A R C H E | П а ч а т а к | № 1-2 (53) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ | ||||
Частка формулы, якая мела вынікам Лукашэнку
Кравченко, Пётр. Беларусь на распутье, или Правда о Беловежском соглашении: Записки дипломата и политика. —
Палітыкаў у Беларусі засталося няшмат, таму палітычныя мемуары, калі яны з’яўляюцца, — заўсёды добрая навіна для чытача, што цікавіцца найноўшай гісторыяй краіны. Кніга былога міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі яшчэ і надзвычай цікавая, поўная інфармацыі і высноваў, а акрамя таго — вельмі лёгка чытаецца. Усё ж стыль і далягляд заўзятага бібліяфіла і, хай на мяне не скардзяцца, міліцэйскага генерала адрозніваюцца на некалькі парадкаў. Аднак да апошняй старонкі мяне не пакідала ўражанне, што, акрамя ўголас выказаных думак, у мемуарах спадара Краўчанкі ёсць нейкі схаваны падтэкст. Як быццам усё напісана моцна і талкова, але навязваецца штосьці такое, з чым прынцыпова згадзіцца і прыняць чаго не магу. Зрэшты, такое адчуванне цалкам нармальнае, калі прыняць пад увагу, што пісаў жа мемуары дыпламат. Краўчанкава кніга — толькі прыкладна на пятую частку тое, пра што заяўлена ў падзагалоўку, — «праўда пра Белавежскае пагадненне». Здаецца, падзагаловак кнігі — гэта толькі маркетынгавы ход, які, магчыма, накіраваны на тое, каб прыцягнуць да яе ўвагу расейскага чытача (кніга, вядома ж, друкавалася ў Маскве). Спадар Краўчанка цудоўна разумее гістарычнасць падзеі, якую не ў стане затушаваць разнастайныя выкрыцці пракамуністычных і праімперскіх аратараў. Ён, вядома, аддаў даніну пэўнаму камізму падзей канца 1991 г. у Віскулях: то звычайнай друкаркі не было, каб выдрукаваць лёсавызначальны дакумент, то Шушкевіч, падхапіўшы Ельцына, што падаў з прыступак, зрабіў свой, можа, самы значны ўнёсак у гісторыю (за што з барскага пляча, ці, хутчэй, кішэні, быў узнагароджаны гадзіннікам, які потым усім паказваў). Параўноўваючы са сведчаннямі іншых удзельнікаў падзеяў, напрыклад, былога расейскага прэм’ера Ягора Гайдара, разнабояў у мемуарах няма, так што, хутчэй за ўсё, менавіта так яно і было. Цікавая дэталь толькі тое, як тагачасны старшыня КДБ Беларусі Эдуард Шыркоўскі падчас апавяшчэння канчатковага дыягназу СССР увесь час сігналізаваў у Маскву Гарбачову, прапануючы «накрыць усю гэтую каманду», і як хуценька-асцярожненька разбягаліся з Белавежскай пушчы два прэзідэнты і адзін спікер, каб, крый Божа, насамрэч нічога не здарылася. Нашмат болей, чым пра Белавежскія пагадненні, у мемуарах кажацца пра тое, пра што і ў асноўным загалоўку, — пра Беларусь і яе раздарожжа. Краўчанка відавочна не проста пераказвае гісторыю, але і імкнецца паказаць у ёй ролю асобы. Дзякаваць Богу, не толькі спадара Лукашэнкі — кажу шчыра, бо хацелася ўжо прачытаць і пра штосьці іншае. Каларытнасць намаляваных у кнізе вобразаў лідараў і правадыроў буйнога і дробнага памеру, вядома, саступае, напрыклад, вобразам тых самых персанажаў, алегарычна раскрытых у кнізе Яўгена Будзінаса «Дураки». Але ўсё роўна цікава і павучальна. Спадар Краўчанка таксама (а можа, і перш за ўсё) імкнецца паказаць ролю сваёй асобы, на што як першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі і адзін з асноўных палітычных гульцоў далукашэнкаўскай эпохі ён, канечне, мае поўнае права. Іншая справа, што кантраст паміж дзяржаўным мужам еўрапейскага памеру і зграяй дробязных правінцыйных небаракаў выглядае занадта нацягнутым, нават сумнеўным. Тое, што паводле здольнасцяў і інтэлекту Краўчанка вылучаўся на фоне беларускай эліты, альбо ўсіх трох элітаў, у якіх ён паспеў засвяціцца, — наменклатурнай, апазіцыйнай і лукашэнкаўскай — гэта безумоўна. Але ці не быў ён сам пэўнай часткай той формулы, якая ўрэшце мела вынікам Лукашэнку? Сам аўтар, відавочна, імкнецца даць адмоўны адказ, але вось акурат тут могуць з’явіцца вялікія сумненні. Як і можна было чакаць, вялікая частка кнігі адводзіцца пад успаміны спадара Краўчанкі пра сваю дыпламатычную дзейнасць на пасадзе міністра замежных спраў і пра поспехі беларускай дыпламатыі, якія былі пры ім дасягнутыя. Канечне, аўтар мае на гэта поўнае права, тым больш што аніводзін ягоны наступнік не надаваў (з вядомых прычынаў) столькі ўвагі і высілкаў прамоцыі беларускай культуры ў свеце. Таксама не выклікае сумневаў (і таксама зразумела — чаму), што і пошукі крыжа Святой Еўфрасінні, і «раскрутка» імя Скарыны, і спробы ангажаваць у беларускія справы сусветную палітычную і эканамічную эліту — усе гэтыя рэчы былі асабістай ініцыятывай Краўчанкі — таксама як і трохі авантурная задумка з вылучэннем Беларусі прэтэндэнтам на сяброўства ў Радзе Бяспекі ААН. Я тут не пра мэтазгоднасць такога вылучэння, а пра тое, як яго імкнуліся дасягнуць. Распавядаючы пра абыякавасць кіраўніцтва Беларусі, спадар Краўчанка неяк забыўся ўзгадаць пра абсалютна бязглуздую і небяспечную спробу шантажаваць Латвію тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі ў выпадку адмовы ад падтрымкі Беларусі ў ААН. Пры гэтым Краўчанка з горыччу распавядае, як яго цкавалі і адкрыта падстаўлялі і беларускае кіраўніцтва, і былы амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Сворц. Аднак чаго іншага было спадзявацца пры такой гульні, якую страту маглі ўчыніць краіне такія захады і якога яшчэ стаўлення да сабе можна было чакаць? Разважаючы пра палітычную кар’еру спадара Краўчанкі, мне цяжка быць аб’ектыўным, не валодаючы ўсёй інфармацыяй пра ягоную дзейнасць. Аднак з таго, што можна ўзгадаць па памяці, ён сапраўды вылучаўся на тагачасным палітычным фоне спачатку БССР, а потым і маладой незалежнай Беларусі. Яго аднаго з нямногіх прадстаўнікоў старой наменклатуры (хоць ён і быў надзвычай маладым яе прадстаўніком) можна аднесці да катэгорыі нацыянал-камуністаў — той часткі камуністычнай эліты, якая пабачыла ў развале імперыі не пагрозу, а перспектыву для, калі можна так сказаць, «перафарматавання» і самалегітымізацыі. Пры гэтым наменклатуры ён служыў верна, чаго, аддамо даніну, і сам не адмаўляе (хоць і імкнецца пераканаць чытача, што пры гэтым ён паслядоўна сціскаў «фігу ў кішэні»). Думка пра тое, што менавіта адсутнасць такой праслойкі нацыянал-камуністаў не дазволіла Беларусі пайсці не лукашэнкаўскім, а, скажам, украінскім шляхам і ўрэшце прывяла да дыктатуры, з перспектывы часу сёння падзяляецца многімі многімі. Краўчанка сваімі назіраннямі за старой наменклатурай слюнькоўска-сакалоўскага разліву дапамагае зразумець, чаму такой праслойкі ў Беларусі не было і, мабыць, не магло быць. Дастаткова эпізоду, калі Слюнькоў, учыніўшы разнос Генадзю Барташэвічу, колішняму сакратару ЦК, за тое, што той выступіў публічна па-беларуску, загадаў яму «больше не распинаться перед свиньями». Але відавочна, што ў той самы час аўтар усімі сіламі імкнецца паказаць, што, за выключэннем Генадзя Барташэвіча, на такую ролю ў Беларусі мог прэтэндаваць толькі ён. Што наводзіць на гэтую думку? Перш за ўсё, стараннае і паслядоўнае пераконванне чытача ва ўласным дэмакратызме і латэнтнай апазіцыйнасці сістэме, пачынаючы з сумнавядомых падзеяў 1986 г., першай дэманстрацыйнай правакацыі партыйных уладаў супраць нацыянальных актывістаў за гарбачоўскімі часамі. Прыводзяцца шматлікія доказы недатычнасці Краўчанкі — сакратара менскага гаркама па ідэалогіі — да самых адыёзных і пачварных акцыяў сакалоўскага кіраўніцтва тых часоў. Можа, тагачасным апанентам аўтара ёсць што дадаць ці запярэчыць, але гэта не важна. Той самы Краўчук, да таго як перафарбаваўся ў нацыяналіста, быў далёка не анёлам адносна нацыянальнай культуры і інтэлігенцыі. Не верыць у шчырасць беларускасці Краўчанкі ў мяне таксама няма аніякіх падставаў — гэта азначала б не паверыць і тысячам тых (уключаючы многія дзесяткі асабістых сяброў і калегаў), якія ўсвядомілі сябе беларусамі менавіта ў той час. Канечне, Краўчанку не хапала ў свой час статусу і вагі, каб стаць беларускім Краўчуком і Бразаўскасам. Перспектывы нейкія былі. Як магчымага палітычнага канкурэнта яго рана запрыкмеціла апазіцыя БНФ і, нягледзячы на яго прыхільнасць да беларушчыны, актыўна не любіла і відавочна асцерагалася (гатоў паспрачацца з кім заўгодна, што, выбіраючы паміж Дземянцеем і Краўчанкам, той самы Зянон Пазьняк тады хутчэй згадзіўся б на спадара Дземянцея). Аднак ягоныя паводзіны і ўласная нарацыя выкрываюць у ім перш за ўсё прадстаўніка, хай сабе і бадай самага яскравага, той бязглуздай наменклатуры, якой перадаліся пэўныя рысы і стыль паводзінаў, у тым ліку і асцярожнасць, нежаданне заўчасна лезці на ражон, пэўны страх перад уласнай палітычнай гульнёй. Краўчанка прадстаўляе такія свае паводзіны перш за ўсё як праяву прыстойнасці і лаяльнасці камандзе, за якую ён гуляў. Гэта, безумоўна, не самая дрэнная чалавечая рыса. Але разам з гэтай камандай ён даў сабе зацягнуцца ў балота, у якім усе разам патанулі, а выпаўзалі ўжо паасобку (за выключэннем тых, хто заўчасна «навастрыў лыжы» да пераможцаў — дадамо дзеля праўды, што самога Краўчанкі ў тым сегменце «Тытаніка» кебічаўскай наменклатуры першапачаткова не аказалася). Свой палітычны стыль Краўчанка сам раскрыў, распавёўшы пра эпізод з прапановай Кебіча прызначыць яго намеснікам прэм’ера па сацыяльных пытаннях у 1990 г., якую ён адхіліў. Апрача тлумачэнняў аўтара, што займацца тым, чым ён займаўся ў гаркаме, яму было больш нецікава, відавочна і іншае: такі шалёны кар’ерны ўзлёт для яго азначаў бы прыняцце адказнасці за стопрацэнтна правальны ў той час кірунак, а следам за ім — поўны крах палітычных перспектываў. Не рызыкаваў Краўчанка і надалей. А рызыка — гэта ўсё ж такі неабходная якасць любога амбіцыйнага палітыка, які імкнецца да большага. Выказваю гэтыя меркаванні толькі таму, што сам спадар Краўчанка занадта ж часта нагадваў пра тое, як і колькі разоў ён разглядаўся рознымі групоўкамі як прэтэндэнт на беларускі палітычны Алімп. І ў 1990 г., калі яго трымала ў запасе наменклатура сярэдняга звяна на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, і ў 1994 г., калі прамыслоўцы раптам абвясцілі яго магчымым кандыдатам у прэзідэнты, і ў 1996 г., калі заходнія дыпламаты называлі яго адзіным годным канкурэнтам Лукашэнкі (увесь час, праўда, Краўчанка падае гэтыя меркаванні і вылучэнні як падставы, за якія ён нацярпеўся, перш за ўсё ад Кебіча). Палітычныя амбіцыі — рэч не ганебная, і саромецца іх не трэба. Ды і заднім чыслом, калі б замест Лукашэнкі прэзідэнтам зрабіўся б Краўчанка, асабіста я быў бы толькі шчаслівы. Праблема, безумоўна, не ў тым, хто стаў, а хто не стаў прэзідэнтам, а ў тым, хто здолеў ці не здолеў браць на сябе ў крытычныя моманты палітычную адказнасць і ініцыятыву. А тут, што ў 1994-м, што ў 1996-м, у аўтара — пераважна апраўданні і памкненне спіхнуць адказнасць за правалы як кебічаўскага ўрада, так і Вярхоўнага Савета 13 склікання на кагосьці іншага ці на аб’ектыўныя абставіны. Азіраючыся на драматычныя падзеі найноўшай гісторыі Беларусі, Краўчанка імкнецца іх пераасэнсаваць, прад’явіць сваё бачанне. Трэба сказаць, ягоныя высновы не занадта арыгінальныя. Тое, што наменклатура люта ненавідзела беларускасць, мы ведаем і нават добра памятаем, як ненавідзела. Тое, што Беларусь дакацілася да лукашызму праз адсутнасць пачуцця гістарычнай адказнасці і здольнасці да стратэгічнага кампрамісу паміж рознымі часткамі беларускай эліты тых часоў, — таксама. Не сакрэт і тое, што Станіслаў Шушкевіч быў, мякка кажучы, слабым палітыкам, няздольным стаць лідарам нацыі. Тое, што Вячаслаў Кебіч, як кажуць, зажраўся і прафукаў уладу, мы таксама памятаем. Таксама як памятаем пра авантурызм «маладых ваўкоў». Як і пра поўную бесхрыбетнасць кіраўніцтва Вярхоўнага Савета 13 склікання, якое бязвольна капітулявала перад Лукашэнкам. Ну а пра шлях «віртуальнага змагання», абраны апазіцыйным Тое, што наменклатура люта ненавідзела беларускасць, мы ведаем і нават добра памятаем, як ненавідзела.кіраўніцтвам пасля 1996 г., за які яго літаральна разносіць Краўчанка, пісалася і казалася шмат і доўга. Як відавочца падзеяў Краўчанка дадае да гэтых збольшага стандартных высноваў шмат новых адценняў, якія вядомыя толькі непасрэднаму ўдзельніку падзеяў. Дадае ў такой форме, што адразу адчуваецца імкненне звесці рахункі. Асабліва з Шушкевічам, якога Краўчанка відавочна, мякка кажучы, не любіць. Болей за тое, Краўчанка лічыць сябе хіба не палітычным бацькам Шушкевіча, распавядаючы пра тое, як ледзьве не сам, будучы страшынёй гаркама партыі, прасоўваў яго па службовай лесвіцы (спадар Шушкевіч, дарэчы, першы раз у жыцці стаў прарэктарам, калі спадар Краўчанка быў хіба ў войску). Не ведаю, але калісьці на свае вочы назіраў, як пра свае правы «палітычнага бацькі» Шушкевічу проста ў вочы заяўляў Зянон Пазьняк. Калі так не любіце дзіця, то навошта так упарта змагацца за бацькоўства. Калі чытаеш пра паводзіны і выбрыкі першага фармальнага кіраўніка незалежнай Беларусі, пра яго прыстасавальніцтва, панічнае нежаданне прымаць цяжкія рашэнні ці ўвогуле рабіць выбар, пра дробязныя і не вельмі дробязныя падставы, не ведаеш, ці смяяцца ці плакаць. (Што-што, а тое, як падчас візіту ў Польшчу ў 1992 г. Шушкевіч перайшоў з беларускай мовы на расейскую, калі польскі дыпламат папрасіў яго размаўляць на общепонятном языке, сапраўды шакавала, улічваючы, што гэта быў Шушкевіч, а не лукашэнкаўскі вертыкальшчык). Праўда гэта ці не — хай вырашаюць спадары Шушкевіч і Краўчанка, аднак, мяркуючы па тым, што замалёўкі з натуры не супярэчаць паводле духу з уласнымі назіраннямі за гэтым палітыкам, то прынамсі выглядае падобным на праўду. Яшчэ адзін палітык, якому Краўчанка адкрыта помсціць, малюючы з яго прыдворнага блазна, гэта іншы спікер беларускага парламента, ужо 13 склікання, Сямён Шарэцкі. Тут, як кажуць, ёсць за што, бо ганебная і баязлівая здача канстытуцыі і парламента ў лістападзе 1996 г. большасці з нас не забудзецца ніколі. Трошкі большым адкрыццём было апісанне амаль такой самай панічнай бязвольнасці Кебіча, які, са словаў Краўчанкі, мусіў з’язджаць з Мінска, каб за яго нейкую непапулярную пастанову падпісаў Мясніковіч. У цэлым, да Кебіча як да былога патрона Краўчанка ставіцца вельмі лаяльна і абыходзіць самыя вострыя моманты (толькі хіба ў адным месцы ўзгадваючы пра папойкі падчас перадвыбарчай кампаніі). Таксама дзіўна (або не дзіўна), што так шмат распавядаючы пра тое, як беларускія палітыкі ездзяць у Маскву за ярлыком, пра халуйскія паводзіны ўжо згаданых Шушкевіча і Шарэцкага, аўтар забываецца пра тыя саладжавыя пацалункі з Чарнамырдзіным і памкненне здаць Беларусь у абмен на ўладу, якое дэманстраваў сам Кебіч падчас прэзідэнцкай кампаніі. Болей за тое, разважаючы пра паразу Кебіча, недальнабачнасць свайго былога патрона і здраду ўнутранага кола былога прэм’ера, Краўчанка прадстаўляе сябе выключна як ахвяру, чалавека, якога не зразумелі і недаацанілі, які мусіў ціха займацца сваёй справай у перадвыбарчым штабе — ўлёткамі, плакатамі. Аднак можна дадаць і ўзгадаць, як кебічаўскія прапагандысцкія матар’ялы толькі падлівалі смалы ў агонь нянавісці да Кебіча... Успаміны пра Вярхоўны Савет 13 склікання і пра трагедыю лістапада 1996 г. цяжка чытаць спакойна — ці то ў гэтай кніжцы, ці то дзе яшчэ. Тут ізноў шмат новага мы не даведаліся. Вінаватыя, як кажуць, вядомыя, наступствы відавочныя. Аддамо даніну спадару Краўчанку за тое, што ён ніколі не адклікаў свайго подпісу пад зваротам пра імпічмент Лукашэнкі ў Канстытуцыйны суд. Шкада толькі, што аўтару гэтых радкоў персанальна давялося перагаварыць не з адным дзесяткам удзельнікаў тых падзеяў, і кожны раз даводзілася чуць адно і тое самае — маўляў, нехта здрадзіў, нехта прагнуўся, нехта збаяўся, нехта не здолеў, нехта, нехта, нехта... У перамогі шмат бацькоў, параза — сірата. Калектыўнае дзеянне, супраціў, барацьба — гэта не толькі гуртаванне ў кагал, гэта перш за ўсё сума індывідуальных высілкаў, цвёрдасці, гатоўнасці ісці да канца. Што з таго, што Шарэцкі аказаўся «трапкай», калі Краўчанка ці хто іншы (дайце любое прозвішча дэпутата ВС 13-га склікання, за выключэннем двух ці трох) пачынаюць заяўляць аб правале імпічменту толькі праз некалькі год, карыстаючыся гэтым як пэўнай індульгенцыяй? Калектыўная безадказнасць — рэч такая ж зручная для нашых палітыкаў, як калектыўны сэкс — для савецкага турыста, які дацяміў, што заўжды можна саскочыць. Палітык А моўчкі выйшаў з будынка Вярхоўнага Савета, таму што тое самае зрабілі палітыкі В, С, D, і Е. Колькі разоў мы ўжо чулі такія тлумачэнні, аднак гэта не мяняе сутнасці. Моўчкі выйшлі ўсе разам і кожны паасобку. Выключэнні, вядома, былі, і перш за ўсё — Віктар Ганчар. Пра Ганчара Краўчанка ў канцы кнігі кажа многа як пра адзінага, хто адмовіўся гуляць у віртуальную апазіцыю, да якой урэшце скаціліся аскепкі парламента 13 склікання. Другім дэпутатам, які адмовіўся гуляць у гэтую гульню, быў, вядома, сам Краўчанка. Тут ён зноў пераказвае ўсё, што ўжо даўно было сказана, — і пра грантасмокаў, і пра ваяжы на Захад, і пра тое, што частку апазіцыі спадар Лукашэнка цалкам задавальняў, бо дазваляў захаваць «элементы салодкага жыцця» без аніякай палітычнай ці грамадскай адказнасці ў нагрузку, і пра тое, што Вярхоўны Савет літаральна здаў Ганчара, калі той знік (з гэтым не пагадзіцца нельга; дадамо, што здаў яго таксама і Захад: паводле маіх успамінаў, нават у сакавіку 2000 г., праз паўгода пасля гэтага знікнення, кіраўнік групы АБСЕ ў Менску Ханс-Георг Вік катэгарычна адмаўляўся нават размаўляць пра тое, што Ганчара выкралі і яго ўжо няма ў жывых. Бязглуздая, відавочна правальная задумка з перамовамі прывяла да таго, што тэма знікненняў заставалася дэ-факта па-за ўвагай). Так яно ці не так, але дзідаў з гэтай нагоды было зламана шмат. Аднак, як кажуць, той, хто хоча, шукае магчымасці, той, хто не хоча, шукае нагоды. Таму злоўжываць імем і лёсам Ганчара, каб апраўдаць уласны зыход з апазіцыі, не вельмі пасуе заслужанаму чалавеку. Урэшце, спадары Ганчар і Краўчанка пайшлі рознымі шляхамі, зрабілі розныя выбары. Першы назаўжды застанецца ў гісторыі Беларусі як лідэр, які не баяўся. Другі — як цудоўны міністр замежных спраў, разумны дэпутат, аўтар цікавых мемуараў — і амбасадар у Японіі, якому давялося выцерпець на сабе здзек і прыніжэнне (не толькі сябе — дзяржавы) падчас таго самага візіта прэзідэнта НАК Беларусі ў Нагана ў лютым 1998 г. Пятро Краўчанка меў поўнае права лічыць, што пераход да супрацоўніцтва з лукашэнкаўскім рэжымам на пасадзе, якая не вяла да ўдзелу ў аніякіх рэпрэсіях, быў лепшым варыянтам, чым знікненне ў апазіцыйным балоце. Ідучы на гэты крок, ён, аднак, мусіў разумець, што купляе квіток у адзін канец. Ён можа знайсці разуменне, нават спачуванне чытача, але наўрад ці можа разлічваць на тое, што ягоны аўтарытэт як публічнага палітыка калі-небудзь адродзіцца, асабліва пасля дзіўных абставінаў сканчэння ягонага амбасадарства ў Японіі, пра што ў мемуарах, са зразумелых прычынаў, не сказана ані слова. Урэшце, палітычнае лідарства і маральны аўтарытэт не церпяць зігзагаў і пошукаў апраўданняў — асабліва сёння, калі колькасць тых, хто не прыняў правілаў гульні і пайшоў на абардаж, прайшоў праз хіміі і Акрэсціна, праз плошчу Каліноўскага, адседзеў доўгія турэмныя тэрміны, вымяраецца ўжо не дзесяткамі. |
палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту — «Краўчанка на раздарожжы». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (53) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |