A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (53) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


1-22007
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

   

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Рэпліка Ірыны Лаўроўскай
і адказ Андрэя Катлярчука

Вакол аднаго Берасьця

Kotljarchuk Andrej. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid‑17th Century

У Стакгольме ўбачыла сьвет ангельскамоўная манаграфія Андрэя Катлярчука «In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid‑17th Century»1, якая шырока рэклямавалася ў незалежных СМІ Беларусі. Складаецца яна з чатырох разьдзелаў, дапоўненая дыхтоўнай бібліяграфіяй, а тэкст ўзбагачаны дваццаць адной ілюстрацыяй. Гэта манаграфія без сумневаў зойме пачэснае месца ў беларускай бібліяграфіі. Яе ўжо шырока разрэклямавалі беларускія СМІ. Мая ж рэпліка датычыць толькі аднаго фрагмэнту манаграфіі, які, на маю думку, утрымлівае прыкрую памылку.

Значную ўвагу аўтар надае гораду Берасьцю. Падзеям, якія разгарнуліся ў часе вайны вакол гораду і ў ім, аўтар прысьвяціў асобны параграф: Радзівілаўская Літва: Радыёцкі пакт і аблога Берасьця ў 1657 годзе. Спадар Катлярчук ілюструе тэкст манаграфіі панарамай і мапай гораду.

Мушу расчараваць аўтара і чытачоў: панарама, «адкрытая» Катлярчуком у Стакгольме, ня мае нічога супольнага зь Беларусьсю. На малюнку, пададзеным у манаграфіі на старонцы 304, пад нумарам 9 (Figure 9. Panorama of Brest. 1657. Erik Dahlberg. KB. Photo by Marie Persson. First publication), паказаны горад Бжэсьць‑Куяўскі, што ляжыць на паўночным захадзе сучаснай Польшчы. Дзякуючы выданьням Самуэля Пуфэндорфа (1632—1694), літаграфія гэта, зробленая ў канцы XVII ст. паводле малюнку Дальбэрга, шырока вядомая навуковым колам.

Доктар Катлярчук часта цытуе дзёньнікі Эрыка Дальбэрга, вайсковага інжынэра і дарадцы караля Швэцыі Карла Х, і падае дакладную дату заняцьця гораду і заканчэньня працы над панарамай Берасьця Літоўскага (23 траўня 1657 г.). Нягледзячы на гэта, аўтар не заўважае, што на «знойдзенай» ім панараме падаецца іншы месяц — «мarty», ці па‑нашаму — сакавік. Не заўважае ён таксама, што насуперак паказаным на панараме ўзвышкам, Берасьце Літоўскае мае цалкам іншыя краявіды, бо ляжыць у багністай палескай нізіне і галоўнае: увогуле ігнаруе факт адсутнасьці найменшага падабенства з шырокавядомай панарамай Берасьця Літоўскага. А. Катлярчук занадта пасьпешна даводзіць чытачам значэньне свайго «адкрыцьця»:

23 траўня група швэдзкіх мастакоў і картографаў на чале з Дальбэргам закончыла плян гораду і дзьве (!) панарамы гораду. У 1696 г. Пуфэндорф апублікаваў адну зь іх пад назовам «Аблога Берасьця...». Падрабязныя пляны гораду з тлумачэньнямі і панарама гораду зь левага берагу ракi Буг не былі надрукаваныя. Я знайшоў абедзьве ў фондах Каралеўскай Бібліятэкі Швэцыі. На пляне гораду (сапраўды Берасьця Літоўскага. — І. Л.) паказаная вялікая лютэранская царква, пазначаная як «Pfarr Kirche», то бок фарная царква ў паўднёвай частцы старога гораду. Гэты каштоўны дакумэнт паказвае, што насамрэч існавала пратэстанцкая царква ў Берасьці2.

Але ж кожнае энцыкляпэдычнае выданьне пра час Рэфармацыі ў ВКЛ паведамляе, што першы кальвінскі (ці іначай — антытрынітарскі) збор на тэрыторыі ВКЛ заснаваў і збудаваў у Берасьці ў 1553 г. канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і стараста берасьцейскі Мікалай Крыштаф Радзівіл Чорны (1515—1565).

Аўтар недарэчна атаясамлівае каталіцкі парафіяльны касьцёл Узвышэньня Сьв. Крыжа з пратэстанцкаю царквою, бо амаль дзьвюма стагодзьдзямі раней, а менавіта ў 1389 г., паўстала першая берасьцейская каталіцкая парафія, а мураваны парафіяльны касьцёл быў заснаваны ў 1412 г. Знаходзіўся касьцёл на вуліцы Нямецкай, якая з усходу абмяжоўвала тэрыторыю, дадзеную гораду згодна з прывілеем на лякацыю (1390 г.). Парафіяльны касьцёл быў такім сама важным атрыбутам гораду, як ратуша. Да таго ж у 1657 г., калі стваралася панарама, у Берасьці дзейнічала 6 каталіцкіх законаў, сярод якіх тры былі жабрацкія — г. зн. жылі са збораў (гэта яскравае сьведчаньне магутнасьці патэнцыялу Каталіцкага Касьцёлу).

Што ж да даўняй пратэстанцкай сьвятыні, то ўжо ў 1566 г., праз год пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага, яна згадваецца як касьцёл Сьв. Барбары. Быў ён збудаваны за Віленскай брамаю на тэрыторыі адной з радзівілаўскіх юрыдыкаў (дарэчы, так сама было ў Вільні). Быў гэта фахвэркавы будынак, ці, згодна з тагачаснай моўнай стылістыкай: «у дрэва мураваны». Юрыдыка разам з кальвінскім зборам перайшла ў спадчыну да сына Мікалая Радзівіла — Мікалая Крыштафа Радзівіла‑Сіроткі (1549—1616), вядомага дзеяча Контрарэфармацыі, які прычыніўся да ліквідацыі эвангельскіх збораў і друкарняў. Вядома, што ўжо ў палове верасьня 1574 г. Сіротка канчаткова выракся кальвінізму. Прычым, дабіваючыся для свайго брата Ежы Радзівіла віленскага біскупства, дамогся вырачэньня ад кальвінізму ўсіх нашчадкаў Радзівіла Чорнага і ліквідаваў асяродкі пратэстантызму, перадусім ва ўласных юрыдыках і лятыфундыях3. На працягу ўсяго жыцьця Сіротка сьцеражэ свае дасягненьні: 1 красавіка 1611 г. Сіротка асабістым лістом строга забавязуе мяшчан ягонай юрыдыкі ў Берасьці і парафіян касьцёла Сьв. Барбары падпарадкавацца а. Адаму Каўрацкаму — новаму каплану касьцёла Сьв. Барбары. Падобна, што ў той час яны, былыя пратэстанты, яшчэ вагаліся наконт каталіцызму.

 

ІРЫНА ЛАЎРОЎСКАЯ
архітэктар. У 2006 г. абараніла дысэртацыю аб архітэктуры Берасьця ў Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук.

1 Kotljarchuk, Andrej.
In the Shadows of Poland and Russia.
The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid‑17th Century.
Södertörns högskola, 2006.

2 Тамсама. С. 230; Тут і далей пераклад з анг. мовы: Алег Мядзьведзкі.

   
У час ваенных падзеяў 1648—1657 гг. забудова радзівілаўскай юрыдыкі была цалкам зьнішчаная. Відавочна, быў разбураны і касьцёл Сьв. Барбары — даўні кальвінскі збор. Пасьля гэтага будынак доўга не выкарыстоўваўся. Толькі на пачатку XVIII ст. стары касьцёл быў перададзены манахам ордэну трынітараў. У сваім лісьце да Караля Станіслава Радзівіла (Пану Каханку) — ваяводы Віленскага, з просьбаю аб пабудове новага касьцёла замест старога, трынітары, паміж іншым, пішуць: «Трыццаць пяць гадоў мінула, як з ласкі дабрадзея (нашага) пасьля дванаццаці гадоў пуставаньня гэтага касьцёла мы занялі яго цалкам разбуранага...»4. На франтоне новага касьцёла трынітары зьмясьцілі фрэску з выяваю анёла, які трымае ў руках нявольніка‑хрысьціяніна, а ў другой — маўра, сымбаля ордэну трынітараў, мэтаю якога было вызваленьне нявольнікаў5.

У манаграфіі Катлярчука нямала ўвагі нададзена асобам і, між іншым, асобе Багуслава Радзівіла (1620—1669), які ў час швэдзкай кампаніі прычыніўся да адлюстраваньня Берасьця. Ускоснае пацьвярджэньне гэтаму знайшла вядомая беларуская дасьледчыца Тамара Габрусь. Малюнкі Багуслава Радзівіла, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным Архіве Беларусі, сьведчаць пра тое, што ён меў добрыя навыкі маляваньня, а маляваў, між іншым, элемэнты фартыфікацый, падобных на берасьцейскія.

Пры перавыданьні цікавай манаграфіі аўтару раю выкарыстаць добра вядомую гравюру Эрыка Дальбэрга, які, акрамя фартыфікацый і гарадзкой забудовы, не паленаваўся паказаць найбольш важных асобаў, што бралі ўдзел у акце капітуляцыі Берасьця. Пэўна, што нумарам 1 выступае Карл Густаў Х.


Водгук берасьцейскага гісторыка Ірыны Лаўроўскай на маю кнігу «In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid‑17th century» вымушае адказаць.

Спн. Лаўроўская назвала сваю рэцэнзію «рэплікай», бо яна адмовілася ад аналізу ўсяго досьледу, засяродзіўшы сваю ўвагу выключна на аблозе Берасьця 1657 г. Спн. Лаўроўская пачынае з таго, што ў нібыта «шырака разрэклямаванай у Беларусі» кнізе Катлярчука «значная ўвага» нададзена Берасьцю, і тым самым з самага пачатку ўводзіць блытаніну. Мушу адзначыць, што мая апошняя ангельскамоўная кніга не атрымала дагэтуль ніводнай друкаванай рэцэнзіі ў Беларусі. Дарэчы, падобная гісторыя здарылася зь іншай кніжкай — «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў», што так і не дачакалася беларускай рэцэнзіі. Шэраг навуковых бібліятэкаў РБ адмовіліся ад «In the Shadows...» ды скіравалі назад у Стакгольм дасланыя мной задарма асобнікі. Адначасова кніга разышлася ва ўсе буйныя бібліятэкі сьвету, на яе зьявіліся дзьве швэдзкія і рыхтуецца каля 10 рэцэнзій на Захадзе. Такім чынам, кніга, на падставе якой Стакгольмскі ўнівэрсытэт надаў мне ступень доктара гістарычных навук, застаецца акурат малавядомая ў Беларусі. Таму чытачу было б цікава пазнаёміцца са зьместам усёй працы, а не адвольна выбраным кавалкам.

Па‑другое, мая праца прысьвечаная зусім ня Берасьцю, як гэта можа падацца чытачу, але Кейданскай уніі 1655 г. і стасункам паміж Швэцыяй і ВКЛ. Уласна Берасьця датычаць 10 з 347 старонак кнігі.

Чаму ж гэты невялічкі фрагмэнт выклікаў такую эмацыйнаю рэакцыю спн. Лаўроўскай?

Спн. Ірына пераконвае беларускага чытача, што кніга Катлярчука ня вартая ўвагі, бо мае шмат памылак, датычных тапаграфіі старажытнага Берасьця. Аўтар рэплікі ўпэўнена абвяшчае:

Мушу расчараваць аўтара і чытачоў прэтэнзійнай манаграфіі: панарама, «адкрытая» Катлярчуком у Стакгольме, ня мае нічога супольнага зь Беларусьсю [ды] прагне прадухіліць распаўсюд прыкрай памылкі.

Згодна з спн. Лаўроўскай, на знойдзенай мной у Швэцыі панараме Дальбэрга адлюстраванае зусім ня Берасьце Літоўскае, але заходнепольскі горад Бжэсьць Куяўскі.

  3 Kempa, Tomasz. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka, (1549—1616) Wojewoda Wileński. Warszawa, 2000. S. 24; Тамсама. С. 48.

4 Дакумэнты Маскоўскага Міністэрства Юстыцыі. С. 210; БрАКМ, kp 3798; Тамсама. Kp. 3800; AGAD, AR dz. VIII, sygn. 39; На касьцёл Сьв. Барбары Радзівiл мелі т. зв. калатарскія правы ад 25. VIII. 1568 [паводле:] Polski Słownik Biograficzny, XXX/2 zesz. 125. Warszawa, 1987. S. 349.

5 Квитницкая, Елена. Монастыри Бреста XVII—XVIII веков. [у:] Архитектурное наследство. Москва, 1979. № 27б.
С. 12—29.Таксама, [у:] Страчаная спадчына. Менск, 2003. С. 124.

   
Тое, што падаецца спн. Лаўроўскай як ісьціна апошняй інстанцыі, ёсьць, насамрэч, адной зь цікавых гіпотэзаў. Сапраўды: нямецкі гісторык Пуфэндорф у 1696 г. надрукаваў копіі гравюраў1 швэдзкага фартыфікатара, мастака і картографа Эрыка Дальбэрга 1657—1660 гг. Але ў сваёй кнізе я карыстаўся ня копіямі Пуфэндорфа, але арыгіналамі Дальбэрга. Знойдзеная мной панарама падпісаная і зацьверджаная, як сьведчыць экспэртыза швэдзкіх калегаў, самім Дальбэргам, які ўпэўнена назваў гравюру «Die Stadt Brescie in Litawien». Спн. Лаўроўская не магла не заўважыць гэтага на ілюстрацыі ў кнізе, але чамусьці абмінула гэты факт.

Паўстае цікавае пытаньне: ці мог швэд Дальбэрг — які быў ў Берасьці ў траўні‑чэрвені 1657 г., падрыхтаваў плян гораду, зрабіў, апроч іншага, мапу ВКЛ (дарэчы, невядомую беларускім дасьледчыкам) — пераблытаць Берасьце Літоўскае з Бжэстам у Польшчы? Ці гэта памылка немца Пуфэндорфа, які ў ВКЛ і Берасьці ніколі ня быў ды карыстаўся копіямі гравюраў Дальбэрга і, магчыма, замест «Die Stadt Brescie in Litawien» падпісаў «Urbs Briestzte in Cuiauia»?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба зьдзейсьніць шырокую тапаграфічную экспэртызу гравюры і параўнальны аналіз панарамы з плянамі і геаграфічнымі ляндшафтамі літоўскага і польскага Бярэсьця. Я ня меў часу на гэта, як і быў ня ў стане параўнаць знойдзеную мной гравюру зь іншымі панарамамі 300 гарадоў, зробленых Дальбэргам. Чаму спн. Лаўроўская, якая, безумоўна, больш падрыхтаваная да гэтай працы, бо зьяўляецца гісторыкам беларускай архітэктуры, не зрабіла гэтае працы і не пазнаёміла чытачоў зь вельмі сьвежай гіпотэзай? Немаведама. Такім чынам, пакуль абедзьве вэрсіі маюць права на існаваньне.

Каб давесьці маю грубую памылку, спн. Лаўроўская засяродзіла сваю ўвагу на датаваньні арыгіналу «сакавіком 1657 г.» замест траўня 1657 г. Гэту супярэчнасьць я таксама заўважыў пры падрыхтоўцы кнігі. Але швэдзкім гісторыкам добра вядома, што Дальбэрг рабіў свае гравюры пасьля паходаў і досыць часта блытаў даты падзей. Пра гэта ёсьць адмысловая манаграфія2. Таму там, дзе спн. Лаўроўская бачыць адказ, зноў застаецца пытаньне.

 

1 Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696. S. 259—261.

   

Ня думаю, што дыскусійная паводле сваёй сутнасьці праблема патрабавала такой аб’ёмістай рэплікі. Здаецца, хапіла б вуснага камэнтару падчас канфэрэнцыі ці звычайнага ліста ад калегі. Але спн. Лаўроўская выбрала публічную палеміку ды ў сваім імкненьні давесьці чытачам, што кніга Катлярчука «прэтэнзійная і памылковая», пайшла далей. Шкада, бо астатнія радкі калегі поўныя памылак і непаразуменьняў, выкліканых няведаньнем ангельскай мовы і адсутнасьцю базавых ведаў гісторыі ВКЛ.

Але ўсё па парадку. Аўтарка пераконвае чытача ў тым, што я «недарэчна атаясамліваю каталіцкі парафіяльны касьцёл Узвышэньня Сьв. Крыжа з пратэстанцкай царквою».

Прабачце, але гэта ня я, гэта швэд Эрык Дальбэрг лякалізаваў на пляне 1657 г. берасьцейскі лютэранскі збор. Ні я, ні спн. Лаўроўская ня маем магчымасьці пашпацыраваць вуліцамі старажытнага Берасьця. Лютэранін Эрык Дальбэрг у Берасьці быў і ў тым зборы маліўся. Таму вэрсія спн. Лаўроўскай падаецца неабгрунтаванай. Калі б берасьцейская дасьледчыца сачыла за апошнімі менскімі публікацыямі ды ведала мой артыкул, адмыслова прысьвечаны швэдзкім плянам Берасьця, гэтае пытаньне было зьнятае само па сабе3.

  2 Stade, Arne. Erik Dahlbergh och Carl X Gustafs krigshistoria. Stockholm, 1967. S. 194—198.

   

Цікава даведацца, адкуль у аўтаркі такая ўпэўненасьць у адсутнасьці на сярэдзіну XVII ст. збору ў Берасьці ды суцэльнай перамозе ў горадзе каталіцтва? Бо так, піша Ірына Лаўроўская, «напісана ў кожнай беларускай энцыкляпэдыі». Тагды дазвольце мне не пагадзіцца з тым, што пішуць на гэты конт беларускія энцыкляпэдыі. У сваёй кнізе на падставе крыніцаў я паказваю, што, насуперак паноўным стэрэатыпам, Рэфармацыя захавала на Берасьцейшчыне свой уплыў. Пасьля некалькіх хваляў каталіцкай контрарэфармацыі, ці «рэакцыі», як называюць яе пратэстанты, у Берасьцейскім павеце працягвалі сваю дзейнасьць ажно 17 пратэстанцкіх збораў розных дэнамінацыяў (кальвінскіх, лютэранскіх, арыянскіх/антытрынітарскіх)4. Улічваючы, што на беларускіх абшарах ВКЛ на той час захавалася каля 50 збораў, Берасьцейшчына выглядае моцным асяродкам Рэфармацыі. У Берасьці са швэдамі і вугорцамі (таксама пратэстантамі з Трансыльваніі)5 супрацоўнічаў шэраг мясцовых эвангелікаў, між іншым, арыянін Пэтар Грэк, кальвініст Крыштап Пекарскі і лютэранін цырульнік Ганус. Дзе, на думку спн. Лаўроўскай, маліліся гэтыя берасьцейцы — у каталіцкіх касьцёлах?

Дзіўна, што прафэсійны навуковец Ірына Лаўроўская прымае за адно лютэранскую, кальвінскую і антытрынітарскую плыні пратэстанцтва. Я пішу пра «лютэранскі збор», яна ж кліча яго «кальвінскі, ці, іначай, антытрынітарскі». Мушу «прадухіліць распаўсюд прыкрай памылкі» ды папярэдзіць чытачоў, што насамрэч гаворка ідзе пра зусім розныя плыні Рэфармацыі.

Аўтар раіць мне забыцца пра стакгольмскія знаходкі ды зьвярнуцца да «Дзяржаўнага Архіву Беларусі» (?‑АК), дзе захоўваюцца малюнкі Багуслава Радзівіла «з элемэнтамі фартыфікацый, падобнымі на берасьцейскія (?‑АК)». Дык берасьцейскія ці падобныя да берасьцейскіх? Тут я наагул не разумею лёгікі аўтаркі. Што датычыць парады, дык у сваёй манаграфіі я шырака скарыстаў з крыніцаў фондаў Радзівілаў Нацыянальнага Гістарычнага Архіву Беларусі, але гэтага аўтарка чамусьці не заўважыла. Зьдзіўляе парада выкарыстаць іншую гравюру Берасьця Дальбэрга. Ня думаю, што мае сэнс у навуковай працы чарговага разу пісаць пра добра вядомую гравюру, асэнсаваную шмат разоў гісторыкамі, копія якой упрыгожвае экспазыцыю Нацыянальнага Музэю Гісторыі і Культуры Беларусі, гравюру, якую я надрукаваў на вокладцы кнігі «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» (Менск, 2002).

ЦІ БЫЛО «АДКРЫЦЬЦЁ»?

Спн. Лаўроўская іранічна піша пра мае пошукі. Паспрабуем, паводле ейнага прыкладу, засяродзіць ўвагу выключна на 10 старонках, прысьвечаных Берасьцю, каб зразумець, ці зьмяшчае гэты кавалак новыя для гісторыкаў матэрыялы і цікавыя інтэрпрэтацыі.

На маю думку — так. Па‑першае, упершыню аналізуецца барацьба за Берасьце паміж хаўрусьнікамі ў швэдзкай кааліцыі. У той час Швэцыя, казацкая Ўкраіна, Трансыльванія і прашвэдзкая партыя Багуслава Радзівіла змагаліся за кантроль над местам. Гэта фактычна і разваліла Радноцкую кааліцыю. У Берасьці кожны з хаўрусьнікаў Стакгольму апэляваў да караля Карла X, падмацоўваючы свае прэтэнзіі на цэнтар Палесься гістарычнай і рэлігійнай рыторыкай. Мной паказана, што швэды не разбурылі Берасьця ў 1657 г. Зрабілі гэта маскоўцы на чале з Іванам Хаванскім ў 1660 г. Я адкрыта пішу, што гэты вядомы польскай гістарыяграфіі факт ігнаруецца некаторымі сучаснымі беларускімі гісторыкам, якія перакладаюць усю віну на «заходніх» швэдзкіх захопнікаў6. Цікава, што спн. Лаўроўская належыць да гэтага кола і ў сваёй нядаўняй расейскамоўнай кнізе абвінавачвае швэдаў у зьнішчэньні Берасьця7. Дзіўна, бо яна вучылася ды абаранялася ў Польшчы і мела вольны доступ да польскай літаратуры, між іншым, клясычнай працы Юзэфа Моршы8.

Нягожа ацэньваць сябе самога, але хачу падкрэсьліць, што ў навуковы зварот мной уводзіцца шэраг новых крыніцаў па гісторыі Берасьця, ды таксама корпус заходняй гістарыяграфіі што да швэдзкай аблогі Берасьця9. Пералічым толькі тыя знаходкі, што маюць значэньне для архітэктуры Берасьця і якія спн. Лаўроўская чамусьці не заўважыла ў сваёй рэпліцы. Гэта невядомы плян Берасьця 1657 г., складзены валёнскім інжынэрам на польскай службе Банэлем, пра які цяпер рыхтую публікацыю ў Галяндыі10. Гэта «Артыкулы здачы места Берасьцейскага» — унікальны швэдзкі дакумэнт, на падставе якога высьвятляецца дата здачы места ды які зьмяшчае тапаграфічнае апісаньне берасьцейскіх прадмесьцяў11. Гэта швэдзкая рэляцыя берасьцейскага паходу 1657 г.12. Гэта арыгінальны плян Дальбэрга з падрабязнай легендай — пералікам галоўных сакральных і сьвецкіх аб’ектаў13. Раней была вядомая толькі кепская копія безь легенды. Такім чынам, кніга будзе карыснай берасьцейскім краязнаўцам.

У рэпліцы Лаўроўскай мяне закранула некалькі этычных чыньнікаў. Па‑першае, варожае, агрэсіўнае стаўленьне да апанэнта. Замест таго, каб спакойна адрэцэнзаваць кнігу, выбіраецца малы кавалак працы, каб на падставе аднаго факту «асудзіць» твор. Па‑другое, гэта бальшавіцкая манапалізацыя ісьціны, калі ёсьць той, хто мае рацыю, і той, хто ня мае. Між іншым, у навуцы даўно прызнана, што гістарычны пошук рухаецца ад адной гіпотэзы да другой. Высьвятленьне канчатковай ісьціны немагчымае, мажлівае толькі набліжэньне да ісьціны праз адмаўленьне ад ранейшых інтэрпрэтацый. Па‑трэцяе, ці мае рэцэнзэнт маральнае права пісаць пра кнігу, мовы якой яна не разумее? Думаю, калі б аўтарка рэплікі валодала ангельскай мовай (якая ёсьць «basic» для сучасных навукоўцаў) і дакладна разумела зьмест рэцэнзаванай кнігі, яна — упэўнены — унікнула б памылак і недакладнасьцяў. Тагды не зьявіўся б замест Радноцкага пакту «Радыёцкі». Між іншым, дасьледчыку Берасьця сьлед ведаць гэтую міжнародную дамову 1656 г., укладзеную ў Радноце (сучасны Іернут, Румынія). Гэта першы ў гісторыі праект падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швэцыяй, Трансыльваніяй, Прусіяй, Казацкім Гетманатам і Радзівілам ды адна зь першых буйных дамоваў, дзе абмяркоўваецца лёс Берасьця. Дарэчы, пра Радноцкі пакт пішуць беларускія энцыкляпэдыі14. Ці прымальна пры цытаце арыгінальнага тэксту дадаваць свае ўласныя камэнтары (!), маніпулюючы такім чынам рэакцыяй чытачоў? Засмучвае, што сярод спасылак спн. Лаўроўскай, закліканых падкрэсьліць навуковы аўтарытэт, няма ніводнай заходняй працы, прысьвечанай берасьцейскім падзеям таго часу ці гісторыі места15. Гэта сьведчыць пра моцную ізаляцыю ад сьвету, у якой застаецца частка беларускіх гісторыкаў.

Нарэшце, зьдзіўляе кансьпірацыя, зь якой рыхтаваўся гэты водгук. Год таму пасьля інфармацыі ў «НН» не знаёмая мне асабіста спн. Лаўроўская настойліва папрасіла даслаць ёй знойдзеныя плян і гравюры Берасьця, бо ёй, маўляў, «яны патрэбныя для абароны дысэртацыі». З прычыны аўтарскага права я адмовіў ды прапанаваў пачакаць публікацыі. Тагды спн. Лаўроўская паспрабавала атрымаць гэтыя матэрыялы праз агульных знаёмых. Потым да мяне зьвярнуўся малады перакладчык зь Берасьця Алег Мядзьведзкі, які папрасіў даслаць маю кнігу для гуртка мясцовых краязнаўцаў. Я выслаў дармовы асобнік з умовай перадаць яго ў бібліятэку Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Дапамог Алегу з процьмай пытаньняў, датычных ангельскіх, швэдзкіх, лацінскіх і нямецкіх цытатаў з маёй працы. Але вось дык дзіва — пазьней я даведаўся, што за сьпінай сп. Алега насамрэч інкогніта стаіць Ірына Лаўроўская. Адначасова сп. Алег без тлумачэньняў спыніў ліставаньне. Што за шпігунскія гульні? Можа, лепш было б шчыра папрасіць аўтара даслаць кнігу на рэцэнзію?

Што прыемнага для мяне ў рэпліцы Ірыны Лаўроўскай. Як кожнаму аўтару, мне вельмі прыемна, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, мая кніга дайшла да беларускага чытача. Што казаць, гэта ўражвае, калі старонкі тваёй кнігі абмяркоўваюцца ня толькі ў Вене ці Хэльсынках, але і на Палесьсі. Карысны зьмест рэплікі зводзіцца да аднаго кароткага слова — там, дзе я напісаў пра «панараму Берасьця», трэба дадаць — «верагодна».

Андрэй Катлярчук,
Унівэрсытэт Содэрторн,
Стакгольм

  3 Катлярчук, Андрэй. Другая Паўночная вайна і апошняя шведская аперацыя ў ВКЛ: аблога Берасця 1657 г. і спрэчка за места // Беларускі гістарычны агляд. Т. 12. Сш. 1—2 (22—23). Снежань 2005. С. 36—60.

4 Пералік збораў берасьцейскага павету на сяр. XVII ст. гл: с. 228 рэцэнзаванай кнігі.

5 Murdock, Graeme. Calvinism on the Frontiers 1660—1660. International Calvinism and the Reformed Church in Hungary and Transylvania. Oxford, 2000.

6 С. 136 рэцэнзаванай кнігі. Гл. таксама: Kotljarchuk, Andrej. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past. Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. Volume 2. Södertörns högskola, 2004. P. 41—72.

7 Брест. Путешествие сквозь века / Ред. Ирина Лавровская. Минск. 1999. С. 10.

8 Morzy, Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. S. 74—75.

9 Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags‑protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881. Bilaga A. Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 44—45; Jacobson, Gustaf. Sveriges historia till vlra dagar. Sjunde delen. Stockholm, 1926. S. 315; Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 357—358; Szilafyi, Sandor. Erdély és az északkeleti haboru, levelek és okiratok. Transsylvania et bellum boreo‑orientale. Acta et documenta. T. 2, Budapest, 1891. Schultz, Edmund H. Kronika zboru ewangelicko‑luterskiego Nejdorfskiego. Zwiastun Ewangeliczny. 1902.

10 Geometrisch Plan der Statt Brzesche in Littawen, wie solche von dem Polnischen Ingenieur Bonell vor der Eroberung in Grundt geleget, Nebenst des Gen:Quart: Leutnampt Dahlbergs Desseing wegen fortificirung selben Ohrts, Welcher auf Ihr Königl: Maij. zu Schweden 1657. Krigsarkivet. 0406:17:001:001

11 Accords Puncta, so Bey Übergebung der Stadt und Scholsses Brescie Litevski. An Jhr. Königl. Mytt. zu Schweden und Jhr. Fürstl. Durchl. Zu Siebenbürgen/geschlossen. Jm Jahr 1657. Dat im Feld‑lager bey Brescie den 16 Maji/st. n. Anno 1657. 4 pp. KB (Kungliga biblioteket). MFref Sveriges krig. R 12, ex. A, no. 625.

12 Relation öfver ett och annatt hwad som passerat lhr wiid Konlig. Maij:tz Armeé, uppe uthi Plland och Littowen ifrln d. sista Martij in till den 8 Maji A:o 1657. Handlingar til uplysning af swenska krigs‑historien. Vol. 1. Stockholm, 1787. S. 55—61.

13 Dahlberg, Erik. Plan över Briestie. («Grundrik der Stadt undt Festüngh Litauwsch Briestie») Kungliga biblioteket. Handrit., vol. 41:16b, no. 10782; Dahlberg, Erik. Briestie. («Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657»). Kungliga biblioteket. Handrit., vol. 41:13a, no 10778.

14 Белы, Алесь. Радноцкі Дагавор 1656 // Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2001. С. 69.

15 Fagerlund, Rainer. 1979. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo; Kungl. Svea Livgardes historia. Band III:2. 1632 (1611) — 1660. Av Bertil Cson Barkman, Sven Lundkvist och Lars Tersmeden. Stockholm, 1966, 306; Carl X Gustaf‑Studier 5. Polens krig med Sverige 1655—1660. Krigshistoriska studier. Redaktion Arne Stade och Jan Wimmer. Kristianstad, 1973. S. 378—380; Tänzer Aron von. Die Geschichte der Juden in Brest‑Litowsk. Berlin, 1918; Four hundred years Union of Brest (1596—1996): a critical re‑evaluation: acta of the congress held at Hernen Castle, the Netherlands, in March 1996 / edited by Bert Groen and Wil van den Bercken. Leuven, 1999.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (53) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/04/15