нефармальных ініцыятываў – яна большасьцю запазычвалася з замежных мэдыяў. Аднак партыйным функцыянэрам, якім яны прызначаліся, не ставала перадумоваў, каб правільна яе «прачытаць». На новыя падзеі на міжнароднай і ўнутранай палітычнай сцэне яны не былі ў стане рэагаваць іначай, чым пры дапамозе стэрэатыпаў: рэпрэсіямі й прадумваньнем контрапрапаганды, якая, аднак, ужо была нядзейснай і гучала наіўна. Яны не хацелі зразумець, што лёгіка разьвіцьця ва ўсім усходнім блёку ідзе ў кірунку дыялёгу з апазыцыяй. «Ня ведаю, пра што нам зь імі дыскутаваць, – заяўляў сакратар крайкаму Ўладзімер Герман на пленуме КК КПЧ ў пытаньні навукова-тэхнічнага разьвіцьця й перабудовы прамысловасьці й сельскай гаспадаркі 27 верасьня 1989 году, – і мы адкрыта кажам, што зь ніякімі Шабатам, Відларжавай, Голцнэравай, Голцнэрам ды іншымі прадстаўнікамі нелегальных структураў дыскутаваць ня будзем, а калі яны ў сваёй дзейнасьці будуць парушаць нашы законы, то павінны ўлічваць, што будуць пакараныя паводле гэтых законаў»82.

 

81 Тамсама, list 142.

   
Аднак іх занепакоенасьць і асьцярогі неабходна ўспрымаць усур’ёз. Дакумэнты, якія яны пасьля сябе пакінулі, сьведчаць пра тое, што асабліва пасьля студзеня 1989 году яны адчувалі пільную патрэбу вяртацца да тэмы апазыцыі. Пагрозы ў камбінацыі са стратай дзеяздольнасьці не былі адпаведным варыянтам вырашэньня надыходзячай палітычнай крызы. Не ўсьведамлялі яны, што ўжо ня ў стане ні пераканаць грамадзянаў, ні запалохаць іх. Пра рост асьцярог перад палітычнай апазыцыяй сьведчыць, напрыклад, і той факт, што на паседжаньні аддзелу адукацыі й навукі КК КПЧ 9 кастрычніка 1989 году сакратар Ота Шула, прыхільнік цьвёрдай лініі, зьвяртаў увагу на «перасоўваньне цэнтру нелегальных структураў у Брно, дзе яны паспрабуюць правесьці больш удалыя акцыі, чым у Празе, каб «праявіць сябе». Падзеі пачалі хутка разгортвацца.

ЗАВЯРШЭНЬНЕ

Апошнія месяцы камуністычнага рэжыму азначалі для Брна выразную зьмену палітычнай сытуацыі й крызу папярэдняй сыстэмы кіраваньня. На рост дзейнасьці палітычнай апазыцыі, якую на чэскай зямлі можна было параўнаць толькі з праскім цэнтрам, вядучыя функцыянэры краю не былі ў стане рэагаваць іначай, чым паўтарэньнем усталяваных адміністрацыйных стэрэатыпаў: абвастрэньнем ідэалягічнай кампаніі ды паліцэйскімі й судовымі рэпрэсіямі. Аднак у памянёных вонкавапалітычных умовах, сярод якіх стрыжнявую ролю граў каляпс улады савецкай імпэрыі, традыцыйныя рэцэпты, спраўджаныя ў пэрыяд пачатку «нармалізацыі» альбо пасьля 1977 году, пераставалі дзейнічаць. Кардынальная трансфармацыя адбывалася асабліва ў настроях сярод насельніцтва. Рост пачуцьця ўласнай годнасьці й самаўпэўненасьці грамадзянскай супольнасьці, які суправаджаў надыход новага грамадзтва, досьвед савецкай акупацыі й пазьнейшых чыстак сярод незаплямленага пакаленьня, – быў палегчаны падрыхтоўчай працай жменькі прадстаўнікоў «прапашчай» палітычнай апазыцыі асабліва з шэрагаў падпісантаў Хартыі-77. Крытычная частка грамадзтва пазбаўлялася страху перад паступовым атаясамліваньнем з патрабаваньнямі дысыдэнцтва.

Пяць брненскіх вышэйшых навучальных установаў і некалькі сталых тэатральных сцэнаў уяўлялі сабой рэзэрвуар, дзе закіпалі апазыцыйныя настроі. А тыя паглыбляліся ды паскараліся і адносна высокай рэлігійнасьцю Паўднёвамараўскага рэгіёну, якая зрабіла магчымым адметны зрух унутры Чэхаславацкай народнай партыі, палітычнай сілы, якая некалькі папярэдніх дзесяцігодзьдзяў была пазбаўленым улады статыстам пры кіроўнай камуністычнай уладзе. Брненскі сьвет антырэжымна настроенай дзейнасьці да лістапада 1989 году быў рэальнай, упэўненай у сабе і ўнутрана структураванай палітычнай сілай, у якой хаваліся зародкі будучых расколаў і разгалінаваньняў. Абласныя функцыянэры пачыналі пераходзіць ад дэманстратыўнага невуцтва да раздражнёных вокрыкаў. Яны ня ведалі, што гэта іх лебядзіная песьня.

З чэскай пераклаў Алесь Карцель

  82 MZA, JmKV KSČ, G 593, sv. 204. 35. PKV KSČ, 5.10.1989.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/11/20