A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

  ГЕОРГІ НАВІЦЫЯН

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Георгі Навіцыян
Князь, які «прішелъ и-заморья»: гіпотэза паходжаньня Рагвалода

Рагвалод, першы полацкі князь, згаданы па імені ў гістарычных крыніцах, дагэтуль застаецца містычнай фігурай, якая прыцягвае ўвагу ўсіх неабыякавых да беларускай гісторыі. Цікавасьць да яго асобы тлумачыцца ня толькі і ня столькі чыста навуковымі чыньнікамі. Грамадзка значныя працэсы, якія адбываліся на беларускіх землях у ІХ–Х стст., іх карані і вынікі магчыма даволі дэталёва аднавіць на падставе наяўных гістарычных, археалягічных, нумізматычных і іншых зьвестак. У гэтым кантэксьце вызначэньне асобы Рагвалода не выглядае безумоўна неабходным для разуменьня тых падзеяў. І ўсё ж спробы даведацца пра ягонае паходжаньне і жыцьцё больш за кароткія зьвесткі «Аповесьці мінулых гадоў» не спыняюцца – адпаведныя вэрсіі рэгулярна выходзяць з-пад пяра гісторыкаў і проста аматараў.

Прычына – у функцыі гісторыі, якая застаецца ў цяні, падобна адваротнаму боку Месяца, але паводле значнасьці не саступае бачнаму вокам абсягу. Паглынуўшы міталёгію, гісторыя пераняла яе функцыю вытлумачэньня месца чалавека ў прасторы і часе. З дапамогай свайго інструмэнтара гісторыя ўзялася за пошук зыходнага пункту, адкуль чалавек мог прасачыць сваё паходжаньне і карані, і ўвасобленага чалавека, які сымбалізаваў пачатак асобных краёў і народаў. Першыя зафіксаваныя пісьмова зьвесткі пра падзеі прыйшлі на зьмену паданьням. Пачатак асобнага народу ці дзяржавы замяніў стварэньне сьвету і аддзяленьне ладу ад хаосу. Гістарычная асоба заняла месца легендарнага культурнага героя. З паўстаньнем такой асобы нацыянальны сусьвет знаходзіць свой пачатак, далучаецца да агульнага космасу і набывае паўнавартасьць. Знаўцы беларускай даўніны абмінаюць сваёй увагай ярла, накіраванага Рурыкам у Полацак у 862 г., і полацкага «сьветлага» князя, які хадзіў з Алегам пад Канстантынопаль у 907 г., менавіта празь іх ананімнасьць і безасабовасьць. У пошуках зыходнага пункту свайго сусьвету і першагероя погляд беларуса неадменна зьвяртаецца да полацкага князя, названага ў летапісе Рагвалодам.

Рагвалод зьяўляецца пры апісаньні падзей 980 г. Як сьцьвярджае «Аповесьць мінулых гадоў», у гэтым годзе наўгародзкі князь Уладзімер Сьвятаславіч заслаў сватоў да Рагвалода, які княжыў у Полацку, прыйшоўшы з-за мора, па ягоную дачку Рагнеду. Атрымаўшы адмову, Уладзімер рушыў у паход на Полацак, узяў горад, забіў Рагвалода і сілай пабраўся з Рагнедай. Летапісец падкрэсьлівае міталягічнае адценьне гэтага эпізоду як першавытоку далейшых гістарычных падзеяў, заўважаючы, што з гэтага часу і існуе варожасьць паміж унукамі Рагвалодавымі і нашчадкамі Ўладзімеравага сына Яраслава. Сам сюжэт пра Рагвалода, Рагнеду і Ўладзімера ўстаўлены ў летапіс пад 1128 г. пры апісаньні чарговага канфлікту паміж полацкімі і кіеўскімі князямі.

Згадка пра заморскае паходжаньне Рагвалода тлумачыцца большасьцю дасьледчыкаў як сьведчаньне яго прыналежнасьці да ўсюдыісных скандынаваў, якія ў той час узначалілі вайскова-дружынны пласт Русі і вялі бурлівую ваенную і гандлёвую дзейнасьць на шляхах паміж Балтыйскім, Касьпійскім і Чорным морамі. Імёны Рагвалода і Рагнеды, праўдападобна, выглядаюць на стараславянскую трансьлітарацыю скандынаўскіх імёнаў «Рагнвальд» (Rцgnvalрr) і «Рагнхільд» (Ragnhilр). Разьбіраючы легендарную скандынаўскую генэалёгію, расейскі дасьледчык Ю. Канавалаў спрабуе атаясаміць Рагвалода Полацкага і Рагнвальда Славутага, сына (ці стрыечнага брата) нарвэскага караля пачатку Х ст. Харальда Цудоўнавалосага. Беларускія дасьледчыкі Алесь Белы і Алег Латышонак дапускаюць магчымасьць атаясамленьня Рагвалода з Рагнвальдам, сынам Эйрыка Крывавай Сякеры, сына Харальда Цудоўнавалосага. Кінем вокам на падзеі скандынаўскай гісторыі Х ст. і мы.

Харальд Цудоўнавалосы аб’яднаў Нарвэгію пад сваёй уладай каля 900 г., разьбіўшы сваіх праціўнікаў у бітве ля Хаўрсф’ёрду. Пад старасьць ён адышоў ад дзяржаўнага кіраваньня і каля 930 г. перадаў уладу ў рукі свайго сына Эйрыка. Пасьля сьмерці Харальда каля 933 г. Эйрык пачаў аднаасобнае панаваньне з забойстваў сваякоў і патэнцыйных прэтэндэнтаў на ўладу, цалкам апраўдаўшы сваё мяно «Крывавай Сякеры». Неўзабаве ў Нарвэгіі высадзіўся Хакан, іншы сын Харальда, які выхоўваўся пры двары ангельскага караля. Дыпляматычны і абаяльны Хакан быў поўнай супрацьлегласьцю Эйрыка, за што і атрымаў мяно «Добрага». Гэта прыйшлося даспадобы нарвэскаму люду, у якім трывала захоўваліся традыцыі вольнасьці, і пераважная частка краіны стала на бок Хакана. Эйрык ня стаў распальваць бессэнсоўную вайну і разам з сынамі і жонкай Гунхільд адплыў з Нарвэгіі. Ён праславіўся сваімі вікінгаўскімі набегамі, быў каралём у Дубліне і Ёрку, у барацьбе за які і загінуў у бітве з англасаксамі пры Стэйнмары ў 954 г. Ягоныя сыны ізноў пачалі барацьбу за нарвэскую карону, забясьпечыўшы сабе падтрымку з боку данаў. Іх напады на Нарвэгію прыносілі мала плёну, пакуль у адным зь іх каля 960 г. не атрымаў сьмяротную рану Хакан Добры. Каралеўскі тытул пераняў сын Эйрыка Харальд Шэрая Скура. Але яму давялося дзяліць краіну з братамі, іншымі сваякамі і ярламі Хладзіра. У імкненьні да ўлады ён і яго браты аддавалі перавагу жорсткім звычаям свайго бацькі. Так, Гудрад Эйрыксан забіў свайго стрыечнага брата Тругві Олафсана. Малы сын Тругві Олаф ратаваўся ўцёкамі, трапіў у палон і рабства да эстаў і нарэшце знайшоў прытулак у князя Ўладзімера ў Ноўгарадзе. Тым часам Харальд Шэрая Скура выпаў з фавору ў данаў, і каля 970 г. з намовы хладзірскага ярла Хакана тыя завабілі яго ў засаду і забілі. Хакан фармальна падпарадкаваўся дацкаму каралю, але застаўся найбольш уплывовым чалавекам у Нарвэгіі. Каля 971–972 гг. Рагнфрод (Ragnfrшр), яшчэ адзін сын Эйрыка Крывавай Сякеры, зрабіў няўдалую спробу адваяваць Нарвэгію. У 995 г., вярнуўшыся з доўгіх вандраваньняў па Русі і Заходняй Эўропе, каралём стаў Олаф Тругвасан. Вырваць уладу зь ягоных рук паспрабаваў забойца яго бацькі Гудрад, але спроба гэтая каштавала яму жыцьця.

Цяпер разгледзім вядомыя нам факты. Гіпотэзы паходжаньня Рагвалода будуюцца на атаясамленьні ягонага імені зь імем «Рагнвальд» і пошукам адпаведнага Рагнвальда ў скандынаўскіх крыніцах. Між тым фанэтычная перадача скандынаўскіх імёнаў у стараславянскай мове не была цалкам дакладная. Скажэньне магло ўзмацніцца за вялікі прамежак паміж часам Рагвалода і першай паловай ХІІ ст., калі сюжэт пра яго быў уключаны ў «Аповесьць мінулых гадоў».

Удасканаленьне і рэдагаваньне летапісных зводаў у ХІІ ст. у Кіеве суправаджалася ўсплёскам цікавасьці да нарманскіх вытокаў Русі і адраджэньнем рэтра-моды на нарманскае. Мода гэтая выявілася і ў княскім іменьніку. Смаленскі князь Расьціслаў Мсьціславіч меў сына Рурыка і дачку Рагнеду. У тураўскага князя Юр’я Яраславіча была дачка Малфрыд. У ХІІ ст. вядомы полацкі князь Рагвалод Барысавіч. Кіеўскі і луцкі князь Яраслаў Ізяславіч меў сына Інгвара. Сузор’е нарманскіх імёнаў у княскіх сем’ях асабліва кідаецца ў вочы на фоне амаль поўнай іх адсутнасьці ў ХІ ст. Перапынак у анамастычнай традыцыі прывёў да зьяўлення розных варыянтаў таго самага запазычанага імені. У прыватнасьці, імя «Ingvarr», успрынятае ў ІХ–Х стст. стараславянскай мовай як «Игорь», у ХІІ ст. запазычылася яшчэ раз як «Ингварь».

Падваеньне скандынаўскіх імёнаў на адрозныя стараславянскія варыянты падводзіць да думкі пра магчымасьць кантамінацыі адрозных скандынаўскіх імёнаў у адзін стараславянскі варыянт, чаму спрыялі спад у сувязях Русі і Скандынавіі ў ХІ ст. і цьмянасьць зьвестак, якія мелі пра даўнейшы час людзі ХІІ ст. Дапушчэньне, што Рагвалода неабавязкова атаясамліваць з адным з сучасных яму Рагнвальдаў, дапаможа пашырыць наш пошук у віры падзеяў Х ст.

Правядзем храналягічныя паралелі паміж полацкай і нарвэскай гісторыяй таго часу. У пачатку Х ст. Полацкае княства ўваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, асноўным заняткам паноўнага дружыннага слою якой былі гандаль і ўзброеныя набегі на прасторах паміж Балтыкай, Касьпіем і Чорным морам. Гэта прываблівала шматлікіх шукальнікаў шчасьця і прыгодаў са Скандынавіі. Сярод іх аказаўся і Эйрык Крывавая Сякера. Пры жыцьці бацькі, але да свайго прыходу да ўлады (г. зн. паміж 900 і 930 гг.) ён хадзіў у паходы ва «Ўсходнія Краіны», пад якімі нарманы разумелі прыбалтыйскія народы і Русь. Першы раз Эйрык зь пяцьцю караблямі выправіўся на ўсход, калі яму было дванаццаць гадоў. Пазьней ён зрабіў яшчэ адзін паход, зь якога вярнуўся «з баявымі караблямі і вялікім войскам». Прайшоўшы такую стажыроўку і натачыўшы іклы, ён, відаць, захаваў ва Ўсходняй Эўропе нейкія трывалыя сувязі.

Тым часам перамена палітычнага становішча на Русі адкрыла новыя магчымасьці вайскова-палітычнай кар’еры вандроўным нарманскім конунгам. Пасьля сьмерці Алега Вешчуна каля 912 г. кіеўскім князем стаў Ігар, які падчас свайго кіраваньня зазнаў шэраг буйных няўдачаў. Русы пацярпелі паразу ад хазараў у Крыме ў 940 г. і пад хазарскім ціскам зьдзейсьнілі вельмі няўдалы паход на Канстантынопаль у 941 г. Уплыў Хазарскага каганату на кіеўскую палітыку значна ўзмацніўся. У дадатак Ігару давялося саступіць збор даніны з углічаў і драўлянаў свайму паплечніку, уплывоваму ваяводу Сьвенельду. Вынікам гэтых падзеяў сталася слабеньне ўлады кіеўскага князя і яго гібель у паходзе на драўлянаў у 945 г.

З гэтай слабасьці маглі скарыстацца мясцовыя полацкія вярхі. Полацак панаваў над асобным дзьвінскім адгалінаваньнем гандлёвых шляхоў і таму быў натуральным канкурэнтам Ноўгараду і прэтэндэнтам на адасабленьне ад Кіеўскай дзяржавы, у якой Ноўгарад адыгрываў ролю другога паводле значнасьці цэнтру. Відаць, адасабленьне і адбылося пасьля паразаў Ігара, бо, адрозна ад паходу Алега, крыніцы ўжо ніяк ня згадваюць палачанаў пры апісаньні паўторнага паходу Ігара на Канстантынопаль у 944 г. У сваім творы «Аб кіраваньні імпэрыяй», напісаным каля 950 г., бізантыйскі імпэратар Канстантын Барвянародны ў ліку падуладных Кіеву гарадоў называе Чарнігаў, Любеч, Вышгарад, Ноўгарад, Смаленск, але маўчыць пра Полацак.

Якраз у гэты час Эйрык беспрытульна мітусіўся паміж Дублінам і Ёркам, не патрапіўшы стала замацавацца ні там, ні там. Магчыма, паглядаў ён і на ўсход Эўропы, бо ягоныя «подзьвігі» на ўсходнім беразе згадвае ў напісанай паміж 947 і 954 гг. славутай песьні «Выкуп галавы» ягоны стары вораг Эгіль Скалагрымсан. Сыны Эйрыка, бясспрэчна, бралі ўдзел у некаторых ягоных справах, хоць пра іх уласныя дзеяньні нам вядома мала. Між тым канкурэнцыя паміж нарманскімі конунгамі на захадзе Эўропы была вельмі вострая, а іх пазыцыі цярпелі штораз большы ціск ад кельтаў і англасаксаў. На ўсходзе назіралася адваротнае становішча. Спрактыкаваныя і ўмелыя правадыры з дружынамі патрабаваліся як для вайны і рабаўніцтва, так і для абароны ад такіх самых нападнікаў і піратаў. Пад сьцягамі кіеўскіх і наўгародзкіх князёў адкрываліся шырокія магчымасьці для вайсковай кар’еры. Новаўзьніклая самастойная дзяржава кшталту Полацкага княства магла ж і зусім прапанаваць вышэйшыя пасады ў сваёй герархічнай лесьвіцы. Мужчыны Эйрыкавай сям’і валодалі для гэтага ўсімі неабходнымі якасьцямі. Ад Харальда Цудоўнавалосага яны ўспадкавалі каралеўскае паходжаньне, фармальныя падставы на ўладу над асобнай дзяржавай, сьмеласьць, рашучасьць, прадпрымальнасьць і вайсковае майстэрства. Падаецца магчымым, што нехта зь іх мог узначаліць самастойнае Полацкае княства ў 940-я гг.

Сувязі сям’і Эйрыка з усходнеэўрапейскімі землямі не перарываліся і па ягонай сьмерці ў 954 г. Вымушаныя жыць у выгнаньні, сыны Эйрыка мелі пільную патрэбу ў рэсурсах і шукалі іх, дзе маглі. У «Коле Зямным» Сноры Стурлусан кажа, што сыны Эйрыка «багата хадзілі ў паходы ва Ўсходнія Краіны». Паходы гэтыя могуць прыблізна датавацца другой паловай 950-х гг.

Кіраваньне і сьмерць Харальда Шэрай Скуры ў Нарвэгіі каля 960–970 гг. адзначаюць пачатак самага цікавага для нашай тэмы эпізоду нарвэскай гісторыі. Маці Харальда Гунхільд і ягоным ацалелым братом Рагнфроду і Гудраду давялося ўцякаць на Аркнэйскія выспы. Рагнфрод вярнуўся каля 971 г. і на кароткі час адваяваў у хладзірскага ярла Хакана частку Нарвэгіі. Але ўжо праз год ён пацярпеў ад Хакана паразу ля Тынганэса паміж Согнам і Хёрдаландам і мусіў пакінуць краіну. Падзея гэтая дакладна адбылася да 974 г., бо ў гэты час хладзірскі ярл з нарвэскім кантынгентам ужо дапамагаў дацкаму каралю Харальду Сінязубаму адбіваць наступ германскага імпэратара Атона ІІ.

Рагнфрод зьнікае з Нарвэгіі якраз перад тым, як летапіс паказвае Рагвалода на полацкім княжаньні. Карэктуючы 980 г. як дату паходу Ўладзімера на Полацак, сучасныя дасьледчыкі даводзяць, што залёты Ўладзімера да Рагнеды і ўзяцьце ім Полацку адбыліся пасьля 972 г. і за пэўны прамежак часу да 11 чэрвеня 978 г., калі ён уступіў у Кіеў. Адначасовасьць гэтых падзеяў з нарвэскімі пэрыпэтыямі, сувязі сям’і Эйрыка Крывавай Сякеры з Усходняй Эўропай і фанэтычнае падабенства імені «Рагнфрод» да летапіснага варыянту «Рагвалод» дазваляюць нам разглядаць Рагнфрода як магчымага кандыдата на атаясамленьне з полацкім князем. Ускосным аргумэнтам на карысьць гэтай вэрсіі служыць і тое, што пасьля паразы ад ярла Хакана ў Нарвэгію Рагнфрод ужо не вярнуўся і знайшоў сьмерць у іншых краёх. Нарэшце, сама сьмерць напаткала яго не пазьней за 999 г., калі пасьля таго, як загінуў Гудрад, сярод жывых не засталося ніводнага сына Эйрыка Крывавай Сякеры і Гунхільд.

Атаясамленьне Рагнфрода і Рагвалода дазваляе пад іншым ракурсам паглядзець і на абставіны нападу Ўладзімера на Полацак. Наўгародзкі князь меў на гэта дастаткова важкіх прычынаў: натуральнае спаборніцтва паміж Полацкам і Ноўгарадам; імкненьне не дапусьціць саюзу паміж полацкім князем і братам Уладзімера Яраполкам Кіеўскім, зь якім ён варагаваў; нарэшце, жаданьне выканаць свае шлюбныя пляны. Магла існаваць і яшчэ адна істотная прычына. У гэты ж час у Ноўгарадзе ва Ўладзімера хаваўся ня хто іншы, як Олаф Тругвасан, бацьку якога пазбавіў жыцьця Гудрад Эйрыксан. Олаф быў не апошняй асобай у атачэньні наўгародзкага князя. Ён камандаваў нейкімі атрадамі Ўладзімера і браў чынны ўдзел у ягоных вайсковых выправах. Ведаючы, што ў Полацку княжыць брат забойцы ягонага бацькі (калі гэта сапраўды быў Рагнфрод), ён быў здольны ня толькі падбухторыць Уладзімера да паходу на Полацак, але і ўдзельнічаць у ім як спрактыкаваны правадыр.

Падвядзем рысу. Калі мы маем рацыю ў нашых меркаваньнях, то жыцьцёвы шлях Рагнфрода-Рагвалода выглядае наступным чынам. Ён правёў сваё дзяцінства ў Нарвэгіі пры сваім бацьку каралю Эйрыку. Каля 934 г. Рагнфрод разам з бацькам пакінуў краіну і вёў жыцьцё вандроўнага вікінга на Брытанскіх выспах і ва Ўсходняй Эўропе. На Русі сям’я Эйрыка патрапіла замацавацца на княскім пасадзе ў Полацку, які ў 940-я гг. адасобіўся ад Кіеўскай дзяржавы. Да вяртаньня ў Нарвэгію ў 960-я гг. сыны Эйрыка падтрымлівалі сувязі са сваімі ўсходнімі ўладаньнямі і наведвалі іх. Гэта аказалася вельмі дарэчы пасьля чарговага выгнаньня з Нарвэгіі каля 970 гг. Зрабіўшы няўдалую спробу адваяваць краіну ў ярла Хакана ў пачатку 970-х гг., Рагнфрод-Рагвалод канчаткова вярнуўся ў Полацак. У спрэчцы паміж братамі Яраполкам Кіеўскім і Ўладзімерам Наўгародзкім ён стаў на бок першага і адмовіў апошняму ў заляцаньнях да сваёй дачкі Рагнхільд-Рагнеды. У адказ Уладзімер арганізаваў паход на Полацак з удзелам Олафа Тругвасана, крэўнага ворага сыноў Эйрыка Крывавай Сякеры. Паход скончыўся ўзяцьцем Полацку і пагібельлю полацкага князя.

Хоць Эйрык Крывавая Сякера быў сумнеўным хрысьціянінам, а яго жонка Гунхільд і зусім навучалася вядзьмарству ў Фінмёрку, Рагнфрод і ягоныя браты хрысьціліся ў Англіі і нават спрабавалі насаджаць хрысьціянства ў Нарвэгіі. Атаясамленьне Рагнфрода і Рагвалода тады прывяло б да нечаканай высновы, што ў Полацкую зямлю хрысьціянства занёс не Ўладзімер, а забіты ім полацкі князь.

Цяпер выпрабуем гіпотэзу на трываласьць... і пабачым, як яна пачне распаўзацца. Атаясамленьне імёнаў «Рагнфрод» і «Рагвалод» на падставе фанэтычнага падабенства – папросту адвольнае дапушчэньне. Эйрык і ягоныя сыны бавілі нашмат больш часу і сілаў на захадзе Эўропы, чым на ўсходзе. Нават калі яны заплывалі ва «Ўсходнія Краіны», няма зьвестак, каб яны знаходзіліся на Русі і, у прыватнасьці, на Полаччыне. Яны цалкам маглі абмежавацца рабаваньнем эстаў, зэмгалаў і кураў і ня рухацца далей. Храналёгія падзеяў Х ст. даволі ўмоўная – яна не пацьвярджае наўпрост верагоднасьці выказаных меркаваньняў. Больш за тое, некаторыя генэалёгіі адносяць сьмерць Рагнфрода да 982 г., што ставіць пад сумнеў яго атаясамленьне з Рагвалодам. Што ж застаецца?

Застаюцца факты. Застаецца ключавая роля скандынаваў у фармаваньні дзяржаўнасьці Старажытнай Русі. Застаецца адасабленьне Полацку ад Кіеўскай дзяржавы ў Х ст. Застаецца скандынаўскае паходжаньне Рагвалода. Застаецца дзейнасьць шматлікіх неспакойных нашчадкаў нарвэскага караля Харальда Цудоўнавалосага, якія хапаліся за любую магчымасьць узначаліць асобную дзяржаву і мелі для гэтага ўсе падставы. Застаюцца паходы Эйрыка Крывавай Сякеры і ягоных сыноў ва Ўсходнюю Эўропу. Застаюцца храналягічныя паралелі. Быць можа, нашыя меркаваньні і не дадуць дакладнага адказу на пытаньне пра паходжаньне полацкага Рагвалода, але набліжэньне да яго і звужэньне кола пошуку будзе някепскім вынікам.

Крыніцы:

1. Ипатьевская летопись. – Москва, 1998.
2. Лаврентьевская летопись. – Москва, 2001.
3. Стурлусон, Снорри. Круг Земной. – Москва, 1980.
4. Эгиль сын Грима Лысого. Выкуп головы //
Поэзия скальдов. Санкт-Петербург, 2004. С. 11–15.

Дасьледаваньні:

1. Джонс Г. Викинги: Потомки Тора и Одина. – Москва, 2003.
2. Коновалов Ю. В. Русско-скандинавские связи середины IX – середины XI вв. // Историческая генеалогия.
Вып. 5. Екатеринбург–Париж, 1995. С. 42–59.
3. Рапов О. М. Русская церковь в IX – первой трети XII в. – Москва, 1988.
4. Łatyszonek O., Bely A. On the Scandinavian Origin of Rahvalod //
Annus Albaruthenicus 2005. Krynki, 2005. P. 49–64.

  магістар міжнародных дачыненьняў Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце (1998). Дасьледчыя інтарэсы ўключаюць сучасныя міжнародныя дачыненьні, раньнесярэднявечную гісторыю Беларусі, антычную цывілізацыю.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/12/10