A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВЕЛ УСАЎ | ||||
Геапалітычная карыда Marples D. Europe’s Last Dictatorship: The Roots and Perspectives of Authoritarianism in «White Russia» // Europe-Asia Studies. Vol. 57. No. 6, September 2005. P. 895—908. Main S. The Bison And The Bear: Belarussian — Russian Relations 2003 — 2006 // Conflict Studies Research center. February 2006.
Беларусь усё больш пагружаецца ў палітычную самаізаляцыю і тым самым прыцягвае ўвагу заходніх палітолагаў. Яны спрабуюць адказаць, галоўным чынам, на пытанне: як стаў магчымым прыход Лукашэнкі да ўлады і хуткі пераход да аўтарытарнага стылю кіравання краінай? Другім аб’ектам зацікаўлення выступае геапалітычнае становішча Беларусі і яе хістанне паміж Усходам і Захадам. Першыя пытанні разглядаюцца ў артыкуле канадскага гісторыка Дэвіда Марплза. Праблематыка геапалітычнай сітуацыі і стасункаў з Расіяй падымаецца ў публікацыі доктара Стывена Мэйна: «Зубр і мядзведзь: Беларуска-расійскія адносіны 2003—2006 гг.». Д. Марплз пабудаваў свой артыкул у форме дыскусіі з пастулатамі іншага амерыканскага спецыяліста па СНД, Грыгора Ёфэ, які сцвярджае, што беларуская дыяспара малюе неаб’ектыўную карціну гаспадарчай і сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама перабольшвае праблему, звязаную з працэсамі русіфікацыі. Ёфэ ўпэўнены, што на сённяшні дзень дзякуючы палітыцы А. Лукашэнкі краіна дасягнула пэўных поспехаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства, а пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ніколі не хвалявала большасць беларусаў. Марплз лічыць такі погляд на сучасную сітуацыю ў Беларусі, асабліва ў нацыянальным пытанні, вельмі спрошчаным. Праблему нацыянальнай самаідэнтыфікацыі трэба разглядаць у плоскасці палітыкі, якую праводзіць кіроўная эліта краіны. Нацыянальная палітыка кіроўнага класа дэструктыўная, хаця і не сустракае супраціву большасці грамадства. Сутнасць нацыянальнай палітыкі Лукашэнкі палягае ў дзяржаўна-палітычным нацыяналізме, гэта значыць, правядзенні такой нацыянальнай палітыкі, якая спрыяе ўмацаванню і ўтрыманню яго асабістай палітычнай улады. Таму ўлада ўслаўляе найперш той гістарычны перыяд, калі Беларусь існавала ў складзе СССР. Адначасова затушоўваюцца тыя вобразы, міфы і сімвалы, якія тычацца дасавецкай гісторыі беларускіх земляў. Так, беларускае грамадства пазбаўляецца магчымасці нацыянальнага выбару. Д. Марплз аналізуе аб’ектыўныя прычыны таго, чаму значная частка беларускага грамадства абыякава ставіцца да сваёй мінуўшчыны і не змагаецца за сваю гістарычную спадчыну. На ягоную думку, сярод іх былі наступныя: 1. Адсутнасць нацыянальных міфаў, якія б падзяляла большая частка насельніцтва і якія б пацьвярджалі суцэльнасць беларускай гісторыі ад мінуўшчыны да сучаснасці. 2. Адсутнасць архетыповых, знакавых нацыянальных беларускіх гісторыкаў, такіх як М. Грушэўскі ва Украіне. Згодна з Марплзам, такія постаці, як У. Ігнатоўскі і З. Пазьняк, не мелі значнага ўплыву на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. 3. Дэнацыяналізацыя гісторыі Беларусі ў савецкі час і сучасны перыяд. 4. Неэфектыўнасць беларускай дыяспары, няздольнай аказваць значны ўплыў на развіццё нацыянальнай культуры. Для кансервацыі і саветызацыі нацыянальнай свядомасці беларусаў афіцыйная прапаганда вельмі эфектыўна выкарыстоўвае вобразы і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта гэтая гістарычная падзея стала асноўным аб’ектам палітычных спекуляцый рэжыму Лукашэнкі. Матыў вайны выціскае ўсе астатнія падзеі ў сучаснай гісторыі краіны, асабліва тыя, якія сведчаць аб вынішчэнні нацыянальнай эліты падчас сталінскіх рэпрэсій. Нацыянальная трагедыя Беларусі ў час сталінскіх рэпрэсій не ўпісваецца ў карціну палітычнай рэчаіснасці, якую стварыла афіцыйная прапаганда, бо між іншым нагадвае тое, што робіць рэжым Лукашэнкі з незалежнай інтэлектуальнай элітай. Пакуль беларусы не звольняцца ад міфаў савецкага мінулага, не згадаюць пра ахвяры савецкага часу, датуль умацаванне нацыянальнай сьвядомасці будзе немажлівае. Прыкладам маніпуляцыі нацыянальнай свядомасцю Марплз называе змену назваў двух сталічных праспектаў — імя Скарыны на Незалежнасці, а Машэрава на Пераможцаў. Блакаванне росту нацыянальнай свядомасці беларусаў і ўзмацненне лукашэнкаўскага рэжыму стала мажлівым перш за ўсё з прычыны сацыяльнай спецыфікі беларускага насельніцтва: — беларускае насельніцтва збольшага сельскага паходжаньня і не мае эмацыйнай прыхільнасці да ідэі нацыянальнай дзяржавы. — на тэрыторыі Беларусі здаўна не існавала культурных цэнтраў, здольных генераваць нацыянальную ідэю і фармаваць культурную і палітычную эліту краіны. — скіраванасць Лукашэнкі да Расіі абумоўлівае неабходнасць стварэння і развіцця такіх міфаў, якія б сьведчылі аб культурна-палітычнай еднасці абодвух народаў і дзяржаў. — у беларускім грамадстве адсутнічае дыялог паміж рознымі сацыяльнымі і палітычнымі групамі ў нацыянальным пытанні. Марплз, тым не менш, упэўнены, што афіцыйная палітыка ў сферы нацыянальнай культуры — гэта палітыка без будучыні. Сапраўды, яна адпавядае цяперашнім інтарэсам паноўнага рэжыму, але шкодная для нацыі ў цэлым.
Аналіз геапалітычнага палажэння Беларусі даецца ў артыкуле С. Мэйна. Ён прапануе адысці ад эмацыянальнага асэнсавання тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, а паглядзець на іх з пункту гледжання геапалітычных інтарэсаў. Ці ёсць магчымасць выкарыстаць Лукашэнку ў інтарэсах Захаду так, як яго выкарыстоўвае Расія, дарма што Захад лічыць яго злачынцам? Мэйн крытыкуе няправільнае стаўленне Захаду да рэжыму Лукашэнкі. Палітыка ізаляцыі краіны пазбаўляе яе альтэрнатывы ў пошуку шляху для далейшага развіцця і тым самым штурхае Беларусь у абдымкі Расіі. Калі Захад не зменіць сваёй палітыкі ў дачыненні да рэжыму, то Беларусь цалкам апынецца ў палітычнай арбіце Расіі. Расія была і застаецца імперыяй, а яе пашырэнне і ўзмацненне ёсць большым злом, чымся існаванне няхай і дыктатарскага, але незалежнага рэжыму Лукашэнкі:
Прыйдзе той час, калі Захад перастане дэманізаваць рэжым і пачне яго падтрымліваць. Тое, што ніхто на Захадзе не гатовы выслухоўваць альбо размаўляць з Беларуссю, адпавядае інтарэсам Расіі. Захад ізаляваў рэжым, а цяпер наракае, што той знаходзіцца ў абдымках Расіі.
На думку аўтара, пазіцыя Захаду павінна ўлічваць наступныя фактары: 1. Беларусь — еўрапейская краіна, і яе развіццё павінна быць звязана з Еўрапейскім Саюзам. 2. Нягледзячы на недэмакратычнасць рэжыму Лукашэнкі, у краіне назіраецца сацыяльна-гаспадарчая стабільнасць, што пазітыўна характарызуе ўладу ў краіне ў параўнанні з яе суседзямі. 3. Слабасць і няздольнасць апазіцыі змяніць уладу ў краіне. Спробы вонкавага ўмяшальніцтва. 4. Геапалітычная і геастратэгічная важнасць Беларусі для Расіі. Выхад краіны з геастратэгічнай сферы Расіі значна аслабіць апошнюю і пазбавіць яе непасрэднага выйсця да Еўропы, што можа змяніць стратэгічны баланс сілаў у гэтым рэгіёне свету не на карысць Расіі: «Без Беларусі Расія будзе вымушана траціць значна больш сродкаў і высілкаў дзеля абароны заходняй мяжы і падтрымкі стратэгічнай абароны на сушы і ў паветры». 5. Непастаянны характар расійска-беларускіх адносін, што можа выкарыстаць Захад.
У сферы беларуска-расійскіх адносін стварылася парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, гаспадарчая і палітычная залежнасць Беларусі ад Расіі відавочна, але з другога — Лукашэнка робіць усё мажлівае, каб абмежаваць уплывы Масквы на ўнутранае становішча. Лукашэнка жадае максімальна абмежаваць расійскі фактар у беларускай палітыцы, але не можа гэтага зрабіць, бо страціць палітычную падтрымку Масквы. Ён добра разумее, што можа рабіць што заўгодна і праводзіць незалежную ад інтарэсаў Расіі палітыку, бо Масква не адважыцца на змену рэжыму, бо гэта можа прывесці да страты палітычнага кантролю, няхай і няпоўнага, над Беларуссю. Мэйн упэўнены, што Беларусь і далей будзе паступова дыстанцыявацца ад Расіі, але толькі датуль, пакуль гэта не будзе пагражаць уладзе А. Лукашэнкі. Менавіта цяпер, калі вырашаецца лёс незалежнай дзяржавы, Беларусь апынулася адзін на адзін з Расіяй і не можа разлічваць на падтрымку Захаду ў выпадку нарастання палітычных супярэчнасцяў паміж Менскам і Масквой. Знакавым момантам у расійска-беларускіх адносінах стаў газавы крызіс 2004 года, калі Захад, у першую чаргу ЕС, пакінуў Беларусь без палітычнай падтрымкі. Такая пазіцыя сведчыць, што ЕС адмовіўся ад удзелу ў геапалітычнай барацьбе за Беларусь і аддаў яе ў сферу ўплыву Расіі. Адзіным гульцом, якога непакоіць геапалітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе, засталіся ЗША, аднак і яны, на думку аўтара, занялі не зусім правільную пазіцыю што да Беларусі. Дыстанцыяванне Беларусі ад Расіі выражаецца ў пошуках новых рынкаў збыту і крыніц энергіі. Гэта сьведчыць толькі аб тым, што А. Лукашэнка не давярае Маскве. Такая сітуацыя вельмі карысная для Захаду, каб абмежаваць уплыў Масквы на Беларусь. Аўтар упэўнены ў тым, што калі А. Лукашэнка атрымае падтрымку краін Заходняй Еўропы і ЗША, то ён адвернецца ад Расіі. З гэтага можна зрабіць наступны вывад. С. Мэйн ставіць пытанне геапалітычнай незалежнасці Беларусі на першае месца, а пытанне ўнутрыпалітычнай сітуацыі на другое. Адрыў Беларусі ад Расіі рана ці позна прывядзе да зьмены рэжыму ў краіне, але пакуль Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Масквы, ніякія палітычныя трансфармацыі немажлівыя. Тым не менш, разумеючы палітычны сэнс сувязяў Лукашэнкі з Масквой, аўтар не кажа аб тым, што адыход ад Расіі пагражае палітычнай смерцю рэжыму, нават калі Беларусь увойдзе ў сферу ўплыву Еўропы. Склалася парадаксальная сітуацыя. Нельга змяніць палітычны рэжым у Беларусі, пакуль яна цесна звязана з Расіяй, але, з другога боку, немагчыма вывесці Беларусь з-пад кантролю Масквы, пакуль краінай кіруе Лукашэнка. |
палітоляг. Яго апошні аналіз у «ARCHE» — «Расея, сацыял-дэмакратыя і «праект Казулін» (7/2006) |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |