A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЮРЫ ПАЦЮПА | ||||
Найлепшы верш Цішкі Гартнага? Гартаючы ў аддзеле рэдкай кнігі нумары часопісу «Вольны сьцяг», я ня раз сутыкаўся з прыгожым вершам «Стэп», падпісаным сьмешным псэўданімам Стручок. Перш-наперш кідаўся ў вочы выкшталцоны малюнак страфы, а па прачытаньні — уражваў маляўнічы пэйзаж, створаны няведамым аўтарам. Мне захацелася мець гэты верш у сваім архіве. Я зрабіў ксэракс і дома падоўгу ўчытваўся ў ягоныя радкі, спрабуючы зразумець: хто ж схаваўся за тым дзіўным псэўданімам? Трэба ж, думаў я, часамі мы гатовы перакапаць усе архівы сьвету, каб знайсьці адзін-адзінюткі беларускі радок, а тут ня можам убачыць, пагатоў ацаніць і зразумець тое, што ляжыць на паверхні! Імя аўтара — Цішка Гартны (адкрыем яго, каб не дурыць чытача), якое выявілася ў выніку параўнальнае працы, зьдзівіла мяне самога. Уражаны адкрыцьцём, я пачаў абзвоньваць сваіх знаёмых, раіцца. Многія верш хвалілі, прымяркоўвалі вытанчанасьць пэйзажу да Фетавага. Бальшыня рэагавалі зычліва, але нічым не маглі дапамагчы. Некаторыя адмахваліся. А адзін ведамы літаратуразнаўца, на некалькі парадкаў больш дасьведчаны, чым я, успрыняў мае разважаньні раздражнёна. Пачаў цьвердзіць, маўляў, усё, што я кажу — ненавукова, але нічога навуковейшага не парадзіў і пасьпяшаўся адчапіцца ад надакучлівага суразмоўцы. Скептыкі, усе ў адзін голас, цьвердзілі: у Гартнага іншая эстэтыка! На жаль, за гэтымі словамі, нічога апрача стэрэатыпаў і павярхоўнага веданьня паэта я ня ўбачыў. І цяпер мне толькі застаецца падзяліцца сваімі разважаньнямі публічна. Лепш раз абмыліцца, чым маўчаць. А хто ведае больш, няхай што дадасьць ці аспрэчыць мяне. СТЭПНавальніца прайшла. Над высокай травой 17/V 1921 г. АБСЯГІ ШУКАНЬНЯКаб адгадаць запраўднага аўтара — паддастаткам мець пару ўдалых паралеляў. І яны ёсьць! Але каб гэтае ж аўтарства давесьці — мы мусім расчысьціць сабе поле дзеяньняў і пачаць «дэдукцыю» з сама агульных, прапэдэўтычных заўваг у галіне эстэтыкі, тады — перайсьці да матываў, як эстэтыкі прыватнае, і, нарэшце, прааналізаваць вершаваньне, мову. Найболей матэрыялу для высноў даюць матывы прыроды, сёе-тое дадае мова. Крыху менш дапамагае аналіз вершу. Праўда, яго разгляд ня марны, да таго ж — каштоўны сам празь сябе. Аднак, перш чым брацца за параўноўваньне, трэба вызначыць абсягі шуканьня. Такі верш мог напісаць хто заўгодна. Ведама, аўтар яўна не пачатковец, але чаму ня Янка Купала, не Якуб Колас, не Максім Багдановіч, не Ясакар (Зьмітрок Бядуля), не Алесь Гарун?.. Багдановіч адпадае адразу. З многіх, мяркую, досыць відочных прычынаў. Купала і Колас, добра разважыўшы, — таксама. Творчасьць кожнага зь іх пільна зьбертая і вывучаная. Гарун, што праўда, быў схільны да падобнага мудрагелістага страфаваньня. Але ў яго вершы пераважала харэічная кадэнцыя, дый паэтыка была крыху іншая. Кепска мы ведаем творчасьць незаслужана занядбанага Ясакара, і ўсё ж, бяру на сябе рызыку казаць — ня ён. Зрэшты, чаму мусова шукаць сярод клясыкаў? У абсязе паміж нашаніўскім і маладнякоўскім пэрыядамі паўстала гэтулькі імёнаў, якія неўзабаве заніклі, што, бадай, ніхто ня дасьць рады ўсіх распазнаць. Прыкладам, чаму ня Паўла Каравайчык, які ў тым жа «Вольным сьцязе» надрукаваў верш «Memento mori» з малюнкам страфы ня менш вытанчаным? Гэтыя «чаму» можна было б доўжыць бясконца, каб не адно паказаньне, найменьне рэчкі, якое спатыкаем у тэксьце: І Случанкі‑ракі дзіўны чар. Ці не пашукаць сярод пляяды случакоў-капылянаў? І адразу ўзьніклі тры кандыдатуры: Хведар Чарнышэвіч, Алесь Гурло, Цішка Гартны. А можа хто з маладзейшых: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Мікола Хведаровіч, Максім Лужанін?.. Маладзейшых я адкінуў адразу, яны ў 1921 годзе яшчэ не публікаваліся, або калі й публікаваліся, дык пісалі прынцыпова інакш. А паэтыка вершу, як убачым ніжэй, чыста нашаніўская. Тады хто з гэтых траіх? На пачатку мае спадзевы былі на баку Хведара Чарнышэвіча, празыванага за доўгія вусы Тараканам, паэта хоць ня надта адукаванага, але схільнага да эстэцтва. Гэта пра яго казаў Максім Багдановіч: «Цяпер ужо ўмее пісаць сьціснута і ў кароткіх словах даць малюнак прыроды або вылажыць сваю думку, але робіць, на жаль, гэта ненатуральна, заблытана». І пра яго ж успамінаў Мікола Хведаровіч:
Бацькі яго жылі бедна. Сёе-тое ён зарабляў сваёй літаратурнай дзейнасьцю, сябраваў зь мясцовай інтэлігенцыяй і лічыў сябе паэтам. Таму ён насіў даўгія валасы, якія закручваліся ўгору так, што надзетая шапка ляжала зьверху, як у гнязьдзе. Справіў ён сабе картовы, але досыць шчыгульны гарнітур, нават насіў гальштук-матылёк на паркалёвай кашулі.
Другім кандыдатам уяўляўся досыць таленавіты, менавіта як прыродаапісальнік, Алесь Гурло. І, трэба прызнацца, у вершах Гурла можна ўбачыць нямала падабенства з вобразамі Стручка, прыкладам:
Адусюль паволі над лугамі, полямі З параўнаньня шматлікіх тэкстаў гэтых двух аўтараў вынікае: пэйзаж Гурла куды больш падобны да «Стэпу», чым пэйзаж Чарнышэвіча. Аж трэцім, запасным, кандыдатам значыўся ў мяне Цішка Гартны. Але чым болей я спазнаваў тэксты паэта, тым відочней вымалёўвалася яго аўтарства. Між іншым, з усіх капылянаў акурат Зьміцер Жылуновіч не скупіўся на псэўданімы і пёк іх, як бліны, відаць, не асабліва задумваючыся над матывацыяй. Вось толькі некаторыя: Авадзень, Авадзён, В. Аса, Беларус, Беларус-Камуніст, Паўлюк Вартавы, Сымон Гляк, Габрусь Друк, Сымон Друк, Зьміжыла, Знаёмы, Янка Кліч, Чырвонь, Шулятнік. Так, Стручок сярод іх нідзе ў даведніках ня значыцца, але ж ці можам мы ўсё ведаць за раз?..
ЭСТЭТЫКААдразу хацелася б зазначыць: эстэтыка Цішкі Гартнага далёка ня ўпісваецца ў той нудны вобраз пралетарскага паэта, які яму здаўна накідваецца. Яшчэ на самым пачатку творчае працы ў яго творах можна згледзець найразнастайнейшыя наслаеньні. У паасобных вершах адчуваецца ўплыў сымбалізму, заўважаецца цікавасьць да ўсяго прыгожага і загадкавага, увасобленага ў містычных паўфальклёрных вобразах. Возьмем, прыкладам, верш 1910 году «Начныя чары»:
Сьціш пануе укруг, —
Далей у тэксьце ўзьнікае фантастыка, русалкі. І канцоўка ўдае ўжо на чыста дэкадэнцкую: І усё на зямлі
Падобная эстэтыка, упэўнена, штораз мацней і мацней, набірала голас у творах самых розных, ледзь ня ўсіх пагалоўна, нашаніўскіх паэтаў. Нездарма Максім Багдановіч у крытычных аглядах цешыўся з тэматычнага і фармальнага ўзбагачэньня літаратуры: «Бачым, што беларуская пісьменнасьць расьце... Але ня гэты ўзрост цікавіць нас, а ўзрост вартасьці твораў нашых пісьменьнікаў». Словы, сказаныя далей пра Купалу, можна ў той ці іншай меры аднесьці й да іншых аўтараў: «Зьяўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасьці, новыя формы і вобразы... Часта-густа спатыкаецца прыгожая будова вершу, цікавая па спляценьні строк, расстаноўцы рыфм, ужываньні цэзур». Гэтыя фармальныя і філязофскія шуканьні дасягнулі піку разьвіцьця ў парэвалюцыйны час. А перарваліся — з прыходам Саветаў, праўда, не адразу. Пазьней жа шмат хто з творцаў быў рады проста замаўчаць былое, прыкладам, сваю супрацу зь неўпадабанымі бальшавікамі выданьнямі «Вольны сьцяг», «Адраджэньне». Цішка Гартны меў схільнасьць да фармальных вынаходніцтваў ня менш як Купала ці той жа Багдановіч. Часамі ў яго можна спаткаць тонкую гульню нюансамі, як, скажам, у вершы «Я далёка...», дзе праз усю лірычную кампазыцыю пасьлядоўна і па-майстэрску выкарыстоўваюцца рэдкія ў беларускай Я далёка цяпер ад цябе,
З пазьнейшых твораў асабліва ўражвае рытмічнай будовай ды графічным малюнкам выкшталцоная мадыфікацыя каламыйкавага вершу з тупымі кляўзуламі, якую мы назіраем у тэксьце «Беларуска»: Як ідзе —
На жаль, далёка ня ўсё зь лірычнага, містычнага ды эстэцкага лучала ў прыжыцьцёвыя перадрукі, а пазьней — у зборы твораў пісьменьніка. У гэтым, пэўна што, быў вінаваты час, зычліўцы-дарадцы і... сам пісьменьнік. Так ці гэтак, спакваля склаўся стэрэатып Цішкі Гартнага як суровага, каструбаватага пралетарскага песьняра-бэйгара. З усяго відаць, ён і сам, як той Максім Горкі, даражыў сваім модным іміджам, а дзеля захаваньня іміджу гатоў быў усё часьцей і часьцей «наступаць на горла» ўласнай песьні, ахвяраваць лірызмам дзеля моды (сёньня падобнае часьцяком робяць постмадэрністы!). Але... паэт ня быў бы паэтам, калі б ня дбаў пра чыстую красу. Якраз на апошняе ня трэба забывацца, чытаючы як Цішку Гартнага, так кожнага іншага яго сучасьніка. Дзеля прыкладу, возьмем біябібліяграфічны слоўнік, выпішам паасобныя, найцікавейшыя найменьні вершаў Гартнага: «Лясун» (1911), «Любоў» (1911), «Пахаваньне» (1911), «Я — асобны сьвет» (1911), «’Ля цябе я садзіла лілею...» (1913), «Не сьпявай у садзе, салавей...» (1916), «К Богу праведнаму» (1918), «Рожа» (1920). Мы іх ня знойдзем ў апошнім чатырохтамовым зборы твораў. Затое знойдзем там такі камэнтар: «Побач зь вершамі, якія вызначаліся навізной тэматыкі і закладалі асновы беларускай рабочай паэзіі, а таксама творамі, поўнымі грамадзянскага патасу і глыбокага пачуцьця, у першай кнізе Ц. Гартнага была і эпігонская лірыка (цыкль «Песьні каханьня»)». Гэта не выпадковая заўвага. З раньніх, лірычных апавяданьняў у анталёгіі ды выбранае таксама чамусьці не траплялі «Скошаны луг», «Думкі беларуса», «Пустуючы шнурок». Чаму? Бо там ёсьць нацыянальны патас, гучаць рэлігійныя ноткі! Так сэлекцыянавалі беларускую літаратуру. Усякага роду «грамадзянскімі», г. зн. сацыяльна-публіцыстычнымі тэкстамі кагадзе былі пазадушваныя і анталёгіі, і хрэстаматыі, і зборы твораў. Пра што тут казаць, калі найлепшыя вершы Купалы — «Сярод магіл», «У бяссонную ноч», «Сьмейся», «Пчолы» — за савецкім часам былі фактычна пад забаронаю! Усё гэта скажала, і дагэтуль скажае, абліччы нашых пісьменьнікаў. Думаю, не аднаму пакаленьню дасьледнікаў, камэнтатараў ды ўкладаньнікаў давядзецца шуфлямі выграбаць тыя «грамадзянскія» трафарэты. Апрыёрна лічылася, быццам верш на грамадзкія тэмы каштоўнейшы за верш асабістай танальнасьці. І, калі што фармальна цікавае ці глыбока інтымнае лучала ў афіцыйныя хрэстаматыі, дык хутчэй выпадкова, чым пасьлядоўна. У цэлым вымалёўваецца досыць сумная карціна. Да рэвалюцыі беларуская літаратура, дзе дабром, а дзе гвалтам, мусіла аплакваць цяжкую долю мужыка («Чаму плача песьня наша?»). А як толькі яна наважылася сплачваць доўг красе і каханьню («Сплачвайце доўг»), дык прыйшоў новы сацыяльны заказ, ужо куды больш патрабавальны: апяваць шчасьлівую рэчаіснасьць. Горка і сьмешна тое, што маладнякоўцы крытыкавалі нашаніўцаў акурат за «плач», за той ранейшы сацыяльны заказ, хоць самыя так і ня здолелі выскачыць з гэтай «грамадзянскай» наканаванасьці...
МАТЫВЫАдна з сама прывабных, на жаль, дагэтуль не апісаных і практычна не заўважаных рысаў лірыкі Цішкі Гартнага — гэта адмысловая экзыстэнцыйная сытуацыя, якую можна абазначыць як заглыбленьне ў аб’ект спазіраньня. Сытуацыя перажываньня праяўляецца наступным спосабам: паміж лірычным героем і сьветам адбываецца сустрэча — у нечым нечаканая — пачуцьці героя абвастраюцца, ён дзівіцца, спазірае і спакваля, як губка, пачынае насычацца пэйзажам. Адпаведна, лірычнае «я» і прыродны аб’ект шчыльна зьліваюцца, пераламляючыся ў мностве падрабязнасьцяў, дэталяў і роздумаў. Але насамрэч, знутра, гэтая сытуацыя асаблівая якраз падкрэсьленым, трагічным распадам суб’екту і аб’екту. Прытомнасьць суб’екту ў лірычным тэксьце не такая пашыраная зьява, як можа падацца на першы пагляд. Нават у такога яскравага лірыка, як Максім Багдановіч, яна спатыкаецца досыць рэдка. Вось, прыкладам, як гучыць адзін зь яго нешматлікіх вершаў, напісаных ня толькі ад «першай асобы», але й «з удзелам» яе: Бачу я, з прыродай зьліўшыся душой,
І ўсё ж, нават у гэтым тэксьце спосаб бачаньня адрозьніваецца ад пагляду Цішкі Гартнага. Лірычны герой у бальшыні паэтаў часьцей за ўсё спазірае аб’ект нібыта «з-за кадру», што само празь сябе нагадвае спосаб выкладу ў прозе ад трэцяй асобы. Хоць насамрэч у якасьці трэцяе асобы тут выступае толькі атачэньне — рэчы, прырода. Гэтак у лірыцы праяўляецца бахцінская нестыкальнасьць (вненаходимость) аўтара. Для Гартнага манера прытомнасьці «першай асобы», суб’екту побач з аб’ектам — досыць частая зьява, асабліва ў апісаньнях прыроды. Уласьцівая яна й апавяданьням. Калі прасачыць паралелі паміж вершам Стручка і раньнімі лірычнымі апавяданьнямі Гартнага, дык зараз пераканаемся, што паасобныя ўрыўкі гучаць, як падрадкоўнік да «Стэпу», падабенства часамі проста ўражвае.
1. Прыход лірычнага героя: Над высокай травой // Ў пералеску хваёвым пахіл: // Я к бярозцы стамлёны прыпаў галавой — // Нада мной галубны небасхіл. // Я драмлю — не драмлю, // Сонным вокам лаўлю // Цені хмар, // І абшар <…> Шэпча казачку бор // І вядзе разгавор // З збажыной // Яравой // І жытнянай палоскай буйной («Стэп»); Я стаяў на вузкай-вузкай мяжы, абросшай рэдкай высокай травой; а абапал яе, крышку шырэйшыя за мяжу, цягнуцца мужыцкія шнуркі жыта. Круг-кругом — зялёнае, пекнае, як дарагі аксаміт, — мора зелені. Пахне нечым сьвежым, лёгкім!.. <...> Я бязвольна схапіўся за галаву, апусьціў яе к зямлі і пачаў думаць... («Думкі»). Тут нават перажываньне разьвіваецца паводле аднолькавай схемы: а) момант сустрэчы: Я к бярозцы стамлёны прыпаў галавой;
б) працэс перажываньня:
Я драмлю — не драмлю; 2. Спазіраньне прыроды: У паўціне пузаты гайдаецца жук, // Машкара навакола зьвініць, // Павуцінаю мушку апутаў павук, // На чуць бачанай нітцы вісіць; // А кругом між травы, // Зеляной муравы // Камялькі, // Матылькі... («Стэп»). Пад самым небам, чыстым, ясным, пяе-заліваецца рэзвы звонкі жаваранак, верціцца, як лёгкае пёрка ў паветры, і быццам весяліцца. Унізу ж над жытам цэлыя мільёны мошак, жучкоў, матылькоў! («Думкі»).
3. Зьліцьцё з аб’ектам: Я таплюся у шопатах ліп і бяроз, // Ў глухім шуме дубовых гальлёў. // Ў ціхім шопаце траваў і лісьцікаў лоз // Ля канаў прыдарожных ды зыку шмялёў («Стэп»). Я патануў у духу тварэньня, я загарэўся смагай усялюдзкай карысьці і свайго ахвярства на аўтар дабра, шчасьця і красы высокай! («Не адрывайце мяне ад работы»).
Заглыбленьне ў аб’ект, сваім парадкам, у Цішкі Гартнага часта перадаецца адметна: спачатку з дапамогою прыназоўніка у, а потым — прыназоўніка між, што таксама характэрна для вершу «Стэп». Параўнайма: Ў вербалозах, ў пухкім моху
Або: Я жыву у шчабятаньні... <...>
Ды што там казаць! Часам мы нават не задумваемся, як асобнае слова ці выпадковы матыў могуць быць цесна зьнітаваныя зь біяграфіяй паэта. Прыкладам, у «Стэпе» трапляецца слова канава — далёка ня сама характэрнае для беларускае мовы: Я таплюся у шопатах ліп і бяроз <...> // Ля канаў прыдарожных ды зыку шмялёў. Гэтае слова нават сёньня гучыць неяк чужавата. Відаць, яно прыйшло з расейскае мовы, а пашырэньню спрыяла мэліярацыя. У звычайным жыцьці беларусы кажуць: роў, равок, раўчук і г. д. Але ў Гартнага таксама чытаем: Направодзіў шырокіх і доўгіх канаў // І прарэзаў я цэлыя мілі равоў. Выяўляецца, даны матыў не такі ўжо выпадковы, як, можа, падаецца на першы пагляд. Мікола Хведаровіч, які добра ведаў капыльскае асяродзьдзе, піша пра сям’ю Жылуновічаў: «Бацька вяртаўся з Палесься, дзе капаў канавы ў падрадчыка». Зрэшты, усе случакі так ці інакш былі знаёмыя з мэліярацыяй. Вось, прыкладам, як гэтую працу апісвае Максім Лужанін:
Каб дзерці канаўкі, прывязваць фашыны.
Любіў Гартны таксама ўспамінаць у сваіх тэкстах краскі. Часьцей, прынамсі, чым многія зь яго сучасьнікаў. Любіў і канкрэтныя найменьні кветак, адпаведна — меў свой букет. Ня раз у яго фігуруе мак, расьліна асабліва характэрная для раўнінных абшараў Палесься. Нават эпітэты маку падобныя: у вершы «Чырвоны мак» — махравісты мак, а ў «Стэпе» — махнаты мак.
ПАЭТЫКАКалі нехта дагэтуль думае, быццам вершы пішуцца падборам слоў і падлікам ступ, дык ён памыляецца, і нават вельмі. Канструяваньне ступ — зьява шмат пазьнейшая, шкалярская, схалястычная. Яна ўплывае на паэзію, але не вызначае яе ходу. Вершы пішуцца радкамі, у аснове якіх ляжаць рытмавыя стэрэатыпы. З тых радкоў, што дзеляцца, множацца, складваюцца, вырастаюць строфы і растуць гэтаксама, як грыбы, паліпы ці каралы. Строфы, само сабою, перажываюць мутацыі, ускладненьні, спрашчэньні. Адзін або некалькі старых відаў даюць новы падвід, і гэтак без канца. «Стэп» напісаны адумыснай анапэставай страфой, характэрнай для нашаніўскай паэзіі і, адначасна, унікальнай, адзінай у сваім родзе. У аснове страфы — чаргаваньне чатырохступовых і трохступовых радкоў. Чатырохступовы радок, падзелены ці не падзелены цэзураю, стварае антыкадэнцыю, а трохступовы — кадэнцыю. Праз увесь верш застаецца ўражаньне, нібыта голас чытаньніка ўзьбягае на горку, а потым павольна падае долу. Апрача анапэсту спалучэньне націскаў 4+3 могуць даваць харэй (каламыйкавы верш), абсечаны на цэзуры дактыль (дзесяцьцёвік) і амфібрах. Якія ж карані мае камбінацыя чатырох- і трохступовага анапэсту? Думаю, тут можна прапанаваць дваякую этымалёгію, і кожная будзе аднолькава слушнаю.
1. Такая страфа магла ўзьнікнуць у выніку эвалюцыі сылябічнага дзесяцьцёвіка, дзе чаргаваньне доўгіх няцотных і кароткіх цотных радкоў задае свайго роду моцны альтэрнанс. А далей праз нарошчваньне анакрузы дактыль дзесяцьцёвіка можа перарастаць у амфібрах або анапэст. Падобны дзесяцьцёвік спатыкаецца ўжо ў Альгерда Абуховіча: Зоры паўночы // кроўю палаюць, Асабліва часта да яго зьвяртаецца Стары Ўлас: У цяжкім змаганьні // зь цёмнаю сілай,
Акурат у Старога Ўласа гэтая страфа аздабляецца нутранымі рымамі: Доўга у хаце /// нашыя брацьці
Рымы, сваім парадкам, спрыяюць яе падзелу і ператварэньню чатырохрадкоўя ў шасьцірадкоўе на ўзор Рансаравай страфы.
2. Іншым спосабам страфа магла разьвіцца ў выніку складваньня дзьвюхступовага анапэсту ў анапэст чатырохступовы і альтэрнансавае абсячэньне цотных радкоў. Кожны з нас, яшчэ з школы, помніць верш Янкі Купалы: Я мужык-беларус, —
Але далёка ня кожны ведае, наколькі такі анапэст быў папулярны сярод нашаніўцаў. Зрэшты, яшчэ ў XIX стагодзьдзі гэты памер тарнаваў Вінцэсь Каратынскі: Далібог-то, Арцім,
Цікава будзе гэтта зазначыць: практычна ўсе вершы, напісаныя дзьвюхступовым анапэстам, мелі тупыя кляўзулы, што надавала ім манатонную горную інтанацыю. І, як ні дзіўна, даны памер таксама мае нейкія сылябічныя вытокі — відаць, нездарма да яго зьвяртаўся раньні Трэдзіякоўскі. А беларускі вершазнаўца Іван Ралько, аналізуючы радкі расейскага клясыка, нават зблытаў ягоны анапэст з харэем. Высокая частотнасьць дзьвюхступовага анапэсту ў беларускай нашаніўскай паэзіі і нізкая ў расейскай гаворыць пра тое, што яго паходжаньне тоіць вялікія таямніцы.
3. Чатырохступовы анапэст у спалучэньні з трохступовым стаў адным з найпапулярнейшых беларускіх памераў. Павольны, напеўны, зьменлівы — ён выдатна перадаваў як элегічную глыбіню, так і эпічны размах. Прыкладам анапэсту 4+3 могуць служыць хрэстэматыйныя радкі Янкі Купалы: Паміж пустак, балот // беларускай зямлі
Ускладненьне страфы за кошт нутраных рымаў спатыкаецца ў М. Арла: Як прыходзіць вясна, /// маю душу яна
А далейшае пераўтварэньне чатырохрадкоўя ў шасьцірадкоўе назіраем у Ванды Лявіцкай: На палі, на лугі,
Паэтка зь Дзьвінску Вольга Сахарава чыніць падзел толькі ў трэцім радку, утвараючы пяцірадкоўе:
У Максіма Багдановіча архетып чатырохрадкоўя абяртаецца ў пяцірадкоўе іншым спосабам, за кошт «зацягваньня» трэцяга радка: Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун
Вельмі цікавую мадыфікацыю данай страфы можна ўбачыць у Галіны Івановай, зямлячкі Сахаравай. Іванова падзяляе ня толькі няцотныя двухтактавыя радкі, але й цотныя паўтаратактавыя. У выніку кожнага такога падзелу анапэст 4+3 вяртаецца да свайго гіпатэтычнага вытоку, анапэсту дзьвюхступовага, дапоўненага кодаю — «хвосьцікам» даўжынёю ў паўтакту: Было цёмна кругом...
4. У Цішкі Гартнага можна спаткаць анапэсты ці ня ўсіх гатункаў. Заразом многія зь ніжэй прыточаных прыкладаў утрымваюць матывы, вобразы, рымы ды лексэмы, падобныя як у «Стэпе» — кожны такі выпадак тут адумысна падкрэсьліваецца. Трохступовы анапэст у форме чатырохрадкоўя:
Там срэдзь галу зялёных лугоў
Дзьвюхступовы анапэст у форме чатырохрадкоўя: Я рабочы-гарбар,
Дзьвюхступовы анапэст у форме шасьцірадкоўя: Я гарбар малады,
Камбінаваная страфа анапэсту ў форме шасьцірадкоўя (2+2)+3: Вы ўсе кажаце мне,
Перавернутая страфа анапэсту ў форме чатырохрадкоўя (3+4): У баку дзесь траскоча дзяргач,
Вольны анапэст (з наменкаю на спалучэньне 4+3): Я хацеў бы пяяць,
Вольны анапэст (у чыстым выглядзе): Мы — сыны
І нарэшце дзьвюхступовы харэй, які можа ўважацца за анапэст: Вось і месяц <...>
Як бачым, з анапэстам Цішка Гартны экспэрымэнтаваў даволі шмат. Ёсьць у яго трохступовы — найпапулярнейшы як у беларускай, так і ў расейскай літаратуры. Ёсьць розныя камбінацыі нашаніўскага дзьвюхступовага. Спатыкаюцца й спалучэньні 4+3, а таксама вельмі рэдкія, мала ўласьцівыя іншым аўтарам вольныя анапэсты. Далёка ня ўсе камбінацыі выглядаюць удалымі. Прыкладам, наколькі цешыць гармоніяй спалучэньне 4+3, настолькі ж рэжа слых 3+4. Калі ж дапусьціць, быццам «Стэп» запраўды належыць Гартнаму, дык можна сказаць, што гэта найскладанейшая і найгарманічнейшая зь яго мадыфікацыяў страфы 4+3. Хоць утвараецца яна досыць проста: праз нанізваньне і дзяленьне асноўнага чатырохрадкоўя. Прылучаюцца спачатку дзьве паловы няцотнага радка, потым — яшчэ дзьве чвэрці няцотнага і нарэшце нанізваецца цэльны цотны радок. Даны архетып і яго мадыфікацыю можна разгледзець на схемах. Выходны варыянт, папулярны сярод нашаніўцаў: ооОооОооОооО
Варыянт, змадыфікаваны Стручком (Цішкам Гартным?): ооОооОооОооО
МОВАПры атрыбуцыі тэкстаў, як паказвае тэксталягічная практыка, мова ня можа служыць неапрэчным довадам таго ці іншага аўтарства. Аднак яе роля мяняецца. І найболей узрастае — у часы станаўленьня літаратурных нормаў. Маўленьне, насычанае дыялектызмамі, проста адхіленьнямі ад нормаў, спрыяе арэальнай атрыбуцыі тэкстаў. Бо для кожнага рэгіёну ўласьцівыя тыя ці іншыя дэталі-адрозьненьні, свайго роду арэальныя маркеры, якія дазваляюць звузіць абсягі шуканьня або высьветліць паходжаньне аўтара. На жаль, разгляд «Стэпу» багатага «ўлову» не дае. Відаць, у случакоў няма такіх эксклюзіўных маркераў, якія назіраюцца ў дзісенцаў, Войслава Савіча-Заблоцкага, Вацлава Ластоўскага. І ўсё ж, пры пільным стараньні, тое-сёе можна зазначыць.
1. Прыметнікі з канцавым націскам: галубны, зеляны, буйны. У Ц. Гартнага: Як паўныя вазы жніва // Пагрымяць да току; Настрэчу ж месяцу блядному<...> // Агні электрыкі вакол з акон.... Пар. у М. Лужаніна: даўгі, дзіўны, брудны, цьвярды, смачны, цагляны.
2. Спакменьнікі з канцавым націскам у множным ліку: гальлёў. У Ц. Гартнага: Далей сьцеле ён цень // Ад калматых дзярэў («НН», 1910, 2 вер.); І мне з пахам прынадным квятоў // Ветры цёплыя ўцехай падзьмуць. Параўнайма ў М. Лужаніна: Папросяцца ў хату да нас дзерава; І цяпер, б’ючы паклоны // Сінім дзеравам... // Тую восень і дзяўчыну // Ўспамінаю я; Хв. Чарнышэвіча: Кругом квяты.
3. Няўстойлівасьць лексычных нормаў: паўціна / павуціна. У Ц. Гартнага: дзяроў / дзярэў / дрэў. У гэтым пляне можна зьвярнуць увагу на слова кругом і яго адпаведнікі. У Стручка: А кругом між травы <...> // Камялькі, // Матылькі. У Ц. Гартнага: І ў спакойнай прасторы кругом // Чуцен водгалас рэзьвенькіх бом; Сьціш пануе вакруг («НН», 1910, 2 вер.); І грымнуў гром наўкол-наўкруг; Ўкол руйнуюцца ўціску муры. Пар. у Хв. Чарнышэвіча: Ўвакруг краса; Кругом квяты.
4. Некаторыя паралелі ў лексыцы: зык Я таплюся у шопатах ліп і бяроз <...> // Ля канаў прыдарожных ды зыку шмялёў. У Ц. Гартнага: Зыкі сталёвыя клёпу // Песьняй празрыстай зьвіняць; І зыкі выцісьне дзяўчына на гітары. хваёвы Ў пералеску хваёвым пахіл: // Я к бярозцы стамлёны прыпаў галавой. У Ц. Гартнага: Хваёвы бор, як вострым клінам, // Сьцяной зялёнаю стаіць; Руйнавалі нашчэнт, нішчылі // Хаты, поле і хвойнікі. чуць [Павук] На чуць бачанай нітцы вісіць. У Ц. Гартнага: Дзесь здалёк — чуць даходзіць ка мне ў шуме хвой <...> // Рух <...> жыцьця. чар Сонным вокам лаўлю // Цені хмар // І абшар // І Случанкі‑ракі дзіўны чар. У Ц. Гартнага: Хто маляр // Яе чар, Строю, пекнаты?
З усіх пералічаных маркераў першыя два дазваляюць гаварыць, амаль дакладна, пра капыльска-слуцкае паходжаньне аўтара. Рэшта пацьвярджаюць, што верш «Стэп» запраўды можа належаць Гартнаму, але рабіць на падставе іх нейкія канчальныя высновы рызыкоўна, бо падобныя словы ўжывалі вельмі многія нашаніўцы. ТЭКСТАЛЯГІЧНЫЯ ПАРАЛЕЛІВось жа, усё сказанае вышэй, ні паасобку, ні нават у суме, не дае пацьверджаньня аўтарства Цішкі Гартнага. Мы маем толькі ўскосныя довады. Цяпер, у канчальнай аргумэнтацыі, павінны злучыцца ў адно цэлае паэтыка, матывы і мова. Верш, дзе лучацца ўсе разгледжаныя фактары, Цішка Гартны напісаў у 1922 годзе, будучы ў Бэрліне. Тое, што падобнасьць гэтая не выпадковая, сваім парадкам пацьвярджае больш раньні расейскамоўны тэкст Гартнага і, мяркую, яшчэ ранейшы, беларускамоўны.
Паралель першая (1922 г.): Я стаю, заварожаны шумам лясным,
Паралель другая (1912 г.): Лишь только фабричный гудок прогудит —
Паралель трэцяя (1909 г.): Кавыляць па лагох я люблю,
Апошні ўрывак узяты не з арыгінальнага тэксту, а зь перакладу расейскага паэта Аляксандра Фёдарава (1868—1949). Пераклад публікаваўся ў «Нашай Ніве» пад крыптанімам Т. Г. Біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» прыпісвае яго Якубу Коласу — Тарасу Гушчы, праўда, з пазнакаю «аўтарства спрэчнае». Цяпер, думаю, ёсьць куды больш падстаў расшыфраваць крыптанім Т. Г. як Цішка Гартны, тым больш, што Канстанцін Міцкевіч псэўданімам Тарас Гушча падпісваў ня вершы, а апавяданьні. Пад канец яшчэ раз вернемся да фразы: І Случанкі‑ракі дзіўны чар. Цішка Гартны ў вершах ня раз зьвяртаўся да канкрэтных геаграфічных найменьняў свайго краю. Прыкладам, у разьдзеле «Слуцак» зь нізкі «Чырвоная радзіма» ён піша: Прытуліўся, прылёг пад садамі,
«Украінская стыхія — стэп, у нас наша стыхія — лес і балота», — разважае Максім Багдановіч ў успамінах Вацлава Ластоўскага. І запраўды, хіба што ніхто зь беларускіх паэтаў не пісаў пра Беларусь, як пра стэп, апрача... Цішкі Гартнага. У той жа нізцы, у разьдзеле «Случчына», мы знаходзім гэтаму тлумачэньні: Распасьцерлася раўнінаю,
Цяпер падсумуем факты: 1) аўтар «Стэпу» паходзіў з Случчыны, 2) ён добра, хоць, відаць, інтуіцыйна, валодаў вершам, 3) быў старэйшы за маладнякоўскае пакаленьне, 4) кандыдатаў на аўтарства налічваюцца адзінкі і, нарэшце, 5) толькі ў тэкстах Гартнага можна знайсьці амаль даслоўныя паралелі, дзе супадаюць і матывы, і мова, і вершаваньне. Хто, калі ня ён? Пакінем гэтае пытаньне адкрытым... А завяршыць сваю нататку мне хацелася б яшчэ адною цытатаю з успамінаў Міколы Хведаровіча, дзе апісваецца Случчына ў час аднаго з наведваньняў гарбара-паэта, ці не апошняга? У найскладанейшыя часы грамадзянскай вайны, сталінскіх рэпрэсіяў ён часта наведваў родныя мясьціны і, пэўна ж, натхняўся любымі краявідамі. Пэйзаж у успамінах Хведаровіча такі самы, што і ў вершы «Стэп», але апісаны ўжо іншым чалавекам і таму іншы: «Дарога вілася паміж густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоньнік. На шырокіх прагалах палёў шаўкавістым дываном перакатваліся, як хвалі, ураджайныя нівы. На поймішчы ракі Случ, якая вужакай выкручвалася паміж пералескаў, цьвілі ўсімі колерамі беларускага лета багатыя лугі». |
паэт, крытык літаратуры. Жыве ў мястэчку Азёры пад Горадняй, выкладае ў Гарадзенскім унівэрсытэце. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |