A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


 

  ФОЛЬКСВАГЕН

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Фольксваген
Жнівень 1991 года: нараджэнне краіны

24 і 25 жніўня 1991 года паўстала сучасная беларуская дзяржава, краіна Беларусь. Не рэспубліка, не БССР, а краіна. Многія з гэтым будуць спрачацца. Адны ўзгадаюць абвяшчэнне суверэнітэту 27 ліпеня 1990 года, іншыя – Белавежскую пушчу. Але суверэнітэт быў хутчэй папяровы, а стварэнне СНД – толькі юрыдычнае афармленне таго, што адбылося дэ-факта ў жніўні.

Гэтае паўстанне было даволі кволым, не вельмі рамантычным, і таму не адбілася ў гістарычнай памяці так, як дзве іншыя вышэйзгаданыя падзеі. Нават дэкларацыю аб незалежнасці не прынялі. А так – з падачы Кебіча – пастанову «аб абвяшчэнні палітычнай і эканамічнай незалежнасці». Згодна з бюракратычным рангам, пастанова – гэта штосьці паміж прызначэннем персанальнай пенсіі якому-небудзь апаратнаму праціральніку штаноў з 40-гадовым стажам і выдзяленнем бясплатнага паліва на пасяўную. Аднак галоўнага гэта не адмаўляе. 24 і 25 жніўня ў Беларусі здарыўся цуд. Мабыць, 27-га ці 28-га гэта ўжо было б немагчыма.

Я добра памятаю гэтыя падзеі. Тады мне было 18 гадоў, студэнт 3 курса БДУ. Пабачыўшы ў блакітнай скрынцы «Лебядзінае возера» 19 жніўня, я сабраўся і паехаў у Маскву – дапамагаць Ельцыну абараняць Белы дом. Нават дзесьці ў тэчках са старымі архівамі валяецца адксераная падзяка ад яго…

Пра маскоўскі супраціў таксама варта было б напісаць – можа, некалі засяду за мемуары. У прынцыпе, людзі, якія прагнуць свабоды, паўсюль аднолькавыя, і тыя, што стаялі ля Белага дома, чымсьці нагадвалі мне потым тых, каго можна было пабачыць на вуліцах Бялграда, Кіева, Тбілісі. Хаця расейская рэвалюцыя – пэўна, заўжды трошкі «бессэнсоўная і бязлітасная». З аднаго боку, людзі пелі песні, жартавалі, імкнуліся дапамагчы адзін аднаму. З іншага – паўсюль валакліся нейкія адмарожаныя, якія патрабавалі тэрмінова расстраляць гэкачэпістаў і заяўлялі, што камуністаў вешаць не будуць, бо «вяроўкі на іх шкада». Не ведаю, на Майдане ў Кіеве не быў, цікава, ці была там хоць нейкая канцэнтрацыя гарадскіх вар’ятаў? А яшчэ смецце, смецце… Калі з’язджаў з Масквы, там скідвалі Фелікса Эдмундавіча. Шкада, не пабачыў. Наступны раз, калі будуць скідваць таго, што стаіць перад КДБ у Менску, абавязкова пастараюся не прапусціць.

Прыехаўшы ў Менск і атрымаўшы пендалёў ад бацькоў (я ім сказаў, што паехаў да бабці на Палессе хавацца ад прызыву ў «гарачыя кропкі»), здзівіўся амаль татальнай цішы і апатыі. Гэй, усе, тут імперыя ляснулася, вам што ўсім, па барабане??? Здавалася, што так. Менск быў ціхі, сонечны, чысты і не вельмі, скажам так, заклапочаны тым, што адбывалася. Рэвалюцыя адбылася выключна ў «Рэкордах» і «Гарызонтах». Думаючы пра гэта праз паўтара дзесяцігоддзі, я злавіў сябе на думцы, што, можа, так усё і мусіла быць. Бо калі б не падышоў просты памяркоўны савецкі беларус да таго, што робіцца ў Маскве, са сваім прыродным скептыцызмам, з думкай, што «паны б’юцца, а ў мужыкоў косці трышчаць», калі б дацяміў, што вось ён, твой савецкі раёк, развальваецца на тваіх вачах, што гэта ўсё вельмі і вельмі сур’ёзна – ух і не ведаю, адбыўся б гэты цуд, альбо 1994 год, у нейкай форме, адбыўся б на два з паловай гады раней…

Гэта, так сказаць, прэамбула. Цяпер амбула.

Праз усе гады лукашызму, за якія мы прызвычаілся лаяць апазіцыю, нават не верыцца, што адзін раз яна не проста выціснула амаль усё з сітуацыі, дасягнула немагчымага. Як я ўжо сказаў, у Менску – амаль агульная млявасць і амаль абсалютная абыякавасць да… усяго. Не, на вуліцах і на кухнях толькі пра путч і размаўляюць, вось пакуль і ўсё (ну і пару соцень чалавек, што 19–21-га тусаваліся на плошчы Леніна, сённяшняй Незалежнасці, на месцы, дзе зараз паркінг). Тут даходзіць звестка, што апазіцыя здолела дамагчыся сесіі Вярхоўнага Савету. Крытычным чыннікам было тое, што сесію прызначылі 1) адразу пасля путчу, калі па ТВ яшчэ на ўсю ішла карцінка з Масквы, якая прымушала нашых апаратчыкаў накладаць у штаны па некалькі разоў у дзень, 2) якраз у той момант, калі незалежнасць абвесціла Украіна і 3) якраз у той момант, калі Ельцын пагразіў тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі для рэспублік, што думаюць аддзяляцца. Праз тыдзень наменклатура магла б зарыентавацца, што не ўсё так страшна, паглядзела б, як «адаптаваліся» сярэднеазіяцкія баі-прэзідэнты, магло б усё пайсці павордле іхняга сцэнару. А тады пачуцце, што дэмакратычная зграя зараз абрынецца на Менск, як калісьці Тухачэўскі на Варшаву, у іх, відавочна, прысутнічала.

Вось жа, 24 жніўня – другая рэвалюцыя за тыдзень, цяпер дома. Іду зранку на плошчу Леніна. Людзі збіраюцца. Пакуль што – некалькі тысяч чалавек, шмат каго за тры гады мітынговай дэмакратыі ведаю ў твар. На нейкі момант прыходзіць адчуванне аблому: а што калі задушыць наменклатуру сілаў не хопіць?.. Першыя выступы на сесіі, Дземянцей дае слова «старой гвардыі» (сесія транслюецца праз мацюгальнікі на вуліцу). Тая палівае «агалцелых антыкамуністаў» і клянецца, што путч не падтрымлівала. Народу на плошчу прыбывае, але паціху. І тут…

Маладыя, можа, не памятаюць, а нам, савецкім дзеткам, чыталі словы Вовы Ульянава, якія ён нібыта сказаў следчаму ў турме ў адказ на пытанне: «Куды лезеш, не бачыш – сцяна!» Вова адказаў (згодна з легендай): «Сцяна – ды гнілая, ткнеш – ды разваліцца». Карацей, ткнулі. Не тое, каб вельмі моцна, але ткнулі. Апазіцыя пачынае ціснуць, уносіць у залу бел-чырвона-белы сцяг (паводле фотаздымкаў у газетах дакладна памятаю, што сцяг першы раз унёс Голубеў, а ніякі не Лукашэнка), гучаць заклікі да забароны КПБ… Але асноўным момантам, на мой погляд, было тое, як сагналі з трыбуны камуністычнага першага сакратара Малафеева. Таго самага, які адзіны з прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР падтрымаў путч. Зганялі голасна і рашуча. Памятую дакладна голас Ганчара: «Вон отсюда!», побач была Сямдзянава і яшчэ некалькі дэпутатаў ад БНФ (як потым высветліцца, таксама і Лукашэнка, але хіба каб абараніць Малафеева).

Ад такога нахабства ў наменклатуры, здаецца, адбылося выдзяленне крытычнай масы адыходаў чалавечай жыццядзейнасці ў штаны. Дзядзька Дземянцей аб’яўляе перапынак, потым заяўляе, што сыходзіць у адстаўку. Фактычна, гэты момант запраграмаваў дзве падзеі. Першая, тое, што будзе каму падпісаць белавежскую дамову (пры ўсіх Шушкевічавых астатніх выбрыках і галавацяпстве, гісторыя за гэта ўрэшце апраўдае яго). Другое – тое, што Кебіч пабачыў, што партнаменклатура бездапаможная, што калі яе цяпер здаць, то ён атрымлівае ўладу (ён яе назаўтра і здаў – ціха і цынічна: потым паўладкоўваў у дэпартаменты і аддзелы). Магчыма, у гэты самы момант апазіцыя і не даціснула. Магчыма, трэ было плошчы займаць будынак і дамагчыся роспуску Вярхоўнага Савету і наступных выбараў. Магчыма, у нас не было тады свайго Саакашвілі. Але гісторыя ўмоўнага ладу не церпіць.

На працягу некалькіх гадзінаў бездапаможнасць улады адчуваецца на кожным кроку. Тут вам Ціхіню (тады сакратара ЦК) аплявалі на вуліцы. Тут пачынаецца блакада ЦК пад нацыяналізацыю маёмасці, што мае адбыцца. Блакавалі, праўда, у колькасці, супастаўнай з нейкім пікетам неравнодушных людей а-ля 2005-ты. Калі была б у наменклатуры палітычная воля, рэвалюцыю можна было б і спыніць. А яе не было. Не было ў Кебіча – ён і так пры ўладзе. Не было ў Дземянцея – таму што ў яго не было ніколі. Не было ў Малафеева – таму што Масквы, адкуль трэба было атрымліваць загады, ужо не было. Далей – па ланцужку. Мянты, кадэбісты, вайскоўцы – каго ім слухаць, хто галоўны, хто камандуе? Уся сістэма ўлады стала закладніцай свайго сямідзесяцігадовага халуйства перад Масквой. Калі знікла задніца, якую трэба было лізаць, аказалася, што больш яны ні на што не здатныя. Тут іх трэба было і даціснуць. Як потым высветлілася – не даціснулі.

Шкада. Можа, тыя, хто былі на нашым баку, таксама не адчулі, што ўлады няма, што яе трэба браць? Усё магло пайсці па-іншаму… Не сумняюся, дарэчы, што дэпутат Лукашэнка тыя падзеі потым узгадваў не раз. Ягоная «эліта» добра навучылася ад адваротнага з папярэднікаў – гэта ўжо факт.

На наступны дзень абвясцілі незалежнасць і прыпынілі дзейнасць КПБ. У той дзень Ельцын у Маскве акурат разбуяніўся пра межы, і схіліць камуністаў-ветэранаў да прыняцця незалежнасці было ўжо нашмат прасцей – гэта ім давала хоць нейкую гарантыю, што Ельцына тут не будзе (яны і за Віскулі потым прагаласавалі пад забабоны, што, маўляў, Гарбачова скідаем). На вуліцы народу ўжо амаль зусім не засталося. На плошчы стаяла, калі прымаліся рашэнні, ужо хіба тысяча людзей.

На Менск апускаліся хмары, цямнела, масавых народных гулянняў з нагоды нараджэння краіны не адбылося. Ваўкі засталіся сытымі (бо атрымалі незалежнасць), авечкі цэлымі (бо захавалі ўладу). Праз тры гады «маладыя ваўкі» сажруць і тых і іншых, як авечак, а потым будуць такім жа чынам спажытыя адным, самым спрытным і пражэрным…

Але ў той час пра гэта зусім не думалася.

Ну і Бог з ім. Магчыма, на той момант краіна Беларусь магла паявіцца на свет толькі так: калі хочаце, праз чорны ўваход, без чырвоных дываноў і ганаровай варты. Магчыма, тады і не даціснулі, аднак давайце лепш падумаем і ўшануем тое, што здабылі, і тых, хто тады праткнуў тую сцяну. Перш за ўсё – вядома ж, Пазьняка і апазіцыю БНФ, чыёй зорнай гадзінай жнівень 1991 года так і застаўся.

А адзначыць нараджэнне краіны Беларусь напоўніцу яшчэ будзе нагода. Засталося толькі здабыць ёй свабоду.

Друкуецца з згоды аўтара паводле: tolblogs.org/belarus/by

  аўтар Інтэрнэт-блогу TOL Belarus.
Імаверна, за гэтым псэўданімам хаваецца адзін з маладых беларускіх палітолягаў.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/09/21