A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (53) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


1-22007
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Валянцін Акудовіч
Яны проста гуляюць
(Наконт моладзевага супраціву)

На адной камернай сустрэчы, куды запрасілі трохі палітыкаў, палітолагаў ды інтэлектуалаў, мяне папрасілі выступіць з невялікім спавешчаннем на тэму моладзевага супраціву і перспектываў ягонага развою як рэальнай палітычнай сілы. Па выніках той сустрэчы я і напісаў гэтае невялічкае эсэ, якое дазволіў сабе пачаць з, так бы мовіць, «пустога філасафавання». А менавіта з немудрагелістай канстатацыі таго, што кожны малады чалавек — гэта агент будучыні. А палітыка (не блытаць з ідэалогіяй) — рэч абсалютна рэальная і, калі заўгодна, штодзённая, як шкарпэткі ці бульба, нават з улікам таго, што яна заўсёды мае нейкія стратэгічныя мэты. І калі палітыка спрабуе скарыстаць маладога чалавека дзеля ўладкавання наяўнай рэальнасці, дык пазбаўляе яго ўласнай функцыі — спеліць будучыню. Таму (у анталагічным плане) мяне заўсёды трывожыць усялякі выбух палітычнай актыўнасці моладзі. Бо я здагадваюся, што з гэтага «выбуху» не толькі кожны палітызаваны маладзён потым чагось не дабярэ ў сваёй будучыні, але разам з ім нешта страціць і сама будучыня.

Аднак чаму маладыя людзі, насуперак свайму футурыстычнаму заданню, раз-пораз усё-такі «ідуць у палітыку» і нават калі-нікалі робяцца там заўважнай з’явай? Пакуль я ні ад кога не чуў не толькі адказу, але і самога гэтага пытання. Чамусьці нікому нават і да галавы не прыйшло паспрабаваць хоць трохі абазнацца ў падставах моладзевага супраціву. Мы ўсяго толькі парупіліся механістычна надаць яму статус аднаго з палітычных суб’ектаў, упісаўшы ў агульны палітычны кантэкст, каб потым ацэньваць паводле крытэраў, стандартных для ўсіх астатніх палітычных актораў.

А як можа быць інакш, нібыта слушна заўважыць нехта, калі ўжо колькі год існуюць моладзевыя структуры, якія і публічнымі дэкларацыямі, і рэальнымі справамі цалкам пазіцыянуюць сябе ў якасці менавіта палітычных суб’ектаў, да таго ж часам і найбольш ярка выглядаюць наўсцяж усяго палітычнага дыскурса краіны.

Заўвага, безумоўна, слушная, але адно пакуль звяртаць увагу на фармальныя праявы палітычнага супраціву моладзі. Бо калі не зленавацца нахіліцца і зазірнуць у ягоныя падваліны, дык там не складана заўважыць, што трымаецца ён не палітыкай, а гульнёй. Інакш кажучы, палітыка для маладога чалавека — усяго толькі адна з формаў гульні, па сутнасці нічым не адрозная ад футбола, бокса, таэквандо, фрыстайла ці чаго заўгодна іншага. Адныя гуляюць у «Схватку», ашалела гойсаючы па Мінску, другія скачуць з даху на дах, рызыкуючы зламаць сабе шыю, трэція, старожка азіраючыся, вывешваюць бел-чырвона-белы сцяг над якім будынкам і хуценька ўцякаюць, каб не патрапіць у пастарунак... Хоць ў кожным разе складана зразумець, чаму адзін з маладзёнаў выбірае баруканне на спартовым дыване, а другі — на асфальце з «амонаўцам»?

Тут нехта мне зноў заўважыць, маўляў, нічога сабе гульня, калі потым за ўдзел у ёй, можа, давядзецца змарнаваць ладную частку свайго маладога жыцця за кратамі?

Каб давесьці, што адно зусім не пярэчыць другому, я дазволю сабе згадаць уласны досвед з маладосці. Прыкладна ў тыя свае гады, ў якія сённяшнія лідэры «Маладога фронту» запар адзін за адным адбываюць ладныя тэрміны турэмнага зняволення (зрэшты, не толькі «лідэры», і не толькі «фронту»), я ўжо быў кандыдатам у майстры спорту па турызме. Апошняе азначала, што мне афіцыйна было дазволена выпраўляцца ў найскладаныя вандроўкі па гарах. Чым я, натуральна, і карыстаўся, зусім не зважаючы на тое, што аднойчы магу адтуль увогуле не вярнуцца (як не вярнулася колькі мне добра знаёмых хлопцаў і дзяўчат). Заўважу, гэтая магчымасць невяртання не трымалася хоць якой высокай універсальнай ідэяй, кшталту незалежнасці, свабоды ці дэмакратыі, а толькі звабай самой гульні. Але нягледзячы на гэта, я гуляў у небяспечную гульню сваёй маладосці амаль да сталага веку.

Дарэчы, палітыка, якая пачынаецца з гульні, для некаторых сённяшніх маладых беларусаў, напэўна, таксама станецца справай на ўсё жыццё. Толькі не трэба на падставе адзінкавых выпадкаў рабіць залішніх абагульненняў. У падлеткавым узросце амаль усе пішуць вершы, аднак толькі адзінкі з іх абяруць літаратуру сваёй прафесіяй, а сапраўдным паэтам, можа, і ўвогуле ніхто не станецца.

Карацей кажучы, папярэднімі развагамі я ўсяго толькі хацеў сказаць, што моладзевы палітычны супраціў зусім не адэкватны, так бы мовіць, «даросламу». І паколькі сутва моладзевага супраціву карэніцца не ў палітыцы, а ў гульні (хай сабе і такой сур’ёзнай, як гульня ў свабоду), я не спяшаўся б залічваць моладзь да паўнавартасных палітычных актораў.

А далей трохі пра сакавіцкія падзеі ў праекцыі на наяўную палітычную рэальнасць...

Сакавіцкая Плошча ўжо стала замацавалася адным з самых яркіх і прыгожых міфаў нашай сучаснай палітычнай гісторыі. А калектыўным аўтарам гэтага міфа была перадусім палітычна актыўная моладзь. З апошніх маіх словаў выглядае, нібыта тут я пярэчу сам сабе... Ні ў якім разе. Так, моладзь разам з уладай (якая чамусьці дазволіла Плошчы быць, ды яшчэ столькі дзён) і заўсёды прагнымі да нефарматных падзеяў незалежнымі СМІ стварылі надзвычай прыгожы міф. Але ці мае ён хоць нейкае дачыненне да рэальнай палітыкі? Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце гіпатэтычна ўявім сабе, што сакавіцкай Плошчы з яе намётавым лагерам увогуле не было б... І што, хіба нешта перамянілася б з гэтага (на лепшае ці на горшае — тут не істотна) не толькі ў агульнанацыянальным, але хоць бы ў апазіцыйным палітычным полі? Мне здаецца, у канцэптуальным плане — нічога. Казулін усё роўна сядзеў бы ў турме, Лябедзька гэтаксама ладзіў бы чарговы кангрэс, а Мілінкевіч як ездзіў, гэтак і ездзіў бы з Парыжа ў «Смалявічы», а з «Смалявічаў» у Брусэль, і ўсе яны (разам са сваімі нешматлікімі хаўруснікамі) аднолькава не ўплывалі б на рэальнае жыццё краіны. А калі Плошча нічога не дадала да зместу рэальнай палітыкі, дык я проста-такі мушу зрабіць выснову, што яна была не палітычнай, а паэтычнай падзеяй, гульнёй у рэвалюцыю, а не спробай рэвалюцыі. Апошнім (гульнёвай сутвай Плошчы) для мяне перадусім і тлумачыцца той факт, што ўжо ўласна палітыкі не знайшліся, як яе рэальна скарыстаць у сваіх мэтах. Што цалкам зразумела, бо пастаўленая маладымі людзьмі на вялізнай сцэне Плошчы «гераічная драма» ў палітычнай барацьбе прыдатная толькі для цытавання перад экзальтаваным натоўпам (натуральна, палітыкі яе яшчэ доўга будуць цытаваць)...

Дарэчы, дапяўшы ў сваіх развагах пра моладзевы супраціў да сакавіцкай Плошчы, раптам падумалася, чаго гэта я займаюся голым тэарэтызаваннем, калі ў мяне самога поўная хата гэтага «моладзевага супраціву». Мой сын яшчэ ў школе стаўся сябрам «Маладога фронту», непаўналетнім быў асуджаны за ўдзел у нейкай абсалютна дурнотнай акцыі дарослых палітыкаў, пазней стаў займацца пераважна культурніцкай дзейнасцю, аднак з Плошчы некалькі дзён вяртаўся толькі ранкам... Дачка, хоць асаблівай палітычнай актыўнасцю не вызначалася, але раней і свой беларускі ліцэй у пікетах абараняла, і на Плошчы дзень пры дні з сяброўкамі таўклася... Таму я і вырашыў папытацца ў іх, што яны думаюць пра Плошчу і сучасны моладзевы супраціў увогуле? Сын (дарэчы, схільны да сістэмнай аналітыкі) на маё пытанне, ці адбыўся пасля Плошчы нейкі пазітыўны зрух у моладзевым супраціве, адказаў жорстка і адназначна: «Моладзевы супраціў, — сказаў ён, — разам з усёй палітычнай апазіцыяй ляжыць покатам на самым дне сваіх магчымасцяў. А Плошча — гэта сітуацыйны эпізод, хоць пераважна падрыхтаваны і здзейснены тымі, хто быў выхаваны «Маладым фронтам»... Флэш-мобы для яго застаюцца незразумелай з’явай, бо: а) ніхто не ведае іх ініцыятараў; б) з чаго яны знянацку з’явіліся; в) куды раптам пазнікалі дазвання. Адзінае, што засталося ад сакавіцкіх падзеяў, гэта шматлікія бел-чырвона-белыя значкі на вопратках і заплечніках маладых людзей. «Апошняе азначае, — напрыканцы заўважыў сын, — што ёсць даволі хлопцаў і дзяўчат, гатовых да пратэсту, але іх няма каму арганізаваць на нейкую канкрэтную справу».

Дачка яшчэ вучыцца, і ў яе навучальнай ўстанове амаль нікога не цікавіць ніякі супраціў. Дарэчы, паводле яе слоў, нічога добрага, акрамя пакепвання, яна не чула ад сваіх калегаў адносна тых, хто стаяў на Плошчы...

Праўда, і сын, і дачка аднолькава казалі, што ў сваёй бальшыні моладзь крытычна ставіцца да ўлады, зрэшты, як і да апазіцыі. А напрыканцы гаворкі сын мяне добра-такі здзівіў, заўважыўшы, што нават тыя, хто крытычна ацэньвае дзейнасць прэзідэнта, не пазбаўленыя павагі да яго (раней падобнае цяжка было ўявіць).

Зразумела, меркаванні маіх дзяцей, хай ужо і зусім дарослых, — гэта не сацыялогія, а ўсяго толькі прыватны выпадак. Але і гэты прыватны выпадак я хацеў бы скарыстаць у падмацаванне засцярогі ад залішніх спадзяванняў тых публіцыстаў і аналітыкаў, якія, абапіраючыся на растыражаваная незалежнымі медыямі паведамленні пра арышты, флэш-мобы, пікеты, петыцыі і г. д. і да т. п., робяць высновы аб моладзевым супраціве як аб рэальнай палітычнай сіле. І сёй-той ім лёгка дае веры, маўляў, калі моладзь зыніцыявала рэвалюцыі ў Югаславіі, ва Украіне і шмат дзе яшчэ, дык чаму яна не можа зрабіць нешта падобнае ў нас?

Ну, па-першае, гэта яшчэ, як кажуць, «пытанне», наколькі сапраўды вызначальнай была роля моладзі ў тых рэвалюцыях. А па-другое... Кожны прыклад з іншай сітуацыі сведчыць, што ўвогуле гэта магчыма, аднак ён зусім не сцвярджае, што гэта магчыма ў нашай сітуацыі.

Зрэшты, зусім не аналіз стану моладзевага супраціву істотны для гэтага майго невялічкага эсэ, а менавіта тое, з чаго яно пачыналася. Таму я хацеў бы напрыканцы паўтарыць сваю пачатковую канстатацыю. Малады чалавек як паводле сваёй прыроды (акумулятар сексуальнага), гэтак і паводле свайго прызначэння (агент будучыні) a priori не-палітычны чалавек. І сутнасна ў ім нічога не мяняецца з таго, што ён, патрапіўшы ў палітычны дыскурс, нейкі час актыўна гуляе ў палітыку... Будзем памятаць: ён проста гуляе.

Ну і апошняе, вельмі неабходнае перадусім мне самому, каб паразумецца з палітызаваным чытачом, для якога дамінантнае ў гэтым эсэ слова гульня, відаць, зніжае вартасць моладзевага супраціву, даўно сінанімічнага такім пафасным слоганам, як «жыве Беларусь», «незалежнасць Бацькаўшчыны», «змаганне за Свабоду» і г. д.

Найперш заўважу, што гульня (не блытаць з забавай) — рэч куды больш сур’ёзная і важная, чым хоць якое змаганне. Бо толькі праз гульню (у самых розных яе праявах) магчымае тварэнне культуры, а значыць і тварэнне чалавека як чалавека. Да таго ж у сваіх немудрагелістых развагах я зусім не меў намеру пазбавіць моладзевы супраціў ні гераічнага, ні патрыятычнага складніка, а толькі — палітычнага. Дарэчы, з гэтага вынікае, што, залічваючы пратэставыя акцыі моладзі на рахунак палітычнай апазіцыі, мы засланяем ад свайго бачання яе сапраўдны маштаб, рэальная велічыня якога мусіла б вылічвацца паводле формулы: агульны палітычны капітал мінус моладзевы супраціў.

  (нар. 1950 у Сьвіслачы на Гарадзеншчыне) — эсэіст і публіцыст. Летась у выдавецтве «Логвінаў» выйшла ягоная кніжка «Дыялёгі з Богам: суплёт інтэлігібэльных рэфлексіяў».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (53) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/04/15