A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  АЛЯКСЕЙ ДЗЕРМАНТ

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Дзермант
Беларусы: радавод да сто трыццатага калена

Мікуліч, Аляксей. Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 138 с.

Кніга вядомага антраполага і генетыка, доктара біялагічных навук Аляксея Мікуліча, што нядаўна ўбачыла свет, з’яўляецца фактычна падсумаваннем яго шматгадовай працы даследніка ў галіне вывучэння асаблівасцяў генафонду і антрапалагічнага аблічча беларускага этнасу. Многія высновы, зробленыя ў кнізе, можна было знайсці і ў ранейшых публікацыях, але некаторыя з іх, што маюць важнае значэнне для этнагенетычнай праблематыкі, агучаныя ўпершыню.

Падставовая тэза, якую даводзіць аўтар, — гэта магчымасць вылічыць з дапамогаю новай генагеаграфічнай тэхналогіі вывучэння прасторавай структуры генафонду прыкладны ўзрост беларускага этнасу. У звязку з гэтым, між іншым, адзначаецца, што генафонд беларусаў «заставаўся абароненым ад вонкавага ўплыву і заўважнага пранікнення генаў суседніх этнасаў. І такім чынам фенатыпы і генатыпы пры ўсёй стахастычнасці генетычных працэсаў захавалі сваю стабільнасць» (с. 12). Працэс спадкавання генетычных структур мае сваю храналогію. Паказнікі абагульненых біягенетычных адлегласцяў і розніцы паміж сучаснымі сельскімі групамі дазволілі адшукаць след генетычнай памяці папуляцый. Вынік, атрыманы на аснове гэткага падыходу да аналізу генетычных матэрыялаў, дазволіў аўтару сцвердзіць, што: «…Беларусы (папуляцыі карэнных жыхароў) вядуць свой радавод цягам не меней як 130—140 каленаў, гэта значыць пачынаючы амаль за 1,5 тысячы гадоў перад Н. Х.» (с. 112). На сёння найбольш пашыраным гледзішчам на паходжанне беларусаў з’яўляецца метысная балцка-славянская гіпотэза, згодна з якой пошук пачаткаў прабеларускага этнасу мае карэлявацца з часам масавай славянскай міграцыі на землі, заселеныя балцкімі плямёнамі. Аднак працытаваная выснова сведчыць, што нашыя генетычныя вытокі звязаныя хутчэй з эпохай да меркаванага славянскага рассялення і сягаюць больш даўніх часоў — задоўга да гістарычна ды нават тэарэтычна дапушчальнага з’яўлення славянаў.

Між тым, сам А. Мікуліч мяркуе, што «на нашай тэрыторыі славяне асімілявалі аўтахтонных балтаў, і гэтакім парадкам сфармаваўся прагенафонд сучаснага беларускага этнасу» (с. 73). Якім жа чынам гэта стасуецца з папярэднімі высновамі і ці ёсць пэўныя доказы масавай міграцыі славянаў ды, адпаведна, асіміляцыі імі мясцовых балтаў? Як нам здаецца, у сваёй найноўшай працы аўтар усё ж не надаў належнай увагі гэтаму сапраўды ключавому моманту этнічнай гісторыі беларусаў. Фактычна, адзіным доказам славянскай міграцыі ў кнізе ёсць карта 12, якая нібы «фіксуе сляды міграцыі ўсходніх славян з Балканаў праз Румынію, Украіну, Беларусь на паўночны захад, а потым, магчыма, на ўсход». Пры адсутнасці тлумачэння, чаму адлюстраваная там карціна мае карэлявацца з перыядам славянскай экспансіі, гэткае цверджанне не выглядае дастаткова абгрунтаваным. У іншым месцы чытаем, што «Палессе можна разглядаць у якасці магчымай прарадзімы славян» (с. 80), адкуль становіцца незразумелым, чаму ж тады ўсходнія славяне мігравалі на Беларусь не проста, а з Балканаў? Яшчэ раней пра (заходне)палескі арэал, які некаторымі навукоўцамі ўлучаецца ў абшар славянскай прарадзімы, гаворыцца: «Пазнейшая славянізацыя не паўплывала на старажытныя асаблівасці насельнікаў гэтага рэгіёну» (с. 67). Такім чынам, сітуацыя з генетычнымі слядамі славянскай каланізацыі канчаткова заблытваецца. А гэта яшчэ раз змушае згадаць, што праўдзіваю праблемаю ёсць не гэтулькi высвятленне ролi балтаў у беларускiм этнагенезе (яна вiдавочная), колькi ролi славянаў, таго, адкуль, калі і як адбываўся іх меркаваны міграцыйны рух1.

  філёзаф, асьпірант Інстытуту філязофіі НАН Беларусі.
   
Карты першай і другой галоўных кампанентаў зменлівасці генафонду Усходняй Еўропы (мал. 5—7) дэманструюць сувязь генафонду паўднёвых беларусаў і паўночных украінцаў з балканскім генафондам часоў неаліту ці ранняга бронзавага веку (с. 73). Маючы на ўвазе тасксама наяўнасць слядоў паўднёвых еўрапеоідаў на беларускім Палессі, можна казаць пра даўнюю сувязь гэтай тэрыторыі з Балканамі. Але без адпаведнай аргументацыі гэтая сувязь не можа быць беспасярэдне суаднесеная са славянскімі перасяленцамі. Акрэслены часавы перыяд стасуецца хіба са сведчаннямі адмысловых старажытных ізаглосных стасункаў балцкіх і фракійскіх моваў. Ёсць падставы меркаваць, што і пэўныя рысы, характэрныя для паўднёвых еўрапеоідаў, найболей імаверна звязваць не са славянамі, а з некаторымі заходнябалцкімі плямёнамі, у прыватнасці, з ятвягамі2. А. Мікуліч не раз заўважае, што этнагенетычны працэс беларусаў адбываўся амаль на мяжы паўднёвых еўрапеоідаў з паўночнымі, але беларускі генафонд, маючы сваю адметнасць, «цалкам захаваў генетычную памяць паўночнай еўрапеоіднасці» (с. 23), што адпавядае антрапалагічнай класіфікацыі асноўнай часткі беларусаў як належных да балтыйскай (паўночнаеўрапеоіднай) расы3. Цікава таксама, што карта першай галоўнай зменлівасці генафонду адпавядае вылучэнню на тэрыторыі Беларусі двух антрапалагічных тыпаў: валдайскага і палескага4.

Аўтар, відаць, схільны атаясамліваць з’яўленне індаеўрапейцаў з балканскім генетычным «вектарам» і міграцыйным рухам паўднёвых еўрапеоідаў (с. 23, 74). Прадстаўнікі міжземнаморскага антрапалагічнага тыпу прысутнічалі на поўначы Усходняй Еўропы ўжо з часоў мезаліту5. Быў таксама і рух насельніцтва з поўначы на поўдзень, пра што сведчаць прыкметы, характэрныя для паўночнаеўрапеоідных папуляцый у краінах міжземнаморскага басейну6. Гэтак адбываўся «дрэйф генаў», асабліва інтэнсіўны ў працэсе неалітызацыі Еўропы і пашырэння земляробства. Але, нягледзячы на папулярнасць сярод даследнікаў «паўднёвых» тэорый лакалізацыі прарадзімы індаеўрапейцаў: малаазійскай, балканскай (К. Рэнфру, Т. Гамкрэлідзэ, Вяч. Іванаў, І. Дзяканаў), не варта забывацца і на паважную аргументацыю спецыялістаў, якія шукаюць калыску індаеўрапейцаў на абшары недзе паміж Рэйнам і вярхоўямі Дняпра — там, дзе пашыраная архаічная гідранімія стараеўрапейскага тыпу7.

На карце генетычных адлегласцяў ад сярэдніх беларускіх частот генаў насельніцтва Усходняй Еўропы (мал. 9) яскрава відавочная адметнасць генафонду беларусаў, да якіх далучаюцца карэнныя жыхары Пскоўшчыны, Наўгародчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны, Латгаліі і ўкраінскага Палесся. На думку А. Мікуліча, гэткая карціна адлюстроўвае «гістарычныя з’явы не XVII—XVIII стагоддзяў, а на тры тысячагоддзі ранейшыя» (с. 83). Аўтар зацямляе таксама, што «з улікам усяго вывучанага матэрыялу арэал беларускага генафонду ў агульных сваіх абрысах адпавядае межам Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XV стагоддзя» (тамсама). Гэтым назіраннем можна дапоўніць тэзу пра тое, што «рэгіён ВКЛ» ёсць не толькі сапраўднай канструкцыяй, якая мае рэальную, а не сканструяваную гісторыю, прычым як палітычную, гэтак і сацыякультурную8, але яшчэ і антрапалагічна-генетычнай рэальнасцю.

Сапраўды, вызначаны арэал амаль дакладна адпавядае тэрыторыі пашырэння валдайска-верхнедняпроўскага антрапалагічнага комплексу, найбольш характэрнымі прадстаўнікамі якога ёсць літоўцы, беларусы і насельніцтва вышнявінаў Дняпра, Дзвіны і вытокаў Волгі9. Падабенства ў антрапалагічным тыпе сучасных усходніх літоўцаў і часткова ўсходніх латышоў з беларусамі ды расійцамі заходніх раёнаў РФ тлумачыцца тым, што фізічны тып насельнікаў Падняпроўя, вышнявінаў Волгі і Дзвіны ўвабраў у сябе даўні субстрат, утвораны ўсходнябалцкімі плямёнамі10. Адметнасцю менавіта ўсходнябалцкіх плямёнаў можна патлумачыць таксама пэўнае адрозненне фізічнага тыпу і генафонду усходніх літоўцаў, ўсходніх латышоў і беларусаў ад заходніх літоўцаў і латышоў, вытокі якога прасочваюцца яшчэ з часоў неаліту11.

Агулам жа шкала генетычных адлегласцяў выглядае наступным чынам: да беларусаў Падзвіння найбліжшымі ёсць насельнікі колішняга «крыўскага» арэалу — Пскоўшчыны, Наўгародчыны, Смаленшчыны, троху далей ад іх знаходзяцца папуляцыі Цэнтральнай Беларусі і Падняпроўя разам з жыхарамі паўднёва-ўсходняй Літвы і ўсходняй Латвіі, далей знаходзяцца заходнія беларусы Панямоння (разам з палякамі сумежжа, заходнімі літоўцамі, латышамі) і паўднёвыя папуляцыі Беларускага Палесся (с. 78—79).

У сувязі з гэтым досыць цікавай ёсць палеміка аўтара з расійскімі аўтарамі, у прыватнасці з тым, што ядро расійскага генафонду знаходзіцца на паўночным захадзе расійскага этнічнага арэалу з далучэннем часткі беларускага. На думку ж А. Мікуліча, карта блізкасці да беларускага этнасу насамрэч паказвае, што гэтыя два субарэалы аб’ядноўваюцца ў адзін — беларускі. У адрозненне ад беларускага, асноўны расійскі абшар не мае скансалідаванасці і вылучаецца значнай ступенню мазаічнасці (с. 79), а ў цэлым «генафонд беларусаў істотна адрозніваецца ад рускіх» (с. 78).

Спецыяльны раздзел у кнізе прысвечаны аднаму з найбольш перспектыўных кірункаў развіцця сучаснай этнагеномікі — даследаванню геаэтнічнага размеркавання ДНК-маркёраў, якое, магчыма, дазволіць вызначыць долю балцкага і славянскага элементаў у складзе сучаснага карэннага насельніцтва Беларусі. Але вывучэнне генафонду беларусаў у гэткай відалі толькі пачалося, а звесткі, прыведзеныя аўтарам, яшчэ патрабуюць памнажэння, ды для таго, каб быць скарыстанымі ў этнагенетычным даследаванні — параўнання з аналагічнымі паказнікамі суседніх этнасаў. Дарэчы, ужо ёсць публікацыі па абагульненым аналізе варыяцый мтДНК і Y-храмасомы літоўцаў, дзе адлюстраванае і лакальнае іх размеркаванне12. Надзвычай актуальным было б і даследаванне наяўнасці сярод беларусаў г. зв. «балцкага гена»13.

Методыка «генетычнага гадзінніка», выкарыстаная А. Мікулічам, не дазваляе зазірнуць глыбей за бронзавы век, але гэта не значыць, што біялагічны век беларускага этнасу пачынаецца толькі з гэтага часу, бо геаграфічная структура беларускага генафонду збольшага адпавядае арэалам старажытных археалагічных культур. Прыкладам, прыдзвінскі генагеаграфічны арэал накладваецца на тэрыторыю пашырэння неалітычнай нарваўскай культуры (IV—III тыс. да н. э.) і паўночнабеларускай культуры ранняга бронзавага веку (канец ІІІ — першая пал. ІІ тыс. да н. э.), што ёсць дадатковым аргументам на карысць генетычнай непарыўнасці тутэйшага насельніцтва (с. 77). А ўся даўняя Беларусь, згодна з сярэдняўзважанымі эфектыўна-рэпрадуцыйнымі дэмаграфічнымі памерамі і паводле звестак пра восем антрапасістэм генетычных прыкмет, была заселеная продкамі сучасных беларусаў прыкладна 9±1 тысяч гадоў таму (с. 16). Такім чынам, «сучасных беларусаў з высокай доляй упэўненасці можна лічыць нашчадкамі мясцовага старажытнага насельніцтва» (тамсама).

Усё гэта разам з найноўшымі дасягненнямі іншых навук змушае калі не перагледзець звыклыя схемы этнагенезу беларусаў, то, прынамсі, значна іх скарэгаваць. Перадусім гэта тычыцца ролі міграцый (асабліва славянскай) у этнагетычным працэсе. У змястоўнай манаграфіі А. Мікуліча няма пэўных доказаў масавай славянскай міграцыі на тэрыторыю будучай Беларусі, затое, наадварот, шмат простых ды ўскосных сведчанняў аўтахтоннасці беларусаў. У гэткім святле дадатковае абгрунтаванне атрымліваюць словы аўтара з іншай працы:

Не адмаўляючы ролі міграцыі ў фармаванні лакальных асаблівасцяў насельніцтва, мы лічым, што станаўленне гістарычных карэляцыяў паміж генадэмаграфічнымі прыкметамі неабходна разглядаць як працэс эвалюцыйна-экалагічнай залежнасці чалавека на працягу ўсёй яго жыццядзейнасці на канкрэтнай тэрыторыі. Хутчэй за ўсё, толькі праз біясацыяльныя адаптацыі маглі сфармавацца антрапалагічны тып і генагеаграфія сучаснага насельніцтва Рэспублікі Беларусь і памежных з ёй тэрыторыяў14.

Маем спадзявацца, што новыя і арыгінальныя тэзы, сфармуляваныя Аляксеем Ігнатавічам у гэтай кнізе, знойдуць сваё развіццё і працяг у наступных публікацыях, а інфармацыя, змешчаная тут, будзе карысная як для спецыялістаў, што займаюцца пытаннямі этнагенезу, гэтак і для ўсіх беларусаў, якія цікавіцца паходжаннем і этнічнай гісторыяй свайго народу.

  1 Санько С. Балцкая тэма // Druvis. 2005. № 1. С. 153; Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў: навука і ідэалогія // Arche. 2005. № 5. С. 233—253; Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў ІІ: Яшчэ раз пра навуку і ідэалогію, або Куды вядзе «логіка здаровага розуму» // Arche. 2006. № 3. С. 185—203.

2 Гравере Р. Западнобалтские одонтологические компоненты в составе латышей // Vakarų

baltai: etnogenezė ir etninė istorija. Vilnius, 1997. S. 297—302.

3 Алексеева Т. Этногенез восточных славян по данным антропологии. Москва, 1973. С. 234, 242—243.

4 Дерябин В. Е. Современные восточнославянские народы // Восточные славяне: антропология и этническая история. Москва, 2002. С. 44—45.

5 Беневоленская Ю. Расовый и микроэволюционный аспекты краниологии древнего населения Северо-восточной Европы // Балты, славяне, прибалтийские финны: этногенетические процессы. Рига, 1990. С. 230—262.

6 Дэй Дж. У пошуку нашых лінгвістычных продкаў. Няўлоўныя вытокі індаеўрапейцаў // Druvis. 2005. № 1. С. 135—144.

7 Schmid W. P. Baltisch und Indogermanisch // Baltistica. Т. ХII (2). 1976. P. 115—122; Kilian L. Zum Ursprung der Indogermanen. Forschungen aus Linguistik, Prähistorie und Anthropologie. — Bonn, 1983; Haudry J. Les Indo-Européens et le Grand Nord // Nouvelle Ecole. 1997. № 49. P. 119—125.

8 Новиков В. Н. Проблема исторического выбора Беларуси в контексте духовно-философского наследия Центральной и Восточной Европы // Духовное наследие народов Центральной и Восточной Европы в контексте современного межцивилизационного диалога. Материалы международной научной конференции, г. Минск, 17—18 ноября 2005 г. Минск, 2005. С. 15.

9 Алексеева Т. Этногенез восточных славян… С. 231.

10 Денисова Р. Я. Антропологический состав восточных латышей и восточных литовцев. Автореф. дисс. канд. ист. наук. Москва, 1958. С. 9.

11 Денисова Р. Я. К истории формирования антропологического состава восточных латышей и восточных литовцев // Latvijas PSR Zinātņu Akadēmijas Vēstis. 1958. № 3. S. 17—23.

12 Kasperavičiūtė D., Kučinskas V., Stoneking M. Y Chromosome and Mitochondrial DNA Variation in Lithuanians // Annals of Human Genetics. Vol. 68. 2004. P. 438—452.

13 Sistonen P., Virtaranta-Knowles K., Denisova R., Kučinskas V., et al. The LWb Blood Group as a Marker of Prehistoric Baltic Migrations and Admixture // Human Heredity. Vol. 49. 1999. P. 154—158.

14 Мікуліч А. Фармаванне генафонду беларускага этнасу на яго памежжах па звестках антрапалогіі і генагеаграфіі // Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 90.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/02/19