A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (53) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


1-22007
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  АЛЯКСЕЙ ПІКУЛІК

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Пікулік
Чатыры крызісы беларускай апазіцыі

Нягледзячы на заходнееўрапейскі крызіс партыйнай рэпрэзентацыі, рэальнае функцыянаванне дэмакратыі без эфектыўнай партыйнай сістэмы наўрад ці магчымае. Іншымі словамі, палітычныя партыі, якія рэпрэзентуюць разнастайныя грамадскія інтарэсы, адыгрываюць ролю гарантаў інстытутаў паліархіі. І падобна на тое, як многія даследаванні грамадзянскай cупольнасці зводзяцца да НДА, тэорыя дэмакратыі часам факусуецца менавіта на разнастайных аспектах партыйных сістэмаў.

Палітычныя партыі, магчыма, і апазіцыйныя, існуюць і ў недэмакратычных дзяржавах. Досвед трансфармацыі постсавецкіх рэспублік прывёў да ўзнікнення куды больш складаных гібрыдных сістэмаў, чым тыя, што існавалі, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы. Постсавецкія рэжымы значна больш цынічныя. Сучасныя аўтакратыі змушаныя насіць маскі легітымнасці, і таму плюралістычныя характарыстыкі нярэдка сімулююцца самым недэмакратычным рэжымам. Постсавецкія рэжымы значна больш цынічныя за лаціна­амэрыканскія.І да старых гібрыдаў — «бюракратычнага аўтарытарызму», «делегацыйнай дэмакратыі», «неліберальнай дэмакратыі», «ліберальнага аўтарытарызму» — прыклад былых савецкіх рэспублік дазваляе дадаць новыя тыпы, такія, як «віртуальная дэмакратыя» і «кіраваная дэмакратыя».

Беларусь з’яўляецца такім прыкладам «неліберальнай аўтакратыі», якая, тым не менш, імкнецца «закасіць» пад дэмакратыю з мясцовым каларытам. De facto першае выяўляецца ў поўным ці частковым парушэнні ўсіх прынцыпаў паліархіі, а таксама ў ігнараванні наступных ключавых прынцыпаў: падзялення галінаў улады, сістэмы «стрымак і процівагаў», гарызантальнай і вертыкальнай падсправаздачнасці і вяршэнства закону. Значна больш цікавым падаецца імкненне беларускага рэжыму «гуляць» у дэмакратыю. Па‑першае, беларуская палітычная сістэма імкнецца выглядаць, як нейкая шумпераўская мінімалісцкая мадэль, — калі ёсць выбары, існуе і дэмакратыя. Слабое месца такой легітымацыі — практыка правядзення выбараў і падліку галасоў, якія сябе дыскрэдытавалі. Па‑другое, беларуская сістэма «гуляецца» ў ідэю мажарытарнай дэмакратыі — «легітымная» выканаўчая галіна можа мець усю ўладу і фармаваць абсалютную большасць. На жаль, пры гэтым ігнаруецца інстытуцыянальная абарона меншасці. Па‑трэцяе, беларуская сістэма спрабуе сімуляваць прамую дэмакратыю — рэферэндумы, Усебеларускія сходы і г. д. На жаль, першыя не пададказныя, апошнія — нелегітымныя. Па‑чацвертае, Беларусь (асабліва ў апошні час) імкнецца «гуляцца» ў паліархію, яна дазваляе нейкую прысутнасць свабоднай прэсы, незалежных НДА, апазіцыйных палітычных партыяў і г. д. Пра апошнія і пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.

Парадаксальнасць сітуацыі з апазіцыяй у Беларусі ў тым, што яна (апазіцыя) практычна цалкам задавальняе ўладу. Рэжым Лукашэнкі мае патрэбу ў дэмакратычнай апазіцыі — слабой і малаэфектыўнай — хоць бы дзеля таго, каб набыць алібі дэмакратычнасці. У межах гэтага артыкула я адмаўляюся абмяркоўваць тыя калідоры, якія ўлада пакінула апазіцыі і дзе апошняя і можа ажыццяўляць якую‑кольвек дзейнасць. Таксама я ўстрымаюся тут і ад пераліку фактаў парушэння правоў апазіцыі. Відавочна, што ў выпадку аўтарытарызму ідэалагічныя і рэпрэсіўныя апараты будуць працаваць на дыскрэдытацыю і кантраляванне альтэрнатыўных цэнтраў, якія прыцягваюць увагу грамадства. Плюс сучаснай апазіцыі для ўлады ў тым, што яе не трэба прыдумляць. Дзяржава затрачвае шмат намаганняў на такія праекты, як стварэнне паслухмяных прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў і нават — «сярэдняга класа» (дзякуючы сацыяльным праграмам і адносна высокім узроўням кампенсацыяў у бюджэтнай сферы «псеўдасярэдні клас» у нашых умовах не з’яўляецца «дзіцем» рынку і правоў уласнасці, як «petite bourgeoisie», і не можа быць палітычным суб’ектам — ён ёсць утрыманцам дзяржавы). Далей я хацеў бы акрэсліць некаторую праблематычнасць існавання беларускай апазіцыі.

1) Крызіс партыйнай рэпрэзентацыі. Ва ўмовах Беларусі дзяржава валодае абсалютнай манаполіяй на рэпрэзентацыю грамадскага інтарэсу і ажыццяўляе пранікненне ў логіку працы большасці фармальных і нефармальных інстытутаў. Ніякая альтэрнатыўная арганізацыя насельніцтва для калектыўнай дзейнасці немагчымая per se па‑за межамі дзяржавы — ці то падрыхтоўка рэвалюцыі, ці то дапамога валацужным сабакам, ці то будаўніцтва прытулкаў для беднякоў. Дзяржава не толькі выкарыстоўвае рэпрэсіўны апарат дзеля спынення такой дзейнасці, але і пастаянна выступае медыятарам практычна ва ўсіх інтэракцыях. Аднак трэба асцерагацца рэдукаваць гэтую праблему выключна да рацыянальнай спробы ўзнаўлення аўтарытарызму праз манапалізацыю ўсіх сфер і інстытутаў. Другім бокам гэтага медаля ёсць адсутнасць традыцый грамадзянскай культуры, калектыўнай дзейнасці, нізкі ўзровень грамадскага даверу. Актуальным у гэтым аспекце будзе тэзіс аб культурнай дэтэрмінаванасці дэмакратыі Роберта Патнама, які прасочвае сувязь паміж гісторыяй народа і наступнай спробай дэмакратызацыі.

У такой сістэме апазіцыя не рэпрэзентуе грамадскіх інтарэсаў у сувязі з рэпрэсіўнасцю дзяржавы і існуе зусім асобна ад народа. З другога боку, праблема мабілізацыі і рэпрэзентацыі відавочна звязаная з самой структурай і інерцыйнасцю беларускага грамадства. Такім чынам, у тых аблоках, дзе лунае апазіцыя, могуць і надалей узнікаць спробы рэарганізацыі і рэфарматавання партый, але яны, на жаль, практычна ніяк не звязаныя з рэальнымі грамадскімі працэсамі, што адбываюцца долу. Партыі дзеляць паміж сабой ідэалагічныя платформы: адны вырашаюць быць левымі, другія — правымі, іншыя — цэнтрыстамі, але пры гэтым яны застаюцца цалкам аўтаномнымі ад грамадства.

2) Крызіс легітымнасці беларускай апазіцыі і ейных лідэраў. Беларуская апазіцыя шмат у чым паўтарае тыя самыя працэсы, якія адбываюцца і ва ўладзе. Яна сама застаецца непададказнай перад грамадствам (якім чынам грамадзянін Беларусі можа ўзяць удзел у дзейнасці апазіцыі, калі ён не хоча стаяць са сцягам?). Яна сама, на жаль, дэманструе дэфіцыт дэмакратыі ў сваіх уласных дзеяннях. Больш за тое, яна нават і не спрабуе шукаць грамадскай легітымнасці. Складаецца ўражанне, быццам дастаткова і таго, што нейкія структуры пасля доўгіх і складаных перамоваў вырашылі намінаваць найлепшага прадстаўніка адразу і непасрэдна ў «героі нацыі». Але так не бывае. Увасабленнем падобнай стратэгіі ёсць Аляксандр Мілінкевіч, які атрымаў легітымацыю за кошт існых апазіцыйных структур, але, на жаль, так і застаўся адзіным лідэрам аб’яднанай апазіцыі. З аднаго боку, ён добра заявіў пра сябе ў Еўропе і эстэтычна задавальняе большасць грамадзянаў, якія не падтрымліваюць Лукашэнку, — хоць бы таму, што можа даць інтэрв’ю на замежнай мове, прыстойна выглядае і выказвае правільныя думкі. З другога боку, ён створаны паводле лякалаў еўрапейскага лідэра, і ў гэтым сэнсе відавочны парадокс: у Еўропе цяпер няма моцных лідэраў. Мілінкевіч жа вымушаны і выконваць ролю лідэра нацыі (хоць ён толькі лідэр апазіцыі), і мусіць гуляць паводле некаторых еўрапейскіх правілаў, якія не заўсёды падыходзяць, калі ўзнікае патрэба вывесці людзей на плошчу.

Што да Аляксандра Казуліна, то тут гаворка ідзе пра другі ўзровень легітымацыі — не столькі за кошт партыйнай структуры (далёкай ад народа), колькі дзякуючы «хрэсьбінам» трыбунай, плошчай і паходам на Акрэсціна. Такога кшталту інстытуцыянальнае прадпрымальніцтва ў сітуацыі аўтарытарнага рэжыму можа стаць эфектыўным. «Псеўдасярэдні клас» у Беларусі не з’яўляецца «дзіцем» рынку і правоў уласнасці — ён ёсць утрыманцам дзяржавы.Як вопытны маркетолаг Казулін выкарыстаў тыя магчымасці, якія яму дае рынак: ён дакладна ўспрыняў кан’юнктуру палітычнага рынка і выкарыстаў усе тыя асіметрыі ўлады, якія толькі можна было выкарыстаць. Іншымі словамі, ён гуляе ў сваю гульню менавіта з інстытуцыянальнай структурай палітыкі, а не ў межах і рамках гэтай палітыкі.

3) Крызіс вонкавых фактараў. Абывацелю дастаткова складана меркаваць пра замежную арыентацыю лідэраў беларускай апазіцыі. Папулізм (і з Расіяй, і з Еўрасаюзам) калі і можа задаволіць неспрактыкаваную душу беларуса, то ніяк не можа задаволіць палітыкаў — ці то расійскіх, ці то еўрапейскіх. Еўропа ўжо навучаная вопытам сімуляцыі еўрапеізацыі (у прыватнасці, адаптацыі acquis communataure) элітамі ў Балгарыі і Румыніі. Вось чаму «быць разам з Еўропай» у тэрмінах Еўрасаюза азначае цесную кааперацыю ў рамках палітыкі добрасуседства з далейшым леверэджам і працэдурай імплементацыі «акіса». Аляксандр Мілінкевіч такіх абяцанняў не даваў. Такім чынам, прыводзіць краіну ў адпаведнасць з патрабаваннямі аб’яднанай Еўропы — значыць пабудаваць ліберальную дэмакратыю разам з грамадска‑рэгуляванай рынкавай эканомікай. Расія ўжо стамілася ад пацалункаў у абмен на нафту і газ. «Быць разам з Расіяй» — значыць паўтарыць расійскую мадэль: прайсці шляхам праз алігархічную дэмакратыю да ліберальнай аўтакратыі, сумешчанай з карумпаванай эканомікай, і зрабіць эканоміку максімальна зручнай для пошуку рэнтаў як нацыянальнымі, так і расійскімі элітамі. І Аляксандр Казулін, відаць, такіх абяцанак не даваў. Натуральна, што такая нявызначанасць ёсць часткай больш шырокай праблемы — адсутнасці выпрацаванай стратэгіі.

4) Крызіс стратэгіі апазіцыі можна ўмоўна падзяліць на складнікі. З аднаго боку, адзінай стратэгіі, здаецца, няма зусім, як няма і агульнага бачання развіцця Беларусі. Апазіцыя цалкам ігнаруе патэнцыянальную інерцыйнасць беларускай сістэмы — залежнасць ад абранага шляху (path dependency), якая ў беларускіх рэаліях шмат у чым будзе вызначаць спосабы выхаду з аўтарытарызму. Дэкларацыі лідэраў апазіцыі застаюцца, хутчэй за ўсё, маніфестацыямі і пустымі слоганамі: «За Беларусь!», «За дэмакратыю!», «За свабоду!», «За еўрапейскую будучыню!» і г.д. Праблема палягае ў тым, што работа ідэалагічных апаратаў улады здолела дыскрэдытаваць усе гэтыя паняцці: дэмакратыя выступае ледзь не лаянкай, капіталізм абавязкова канатуе да алігархаў — энергетычных вампіраў нутра зямлі рускай і раскрадальнікаў народнага дабрабыту, а свабода — да ксенафобіі і фрустрацыі. Слушная стратэгія, з аднаго боку, павінна вызначаць канкрэтныя задачы, транзакцыйны кошт імплементацыі якіх не будзе перабольшваць патэнцыянальнай аддачы, і валодаць мабілізацыйнай сілай. Для румынаў, напрыклад, «еўраінтэграцыя» азначае вольны рынак працы, легалізацыю сваякоў за мяжой і г. д. Такія сувязі з мэтавымі групамі, якія маглі б падтрымаць гэтага кшталту праграмы, у нас не ўзніклі. Нарэшце, у стратэгіях партыяў практычна цалкам ігнаруюцца пытанні эканамічнай рэформы — не вызначаюцца патэнцыйныя бенефіцыяры, з дапамогай якіх такую рэформу можна было б «выцягнуць», не вызначаюцца ні хуткасць, ні памер, ні варыянт рэформы, ні кампенсацыйныя пакеты тым, хто ад рэформы прайграе. Баюся, нават і ўяўлення пра ўсю комплекснасць праблемы рэфармавання краіны з кансалідаванай неліберальнай аўтакратыяй, сумешчанай з неліберальнай эканомікай, не існуе ўвогуле.

Акрамя таго, назіраючы за дэфіцытам дэмакратыі ў апазіцыйных палітычных партыях, цяжка ўявіць, што, калі яны прыйдуць да ўлады, шырокія грамадзянскія кааліцыі будуць уключаныя ва ўкладанне пактаў дэмакратычных і эканамічных рэформаў. Сучасная стратэгія зводзіцца, на жаль, да чакання таго, што ўсё гэта неяк само па сабе спыніцца. Лукашэнка, як deus ex machina, зменіцца іншым deus ex machina і ў Беларусь прыйдуць дэмакратыя і лібералізм.

Парадокс беларускай улады ў тым, што яна вучыцца значна хутчэй, чым апазіцыя, яна здольная змяняцца і прыстасоўвацца пад уплывам асяроддзя. Інстытуцыянальная дынаміка выклікае да жыцця і дэтэрмінуецца самой рацыянальнасцю, якая зусім незалежная ад персанальных асаблівасцяў прэзідэнта. А наша апазіцыя ўпарта працягвае дэманізаваць і змагацца з адным чалавекам — прэзідэнтам краіны.

Эфектыўныя апазіцыйныя партыі і іхнія лідэры ва ўмовах аўтакратычнага рэжыму, які валодае манаполіяй на рэпрэзентацыю любых грамадскіх інтарэсаў, немагчымыя. З іншага боку, беларуская апазіцыя робіць уладзе вялікую ласку самім фактам свайго існавання. Праблема крызісу партыйнай рэпрэзентацыі датычыць і Беларусі — страчаныя лучывы паміж партыямі і грамадствам, у сувязі з гэтым большасць працэсаў, якія адбываюцца ў апазіцыі «наверсе», не аказваюць ніякага ўплыву на грамадства. Частка адказнасці за гэта ляжыць на рэжыме Лукашэнкі, аднак не варта ігнараваць і інэрцыйнасці беларускага грамадства, і адсутнасці традыцый грамадзянскай культуры і сацыяльнай мабілізацыі.

У беларускай апазіцыі няма бачання развіцця беларускай сітуацыі, як і няма патэнцыйнай мабілізацыйнай здольнасці. Акрамя таго, улада стала значна больш адаптыўная і адкрытая для інавацыяў і зменаў, што гарантуе яе выжывальнасць. Апазіцыйныя партыі, якія ненавідзяць і прэзідэнта, і адна адну (?), наўрад ці здольныя пераадолець інфармацыйныя асіметрыі і, здаецца, не разумеюць галоўнага. Праўленне Лукашэнкі небяспечнае не тым, што апошнія 12 гадоў тут умацоўваўся нейкі гібрыдны дыктатарскі рэжым, а тым, што тут сфармавалася і кансалідавалася пэўная сістэма сацыяльных інстытутаў. Менавіта таму няма асаблівых падставаў дзеля таго, каб звязваць магчымасць трансфармацыяў са зменай улады. Нават у тым разе, калі да ўлады прыйдзе новы лідэр (няхай ён будзе значна розніцца ад Лукашэнкі эстэтычна і палітычна), наўрад ці гэта прывядзе да значных і хуткіх зменаў палітычных практык. Усё ж такі будучыня будуецца не на руінах мінулага, а з гэтых самых руінаў.

Ёсць зусім асобная логіка інстытуцыянальнага развіцця і, адпаведна, варыянтаў яе ідэалагічнай легітымацыі. А ёсць Лукашэнка, які гэтую функцыянальную логіку развіцця дапаўняе і афарбоўвае ў свае ўлюбёныя колеры. Вось нарадзіўся б ён, напрыклад, у іншай вобласці — і Нацыянальная бібліятэка была б іншая — квадратная, ці ў выглядзе піраміды. Але вось тое, што нешта такое трэба было б пабудаваць, каб давесці усім, што мы найлепшыя, — гэта ўжо прадыктавана развіццём палітычных і эканамічных інстытутаў. Адбылося, на мой погляд, нейкае замыканне шляху Беларусі з кансалідацыяй рэжыму Лукашэнкі — сістэма будзе валодаць такой інерцыяй, што мяняць нешта будзе значна складаней (транзакцыйныя выдаткі), чым працягваць у тым самым духу. Ну хіба што ўжо з квадратнымі бібліятэкамі... Каторыя беларуская апазіцыя працягвацьме крытыкаваць.

  палітоляг, дактаранат «European University Institute» (Флярэнцыя). Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (53) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/04/16