WELCOME TO MY FOOLISH DREAMLAND
Тарас мае рацыю, калі піша:
Зранку нас не павінны зрываць з ложка будзільнікі.
Раніца й без таго — пара мітусьні,
суцэльная туга, найгоршае, што можа здарыцца.
Неабходнасьць неяк пражыць рэшту дня
прывязвае да ложка. Выйграй яшчэ паўгадзіны.
Абдумай убачанае.
Абдумваньне сноў —
спроба навесьці лад у начных прыгодах,
надаць сюжэту зграбнасьці, відзежам яснасьці.
Што адбылося напраўду? Якога хрэна
п’яны Томас пакінуў пад сядзеньнем сухія
экскрэмэнты? Сэксапільная мнішка
чагось дабівалася, паказваючы пальцам
на мяне? Яшчэ памятаю гадзіньнік.
Да ад’езду засталося мора часу,
але не было змогі пакінуць трэйлер
з купай знаёмых. Што замінала?
Значна горш, калі ты зь вязанкай кветак
ідзеш да кагосьці, каго напраўду ўжо месяц
як забілі, на юбілейную вечарыну.
Чаму юбілейную? Яшчэ дзьве хвіліны —
і я дазнаюся, даганю мнішку,
Томаса змушу
за сабою папрыбіраць…
Абдумваньне сноў найчасьцей
не дае нічога, апроч паралельных высноваў:
жыцьцё мінае, праблема раніцы
ў тым, што яго ўсё меней і меней.
Толькі ў снох, дзе ўсё па‑дурному,
яно выглядае сапраўдным.
То бок вечным. Выйграй яшчэ паўгадзіны.
THE VERY BEST OF TABLOIDS
ПАЖАРНІКІ, ЯК ЗАЎЖДЫ, НЕ ПАСЬПЕЛІ!
БЭНЗІН ЯШЧЭ ПАДАРАЖЭЕ, ЗАТОЕ ГРЫЎНА ЎПАДЗЕ!
17‑ГАДОВАЯ ЎНУЧКА ЗАКАЛОЛА НАЖОМ ВЭТЭРАНА
ВАЙНЫ І ПРАЦЫ!
САМАГОННАЯ ТРАГЕДЫЯ НЕ НАВУЧЫЛА НІЧОМУ!
ПРЫШЭЛЬЦЫ ЗАБРАЛІ Ў КОСМАС НЯ ТОЛЬКІ СЯМ’Ю
БАРАНЮКОЎ!
МАРШРУТ ПЕРАМЯШЧЭНЬНЯ СЭРЫЙНАГА ЗАБОЙЦЫ
ВЫСЬВЕТЛЕНЫ!
ПРЭЗЫДЭНТ ПАДПІСАЎ ДЭКРЭТ ПРА ЛЮБОЎ ДА РАСЕІ!
НА СЬМЕТНІЦЫ ЗНОЙДЗЕНА ТЫСЯЧНАЕ ПАДКІНУТАЕ
НЕМАЎЛЯ!
АЛА БАРЫСАЎНА ЗНОЎ НАВЕДАЕ ЛЬВОЎ!
АСТРОЛЯГ НЯ РАІЦЬ РЫБАМ ЗЬМЯНЯЦЬ СЭКСУАЛЬНЫХ
ПАРТНЭРАЎ!
ПРАДАЕЦЦА ХАТА З ЖОНКАЮ І БАСЭЙНАМ!
РАБЛЮ ЗУБНЫЯ ПРАТЭЗЫ! СТРАЛЯЮ БЯЗ ПРОМАХУ!
ПІШУ МЭМУАРЫ, ВЕРШЫ, ПРОЗУ!
УВАСКРАШАЮ МЁРТВЫХ — ЛЯЧУ АД ІМПАТЭНЦЫІ!
СКУПАЕМ ВАЛАСЫ І ПАЗНОГЦІ!
РОБІМ ЭЎРАПЕЙЦАМІ!
ЯК УЖО ПІСАЛА НАША ГАЗЭТА,
я маю досыць. Не хачу нічога знаць!
ПАДАТКАВІКІ, ЯК ЗАЎСЁДЫ, ЗАСЬПЕЛІ ЗЬНЯНАЦКУ?
ЗАТОЕ ПАЖАРНІКІ, ЯК ЗАЎЖДЫ, СПАЗЬНІЛІСЯ!
І хоць САПЭРЫ НЕ ПАМЫЛЯЮЦЦА,
і хоць ТАЛІБЫ НЕ ЎЗЯЛІ КАБУЛ,
і хоць ДЫНАМАЎЦЫ НЕ ЗАБІЛІ СТАРОЙ СЫНЬЁРЫ,
я маю досыць, ЯК ПАВЕДАМЛЯЮЦЬ ВАШЫ КАРЭСПАНДЭНТЫ.
BACK IN USSR
Не было мяне так доўга…
Марцін Сьвятліцкі
Не было мяне так доўга,
што зусім нічога й не зьмянілася.
Той самы смурод на сходах,
той самы кавээн па ўсіх каналах, апроч першага,
але на першым нават кавээн быў бы за шчасьце,
хоць якія ўжо там зноўку жарты
з нагоды сала?
Лістоў як такіх няма,
але нейкі д’ябал рэгулярна
падкідае пад дзьверы то квітанцыі за нясплату,
то «Кур’єр Кривбасу», то іншую поскудзь,
як, напрыклад, запрашэньне
на прэзэнтацыю
сыцылійскіх бронекамізэлек
альбо на выставу дзіцячых малюнкаў
«Наш дом — Украіна».
Я ведаю, што наш дом — Украіна.
Я адварочваюся да сьцяны
і заплюшчваю вочы
з жаданьнем праспаць гадоў пяцьдзясят,
пасьля чаго не прачнуцца.
GLORY TO THE CAMELS
З нас выйшла настолькі цудоўная пара,
што мы пасавалі нават для рэклямнага кліпу.
Прыблізна такога:
За стойкаю бару сядзіць Ён.
За колькі крэслаў далей — Яна.
Вось Яна пачынае корпацца ў сумачцы.
Ён падае ёй у працягнутай руцэ
адкрыты пачак цыгарэт.
У той жа момант Яна пасьпявае знайсьці ў сумачцы
свой.
Ён сьмяецца.
Яна ўсьміхаецца.
Наступны плян:
два пачкі кэмэлаў на стойцы бару
адзін каля аднаго,
адзін каля аднаго.
Попельніца, недапалкі, дым.
Потым ізноў:
Ён і Яна разам выходзяць з бару.
Зразумела, у будучыню.
Надпіс:
ЦЫГАРЭТЫ «КЭМЭЛ» —
САМА ПА САБЕ ПРЫЎКРАСНАЯ НАГОДА ДЛЯ ЗНАЁМСТВА!
Заставалася колькі драбніцаў:
падабраць музычны фон,
дамовіцца пра інтэр’ер і масоўку,
вырашыць, што там з будучыняй.
Спачатку было колькі
някепскіх лістоў.
Потым хтосьці з дваіх упершыню затрымаўся з адказам.
Потым гэта зрабілася нормаю, потым абавязкам
сталі адпіскі.
Жыцьцё вярнула на месца ўсё, што захацела.
Цяпер застаецца думаць:
ці было ўвогуле нешта, акрамя дыму?
Але на халеру ты, монстар,
ціснуў свае жоўтыя недапалкі ў попельніцу,
так роспачна, быццам паганяты вярблюдаў,
памылкова дапушчаны ў прыстойнае таварыства?..
WITHOUT YOU‑2
Тыя самыя пахі, тыя самыя
араматычныя сьвечкі і ўсе такія фішкі:
званочкі, буды, нью‑эйджавыя запісы,
Блавацкая…
Ва ўсім іншым пасьля нас быў поўны парадак,
хіба што гаспадыня кватэры
мусіла заўважыць колькі плямаў на прасьціне.
На жаль, мы ня ўмеем рабіць гэтага чысьцей.
Чысьцей маглі б анёлы,
але яны не кахаюцца.
Чысьцей не бывае.
Хтосьці хацеў, каб пасьля паўзы
у сямнаццаць месяцаў я зноў там апынуўся:
тыя самыя пахі, тыя самыя
араматычныя сьвечкі і ўся такая індыя:
мандала, кастанэда, касьцяныя палачкі, нью‑эйджавыя
званочкі…
І такая доўгая ноч, і такая самота пад стольлю,
і такая абсалютная незаплямленасьць,
што зьявіліся някепскія шанцы,
каб трапіць у неба.
Але там не кахаюцца.
IN MEMORY OF DEEP PURPLE
…на што яна цалкам слушна адпісала,
што ўвогуле я маю рацыю, што каханьня й сапраўды
у гэтым сьвеце ня так шмат, як хацелася б,
але што я ў такім разе разумею
пад гэтым каханьнем?
Гэта было пытаньне ў лоб.
Я не знайшоўся з такім жа адказам.
Каб знайсьці менавіта тыя словы,
я мусіў бы зноў стаяць на той каменнай тэрасе
(нейкі палацык, віла ці нешта такое),
удыхаць сьпёку, канюшыну, распаленую чалавечую
кампанію, надакучлівых спадарыняў
і спадароў, трымаць спацелы келіх,
ня ведаць, куды стрэсьці попел
(далібог, не на пліты ж белага мармуру!),
ня чуць пытаньняў
і не патрапляць з адказамі,
думаць пра падпахі,
мружыцца ад заходу сонца,
а потым нарэшце
ўбачыць той вузкі абрыс майточак
пад празрыстай сукенкай амаль да пят.
JUST IN BETWEEN
…гэта крыху так, як з гатэльнымі
нумарамі —
высяленьне да дванаццатай,
і вось мы зачыняем дзьверы,
зьбягаем уніз
і здаем ключы ў рэцэпцыю.
Але што з нумарамі?
што адбываецца зь імі бяз нас? што робіцца
з усёй блытанінай прасьцінаў, з усім бардаком,
усімі ручнікамі,
падушкамі,
попелам у попельніцах?
Ці так сама яго зьдзьмувае
аконны павеў?
ці так сама капае кран
над ваннаю? ці
запацелае люстра ўрэшце праясьняецца?
што ў ім відаць?
(Як паведаў бы Клясык:
О, шмат бы даў я за тое,
каб толькі ўбачыць,
што адбываецца з нумарам,
які я навек пакінуў!)
Зразумела, што потым зьяўляецца пакаёўка
з мэтаю выцерці кожны найменшы сьлед
пасьля нас, нібы нас не было.
І ёй гэта ўдаецца.
Зразумела й тое, што пазьней
тут зьявяцца іншыя, інакшыя,
пастаяльцы.
Але што робіцца ў час паміж?
Паміж нашым выйсьцем і зьяўленьнем
пакаёўкі?
У гатэльным нумары,
дзе так блізка ляжалася ўдваіх,
так блізка дыхалася?
Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч