A R C H E | П а ч а т а к | № 1-2 (53) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Краіна мёртвых паэтаў Калосьсе. Літаратурна‑мастацкі альманах. 2006. № 1 (10). Рэдактар «Калосься» Алесь Аркуш у праграмным артыкуле «Легенды, міты і лёсы» справядліва зазначае, што, каб спасьцігнуць свой час, «трэба зазірнуць у самыя чульлівыя, ранімыя лёсы». Іх раскрываюць невядомыя раней мастацкія творы тых, каго ён уважае за магчымыя легенды беларускай літаратуры канца ХХ ст.: Алеся Асташонка, Васіля Гадулькі, Васіля Сахарчука, Івана Рубіна, Івана Фурсевіча, Андрэя Пяткевіча, Дзяніса Хвастоўскага. Гэты выпуск зьмяшчае таксама ўспаміны, лісты з прыватных архіваў, якія дазваляюць нам зразумець літаратараў — герояў нумару (у лік апошніх уваходзяць таксама Анатоль Сыс, Мікола Купрэеў, Сяргей Палуян), і навуковыя артыкулы, што акрэсьліваюць іх ролю і месца ў літаратурным працэсе. Кажу «зразумець», бо некаторыя з творцаў скончылі жыцьцё самагубствам. Гэта — А. Асташонак, В. Сахарчук, І. Рубін. Дадамо сюды і С. Палуяна. Лёс іншых літаратараў, пра якіх ідзе гаворка ў «Калосьсі», таксама не назавеш шчасьлівым: А. Пяткевіч меў хворае сэрца, Дз. Хвастоўскі трагічна загінуў, А. Сыс і М. Купрэеў праз п’янства наблізілі сваю сьмерць. Дадамо сюды Я. Козіка (1910—?), магіла якога немаведама дзе, бо апошнія зьвесткі пра паэта датаваныя 1930‑м годам. Выключэньнем стаў хіба Іван Фурсевіч (1927—2001), але нялітасьцівая эпоха кінула страшны цень і на ягонае жыцьцё: Фурсевіч быў вязьнем ГУЛАГу. Гэты выпуск «Калосься» падрыхтаваны літаратарамі — сябрамі і знаёмымі памерлых. Яго кампазыцыйная пабудова прадуманая: галасы жывых (успаміны, артыкулы) чаргуюцца з галасамі мёртвых (то бок празаічнымі і паэтычнымі творамі). Цікава, дарэчы, назіраць за тым, як нехта з жывых (Леанід Галубовіч) ператвараецца з аўтара ў пэрсанажа, таму што раптоўна «зьяўляецца» ў чужых успамінах поруч зь легендарным паэтам, пра якога ён піша сам. Ці чытаць, як мёртвы (А. Асташонак) апісвае мёртвага (А. Сыса): «… вагі ў гарошкаўцу было тады аж пад цэнтнэр, а сіла ў ім квітнела зусім не паэтычная, а грузчыцкая, проста жывёльная, прыродная, як і ягоны зорны дар». Ці даведвацца, як адзін зь літаратараў (В. Сахарчук) прысьвячае другому, таксама яшчэ жывому, паэту‑сябруку верш «На вакзале зь Міколам Купрэевым», што набывае іншае гучаньне, новае прачытаньне пасьля сьмерці і аўтара, і адрасата, якія «сустрэліся» ізноў, пад адной вокладкай. Зь якой інтанацыяй пішуць пра сваіх сяброў мэмуарысты? Якую форму абралі яны для сваіх успамінаў? Разгледзім найбольш прыкметныя тэксты. Вера Лойка, жонка Л. Галубовіча, для свайго аповеду пра А. Асташонка абірае самыя простыя, ненапышлівыя словы. Яна пачынае свой мэмуар як цалкам безуважны храніст:
Алесь Асташонак быў сябрам майго мужа, сябрам сям’і і хросным бацькам нашай дачкі. Не магу сказаць, што ў час яго жыцьця ў Менску я добра яго ведала. (...) Вядома, у мужчын былі свае адносіны, больш блізкія, больш шчырыя. Я ж у іх начных кухонных размовах не ўдзельнічала і, можна сказаць, Асташонка мала разумела.
В. Лойка прызнаецца, што яны з мужам дасюль адчуваюць боль ад заўчаснай сьмерці пісьменьніка, ад усьведамленьня таго, што А. Асташонак «зламаў і змарнаваў» сваё жыцьцё. Галоўны акцэнт у сваім мэмуары В. Лойка робіць на тым пэрыядзе, калі А. Асташонак з‑за «няўдалых бізнэс‑спробаў» сваёй другой жонкі вымушаны быў пакінуць радзіму і апошнія восем гадоў жыць, дакладней, існаваць, у Кіеве. У гэты час А. Асташонак напісаў шмат лістоў сям’і Галубовічаў, зь якіх відаць, што эміграцыя аказалася страшэнным выпрабаваньнем для яго. В. Лойка шчыра прызнаецца: ні яна, ні яе муж не наведалі пісьменьніка, нягледзячы на заклікі апошняга. Іншыя сябры таксама не прыехалі ніводнага разу. Аўтар «Фарбаў душы» для В. Лойкі застанецца прыкладам гасьціннасьці і ветлівасьці. На пытаньне, зададзенае ў загалоўку свайго мэмуару («Дзе можна перабыць ноч?»), яна адказвае проста: у А. Асташонка. У адрозьненьне ад сваёй жонкі, якая проста распавяла пра асабістае знаёмства і прыватнае ліставаньне з тым, хто, як вынікае зь яе словаў, мог стаць знакамітым пісьменьнікам, Л. Галубовіч абірае сродкі публіцыстыкі і пры гэтым шмат тэарэтызуе. Так, напачатку нарысу ён піша пра «мастацкую праўду», «вышэйшы Суд», «чаканьне нацыяй Паэта», напаўняе яго цытатамі зь лістоў і газэтных артыкулаў, спасылкамі на Ўэльбэка і Гая Сьвятонія Транквіла, на Бадлера і Рэмбо, Бэнуа і Ю. Алешу, а таксама беларускіх і расейскіх літаратуразнаўцаў. Галоўная мэта Л. Галубовіча — абараніць памерлага паэта, выкрыць ягоных ворагаў і нядобразычліўцаў (у прыватнасьці, у нарысе ёсьць дзьве «адмоўныя» згадкі пра У. Някляева). Нарыс Галубовіча мае багаты фактаграфічны падмурак. Зь яго, прыкладам, я ўпершыню даведаўся пра тое, што А. Сыс вельмі любіў дзяцей і нават прысьвячаў ім свае вершы. У той самы час публіцыст — у адпаведнасьці з праграмным артыкулам альманаху — прадпрымае спробы прыўзьняць А. Сыса над асяродзьдзем, стварыць вакол ягонага імя легенду. Гэта бачна з такіх патэтычна‑ружовых радкоў нарысу, як «прырода ад нараджэньня захапляла ўсю яго істоту, агортвала душу высокім і прыўкрасным» ці «прадчуваньне небясьпекі жыцьця ўжо высьпявала ў яго душы». У ход ідуць і савецкія штампы («перайшоў на бестэрміновую службу Паэзіі»). У выніку Л. Галубовіч наблізіўся да небясьпечнай рысы, па другі бок якой пачынаецца ідалагізацыя літаратуры. Уладзімер Сьцяпан свае ўспаміны пра А. Сыса «апрануў» ў форму дакумэнтальнай прозы. Атрымаліся жывыя, каляровыя апавяданьні‑малюнкі: «Шторы, як заслона ў тэатры, разышліся, і ў прагаліне намаляваўся Анатоль Сыс. Над ім сьняжынкамі круціўся пух». (Гэтая цытата, дарэчы, пацьвярджае словы Л. Галубовіча пра схільнасьць паэта да тэатральных эфэктаў.) Няма сумневу, што ўсё з апісанага аўтарам у «Сустрэчах» — шчырая праўда. І сцэна п’янкі ў рэдакцыі «Маладосьці», і згадка пра сіні сшытак, у які А. Сыс выпісваў вершы айчынных і замежных клясыкаў, каб потым выдаваць іх за свае, і шкадаваньне Ул. Сьцяпана наконт сваіх занадта крытычных водгукаў пра дэбютныя творы паэта і наконт таго, што так і не знайшоў часу, каб прыехаць у госьці да А. Сыса на запрашэньне паэта і ягонай маці. Тэкст Віктара Корбута «Бліжэй да цела» нельга назваць успамінамі, бо аўтар, падобна многім удзельнікам літаратурных вечарынаў, толькі назіраў здалёк за паэтам і ня меў зь ім асабістага знаёмства. В. Корбут наўпрост кажа пра сваю неабазнанасьць: ён прызнае, што ня можа прафэсійна ацаніць літаратурную спадчыну паэта. Тым ня менш, гэта не замінае яму неаднаразова ўжываць словы «легенда» і «клясык» у адносінах да А. Сыса. Як тлумачыць Корбут, клясыкам ёсьць той, «хто лічыцца аўтарытэтам і каго немагчыма абмінуць ні пры якім раскладзе літар на клявіятуры». Гэта не адзіная банальнасьць, якая сустракаецца ў «Бліжэй да цела». Пустаслоўе яшчэ можна дараваць, але ня пошласьць і жорсткасьць («чытаю я ў прыбіральні або ў ваньне» і «я думаў, ён працягне болей»). Тэкст журналіста В. Корбута «ўраўнаважаны» артыкулам Натальлі Лысовай, дэкана гістарычна‑філялягічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У ім не сустрэнеш выразаў «я ня ў курсе» ці «кажу мабыць, бо ня знаю, як там было папраўдзе». Строгі філялягічны аналіз, памножаны на вернасьць прынцыпам навуковай этыкі... Палярнасьць аўтараў — і ў іх камэнтары адносна вокладкі зборніка «Сыс: вершы». В. Корбут і ягоныя калегі ўбачылі на ёй хворага хлопчыка, які глядзіць праз аконца, а Н. Лысова — двайны партрэт, распаўсюджаны сярод мастакоў эпохі Адраджэньня. Успаміны Валянціны Аксак і Міколы Папекі пра М. Купрэева, Франца Сіўка пра В. Сахарчука і Казімера Камейшы пра І. Рубіна вылучаюцца нязмушанасьцю аповеду, шчырасьцю, мноствам інтымных падрабязнасьцяў. Падобна Ул. Сьцяпану, яны не рэтушуюць падзеяў, не глядзяць на сустрэчы зь пісьменьнікам праз гады, а перажываюць іх наноў, пераносячыся ў тыя дні. У выніку М. Купрэеў, В. Сахарчук і І. Рубін паўстаюць перад намі жывымі людзьмі, а ня ідаламі, недасяжнымі жыхарамі беларускага Парнаса, права пісаць пра якіх належыць купцы абраных. «Іванаў голас быў чуцен і празь сьцены, — узгадвае, прыкладам, К. Камейша. — Такім жа, часам падобным да крыку быў і ягоны сьмех. Не крыўдаваў я на яго і за мянушку — апошнім часам ён па‑сяброўску называў мяне Казангабам». Юрась Пацюпа («Ён яшчэ вернецца…») і Віктар Жыбуль («Беларускі Макена») больш увагі надаюць літаратуразнаўчаму аналізу. Прыкладам, Ю. Пацюпа дае трактоўку «вампірызму» — эстэтычнаму кірунку, абранаму А. Пяткевічам, і спрабуе расставіць кропкі над «і» ў тэме стасункаў паэта з камуністымі і Богам, а В. Жыбуль разважае пра «архаічныя матывы», «шатляндзкую» тэму ў вершах Дз. Хвастоўскага. Абодва аўтары абралі для сваіх успамінаў жанр эсэ.
Да нябёсаў позірк уздыму. А. Пяткевіч
Ён рашуча выступаў супраць любога зла, хамства і глуму... Але моцныя цянёты застойнасьці ў грамадзтве парваць адным толькі шчырым намаганьнем было немагчыма. І тады апускаліся рукі. Не ратавала і чарка. І душа не вытрымала, надламалася.
«Глуха была старонка на голас шчырай душы, на зазыў гарачы», — гэта ўжо з нэкралёгу, напісанага В. Ластоўскім на сьмерць С. Палуяна. Змаганьне зь лёсам страшнейшае за супрацьстаяньне грамадзтву, палітыкам, эпосе. У апошнім выпадку Паэт можа абраць эміграцыю, падобна Адаму Міцкевічу ці Славаміру Адамовічу. Але калі ясна ўсьведамляеш, што ня ты гаспадар уласнага жыцьця, якое выйсьце застаецца? У сваім мэмуары Ф. Сіўко піша, што блізкія В. Сахарчука пасьля таго, як паэт скончыў жыцьцё самагубствам, адчулі ня толькі боль і смутак, але і разгубленасьць, пакрыўджанасьць, неўразуменьне таксама. Гэта сьведчыць не пра адчужанасьць, непаразуменьне ў сям’і паэта, а пра тое, што чалавек заўсёды сам‑насам з сабою і са сваім жыцьцём, ён заўсёды, пры любых абставінах, застаецца адзінотным. А сапраўдны Паэт адчувае сваю самоту настолькі абвострана, што гэта можа прывесьці яго да катастрофы, падштурхнуць да адзінага, як здаецца, магчымага выбару. Паэт — гэта сьмяротна хворы чалавек зь незвычайнымі здольнасьцямі. «Немагчыма зайздросьціць сьмяротна хвораму, нават калі ён геній», — пад гэтымі словамі Ул. Сьцяпана, перакананы, падпішуцца ўсе мэмуарысты «Калосься». Да разуменьня гэтага яны і падводзяць найперш чытача. «Такія пакуты і выпрабаваньні ня кожны здольны вынесьці годна і да канца, — пісаў Л. Галубовіч пра А. Сыса. — Ён, наколькі змог, вынес». Жыцьцё Паэта — жахлівае. Але і сьмерць таксама. А. Сыс пасьля сьмерці сваіх сяброў А. Асташонка і М. Купрэева «амаль па‑воўчы, згубна‑адзінока» крычыць у твар Л. Галубовічу: «Лявон, што ж гэта значыць — я наступны?!» М. Купрэеў у труне. Поруч стаяць крэўныя пісьменьніка, і ніхто, ніхто зь іх так і ня схіліцца, каб пацалаваць яго ў лоб пры апошнім разьвітаньні. Шуфляда ў рэдакцыі «Маладосьці», у якой дзясяты (!) год ляжыць запылены рукапіс В. Гадулькі «Кропелькі сонца»... Літаратурны працэс нагадвае мне прылівы і адлівы акіяну. Апошні адліў, на пачатку новага стагодзьдзя, забраў з сабой жыцьці Дз. Хвастоўскага, І. Фурсевіча, В. Сахарчука, М. Купрэева, А. Асташонка, А. Сыса. Іх багатая літаратурная спадчына неўпарадкаваная, нявыдадзеная, але беражліва перахоўваецца сябрамі. Іх творчасьць незнаёмая большасьці сучасьнікаў, але гэта ня так важна, бо для сапраўднай паэзіі, і тут я цалкам згодны з «Калосьсем», патрэбны час для вытрымкі. Яны яшчэ вернуцца — маладыя, радасныя, таленавітыя. Галоўнае для нас зараз — не прапусьціць час чарговага прыліву.
Калі Бог пашле паэта ў хату —
|
крытык літаратуры. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (53) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |