A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


гісторыя

  ПАВАЛ ЖАЧАК

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Жачак
«Баявая зброя»
Дзяржаўнай бясьпекі

Супрацоўнікі Дзяржбясьпекі ў дырэктывах
па агентурна-апэратыўнай працы 1947–1989 гадоў


Унутраныя дырэктывы Дзяржбясьпекі – яскравы прыклад таго, што нельга займацца вывучэньнем так званага пэрыяду нармалізацыі, які настаў пасьля жніўня 1968 году, без дасьледаваньня і веданьня папярэдняй дакумэнтацыі, якая адлюстроўвае ўнутранае разьвіцьцё тайнай палітычнай паліцыі савецкага тыпу. З розных прычынаў пазьнейшыя дакумэнты ўжо ня ўтрымліваюць шэрагу прынцыповых момантаў – указаньняў, службовых актаў ці расшыфроўкі ўжыванай тэрміналёгіі, – якія за шмат гадоў зрабіліся непісаным правілам, глыбока ўкарэненым у сьвядомасьць супрацоўнікаў ДБ. Гэтак, без сумневу, было і ў такой спэцыфічнай галіне, як дырэктывы па агентурна-апэратыўнай працы.

Пасьля таго, як улада перайшла да КПЧ, у Дзяржбясьпекі не было патрэбы неяк прынцыпова мяняць мэтодыку сваёй дзейнасьці. І ў тэорыі, і на практыцы так званая агентурна-апэратыўная праца была непасрэдным працягам сытуацыі, што папярэднічала лютаму 1948 году. Адзін зь першых вядомых дакумэнтаў, які мае дачыненьне да тэрміналёгіі ДБ ў праблематыцы агентурнай сеткі, – гэта «Часовая дырэктыва аб дзейнасьці краёвых інфарматарскіх аддзяленьняў і філіялаў», якую на пачатку 1947 году выдаў аддзел № VII (Дзяржаўная бясьпека) Міністэрства ўнутраных справаў. Гэты аддзел, між іншым, кіраваў палітычнай агентурнай справай у дзяржаўным маштабе. Ужо тады кіраўніцтва ДБ даводзіла неабходнасьць стварэньня масавай агентурнай сеткі з мэтай ажыцьцяўленьня кантролю за жыцьцём грамадзтва: «Супрацоўнікі набіраюцца з усіх пластоў насельніцтва такім чынам, каб мы мелі магчымасьць атрымліваць інфармацыю з усіх працоўных месцаў, ад прадстаўнікоў усіх прафэсій, каб мы мелі дакладную карціну рэчаіснасьці».

«Часовая дырэктыва» пастанаўляла, что палітычная агентурная дзейнасьць (ПАД) «паводле свайго характару – дзейнасьць абарончая, бо ня ставіць перад сабой ніякіх агрэсіўных мэтаў і здабывае інфармацыю ў пытаньнях, якія ўяўляюць сабой пэўную цікавасьць, звычайнымі спосабамі... зьбірае зьвесткі, неабходныя для эфэктыўнай абароны супраць усялякіх нездаровых антыдзяржаўных памкненьняў, носьбітамі якіх могуць быць чэхі або славакі». Адказнымі за выкананьне задачаў, што тычацца палітычнай агентурнай дзейнасьці, былі прызначаны адпаведныя чыноўнікі аддзелу № VII Міністэрства ўнутраных справаў, групаў A і B (згодна з тагачаснай тэрміналёгіяй – унутрыдзяржаўная і замежная агентурная дзейнасьць), чыноўнікі Аддзелу бясьпекі–II у Празе, Брне і Астраве (а таксама падуладныя ім агентурныя падразьдзяленьні), у Славакіі – чыноўнікі паўнамоцнага прадстаўніцтва ўнутраных справаў і аддзелу Z у Браціславе. Апэратыўныя органы ўсіх пералічаных падразьдзяленьняў выкарыстоўвалі супрацоўнікаў, якія былі падзеленыя на інфарматараў, давераных асобаў і агентаў. Паняцьце «супрацоўнік» было акрэсьлена даволі проста: «...яны ня ёсьць нашымі штатнымі службоўцамі, аднак гэта сьвядомыя памочнікі нашай інфарматарскай службы, і пры гэтым іх матывацыя ня мае ніякага значэньня. Супрацоўнікамі ня лічацца асобы, якія падаюць нам пэўную інфармацыю, аднак самі не ўсьведамляюць, што падаюць яе выведным органам». Асобы, якія сьвядома падавалі «якія заўгодна зьвесткі», лічыліся ў ДБ выпадковымі ці сталымі інфарматарамі. «Сталы інфарматар, які заслужыў поўны давер, пасьля апрабаваньня можа лічыцца даверанай асобай».

Самыя важныя задачы выконваў, згодна з дырэктывай, агент. Ён даваў зьвесткі «за ўзнагароджаньне (грошы альбо іншыя выгоды)», аднак «пакрыцьцё наяўных выдаткаў і г. д.» не лічылася «агентурнай платай». Агентамі не рабіліся і ў выніку «запалохваньня». У шэрагі агентаў былі залічаныя таксама супрацоўнікі, якія высылаліся «за мяжу, як і кожная асоба, якая ўжо працавала на чужыя ўрады ці яшчэ на іх працуе» (гэтак званыя двайныя агенты, альбо дублёры).

На пачатку красавіка 1948 году начальнік групы III/A Міністэрства ўнутраных справаў разаслаў падначаленым структурам інструкцыю «Аб назвах супрацоўнікаў інфарматарскай службы» для таго, «каб усе службоўцы аддзелаў Z належным чынам засвоілі найменьні». Да 10 красавіка 1948 году службоўцы павінныя былі інструкцыю спаліць і адрапартаваць пра яе зьнішчэньне. Кіраўнік ДБ таксама настойваў: «Правядзіце дакладную рэгістрацыю агентурнай сеткі ў краях, узгодненую з патрабаваньнямі, прыведзенымі ў інструкцыі, бо ў самы блізкі час будзе праведзеная цэнтралізаваная рэвізія. Пры гэтым важна, каб сакрэтныя крыніцы (D) і іншыя інфарматары, якія не абслугоўваюцца намі рэгулярна, нягледзячы на тое, што яны вам вядомыя, не патрапілі ў рэестар агентурнай сеткі, і каб у яе максымальна цьвяроза былі залічаныя выключна тыя супрацоўнікі катэгорыяў A, AK і SI (з вызначэньнем тых, каго мы адносім да AP, AKP і SIP), якіх мы рэгулярна абслугоўваем». Перад Дзяржбясьпекай пасьля лютага 1948 году паўсталі новыя задачы, новыя прыярытэты. Таму яна была вымушана правесьці кардынальную пераацэнку сваёй агентурнай сеткі. Часткай сыстэмных зьменаў у палітычнай паліцыі была і вышэйзгаданая інструкцыя.

Ва ўводзінах дырэктыва давала вызначэньне агентурнай сеткі як «сеткі супрацоўнікаў нашай інфарматарскай службы» ці «абагульняльнай назвы для ўсіх відаў і тыпаў супрацоўнікаў інфарматарскай службы або агентаў». Кіраўніцтва ДБ імкнулася аддаваць перавагу азначэньню «супрацоўнік» перад зьняважлівым «агент». «Назву «агент» у будучыні выкарыстоўваць непажадана, асабліва ў размове з супрацоўнікамі, а тым больш зь іншымі асобамі, бо гэтая назва часта зьвязаная з уяўленьнем пра штосьці зьняважлівае, тымчасам як на самай справе шчыры супрацоўнік інфарматарскай службы выконвае патрыятычную і надзвычай пачэсную працу. Пра агентаў будзем весьці гаворку толькі ў выключных выпадках...» У залежнасьці ад «ступені надзейнасьці і павязанасьці» з ДБ дырэктыва вылучыла «па-новаму, больш дакладна» тры галоўныя катэгорыі «агентаў», гэта наступныя:

a) давераныя асобы і іншыя першаклясныя агенты;

б) давераныя кандыдаты і іншыя агенты-кандыдаты;

в) сталыя інфарматары.

  (Pavel Žaček) – доктар філязофіі, працуе ў Інстытуце найноўшай гісторыі АН Чэшскай Рэспублікі.
   
Найвышэйшай катэгорыяй агентурных супрацоўнікаў лічылася давераная асоба (скарочанае абазначэньне A)1. Даверанай асобай мог лічыцца сьвядомы, фармальна – пісьмова ці вусна – абавязаны, сталы і надзейны супрацоўнік Дзяржбясьпекі, «які тайна, згодна з загадамі дзейнічае ў варожым ці іншым асяродзьдзі, што зрабілася аб’ектам увагі інфарматарскай службы, і які зарэкамэндаваў сябе добра да такой ступені, што ўжо няма амаль ніякага сумневу, што ён выканае які заўгодна загад інфарматарскай службы з выключнай дысцыплінаванасьцю». Неабходнай умовай быў таксама факт, што «ён працуе ня толькі надзейна, але і на ўнутранае перакананьне. Статусу даверанай асобы (A) такі чалавек ня страчвае ані ў тым разе, калі яму за яго выкананьне прапануюцца матэрыяльныя выгоды». Калі ж, аднак, «у такога надзейнага супрацоўніка, які добра сябе зарэкамэндаваў, адзіным альбо пераважным матывам была матэрыяльная зацікаўленасьць», то ён ва ўнутраным ужытку называўся не даверанай асобай, «а толькі» агентам (AP)2. «Мы, аднак, павінны імкнуцца, каб мець як мага больш агентурных супрацоўнікаў – давераных асобаў, нават калі і яны ў многіх выпадках у залежнасьці ад абставін могуць атрымліваць непасрэдна ці ўскосна матэрыяльнае ўзнагароджаньне. Пры правільным кіраваньні з AP павінен стацца A, то бок чалавек, які дзейнічае не з матэрыяльных памкненьняў».

У выпадку ж, калі апэратыўны орган ДБ яшчэ ня быў абсалютна ўпэўнены, што завэрбаваны супрацоўнік, якому ўжо даверылі агентурную працу, «настолькі надзейны, што можа быць залічаны ў шэрагі давераных асобаў», альбо пакуль не было «дастатковых падставаў», каб сказаць, што ён добра сябе «зарэкамэндаваў», ён лічыўся даверанай асобай-кандыдатам (AK)3. Аднак ужо на гэтым этапе давераная асоба-кандыдат павінен быў быць «сьвядомым і фармальна абавязаным супрацоўнікам»; з боку Дзяржбясьпекі на іх ускладаліся «такія самыя абавязкі, што і на давераных асобаў».

Калі ж давераная асоба-кандыдат (AK) кіруецца «пераважна матэрыяльнай зацікаўленасьцю», ён меў унутраную назву не давераная асоба-кандыдат, а агент-кандыдат (AKP)4. «Наша задача – дасягнуць таго, каб і з гэтай катэгорыі пры правільным кіраваньні выхоўваліся сапраўдныя давераныя асобы тыпу А».

У выпадку, калі агентурны супрацоўнік дагэтуль ня быў «фармальна абавязаны», але Дзяржаўная бясьпека ўжо рэгулярна атрымлівала ад яго «па сутнасьці праўдзівыя зьвесткі», такі супрацоўнік лічыўся сталым інфарматарам (SI). «Катэгорыя SI была заведзеная, галоўным чынам, для таго, каб ад астатніх агентурных супрацоўнікаў належным чынам адрозьніць тых, хто дагэтуль ня даў агентурных абяцаньняў і якіх таму – хоць яны і рэгулярна падаюць зьвесткі – мы ня можам лічыць дастаткова моцна прывязанымі. Таксама сюды адносяцца рэгулярныя інфарматары, якія з розных прычынаў ня ведаюць, што перадаюць інфармацыю менавіта нашай службе».

Для ўнутранай арыентацыі апэратыўныя органы павінны былі абазначаць сталых інфарматараў, якія працуюць, «кіруючыся пераважна матэрыяльнай зацікаўленасьцю, скарачэньнем SIP. Да гэтай катэгорыі належалі таксама інфарматары, якія працуюць праз запалохваньне альбо кіруючыся іншымі неідэалягічнымі матывамі». Дырэктыва катэгарычна падкрэсьлівала, што да «катэгорыі SI» можна аднесьці выключна тых інфарматараў, «якія ўжо знаходзяцца сьвядома ці несьвядома ў пэўных трывалых стасунках з кіроўным органам».

Усе тры згаданыя катэгорыі супрацоўнікаў, зь якіх складалася агентурная сетка ДБ, абслугоўваліся аднолькавым чынам, былі ў рэестры («у агентурнай картатэцы»), a іх данясеньні апэратыўныя органы ўкладалі «ў асабовыя справы». Дырэктыва патрабавала іх дакладнага разьмежаваньня, каб атрымаць дакладную інфармацыю «пра ступень іх надзейнасьці і прывязанасьці». Супрацоўнік, канечне, можа быць пераведзены з адной катэгорыі ў іншую. «Мэта кіроўнага органу – дамагчыся прасоўваньня супрацоўнікаў у больш высокую катэгорыю».

Дзяржаўная бясьпека акрамя «сталых інфарматараў» таксама карысталася паслугамі яшчэ адной катэгорыі – так званых «выпадковых ці неабавязаных супрацоўнікаў», якія, аднак, не лічыліся часткай агентурнай сеткі. «Для іх рэгістрацыі выкарыстоўваўся не агентурны рэестар, а адмысловая дапаможная картатэка. Хаця гаворка ў гэтым выпадку вядзецца пра неагентурныя крыніцы, аднак такія крыніцы неабходныя і незаменныя. Іх важнасьці нельга недаацэньваць».

Першы з выпадковых і неабавязаных супрацоўнікаў быў кансультант (інакш «давераная крыніца»), якога «дасюль» называлі «давераная асоба»: «Гэта асоба, якая сьвядома і з ахвотай дае нам інфармацыю і парады, калі мы да яе зьвяртаемся з запытам. І на гэтых асобаў, як правіла, вядзецца картатэка, бо яны зьяўляюцца важнай крыніцай нашых ведаў. Аднак тут адсутнічае трывалая залежнасьць ад нашай службы. Калі гэтыя «давераныя крыніцы» рэгулярныя, мы абазначаем іх літарай «D» і зьвяртаемся да іх у любы час, калі толькі нам спатрэбіцца ад іх інфармацыя. Пішам: D № ... нам паведаміў. Спосаб абазначэньня такі ж, як і дагэтуль5. Асабовыя справы не заводзяцца, акрамя выпадкаў, калі гаворка ідзе пра пастаяннага інфарматара, якога мы пастаянна абслугоўваем (SI)». Іншай катэгорыяй сталі прынагодныя і спарадычныя інфарматары, якія перадаюць інфармацыю «несьвядома ці хоць бы і сьвядома, але не рэгулярна, а час ад часу, пры пэўнай нагодзе, гэта значыць, што трывалыя стасункі зь Дзяржаўнай бясьпекай адсутнічаюць».

  1 У дырэктыве гэта абгрунтоўвалася наступным чынам: «Літара А была абраная як першая літара ў альфабэце, каб абазначыць найбольш надзейную катэгорыю агентурнага працаўніка, г. зн. завэрбаваную давераную асобу, якая сябе ўжо зарэкамэндавала».

2 У дырэктыве гаварылася: «Абазначэньне АР было абранае дзеля таго, каб з дапамогай літары Р /profesionál ’прафэсіянал’, prospěchář ’карысьлівы чалавек’, peníze ’грошы’, pohnutky ’стымул’/ зьвярнуць увагу, што хоць гаворка і ідзе пра першакляснага агентурнага працаўніка катэгорыі А, аднак ён не адпавядае вымогам, каб па праве называцца даверанай асобай».

3 Дырэктыва тлумачыла: «Абазначэньне АК было абранае, каб сярод завэрбаваных агентурных працаўнікоў можна было адрозьніваць тых, хто ўжо сябе зарэкамэндаваў і пра надзейнасьць якіх няма сумневаў (А), ад тых, пра каго мы пакуль толькі мяркуем або спадзяёмся, што ў будучыні яны сябе добра зарэкамэндуюць (AK)».

4 На гэты конт дырэктыва паведамляла: «Абазначэньне АКР павінна паказваць на тое, што завэрбаваны агентурны працаўнік ня толькі яшчэ дагэтуль дастаткова не зарэкамэндаваў сябе як надзейны работнік, але што і ягоныя памкненьні маюць дагэтуль – пераважна – неідэалягічны характар».

   
У заключэньні дырэктыва зрабіла празрыстую выснову: «Матэрыяльныя выгоды, зразумела, будуць прапаноўвацца намі і далей, калі гэта будзе на карысьць нашай службе. Аднак да катэгорый AP, AKP, SIP залічваем супрацоўнікаў адзіна тады, калі для іх матэрыяльная падтрымка зьяўляецца вырашальнай альбо калі гаворка ідзе пра інфарматара-прафэсіянала, у якога страх ці іншыя неідэалягічныя матывы пераважаюць.

Давераную асобу (A) альбо сталага інфарматара, якога ў інтарэсах павышэньня эфэктыўнасьці і якасьці яго працы мы матэрыяльна падтрымліваем, мы, бясспрэчна, не залічваем да катэгорыяў AP, AKP альбо SIP, пры гэтым нам павінна быць зразумела, што ён працуе ў першую чаргу ня дзеля таго, каб гэтыя выгоды атрымаць. Бо бываюць выпадкі, калі дзейнасьць супрацоўніка патрабуе такой аддачы ў сэнсе часу і асабістых выдаткаў, што ўзнагароджаньне проста неабходнае.

Акрамя таго, досьвед паказвае, што пэўная ўвага і ўвогуле спрыяньне ў асабістых пытаньнях у многіх выпадках абавязковыя і павышаюць нават у ідэальнага, неэгаістычнага і перакананага супрацоўніка жаданьне працаваць – бо ён радуецца таму, што яго праца належным чынам ацэньваецца, што яму такім ускосным чынам дэманструецца. Каштоўнага супрацоўніка мы, канечне, ня можам пакінуць жыць у поўнай галечы ці ва ўмовах, якія не спрыяюць плённай працы.

Літара «P» абазначае – наадварот – абсалютна іншую рэч: прафэсіянала, кар’ерыста ці чалавека, які хоць і ёсьць службова надзейным, але кіруецца зусім не асабістым перакананьнем, а калі і так, то ў недастатковай ступені».

Толькі ў дадатку да дырэктывы была згаданая адмысловая субкатэгорыя агентурных супрацоўнікаў – давераных асобаў, якая стаяла ля вытокаў пазьнейшага рэзыдэнта: «Давераная асоба (A) можа з дазволу начальніка сэктару A атрымаць заданьне ад кіроўнага органу, гэта значыць, можа сама працаваць зь іншымі супрацоўнікамі агентурнай сеткі. У гэтым разе мы разглядаем давераную асобу як кіроўны орган і выкарыстоўваем скарачэньне AA (гаворка ідзе пра так званае звужэньне сеткі). AA ўжо, па сутнасьці, ёсьць службовым органам і можа – паводле абставінаў – атрымліваць плату, пры гэтым заробак, хоць і налічваецца з агентурнага фонду, ня ёсьць агентурным узнагароджаньнем, а лічыцца ганарарам за выкананую працу, падобна заробку, які службовыя органы атрымліваюць ад дзяржавы. Падрабязнасьці яшчэ будуць удакладняцца». У пераліку скарачэньняў ён быў таксама пазначаны як так званы «шэф-агент».

Паступовае разьвіцьцё агентурна-апэратыўнай працы знайшло адлюстраваньне ў наступнай дырэктыве Міністэрства ўнутраных справаў, якая выйшла ў канцы 1948 году. Аўтары «Адміністрацыйна-апэратыўнай інструкцыі для краёвых штабоў Дзяржаўнай бясьпекі» зноў вярнуліся да праверанай надзейнай назвы агент. Ва ўводзінах да інструкцыі тлумачылася: «Агент – запазычанае слова. Абазначае: той, хто дзейнічае, або той, каму даверана дзейнічаць. Кожны са службовых органаў ёсьць, па сутнасьці, чэхаславацкім агентам Дзяржаўнай бясьпекі. Слова ня мае зьняважлівага значэньня. Сёньня яно выкарыстоўваецца для абазначэньня няштатных супрацоўнікаў, то бок тых, хто працуе на нашу службу, ня будучы яе афіцыйнымі службоўцамі. У вузкім сэнсе агентам называюць таго, хто пры гэтым карыстаецца даверам ворага».

Вызначэньне агентурнага супрацоўніка тыпу «агент» таксама зьмянілася: «Агент – гэта сьвядомы, а таксама фармальна (пісьмова ці ў іншай форме) абавязаны, пастаянны і надзейны супрацоўнік службы Дзяржаўнай бясьпекі, які тайна, згодна з загадамі, вядзе дзейнасьць у асяродку ворага ці ў месцы дысьлякацыі ворага і карыстаецца яго даверам». Вузейшая катэгарызацыя агентаў была заснаваная на папярэдняй дырэктыве.

«а) Агент (скарочана A) – гэта агент, які зарэкамэндаваў сябе настолькі, што ўжо амаль няма сумневу ў тым, што ён выканае які заўгодна загад службы дзяржаўнай бясьпекі з абсалютнай дысцыплінаванасьцю, і пры гэтым будзе дзейнічаць ня толькі надзейна, але і на падставе асабістага перакананьня.

б) Агент P (скарочана AP) – гэта агент, які дзейнічае, кіруючыся іншымі матывамі.

в) Агент-кандыдат (скарочана AK) – гэта завэрбаваны агент, які яшчэ не дастаткова выпрабаваны і няма дастатковай падставы для таго, каб сказаць, што ён сябе выдатна зарэкамэндаваў.

г) Агент P–кандыдат (скарочана AKP) – гэта агент P, якога яшчэ не дастаткова выпрабавалі».

На працягу 1948 году зьнікла катэгорыя «давераная асоба» і, наадварот, большае значэньне атрымалі інфарматары, якія найперш не валодалі важнай якасьцю агента, гэта значыць, не карысталіся даверам у «варожым асяродку»: «Гэта завэрбаваныя асобы, якія рэгулярна нас інфармуюць ці выконваюць сакрэтныя загады службы дзяржбясьпекі і рэгулярна ёю абслугоўваюцца. Яны ня лічацца агентамі, бо ня маюць даверу ворага». Інфарматары былі падзеленыя на дзьве асноўныя групы:

«а) сталы інфарматар (скарочана SI) кіруецца асабістым перакананьнем;

б) сталы інфарматар Р (скарочана SIP) кіруецца ня толькі перакананьнем».

Шэф-агенты (AA) былі замененыя рэзыдэнтамі: «Рэзыдэнт (скарочана R) – гэта шчыры няштатны памочнік службы Дзяржбясьпекі, які абавязаўся абслугоўваць завэрбаваных інфарматараў службы Дзяржбясьпекі. (Толькі ў выключных выпадках сам падае данясеньні.) Не абслугоўвае агентаў. Рэзыдэнтаў выкарыстоўваюць для звужэньня прафіляктычнай сеткі».

Гэтым разам ДБ толькі мімаходзь згадала факт, што акрамя «сталых інфарматараў» служба карысталася таксама паслугамі «катэгорыі выпадковых неабавязаных супрацоўнікаў», якія не разглядаліся як частка агентурнай сеткі. «Гэта асобы, якія сьвядома і з ахвотай падаюць нам інфармацыю, калі гэта неабходна. Гэтыя асобы – вельмі важная крыніца нашых ведаў, аднак яны не знаходзяцца ў непасрэднай залежнасьці ад службы. Мы называем іх дарадцамі альбо «даверанымі крыніцамі» (скарочана D)».

У першы і апошні раз дырэктывы згадвалі самую спэцыфічную і небясьпечную форму працы ДБ: «У выпадку, калі кіроўны орган атрымае асабіста, якім заўгодна спосабам, давер ворага, ён надзяляецца функцыямі агента...» Ад агента ён адрозьніваўся ня толькі тым, што быў кадравым службоўцам Дзяржаўнай бясьпекі, але таксама іншай формай агентурнай дзейнасьці. У кола абавязкаў такога агента ўваходзіла «не паставіць пад пагрозу іншых супрацоўнікаў Дзяржаўнай бясьпекі, то бок імкнуцца, каб ня здарылася выкрыцьця кіроўнага органу».

Апошні абзац, прысьвечаны агентурнай тэрміналёгіі, падзяляе агентурную сетку на мэтавую, якая павінна была «імкнуцца пранікнуць і весьці дзейнасьць супраць канкрэтнага ворага», і на прафіляктычную, зарыентаваную «на раскрыцьцё варожай дзейнасьці».

У наступны пэрыяд у дзейнасьці ДБ адбылася пэўная рэарганізацыя, і фармальнае разьвіцьцё дырэктываў і іх працоўных і мэтадычных наступстваў застаецца не зусім ясным. На пачатку 1950 году дакладна была прынятая новая «намэнклятура супрацоўнікаў».

а) Агент апэратыўны (Ao) быў супрацоўнікам фармальна завэрбаваным, які рэгулярна абслугоўваўся, меў «давер ворага і таемна, на загад ДБ, дзейнічаў у асноўным пункце аб’екту ў інтарэсах ДБ».

б) Агент унівэрсальны (Av) вызначаўся аналягічна, з адным адрозьненьнем, што на загад Дзяржаўнай бясьпекі таемна дзейнічаў «у варожым асяродку».

в) Інфарматар апэратыўны (Io) быў фармальна завэрбаваным супрацоўнікам, які рэгулярна абслугоўваўся і «сыстэматычна падаваў зьвесткі з асноўнага пункту аб’екту зацікаўленасьці ДБ».

г) Інфарматар унівэрсальны (Iv) быў такім самым тыпам супрацоўніка, які, аднак, не падае «зьвестак з асноўнага пункту зацікаўленасьці ДБ».

д) Даверанай асобай (D) лічыўся вусна завэрбаваны супрацоўнік, які абслугоўваецца, калі неабходна. «Даверам ворага не карыстаецца. D – гэта асобы, якія сьвядома і з ахвотай падаюць службе бясьпекі інфармацыю ці розныя паслугі, калі гэта спатрэбіцца».

21 лістапада 1950 году датуецца аж занадта кароткі ліст, адрасаваны беспасярэдне калегіі міністра нацыянальнай бясьпекі і савецкім дарадцам, у дачыненьні да якіх «пры рэарганізацыі агентурнай службы» было адменена «вызначэньне «супрацоўнік», якое выкарыстоўвалася дасюль». Ранейшае вызначэньне «агент» асабліва не адрозьнівалася ад абноўленага: «Агент (A) – супрацоўнік фармальна абавязаны, які рэгулярна абслугоўваецца, мае давер ворага і таемна – на загады службы Дзяржаўнай бясьпекі – дзейнічае ў варожым асяродку». Крыху зьмененыя былі патрабаваньні да інфарматара: «Інфарматар (I) – супрацоўнік фармальна абавязаны, які рэгулярна абслугоўваецца, падае зьвесткі і ўяўляе сабой інтарэс з пункту гледжаньня дзяржаўнай бясьпекі». Зьмены адбыліся і для катэгорыі «рэзыдэнт», ён ужо мог кіраваць і агентамі: «Рэзыдэнт (R) – супрацоўнік фармальна абавязаны, які рэгулярна абслугоўваецца і сам у інтарэсах Дзяржаўнай бясьпекі абслугоўвае некалькі інфарматараў ці агентаў, а атрыманыя ім матэрыялы і складваюцца ў папку гэтага рэзыдэнта». У апошнюю чаргу была дададзеная новая катэгорыя «гаспадар кансьпіратыўнай кватэры» (KB), пра якога толькі гаварылася, што ён «павінен рэгістравацца ў агентурнай картатэцы».

У канцы 1951 году Міністэрства нацыянальнай бясьпекі правяло праверку агентурнай дзейнасьці службоўцаў ДБ, якая нібыта паказала, «што праца з агентурнымі супрацоўнікамі ўсё яшчэ недаацэненая, і як вынік гэтага, агентура яшчэ ня сталася баявой зброяў работнікаў нацыянальнай бясьпекі ў барацьбе супраць клясавага ворага». Міністар нацыянальнай бясьпекі Ладзіслаў Копршыва ў сакрэтным загадзе № 36 «Праца з агентам» нават сьцьвярджаў: «Камандзіры ўсіх узроўняў не заўважалі канкрэтнай праблематыкі агентурнай працы падначаленых працаўнікоў, працу з агентамі не кантралююць і тым самым аслабляюць баяздольнасьць бясьпекі. Колькаснае становішча сёньняшняй агентуры зусім нездавальняючае, выбару новых агентурных супрацоўнікаў надаецца малая ўвага».

Уласна агентурная праца апэратыўных органаў ДБ мела наступныя асноўныя хібы. Апэратыўныя «органы» нібыта надта «часта» схілялі да супрацоўніцтва асобаў, якіх хутчэй павінны былі «распрацоўваць як варожых аб’ектаў». Дрэнны аналіз «выпадкаў» часам быў прычынай выбару неадпаведных, дрэнна абавязаных супрацоўнікаў і нездавальняючага кіраўніцтва імі. Паводле аналізу, замест дасканалага выкарыстаньня тайнага супрацоўніка палітычная паліцыя, па сутнасьці, пакрывала «варожага агента». Нібыта раскрыліся і выпадкі, калі «аб’екты, абавязаныя да супрацоўніцтва», сыстэматычна давалі правакацыйныя зьвесткі. Зь некалькіх выпадкаў апошняга часу, якія, канечне ж, былі тыповыя толькі для пачатковай фазы стварэньня масавай агентурнай сеткі, стала яскрава відаць іншая «сур’ёзная памылка... органы схіляюць да супрацоўніцтва асобаў, пра якіх практычна нічога ня ведаюць, а пасьля раскрыцьця выпадку з абсалютна іншай агентурнай крыніцы робіцца вядома, што гэта быў член антыдзяржаўнай групоўкі». Неабходна падкрэсьліць, што задачай гэтай самакрытыкі, якая абагульняла некаторыя агентурныя выпадкі ДБ, была не рэлятывізацыя небясьпечнасьці працы з агентурнай сеткай, а імкненьне выправіць выяўленыя недахопы. Да гэтага мае дачыненьне і выкрыцьцё наступнай «памылкі» – «да супрацоўніцтва прыцягваюцца асобы, якія знаходзяцца на пэрыфэрыі варожага асяродку і ня маюць ані задаткаў інфарматараў, ані перадумоваў для таго, каб зрабіцца агентамі і ўкараніцца ў варожыя шэрагі».

Наступная заўвага тычылася толькі тых тайных супрацоўнікаў ДБ, якіх удалося схіліць да супрацоўніцтва з апэратыўнымі органамі праз запалохваньне: «Форма вэрбоўкі часта бывае шаблённай, паводле нейкага аднаго выпадку, які сябе «апраўдаў», напрыклад, чалавек выклікаецца ў службу бясьпекі, пры гэтым папярэдне ў яго дачыненьні не праведзеная люстрацыя і не падрыхтаваная нават вэрбоўная прапанова. На допыце ён пад пагрозамі вымушаны падпісаць прысягу, пры гэтым органы нават не валодаюць ніякім кампрамэтоўным матэрыялам і толькі потым, дадаткова, выпрацоўваюць вэрбоўную прапанову. Выявіліся нават выпадкі, якія заслугоўваюць пакараньня, калі як сродак вэрбоўкі выкарыстоўвалася нават фізычнае ўзьдзеяньне, гвалт і розныя пагрозы». Аўтары дырэктывы адчувалі і неабходнасьць зьвярнуць увагу на «недахопы… у абслугоўваньні супрацоўнікаў, якія былі выкліканыя тым, што:

а) кіроўны орган недастаткова рыхтуецца да сустрэчы з агентам і ня ставіць перад ім дакладных задачаў, як агульных, так і дэталёвых,

б) пры наступнай сустрэчы не настойвае на выкананьні пастаўленых задачаў альбо нават не кантралюе, ці былі яны выкананыя і як,

в) не кантралюе дзейнасьці агента,

г) як вынік, ня мае поўнага ўяўленьня аб працы агента, яго стаўленьні да задачы, яго здольнасьцях, якасьці і грунтоўнасьці яго данясеньняў,

д) не прытрымліваецца прынцыпаў кансьпірацыі.

Вядома ж, неабходна пакласьці канец такому безадказнаму стаўленьню да агентурнай працы. Кожны апэратыўны супрацоўнік мусіць усьведамляць, што яго галоўнай зброяй у барацьбе з клясавым ворагам ёсьць палітычная сьпеласьць і агентура».

Таму міністар Копршыва загадаў «прытрымлівацца наступных прынцыпаў пры працы з агентамі». Пры падборы «прыдатных тыпаў і пры падрыхтоўцы да вэрбоўкі» работнікі ДБ мусілі, у першую чаргу, «палітычна ўсьвядоміць, дзе знаходзіцца ці можа знаходзіцца вораг народна-дэмакратычнага ладу – то бок, дзе знаходзяцца аб’екты органаў Дзяржбясьпекі». Потым было «неабходна заўсёды скіроўваць... агентуру згодна з загадзя падрыхтаваным плянам». Пры выбары тыпаў, прыдатных для вэрбоўкі, трэба было ўлічваць два «галоўныя патрабаваньні:

a) надзейнасьць (гэта значыць, якія ёсьць гарантыі, што гэтая асоба пры правільным кіраваньні і кантролі ня здрадзіць);

б) прыдатнасьць тыпу (гэта значыць, якія стасункі і кантакты мае прапанаваная асоба з клясавым ворагам, якія яе асабістыя якасьці, які маецца на яе кампрамэтоўны матэрыял і г. д.)».

Толькі пасьля гэтага можна было «брацца за непасрэдную апрацоўку выбранага тыпу».

Прынцыпам усіх апэратыўных работнікаў Дзяржбясьпекі павінна было стаць усьведамленьне, «што вэрбаваць можна толькі тых асобаў, якія ўжо як сьлед апрацаваныя, а гэта значыла:

Прагледзець усе картатэкі, навесьці зьвесткі пра папярэднюю дзейнасьць, палітычнае мінулае, кантакты, захапленьні, рысы характару, сваякоў, знаёмых і г. д., проста тое, што дазволіць скласьці дакладнае ўяўленьне пра асобу, у некаторых выпадках ёсьць неабходнасьць да адшуканай і такім чынам апрацаванай асобы прымацаваць іншага агента, які пра яе паводзіны і характар можа падаць падрабязны рапарт, перад вэрбоўкай варта за абранай асобай паназіраць, у асабліва важных выпадках некаторы час і пасачыць, неабходна апрацаваць абраную асобу з дапамогай тэхнічных сродкаў (тэлефоннае праслухоўваньне, мікрафонная сувязь, цэнзура карэспандэнцыі), сабраць кампрамэтоўны матэрыял – альбо выпрацаваць плян дзеяньняў у яго пошуку і зборы – і ўсё гэта да такой ступені, каб завэрбаваная асоба ясна зразумела, што ўсё яе далейшае існаваньне залежыць ад супрацоўніцтва з органамі Дзяржбясьпекі.

На аснове такой апрацоўкі і сабранага матэрыялу неабходна ўзважыць атрыманыя зьвесткі, і калі матэрыял пра злачынную дзейнасьць надта сур’ёзны, трэба вырашыць, ці ня будзе больш мэтазгодным абраную асобу арыштаваць, чым завэрбаваць. У кожным разе перад вэрбоўкай павінен быць падрыхтаваны плян захадаў на выпадак, калі асоба адмовіцца ад супрацоўніцтва са службай бясьпекі (напрыклад, калі матэрыял аб злачыннай дзейнасьці дастатковы, да вэрбоўнай прапановы адначасова мусіць прыкладацца ордэр на арышт і г. д.)». Як жа гэта было – на першы погляд – у пачатку пяцідзясятых гадоў проста! Альбо так, альбо не! Трэцяга няма!

Загад міністра Копршывы падкрэсьліваў як вырашальны элемэнт «для атрыманьня канкрэтных вынікаў агентурнай дзейнасьці… спосаб кіраваньня агентурнымі супрацоўнікамі». Дрэннае кіраваньне агентурнымі супрацоўнікамі цягне за сабой альбо выкрыцьцё агента, альбо яго недастаткова поўнае выкарыстаньне. Кіроўны орган ніколі не павінен быў забывацца пра факт, «што агент абарачаецца ў варожым асяродзьдзі, якое на яго робіць свой уплыў». Ён павінен быў агента «сыстэматычна» рыхтаваць, «як у палітычным, так і ў апэратыўным сэнсе да выкананьня заданьняў». Апэратыўны работнік мусіў пра гэта ўвесь час памятаць, у тым ліку і «пры наладжваньні дачыненьняў паміж ім і агентам». Ні ў якім разе нельга было дапускаць ніякай фамільярнасьці, ад агента нельга было прымаць ніякіх падарункаў, пачастункаў і інш. «Агента неабходна выхоўваць так, каб ён усьведамляў, што працуе на дзяржаву пры пасярэдніцтве Дзяржаўнай бясьпекі, а ні ў якім разе не на гэты орган бясьпекі, а ў выпадку, калі характар працоўных магчымасьцяў агента таго вымагае, неабходна перадаць агента іншаму органу, аддзелу ці краю».

Зусім непераканаўча гучыць той урывак з загаду Копршывы, дзе гаворыцца пра забарону правакацый: «Пры кіраваньні агентурнымі супрацоўнікамі орган павінен памятаць, што агент ні ў якім разе не павінен стаць ініцыятарам злачынстваў ці зрабіцца цэнтральнай фігурай у антыдзяржаўнай гульні. Ні пры якіх умовах агент ня мае права падбухторваць іншых да тэрарыстычнай дзейнасьці, агентам неабходна кіраваць такім чынам, каб пра любыя тэрарыстычныя ці сабатажныя дзеяньні ён імгненна рапартаваў вышэй і гэтыя тэндэнцыі паралізоўваў. Абавязкам кіроўнага органу ў падобных выпадках ёсьць тэрміновая ліквідацыя такіх аб’ектаў». Дадаткова тут было пазначана, што «агент ня можа рабіцца правакатарам».

Пры кіраваньні агентурнымі супрацоўнікамі «часта здараліся сытуацыі, калі аб’ект, на які была скіравана ўвага агента, быў ліквідаваны» і перад членамі ДБ паўставала пытаньне пра «пераарыентацыю агента». «Пра гэтую магчымасьць неабходна памятаць ужо пры ліквідацыі аб’екту, бо неабходна захаваць магчымасьць своечасова папярэдзіць агента, каб ён ня страціў даверу ворага». Адначасова было неабходна падрыхтаваць агенту «глебу» для далейшай «працы зь іншым аб’ектам». У гэтых выпадках ДБ павінна была такім чынам арганізаваць працу іншых агентаў, каб яны, «нават не здагадваючыся, што гаворка ідзе пра супрацоўніка Дзяржбясьпекі, падрыхтавалі агенту ўмовы для далейшай дзейнасьці. Радзей, пры грунтоўным вывучэньні ўсіх стасункаў і кантактаў агента з клясавым ворагам, выяўлялася, што агент сам мае магчымасьць глыбейшага пранікненьня, пры акуратным кіраваньні, у іншыя варожыя аб’екты. Тут галоўным ёсьць прынцып, што толькі падрабязнае вывучэньне працоўных магчымасьцяў і асабістых якасьцяў дапамагае прыняць рашэньне пра наступную пераарыентацыю агента».

Акрамя сталага падкрэсьліваньня ролі кансьпірацыі, у загадзе быў і ўрывак, які патрабаваў ад кожнага апэратыўніка пільна кантраляваць дзейнасьць сваіх агентурных супрацоўнікаў. «У першую чаргу неабходна кантраляваць выкананьне заданьняў і правяраць атрыманыя ад яго зьвесткі. Другі від кантролю, які кіроўны орган павінен час ад часу праводзіць, гэта выпадковае сачэньне, выкарыстаньне тэхнічных сродкаў, праслухоўваньне важных спатканьняў агентурнага супрацоўніка з аб’ектам і кантроль пры дапамозе іншага агента ці інфарматара». Адмысловай формай кантролю быў кантроль адміністрацыйны, вынікам якога мусіла стаць «старанна складзеная агентурная кніга, якая павінна быць жывым дакумэнтам». Кіроўны орган мусіў «сыстэматычна» ўносіць у агентурную кнігу ўсе акалічнасьці, зьвязаныя з працай і дзейнасьцю агентурнага супрацоўніка.

У выпадку, калі апэратыўны орган выяўляў, што яго агентурны супрацоўнік выкрыты, ён павінен быў агента «або адразу прыбраць, або пасьля грунтоўнай падрыхтоўкі… выкарыстаць для таго, каб зьбіць ворага з панталыку, ці перавесьці яго туды, дзе б яго яшчэ можна было выкарыстаць». Дырэктыва прыводзіла і парадак дзеяньняў на выпадак, калі «агентурны супрацоўнік здрадзіць ці адмовіцца ад далейшага супрацоўніцтва». Службоўцы ДБ мусілі «ўвесь выпадак як сьлед прааналізаваць і адшукаць памылку», як зь іхнага боку, так і з боку агента. «Калі ж іншае рашэньне немагчымае, то неабходна, выкарыстаўшы кампрамэтоўны матэрыял, прыняць суровыя меры і аддаць агента пад суд».

Загад таксама ясна вызначаў, што за кіраваньне і кантроль дзейнасьці агентурнай сеткі нясуць адказнасьць кіраўнікі ўсіх узроўняў, галоўны абавязак якіх – «праца з агентамі». «Калі, аднак, камандзіры хочуць як сьлед кантраляваць працу падначаленых службоўцаў з агентамі, яны самі павінны займацца агентурнай дзейнасьцю». Міністар Копршыва падкрэсьліваў: «Агентура – гэта самая дзейсная зброя супраць клясавага ворага з усіх элемэнтаў нашай службы. Агентура дае магчымасьць выкрыць і ліквідаваць клясавага ворага раней, чым ён ажыцьцёвіць свае злачынныя намеры... Новыя задачы, якія паўстаюць пры абвастрэньні клясавай барацьбы на шляху да сацыялізму, патрабуюць ад нашай службы, каб яна крочыла ў нагу з часам і заўсёды магла ў зародку пасьпяхова выкрываць антыдзяржаўную дзейнасьць ворага. Ведаць намеры ворага і наносіць удар у самы прыдатны час – такую магчымасьць нам даюць зьвесткі надзейна арганізаванай агентурнай сеткі. Таму агентура ў руках верных партыі, палітычна сьпелых і прафэсійна абазнаных працаўнікоў – гэта першая зброя нашай нацыянальнай бясьпекі. Гэтую зброю сёньня неабходна зрабіць цэнтрам найвялікшай увагі і яе вастрыё скіраваць супраць ворагаў міру і сацыялізму ў нашай краіне».

ЭРА БАРАКА

Наступны сакрэтны загад № 72 аб працы з агентамі, а таксама «Дырэктыва па агентурна-апэратыўнай працы» былі распрацаваныя і ў красавіку 1954 году выдадзеныя міністрам унутраных справаў Рудольфам Баракам. Ва ўступе да дырэктывы ён ставіць перад «органамі Міністэрства ўнутраных справаў пачэсную і адказную задачу: ахоўваць пабудову сацыялізму ў нашай айчыне». Члены Дзяржаўнай бясьпекі адчувалі сябе як «на першай лініі барацьбы супраць унутранага і замежнага ворага». Пад кіраўніцтвам КПЧ і «ў цеснай повязі з працаўнікамі гарадоў і вёсак» яны мусілі дасягнуць «шматлікіх посьпехаў. Яны абясшкодзілі як у цэнтры, так і ў краях шмат небясьпечных шпіянажных, сабатажных, тэрарыстычных і іншых антыдзяржаўных груповак, сканфіскавалі значную колькасьць зброі, рацыяў і антыдзяржаўных улётак». Гэтых «посьпехаў» ДБ дасягнула «дзякуючы пастаяннаму павышэньню палітычнага ўзроўню» сваіх апэратыўнікаў, якія «выхоўваюцца ў духу адданасьці справе рабочай клясы, камуністычнай партыі і Савецкаму Саюзу, у духу непрымірэнчай нянавісьці да ворагаў міру і сацыялізму». Павышэньне палітычнага ўзроўню працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў нібыта выявілася ня толькі «ва ўпартай барацьбе супраць парушэньня сацыялістычных законаў», але перадусім «у барацьбе за правільнае выкарыстаньне агентурнага апарату як аднаго з асноўных відаў зброі» ў руках Дзяржаўнай бясьпекі. «Практыка паказвае, што ад правільнага выкарыстаньня агентурнага апарату ў пераважнай большасьці выпадкаў залежыць посьпех барацьбы апэратыўных органаў Міністэрства ўнутраных справаў супраць ворага. Апэратыўныя працаўнікі, якія правільна зразумелі значэньне агентурнай працы, таму зьяўляюцца прыкладам у барацьбе з ворагамі народна-дэмакратычнага ладу». Нягледзячы на гэта, у працы органаў ДБ увесь час прысутнічалі «значныя недахопы». Адным з такіх недахопаў быў факт, што «многія» апэратыўнікі ДБ «як у цэнтры, так і на пэрыфэрыі, яшчэ не зразумелі значэньня агентурнай працы як найважнейшай зброі ў барацьбе з ворагам, не зразумелі, што апэратыўны працаўнік бяз добра выбудаванай, арганізаванай і кіраванай агентурнай сеткі – гэта проста канцылярскі бюракрат, які ня здольны выкрыць і абясшкодзіць ворага». Некаторыя сэктары апарату ДБ усё яшчэ замянялі «грунтоўную агентурную працу» працай з «так званымі даверанымі асобамі». Галоўны папрок на адрас многіх апэратыўных працаўнікоў гучаў наступным чынам: «замест таго... каб вэрбаваць агентуру, якая мае доступ у асяродак, варожы народна-дэмакратычнаму ладу, мае магчымасьць глыбока пранікаць у варожае падпольле, выкрываць яго варожую дзейнасьць і намеры, яны большую частку свайго часу губляюць на сустрэчы з даверанымі асобамі». Супрацоўнікі ДБ тыпу «давераная асоба» былі «ў пераважнай большасьці актыўнымі працаўнікамі і функцыянэрамі», адкрыта выступалі «супраць ворагаў... народна-дэмакратычнага ладу», ня маючы магчымасьці «пранікаць у варожы асяродак, тым больш у актыўнае варожае падпольле». Аўтары дырэктывы прыйшлі да лягічнай высновы, што замена агентурнай працы працай з даверанымі асобамі не магла прынесьці жаданых вынікаў». Кантакт апэратыўнага працаўніка – «які абслугоўвае давераны яму аб’ект ці сэктар» – з функцыянэрамі і актывам натуральным чынам дапамагаў яму арыентавацца ў сытуацыі, зьведваць і спраўджваць факты, на якія пазьней ён мог «зьвяртаць увагу агентуры». Аднак ніхто ня меў права «кантактамі з актывам» падмяняць працу з агентурай.

«Наступным сур’ёзным недахопам у агентурнай працы ёсьць слабы кантроль за дзейнасьцю апэратыўных працаўнікоў з боку ніжэйшага, сярэдняга і вышэйшага кіраўніцтва. Яшчэ ёсьць такія працоўныя месцы, на якіх асобныя апэратыўныя працаўнікі за апошні год ці два не завэрбавалі ніводнага агента ці інфарматара і не завялі ніводнай агентурнай справы. Такія «апэратыўныя» працаўнікі ўжо даўно перасталі быць апэратыўнымі і не прыносяць партыі і дзяржаве ніякай карысьці. Як гэта магчыма, што іх камандзіры цэлы год ці нават больш ня бачаць, што органы, ім падначаленыя, ігнаруюць агентурную дзейнасьць? Гэтак можа быць толькі з той прычыны, што гэтыя камандзіры агентурна-апэратыўнай працы не патрабуюць і зусім не праводзяць кантролю працы на давераных ім участках».

Не ў апошнюю чаргу міністар Барак лічыў неабходным «энэргічна і рашуча» ліквідаваць наступны «недахоп» у агентурна-апэратыўнай працы, а менавіта «выкарыстаньне правакацыйных мэтадаў». Хаця гэтыя выпадкі сустракаюцца ня надта часта, некаторыя апэратыўнікі недаацанілі палітычнага значэньня барацьбы за сацыялістычныя законы і карыстаюцца правакацыйнымі мэтадамі пры працы з агентурай. Правакацыйныя мэтады неспалучальныя з правільным разуменьнем сэнсу агентурнай працы, а выпадкі выкарыстаньня правакацыйных мэтадаў трэба лічыць грубым парушэньнем сацыялістычнай законнасьці».

Апошнім са згаданых сур’ёзных недахопаў у агентурнай працы было «парушэньне асноўных прынцыпаў кансьпірацыі», і гэта тычылася як пытаньняў нармаваньня, так і абслугоўваньня агентаў. «Выпадкі дэкансьпірацыі агентаў – празь непрадуманае нармаваньне агентуры, празь нядбайную арганізацыю агентурных сустрэчаў, празь няправільнае і фармальнае кіраваньне агентурнымі супрацоўнікамі – сьведчыць пра тое, што дастаткова многа апэратыўных працаўнікоў як сьлед не разумеюць, што адзіна засакрэчаны агентурны супрацоўнік можа пасьпяхова выконваць заданьні».

Ва ўступе міністар унутраных справаў яшчэ патрабаваў: «Ад хуткага і пасьлядоўнага выкараненьня недахопаў у агентурнай працы залежыць павышэньне агульнага апэратыўнага ўзроўню органаў Міністэрства ўнутраных справаў. Умовы абвостранай клясавай барацьбы патрабуюць пастаяннага павышэньня ўзроўню апэратыўнай працы як у цэнтры, так і на пэрыфэрыі. Таму абавязкам усіх працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў ёсьць рашучае і прынцыповае, праведзенае ў сьціслыя тэрміны паляпшэньне агентурна-апэратыўнай працы». Акрамя знаёмства з новымі дырэктывамі, Барак распарадзіўся ў першую чаргу перавесьці «давераных асобаў», якія маюць магчымасьць выкрываць і распрацоўваць варожыя групоўкі ці асобных варожых асобаў, у катэгорыю інфарматараў – а ў некаторых выпадках нават у катэгорыю агентаў – і ўключыць іх у агентурную сетку. «З астатнімі даверанымі асобамі і надалей падтрымліваць сувязь як з актывам, аднак толькі па меры неабходнасьці». Усім камандзірам, якія кіруюць апэратыўнай працай на ўсіх узроўнях, было загадана прыняць «падставовыя меры» для пошуку агентуры, «патрэбнай» на аб’ектах і па лініях працы, пасьлядоўна прытрымлівацца інструкцый па агентурнай дзейнасьці і пры гэтым увесь час «памятаць, што самамэтавы, масавы, павярхоўны і фармальны пошук агентуры ня можа прынесьці жаданых вынікаў». Загад ізноў забараняў усім апэратыўнікам карыстацца «правакацыйнымі мэтадамі» пры працы з агентурай. Барак патрабаваў, каб яму ці яго намесьнікам імгненна дакладвалі пра ўсе выпадкі «выкарыстаньня правакацыйных мэтадаў у агентурна-апэратыўнай працы і парушэньня сацыялістычнай законнасьці, а вінаватыя каб былі своечасова пакараныя».

Сама сабою «Дырэктыва па агентурна-апэратыўнай працы» пашырала вызначэньне агентурна-інфарматарскай сеткі, у якую, як і раней, уваходзілі асобы, «тайна завэрбаваныя для выкрыцьця, апрацоўкі, дакумэнтаваньня і своечасовага перапыненьня злачыннай дзейнасьці варожага падпольля, агентуры варожых выведных і эмігранцкіх цэнтраў, для выкрыцьця шкоднікаў, дывэрсантаў, тэрарыстаў і іншых злачынных элемэнтаў, якія імкнуцца падарваць народна-дэмакратычны лад у ЧССР». Агентурная сетка ў залежнасьці ад рознага характару заданьняў у распрацаваным «варожым асяродзьдзі» падзялялася на: 1) агентаў, 2) інфарматараў, 3) рэзыдэнтаў, 4) гаспадароў кансьпіратыўных кватэраў і кватэраў, здадзеных для сустрэчаў.

Агент (A) у 1954 годзе вызначаўся як найздатнейшы тайны супрацоўнік апэратыўных органаў Міністэрства ўнутраных справаў, галоўнай якасьцю якога мусіла быць «здольнасьць пранікаць у варожае падпольле і ў выведныя органы супраціўніка, апрацоўваць іх і выконваць іншыя спэцзаданьні». Пад гэтымі заданьнямі мелася на ўвазе «актыўная апрацоўка шпіёнаў, шпіёнскіх рэзыдэнтураў, сабатажнікаў і шкоднікаў, падпольных арганізацыяў (буржуазна-нацыяналістычных, кулацка-паўстанцкіх, былых рэакцыйна-палітычных партыяў і г. д.), выведных органаў праціўніка і яго эмігранцкіх цэнтраў».

Каб магчыма было выканаць гэтыя задачы, ДБ вэрбавала агентуру, «як правіла, зь ліку членаў… варожых арганізацыяў альбо з асобаў, якія мелі магчымасьць у гэтыя арганізацыі пранікнуць». Агента апэратыўныя органы павінны былі вэрбаваць «на аснове кампрамэтоўных матэрыялаў – гэта значыць, яго злачыннай дзейнасьці, – патрыятычных памкненьняў, ягоных сымпатыяў да народна-дэмакратычнага ладу, або, урэшце, за матэрыяльныя выгоды. Прыдатнымі кандыдатамі для вэрбоўкі на аснове кампрамэтоўных матэрыялаў могуць быць няўстойлівыя элемэнты, якія ўключыліся ў антыдзяржаўную дзейнасьць пад пагрозамі ці за матэрыяльныя выгоды і якія ў антыдзяржаўнай дзейнасьці ня гралі галоўнай ролі». Службоўцы ДБ, аднак, мусілі ўвесь час памятаць, «што самай надзейнай ёсьць агентура, якая пайшла на вэрбоўку з патрыятычных памкненьняў». Гэта было асабліва важна пры выкананьні «спэцзаданьняў: вэрбоўка за мяжой, аднаўленьне ці наладжваньне сувязі з замежнай і іншай агентурай і г. д.», якія маглі выконваць толькі «агенты з шэрагу надзейных асобаў, адданых народна-дэмакратычнаму ладу, якія прысягнулі, што ня здрадзяць дзяржаўным інтарэсам. На ідэалягічнай базе набіраюцца таксама агенты з замежных грамадзянаў, якія сымпатызуюць народна-дэмакратычнаму ладу, а таксама з інфарматараў, якія маюць магчымасьць працаваць на варожай тэрыторыі».

Інфарматар (I) вызначаўся як тайны супрацоўнік органаў Міністэрства ўнутраных справаў, «завэрбаваны, як правіла, на аснове патрыятычных памкненьняў, які дае інфармацыю пра варожыя элемэнты са свайго атачэньня»; акрамя гэтага ён мог быць завэрбаваны і на аснове кампрамэтоўных матэрыялаў». Інфарматары мусілі выконваць наступныя заданьні:

а) выкрываць «асобаў, варожых народна-дэмакратычнаму ладу, факты антыдзяржаўнай дзейнасьці» і своечасова пра іх інфармаваць сваё кіраўніцтва;

б) браць удзел у «апрацоўцы канкрэтных асобаў» і ў меру сваіх магчымасьцяў дапамагаць у выкрыцьці «злачыннай дзейнасьці ворагаў»;

в) спрыяць выкананьню іншых загадаў органаў Дзяржбясьпекі, зьвязаных з «аховай дзяржаўнай таямніцы і асабліва важных аб’ектаў у дзяржаве», і пры пошуку «антыдзяржаўных злачынцаў».

Інфарматараў апэратыўныя працаўнікі выкарыстоўвалі і для іншых «вузка спэцыяльных мэтаў», перадусім дзеля «прадухіленьня дывэрсійных актаў». Пры гэтым інфарматар павінен быў выкрываць і зьвяртаць увагу кіраўніцтва на «дывэрсійныя намеры ворага», сыгналізаваць пра «факты парушэньня вытворчых працэсаў, правілаў тэхнікі бясьпекі на вытворчасьці і інш., за якімі могуць хавацца дывэрсійныя і шкодніцкія дзеяньні. Антыдывэрсійныя інфарматары вэрбуюцца на важных прамысловых аб’ектах (на вугальных шахтах і рудніках, на чыгунцы, на зброевых заводах, электрастанцыях, вайсковых складах і г. д.), у месцах, дзе дывэрсіі маглі б мець значныя наступствы». Таксама спэцзаданьнямі лічыліся атрыманьне «асабістых зьвестак і характарыстык» розных асобаў і ахова дзяржаўнай мяжы. «Інфарматар своечасова перадае органу МУС зьвесткі пра ўсіх падазроных асобаў, якія зьяўляюцца ў памежнай зоне, і пра факты парушэньня мяжы».

У катэгорыю «агент» мог быць пераведзены толькі інфарматар, «які ў працэсе агентурна-апэратыўнай працы» атрымаў магчымасьць «пранікнуць у той ці іншы варожы асяродак ці весьці апрацоўку асобных антыдзяржаўных злачынцаў».

Тайныя супрацоўнікі тыпу «рэзыдэнт» вэрбаваліся, «галоўным чынам, з камуністаў ці беспартыйных, безумоўна адданых народна-дэмакратычнаму ладу, якія маюць здольнасьці і могуць кіраваць групай інфарматараў», а «часам» і зь ліку агентаў. Рэзыдэнты былі неабходныя Дзяржбясьпецы ў выпадках, калі апэратыўныя працаўнікі былі ў асабістым кантакце з «мноствам агентаў» і не маглі забясьпечыць іх «правільнага абслугоўваньня», а таксама тады, калі асабістае ўзаемадзеяньне апэратыўнага працаўніка з інфарматарамі і агентамі ўскладнялася спэцыфічнымі ўмовамі працы. Колькасьць інфарматараў, што знаходзіліся пад «апякунствам», залежала ад акалічнасьцяў, а таксама ад магчымасьцяў самога рэзыдэнта, аднак іх не павінна было быць «болей за пяць ці восем».

Дырэктыва ўвяла новую катэгорыю: зьнятыя кватэры – кватэры для спатканьняў. Ажно да гэтай пары Дзяржаўная бясьпека не карысталася зьнятымі кватэрамі, апэратыўныя працаўнікі прымалі агентуру на кансьпіратыўных кватэрах альбо ў грамадзкіх месцах. «Гаспадары гэтых кватэраў выбіраюцца зь ліку правераных, шчырых і адданых народна-дэмакратычнаму ладу людзей, кватэры якіх павінны адпавядаць неабходным патрабаваньням для прыёму агентуры – малая колькасьць жыхароў, прыдатнае разьмяшчэньне, пад’езды, уваходы і выхады, – якія забясьпечваюць кансьпірацыю працы». Нягледзячы на тое, што гаспадары гэтых кватэраў падпісвалі паперу пра нераскрыцьцё таямніцы пра асобаў, якія наведваюць іхныя дамы, апэратыўныя працаўнікі мусілі прымаць усе захады дзеля таго, каб гаспадар кансьпіратыўнай кватэры не пазнаёміўся з агентамі. «За кватэру ці пакой для спатканьняў з агентурай гаспадар атрымлівае плату згодна з дамовай».

Для працы «з самай шчырай і надзейнай агентурай» прызначаліся кансьпіратыўныя кватэры, што былі маёмасьцю органаў МУС. «Для жыхароў яны маскаваліся пад канцылярыі ці пад прыватныя кватэры – людзі, якія ў іх жывуць, мусілі заслугоўваць надзвычайнага даверу, гэта маглі быць альбо адмыслова завэрбаваныя інфарматары, альбо засакрэчаныя апэратыўнікі». Пры выбары кансьпіратыўнай кватэры, якая павінна была знаходзіцца «ў горадзе, у вялікім жылым доме», найвялікшую ролю адыгрывала яе разьмяшчэньне з пункту гледжаньня забесьпячэньня кансьпірацыі. «На кансьпіратыўных кватэрах можна праводзіць адну-дзьве сустрэчы на дзень… У выпадку, калі сярод прыманай агентуры выявіцца здраднік, дзейнасьць кансьпіратыўнай кватэры неабходна імгненна спыніць».

Дырэктыва досыць слушна падкрэсьлівала, што «посьпехі ў працы агентуры» залежаць, у першую чаргу, ад таго, наколькі «правільна і мэтазгодна» апэратыўны працаўнік выкарыстоўвае «яе магчымасьці і здольнасьці». Абавязкам адпаведнага кіроўнага органу было клапаціцца пра павышэньне «выведных і контравыведных якасьцяў агентуры» і пра яе выхаваньне «ў духу адданасьці народна-дэмакратычнаму ладу». Наступным абавязкам была бесьперапынная праверка і кантроль працы «і паводзінаў» агентуры. «Гэтая праверка і кантроль ажыцьцяўляюцца пры асабістых кантактах з агентурай (на сустрэчах) і празь іншых агентаў, а таксама рознымі агентурна-апэратыўнымі сродкамі, а пры неабходнасьці і з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў». Дырэктыва зноў выказвалася наконт правакацый: «Апэратыўным працаўнікам катэгарычна забараняецца даваць агентам якія б ні было правакацыйныя заданьні. Апэратыўны працаўнік не павінен дапускаць правакацыйных паводзінаў з боку агента. Агент ня мае права быць ініцыятарам антыдзяржаўных дзеяньняў і, як правіла, ня можа займаць кіроўнага месца ў апрацоўваным асяродку».

ДБ пры кіраваньні шырокай агентурнай сеткай набыла багаты досьвед. Яна ўсьведамляла тое, што агентура вэрбуецца ў асноўным з асяродзьдзя «варожых элемэнтаў», пад уплыў якіх «у працэсе сваёй працы» яна ўвесь час падпадала. Галоўны прынцып стасункаў між ДБ або канкрэтным кіроўным органам і тайным супрацоўнікам палягаў у неабходнасьці паралізацыі «варожага ўзьдзеяньня на агентуру».

«Выхаваўчая работа» з агентам мусіла мець «сыстэматычны, канкрэтны і дыфэрэнцыяваны характар, які вынікае з асабістых якасьцяў агента, яго мінулага, службовага становішча і навыкаў». Службоўцы ДБ мусілі выхоўваць агентуру «ў духу:

а) адданасьці народна-дэмакратычнаму ладу і палітычнай пільнасьці;

б) разьвіцьця і ўдасканальваньня іх выведных і контравыведных якасьцяў і кансьпірацыі ў працы;

в) сумленнасьці і адданасьці ў працы з органамі МУС, дысцыпліны і дакладнасьці ў выкананьні заданьняў...

Мэтады выхаваньня агентуры наступныя.

а) Патрабаваньне своечасовага і дакладнага выкананьня ўсіх пастаўленых заданьняў. Гэтае патрабаваньне павінна выказвацца тактоўна ў дачыненьні да агентуры, не павінна ўтрымліваць элемэнтаў грубасьці і фармалізму.

б) На гутарках з агентурай апэратыўны працаўнік павінен цікавіцца яе палітычнымі поглядамі і настроямі і на канкрэтных прыкладах даводзіць перавагі народна-дэмакратычнага ладу перад капіталістычным.

в) Апэратыўны працаўнік павінен спрытна прывязаць да сябе агентуру ня толькі тым, што запатрабуе выкананьня заданьняў, але і тым, што праявіць клопат пра яе асабістае жыцьцё.

г) Павышаць кваліфікацыю агентуры шляхам аналізу яе паводзінаў у тым ці іншым асяродзьдзі, разбору памылак і дапамогі пры іх выпраўленьні».

Камандаваньне ДБ заяўляла, што апэратыўны працаўнік сваімі паводзінамі павінен стаць для агента «аўтарытэтам». Было забаронена «наладжваць з агентамі фамільярныя адносіны, ладзіць сумесныя папойкі, прымаць ад іх якія б там ні было падарункі і карыстацца іх паслугамі». Недапушчальным было таксама прыводзіць агента да сябе дадому і «такім чынам падтрымліваць знаёмства» зь ягонай сям’ёй. Агентуры нельга было даваць абяцаньняў, якія «ня могуць быць выкананыя».

«Сустрэчы з агентурай апэратыўны працаўнік ладзіць у залежнасьці ад важнасьці і характару заданьняў, але не радзей за два-тры разы на месяц. На сустрэчы апэратыўны працаўнік павінен патрабаваць ад агента дакладу аб выкананьні папярэдніх заданьняў, даваць яму новыя заданьні і падрабязныя інструкцыі дзеля іх выкананьня, выслухоўваць прапановы агента ў гэтым пытаньні і вызначаць тэрмін выкананьня».

Адзін з разьдзелаў дырэктывы меў назву «Перарываньне сувязі з агентурай». «З агентурнай сеткі неабходна выключыць:

a) двайных агентаў (дублёраў);

б) супрацоўнікаў, якія скампрамэтавалі сябе правакацыйнамі паводзінамі;

в) проста няздольных супрацоўнікаў;

г) тых супрацоўнікаў, якія ня могуць выконваць заданьняў органаў МУС з прычыны доўгай цяжкай хваробы;

д) супрацоўнікаў, якія катэгарычна адмаўляюцца ад далейшага супрацоўніцтва».

Апэратыўны працаўнік пра перарываньне сувязі з агентам павінен быў напісаць падрабязны рапарт. У некаторых выпадках вышэйшы начальнік праводзіў «праверачную сустрэчу», каб пераканацца ў «спыненьні супрацоўніцтва». У апошняй інстанцыі са спыненьнем сувязі з агентам мусілі пагадзіцца тыя камандзіры, якія прымалі рашэньне пра яго вэрбоўку. «Агент, зь якім перапыняецца кантакт, падпісвае прысягу пра захаваньне таямніцы. У выключных выпадках, калі нямэтазгодна паведамляць агентурнаму супрацоўніку аб спыненьні супрацоўніцтва, прысяга пра захаваньне таямніцы не патрабуецца».

У ходзе агентурна-апэратыўнай працы ДБ узнавіла кантакт з цэлым шэрагам ужо «выключаных» агентаў. Пасьля пад’ёму ўсіх матэрыялаў «на агента» з апэратыўнага архіву і іх вывучэньня кіроўны орган пісаў «абгрунтаваную прапанову» для аднаўленьня супрацоўніцтва з «гэтым выключаным агентам».

ШАСЬЦІДЗЯСЯТЫЯ ГАДЫ

На пачатку шасьцідзясятых гадоў Дзяржбясьпека нарэшце правяла аналіз сваіх працоўных мэтадаў, якімі дагэтуль карысталася, і на аснове гэтага разбору Міністэрства ўнутраных справаў прыняло новыя правілы агентурна-апэратыўнай працы. У падкрэсьлена ідэалягічным уступе да «Дырэктывы па агентурна-апэратыўнай працы Дзяржаўнай бясьпекі», якую ў сярэдзіне траўня 1962 году выдаў міністар унутраных справаў Любамір Штроўгал, акрамя абвяшчэньня пра пераход да разьвіцьця сацыялізму ў Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам КПЧ вярхушка ДБ імкнулася абмаляваць зьмяшчэньне прыярытэтаў у працы Дзяржбясьпекі, што было рэакцыяй на зьмены палітычнай рэальнасьці за мяжой і посьпехі заходніх інфарматарскіх службаў. «Чэхаславацкая сацыялістычная рэспубліка разам з ГДР утвараюць заходнюю мяжу сацыялістычнага лягеру, што ставіць нас на перадавую лінію барацьбы... Варожыя выведкі выкарыстоўваюць для шпіянажу і падрыўной дзейнасьці супраць нас замежных грамадзянаў, якія прыехалі да нас, атрымаўшы візу, і іншыя варожыя клясавыя элемэнты. Таму галоўныя высілкі Дзяржаўнай бясьпекі скіраваныя супраць імпэрыялістычных выведак, асабліва амэрыканскай, заходненямецкай, ангельскай і францускай». Акрамя таго, ДБ павінна «ўсё болей і болей умела і эфэктыўна змагацца супраць усіх клясавых ворагаў і непапраўных асацыяльных элемэнтаў, якія вядуць антыдзяржаўную дзейнасьць». Дырэктыва найвышэйшага ўзроўню сакрэтнасьці – зусім сакрэтна асаблівай важнасьці – агаворвала залежнасьць тайнай паліцыі ад КПЧ: «Дзяржаўная бясьпека працуе пад кіраўніцтвам партыі і сыстэматычна кантралюецца партыяй. Усе заданьні Дзяржаўнай бясьпекі неабходна разумець пасьлядоўна ў духу палітычнай лініі партыі. На кожным працоўным месцы неабходна імкнуцца да поўнага і глыбокага ажыцьцяўленьня галоўнай мэты партыі і ленінскіх нормаў партыйнага жыцьця». Цалкам абсурдна гучыць наступная фраза: «Моц Дзяржаўнай бясьпекі палягае ў цеснай сувязі з народам, у верным служэньні народу пры ахове сацыялістычнага ладу». «Перавага» камуністычнага лягеру і «посьпехі сацыялістычнага ладу» нібыта стварылі сытуацыю, якая дала магчымасьць ДБ «прыцягваць шырэйшае кола асобаў», якія жадаюць «добраахвотна ўдзельнічаць у ахове бясьпекі нашай краіны».Чэхаславацкія рабочыя нават нібыта «ў дапамозе службе бясьпекі» бачылі «адну з формаў удзелу ў кіраваньні дзяржавай». Камандаваньне ДБ патрабавала ад сваіх падразьдзяленьняў гнуткай і своечасовай рэакцыі на «ўсе праявы, асабліва на новыя вычварныя мэтады варожай дзейнасьці», і сыстэматычнага павышэньня якасьці працы. «Дзейнасьць Дзяржаўнай бясьпекі павінна насіць наступальны характар… У агентурна-апэратыўную дзейнасьць неабходна ўводзіць навуковыя працоўныя мэтады, якія базуюцца на пасьлядоўнай аналітычнай працы і канцэптуальнай зразумеласьці заданьняў, з дапамогай якіх можна будзе ўдасканаліць рэпрэсіўную і прафіляктычна-выхаваўчую дзейнасьць, павысіць арганізатарскую і кіроўную ролю камандзіраў, дасягнуць таго, каб праца вялася мэтазгодна ў поўнай адпаведнасьці з вымогамі партыі».

Ня менш цікавыя былі і патрабаваньні кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў, што тычыліся асобных членаў палітычнай паліцыі: «Працаўнікі дзяржаўнай бясьпекі павінны разумець сучасную вонкавапалітычную сытуацыю, заканамернасьці і задачы пабудовы нашай сацыялістычнай супольнасьці. Яны павінныя быць усебакова адукаваныя, прынцыповыя, сумленныя, сьціплыя, маральна ўстойлівыя і мець цьвёрды характар. Супраць ворагаў сацыялістычнага ладу яны павінны дзейнічаць пасьлядоўна і бескампрамісна. Працаўнікі Дзяржаўнай бясьпекі мусяць заўсёды памятаць, што яны прадстаўнікі сацыялістычнай дзяржавы, сацыялістычнай бясьпекі». Прыведзеная дырэктыва мела быць ня проста мэтадычнай інструкцыяй у агентурна-апэратыўнай працы Дзяржаўнай бясьпекі, але, у першую чаргу, «інструкцыяй для творчага выкарыстаньня палітычнай лініі партыі» ў жыцьці і працы яе членаў.

Вызначэньне тайных супрацоўнікаў як галоўнага сродку «пры выкананьні апэратыўных заданьняў», аднак, разам са зьменай прыярытэтаў ДБ выразна пасунулася. Супрацоўнікі сталі «важнымі памочнікамі… у барацьбе супраць замежных выведак, іх унутраных паслугачоў і асацыяльных элемэнтаў… Апэратыўныя працаўнікі выкарыстоўвалі тайных супрацоўнікаў для пошуку, апрацоўкі, дакумэнтаваньня, выкрыцьця і своечасовага абясшкоджваньня антыдзяржаўных злачынцаў, а таксама для папярэджваньня такой дзейнасьці з дапамогай прафіляктычных захадаў».

І надалей ДБ дыфэрэнцыявала тайных супрацоўнікаў на наступныя групы: a) агенты; б) інфарматары; в) рэзыдэнты; г) гаспадары кансьпіратыўных ці зьнятых кватэраў.

Тайны супрацоўнік катэгорыі «агент» (A, TS-A) вэрбаваўся «найперш дзеля працы з канкрэтнымі выпадкамі», ён павінен быў валодаць магчымасьцямі і здольнасьцямі для «выкананьня наступных задачаў, што стаялі перад Дзяржбясьпекай:

a) адшукваць, актыўна апрацоўваць і выкрываць кадравых выведнікаў, сыгналы аб дзейнасьці варожых выведак і іх агентуры, выведваць намеры, формы і мэтады іх працы;

б) пранікаць у палітычныя, эканамічныя, навукова-тэхнічныя, выведныя і іншыя органы і асяродкі ў капіталістычных дзяржавах і ў арганізацыі эмігрантаў-уцекачоў;

в) выведваць і выкрываць факты пранікненьня агентуры варожых выведак на важныя гаспадарчыя, вайсковыя і іншыя аб’екты на тэрыторыі ЧССР і перашкаджаць уцечцы сакрэтных зьвестак з гэтых аб’ектаў;

г) апрацоўваць варожых асобаў, якія праводзяць падрыўную дзейнасьць супраць нашай дзяржавы ці супраць іншых сацыялістычных краінаў;

д) выконваць канкрэтныя заданьні пры выкарыстаньні апэратыўнай тэхнікі, правядзеньні падрыўной дзейнасьці ў варожым асяродку, пошуку зьніклых асобаў і іншых апэратыўных заданьняў».

Апэратыўныя працаўнікі вэрбавалі агентаў «перадусім на добраахвотнай, асабліва на патрыятычнай аснове, пераважна з шэрагу шчырых і палітычна сьвядомых грамадзянаў», якія выказвалі «зацікаўленасьць» у дапамозе ДБ. Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў ізноў падкрэсьліла думку пра тое, што тайныя супрацоўнікі, завэрбаваныя «на аснове патрыятычных перакананьняў і сацыялістычнай сьвядомасьці», – самыя надзейныя агенты. Апэратыўныя органы ДБ павінны былі весьці іх такім чынам, каб у агентаў была магчымасьць «параўноўваць факты і ўмець адрозьніваць памылкі і няправільныя паводзіны несьвядомых грамадзянаў ад злачыннай дзейнасьці варожых асобаў». Дырэктыва патрабавала ад супрацоўнікаў дысцыплінаванасьці, здольнасьці «наладжваць кантакты з аб’ектамі зацікаўленасьці» ДБ, «уваходзіць у давер і ўмець выкрываць іх злачынную дзейнасьць». У неапошнюю чаргу яны таксама мусілі ўмець «захоўваць кансьпірацыю», поўную сакрэтнасьць працы ў ДБ.

Выключна сур’ёзным і, можна лічыць, самым важным пытаньнем быў выбар асобы, прыдатнай для выкананьня абавязкаў тайнага супрацоўніка ДБ, улічваючы і працэс яго прыцягненьня да супрацоўніцтва. Апэратыўны працаўнік найперш выбіраў «прыдатнага» кандыдата, пасьля выносіў камандзіру адпаведнага апэратыўнага падразьдзяленьня прапанову аб «правядзеньні асабістай сустрэчы з кандыдатам з мэтай ягонага перакананьня ў мэтазгоднасьці супрацоўніцтва». Пасьля «ўсталяваньня» кантакту з кандыдатам апэратыўны працаўнік зьбіраў дасье на выбранага кандыдата ў апэратыўнай картатэцы. Падчас падрыхтоўкі кандыдата да супрацоўніцтва службоўца ДБ «несупынна» яго правяраў і зьбіраў на яго «праверачны матэрыял». А калі пераконваўся «падчас знаёмства, што кандыдат валодае неабходнымі перадумовамі», то пераходзіў да схіленьня кандыдата да супрацоўніцтва на аснове прапановы, зацьверджанай кіраўніком адміністрацыі ці яго намесьнікам. «Калі ж было відавочна, што кандыдат не валодае неабходнымі перадумовамі, сувязь зь ім перарывалася, запіс у картатэцы скасоўваўся, а праверачныя матэрыялы, якія ня ўтрымлівалі ніякіх падазроных зьвестак, зьнішчаліся». Ва ўсякім разе, працягласьць этапу знаёмства не павінна была перавышаць шэсьць месяцаў.

Дырэктыва дапускала вэрбоўку агента «на падставе дзейнасьці», якая яго кампрамэтуе. «Кампрамэтоўная дзейнасьць можа вынікаць з дробнай злачыннай дзейнасьці альбо з парушэньня прынцыпаў сацыялістычнага супольнага жыцьця, з парушэньня яго працоўных абавязкаў і да т. п.». Зьвесткі, на падставе якіх агент быў завэрбаваны, павінны былі «як сьлед» правярацца і мець пад сабой «дакумэнтальную» базу. «Апэратыўны працаўнік выкарыстае толькі тыя кампрамэтоўныя матэрыялы, якія хутчэй за ўсё паўплываюць на рашэньне кандыдата». Вэрбоўка супрацоўнікаў праводзілася выключна «ў асяродзьдзі», якое гарантавала «як кансьпірацыю, так і бесьперашкодны ход дамоваў». Дасьведчаны апэратыўны працаўнік, у некаторых выпадках нават у адсутнасьць камандзіра падразьдзяленьня ці аддзелу, пры «размове» павінен быў трымацца тактоўна, не дапускаючы раскрыцьця крыніцы, зь якой была атрыманая кампрамэтоўная інфармацыя. «Апэратыўны супрацоўнік павінен быў паўплываць на агента, завэрбаванага на падставе кампрамату, каб той больш не праводзіў гэтае дзейнасьці. Павінен быў сыстэматычна весьці агента, каб выхаваць зь яго прыстойнага чалавека».

Ухваленьне вэрбоўкі кандыдата было складанай працэдурай. Апэратыўны працаўнік ня мог дзейнічаць, ня маючы на руках пісьмовай прапановы, якая мусіла быць папярэдне ўхваленая кіраўніком адміністрацыі ці яго намесьнікам, радзей усімі вышэйшымі начальнікамі, пачынаючы ад камандзіра аддзяленьня і заканчваючы ўказаным намэнклятурным узроўнем. Будучы кіроўны орган у прапанове павінен быў прывесьці асноўныя зьвесткі, якія характарызуюць кандыдата, а таксама вынікі праверкі падчас падрыхтоўкі да супрацоўніцтва, мэту вэрбоўкі, прыдатнасьць, месца, час і плян «размовы» з кандыдатам і, канечне ж, указаньне таго, хто будзе вэрбоўку праводзіць.

У выпадку згоды кандыдата да супрацоўніцтва службоўца ДБ праводзіў яго падрабязны інструктаж. «Ён мусіў растлумачыць агенту значэньне і мэту супрацоўніцтва, асабліва падкрэсьліваючы абавязак захоўваць прынцыпы кансьпірацыі, а таксама разабраць зь ім найбліжэйшыя канкрэтныя заданьні і спосаб іх выкананьня. Адначасова неабходна было абгаварыць прынцыпы ўзаемнай сувязі і наладжваньня кантактаў».

Кандыдаты павінны былі «ў абавязковым парадку» падпісаць пісьмовую прысягу аб супрацоўніцтве. Гэта не патрабавалася толькі тады, калі падпісаньне магло «паставіць пад пагрозу добрае стаўленьне кандыдата да супрацоўніцтва». У гэтым разе дастаткова было вуснай згоды. «Агент, як правіла, сам абірае сабе падпольную мянушку. Калі ж ён адмовіўся гэтак зрабіць, апэратыўны працаўнік не павінен настойваць. У гэтым разе агент не падпісвае пісьмовых данясеньняў, а апэратыўны працаўнік заводзіць асабістую справу пад псэўданімам, які вызначае сам». Аб ходзе «размовы», пры якой адбылася вэрбоўка агента, апэратыўны працаўнік, канечне ж, павінен падаць пісьмовы рапарт вышэйшаму камандзіру. Пасьля згоды функцыянэра, які прапанову на вэрбоўку тайнага супрацоўніка ўхваліў, кіроўны орган рэгістраваў агента ў апэратыўнай картатэцы. «Надзвычай здольныя і адданыя сацыялістычнаму ладу агенты, якія цягам супрацоўніцтва добра сябе праявілі, набылі досьвед і адпавядаюць абавязковым патрабаваньням, могуць выкарыстоўвацца ў якасьці рэзыдэнтаў».

Грамадзянаў замежных дзяржаваў часьці контравыведкі ДБ вэрбавалі для супрацоўніцтва на наступных падставах:

«a) сваяцкія, асабістыя ці сяброўскія дачыненьні з нашымі грамадзянамі, у выпадку іх прагрэсіўнага стаўленьня і сымпатыі да нашага сацыялістычнага ладу;

б) правераная кампрамэтоўная дзейнасьць;

в) матэрыяльная зацікаўленасьць;

г) выгадная камбінацыя ўмоваў», пералічаных у папярэдніх пунктах.

Апэратыўны працаўнік выбіраў і прымаў такія «падрыхтоўчыя захады», якія павінны былі «паступова» ўплываць на замежніка. Іх вэрбоўка праходзіла на тэрыторыі ЧССР у прысутнасьці кіраўнікоў апэратыўнай адміністрацыі ці іх намесьнікаў. У выключных выпадках рэалізацыі акцыі за мяжой «спосаб вэрбоўкі агента» павінен быў распрацоўвацца «надзвычай акуратна, з улікам мясцовай спэцыфікі». У абодвух выпадках вэрбоўку замежных грамадзянаў ухваляў міністар унутраных справаў або ягоны намесьнік. Пісьмовая прысяга аб супрацоўніцтве ад замежнікаў, «як правіла», не патрабавалася.

Тайны супрацоўнік катэгорыі «інфарматар» (I, TS-I) вэрбаваўся «на добраахвотнай, найлепей на патрыятычнай аснове». Ад агента ён адрозьніваўся тым, што, «як правіла», вэрбаваўся для працы з канкрэтным выпадкам, але найперш [для працы] на важных аб’ектах, у месцах канцэнтрацыі варожых элемэнтаў, у памежнай зоне» і да т. п. «Інфарматары выбіраюцца з шэрагу грамадзянаў, якія маюць шырокія кантакты зь людзьмі на працоўным месцы альбо па месцы жыхарства і карыстаюцца іх даверам, дысцыплінаваныя, сур’ёзныя і здольныя пры супрацоўніцтве зь Дзяржаўнай бясьпекай пасьлядоўна выконваць прынцыпы кансьпірацыі».

Яны павінны былі выконваць «перадусім» наступныя «заданьні дзяржаўнай бясьпекі:

a) здабываць зьвесткі пра прыхаваныя праявы варожай дзейнасьці, выкрываць асобаў, якія былі ініцыятарамі гэтых праяваў, зьбіраць зьвесткі пра варожыя замыслы і дзейнасьць асобаў, якія адмоўна настроеныя ў дачыненьні да сацыялістычнага ладу;

б) даведвацца пра падазроныя сувязі замежных візавых гасьцей, дапамагаць пры ахове нашай эканомікі, дзяржаўнай мяжы, усіх транспартных сродкаў, рабіць экспэртныя заключэньні тэхнічнага, навуковага, мастацкага ці іншага характару;

в) выконваць частковыя заданьні пры выкарыстаньні апэратыўных сродкаў, здабываць інфармацыю для апэратыўных патрэбаў;

г) згодна з указаньнямі апэратыўнага працаўніка прымаць прафіляктычныя захады выхаваўчага характару з мэтай своечасовага папярэджаньня і абясшкоджваньня варожых намераў, гаспадарчых шкодаў і распаўсюджваньня адмоўнага ўплыву варожых элемэнтаў».

Наладжваньне «папярэдняга кантакту» апэратыўнага працаўніка з кандыдатам праходзіла падобным чынам, як і ў кандыдата-агента, з адзіным адрозьненьнем: «працягласьць знаёмства» ў кандыдата ў інфарматары не магла быць большай за тры месяцы. Прапанову на «асабісты кантакт» з кандыдатам, да таго ж, ухваляў толькі камандзір падразьдзяленьня, а вэрбоўную прапанову толькі начальнік аддзелу. Калі інфарматар адпавядаў «умовам, неабходным для працы з канкрэтным выпадкам», ён мог быць пераведзены ў катэгорыю «агент».

Тайным супрацоўнікам катэгорыі «рэзыдэнт» (R, TS-R) быў палітычна сьпелы, абсалютна надзейны і жыцьцёва дасьведчаны супрацоўнік ДБ, якога дырэктыва вызначала як галоўнага памочніка апэратыўнага працаўніка, што мела на ўвазе магчымасьць выкананьня пад наглядам кіроўнага органу «перадусім наступных заданьняў:

a) абслугоўваць і кіраваць працай тых тайных супрацоўнікаў, якія былі перададзены ў ягонае распараджэньне апэратыўным працаўніком;

б) прымаць ад гэтых тайных супрацоўнікаў пісьмовыя ці вусныя данясеньні і перадаваць іх апэратыўнаму працаўніку;

в) выхоўваць давераных яму тайных супрацоўнікаў».

Рэзыдэнтуры, агентурныя міні-сеткі, якімі кіравалі выключна рэзыдэнты, а ня кадравыя службоўцы, будаваліся адпаведнымі апэратыўнымі ўтварэньнямі ДБ, «асабліва на значных аб’ектах і там, дзе былі «ўскладненыя ўмовы» для рэгулярнага і непасрэднага абслугоўваньня тайных супрацоўнікаў», ці калі была якая іншая «пагроза іх выкрыцьця», або таго патрабавалі іншыя спэцыфічныя ўмовы працы».

Рэзыдэнтамі маглі стаць толькі выбраныя асобы, напрыклад, былыя працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, якія на дадзены момант працуюць на цывільных працоўных месцах. «Рэзыдэнтам таксама можа стаць правераны дасьведчаны агент ці інфарматар, які валодае задаткамі, дастатковымі для даручэньня яму складанай працы рэзыдэнта».

Пісьмовую прапанову для вэрбоўкі рэзыдэнта (ці пераводу на гэтую функцыю агента альбо інфарматара) рыхтаваў апэратыўны працаўнік, які праз сваё начальства перадаваў яе для ўхваленьня начальніку адміністрацыі. Начальнік адміністрацыі, з улікам апэратыўнай сытуацыі, магчымасьцяў і здольнасьцяў агента, вырашаў таксама, колькі тайных супрацоўнікаў рэзыдэнт будзе абслугоўваць. «Пры перадачы тайных сурацоўнікаў у распараджэньне рэзыдэнта апэратыўны працаўнік павінен зьвярнуць асаблівую ўвагу на характар іх узаемаадносінаў, як працоўных, так і асабістых. Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на тое, каб паміж імі не было блізкага сваяцтва альбо каб рэзыдэнт ня быў непасрэдным падначаленым даверанага яму тайнага супрацоўніка». Апэратыўны працаўнік павінен быў перадаваць рэзыдэнту тайных супрацоўнікаў паступова і заўсёды асабіста. Пры гэтым ён заўсёды падрабязна агаворваў з рэзыдэнтам «пытаньні сувязі, спосабу абслугоўваньня, арганізацыі сустрэчаў і перадачы зьвестак». Узровень кансьпірацыі ў рэзыдэнта быў параўнальны з кансьпірацыяй апэратыўнага працаўніка; ягоная праца праходзіла «пад непасрэднай апекай і кантролем» з боку кіроўнага органу.

Сустрэчы «з абсалютна надзейнымі і абазнанымі ў справе інфармаваньня» тайнымі супрацоўнікамі службоўцы ДБ ладзілі на кансьпіратыўных і зьнятых кватэрах. З астатнімі супрацоўнікамі кіроўныя органы сустракаліся «ў іншых вызначаных памяшканьнях або месцах», прыдатных «для захоўваньня кансьпірацыі». Было забаронена ладзіць сустрэчы з тайнымі супрацоўнікамі ці вэрбаваць іх у аб’ектах, якія належалі Камуністычнай партыі, а таксама іншым палітычным суб’ектам Нацыянальнага фронту, і нават нацыянальным камітэтам.

Кансьпіратыўная кватэра ўяўляла сабой «самастойны аб’ект, самастойную кватэру ці іншае самастойнае памяшканьне», тайна зьнятае апэратыўнай службай для сустрэчаў з супрацоўнікамі. Афіцыйна яна лічылася прыватнай кватэрай, канцылярыяй ці працоўным памяшканьнем дзяржаўнага, каапэратыўнага ці камунальнага прадпрыемства і да т. п. «Кансьпіратыўная кватэра павінна знаходзіцца пад афіцыйным прыкрыцьцём тайнага супрацоўніка ці апэратыўнага працаўніка, які для гэтай мэты карыстаецца спэцыяльным сакрэтным пасьведчаньнем».

Самым распаўсюджаным тыпам кватэраў для правядзеньня сустрэчаў былі так званыя зьнятыя кватэры ці іншыя памяшканьні, уласьнікамі (утрымальнікамі) якіх былі палітычна надзейныя асобы, якія гарантавалі «захаваньне таямніцы зацікаўленасьці» тайнай паліцыі. Фармаваньні ДБ выбіралі і здымалі такія кватэры для апэратыўных мэтаў «на пэўныя гадзіны ці на пэўны пэрыяд» на падставе дамовы з гаспадарамі кватэры. Абавязкам службоўца ДБ, які адказваў за зьнятую кватэру, было раз на тры месяцы правяраць «дзейснасьць легенды», пад прыкрыцьцём якой тайныя супрацоўнікі кватэру наведвалі. Ён таксама нес адказнасьць за захаваньне таямніцы яе сапраўднага выкарыстаньня ад гаспадара зьнятай кватэры. «Апэратыўны працаўнік павінен весьці дакладную часавую рэгістрацыю ўсіх наведваньняў кансьпіратыўнай ці зьнятай кватэры, не выключаючы яе наведваньня іншымі апэратыўнымі працаўнікамі і начальнікамі. Начальнікі павінныя дбаць пра тое, каб у гэтыя кватэры прыходзіла абмежаваная колькасьць тайных супрацоўнікаў і ў іх ня ладзілася больш за дзьве-тры сустрэчы на дзень».

Дырэктыва прынцыпова разрозьнівала тайных супрацоўнікаў і давераных асобаў, праца зь якімі нібыта была «наступнай формай сувязі Дзяржаўнай бясьпекі з народам». Даверанай асобай ДБ мог стаць толькі «палітычна сьпелы грамадзянін, цалкам адданы сацыялістычнаму ладу», які меў «магчымасьць, здольнасьць і жаданьне даваць апэратыўным працаўнікам асобныя зьвесткі інфармацыйнага характару» з асяродку, якім цікавілася ДБ. Апэратыўныя працаўнікі наладжвалі «кантакт» з такімі даверанымі асобамі, якія маглі дапамагчы «галоўным чынам у наступным:

a) даваць асабістыя тлумачэньні і меркаваньні аб прычынах парушэньня вытворчых і тэхналягічных працэсаў і іншых нэгатыўных зьявах на заводах, прадпрыемствах, у калгасах і іншых установах;

б) паведамляць пра настроі і тэндэнцыі, якія пашыраюцца сярод працаўнікоў варожымі асобамі, замежнікамі і г. д.;

в) дапаўняць зьвесткі пра правераных асобаў;

г) выконваць іншыя заданьні ў інтарэсах апэратыўнай службы Дзяржаўнай бясьпекі».

Давераныя асобы, аднак, не маглі замяніць іншых тайных супрацоўнікаў; ім нельга было нават даваць заданьняў, як іншым тайным супрацоўнікам. Пры кантакце зь імі службовец ДБ павінен быў прытрымлівацца «іншага парадку», чым пры кантакце з тайнымі супрацоўнікамі. «Даверанымі асобамі ня могуць лічыцца сваякі ці сябры апэратыўнага працаўніка, а таксама выпадковыя знаёмыя».

І спосаб іх вэрбоўкі быў іншы. Пасьля падбору прыдатнай асобы, якая мела «задаткі для дапамогі» ДБ у якасьці даверанай асобы, апэратыўны працаўнік пераконваўся ў тым, што яна «вартая даверу» і атрымліваў згоду камандзіра падразьдзяленьня. Толькі пасьля гэтага ён сустракаўся «пры зручнай нагодзе» з гэтай асобай і зьвяртаўся да яе з пытаньнем, ці не згадзілася б яна «час ад часу падтрымліваць кантакт і падаваць некаторыя асабовыя зьвесткі, прыватныя тлумачэньні і іншае». У выпадку згоды ён тлумачыў, пра якога кшталту дапамогу ідзе гаворка і адначасова дамаўляўся пра спосаб узаемасувязі.

«Кантакты з даверанай асобай апэратыўны працаўнік ладзіць нерэгулярна, толькі калі зьяўляецца неабходнасьць. Давераную асобу нельга прымаць на кансьпіратыўнай ці зьнятай кватэры. Самым прыдатным месцам для сустрэчаў з даверанай асобай ёсьць грамадзкае памяшканьне ці месца працы даверанай асобы. Калі таго патрабуе характар справы, кантакт апэратыўнага працаўніка з даверанай асобай утойваецца ад грамадзкасьці. Каб гэтыя сустрэчы ня кідаліся ў вочы, яны прыкрываюцца наладжваньнем кантактаў апэратыўнага працаўніка зь іншымі грамадзянамі з атачэньня даверанай асобы, з тымі, хто разам зь ёй працуе ці жыве. Але асабліва неабходна ўтойваць зьмест размовы апэратыўнага працаўніка з даверанай асобай».

І пры значна больш адвольнай форме супрацоўніцтва службоўцы ДБ пры выкарыстаньні атрыманай інфармацыі павінны былі дбаць пра тое, каб імя даверанай асобы, якая гэтыя зьвесткі перадала, заставалася ў сакрэце. У выпадку, калі апэратыўны працаўнік інфармацыю, атрыманую ад даверанай асобы, зьбіраўся скарыстаць «публічна», ён мусіў спытацца згоды даверанай асобы. Давераная асоба не павінна была рабіць «пісьмовых данясеньняў», толькі ў выпадку, калі яна сама выказала ахвоту, «паведамленьні» маглі прымацца ў пісьмовай форме. Службоўцы ДБ, «як правіла», не адкрывалі перад даверанымі асобамі «мэтадаў і формаў» апэратыўнай працы. «На давераных асобаў складаўся толькі сьпіс у камандзіра падразьдзяленьня. Давераную асобу, якая добра сябе зарэкамэндавала, мае магчымасьць і здольнасьці для таго, каб стаць тайным супрацоўнікам, апэратыўны працаўнік можа завэрбаваць як тайнага супрацоўніка».

Дырэктыва іншымі словамі паўтарала досьвед, атрыманы ўжо колькі гадоў таму: «Вынікі працы з тайнымі супрацоўнікамі залежаць ня толькі ад правільнасьці іх выбару, але і ад таго, якое яны маюць кіраваньне і выхаваньне». За «кіраваньне і выхаваньне» тайных супрацоўнікаў адказваў канкрэтны апэратыўны працаўнік, які з дапамогай сваіх начальнікаў павінен быў засвоіць «мастацтва адпаведным чынам і ў поўнай ступені выкарыстоўваць магчымасьці і здольнасьці» сваіх тайных супрацоўнікаў.

Кіроўны орган павінен быў мэтанакіравана рыхтаваць канкрэтныя заданьні для супрацоўнікаў, якія ён ставіў такім чынам, «каб яны адпавядалі апэратыўнай сытуацыі», магчымасьцям і здольнасьцям тайных супрацоўнікаў. З аднаго боку, кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў патрабавала: «Тайных супрацоўнікаў неабходна вучыць дзейнічаць самастойна і ініцыятыўна». З другога боку, гэта не павінна было пераступіць пэўнай мяжы: «Апэратыўнаму працаўніку забараняецца даваць тайным супрацоўнікам заданьні, якія могуць прывесьці да правакацыі. Ён павінен строга сачыць за тым, каб тайны супрацоўнік не дапускаў ніякіх правакацыйных паводзінаў і сам не зрабіўся ініцыятарам злачыннай дзейнасьці ці парушэньня прынцыпаў сацыялістычнага супольнага жыцьця». Пэрыядычнасьць сустрэчаў залежала ад «характару заданьняў», пастаўленых кіроўным органам перад тайным супрацоўнікам. Нягледзячы на гэта, мінімальная колькасьць сустрэчаў у параўнаньні з папярэдняй дырэктывай была зьніжаная: «Лепш за ўсё праводзіць рэгулярныя сустрэчы з канкрэтнай мэтай – мінімальна адзін раз на месяц».

Так званая выхаваўчая праца і надалей заставалася адной з галоўных формаў узьдзеяньня на тайных супрацоўнікаў. Кіроўны орган вёў яе «сыстэматычна і індывідуальна», яна павінна была быць «канкрэтнай». «Яна мусіць вынікаць з асабістых якасьцяў тайнага супрацоўніка, яго мінулага, грамадзкай пазыцыі, а таксама з досьведу, атрыманага падчас супрацоўніцтва са службай Дзяржбясьпекі». Дырэктыва патрабавала «правільнага выхаваньня» тайных супрацоўнікаў, маючы на ўвазе «высокі маральны ўзровень» службоўцаў ДБ, у тым ліку палітычны і прафэсійны ўзровень іх працы.

Таксама заслугоўвае ўвагі чарговасьць асобных галінаў так званага выхаваўчага ўзьдзеяньня на супрацоўнікаў. Невыпадкова першы пункт утрымлівае палітычную індактрынацыю, другі – патрабуе дзейнічаць у рамках «сацыялістычнай законнасьці», толькі пасьля гэтага ідзе ўдасканальваньне прафэсійных навыкаў агента, а на апошнім месцы знаходзяцца маральна-валявыя якасьці. Выхаваўчую работу службоўцы ДБ павінны былі «праводзіць у першую чаргу:

a) у духу адданасьці тайнага супрацоўніка сацыялістычнаму ладу;

б) дзеля павышэньня іх палітычнай пільнасьці і захаваньня сацыялістычнай законнасьці;

в) дзеля разьвіцьця і ўдасканальваньня іх выведных і контравыведных якасьцяў і паглыбленьня кансьпірацыі працы;

г) дзеля разьвіцьця такіх якасьцяў, як праўдзівасьць, шчырасьць, сур’ёзнасьць, пільнасьць, маральная непахіснасьць і дысцыплінаванасьць».

Канкрэтнымі «праверанымі мэтадамі выхаваньня» тайных супрацоўнікаў былі перадусім наступныя.

«a) Тлумачэньне палітычных пытаньняў. Пры сустрэчах апэратыўны працаўнік павінен цікавіцца палітычнымі поглядамі тайных супрацоўнікаў і на ўсе іх пытаньні цярпліва і зь веданьнем справы адказваць. Асаблівую ўвагу неабходна надаць тым, хто апрацоўвае замежных грамадзянаў і тых, хто быў завэрбаваны на падставе кампрамэтоўнай дзейнасьці. Пры гэтым неабходна імкнуцца, каб уплыў апэратыўнага працаўніка быў мацнейшы за ўплыў варожага асяродку.

б) Патрабаваньне своечасовага і дакладнага выкананьня атрыманых заданьняў. Гэты прынцып неабходна выконваць настойліва, але тактоўна. Апэратыўны працаўнік пры кіраваньні тайнымі супрацоўнікамі павінен пазьбягаць павярхоўнасьці і фармальнасьці; павінен выхоўваць іх уласным прыкладам.

в) Знаёмства надзейных тайных супрацоўнікаў зь некаторымі мэтадамі і спосабамі працы імпэрыялістычных выведак, іх агентуры і клясавых ворагаў. Гэта азнаямленьне праводзіць апэратыўны працаўнік з дазволу камандзіра падразьдзяленьня ў неабходным аб’ёме. Пасьля гэтага яны маюць магчымасьць лепш арыентавацца ў асобных зьявах пры кантакце з асобамі, якія апрацоўваюцца, і лепш выконваць свае заданьні.

г) Аналіз паводзінаў тайных супрацоўнікаў. Апэратыўны працаўнік зьвяртае іх увагу на памылкі і хібы і дапамагае пры іх выпраўленьні. Пры гэтым ён выбірае прыдатную форму, каб не адштурхнуць іх ад далейшага супрацоўніцтва. Таксама выяўляе цікавасьць да іх асабістага жыцьця. Клапоціцца пра стварэньне прыдатных умоваў для далейшага супрацоўніцтва».

Не ў апошнюю чаргу дырэктыва забараняла службоўцам ДБ «наладжваць такія дачыненьні» з тайнымі супрацоўнікамі, якія б іх неяк абавязвалі ці кампрамэтавалі. «Прыдатным спосабам ім таксама неабходна даць зразумець, што нельга задавальняць просьбы аб разнастайным умяшальніцтве дзеля іх саміх альбо іх сваякоў і знаёмых». Кіроўны орган павінен быў таксама дбаць пра тое, «каб тайны супрацоўнік не злоўжываў супрацоўніцтвам для правядзеньня злачыннай дзейнасьці, для запалохваньня грамадзянаў і іншага».

ДБ не забывалася і пра кантроль дзейнасьці тайных супрацоўнікаў. Ён нават лічыўся «неад’емнай часткай» працэсу кіраваньня і выхаваньня. «Апэратыўны працаўнік павінен несупынна правяраць і кантраляваць тайных супрацоўнікаў з пункту гледжаньня іх паводзінаў, выкананьня заданьняў і праўдзівасьці пададзеных данясеньняў. Асаблівую ўвагу трэба надаваць тым, хто быў завэрбаваны на падставе кампрамэтоўнай дзейнасьці». Для гэтай мэты апэратыўны працаўнік мог выкарыстоўваць любыя апэратыўныя магчымасьці і сродкі (пры неабходнасьці і сродкі тэхнічныя), а ў першую чаргу іншых тайных супрацоўнікаў і давераных асобаў. «Апэратыўны працаўнік, аднак, павінен дбаць пра тое, каб не адбылося ўзаемнага рассакрэчваньня тайных супрацоўнікаў і давераных асобаў».

Службоўцы ДБ у рамках паступовага адыходу ад адкрытага рэпрэсіўнага ўзьдзеяньня на чэхаславацкую грамадзкасьць хутчэй арыентаваліся на прыхаванае ўзьдзеяньне, так званае «прафіляктычнае»: «Апэратыўныя працаўнікі чым далей, тым больш павінны выкарыстоўваць тайных супрацоўнікаў для папярэджаньня альбо для своечасовага перапыненьня злачыннай дзейнасьці. Прафіляктычныя захады прымаліся з дапамогай тайных супрацоўнікаў, галоўным чынам з наступнымі мэтамі:

a) каб варожыя элемэнты не маглі ўцягваць у антыдзяржаўную дзейнасьць палітычна нясьпелых і клясава несьвядомых рабочых, іншых работнікаў, а галоўнае моладзь, альбо каб такія асобы былі своечасова вызваленыя з-пад уплыву ворага;

б) каб існыя легальныя групоўкі падчас апрацоўкі не пашыраліся, і каб, арыентуючыся па сытуацыі, тайныя супрацоўнікі ажыцьцяўлялі ў такіх групоўках падрыўную дзейнасьць;

в) каб групоўкам ці асобам, што апрацоўваюцца, ужо на стадыі падрыхтоўкі было зьнемагчымлена працягнуць і давесьці да канца сур’ёзную злачынную дзейнасьць».

Упершыню ў загад Міністэрства ўнутраных справаў – адміністрацыйны акт найвышэйшага ўзроўню – трапіла патрабаваньне каардынаванага і мэтанакіраванага выкарыстаньня агентурнай сеткі. Праз чатырнаццаць гадоў пасьля прыходу да ўлады ў Чэхаславакіі камуністаў ДБ перайшла на якасна новы ўзровень. «Вельмі важным патрабаваньнем для мэтазгоднага кіраваньня апэратыўнай працай ёсьць каардынаваньне і ўсебаковае выкарыстаньне сеткі тайных супрацоўнікаў і яе скіраванасьць на галоўны цэнтар варожай дзейнасьці. Ведамаснасьць асобных частак і лякальны патрыятызм асобных краёў і раёнаў – гэта шкодная зьява і перашкода, якая часта робіць немагчымым хуткае, дзейснае і пасьлядоўнае выкрыцьцё варожай дзейнасьці. Якасныя тайныя супрацоўнікі павінны скіроўвацца і выкарыстоўвацца згодна з апэратыўнай неабходнасьцю. Тайны супрацоўнік адміністрацыі ведамаснага апарату пры неабходнасьці можа быць выкарыстаны для выкананьня заданьняў на ўзроўні аддзелу Кампартыі МУС і наадварот. Асабліва неабходна каардынаваць выкарыстаньне тайных супрацоўнікаў у рамках асобных падразьдзяленьняў».

У пары абзацаў дырэктывы таксама можна адшукаць інфармацыю пра выкарыстаньне і прамое кіраваньне ДБ кіраўніцтвам КПЧ, улічваючы пастаянны кантроль правільнасьці «палітычнай і клясавай арыентацыі» ў працы тайнай палітычнай паліцыі. «Камандзіры ўсіх узроўняў рэгулярна кантралююць, як выконваюцца пастановы партыі ў працы службы бясьпекі; як праводзяцца на апэратыўных участках разборы апэратыўнай сытуацыі і ці робяцца палітычна правільныя высновы для апэратыўнай працы; ці правільна з палітычнага і клясавага пункту гледжаньня скіраваная распрацоўка; як апэратыўная работа – асабліва мэтады і формы кіроўнай і выхаваўчай працы тайных супрацоўнікаў – адпавядае палітычнай лініі партыі і дырэктывам кіраўніцтва МУС; якіх вынікаў у працы дасягаюць як апэратыўныя працаўнікі, так і давераныя ім тайныя супрацоўнікі».

Кансьпірацыя павінна была стаць натуральным навыкам і «асноўнай якасьцю кожнага апэратыўнага працаўніка, – сьцвярджала дырэктыва. – Без дасканалага засваеньня шэрагу мэтадаў утойваньня працы апэратыўны працаўнік ня здольны пасьпяхова выконваць заданьні з даверанымі яму тайнымі супрацоўнікамі і даверанымі асобамі». Выключэньні ў кансьпірацыі дапускаліся толькі ў асаблівых выпадках. «Ва ўскладненых умовах – напрыклад, пры спатканьні з тайнымі супрацоўнікамі на вёсцы – сустрэчы могуць ладзіцца ў іншых месцах, а ня толькі на кансьпірацыйных ці зьнятых кватэрах, калі на гэта дасьць згоду начальнік падразьдзяленьня». Сваіх тайных супрацоўнікаў меў права ведаць толькі апэратыўны працаўнік, які зь імі працаваў. «Недапушчальна знаёміць астатніх службоўцаў ДБ са зьвесткамі, якія датычаць тайных супрацоўнікаў ці іх справаў. Гэтыя пытаньні апэратыўны працаўнік мае права абмяркоўваць толькі з вышэйшым начальнікам. Забараняецца гаварыць пра апрацоўку канкрэтных асобаў на сходах і сустрэчах работнікаў ДБ... Начальнікі і апэратыўныя працаўнікі павінны строга дбаць і кантраляваць, каб адміністрацыйныя сілы не былі азнаёмленыя з імёнамі тайных супрацоўнікаў і з імёнамі апрацоўваных асобаў».

Пад канец гаворкі пра кансьпірацыю міністар унутраных справаў падкрэсьліў абавязак камандзіраў апэратыўных падразьдзяленьняў «разьбіраць кожны выпадак дэкансьпірацыі, рабіць з гэтага дысцыплінарныя высновы і даводзіць досьвед такога кшталту да кожнага, каб пазьбегнуць паўтарэньня падобных выпадкаў».

Умовай плянамернага і комплекснага выкарыстаньня агентурнай сеткі была «стабілізацыя сеткі» тайных супрацоўнікаў «з мэтай абмежаваньня шкоднага адхіленьня». Асаблівую атмасфэру страху і кансьпірацыі нават унутры ДБ стварала бясконцае правядзеньне «сыстэмных праверак і іншых захадаў», якія павінны былі перашкодзіць «пранікненьню імпэрыялістычных выведак у шэрагі тайных супрацоўнікаў».

Дзеля ўдасканальваньня агентурнага апарату контравыведныя апэратыўныя часьці павінны былі пастаянна аналізаваць агентурную сетку і ў працэсе пазбаўляцца ад «такіх тайных супрацоўнікаў, якія ня могуць, ня здольныя або і не жадаюць выконваць заданьні Дзяржаўнай бясьпекі». У першую чаргу было неабходна «выключыць з шэрагаў тайных супрацоўнікаў тых:

a) хто вядзе несумленную гульню і падманвае кіроўныя органы, выкарыстоўвае свае стасункі з ДБ для правядзеньня злачыннай дзейнасьці;

б) хто скампрамэтаваў сябе правакацыйнымі паводзінамі;

в) хто няздольны;

г) хто рашуча адмаўляецца супрацоўнічаць далей;

д) хто быў дэкансьпіраваны».

Правілы перапыненьня супрацоўніцтва з тайнымі супрацоўнікамі ў асноўным не адрозьніваліся ад папярэдняй мэтодыкі. «Стасункі з даверанымі асобамі апэратыўныя працаўнікі перарываюць тады, калі давераная асоба вядзе несумленную гульню або страчвае магчымасьць выконваць ролю даверанай асобы». Удакладняліся ўмовы так званага часовага перапыненьня супрацоўніцтва: «У некаторых выпадках настае часовае перапыненьне супрацоўніцтва з тайным супрацоўнікам на працяглы тэрмін (напрыклад, дзеля хваробы, службовай выправы ці сямейных абставін і інш.). Калі гаворка ідзе пра пэрыяд большы за два месяцы, кіроўны орган павінен падаць начальніку аддзелу пісьмовае абгрунтаваньне перапыненьня супрацоўніцтва, якое пасьля зацьверджаньня падшываецца ў асабовую справу тайнага сурацоўніка. Калі гаворка ідзе пра доўгатэрміновую хваробу, празь якую тайны супрацоўнік ня можа выконваць сваіх абавязкаў, супрацоўніцтва зь ім заканчваецца».

Дзесяць доўгіх гадоў спатрэбілася ДБ для выданьня новых дырэктываў у агентурна-апэратыўнай працы. Цягам гэтага часу яна шукала свой твар, паступова і зь цяжкасьцю павышала прафэсійны ўзровень сваіх контравыведных фармаваньняў, але нягледзячы на гэта па-ранейшаму заставалася ў значнай ступені ўкаранёная ва ўласным мінулым. Падчас Праскай вясны ў Чэхаславакіі нібыта насталі змрочныя часы для палітычнай паліцыі савецкага тыпу. Агентурная сетка разам з заняпадам палітычнай інфарматарскай службы супраць айчыннай апазыцыі па сутнасьці распалася. Пасьля жніўня 1968 году і пазьней цягам 1969 году з падтрымкай новага кіраўніцтва КПЧ і пад моцным савецкім ціскам ДБ пачала паўставаць з попелу. На пачатку сямідзясятых гадоў здалося, што сытуацыя ў фэдэральным Міністэрстве ўнутраных справаў стабілізавалася. Кіраўніцтва ДБ магло распачаць падрыхтоўку і выданьне новых дырэктываў у апэратыўнай рабоце, якія рэагавалі на зьмены, што адбыліся ў апэратыўнай сытуацыі, на маштабную дэкансьпірацыю і нават на адступніцтва некаторых службоўцаў контравыведкі й выведкі.

ПЭРЫЯД НАРМАЛІЗАЦЫІ

У лютым 1972 году фэдэральны міністар унутраных справаў Радка Каска выдаў свой загад № 8/1972, да якога прыкладалася службовая інструкцыя A-oper-I-3 «Дырэктыва аб працы з тайнымі супрацоўнікамі чэхаславацкай контравыведкі». Ва ўступе таксама прысутнічаюць пэўныя ідэалягічныя разважаньні: «Крыза папярэдніх гадоў у ЧССР адгукнулася сур’ёзным паслабленьнем функцый сацыялістычнай дзяржавы і актывізацыяй правых апартуністычных і іншых антысавецкіх сілаў, і як вынік гэтага – павышэньнем цікавасьці варожых выведак да ЧССР. З прыходам войскаў саюзьнікаў контрарэвалюцыйныя сілы ў ЧССР страцілі магчымасьць адкрытага выступленьня і давядзеньня да канца сваіх намераў.

Пасьля жніўня 1968 году з ЧССР уцёк шэраг асобаў, настроеных супраць сацыялістычнага ладу, якія папоўнілі сабой моцную базу варожых выведак, што дагэтуль складалася з прадстаўнікоў пасьлялютаўскай эміграцыі і іншых перасяленцаў у капіталістычныя краіны. Але і ў ЧССР засталіся антысацыялістычныя і апартуністычныя сілы, якія разам з гэтак сама арыентаванымі знаёмымі і сваякамі ўцекачоў, паводле апэратыўных зьвестак, зьяўляюцца аб’ектам цікавасьці заходніх выведных цэнтраў.

Гэтыя абставіны робяць яшчэ больш значнай галоўную задачу чэхаславацкай контравыведкі – змагацца са шпіянажам і дывэрсійнай дзейнасьцю варожых выведак, выкрываць іхных агентаў і памагатых на тэрыторыі ЧССР, перашкаджаць уцечцы сакрэтных зьвестак, а таксама выкрываць і абясшкоджваць антысацыялістычную і антыкамуністычную падрыўную дзейнасьць унутраных ворагаў. Асноўным сродкам барацьбы з варожай дзейнасьцю ёсьць агентурная сетка чэхаславацкай контравыведкі».

Загад перадусім прадпісваў цягам трох месяцаў вывучыць гэтыя дырэктывы ўсім апэратыўным працаўнікам чэхаславацкай контравыведкі і як мага хутчэй пачаць выкарыстоўваць іх на практыцы. Другім важным пунктам быў загад: «Да 1 кастрычніка 1972 году правесьці пераацэнку катэгорыі тайных супрацоўнікаў-інфарматараў і прыняць рашэньне пра іх перавод у катэгорыю «агент» або пра іх далейшае выкарыстаньне ў якасьці давераных асобаў контравыведкі; да прапановаў аб пераводзе інфарматараў у агенты распрацаваць мэмарандум, які мусіць зацьвердзіць адпаведны начальнік, што валодае неабходнымі для гэтага паўнамоцтвамі; адначасова з гэтым распрацаваць мэмарандум на ўсіх астатніх тайных супрацоўнікаў, якія застаюцца ў агентурнай сетцы». Кантроль за выкананьнем гэтых дырэктываў быў прызначаны ажыцьцяўляць намесьнік міністра ўнутраных справаў ЧССР палкоўнік Ян Ганульяк.

Дырэктыва пераацаніла некаторыя агульнапрынятыя ўяўленьні пра асобаў, уключаных у агентурную сетку контравыведкі. «Чэхаславацкая контравыведка ў сваёй дзейнасьці абапіраецца на дапамогу асобаў, як правіла грамадзянаў Чэхаславакіі, якія выказваюць ахвоту і могуць дапамагаць контравыведцы пры чыненьні перашкодаў падрыўной дзейнасьці вонкавага і ўнутранага ворага».

Карыстаючыся тэрміналёгіяй канца саракавых – пачатку пяцідзясятых гадоў, усе завэрбаваныя асобы лічыліся супрацоўнікамі контравыведкі і падзяляліся на дзьве асноўныя групы: a) тайныя супрацоўнікі, б) давераныя асобы.

Тайны супрацоўнік наноў вызначаўся як той, «хто быў сьвядома завэрбаваны і супрацоўнічае таемна ад грамадзкасьці апісаным у гэтай дырэктыве спосабам, падтрымлівае з працаўнікамі контравыведкі кансьпіратыўныя стасункі, выконвае пастаўленыя задачы, падае ці перадае зьвесткі і інфармацыю альбо прапануе контравыведцы дапамогу ці паслугі, якія неабходна ўтойваць». Выкарыстаньне працы тайных супрацоўнікаў адкрыта называлася галоўнай формай дзейнасьці контравыведкі «супраць замежных выведных і іншых варожых цэнтраў, іх мясцовых паслугачоў і ўнутранага ворага». Апэратыўныя працаўнікі павінны былі выкарыстоўваць тайных супрацоўнікаў «для пошуку, расьсьледаваньня і дакумэнтаваньня антыдзяржаўнай злачыннай дзейнасьці і для прафіляктыкі такой дзейнасьці з дапамогай апэратыўных захадаў».

Контравыведка адрозьнівала наступныя катэгорыі тайных супрацоўнікаў: a) агент, б) рэзыдэнт, в) гаспадар зьнятай кватэры.

Агент быў тайным супрацоўнікам, які выконваў заданьні па «пошуку, расьсьледаваньні і дакумэнтаваньні антыдзяржаўнай злачыннай дзейнасьці і… арыентаваны на чыненьне перашкодаў у гэтай злачыннай дзейнасьці». Канкрэтна гэта значыла, «у прыватнасьці, наступнае:

a) ён адшуквае, актыўна апрацоўвае і выкрывае кадравых выведнікаў, сыгналы аб дзейнасьці варожых выведак і іх агентуры зь ліку грамадзянаў Чэхаславакіі і замежных грамадзянаў; высьвятляе намеры, мэтады, формы працы і да т. п.;

б) пранікае ў варожыя выведныя цэнтры і іншыя варожыя арганізацыі за мяжой і ў згуртаваньні чэхаславацкай эміграцыі;

в) зьбірае зьвесткі і выкрывае спробы пранікненьня агентуры варожых выведак на важныя гаспадарчыя, вайсковыя і іншыя аб’екты на тэрыторыі ЧССР і перашкаджае ўцечцы сакрэтных зьвестак з гэтых аб’ектаў;

г) зьбірае зьвесткі аб прыхаваных варожых праявах і тэндэнцыях, выкрывае ініцыятараў гэтых праяваў, высьвятляе іх замыслы, дзейнасьць і каналы паступленьня падрыўной ідэалягічнай дзейнасьці вонкавых і ўнутраных ворагаў на важных аб’ектах, у месцах засяроджаньня варожых антысацыялістычных і асацыяльных элемэнтаў і на іншых важных участках, якія зьяўляюцца аб’ектам распрацоўкі ці інфарматарскай аховы контравыведкі;

д) даведваецца пра месцазнаходжаньне і апрацоўвае варожых асобаў, якія арганізуюць і праводзяць падрыўную, шкодніцкую і сабатажную дзейнасьць супраць нашай дзяржавы ці супраць іншых сацыялістычных краін;

е) дапамагае пры ахове чэхаславацкай эканомікі, узброеных сілаў, дзяржаўных межаў, транспарту і сродкаў сувязі ад шкодніцкай і сабатажнай дзейнасьці вонкавых і ўнутраных ворагаў;

ё) выконвае канкрэтныя заданьні ў пошуку асобаў;

ж) выконвае заданьні прафіляктычна-выхаваўчага характару з мэтай папярэджваць і прадухіляць узьдзеяньне варожай ідэалягічнай падрыўной дзейнасьці, гаспадарчыя шкоды і надзвычыйныя сытуацыі ў чэхаславацкіх узброеных сілах, якія зьніжаюць боегатовасьць войска;

з) выкрывае канкрэтныя заданьні па правядзеньні падрыўной дзейнасьці ў варожым асяродку».

Рэзыдэнтам мог быць толькі «адмыслова абраны, абсалютна надзейны, жыцьцёва абазнаны, а з пункту гледжаньня контравыведкі прафэсійна падрыхтаваны тайны супрацоўнік», здольны арганізаваць і падтрымліваць кансьпіратыўную сувязь з агентамі, якім ён, згодна з указаньнямі кіроўнага органу, даваў заданьні. Рэзыдэнт паводле гэтага вызначэньня ня толькі прымаў іх пісьмовыя і вусныя данясеньні, але нават пасьля іх аналізу перадаваў зьвесткі апэратыўнаму працаўніку і асабіста суўдзельнічаў у выхаваньні «давераных» яму агентаў. «Рэзыдэнтам можа быць і надзейны былы працаўнік МУС, які працуе на цывільнай працы. Рэзыдэнтам таксама можа быць правераны дасьведчаны агент, які мае задаткі для гэтай адказнай працы і ня быў завэрбаваны на падставе кампрамэтоўнага матэрыялу».

Рэзыдэнтуру службоўцы контравыведных частак ДБ будавалі «галоўным чынам на канкрэтных аб’ектах і там, дзе меліся ўскладненыя ўмовы для непасрэднага кіраваньня агентамі» альбо існавала небясьпека іх дэкансьпірацыі ці калі таго патрабавалі іншыя «спэцыяльныя» ўмовы працы. «Апэратыўны працаўнік, улічыўшы апэратыўную сытуацыю, магчымасьці і здольнасьці рэзыдэнта, выбірае і рыхтуе агентаў, якімі рэзыдэнт будзе кіраваць. Апэратыўны працаўнік павінен даведацца і ацаніць асабістыя дачыненьні паміж агентам і рэзыдэнтам і назіраць за іх асабістымі рысамі характараў. Асаблівую ўвагу ён павінен зьвярнуць на тое, каб рэзыдэнт ня быў непасрэдным падначаленым, падпарадкаваным даверанаму яму агенту, і каб рэзыдэнт сваімі здольнасьцямі, адукаванасьцю, інтэлектуальным і палітычным узроўнем заўсёды пераўзыходзіў агента».

Вызначэньне зьнятых і кансьпіратыўных кватэр (памяшканьняў), па сутнасьці, не зьмянілася: і надалей яны выкарыстоўваліся «выключна для сустрэчаў з абсалютна надзейнымі і дасьведчанымі ў інфарматарскай справе тайнымі супрацоўнікамі. Сустрэчы з астатнімі тайнымі супрацоўнікамі мусяць ладзіцца ў іншых памяшканьнях альбо месцах, прыдатных з пункту гледжаньня захаваньня кансьпірацыі». Канечне ж, засталося забароненым правядзеньне сустрэчаў з тайнымі супрацоўнікамі на аб’ектах КПЧ, астатніх палітычных партыяў і ў канторах прадстаўнічых органаў усіх узроўняў. «Зьнятая ці кансьпіратыўная кватэра павінна выбірацца менавіта з улікам магчымасьці правядзеньня сустрэчаў пры ўмове іх абсалютнай сакрэтнасьці… Апэратыўны працаўнік павінен своечасова прымаць неабходныя захады, каб не дапусьціць выкрыцьця сапраўднага прызначэньня кватэры перад пабочнымі асобамі і органамі нацыянальных камітэтаў».

Дырэктыва сьцьвярджала, што зьнятая кватэра «ў пляне магчымасьці атрыманьня, утрыманьня, фінансавых выдаткаў і ўтойваньня ад грамадзкасьці была самым частавыкарыстоўваным месцам для сустрэчаў». А ўтрымальнік зьнятай кватэры быў тайным супрацоўнікам, спэцыяльна завэрбаваным «з мэтай здачы кватэры ці памяшканьня для правядзеньня кансьпіратыўных сустрэчаў» службоўцаў дзяржаўнай бясьпекі з тайнымі супрацоўнікамі. Адпаведнае апэратыўнае фармаваньне контравыведкі заключала з гаспадаром здаванай кватэты спэцыяльную дамову, дзе прыводзіліся ўмовы выкарыстаньня гэтых памяшканьняў, у тым ліку і двухбаковыя абавязкі, у першую чаргу, безумоўна, абавязак гаспадара кватэры трымаць у сакрэце факт выкарыстаньня кватэры ДБ. Разам з тым дырэктыва патрабавала забясьпечыць, каб гаспадар здаванай кватэры ня мог ідэнтыфікаваць тайных супрацоўнікаў, якія прыходзяць на кватэру.

Кансьпіратыўная кватэра, у адрозьненьне ад зьнятай, уяўляла сабой самастойны аб’ект, самастойную кватэру ці іншае памяшканьне, якое знаходзіцца ў непасрэдным выкарыстаньні апэратыўнага фармаваньня контравыведкі. «Кансьпіратыўная кватэра знаходзіцца ў афіцыйнай уласнасьці апэратыўнага працаўніка як гаспадара кватэры, які пры афармленьні дакумэнтаў карыстаецца несапраўдным грамадзянскім пашпартам. Толькі ў выключных выпадках кансьпіратыўная кватэра можа легалізавацца і тайным супрацоўнікам».

Другая катэгорыя супрацоўнікаў, «давераная асоба», дапамагала ДБ выконваць «галоўным чынам дапаможныя і кантрольныя заданьні ў сувязі з пошукам ці тлумачэньнем антыдзяржаўнай дзейнасьці і з арганізацыяй уласнай агентуры». Давераныя асобы выбіраліся «згодна з патрэбамі і задачамі, што вынікаюць з апэратыўнай сытуацыі на ахоўваным ці расьсьледаваным аб’екце, праблематыкі і г. д., з шэрагаў надзейных чэхаславацкіх грамадзянаў, членаў КПЧ i беспартыйных», якія «добраахвотна на аснове ўзаемадаверу» былі «згодныя ў меру сваіх магчымасьцяў і здольнасьцяў падаваць контравыведцы асобныя зьвесткі інфармацыйнага характару ці чыніць ёй неабходную дапамогу і паслугі».

Члены контравыведных фармаваньняў наладжвалі стасункі з такімі даверанымі асобамі, якія маглі дапамагчы ДБ, «у прыватнасьці, у наступным:

a) паведамляць пра зьявы і прыкметы, што зьяўляюцца сыгналам варожай і злачыннай дзейнасьці альбо яе падрыхтоўкі, якая ладзіцца вонкавым ці ўнутраным ворагам;

б) перадаваць зьвесткі, што характарызуюць апэратыўную сытуацыю на ахоўваным ці расьсьледаваным аб’екце, у праблематыцы і інш.;

в) падаваць інфармацыю, якая датычыць працэсу пошуку крыніцаў, каналаў пранікненьня і распаўсюджаньня варожай ідэалёгіі, нэгатыўных тэндэнцыяў і настрояў сярод асобных грамадзянаў Чэхаславакіі ці іх груповак альбо сярод замежных грамадзянаў;

г) зьвяртаць увагу на падазроную цікавасьць замежных асобаў і грамадзянаў Чэхаславакіі да ахоўваных важных аб’ектаў, установаў ці абсталяваньня, да дзейнасьці на іх і да асобаў, якія на гэтых аб’ектах працуюць;

д) зьвяртаць увагу на магчымасьць парушэньня вытворчых і тэхналягічных працэсаў і магчымасьць стварэньня надзвычайных становішчаў і іншых нэгатыўных зьяваў на заводах, фабрыках, ва ўстановах, у чэхаславацкіх узброеных сілах і выказваць меркаваньні аб прычынах надзвычайных сытуацый і зьяваў, якія здарыліся ў гэтым асяродку;

е) дапаўняць зьвесткі аб правяраных асобах;

ё) выконваць іншыя заданьні для апэратыўнай часткі контравыведкі ў залежнасьці ад патрэбаў наяўнай апэратыўнай сытуацыі на ахоўваным ці расьсьледаваным аб’екце ці ў праблематыцы і да т. п.».

Пры падборы «даверанай асобы» апэратыўны працаўнік праводзіў яе «асноўную праверку», і калі пераконваўся, што яна «надзейная і вартая даверу і г. д.», ён, атрымаўшы згоду камандзіра, наладжваў зь ёю кантакт, які ён меў з даверанай асобай «нерэгулярна, паводле патрэбы і разьвіцьця апэратыўнай сытуацыі ў праблематыцы і на ўчастку», дзе меркавалася яе выкарыстаньне. Паколькі з даверанымі асобамі не дазвалялася ладзіць сустрэчы на зьнятых ці кансьпіратыўных кватэрах, апэратыўны працаўнік выбіраў месца сустрэчы «з улікам яго грамадзкага становішча, службовай ці працоўнай прыналежнасьці, грамадзкай дзейнасьці і да т. п.», як правіла, у «прыдатным грамадзкім памяшканьні ці на працоўным месцы даверанай асобы». У выпадку, калі давераная асоба сама праяўляла ахвоту, дазвалялася прымаць ад яе данясеньні ў пісьмовай форме. «У астатніх выпадках аб важных паведамленьнях давераных асобаў апэратыўны працаўнік робіць запісы сам».

Кантакт службоўца ДБ з даверанай асобай, калі тая выказвала «катэгарычнае жаданьне», утойваўся. «Таксама ўтойваецца кантакт з даверанай асобай, якая разглядаецца як магчымы кандыдат у тайныя супрацоўнікі ў будучыні. Такія кантакты павінныя прыкрывацца прыдатнымі кантактамі апэратыўнага працаўніка зь іншымі грамадзянамі, сярод якіх давераная асоба працуе або жыве». Падобным чынам ужо папярэднія дырэктывы вырашалі пытаньне выкарыстаньня інфармацыі, калі апэратыўны працаўнік павінен быў «клапаціцца пра ўтойваньне імя даверанай асобы, якая перадала контравыведцы інфармацыю». Умовай «адкрытага» выкарыстаньня інфармацыі было паўторнае папярэджаньне пра гэта даверанай асобы: «Давераная асоба ня можа замяняць тайных супрацоўнікаў. Яна можа выкарыстоўвацца толькі ў маштабе… гэтай дырэктывы і для паглыбленьня зьвестак, якія сама падала. Яна ня мае права выконваць заданьні, ад якіх залежыць бясьпека дзяржавы і іншыя важныя контравыведныя заданьні, для выкананьня якіх неабходна ў поўнай меры валодаць апэратыўнай сытуацыяй, мэтадамі і формамі працы контравыведкі. Калі ж давераная асоба валодае задаткамі для выкананьня заданьняў такога кшталту і калі падчас папярэдніх сустрэчаў апэратыўнага працаўніка з даверанай асобай вытрымліваліся прынцыпы кансьпірацыі, давераная асоба можа быць завэрбаваная ў якасьці тайнага супрацоўніка». Сьпіс давераных асобаў, згодна з дырэктывай, вёў камандзір кожнага падразьдзяленьня, якое зьвярталася па паслугі да давераных асобаў у рамках працы з агентурнай сеткай, у апэратыўнай картатэцы яны існавалі «ў форме дадатку да асабовай справы аб’екта».

Пры выбары тайных супрацоўнікаў службоўцы ДБ найперш зьвярталі ўвагу на элемэнтарныя інтэлектуальныя, псыхічныя і фізычныя дадзеныя супрацоўніка, існаваньне аб’ектыўных і суб’ектыўных умоваў супрацоўніцтва і інш. «Спэцыяльнымі момантамі ёсьць, напрыклад, патрабаваньні, каб выбраны кандыдат меў задаткі для пранікненьня ў варожыя выведныя цэнтры, для распрацоўкі канкрэтнага выпадку, для аказаньня дапамогі пры правядзеньні пошукавых мерапрыемстваў у спэцыфічным асяродзьдзі і да т. п. На ролю тайнага супрацоўніка не выбіраліся функцыянэры КПЧ і вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі».

Дзяржбясьпека мела абсалютна ясныя матывы вэрбоўкі тайных супрацоўнікаў, якая праводзілася:

«a) на падставе ідэйных памкненьняў кандыдата;

б) на падставе матэрыяльнай зацікаўленасьці;

в) на падставе кампрамэтоўных акалічнасьцяў, якія контравыведка даведалася пра кандыдата».

Да гэтага дырэктыва дадавала: «Ніводны з гэтых спосабаў вэрбоўкі нельга лічыць прыярытэтным; выбар аднаго ці другога спосабу заўсёды грунтуецца на атрыманых зьвестках з мэтай выкарыстаньня тайнага супрацоўніка. Аднак заўсёды дзейнічае прынцып, што кандыдат прымае рашэньне на падставе ўласных разважаньняў, то бок сьвядома. Добраахвотнасьць з боку кандыдата – адзін з галоўных прынцыпаў вэрбоўкі супрацоўнікаў контравыведкі. Толькі пры пэўных спэцыфічных умовах працы контравыведкі, асабліва там, дзе пад пагрозай знаходзяцца асабліва важныя абарончыя, палітычныя ці эканамічныя інтарэсы дзяржавы, можна, згодна з характарам выпадку, супрацоўніцтва дамагацца. Такім выпадкам ёсьць, напрыклад, непасрэдная небясьпека тэрору, сабатажу, шкодніцтва і інш. Ідэйныя перакананьні і матэрыяльная зацікаўленасьць пры прыняцьці рашэньня кандыдатам і падчас тайнага супрацоўніцтва часта ўзаемадапаўняюцца».

Ідэйныя памкненьні вызначаліся ня менш цікавым спосабам: «Ідэйным матывам ёсьць асабістае перакананьне кандыдата ў неабходнасьці барацьбы супраць вонкавага і ўнутранага ворага, якое грунтуецца на марксісцка-ленінскім сьветапоглядзе, сацыялістычным патрыятызьме, непрыманьні імпэрыялізму і імпэрыялістычных войнаў, нянавісьці да імпэрыялістычных выведак альбо да некаторых іх супрацоўнікаў, агідзе да ўнутранага ворага, асабліва пасьля падзей 1968 году і да т. п. Ідэйная матывацыя можа грунтавацца таксама на асабістай зацікаўленасьці кандыдата ў праблематыцы бясьпекі і дзейнасьці контравыведкі». Матыў матэрыяльнай зацікаўленасьці, наадварот, грунтаваўся на «асабістым перакананьні» кандыдата супрацоўнічаць з ДБ. «Добраахвотнае прыняцьце рашэньня, аднак, абапіраецца перадусім на пэўныя выгоды, якія прапануюцца тайнаму супрацоўніку падчас супрацоўніцтва з контравыведкай. Сярод матэрыяльных выгодаў, як выключэньне, можа быць і рэгулярны заробак, матэрыяльнае забесьпячэньне сям’і тайнага супрацоўніка, пералік папярэдне вызначаных сумаў на яго ашчадную кніжку, мэтавыя прэміі і іншыя формы матэрыяльнай узнагароды, якія паміж тайным супрацоўнікам і контравыведкай могуць быць вызначаныя папярэдне, на пачатку супрацоўніцтва ці падчас супрацоўніцтва, і агаворвацца ў дамове аб супрацоўніцтве».

zacak (12K)
Першыя старонкі агентурнай справы контравыведкі ДБ, канец 1970-х гг.

Загад міністра ўнутраных справаў «у абгрунтаваных выпадках» даваў магчымасьць службоўцам ДБ вэрбаваць тайных супрацоўнікаў катэгорыі «агент» (аднак ні ў якім разе не рэзыдэнтаў і ўтрымальнікаў зьнятых кватэраў) «на падставе кампрамэтоўных акалічнасьцяў, атрыманых на іх контравыведкай». У дырэктыве канкрэтна гаварылася: «Кампрамэтоўныя зьвесткі тычацца дзейнасьці кандыдата, якая кампрамэтуе яго перад чэхаславацкімі законамі ці перад грамадзкасьцю… Што тычыцца кампрамэтоўнай дзейнасьці, якая не зьяўляецца злачыннай, неабходна ўлічваць меру кампрамэтацыі з пункту гледжаньня кандыдата і асяродку, якое б яе ацаніла. У выпадку замежных грамадзянаў гаворка можа ісьці пра кампрамэтацыю перад законамі радзімы, установамі і арганізацыямі, заданьні якіх ён у ЧССР выконвае, ці пра кампрамэтацыю перад грамадзкасьцю ўласнай краіны». Крыху алібістычна дырэктыва працягвала: «Кандыдат, завэрбаваны на падставе кампрамэтоўнага матэрыялу, прымае рашэньне, грунтуючыся на ўласнай ацэнцы, ці яму супрацоўніцтва з контравыведкай выгаднейшае за наступствы, якія б мела для яго асобы выкарыстаньне кампрамэтоўных матэрыялаў». У выпадку, калі і пасьля гэтага шантажу асоба не згаджалася падпісаць згоду на супрацоўніцтва, дырэктыва заклікала прытрымлівацца дзейных законаў: «Калі кандыдата ня ўдасца завэрбаваць на падставе кампрамэтоўнага матэрыялу, камандзір з патрэбнымі паўнамоцтвамі прыме рашэньне, з улікам чэхаславацкага заканадаўства, ці будзе – і калі так, то якім чынам – выкарыстаны кампрамэтоўны матэрыял».

Гэтаксама і дырэктыва 1972 году адэкватна ацэньвала так бы мовіць выхоўваньне тайных супрацоўнікаў, калі гаворка ішла пра дзейнасьць прадуманую, сыстэматычную і канкрэтную. «Апэратыўны працаўнік кіруе тайнымі супрацоўнікамі такім чынам, каб яны правільна разумелі міжнародныя і ўнутрыпалітычныя пытаньні, асабліва пытаньні бясьпекі і аховы ЧССР і астатніх сацыялістычных краінаў. У гэтым кірунку ён арыентуе выхаваўчую працу такім чынам, каб яна вяла да павышэньня і ўзмацненьня адданасьці тайных супрацоўнікаў сацыялістычнаму грамадзкаму і дзяржаўнаму ладу, да паглыбленьня іх палітычнай сьвядомасьці і інтэрнацыяналізму».

Апэратыўны працаўнік ДБ пры выхоўваньні тайных супрацоўнікаў выкарыстоўваў, «у прыватнасьці, наступныя мэтады:

a) тлумачэньне палітычных поглядаў у адпаведнасьці з узроўнем палітычнай сьпеласьці тайнага супрацоўніка пры асабістым кантакце падчас сустрэчаў. Погляды і пытаньні неабходна тлумачыць зь веданьнем справы. Асаблівую ўвагу надаваць тым, хто апрацоўвае замежнікаў ці асобаў з шэрагу антысацыялістычных, апартунісцкіх і іншых варожых элемэнтаў. Павышаную ўвагу надаваць асобам, завэрбаваным на падставе кампрамэтоўнай дзейнасьці. Трэба імкнуцца, каб уплыў на тайнага супрацоўніка з боку апэратыўнага працаўніка быў мацнейшы і больш надзейны, чым уплыў на яго з боку варожага асяродку;

б) патрабаваньне своечасовага і дакладнага выкананьня атрыманых заданьняў. Гэты прынцып трэба ўкараняць пасьлядоўна, але тактоўна. Апэратыўны працаўнік пры кіраваньні тайнымі супрацоўнікамі павінен пазьбягаць павярхоўнасьці і фармальнасьці, а ў першую чаргу ўзьдзейнічаць на іх асабістым прыкладам;

в) разбор паводзінаў тайных супрацоўнікаў, пры гэтым неабходна зьвяртаць іх увагу на памылкі і недахопы і дапамагаць у іх выкараненьні. Пры гэтым трэба выбіраць прыдатную форму, каб не адштурхнуць іх ад супрацоўніцтва. Таксама трэба праяўляць цікавасьць да іх асабістага жыцьця, клапаціцца пра стварэньне адпаведных умоваў для разьвіцьця далейшага супрацоўніцтва».

У рамках спэцыяльнай падрыхтоўкі могуць удасканальвацца «веды і ўменьні тайнага супрацоўніка, якія тычацца захоўваньня кансьпірацыі пры выкананьні заданьняў. Паводле патрэбы яго накіроўваюць на наладжваньне і пашырэньне патрэбных стасункаў на распрацоўваным аб’екце ці выпадку. Яго вучаць спосабам усталяваньня кантактаў зь людзьмі з варожага асяродку, у сутыкненьне зь якімі ён прыйдзе пры выкананьні заданьняў».

Празь дзесяць гадоў пасьля апошняй дырэктывы зноў зьнізілася частата сустрэчаў апэратыўных працаўнікоў з тайнымі супрацоўнікамі. «Пажадана, каб і ў пэрыяды незапатрабаванасьці тайных супрацоўнікаў ажыцьцяўляліся рэгулярныя сустрэчы зь імі з пэрыядычнысьцю, вызначанай камандзірам падразьдзяленьня, аднак не радзей за раз на тры месяцы».

У выпадку «датэрміновага перапыненьня супрацоўніцтва» з тайным супрацоўнікам (з прычыны хваробы, працоўнай занятасьці ці інш.), калі меркавалася, што перапыненьне супрацоўніцтва зацягнецца на час, большы за шэсьць месяцаў, апэратыўны працаўнік падаваў рапарт аб перапыненьні супрацоўніцтва таму начальніку, зь якім узгаднялася вэрбоўка. Заканчэньне супрацоўніцтва наставала і з тымі тайнымі супрацоўнікамі, «якія здрадзілі, эмігравалі, учынілі злачынства, скампрамэтавалі сябе правакацыйнымі і несумленнымі паводзінамі, а таксама з тымі, якія былі дэкансьпіраваныя, адмаўляюцца супрацоўнічаць ці страцілі магчымасьць супрацоўнічаць далей у сувязі са зьменай свайго становішча. Сярод іншых прычынаў могуць быць, у прыватнасьці, наступныя:

«a) калі тайны супрацоўнік выканаў заданьне, для якога быў завэрбаваны, і далейшае яго выкарыстаньне немагчымае;

б) калі скончыўся загадзя вызначаны тэрмін супрацоўніцтва;

в) калі тайны супрацоўнік сябе належным чынам не зарэкамэндаваў ці ня выканаў заданьняў, дзеля якіх быў завэрбаваны;

г) калі апэратыўны орган не настойвае на далейшым супрацоўніцтве;

д) калі тайны супрацоўнік быў прызначаны на высокую палітычную ці дзяржаўную пасаду».

На пачатку 1978 году міністар унутраных справаў ЧССР Ярамір Обзіна выдаў загадам № 3 апошнюю «Дырэктыву аб працы з супрацоўнікамі контравыведкі». Пакуль што няма абсалютнай яснасьці ў пытаньні, якія прычыны ў гэты пэрыяд падштурхнулі кіраўніцтва фэдэральнага Міністэрства ўнутраных справаў да выданьня цэлай сэрыі дырэктываў, што тычыліся апэратыўнай працы ДБ, калі ўлічваць і дырэктывы аб агентурна-апэратыўнай працы. Асабліва таму, што яны, у прынцыпе, не адрозьніваюцца ад папярэдніх. Міністар унутраных справаў Обзіна ніякіх тлумачэньняў да выданьня свайго загаду не дадаў: «Для забесьпячэньня належнага выкананьня заданьняў працаўнікамі контравыведкі пры працы з супрацоўнікамі контравыведкі па ахове сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадзкага ладу, сацыялістычнай эканомікі, бясьпекі і правоў грамадзянаў Чэхаславакіі і пры ахове бясьпекі дзяржаваў сусьветнага сацыялістычнага блёку…»

Ва ўступе да дырэктывы яе аўтары вызначалі стасункі контравыведкі ДБ і грамадзянаў іншымі словамі, але па сутнасьці ў тым самым духу, як і раней: «Контравыведка пры выкананьні сваёй місіі абапіраецца на дапамогу грамадзянаў Чэхаславакіі і замежнікаў, якія выказваюць ахвоту і маюць прычыны для супрацоўніцтва з контравыведкай». Дырэктыва захавала прынцып дзяленьня супрацоўнікаў контравыведкі на дзьве катэгорыі: тайныя супрацоўнікі і давераныя асобы. Невялікая зьмена адбылася ў тым, што тычыцца выкарыстаньня тайных супрацоўнікаў як галоўнага сродку Дзяржаўнай бясьпекі «супраць падрыўной дзейнасьці замежных варожых выведных, ідэалягічных і эканамічных цэнтраў і груповак, іх мясцовых памагатых і астатніх унутраных ворагаў».

Асобныя катэгорыі тайных супрацоўнікаў не зьмяніліся, толькі рэзыдэнт па заслугах патрапіў на першае месца, перад агентам. Рэзыдэнтам акрамя былога надзейнага службоўца Камітэту нацыянальнай бясьпекі цяпер мог стаць таксама салдат унутраных войскаў, які працуе на цывільнай працы. Задачы тайнага супрацоўніка агента пашырыліся за кошт пошуку і выкрыцьця заходніх «манаполіяў, арганізацыяў і цэнтраў», якія пранікаюць у важныя камуністычныя арганізацыі (в), ён сам «пранікае ў гаспадарчыя групоўкі і інстытуцыі капіталістычных дзяржаваў і манаполіяў з мэтай выкрыцьця іх намераў падарваць ці нэгатыўна паўплываць на эканоміку Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі ці перашкодзіць інтэграцыі краін Савету эканамічнай узаемадапамогі» (д); дапамагае пры ахове «ўзброеных сілаў Варшаўскай дамовы» (е), выконвае канкрэтныя заданьні таксама і «па інфарматарскай праверцы асобаў» (ё) і, «згодна з усталяваным парадкам, на гэтае [варожае] асяродзьдзе аказвае пазытыўны ўплыў» (ж, і). Прызначэньне заданьняў давераным асобам было пашырана толькі на пункт е): «зьвяртаць увагу кіраўніцтва на недахопы пры ахове засакрэчаных аб’ектаў і на зьявы, якія сыгналізуюць пра пагрозу ці рассакрэчваньне сакрэтных зьвестак». Як і раней, давераныя асобы ўносіліся ў «сьпіс», які вёў камандзір падразьдзяленьня контравыведнага фармаваньня і рэгістраваўся ў дадатку да «асабістай справы распрацоўванай асобы».

Што да кансьпіратыўных кватэраў, то, у адрозьненьне ад пачатку сямідзясятых, да новай дырэктывы была дададзеная цікавая інфармацыя: «Атрыманьне КК ад нацыянальных камітэтаў забясьпечвае ў Празе жыльлёвае аддзяленьне фэдэральнага Міністэрства ўнутраных справаў, а ў краях адпаведныя жыльлёвыя органы краёвых адміністрацыяў Корпусу нацыянальнай бясьпекі, якія павінны абмеркаваць пытаньні выдзяленьня кватэры з кампэтэнтнымі дзяржаўнымі органамі і перадаць КК пасьля вырашэньня ўсіх фармальнасьцяў карыстальнікам».

Таксама пытаньне выхоўваньня тайных супрацоўнікаў было пашыранае на адзін пункт: кіроўны орган «мусіць рэагаваць на няправільныя палітычныя погляды і пазыцыю тайнага супрацоўніка і адказваць на ўсе яго пытаньні зь веданьнем справы. Асаблівую ўвагу трэба надаваць тым тайным супрацоўнікам, якія працуюць з замежнікамі ці з асобамі з шэрагаў антысавецкіх, апартуністычных і іншых варожых элемэнтаў». Частата асабістых кантактаў з агентурай у пэрыяд незапатрабаванасьці тайнага супрацоўніка была зьніжаная да адной сустрэчы на тры месяцы.

Да таго ж былі сфармуляваныя наступныя «асноўныя правілы», якія тычыліся «рэалізацыі прынцыпаў кансьпірацыі ў працы з тайнымі супрацоўнікамі:

a) пры сустрэчы з тайным супрацоўнікам як на ЗК, так і на КК, а таксама ў іншых месцах неабходна прытрымлівацца пранцыпаў найстражэйшай сакрэтнасьці і не дапускаць стэрэатыпнасьці пры арганізацыі сустрэчаў (не прызначаць на той самы дзень і гадзіну);

б) выпрацоўваць і правяраць жывучасьць легендаў, пад прыкрыцьцём якіх тайныя супрацоўнікі прыходзяць на месца сустрэчы;

в) знаёміць тайных супрацоўнікаў з фактамі і дачыненьнямі толькі ў маштабе, мінімальна неабходным для выкананьня заданьня;

г) рэглямэнтаваць паводзіны тайных супрацоўнікаў у апрацоўваным асяродзьдзі пры кантакце з варожымі асобамі. Пры выкананьні заданьняў дбаць пра тое, каб паводзіны тайных супрацоўнікаў рабілі як мага больш натуральнае ўражаньне;

д) дбаць пра тое, каб тайны супрацоўнік пісаў данясеньні непасрэдна падчас сустрэчы з кіроўным працаўніком, і мінімальна абмежаваць прынясеньне гатовых данясеньняў. У такіх выпадках прасачыць, ці вытрымаў тайны супрацоўнік усе прынцыпы кансьпірацыі;

е) пры выдзяленьні падарункаў і ўзнагарод заўсёды неабходна папярэдне ўзважыць, ці здолее тайны супрацоўнік праўдападобна растлумачыць дома членам сям’і, на працы або людзям са свайго атачэньня паходжаньне падарунка ці значнай фінансавай узнагароды;

ё) пры аказаньні дапамогі ці паслуг тайнаму супрацоўніку заўсёды мець падрыхтаваную прыдатную легенду;

ж) прытрымлівацца прынцыпу, каб у фармаваньнях контравыведкі тайных супрацоўнікаў ведаў толькі той працаўнік, які імі непасрэдна кіруе, адпаведны вышэйшы камандзір, а ў асаблівых выпадках толькі тыя органы, якія ў сыстэме кіроўных паўнамоцтваў маюць права знаёміцца з матэрыяламі тайнага супрацоўніка і зь яго данясеньнямі;

з) ва ўсіх матэрыялах, акрамя мэмарандуму, тайны супрацоўнік згадваецца толькі пад псэўданімам з нумарам асабістай справы, і не прыводзяцца ніякія зьвесткі, якія б маглі прывесьці да рассакрэчваньня тайнага супрацоўніка перад пабочнымі асобамі;

i) забараняецца дэкансьпіраваць аднаго тайнага супрацоўніка перад другім, акрамя выпадкаў, апісаных у гэтай дырэктыве (праца з рэзыдэнтамі альбо выключныя асаблівыя выпадкі, якія тычацца пытаньня сувязі ці спэцыяльных інфарматарскіх камбінацыяў, калі наступае так званая аднабаковая ці двухбаковая дэшыфрацыя)».

У канцы васьмідзясятых гадоў кіраўніцтва фэдэральнага Міністэрства ўнутраных справаў імкнулася рэагаваць на зьмены грамадзкай, а тым самым і апэратыўнай сытуацыі, і загадала сваім цэнтральным фармаваньням Дзяржаўнай бясьпекі выпрацаваць новыя дырэктывы. Аднак да лістапада 1989 году ніводная зь іх не была прынятая, гэта тычыцца і дырэктываў аб працы з агентурнай сеткай, якія нас цікавяць. Дырэктыва аб агентурна-апэратыўнай дзейнасьці контравыведных падразьдзяленьняў ДБ з 1978 году хоць і была фармальна адмененая ў рамках «Распараджэньня міністра ўнутраных справаў ЧСФР» № 15/1991 ад 28 чэрвеня 1991 году, але фактычна перастала дзейнічаць толькі пры ліквідацыі ДБ у сярэдзіне лютага 1990 году альбо пасьля распаду яе агентурнай сеткі, які пачаўся яшчэ ў сьнежні 1989 году.

Пераклад Юліі Сматрычэнкі

  5 Тым ня менш, у дырэктыве паведамлялася: «Абазначэньне D абранае з увагі на тое, што дагэтуль мы гэтай літарай пазначалі ўсе давераныя крыніцы. Цяпер мы гэтай літарай абазначаем толькі тых, хто працуе ў якасьці дарадцаў, аднак каго мы «абслугоўваем» ня ў той меры, каб уключыць іх у склад сталых інфарматараў або вышэйшых катэгорыяў агентурных працаўнікоў. (Уласна кажучы, гэта прынагодныя давераныя дарадцы, напр. у пэўных установах, на заводах і г. д., якім мы давяраем.)»
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/11/22