A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АНДРАНІК АНТАНЯН | ||||
Вільня новалітоўскага пэрыяду Tomas Venclova. Vilniaus vardai. —
Новая кніга літоўскага паэта, перакладчыка, прафэсара Ельскага ўнівэрсытэту Томаса Венцлавы (н. 1937) «Імёны Вільні» — лягічны працяг яго папярэдняй краязнаўчай (у лепшым сэнсе гэтага слова) працы «Вільня», якая пабачыла сьвет чатыры гады таму, стала бэстсэлерам, перакладалася на пяць замежных моваў — дакладней, на ўсе турыстычныя мовы краю — і вытрымала не адно перавыданьне. «Імёны Вільні» — гэта ці ня першая спроба ў гісторыі новалітоўскага пэрыяду Вільні сабраць пад адной вокладкай біяграфіі вядомых віленчукоў незалежна ад этнічнага паходжаньня ці вынесеных нашчадкамі ацэнак іх дзейнасьці. Для энцыкляпэдыста не бывае адмоўных пэрсанажаў. Біяграмаў сабралася больш за 550. Кніга падзеленая на дзевяць храналягічных пэрыядаў, і прадстаўнікі кожнага пададзеныя ў сваім разьдзеле паводле альфабэту. У выніку атрымалася энцыкляпэдычнае выданьне, якое фактычна ня мае аналягаў. Што праўда, кніга не пазбаўленая пэўнага літуанацэнтрызму. І гэта выяўляецца ня толькі ў тым, што артыкул пра Чурлёніса — мастака, якога любяць у Літве сапраўднай любоўю без асаблівых на тое падставаў, — у колькі разоў большы за артыкул пра Мсьціслава Дабужынскага, а ён зрабіў у фармаваньне Вялікага Віленскага Міту куды большы ўнёсак. Але Томас Венцлава адным зь першых паспрабаваў зафіксаваць на паперы поліфанічнасьць гэтага места. Беларускага чытача перадусім цікавіць, як у гэтай стракатай мазаіцы пададзеная Беларусь. І тут ёсьць чым цешыцца. Беларусы на старонках кнігі прысутнічаюць у больш чым прымальнай прапорцыі. Аднак тое, што беларушчына для сучаснага літоўскага інтэлектуала — зьява экзатычная, адбілася на якасьці падачы беларускага матэрыялу. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу непасьлядоўнасьць у транскрыпцыі беларускіх імёнаў. У адным месцы беларускае «г» аўтар перадае як «h», у іншым — як «g». Тая самая гісторыя выйшла і з «ў», якое перадаецца то праз «v», то праз «u». Вынікам падобнага падыходу стала тое, што Вацлаў Ластоўскі ў кнізе фігуруе як Vaclav Lastouski (с. 198). На такую драбязу можна было б не зьвяртаць увагі, калі б падобная несыстэмнасьць у падыходзе назіралася і ў дачыненьні да іншых моваў. Аднак ані з польскай, ані з вугорскай такіх праблемаў не ўзьнікае. Сьпіс беларускіх пэрсаналіяў атрымаўся даволі вялікі. Францішак Аляхновіч, Натальля Арсеньнева, Багушэвіч, Багдановіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Рыгор Шырма, Колас і Купала, Максім Танк, Браніслаў Тарашкевіч, Казімер Сваяк, Дамінік Сямашка… Хоць сьпіс гэты і прадстаўнічы, нельга не зьвярнуць увагі на некаторую яго выпадковасьць з ухілам у літаратурацэнтрызм. Пры ўсёй павазе да паэтычнага таленту Натальлі Арсеньневай мне цяжка знайсьці аргумэнты, чаму ў гэтым сьпісе апынулася менавіта яна, а не, скажам, яе школьны настаўнік Максім Гарэцкі, чый унёсак у беларускую літаратуру пераацаніць проста немагчыма. Чаму, напісаўшы грунтоўны артыкул пра Антона Луцкевіча, аўтар адвёў усяго пару сказаў ягонаму брату Івану (а той, як ні круці, зьяўляецца бацькам мадэрнай беларускай нацыі)? Вядома, Казімер Сваяк — фігура ў беларускай хадэцыі вельмі важная, але пры адсутнасьці артыкулу пра Адама Станкевіча яна безнадзейна выпадае з кантэксту. Безумоўна, постаць Браніслава Тарашкевіча даволі значная ў беларускім пантэоне, але несправядліва выглядае адсутнасьць побач другога віленскага мовазнаўцы Янкі Станкевіча — таго, хто сфармуляваў базісныя прынцыпы беларускай артаграфіі (абодвух яе варыянтаў). Чамусьці ў шырокі віленскі нэкропаль ня трапіў ніводзін з братоў Іваноўскіх (Іванаўскасаў), чыімі біяграфіямі любяць ілюстраваць складанасьць нацыятворчых працэсаў на Віленшчыне. Зьвяртае на сябе ўвагу і тое, што ў разьдзелах, прысьвечаных паваеннай Вільні, беларусаў зусім няма. Вядома, пасьля рэпрэсіяў 40—50-х гг. ХХ ст. беларускае жыцьцё выглядала даволі бляклым, але біяграмы мастака Пётры Сергіевіча або пісьменьніцы і лексыкографа Зоські Верас маглі б прыкметна дапоўніць карціну. Аднак будзьма справядлівымі. На няпоўнасьць і суб’ектыўнасьць сьпісу маюць падставы наракаць ня толькі беларусы, але і астатнія народы, рэпрэзэнтаваныя ў «Імёнах Вільні», не выключаючы і літоўцаў. У кнігу ня трапілі (цяжка сказаць, зь якой прычыны) такія знакавыя фігуры савецкага пэрыяду, як мастак Стасіс Красаўскас і паэт Эдуардас Межалайціс. Некаторыя ацэнкі, вынесеныя аўтарам, выклікаюць пытаньні. Фэномэн Багушэвіча палягае зусім ня ў тым, што ён «першы аўтар, які пісаў толькі па-беларуску». Якуб Колас ніяк не падпадае пад такое вызначэньне: «жвавага, крыху багемнага складу чалавек, быў адной з цэнтральных фігураў культурнага жыцьця віленскіх беларусаў» (с. 195). Гэтае азначэньне хутчэй пасуе да Янкі Купалы. Хоць дзеля справядлівасьці можна сказаць, што ў новабеларускай міталёгіі Купала і Колас, браты-блізьняты нашай літаратуры, стаяць так блізка, што ня кожны выпускнік беларускай школы іх адрозьнівае. Што праўда, пад «клясычнай спадчынай» Якуба Коласа ў Беларусі маецца на ўвазе перадусім «Новая зямля», якую ніяк не аднесьці да «раньніх твораў». Няма ў артыкуле пра Якуба Коласа і згадкі, што ў савецкі час у Павільнісе пачаў быў арганізоўвацца мэмарыяльны дом-музэй беларускага песьняра, — праўда, цішком пераведзены ў каматозны стан падчас чарговай спробы літуанізаваць Вільню. Зрэшты, гэтая кніга і не задумлялася як крытыка культурніцкай палітыкі Літвы ў Вільні, яна — толькі далікатная спроба паказаць, ад якога кавалку спадчыны адмаўляюцца літоўцы. Трапляюцца ў кнізе Томаса Венцлавы і пэўныя недакладнасьці. Унёсак Антона Луцкевіча ў вывучэньне літоўскіх статутаў і спадчыны Францішка Скарыны (с. 243) больш чым сымбалічны. Дзіўны пасаж сустракаецца і ў біяграфіі Максіма Танка: «Напрыканцы жыцьця пісаў пра злачынствы сталінізму, чарнобыльскую катастрофу, падтрымліваў барацьбу за правы беларускай мовы» (с. 260). Магчыма, Максім Танк і трымаўся такіх поглядаў, толькі іх асабліва не афішаваў. Томас Венцлава старанна падкрэсьлівае сувязь беларусаў зь літоўскім асяродзьдзем Вільні, але зусім ніяк не закранае кантактаў літоўцаў зь беларусамі. Выключэньне складае артыкул пра друкара Марціна Кухту (Кукту). Атрымліваецца пэўная несувымернасьць. У артыкулах пра Коласа і Купалу паведамляецца, што яны кантактавалі зь Людасам Гіром1, але ў артыкуле пра самога літоўскага паэта — ні слова пра яго кантакты зь беларускімі літаратарамі і беларускай літаратурай наагул. А яны былі, і назваць іх выпадковымі не выпадае. Цяжка сказаць з пэўнасьцю, ці гэта літоўскі чытач не дасьпеў да такой інфармацыі, ці аўтар проста не палічыў важным згадаць, што Владас2 Дрэма працаваў у свой час у Віленскім Беларускім музэі, або што паэтка Она Міцютэ пісала, апроч літоўскай, і на беларускай мове. |
эсэіст. Жыве ў Вільні. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — рэцэнзія «Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы» (5/2005). |
Перакрыжаваныя спасылкі паміж артыкуламі — мабыць, найменш прапрацаваная частка гэтай манаграфіі. У артыкуле пра Мацкевіча-Цата (с. 245) Томас Венцлава распавядае пра аўтараў, якія друкаваліся ў рэдагаванай Мацкевічам газэце «Слова», аднак сярод іх ня згадвае Аляхновіча, хоць якраз у «Слове» і адбылася першая публікацыя ягонай найбольш вядомай кнігі «У кіпцюрох ГПУ». Магчыма, факт сяброўства паміж Максімам Танкам і Ёсіпам Грыгулевічам ня самы істотны ў біяграфіі аднаго і другога, але калі ў кнізе прысутнічаюць абодва, то пра іх стасункі варта было б згадаць, тым больш, што легендарны разьведчык караімскага паходжаньня неаднаразова іх падкрэсьліваў у сваіх успамінах. Прыклады можна працягваць.
Знаёмства дасьледчыка зь беларускай гістарыяграфіяй усё ж фрагмэнтарнае, і асноўныя матэрыялы для свайго слоўніка ён мусіў шукаць у іншых крыніцах. Але тое, што нібыта павінна было стаць грунтоўным недахопам кнігі, нечакана зрабілася яе плюсам. Слабое ўяўленьне Томаса Венцлавы пра ступень дасьледаванасьці біяграфіі Францішка Аляхновіча паспрыяла таму, што на старонках «Імёнаў Вільні» апублікаваны фрагмэнт дзёньнікавага запісу Мікалая Ромэра пра беларускага драматурга (с. 219) — той выйшаў друкам амаль дзесяць гадоў таму, аднак дасюль ня ўведзены ва ўжытак беларускімі літаратуразнаўцамі3. У мяне няма ніякіх сумневаў у тым, што кніга вытрымае не адно перавыданьне. Хацелася б спадзявацца, што хоць нейкая частка заўваг, агучаных у рэцэнзіі, будзе ў іх улічаная. |
1 Зрэшты, мне і гэты варыянт рэжа вуха і вока. 2 Як і «Власт». 3 Гл. напрыклад: Аляхновіч Ф. Выбраныя творы / Укл., прадм. А. Сабалеўскага. — Менск, 2005. — 544 с. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |