A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
СТЫВЭН КОЎЭН | ||||
Новая халодная вайна Амэрыкі
Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, найвялікшая пагроза нацыянальнай бясьпецы ЗША па-ранейшаму зыходзіць з Расеі. Яна вынікае з таго магчымага непрадбачанага разьвіцьця падзеяў, на якое большасьць амэрыканскіх палітстратэгаў у сваім нядбайстве проста не зьвяртаюць увагі. Пра гэта сьведчыць неаб’яўленая халодная вайна, якую пятнаццаць апошніх гадоў вядзе супраць посткамуністычнай Расеі Вашынгтон – як за рэспубліканцамі, гэтак і за дэмакратамі.
Па распадзе СССР у 1991 г. Расея – дзяржава, што валодае ядравай і ўсімі іншымі тыпамі зброі масавага зьнішчэньня, – перажыла глыбокі крызіс. Ніводны надзелены ўладай палітык і падумаць ня мог, што адна са звышдзяржаваў ХХ ст. абрынецца ў такую бездань. На сёньня здаецца – прынамсі, звонку, – што краіна пераадолела заняпад. Аднак больш падставовыя паказьнікі сьведчаць, што ў Расеі па-ранейшаму назіраюцца нечуваныя для мірнага часу дэмадэрнізацыя і скарачэньне колькасьці насельніцтва. Інвэстыцыі ў эканоміку і іншую жыцьцёва важную інфраструктуру ледзьве дацягваюць да траціны ад узроўню 1990 г. І – самае трагічнае й самае красамоўнае – паказьнікі нараджальнасьці і сьмяротнасьці застаюцца такімі ж, як і ў ваенную пару. Можа, у крыку нацыяналістаў: «Радзіма памірае!» – і ёсьць нейкае перабольшваньне, але нават рэктар самага празаходняга маскоўскага ўнівэрсытэту папярэджвае: Расея па-ранейшаму «ў надзвычай глыбокім крызісе». Стабільнасьць палітычнага ладу на гэтым панылым постсавецкім ляндшафце ў значнай ступені (калі не выключна) залежыць ад асабістай папулярнасьці й аўтарытэту аднаго чалавека – прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Ён прызнае, што краіна яшчэ не дасягнула «поўнай стабільнасьці». Рэйтынг Пуціна трымаецца на неверагодна высокай адзнацы – 70–75 %. Але астатнія палітычныя інстытуты і магчымыя будучыя палітычныя лідэры ня маюць амаль ніякай грамадзкай падтрымкі. Ня дзіва, што сур’ёзныя аналітыкі трывожацца: адзін-другі нечаканы паварот падзеяў – падзеньне кошту нафты, чарговы выбух міжэтнічных канфліктаў ці тэрарызму, сыход Пуціна – і Расея можа зьведаць яшчэ больш жорсткі крызіс. Напрыклад, пішучы пра беспарадкі, што распаўсюджваюцца з Чачэніі па ўсім поўдні краіны, вядомы навукоўца Пітэр Рэдаўэй нават задае пытаньне: «Ці дастатковы ў Расеі запас трываласьці, каб не распасьціся на часткі?» Пакуль для гэтай дзяржавы застаецца рэальнай пэрспэктыва катастрофы, захоўваецца надзвычайная пагроза для ЗША і міжнароднай бясьпекі – бясспрэчна, значна большая, чым хоць калі за Саветамі. Але катастрофа, зьвязаная з расейскай зброяй масавага зьнішчэньня, – не адзіная пагроза, што зыходзіць ад гэтай па-ранейшаму найвялікшай у сьвеце краіны. Уздоўж расейскіх межаў жыве каля чвэрці насельніцтва плянэты, у т. л. і варожыя між сабою этнічныя і рэлігійныя супольнасьці. Любыя праявы нестабільнасьці ў Расеі могуць зь лёгкасьцю перакінуцца на гэтыя надзвычай істотныя, выбухованебясьпечныя рэгіёны. Існуе і іншы, бадай, больш верагодны варыянт. Нафтадаляры могуць забясьпечыць Расеі доўгатэрміновую стабільнасьць, але на глебе аўтарытарызму і нацыяналізму з дамешкам ксэнафобіі. Такі сцэнар часта называюць «вэймарскім». Верагодна, ён усё ж не прывядзе да ўсталяваньня ў Расеі сапраўднага фашыстоўскага рэжыму. Але ў выніку мы будзем мець дачыненьні з краінай, якая валодае зброяй масавага зьнішчэньня і ладнай часткай сусьветных запасаў нафты і газу і яшчэ больш варожа ставіцца да Захаду, чым яе папярэднік – СССР. Як рэагуюць улады ЗША на гэтую надзвычайную пагрозу? Ня трэба сканчаць факультэтаў міжнародных зносінаў, каб зразумець: першым прынцыпам палітыкі ў дачыненьні да посткамуністычнае Расеі мусіць быць Гіпакратава «Не нашкодзь!». Не рабі нічога, што можа падарваць яе крохкую стабільнасьць, нічога, што можа адвярнуць увагу Крамля ад найперш узнаўленьня зруйнаванай інфраструктуры, нічога, што можа падштурхнуць Расею больш разьлічваць на свае запасы зброі масавага зьнішчэньня, а не скарачаць іх, нічога, што можа адахвоціць Маскву ад супрацоўніцтва з Захадам у гэтай галіне. Усё астатняе ў далёкай зьдзічэлай краіне – дробязі. З пачатку 1990-х гг. Вашынгтон у дачыненьні да Расеі адначасова праводзіць дзьве абсалютна розныя палітыкі. Адна – дэкаратыўна-вонкавая – «стратэгічнага партнэрства і сяброўства». Другая – рэальная і надзвычай жорсткая – палітыка бязьлітаснага карыстаньня са слабасьці Расеі, гэткае сабе «пераможцу дастаецца ўсё». У спалучэньні зь нявыкананымі абяцаньнямі, паблажлівымі павучаньнямі і патрабаваньнямі аднабаковых саступак гэтая палітыка выглядае яшчэ больш агрэсіўнай і бескампраміснай, чым стаўленьне Вашынгтону да савецкай камуністычнай Расеі. Давайце разгледзім асноўныя складнікі амэрыканскай палітыкі датычна Расеі, што сфармаваліся пры поўнай падтрымцы абедзьвюх палітычных партыяў, уплывовых газэтаў і «фабрык палітычнае думкі» з пачатку 1990-х гг.: 1. Усё шчыльнейшае атачэньне Расеі на яе межах або побач зь імі ваеннымі базамі ЗША і НАТО. Іх разгортваньне ўжо сталася фактам альбо плянуецца ў прынамсі палове з астатніх чатырнаццаці былых саюзных рэспублік: ад Балтыкі і Ўкраіны да Грузіі, Азэрбайджану і Сярэдняе Азіі. У выніку маем пабудаваную ЗША «жалезную заслону» і вяртаньне да мілітарызацыі амэрыканска-расейскіх дачыненьняў. 2. Маўклівае адмаўленьне з боку ЗША, што Расея можа мець хоць якія законныя нацыянальныя інтарэсы па-за сваёй тэрыторыяй, нават у этнічна роднасных ці прылеглых былых савецкіх рэспубліках: Украіне, Беларусі, Грузіі. Як яшчэ патлумачыць «верхаводніцкія» настроі Рычарда Голбрука, магчымага будучага дзяржсакратара дэмакратаў? Ён рашуча асуджаў Крэмль за падтрымку прамаскоўскага ўраду ў суседняй Украіне, зь якой Расею злучаюць стагодзьдзі моўных, сямейных, рэлігійных, эканамічных і абарончых сувязяў, – і пры гэтым аб’яўляе далёкую славянскую дзяржаву «нашай ключавой зонай бясьпекі». 3. Далей – болей: перакананьне, што Расея ня мае поўнага сувэрэнітэту нават на сваёй тэрыторыі. Яно выяўляецца ў няспынным, пачынаючы ад 1992 г., умяшаньні ў расейскія ўнутраныя справы. Сюды належаць: нашэсьці (асабліва ў 1990-я гг.) амэрыканскіх «дарадцаў», якія меліся кіраваць «пераходам» Расеі ад камунізму; бясконцыя «місіянэрскія» казаньні з-за акіяну (часта ў пагрозьлівай форме) пра тое, як Расея павінна і як не павінна ўладкоўваць сваю палітычную і эканамічную сыстэму; актыўная падтрымка антыкрамлёўскіх груповак у Расеі (некаторыя зь іх зьвязаныя зь ненавіснымі людзям алігархамі ельцынскай эпохі). Гэтае імкненьне ўмешвацца ва ўнутраныя справы Расеі ўжо вырасла ў прапановы зрынуць Пуціна ў ходзе «каляровай рэвалюцыі» пры падтрымцы ЗША. (Падобная зьмена ўлады адбылася, пачынаючы з 2003 г., у Грузіі, Украіне і Кыргызстане і не прайшла сёлета ў Беларусі.) У рэдакцыйных артыкулах галоўных газэтаў расейскага прэзыдэнта ўсё часьцей называюць «галаварэзам», «фашыстам», «Садамам Хусэйнам», а адзін вашынгтонскі «рыцар» з Фонду Карнэгі пераконвае нас у «слабасьці Пуціна» і магчымасьці «зьмены рэжыму». (Ці абыходзіць прыхільнікаў «дэмакратычнай зьмены рэжыму» ў Расеі тое, што гэта можа дэстабілізаваць ядравую дзяржаву?) 4. Падмацоўваюцца гэтыя складнікі рэальнай палітыкі ЗША знаёмымі з часу халоднай вайны падвойнымі стандартамі, калі Маскву асуджаюць за тое самае, што робіць Вашынгтон: за пошук хаўрусьнікаў і стварэньне вайсковых базаў на тэрыторыі былых саюзных рэспублік, за падтрымку пры дапамозе сваіх актываў (у расейскім выпадку – нафты і газу) прыхільных да Расеі ўрадаў, за рэгуляваньне фінансавых сродкаў з-за мяжы на сваім палітычным полі. У больш шырокім сэнсе, калі НАТО пашыраецца да самых расейскіх парогаў, паглынаючы краіны былога савецкага блёку і саюзныя рэспублікі, – гэта «вайна з тэрарызмам» і «абарона новых дзяржаваў», калі Масква пратэстуе – гэта «мысьленьне часу халоднай вайны». Калі Вашынгтон ублытваецца ўва ўкраінскія і грузінскія палітычныя справы – гэта «падтрымка дэмакратыі», калі тое ж самае робіць Крэмль – гэта «нэаімпэрыялізм». І каб не забыцца на гістарычныя паралелі: калі ў 1990-я гг. Ельцын, якога падтрымлівалі ЗША, сілай разагнаў законна абраны парлямэнт і Канстытуцыйны суд, аддаў нацыянальнае багацьце разам з тэлебачаньнем у рукі набліжаных да Крамля алігархаў, увёў Канстытуцыю, якая нічым не абмяжоўвае выканаўчую ўладу, і сфальсыфікаваў вынікі выбараў, гэта была «дэмакратычная рэформа». Калі тое ж самае працягвае рабіць Пуцін – гэта «аўтарытарызм». 5. І нарэшце, Злучаныя Штаты спрабуюць, карыстаючыся слабасьцю Расеі, дасягнуць ядравай перавагі, якую не маглі атрымаць за савецкім часам. Незвычайная антырасейская скіраванасьць амэрыканскай палітыкі прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў дзьвюх аксіёмах, растыражаваных амэрыканскімі афіцыйнымі коламі і СМІ: 1) нядаўняе «пахаладаньне» ў амэрыканска-расейскіх дачыненьнях выкліканае паводзінамі Пуціна ўва ўнутранай палітыцы і на міжнароднай арэне; 2) халодная вайна скончылася 15 гадоў таму. Першае цьверджаньне – хлусьлівае, другое – слушнае толькі напалову. Халодная вайна скончылася ў Маскве, але не ў Вашынгтоне. Апошні савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, прыйшоўшы да ўлады ў 1985 г., прапанаваў нечуваную гарэзію – «новае мысьленьне», якое мела на мэце ня проста зьнізіць напал халоднай вайны, а зусім яе спыніць. Калі ў сьнежні 1991 г. распаўся Савецкі Саюз, амэрыканскія афіцыйныя асобы і СМІ імгненна пачалі сьцьвярджаць, што канец халоднай вайны – ня ўзгодненае рашэньне ЗША і СССР, як тое, бясспрэчна, было насамрэч, а вялікая перамога Амэрыкі і параза Расеі. Менавіта гэты трыюмфатарскі наратыў і стаўся першапрычынаю хуткага аднаўленьня халоднае вайны – не ў Маскве празь дзесяць гадоў Пуціным, а на пачатку 1990-х, калі адміністрацыя Клінтана зрабіла два найвялікшыя глупствы. Першае – у тым, што да посткамуністычнае Расеі пачалі ставіцца як да пераможанае дзяржавы, нібыта абавязанай дакладна капіяваць у сябе ўсе амэрыканскія парадкі і слухацца Амэрыку ў вонкавай палітыцы. (Адсюль – няспыннае ўмяшаньне ва ўнутраную палітыку Масквы і ўяўленьне, што Расея ня мае ўласных неад’емных правоў ані ва ўласнай краіне, ані за мяжою.) Другое глупства, учыненае Клінтанам, у тым, што ён парушыў абяцаньне, дадзенае Бушам савецкай Расеі ў 1990–1991 гг., – «ні на цалю» не пашыраць НАТО на ўсход. У выніку Расею бяруць у атачэньне вайсковых базаў – нібыта наўмысна правакуюць на пэўныя крокі ў адказ. Яшчэ больш ускладняе сытуацыю няспынны рост «антырасейскай гістэрыі». У гэтым годзе яна выявілася ў патоку афіцыйных заяваў, у якіх выкрываецца ўнутраная і міжнародная палітыка Расеі, гучаць абяцаньні далучыць да НАТО яшчэ больш сумежных зь ёю дзяржаваў, а прэзыдэнту Бушу настойліва раяць байкатаваць саміт «вялікай васьмёркі» ў ліпені ў Санкт-Пецярбурзе, старшыняваць на якім мае У. Пуцін. Апроч таго, магчымы будучы кандыдат ад рэспубліканцаў сэнатар Джон Маккэйн заклікае да «вельмі жорсткіх захадаў» супраць Масквы; Кангрэс дэманстратыўна адмаўляецца скасаваць абмежаваньні на гандаль з Расеяй, уведзеныя за савецкім часам; Пэнтагон зноў запускае старыя чуткі, што расейская вонкавая выведка перадавала Садаму Хусэйну зьвесткі, якія маглі пагражаць бясьпецы амэрыканскіх вайскоўцаў; а дзяржсакратар Кандаліза Райс усьлед за прыхільнікамі «зьмены рэжыму» заклікае расейскіх грамадзянаў, «калі неабходна, зьмяніць уладу ў сваёй краіне». У сваю чаргу, Белы дом у «Стратэгіі нацыянальнай бясьпекі» на 2006 г. адмовіўся ад тэзы пра амэрыканска-расейскае партнэрства, ад пагадненьняў наконт дапамогі Маскве пры ўступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і ўвёў санкцыі супраць Беларусі – славянскай рэспублікі, якая мае самую шчыльную лучнасьць з Расеяй і зь якой Крэмль вядзе перамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы. І – самае галоўнае – у траўні Белы дом даслаў на канфэрэнцыю, скіраваную супраць Расеі, у былую савецкую рэспубліку Літву (цяпер яна ўваходзіць у НАТО) віцэ-прэзыдэнта Чэйні, які асудзіў Крэмль і недвухсэнсоўна даў зразумець, што ЗША больш ня лічаць Расею сваім «стратэгічным партнэрам і надзейным сябрам». Яшчэ больш уражвае даклад Рады па міжнароднай палітыцы, прысьвечаны Расеі. У гэтым выдатным узоры нязьменнай палітыкі падвоеных стандартаў уся адказнасьць за «расчараваньне» разьвіцьцём амэрыканска-расейскіх дачыненьняў ускладаецца выключна на Расею – за Пуціным яна, маўляў, «пайшла ў памылковым кірунку»: умешваецца ў справы былых савецкіх рэспублік, падтрымлівае Іран, канфліктуе з НАТО і дапусьціла «адкат ад расейскай дэмакратыі». Крыжовы паход у 1990-я гг. за трансфармаваньне Расеі, зь яго жудаснай «шокавай тэрапіяй» і, як вынік, антыдэмакратычнымі захадамі, яшчэ больш дэстабілізаваў краіну, паспрыяў зьяўленьню алігархічнае сыстэмы, што разрабавала нацыянальнае багацьце, пазбавіў жыцьцёва важную інфраструктуру інвэстыцыяў, выклікаў зьбядненьне народу і рост карупцыі. Ён дыскрэдытаваў рэформы на заходні ўзор, спарадзіў на роўным месцы масавыя антыамэрыканскія настроі – у траўні толькі 5 % апытаных расейцаў успрымалі ЗША як «сябра» – і зьвёў на нішто калісьці ўплывовую праамэрыканскую фракцыю ў Крамлі. Падобная палітыка Амэрыкі прымусіла Маскву зьвярнуцца да ідэалёгіі «падкрэсьленага сувэрэнітэту» – выразна нацыяналістычнай, скіраванай супраць «пятай калёны» фінансаваных з Захаду НДА, разьлічанай на падтрымку «патрыятычна настроенай» расейскай інтэлігенцыі і Праваслаўнай Царквы. Масква бачыць у «каляровых рэвалюцыях», зьдзейсьненых пры падтрымцы ЗША, спробы стварыць вайсковыя аванпасты на расейскіх межах. Таму Крэмль актыўней, чым калі раней, выступае супраць дэмакратычных рухаў у былых савецкіх рэспубліках і падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы – ад Беларусі да Ўзбэкістану. Пры гэтым Масква імкнецца да палітычнага, эканамічнага і вайсковага «стратэгічнага партнэрства» з Кітаем, падтрымлівае Іран, іншыя антыамэрыканскія рэжымы на Блізкім і Сярэднім Усходзе і ўжо зноў разгортвае ракеты клясы «зямля–паветра» ў Беларусі – фактычна на заходняй мяжы Расеі з НАТО. Калі палітыка Амэрыкі і лягічныя захады ў адказ з боку Расеі перарастуць у поўнамаштабную халодную вайну, яна будзе яшчэ больш небясьпечнай за папярэднюю. Найперш таму, што праз узрослую прысутнасьць у былых савецкіх рэспубліках заходніх вайсковых базаў і праамэрыканскіх урадаў «лінія фронту» пасунулася на ўсход – ад Нямеччыны да расейскага «блізкага замежжа». Ёсьць яшчэ адзін псыхалягічны чыньнік. Гэтая халодная вайна – неаб’яўленая, таму ў абодвух бакоў расьце адчуваньне, што другі ім здрадзіў і яму нельга давяраць. Пасьля таго, як Вашынгтон вітаў Пуціна як абранага Ельцыным пераемніка ягонай палітыкі і прапанаваў Пуціну сваю канцэпцыю «партнэрства і сяброўства», Белы дом пачуваецца падманутым палітыкай Пуціна. Як адзначала «Washington Post», Буш меў «добрыя намеры датычна Расеі», але «расейскі аўтакрат… падмануў надзеі Амэрыкі». Аднак дзеяньні Пуціна пераважна выкліканыя тым, што ўсё папярэдняе дзесяцігодзьдзе ЗША парушалі абяцаньні, дадзеныя Расеі, а п’яны Ельцын моўчкі з гэтым пагаджаўся. Таму Пуцін і заявіў: «Эпоха геапалітычных саступак з боку Расеі канчаецца». Што яшчэ горш, у халоднай вайне, якая разгортваецца ў наш час, «дыялёг амаль цалкам адсутнічае», як сказаў адзін крамлёўскі чыноўнік. Найперш гэта датычыцца ядравай зброі. І нарэшце, у ЗША больш няма сілаў, што выступалі б супраць халоднай вайны (а калісьці яны карысталіся значным уплывам). Між тым у Вашынгтоне паўстаў цэлы легіён інтэлектуалаў – рыцараў халоднае вайны. СМІ ахвотна даюць ім слова, і іхных апантаных нападаў на Пуціна амаль ніхто не аспрэчвае. (Адзін такі шчыры місіянэр увесь час абвінавачвае Маскву ў «непрыманьні» амэрыканскіх інтарэсаў, другі заклікае да кампаніі «пры падтрымцы міжнародных спонсараў», каб выправіць уяўленьні маладых грамадзянаў Расеі пра Сталіна – поўны сюррэалізм!) «Расею аддаюць анатэме», як выказаўся нядаўна Гарбачоў, настолькі адзінадушна, што нават вядомы палымяны крытык амэрыканскай палітыкі завяршыў свой артыкул словамі: «Вядома, вінаватая ў гэтым перадусім Расея». Уплывовыя газэты на чале з «Washington Post» гэтак зацята дэманізуюць «аўтакратызм» і «жорсткі нэаімпэрыялізм» Пуціна, што нагадваюць старую «Праўду» на берагох Патомаку. «New York Sun» на першай старонцы называе сёньняшнія амэрыканска-расейскія адносіны «сьмяротнай дуэльлю – магчыма, у літаральным сэнсе». У тым, што гэтыя фантазіі ня сталіся рэчаіснасьцю, заслуга Крамля, які мае цьвёрды намер «не вяртацца да часу халоднае вайны» – гэтак заявіў Пуцін 13 траўня ў адказ на правакацыйныя абвінавачаньні з боку Чэйні. Аднак у Маскве па гэтым пытаньні цяпер ідзе сур’ёзнае змаганьне – «заходнік» Пуцін супраціўляецца тым, хто патрабуе правядзеньня «больш жорсткай лініі». Калі ЗША карэнным чынам ня зьменяць сваю зручную для крамлёўскіх «ястрабаў» палітыку, тады за Пуціным ці яго пераемнікам пачнецца новая поўнамаштабная халодная вайна – з усімі небясьпекамі, што адсюль вынікаюць. Нацыянальныя інтарэсы патрабуюць уменьня вызначаць асноўныя прыярытэты і іх дасягаць. Аднак амэрыканскія палітстратэгі ня робяць пасьлядоўна ні аднаго, ні другога. Адзіны сапраўдны жыцьцёва важны інтарэс ЗША ў Расеі – не дапусьціць, каб запасы расейскай зброі масавага зьнішчэньня пагражалі сьвету – ці праз дэстабілізацыю ў Расеі, ці празь яе варажнечу з Захадам. Як эўразійская дзяржава, якая мае 20–25 млн мусульманскага насельніцтва і мяжуе з Іранам (дарэчы, гэта адзін зь нешматлікіх суседзяў Расеі, якога не спрабуе ўцягнуць у сваю зону ўплыву НАТО), Расея ўсё яшчэ можа дазволіць сабе ўцягнуцца – у Іране ці ў Іраку – у канфлікт Вашынгтону з ісламскім сьветам. Амэрыка патрабуе ад Масквы адмовіцца ад ейных сталых палітычных і ваенных пазыцыяў у былых савецкіх рэспубліках, каб іх маглі заняць ЗША і НАТО, і нават настойвае, каб Расея па-ранейшаму субсыдавала Ўкраіну танным газам. Гэтым самым Вашынгтон заяўляе, што Расея ня мае ня толькі хоць якіх правоў у сваім «блізкім замежжы», але і ўвогуле ўсялякіх законных правоў на бясьпеку. Ня дзіва, што гэткая відавочная практыка падвоеных стандартаў пераканала Крэмль: пасьля сыходу Ельцына Вашынгтон заняў больш ваяўнічую пазыцыю – проста таму, што «расейская палітыка зрабілася больш прарасейскай». Трыюмфатарскія настроі ў Амэрыцы не былі хуткаплыннай рэакцыяй на падзеі 1991 г. Празь дзесяць гадоў трагедыя 11 верасьня дала Вашынгтону яшчэ адну магчымасьць усталяваць з Расеяй па-сапраўднаму партнэрскія дачыненьні. Тады Крэмль дапамог Амэрыцы больш за ўсе краіны НАТО: Масква перадала ў распараджэньне Вашынгтону каштоўныя зьвесткі выведкі, навучаныя вайсковыя часьці, што былі ўдзельнічалі ў баёх у Аўганістане, дазволіла выкарыстоўваць авіябазы ў былых савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі. Зразумела, Крэмль разьлічваў на адпаведнае стаўленьне з боку ЗША. І што ён атрымаў наўзамен? Выхад Амэрыкі з дамовы па супрацьракетнай абароне, прэтэнзіі на сталую прысутнасьць вайсковых базаў у Сярэдняй Азіі (і Грузіі), на беспасярэдні доступ да касьпійскае нафты і газу, далейшае пашырэньне НАТО на ўсход, якое ахапіла некалькі былых савецкіх рэспублік і дзяржавы савецкага блёку, а таксама ўсё гучнейшае асуджэньне расейскай унутранай і міжнароднай палітыкі. Чаму і дэмакраты, і рэспубліканцы не сумняваліся, што могуць ісьці на гэткія жорсткія антырасейскія захады, ня ставячы пад пагрозу нацыянальную бясьпеку ЗША? Яны верылі – і ў гэтым іх чарговая вялікая памылка, – што ў Расеі, аслабелай пасьля распаду СССР, няма іншага выйсьця, апроч як скарыцца перад воляй Амэрыкі. Нават калі не зважаць на запасы зброі, што засталіся ў Расеі з савецкага часу, гэта была недаравальная аблуда. Расеі, зь яе матэрыяльнымі і чалавечымі рэсурсамі, заўсёды «наканавана быць вялікай дзяржавай». Нават сёньня Расея, хоць яна і зьменшылася ў памерах, у стане весьці (а магчыма, і выйграць) халодную вайну на шырокіх абсягах былых савецкіх рэспублік. Геаграфічнае становішча, шчыльныя рынкавыя сувязі, расейскія трубаправоды і ўласнасьць, а таксама моўная блізкасьць і супольнае мінулае даюць Расеі істотную перавагу. Масква мае шмат разнастайных спосабаў – ад мяккіх да жорсткіх – узьдзеяньня на суседнія краіны, калі тыя стануць шукаць новага апекуна ў далёкім Вашынгтоне. Крэмль можа эканамічна ўдушыць ушчэнт зьбяднелыя Грузію і Малдову, наклаўшы забарону на імпарт тавараў з гэтых краінаў, выдаліўшы з Расеі работнікаў-мігрантаў, якіх тады чакае беспрацоўе, і прымусіўшы Грузію і Ўкраіну плаціць па «поўным рынкавым кошце» за энэрганосьбіты. Масква можа палітычна падсячы маленькую Грузію і Малдову і вялікую Ўкраіну, заахвочваючы іх прарасейскія рэгіёны да ўваходжаньня ў склад Расейскай Фэдэрацыі або падтрымліваючы іх патрабаваньні незалежнасьці (як рабіў Захад у Косаве і Чарнагорыі). Амэрыканскія ідэолягі крыжовага паходу на Расею ўпарта сьцьвярджаюць, што магчымасьць дэмакратызаваць Расею і іншыя былыя савецкія рэспублікі апраўдвае рызыку. Але насамрэч ад 1992 г. ЗША толькі дыскрэдытуюць справу дэмакратыі ў Расеі. Амэрыка ўсяляк ухваляла Ельцына, якім пагарджалі людзі, і падтрымлівала іншых непапулярных у Расеі «дэмакратаў». Цяпер яна асуджае папулярнага ў расейскім грамадзтве Пуціна. Такім чынам дэмакратыя ва ўспрыманьні расейцаў асацыюецца з сацыяльнай напружанасьцю, хаосам і прыніжанасьцю, як было ў 1990-я. Калі ЗША ганяць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, але радасна прымаюць азэрбайджанскага і казаскага тыранаў, дэмакратыя асацыюецца з жаданьням дарвацца да нафты. Калі «дэмакратычныя рэвалюцыі» ў Грузіі і Ўкраіне прывязваюцца да ўваходжаньня ў НАТО, дэмакратыя прыроўніваецца да амэрыканскага экспансіянізму. Калі ЗША выстаўляюць ахвярай мільярдэра Хадаркоўскага і не зьвяртаюць увагі на агульную беднасьць, на масавыя пратэсты супраць сацыяльнай несправядлівасьці, гэта наводзіць на думку, што дэмакратыя – толькі для алігархаў. І калі амэрыканцы падкрэсьліваюць сваю незаменную ролю ў дэмакратызацыі, яны проста сьцьвярджаюць (і глыбока памыляюцца!), што грамадзяне Расеі самі ня здольныя збудаваць дэмакратычную дзяржаву і супрацьстаяць злоўжываньням уладаю. У выніку Расея падазрае, што сапраўдныя намеры Вашынгтону – у тым, каб узяць пад свой кантроль расейскія энэрганосьбіты і запасы ядравай зброі і, атачыўшы яе колам дзяржаваў-сатэлітаў НАТО, пазбавіць Расею сувэрэнітэту, ператварыць яе ў «васала Захаду». Увогуле ж амэрыканская палітыка пераконвае, што халодная вайна насамрэч заўсёды вялася ня супраць савецкага камуністычнага ладу, а супраць Расеі. І гэтыя падазрэньні толькі ўзмацняюць «Washington Post» і «New York Times», калі пішуць, што Расея нават пасьля краху камунізму – нязьменна «аўтарытарная дзяржава» з «хіжымі інстынктамі». Каб пераадолець перашкоды да новага тыпу дачыненьняў з Расеяй, Вашынгтон мусіць адкінуць свае трыюмфатарскія ўяўленьні, празь якія мы перадусім і вяртаемся да халоднай вайны. Па-першае, гэта азначае, што трэба паважаць неад’емнае права Расеі самой вызначаць уласную ўнутраную палітыку (у тым ліку распараджацца сваімі энэргетычнымі рэсурсамі). Умяшаньне ва ўнутраныя справы Масквы толькі падрывае шанцы на ўсталяваньне палітычных свабодаў і эканамічнага дабрабыту ў гэтай шматпакутнай краіне. Па-другое, гэта азначае, што трэба прызнаць законныя інтарэсы расейскай бясьпекі, асабліва ў «блізкім замежжы». У прыватнасьці, нельга дапусьціць трэцяга этапу пашырэньня НАТО, які ахапіў бы Ўкраіну. Пашырэньне НАТО да расейскіх парогаў ужо крайне абвастрыла становішча (і не ўмацавала бясьпеку аніводнае краіны). Калі НАТО паглыне Ўкраіну, якую Масква лічыць вельмі істотным складнікам сваёй славянскае саматоеснасьці і галоўным фактарам бясьпекі, гэта можа стацца пунктам канчатковага разрыву. Падобнае рашэньне было б і недэмакратычным, бо супраць яго выступаюць дзьве траціны ўкраінскіх грамадзянаў. Час, калі ЗША яшчэ могуць сфармуляваць новую палітыку ў дачыненьні да Расеі, імкліва скарачаецца. Але і ў афіцыйных, і ў неафіцыйных колах нічога падобнага няма ані знаку. У траўні, асуджаючы Крэмль, Чэйні казаў «як рыцар-пераможца халоднай вайны, калі карыстацца словамі карэспандэнта «New York Times». Адзін высокапастаўлены чыноўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ўжо абвясьціў, што «наступная вялікая місія ЗША» – у Расеі і сумежных краінах. У тым жа катэгарычным духу Кандаліза Райс патрабуе, каб Расея «прызнала, што мы маем законныя інтарэсы… у суседніх дзяржавах», і ані словам ня згадвае інтарэсаў Масквы. У дэмакратычнай краіне ад прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта можна было б чакаць альтэрнатыўных прапановаў. Але ні ў той, ні ў другой партыі яны не гучаць – чуваць толькі патрабаваньні праводзіць яшчэ больш антырасейскі курс або маўчаньне. І тут няма чаго зьдзіўляцца. Маўклівае прыманьне разьвязанай Бушам жудаснай вайны ў Іраку яскрава засьведчыла, наколькі палітычнай эліце бракуе здольнасьці да самааналізу, самастойнага мысьленьня і грамадзянскай мужнасьці. Каб пазьбегнуць новай халоднай вайны, спатрэбіцца новы погляд і адвага герэтыка. Але сярод амэрыканскіх палітыкаў цяжка ўявіць такога, хто адгукнуўся б на гэты покліч. А ў ня надта далёкім мінулым мы мелі прэцэдэнт, калі дваццаць гадоў таму артадаксальная рэпрэсіўная савецкая палітычная сыстэма спарадзіла Гарбачова, які паказаў выйсьце з тупіка халоднай вайны. Ці знойдзецца сёньня ў Амэрыцы лідэр, гатовы скарыстаць змарнаваны тады шанец?
Пераклаў з ангельскай М. Б. Друкуецца ў скароце |
прафэсар расейскіх дасьледаваньняў і гісторыі Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту. У сфэру ягоных навуковых інтарэсаў уваходзіць расейская палітыка (пасьля 1917-га), амэрыканска-расейскія дачыненьні, асьвятленьне расейскай тэматыкі ў амэрыканскіх мэдыях. Апошняя публікацыя – «Failed Crusade: America and the Tragedy of Post-Communist Russia». New York: Norton, 2000). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |