A R C H E | П а ч а т а к | № 1-2 (53) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ВОЙЦЕХ СЬЛЯШЫНСКІ | ||||
Барацьба дзяржаўных органаў зь беларускай дывэрсійнай дзейнасьцю на паўночна‑ўсходніх землях міжваеннай Польшчы (1920—1925)
Абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці народаў, якія насяляюць Сярэдня‑Ўсходнюю Эўропу, у 2‑й палове ХІХ ст. значна паскорылася ў выніку збройнага канфлікту Першай сусьветнай вайны і дзьвюх расейскіх рэвалюцыяў. Гэтым працэсам падлегла і беларускае грамадзтва, хоць у значна меншай ступені, чым іншыя народы ў гэтай частцы Эўропы. Ідэя пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы канфліктавала як з польскімі, так і з расейскімі дзяржаўнымі памкненьнямі. У выпадку польска‑беларускага канфлікту, акрамя нацыянальных элемэнтаў, аднолькава важнымі (а ў пэўных абставінах і важнейшымі) былі супярэчнасьці сацыяльна‑клясавага характару. На землях крэсаў прывілеяваная грамадзкая праслойка адназначна атаясамлівала сябе з палякамі.
Палітычныя ўмовы, якія складваліся з канца 1918 году, усё больш выразна паказвалі, што на абшары колішніх заходніх губэрняў Расейскай імпэрыі галоўнымі сіламі, якія будуць імкнуцца авалодаць сытуацыяй, стануць новая польская дзяржава і дзяржаўная структура, якая пачала выкрышталізоўвацца пасьля падзеньня царскага рэжыму1. Як польскі бок, так і маладая бальшавіцкая краіна хацелі здабыць беларусаў для правядзеньня ўласных ідэяў. Польская Рэспубліка прапаноўвала беларускаму боку расплывістую канфэдэрацыю, у той час як бальшавікі абяцалі перш за ўсё правядзеньне радыкальных сацыяльных рэформаў. Абедзьве канцэпцыі супярэчылі інтарэсам скліканага 25 сакавіка 1918 году ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, якая імкнулася будаваць уласную незалежную дзяржаўнасьць. Стварэньне ў 1919 годзе польскіх адміністрацыйных структураў пераходнага характару — Цывільнай управы ўсходніх земляў (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — паводле задумы мусіла стаць рэалізацыяй фэдэратыўнага ўладкаваньня будучай Польшчы, за якое выказваўся Язэп Пілсудзкі. Аднак штодзённая практыка фунцыянаваньня новай адміністрацыі прымусіла перагледзець пляны. Цывільная ўправа ўсходніх земляў, створаная паводле задумы Язэпа Пілсудзкага як прылада ажыцьцяўленьня фэдэралісцкіх канцэпцыяў, у рэчаіснасьці выявілася абсалютна непадрыхтаванай выконваць гэтую ролю. Польская супольнасьць крэсаў, будуючы структуру будучай дзяржаўнасьці, не лічыла мэтазгодным дзяліцца здабытымі пазыцыямі ні зь якімі іншымі нацыянальнасьцямі. Стварэньне польска‑літоўска‑беларускай фэдэрацыі ўспрымалася як бессэнсоўнае аслабленьне польскага элемэнту на крэсах. Структуры Цывільнай управы, якая, паводле задумы начальніка дзяржавы, мусіла зрабіцца мастком да пагадненьня паміж рознымі супольнасьцямі, што насялялі паўночна‑ўсходнія крэсы, былі амаль цалкам занятыя чыноўнікамі польскай нацыянальнасьці2. І сама фэдэралісцкая канцэпцыя будавалася з пункту гледжаньня інтарэсаў польскай дзяржавы, што не супадала са спадзяваньнямі літоўскай ці беларускай эліты. Польская палітыка ў 1919‑м і ў першай палове 1920 году ў дачыненьні да беларускага насельніцтва была ў значнай ступені адлюстраваньнем унутрыпольскіх палітычных спрэчак (сутыкненьня фэдэралісцкай канцэпцыі з інкарпарацыйнай). Не ставала пасьлядоўных, плянавых дзеяньняў. З аднаго боку, падаўляліся праявы беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, а з другога — дазвалялася дзейнасьць Беларускай вайсковай камісіі, «мэтай якой мусіла быць утварэньне для барацьбы з бальшавікамі падначаленай польскаму камандаваньню беларускай нацыянальнай арміі»3. |
гісторык, выкладчык Беластоцкага ўнівэрсытэту. Вывучае гісторыю ўсходняй Польшчы і Беларусі. Апошняя кніга — «Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934—1939» (2003). Пераклад друкуецца з ласкавай згоды аўтара. 1 Характар будучай расейскай дзяржавы ў 1918 ці 1919 годзе было цяжка прадказаць. Магла ўзьнікнуць дзяржава як буржуазнага, так і камуністычнага кшталту. 2 Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. Wydawnictwo Oddziału II Sztabu Generalnego. Warszawa, 3.11.1928 r. S. 86. — (Zbiory Biblioteki Uniwersytetu Warszawskiego).
|
Структуры Цывільнай управы насуперак назьве ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як установа акупацыйнага характару, гэта пацьвярджалі паводзіны часткі чыноўнікаў і перш за ўсё захады польскай арміі.
«Палякі, — чытаем у рапарце, падрыхтаваным ІІ аддзелам Генэральнага штабу, — часта злоўжывалі сваёй уладай, выкарыстоўваючы яе для разьлікаў зь сялянамі за зьнішчэньне сваіх уладаньняў падчас бальшавіцкай акупацыі. Такім чынам, яны дыскрэдытавалі сваімі паводзінамі польскую адміністрацыю»4. Надзею на прыняцьце новай улады шырокімі грамадзкімі масамі перакрэсьлівала, між іншым, абыходжаньне зь імі сілаў правапарадку. Замест таго, каб абараняць насельніцтва ад злоўжываньняў, жандармэрыя і паліцыя самі ўдзельнічалі ў іх5. Рэквізыцыі, якія самачынна рабілі мясцовыя камандзіры, разам з адсутнасьцю ўстановаў, што маглі стрымаць нарастаньне рабаўнічага промыслу, спрычыняліся толькі да абуджэньня настальгіі па «добрых царскіх часах» і мімаволі спрыялі пралітоўскай прапагандзе, а асабліва прабальшавіцкай6. Пад канец 1919‑га і на пачатку 1920 году пачала зараджацца левая беларуская партызанка, заснаваная на Беларускай партыі сацыялістаў‑рэвалюцыянэраў і бальшавіцкай Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў)7. Згодна з пагадненьнем меркавалася наладзіць у тыле польскіх войскаў партызанскія аддзелы і актывізаваць сярод беларусаў агітацыю за антыпольскае паўстаньне. Хоць у некаторых месцах падчас адступленьня польскіх войскаў даходзіла да нападаў на жаўнераў і маёнткі, гэтыя дзеяньні не адыгралі значнай ваеннай ролі падчас савецкага летняга наступу 1920 году, затое паспрыялі яшчэ большым рознагалосьсям у польска‑бальшавіцкіх стасунках8. Мілітарнае вырашэньне ваеннай кампаніі 1920 году і падпісаньне рыскага трактату не задавальнялі нацыяльна сьвядомых беларускіх асяродкаў. Канец польска‑савецкай вайны азначаў для беларускіх земляў падзел, а пабудова ўласнай дзяржавы з апірышчам на польскія дзяржаўныя інтарэсы зрабілася ў новых палітычных умовах немагчымая.
У ХАЎРУСЕ ЗЬ ЛІТВОЮЗ узьніклай палітычнай сытуацыяй не хацела згаджацца значная частка беларускіх дзеячаў, якія жадалі далей весьці барацьбу за ўтварэньне незалежнай дзяржавы. У новай палітычнай сытуацыі 1920 году натуральным хаўрусьнікам беларускіх памкненьняў зрабілася літоўская дзяржава, якая актыўна пратэставала супраць акупацыі Віленшчыны польскімі войскамі. Застарэлы польска‑літоўскі канфлікт ствараў рызыку паўторнага выбуху ваенных дзеяньняў, у якіх беларуская справа можа адыграць важную ролю9. У каардынаваных выступах нацыянальных меншасьцяў, якія насялялі землі польскай дзяржавы, літоўскі ўрад бачыў магчымасьць зьмяніць нявыгадныя палітычныя рашэньні і вярнуць Вільню10.Беларускія колы, засяроджаныя вакол ураду Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлава Ластоўскага, распачалі супрацоўніцтва зь літоўскім урадам у Коўне. Гэта сустрэла падтрымку зь нямецкага боку, які таксама імкнуўся аслабіць пазыцыі маладой польскай дзяржавы. Урад Ластоўскага атрымаў на падтрымку сваёй дзейнасьці 40 млн марак пазыкі11. Грошы мусілі быць прызначаныя на арганізацыю барацьбы супраць Польшчы. Гэтая барацьба мусіла кіравацца і каардынавацца літоўскім бокам, а ўсе беларускія аддзелы, якія знаходзіліся на абшары Літвы, былі падпарадкаваныя загадам літоўскага камандаваньня12. Незалежніцкія беларускія асяродкі лічылі ворагамі ідэі пабудовы незалежнай дзяржавы Польшчу і савецкую Расею. Гэта адбілася, між іншым, на скліканай у верасьні 1921 году ў Празе Беларускай нацыянальна‑палітычнай канфэрэнцыі. Аднак на практыцы выявілася, што пасьпяховыя дзеяньні можна весьці толькі ў дачыненьні да польскай дзяржавы. Спрыяла гэтаму палітычная сытуацыя — варожая пазыцыя Літвы і Нямеччыны да Польшчы, а таксама тое, што частка беларускіх дзеячаў (напр. сабраных у Беларускай партыі сацыялістаў‑рэвалюцыянэраў, т. зв. эсэраў) лічыла Расею краінай культурна бліжэйшай і менш варожай да беларускай ідэі13. Літоўскі ўрад, маючы нявырашаную праблему мяжы з Польшчай, вельмі актыўна і шчодра падтрымліваў дзеяньні ўраду Ластоўскага14. Узамен за гэта літоўцы выступалі на міжнароднай арэне як абаронцы перасьледаванага ў Польшчы беларускага народу. Яны атрымалі таксама згоду эміграцыйнага беларускага ўраду кіраваць у будучыні ад іх імя абшарамі, якія меркавалася забраць у Польшчы: Віленшчынай і Гарадзеншчынай. У новай, узніклай пасьля заканчэньня польска‑савецкай вайны палітычнай сытуацыі Літва здавалася найлепшай падтрымкай для незалежніцкіх беларускіх асяродкаў15. Заданьнем беларускага ўраду ў Літве была арганізацыя ўзброеных сілаў, якія мусілі распачаць асноўныя дзеяньні ў момант выбуху збройнага польска‑літоўскага канфлікту. На чале вайсковай структуры стаяў Галоўны беларускі штаб, падпарадкаваны камандаваньню Штабу літоўскай арміі. Поруч з адзінкамі, якія ствараліся на тэрыторыі Літвы, у Польшчы ўзьніклі чатыры паўстанцкія групы: І — віленская, ІІ — ашмянская, ІІІ — браслаўская, IV — гарадзенская16. Польская выведка выявіла, што фактычную дзейнасьць вялі ІІ група (штаб ва Ўцянах) і IV група (штаб у Мерачы), затое І і ІІІ групы існавалі толькі тэарэтычна. На чале камандаваньня фронту, якому падпарадкоўваліся дывэрсійныя аддзелы, што дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, стаяў падпалкоўнік Усьперскі [Uspierwski]. Стварэньне аддзелаў інсьпіравалася эмісарамі, прысланымі зь Літвы, аднак іх фактычнае разьвіцьцё ў найвялікшай ступені залежала ад пазыцыі мясцовага беларускага насельніцтва. Узбраеньне дастаўляў літоўскі бок. Рабілася гэта лёгка, бо польска‑літоўская дэмаркацыйная лінія (з нэўтральным пасам) ахоўвалася слаба17. Аднак паўстанцкія аддзелы, якія ствараліся з думкай пра будучую польска‑літоўскую вайну, часта адразу па фармаваньні пачыналі дывэрсійную дзейнасьць18. На Беласточчыне і Гарадзеншчыне яны нападалі на пастарункі, лесьнічоўкі, маёнткі, а таксама на крамы19. Аднойчы падпалілі склад драўніны ў Белавескай пушчы. Найбольш паказальнай акцыяй быў напад групы на чале зь Янам Грыцюком («Чортам») у ноч з 27 на 28 красавіка на мястэчка Кляшчэлі, дзе забілі двух паліцыянтаў, а таксама ўладальніка мясцовага рэстарану і ягоную маці20. Натуральнымі раёнамі дзеяньняў былі вялікія лясныя масівы21. Да звычайных заданьняў партызанаў належала правядзеньне шпіянажу, што палягаў галоўным чынам у выведцы актуальнага перамяшчэньня вайсковых адзінак і паліцыі, лякалізацыі мастоў, умацаваньняў ці складоў22. Разам з пачаткам асноўных дзеяньняў беларускія партызанскія аддзелы павінны былі распачаць выкананьне дывэрсіяў у тыле дзейных польскіх войскаў (зьнішчэньне тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, мастоў, чыгуначных шляхоў) і абуджаць сярод мясцовага насельніцтва антыпольскія настроі. У плянах, перахопленых польскай выведкай, меркавалася ўчыняць замахі на вышэйшых камандзіраў, атручваць ваду і харчы, якія дастаўляліся войску, і заражаць коней сапам. Беларускія ўлады падлічылі, што ім удалося зарганізаваць каля 12 000 закансьпіраваных чалавек, гатовых выступіць на загад23. Сярод гэтай групы пераважную большасьць складалі сяляне, якія, хутчэй за ўсё, ніколі ня ўдзельнічалі ні ў якіх збройных акцыях і ня дужа арыентаваліся ў палітычных нюансах таго пэрыяду24. Сярод тых, хто змагаўся ў партызанскіх аддзелах, толькі частка дзейнічала выключна з патрыятычных меркаваньняў пабудовы незалежнай Беларусі. Для іншых удзел у дывэрсійных групах ствараў магчымасьць адрэагаваць на прыніжэньні, якія спатыкалі беларускае насельніцтва з боку польскіх жаўнераў, паліцыянтаў ці чыноўнікаў. Частка беларускай інтэлігенцыі не магла знайсьці сябе ў новай рэчаіснасьці і разглядала міжваенную Польшчу як чужое дзяржаўнае ўтварэньне. На тэрыторыі Польшчы эсэры, зьвязаныя з урадам Ластоўскага, праводзілі актыўную дзейнасьць падчас выбарчай кампаніі 1922 году ў рамках Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэту. Пасьля заканчэньня кампаніі на базе мясцовых выбарчых камітэтаў была створана легальная арганізацыя — Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, якая, акрамя дабрачыннай дзейнасьці, праводзіла агітацыйную працу. Яна дапамагала нелегальнаму Паўстанцкаму камітэту арганізоўваць Брацтвы беларусаў, якія мусілі зрабіцца цэнтрамі антыпольскага супраціву25. У 1922 годзе дывэрсійную дзейнасьць, разьлічаную на падзеньне польскай дзяржавы, праводзіла таксама іншая беларуская арганізацыя — Саюз сялянскай самааховы, якая супрацоўнічала з камуністычнымі ўладамі ў Менску. Дывэрсійныя групы дзейнічалі на тэрыторыі Віленскага і Ашмянскага паветаў26. Арганізація апэлявала да ідэі пабудовы беларускай дзяржавы і аб’яднаньня з рэштай беларускіх земляў, што ўваходзілі ў склад бальшавіцкай дзяржавы. Дывэрсійныя аддзелы (т. зв. закардонныя) арганізоўваліся на тэрыторыі Польшчы ўжо з канца 1921 году. Арганізатарам баявых аддзелаў былі царскі палкоўнік Шчоткін (расеец) і Гэнрык Янсэн (латыш). Поруч з дывэрсіямі яны праводзілі таксама шпіёнскую і прапагандысцкую дзейнасьць. Вайсковы бок працы каардынаваў штаб арміі ў Смаленску27. Савецкія ўлады ўмела выкарыстоўвалі нацыянальныя памкненьні беларусаў, падтрымліваючы іх у змаганьні з польскім урадам. Дарма што заправілы беларусаў у Коўне і Маскве мелі іншыя палітычныя мэты, іх аб’ядноўвала супольнае жаданьне аслабіць польскую дзяржаву. Камандзіры асобных беларускіх аддзелаў не разумелі ўсіх нюансаў той палітычнай гульні. Агульная прапагандысцкая рыторыка, што наказвала выкінуць палякаў за Буг і Нарву, была блізкая беларусам, засяроджаным як у праковенскіх, так і прасавецкіх аддзелах. Галоўнай мэтай іх дзеяньняў было вызваленьне беларускіх земляў з‑пад польскага панаваньня28. У студзені 1923 году распачаліся актыўныя кансультацыі беларускіх палітыкаў з мэтай каардынацыі дывэрсійнай дзейнасьці. Перамовы вяліся ў Коўне, Менску і Маскве. Польская выведка не выключала, што гэта магло быць узгадненьне супольнага дзеяньня перад плянаванай атакай на Польшчу29. Да супольных ваенных дзеяньняў не дайшло, а літоўскі бок (пасьля прызнаньня 15 сакавіка Радай паслоў Лігі нацыяў дэмаркацыйнай лініі паміж Польшчай і Літвой у якасьці дзяржаўнай мяжы) пачаў адыходзіць ад ранейшай палітыкі, скіраванай на дэстабілізацыю сытуацыі ў Польшчы пры дапамозе беларускіх дывэрсійных аддзелаў30. Пазбаўленыя палітычнай і ваеннай падтрымкі дывэрсійныя аддзелы ўсё больш пасьпяхова ліквідоўваліся польскімі ўладамі. Дзеля гэтага поруч з паліцыяй выкарыстоўваліся вайсковыя аддзелы31. У траўні 1923 году ў Беластоку адбыўся першы такі шматлікі (судзілі 45 чалавек) працэс нацыянальнна‑палітычнага характару32. Ён выклікаў жывую цікавасьць як польскіх, так і беларускіх колаў33. Дваццаць асобаў былі асуджаныя на пакараньне ад аднаго году цяжкіх працаў да пажыцьцёвага зьняволеньня (сярод гэтай групы быў пасол Сяргей Баран, асуджаны на 6 гадоў), затое астатнія дваццаць пяць падсудных былі апраўданыя34. Пасьля таго, як літоўцы перасталі падтрымліваць ідэю беларускага паўстаньня і на Беласточчыне й Гарадзеншчыне былі ліквідаваныя дывэрсійныя групы, ідэю аб’яднаньня беларусаў працягвалі выкарыстоўваць савецкія ўлады. Таму ў выніку падзеяў астатнія беларускія нацыянальныя кансьпірацыйныя арганізацыі ўсё большую надзею ўскладалі на польска‑савецкую вайну і беларускае паўстаньне. Паступова камуністычны рух на паўночна‑ўсходніх землях міжваеннай Польшчы пачаў натуральным чынам прывабліваць, а потым паглынаць чарговыя беларускія дывэрсійныя групы, якія раней функцыянавалі ў рамках Брацтва беларусаў, Саюзу сялянскай самааховы ці Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. І хоць яшчэ ў лютым 1924 году МУС зрабіла заяву пра тое, што вясной можа адбыцца беларуска‑ўкраінскае паўстаньне, інсьпіраванае Ластоўскім (што не пацьвярджалася фактамі — сам Ластоўскі страціў пасаду прэм’ера вясной 1923 году), аднак на самай справе зь сярэдзіны 1923 году адзінай сур’ёзнай сілай, якая інсьпіравала і арганізоўвала дывэрсійную дзейнасьць з выкарыстаньнем беларускіх лёзунгаў, быў Савецкі Саюз і Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), што паўстала ў сьнежні 1923 году на паўночна‑ўсходніх землях тагачаснай Польшчы35.
У АДЗІНСТВЕ З КРАІНАЙ САВЕТАЎУ 1921 годзе на паўночна‑ўсходніх землях не існавала ніякай афіцыйнай камуністычнай арганізацыі. Гэта тлумачылася тым, што камуністычны рух ня меў адзінага і дакладнага бачаньня палітыкі ўтварэньня арганізацыі на польскіх землях. Заканчэньне ваенных дзеяньняў рыскім мірам прывяло да таго, што землі, населеныя ў вялікай частцы беларусамі і ўкраінцамі, увайшлі ў склад дзьвюх дзяржаваў — Польшчы і бальшавіцкай Расеі36. На тэрыторыі Польшчы функцыянавала ўтвораная ў 1918 годзе Камуністычная рабочая партыя Польшчы — КРПП (зь лютага 1925 году Камуністычная партыя Польшчы), затое ў частцы бальшавіцкай Беларусі — Расейская камуністычная партыя (бальшавікоў). Паўночна‑ўсходнія землі маладой польскай дзяржавы мусілі быць полем дзейнасьці КРПП, хоць там надалей заставалася тайная арганізацыя расейскіх бальшавікоў. Будаўніцтву новых партыйных структураў не спрыяла і сытуацыя ў савецкай Беларусі, дзе актыўна працягвала дзейнічаць антыкамуністычная апазыцыя37. Таксама КРПП мела вялікі клопат з пабудовай сваіх структураў на землях, населеных беларусамі, якія збольшага рабілі зямлю. Гэта вымагала іншага профілю дзеяньняў, чым у цэнтральнай Польшчы, дзе камуністычны рух базаваўся галоўным чынам на рабочым асяродзьдзі. У кіраўніцтве польскіх камуністаў не было нікога, хто мог бы ўзяцца за стварэньне арганізацыі ў беларускім асяродзьдзі. Цэнтральны камітэт КРПП у 1922 годзе зьвяртаўся да свайго прадстаўніка ў Менску Вацлава Багуцкага з просьбай прыслаць да іх хоць аднаго беларуса для арганізацыйнай працы38.Адсутнасьць афіцыйных камуністычных арганізацыйных структураў на паўночна‑ўсходніх землях міжваеннай Польшчы не азначала спыненьня камуністычнай дзейнасьці. З камуністычнай ідэяй сутыкнуліся ваенныя ўцекачы, якія вярталіся з Расеі, а таксама ўключаныя ў 1920 годзе ў Чырвоную Армію жыхары крэсаў. Магчыма, прапагандаваныя расейскімі камуністамі ідэалягічныя лёзунгі наконт братэрства і дабрабыту ў новым ладзе не гучалі ў 1920 годзе, падчас агрэсіі бальшавікоў, занадта пераканаўча. Аднак зь цягам часу яны сталі выглядаць нашмат прывабней, чаму паспрыяў новы досьвед, зьвязаны зь дзейнасьцю фармаванай польскай адміністрацыі, перадусім — цяжкія рэквізыцыі з боку жаўнераў. Першыя спробы кансалідацыі камуністычнага руху былі зробленыя ў 1922 годзе. Гэта была часткова вымушаная палітычная сытуацыя, зьвязаная з выбарчай кампаніяй, якая тады вялася. Камуністы разумелі, што калі яны ня зробяць адпаведных захадаў, іншыя партыі авалодаюць патэнцыйным электаратам39. Першай сур’ёзнай камуністычнай арганізацыяй, якая апэлявала да беларускага насельніцтва, была Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя40, якую называлі таксама Беларускай рэвалюцыйнай партыяй (хутчэй за ўсё, гэта было нефармальнае прадстаўніцтва КРПП на тэрыторыі земляў, дзе жыло беларускае насельніцтва). Да заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі А. Бэргман залічвала Язэпа Лагвіновіча, Леапольда Родзевіча і Арсеня Канчэўскага41. Нястача дакумэнтаў не дазваляе сьцьвердзіць, наколькі актыўную дзейнасьць вяла гэтая арганізацыя на тэрыторыі і ці брала яна ўдзел у інсьпіраванай уладамі ў Менску дывэрсійнай працы, якая разьвівалася з 1922 году на паўночна‑ўсходніх землях42. Фармальна яна спыніла дзейнасьць у сьнежні 1923 году, калі ўвайшла ў склад узьніклай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі43. Хутчэй за ўсё, на паўночна‑ўсходніх землях у 1921—1922 годзе паўстала больш самастойна арганізаваных групаў, якія вызнавалі каамуністычнюу ідэалёгію; яны складалі натуральныя кадры, якія ў будучыні папаўнялі шэрагі КПЗБ. Зьмены, якія адбываліся ў камуністычным руху на паўночна‑ўсходніх землях (як і ўва ўсёй Польшчы), былі моцна зьвязаныя з сытуацыяй, што склалася ў палітычным жыцьці Савецкага Саюзу. Прысутная ў камуністычнай ідэалёгіі 1920—1923 гадоў надзея на вельмі хуткі экспарт рэвалюцыі ў іншыя краіны Заходняй Эўропы павінна была азначаць новы ўзброены канфлікт з Польшчай44. Зразумела, наступ на Польшчу ня быў самамэтай савецкай палітыкі, а толькі сродкам для ажыцьцяўленьня ідэі рэвалюцыі ва ўсёй Эўропе, а выкарыстаньне беларускіх нацыянальных лёзунгаў служыла здабыцьцю падтрымкі насельніцтва, якое адмоўна ставілася да польскай рэчаіснасьці, а не для задавальненьня фактычных нацыянальных памкненьняў. Надзею на экспарт рэвалюцыі падтрымлівала ўсё яшчэ няпэўная сытуацыя ў Нямеччыне, якая, здавалася, надалей дае шанцы на працяг рэвалюцыі. І, хоць пачатак сусьветнай рэвалюцыі зь цягам часу рабіўся ўсё менш верагодным, але ў падтрымцы самой гэтай ідэі бальшавіцкая ўлада была зацікаўленая. З гэтай мэтай на паўночна‑ўсходніх землях камуністычны рух выкарыстоўваў несумненна прысутную сярод сялянаў незадаволенасьць панаваньнем польскай адміністрацыі. Культурная блізіня з Расеяй (цяпер бальшавіцкай); пачуцьцё часовасьці новай адміністрацыі, якое ўмела распальвалася камуністычнай прапагандай; патрэба радыкальных сацыяльных зьменаў і інфармацыя пра ўтварэньне беларускай дзяржавы, якая прыходзіла бальшавіцкай Беларусі, будзячы фантазію — усё гэта спрыяла таму, што значная частка насельніцтва (пераважна праваслаўнага) без асаблівых сантымэнтаў разьвіталася б з маладой польскай дзяржавай. Камуністычныя ўлады разумелі сацыяльна‑палітычную сытуацыю, якая панавала на крэсах, і рост значэньня партыяў, якія абвяшчалі лёзунгі радыкальных сацыяльных рэформаў (Польская народная партыя «Вызваленьне», Польская сацыялістычная партыя і беларускія эсэраўскія партыі — Партыя беларускіх сацыялістаў‑рэвалюцыянэраў і Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя). Таму адсутнасьць цэнтралізаванай арганізацыі практычна пазбаўляла іх эфэктыўнага ўзьдзеяньня на масы. Згодна з дырэктывамі з Масквы, а таксама з пастановай ІІ Зьезду КРПП 1923 году, усе камуністычныя арганізацыі, што функцыянавалі на паўночна‑ўсходніх землях міжваеннай Польшчы, павінны былі ўвайсьці ў склад узьніклай у сьнежні 1923 году Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі45. І хоць фармальна яна была аўтаномнай структурай у рамках КРПП, вялікая частка дырэктываў прыходзіла на паўночна‑ўсходнія крэсы непасрэдна зь Менску. Прычыны гэтага былі абумоўлены як палітычнымі фактарамі, галоўным чынам сувязьзю КПЗБ са структурамі камуністычнай партыі ў савецкай Беларусі (у будучым гэта мусіла быць адна рэспубліка), так і лёгкасьцю ў кантактаваньні, бо памежная польска‑савецкая лінія ахоўвалася слаба. Хоць стваральнікамі КПЗБ былі асобы, зьвязаныя з рабочым рухам, дзякуючы палітычнай сытуацыі на паўночна‑ўсходніх землях яна пачала хутка набываць прыхільнікаў сярод сялянаў. Пад канец 1924 году партыя налічвала каля 2500 чальцоў, а ў першай палове 1925 году — 2800, арганізаваных у 800 ячэйках у 53 рэгіёнах46. Хуткаму павелічэньню колькасьці чальцоў і прыхільнікаў спрыяла надзея на палітычныя зьмены, якія мусіў прынесьці чаканы пачатак польска‑савецкага канфлікту. Актывізацыі беларускіх асяродкаў спрыяла таксама навіна, якая паўтаралася паўсюдна, што хутка ўздымецца беларускае паўстаньне, на дапамогу якому павінна прыйсьці Чырвоная Армія. Гэта мусіла пацьвярджаць структура паўстанцкіх арганізацыяў, якая разбудоўвалася з усё большай сілай, і актывізацыя атак, асабліва ў 1924 годзе, на асобаў і ўстановы, якія адназначна асацыяваліся з польскім панаваньнем (памешчыкі, чыноўнікі, паліцыя, адміністрацыйныя будынкі, камісарыяты). Абуджаныя сярод беларускіх сялянаў нацыяналістычныя настроі перамешваліся з камуністычнымі лёзунгамі47. Нават разбойны напад, калі ён рабіўся на польскага ўладальніка, набываў значэньне палітычнага выступу (маніфэстацыі). Дывэрсійны рух, які меў сапраўдную падтрымку сярод часткі мясцовага насельніцтва, інсьпіраваўся і актыўна падтрымліваўся савецкімі ўладамі48. Згодна зь цьверджаньнямі польскіх выведных службаў, усёй савецкай дывэрсійнай працай на ўсходніх землях міжваеннай Польшчы кіраваў Замежны аддзел ГПУ ў Маскве пры пасярэдніцтве сакрэтнага апэратыўнага аддзелу пры ГПУ ў Менску і Харкаве. Прастора дзейнасьці была падзеленая на чатыры ўчасткі: беларускі, палескі, валынскі і галіцкі. Вайсковымі справамі займаўся на паўночна‑ўсходніх землях штаб акругі ў Смаленску. У рамках тайнага апэрацыйнага аддзелу ГПУ ў Менску дзейнічалі тры групы, адказныя за дывэрсійную працу на тэрыторыі Польшчы: 1) прапагандысцкая, 2) апэратыўная, 3) інфармацыйная. Прапагандысцкая група займалася правядзеньнем агітацыі, арганізацыяй дывэрсійных курсаў, падтрымкай стасункаў з камуністычнымі агранізацыямі на тэрыторыі Польшчы. Апэратыўны аддзел рыхтаваў і зацьвярджаў пляны атак, праводзіў улік і інспэкцыю падначаленых яму групаў. Інфармацыйная група адказвала за збор выведнай і контравыведнай інфармацыі. Беларускі плацдарм дзяліўся на дзьве групы: барысаўскую і слуцкую. Камандаваньне знаходзілася ў тайным апэратыўным аддзеле ў Менску, затое на месцы дывэрсійныя аддзелы ствараліся памежнымі войскамі ГПУ. На чале кожнай дывэрсійнай групы стаяў камандзір (атаман), а таксама прадстаўнік ГПУ. Акрамя некалькі сталых групаў, для патрэбаў працы ствараліся свабодныя аддзелы, якія расфармоўваліся пасьля выкананьня заданьня. Пры пачатку вайны ці паўстаньня сталыя дывэрсійныя групы мусілі ўвайсьці ў склад будучай беларускай паўстанцкай арміі. На паўночна‑ўсходніх землях міжваеннай Польшчы сярод удзельнікаў і прыхільнікаў камуністычнага руху ствараліся асноўныя партыйныя зьвёны, т. зв. «ячэйкі». На іх базе арганізоўваліся баявыя аддзелы (зь некалькіх ці дзясятка чалавек), якія ўтваралі базу будучай паўстанцкай арміі. У рамках камуністычных дывэрсійных групаў у Польшчы праводзілася праца ў пяці кірунках: 1) прапаганда і вэрбаваньне ў аддзелы новых членаў, 2) збор шпіёнскага матэрыялу пра дысьлякацыю польскіх войскаў, 3) правядзеньне вайсковых вучэньняў, 4) перакіданьне чальцоў партыі і эмісараў з Савецкага Саюзу і ў яго, 5) падтрымка сталай сувязі з камандаваньнем дывэрсійнай групы, якое знаходзілася на тэрыторыі савецкай Беларусі. Заданьнем тайных дывэрсійных групаў, якія функцыянавалі на тэрыторыі Польшчы, было, акрамя падрыхтоўкі да чаканага ў найбліжэйшай будучыні паўстаньня, правядзеньне аднаразовых дывэрсійных акцыяў (напады, падпалы), якія дэстабілізавалі сацыяльна‑палітычную сытуацыю на крэсах49. Гэты тып дзеяньня асабліва прывабліваў маладых людзей, якім, поруч з узброенымі дзеяньнямі, камуністычны рух абяцаў хуткае паляпшэньне ўмоваў жыцьця і даходныя пасады ў будучай савецкай адміністрацыі. Пэрспэктыва пабудовы ўласнай дзяржавы, спалучаная з абяцаньнем рэформаў і задавальненьнем узьніклых нацыянальных памкненьняў, была вельмі прывабная. |
3 Ibidem. S. 87. 4 Ibidem. S. 86.
5 Biblioteka Publiczna miasta Warszawy [BPW]. Dział Starych Druków i Rękopisów. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich [ZCZW]. Sygn. 1681. K. S4; BPW. Dział Starych Druków i Rękopisów. ZCZW. Sygn. 1723. K. 503; Państwowe Archiwum Obwodu Brzeskiego w Brześciu [PAOB]. Sygn. f. 2. O. 1. D. 1. K. 38; Milewski J. J. Stosunek wojsk polskich do ludności oraz władz cywilnych na ziemiach północno
6 Адмоўная ацэнка сытуацыі на землях пад кіраўніцтвам ZCZW зьмешчана між іншым у брашурах: Антонаў І. Г. Успаміны аб польскай акупацыі Гродзеншчыны ў 1919—1921 г. 1921. С. 10; Луцкевіч А. Польская акупацыя ў Беларусі. Вільня, 1920. С. 10—11. Апошняя, як чытаем у рапарце ІІ аддзелу Генэральнага штабу, выкарыстоўвалася беларускімі настаўнікамі Віленшчыны і Гарадзеншчыны для пашырэньня антыпольскай прапаганды (Krótki zarys... S. 97).
7 Mironowicz E. Antypolska konspiracja białoruska w latach 1919—1925 // Europa nieprowincjonalna. Przemiany na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej (Białoruś, Litwa, Łotwa, Ukraina, wschodnie pogranicze III Rzeczypospolitej Polskiej) / Red. K. Jasiewicz. Warszawa, 1999. S. 880—882.
8 Krótki zarys... S. 98.
9 Зразумела, дывэрсійныя дзеяньні па польска‑літоўскім памежжы вялі таксама літоўскія групы. Нестабільная памежная сытуацыя мусіла даваць надзею на выпраўленьне праходжаньня лініі і далучэньне да літоўскай дзяржавы Вільні і Віленшчыны. Падтрымка стану напружаньня і няўпэўненасьці ў нэўтральным пасе, як і ў прасторах, што непасрэдна прылягалі да яго, пацьвярджала непрыняцьце мясцовым насельніцтвам тагачасных палітычных рашэньняў. Асабліва небясьпечны быў 1922 год і пачатак 1923‑га, калі новы польска-
Паступовае згасаньне дывэрсійнай дзейнасьці адбылося 15 сакавіка 1923 году, калі Рада паслоў Антанты, не зважаючы на пратэсты літоўцаў, прызнала тагачасную дэмаркацыйную лінію фактычнай польска‑літоўскай мяжой. Літоўская дзяржава, значна слабейшая ў ваенным пляне за польскую, без падтрымкі міжнароднай супольнасьці не магла разьлічваць на посьпех у збройным канфлікце. Літоўскі бок быў вымушаны зьмяніць тактыку. У 1924 годзе і надалей зь літоўскага боку мяжы арганізоўваліся паўстанцкія групы, аднак адзінай іх мэтай было правакаваць канфлікты і збройныя інцыдэнты без надзеі на пачатак вайны.
10 Łossowski P. Polityka Litwy w kwestii białoruskiej w latach 1918—1924 // Polska — Białoruś 1918—1945 / Red. W. Balcerak. Warszawa, 1994. S. 55; Łossowski P. Po tej i tamtej stronie Niemna. Stosunki polsko‑litewskie 1883—1939. Warszawa, 1985. S. 201. Улады Літвы лічылі слабым месцам польскай дзяржавы вялікую колькасьць у яе складзе нацыянальных меншасьцяў. Паводле падрыхтаванага літоўскім бокам пляну, масавыя хваляваньні на тэрыторыі ўсёй дзяржавы (дывэрсійныя аддзелы павінны былі ўвайсьці на тэрыторыю Польшчы з базаў у Літве, Нямеччыне, Чэхаславаччыне і савецкай Расеі) мусілі падтрымаць дзеяньні рэгулярных літоўскіх войскаў. Аднак гэты плян ніколі ня выйшаў па‑за рамкі праекту і, шчыра кажучы, адзінымі дывэрсійнымі аддзеламі, якія ўзьнікалі ў межах гэтай задумы, былі літоўскія і беларускія фармацыі.
11 Krótki zarys… S. 167.
12 Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. S. 147—148; Srokowski K. Sprawa narodowościowa na kresach wschodnich. Kraków, 1924. S. 27—28.
13 Krótki zarys... S. 193. Беларуская партыя сацыялістаў-
14 Mironowicz E. Antypolska konspiracja... S. 882.
15 Szybieka Z. Historia Białorusi 1795—2000. Lublin, 2002. S. 280.
16 Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995. S. 103.
17 Centralne Archiwum Wojskowe [CAW]. Sygn. 3030.4.7064. DOK III — Organizacje dywersyjno-
18 Jabłoński K. Kwestia narodowościowa w materiałach Prokuratora Sądu Okręgowego w Białymstoku [Машынапіс, магістарская праца]. Białystok, 2003. S. 40. Разам з распачацьцем паўстанцкіх дзеяньняў на тэрыторыі плянавалася таксама правядзеньне тэрарыстычных актаў у Беластоку. Група дывэрсантаў атрымала заданьне падарваць урадавыя будынкі. Гэта павінна было дадаткова паспрыяць дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі, а ў самім горадзе пасеяць паніку.
19 Archiwum Państwowe w Białymstoku [APB]. Prokurator Sądu Okręgowego w Białymstoku. Sygn. 86. K. 127—130.
20 RDA. K. 129v—130v. Dziennik Białostocki, 14.V.1923.
21 Токць С. Барацьба за беларускую дзяржаўнасць на абшарах Гарадзенскай (Берштаўскай) пушчы ў 1920‑х гадах // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 15. 2001. S. 136—137.
22 Krótki zarys… S. 198—199.
23 CAW. Sygn. 3030.4.7064. DOK III — Organizacje dywersyjno-
24 Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi… S. 172.
25 Krótki zarys… S. 192—197.
26 CAW. Sygn. 3030.4.7064. DOK III — Organizacje dywersyjno-
27 Польскім уладам не ўдалося вызначыць колькасны стан дывэрсійных аддзелаў.
28 Srokowski K. Sprawa narodowościowa… S. 24. Польскі бок меркаваў, што дамінаваць у поглядах беларускіх нацыянальных асяродкаў будзе хутчэй канцэпцыя злучэньня зь беларускімі землямі, якія ўваходзяць у склад бальшавіцкай дзяржавы, чым літоўска-
29 CAW. Sygn. 303.4.2691. Sytuacja na obszarze północno-
30 Пасьля 1923 году літоўцы будавалі сваю дзяржаўную ідэнтычнасьць незалежна ад супольнай гісторыі нацыяў шматнацыянальнай шляхецкай Рэчы Паспалітай (ня толькі палякаў, але і беларусаў), што між іншым знайшло адлюстраваньне ў прысваеньні традыцыі Вялікага Княства Літоўскага як выключна літоўскай дзяржавы.
31 Kalina J. Bractwa Włościan Białorusinów (1921—1922) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 1. 1994. S. 35.
32 A. Babiański. Proces białostocki a ruch białoruski // Droga. 1923. № 4.
33 Працэс 45‑ці Беларусаў у Беластоку. Вільня, 1923. Шырокія справаздачы зьяўляліся таксама на старонках «Dziennika Białostockiego». Падчас працэсу падкрэсьлівалася правакацыйная роля Нямеччыны і Літвы.
34 APB. Prokurator Sądu Okręgowego w Białymstoku. Sygn. 86. K. 45—46. Dziennik Białostocki, 23.V.1923.
35 Państwowe Archiwum Obwodu Grodzieńskiego w Grodnie [PAOG]. Sygn. f. 200. O. 2. D. 5. K. 2.
36 У Рыскай дамове (18.III.1921) гаварылася пра прызнаньне абодвума падпіснымі бакамі незалежных беларускай і ўкраінскай дзяржаваў. Камуністы, утвараючы Беларускую Савецкую Рэспубліку, бачылі ў ёй важную прыладу ў палітычнай барацьбе з Польшчай.
37 Sużyńska N. Antysowiecka konspiracja i partyzantka Zielonego Dębu na terenie Białorusi w latach 1919—1945 // Europa nieprowincjonalna… S. 859—866; Karpus Z. Wschodni sojusznicy Polski w wojnie 1920 roku. Oddziały wojskowe ukraińskie, rosyjskie, kozackie i białoruskie w Polsce w latach 1919—1920. Toruń, 1999. S. 170—171.
38 Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984. S. 57.
39 Srokowski K. Sprawa narodowościowa… S. 22. Пра вынікі выбараў у сойм 1922 году ў Лунінецкім павеце Сракоўскі пісаў: «[...] найбольш камуністычным паветам у Польшчы выявіўся ня Лодзінскі, не Дамбравецкі, але менавіта Лунінецкі зь яго 13 жыхарамі на кілямэтар і безь ніводнай хоць‑якой фабрычкі».
40 Полуян В., Полуян И. Революционное и национально
41 Bergman A. Sprawy białoruskie… S. 60.
42 CAW. Sygn. I 303.4.2691. Sytuacja na obszarze północno
43 PAOB. Sygn. f. 92. O. 1. D. 432. K. 62. Bergman A. Op. cit. S. 53. Полуян В.; Революционно-
44 Kołakowski P. Z działalności sowieckiego wywiadu wojskowego przeciwko II Rzeczypospolitej // Dzieje Najnowsze. 2000. № 4. S. 26.
45 Bergman A. Sprawy białoruskie… S. 21—24. Сярод арганізатараў КПЗБ былі Вацлаў Багуцкі (падтрымліваў дзейнасьць КПЗБ зь Менску), Салямон Мілер, Станіслаў Мэртэнс, Язэп Лагіновіч. У склад КПЗБ уваходзіла шэсьць акруг: Беластоцкая, Віленская, Берасьцейская, Пінская, Гарадзенская і Баранавіцкая.
46 Bergman A. Sprawy białoruskie… S. 25—26.
47 Pacuk J. Kształtowanie się stosunków KPP i KPZB do powstania zbrojnego (1924—1925) // Zeszyty Naukowe Instytutu Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego. 1975. № 2. S. 163; Полуян В. Революционно-
48 Stępek W., Chodkiewicz K. Służba wywiadowcza i ochrona przeciwszpiegowska. Poznań, 1925. S. 215.
|
Выразны спад актыўнасьці дывэрсійнай дзейнасьці камуністаў адбыўся пад канец 1925‑га і ў пачатку 1926 году. Ён быў цесна зьвязаны з падзеямі, што адбываліся ў Савецкім Саюзе — з прыняцьцем поўнай улады Сталіным і адмовай ад канцэпцыі неадкладнага экспарту рэвалюцыі на Захад. Трэба было перш за ўсё ўмацаваць уласныя структуры і ачысьціць партыю ад варожага, непажаданага элемэнту. Зьмены ў палітыцы Сталіна адбіліся таксама на сытуацыі на польскіх землях. Крытыка дзеяньняў, распачатых КПЗБ, была выказаная падчас ІІІ Зьезду Польскай камуністычнай партыі, што адбыўся ў студзені‑лютым 1925 году пад Масквой. Камуністычную партыю Заходняй Беларусі і Камуністычную партыю Заходняй Украіны абвінавачвалі ў тым, што яны празьмерна захапляюцца нацыянальнымі адметнасьцямі, замест таго каб цясьней аб’яднаць барацьбу на землях крэсаў з вызваленьнем рабочага люду на тэрыторыі Польшчы50. Таму вызваленьне беларусаў не магло адбывацца без пачатку рэвалюцыі ва ўсёй Польшчы. Кірунак у новай палітыцы быў выразна бачны ў КПЗБ пасьля ІІІ канфэрэнцыі КПЗБ, што прайшла ў Маскве ў студзені 1926 году. Пасьля заканчэньня нарадаў адзін са стваральнікаў КПЗБ ацаніў вынікі канфэрэнцыі наступным чынам: «[…] яна распрацавала і растлумачыла шэраг асноўных пытаньняў, без вырашэньня якіх нельга было нават казаць пра сур’ёзнае і правільнае кіраваньне рэвалюцыйным рухам у Заходняй Беларусі»51. Правільны кірунак насамрэч азначаў зьмену нацыянальных лёзунгаў у дачыненьні да беларусаў, якія выкарыстоўваліся ў прапагандзе КПЗБ. Гэта было зьвязана таксама з ачысткай камуністычных шэрагаў ад асобаў, якія не пагаджаліся з новай лініяй палітыкі Сталіна (між іншым, былых эсэраў). Надзея на ўздым беларускага паўстаньня і далучэньне ў блізкай пэрспэктыве паўночна‑ўсходніх земляў міжваеннай Польшчы да Савецкага Саюзу ў новай рэчаіснасьці выявілася нязбытнай. Дзеячы, якія працавалі на месцах, не разумелі палітычных зьменаў, што адбываліся ў Маскве, і надалей чакалі загаду распачаць працу52. Таксама частка дывэрсійных аддзелаў на тэрыторыі Савецкага Саюзу не хацела распускацца. Савецкія ўлады мусілі выкарыстаць у дачыненьні да іх сілу53.
Зьмены, запачаткаваныя ў палітыцы Масквы ў 1925 годзе, былі незаўважаныя беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Усё большая група беларускіх палітыкаў і надалей лічыла Савецкую Беларусь паўнапраўнай беларускай дзяржавай. Браніслаў Тарашкевіч, утвараючы ў 1925 годзе Беларускую сялянска‑работніцкую грамаду, фактычна прыняў рашэньне пра цеснае супрацоўніцтва з КПЗБ, бачачы ў дзейнасьці камуністаў адзіны шанец ажыцьцявіць нацыянальныя памкненьні беларусаў, што насялялі польскія землі. Прывабнасьці камуністычна‑нацыянальных лёзунгаў паддаваліся таксама беларускія эміграцыйныя дзеячы, і частка зь іх (у тым ліку В. Ластоўскі) вырашыла пераехаць у Менск54. Поўнае расчараваньне напаткала іх адно ў трыццатыя гады, што для беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Савецкага Саюзу, азначала палітычныя працэсы, а ў іх выніку — сьмяротныя пакараньні.
БАРАЦЬБА ПОЛЬСКІХ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ З ДЫВЭРСІЙНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦЮПасьля выцясьненьня савецкіх войскаў і паўторнага заняцьця ўвосень 1920 году Заходняй Беларусі польскімі аддзеламі пачалі стварацца новыя дзяржаўныя структуры. У першую чаргу трэба было гарантаваць бясьпеку вайсковым аддзелам, якія дзейнічалі на занятых тэрыторыях. Таму невыпадкова першыя адозвы да мясцовага насельніцтва, выдадзеныя вайсковымі камандзірамі, тычыліся, галоўным чынам, забароны патэнцыйных выступаў супраць польскага войска. У загадзе камандзіра 9‑й пяхотнай дывізіі палкоўніка Ўладыслава Сікорскага, скіраваным цывільнаму насельніцтву, чытаем, што пад пагрозай сьмяротнага пакараньня (прысуды выносілі часовыя вайсковыя суды) забаранялася: праводзіць несанкцыянаванае вэрбаваньне, схіляць да дэзэртэрства, займацца шпіянажам на карысьць іншай дзяржавы, псаваць вайсковую маёмасьць. Да гэтай катэгорыі злачынстваў, забароненых пад страхам сьмерці, залічвалася таксама ўтварэньне нелегальных арганізацыяў (бандаў) ці ўдзел у іх. Бандай, згодна з выдадзенай адозвай, лічылася «ўсякая зборка больш чым двух чалавек, не зацьверджаная ўпаўнаважанымі для гэтага польскімі ўладамі»55. |
49 CAW. Sygn. 303.4.2538. Dywersyjna akcja przygotowawcza, 1925 r. 50 Krótki zarys… S. 281—283. Pacuk J. Kształtowanie się stosunków KPP i KPZB… S. 175. Зьмены ў палітыцы Савецкага Саюзу адбіліся на ўнутрыпартыйных дачыненьнях у КПЗБ ужо ў 1924 годзе. З шэрагаў КПЗБ выйшла частка дзеячаў, якія жадалі далей весьці незалежна ад Масквы збройную барацьбу супраць польскай дзяржавы. Аднак створаная імі Краёвая камуністычная партыя не адыграла ніякай ролі, бо ўжо ў верасьні і кастрычніку 1924 году яе арганізацыя на тэрыторыі Беласточчыны і Віленшчыны (там было найбольш прыхільнікаў) была разгромленая польскімі службамі бясьпекі. 51 Bergman A. Sprawy białoruskie… S. 31. 52 Pacuk J. Kształtowanie się stosunków KPP i KPZB… S. 175—176. 53 У жніўні 1925 году адбыліся інсьпіраваныя савецкімі ўладамі сутычкі паміж дывэрсійнымі групамі ў Койданаве (на мяжы з Польшчай), што канчаткова прывяло да ліквідацыі дывэрсійных аддзелаў. 54 Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi… S. 157.
|
Вайсковыя ўлады вельмі цікавіліся стаўленьнем мясцовых супольнасьцяў да польскай дзяржавы і органаў, якія яе рэпрэзэнтавалі. Пакуль у апошнія месяцы 1920 году не ўтварыліся староствы, галоўнай крыніцай інфармацыі пра настроі, што панавалі сярод цывільнага насельніцтва, былі сытуацыйныя рапарты прадстаўніцтваў ІІ аддзелу, дзейныя пры камандаваньнях арміі. У гэтых рапартах часьцей за ўсё паўтараліся адныя і тыя ж абагульненьні пра прыхільнае стаўленьне насельніцтва польскай нацыянальнасьці да польскай дзяржавы і пра абыякавае ці адмоўнае — беларусаў і габрэяў, а таксама пра рашуча варожае стаўленьне літоўцаў. З пункту гледжаньня інтарэсаў арміі была пажаданай ужо пасіўная пазыцыя. Сапраўды, пагрозай мог быць заклік да ўзброенага выступу ці ўдзел у такім пачынаньні. Войска імкнулася лякалізоўваць асяродкі, якія праводзілі інтэнсіўную антыпольскую агітацыю. Такім прыкладам рэальнай пагрозы для дзеяньняў войска магла быць вёска Мокрава на Палесьсі, дзе
зьявілася банда, якая хаваецца па лясох, а вечарамі прыходзіць на вёску і агітуе сялянаў, каб зьбіралі як мага больш зброі, бо ўжо хутка настане канец польскаму панаваньню, хутка засьвеціць сонца тым, хто ўжо цяпер супраць польскага панаваньня56. |
55 PAOB. Sygn. f. 2295. O. 1. D. 24. K. 22.
|
Цывільныя і вайсковыя ўлады ўжо з моманту заканчэньня ваенных дзеяньняў лічылі асноўнай умовай бясьпекі на землях крэсаў барацьбу з усімі падрыўнымі арганізацыямі, асабліва камуністычнымі. Палескі ваявода ў лісьце, скіраваным у траўні 1921 году да старастаў, адназначна падкрэсьліваў, што «трэба з усёй энэргічнасьцю паводзіць сябе асабліва ў дачыненьні да элемэнтаў, яўная камуністычная дзейнасьць якіх будзе выкрытая». А ў выпадку няпольскіх грамадзянаў ён раіў неадкладна выдаляць іх з краіны57. Паўсюднай зьявай сярод палякаў стала ўскладаньне адказнасьці за дэстабілізацыю сытуацыі на крэсах на камунізм і камуністаў. У «Ziemi Wileńskiej» у нумары за 1921 год чытаем: |
56 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 29. K. 66.
|
Ніколі ў нашых краёх ня чулі пра такія злачынствы, якія сёньня чыняцца штодня — а гэта вынікі бязбожнай агітацыі, якая з усіх сілаў стараецца вырваць страх Божы з сэрца нашага народу58.
Вырашэньне сытуацыі бачылі, з аднаго боку, у актыўным змаганьні з усялякай падрыўной дзейнасьцю, з чым была зьвязаная разбудова дзяржаўных структураў, асабліва службы бясьпекі, а з другога — у пасьлядоўным увядзеньні вяршэнства права, з асаблівай увагай да суровага пакараньня, калі віна будзе даказаная. Дзісенскі стараста ў лістападзе 1921 году прапанаваў наваградзкаму ваяводу ў якасьці прэвэнтыўных зрабіць наступныя захады: увесьці надзвычайнае становішча на пэўны час, пашырыць кампэтэнцыі адміністрацыйных уладаў, зрабіць больш жорсткім пакараньне за нелегальны пераход мяжы і валоданьне зброяй, выдаліць ксяндзоў, якія пашыралі беларускую агітацыю, увесьці эфэктыўнае дысцыплінарнае пакараньне паліцыянтаў, якія злоўжывалі сваімі правамі, а таксама разьмясьціць вайсковыя аддзелы ў раёнах ваяводзтва, дзе вядзецца найбольш актыўная антыдзяржаўная агітацыя59. Ня ўсе пастуляты можна было ажыцьцявіць рашэньнем ваяводы, частка зь іх, напрыклад, увядзеньне надзвычайнага становішча, патрабавала зацьвярджэньня цэнтральнымі ўладамі, аднак пэўныя захады, якія абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, мясцовыя ўлады маглі рабіць самастойна. У Пінску ўжо ў пачатку 1921 г. тамтэйшы стараста Я. Главацкі ўвёў з 22 да 4 гадзіны забарону перасоўвацца без адпаведнага пропуску60. |
57 Ibidem. Sygn. f. 2. O. 1. D. 94. K. 1. 58 Ziemia Wileńska. 3.VII.1921 r.
|
З пачатку станаўленьня польскай дзяржавы на землях крэсаў улады (імкнучыся змагацца з падрыўной дзейнасьцю, якая пашыралася сярод нацыянальных меншасьцяў) аддавалі перавагу рэпрэсіўным захадам, якія павінны былі эфэктыўна зьнеахвочваць да антыдзяржаўных выступаў. Адносна рэдка рабіўся глыбокі аналіз сацыяльных прычынаў такога стану рэчаў. Найчасьцей поруч з палітычнымі прычынамі зьвярталі ўвагу на ненайлепшую эканамічную сытуацыю61. Рэдка адважваліся на такі аналіз, які можна знайсьці ў разважаньнях (з таго пэрыяду) Людвіка Экерта, які пісаў:
Дзяржава ў дадзены момант сама падштурхоўвае гэтыя масы да кансьпірацыйнай антыпольскай працы тым, што закрывае перад імі ўсе афіцыйныя ўстановы, ускладняе легальную культурную працу, абмяжоўвае поле іх нармальнай грамадзкай дзейнасьці. Такім чынам яно стварае цэлыя масы прыведзеных у роспач людзей, незадаволеных сваёй зьнядоленасьцю, прычына якой — у іх нацыянальнай прыналежнасьці. Некаторыя зь іх ідуць у кансьпірацыйны лягер62.
Пагрозу для бясьпекі ў 1921 годзе, акрамя дзейнасьці дывэрсійных групаў, бачылі таксама ў масавай дэмабілізацыі жаўнераў. Дэмаралізаваныя ваеннымі дзеяньнямі, часта пазбаўленыя сродкаў для жыцьця па‑за службай, былыя жаўнеры ўтваралі групы грамадзянаў, якія маглі папоўніць новыя дывэрсійныя аддзелы. Камэндант акругі № ХІV дзяржаўнай паліцыі ў Берасьці на Бугу падынспэктар Уладыслаў Гале раіў дзяржаўным установам, каб яны праз пасярэдніцтва войтаў і солтысаў паведамлялі паліцыі пра кожнага мужчыну, які вяртаўся з войска, і падавалі яго маёмасны стан, род заняткаў, сродкі для жыцьця і г. д. Паліцыя павінна была разгарнуць кантроль перш за ўсё над асобамі, якія ня мелі адпаведнага грашовага забесьпячэньня. Іншай спробай авалодаць сытуацыяй былі практыкаваныя (разам з войскам) аблавы як пасьля зьдзяйсьненьня злачынства, так і ў прафіляктычных мэтах, напрыклад, дзеля пошуку нелегальнай зброі. У прафіляктычных мэтах паліцыю павінны былі падтрымліваць грамадзяне ў рамках арганізаваных начных патрулёў63. З аднаго боку, гэта мусіла зрабіць больш эфэктыўнай дзейнасьць службаў правапарадку, а з другога — актывізаваць насельніцтва да супрацоўніцтва дзеля паляпшэньня стану бясьпекі. |
59 PAOG. Sygn. f. 551. O. 1. D. 79. K. 27—28. 60 PAOB. Sygn. f. 2295. O. 1. D. 24. K. 23.
61 CAW. Sygn. 303.4.5223. K. 15. Napad bandycko-
62 Archiwum Polskiej Akademii Nauk, Materiały Ludwika Eckerta. Sygn. 71. K. 19.
|
У 1922 годзе ўлады надалей баяліся ўдзелу былых жаўнераў у разбойных нападах. Росту злачыннасьці на крымінальнай глебе чакалі асабліва ў зімовы пэрыяд.
[…] у сувязі з набліжэньнем зімы, — пісаў камэндант акругі № 5 дзяржаўнай паліцыі ў Беластоку Вітальд Філімоўскі, — а таксама ў сувязі з загадам аб дэмабілізацыі, у выніку якой вялікая частка дэмабілізаваных, пазбаўленых усякіх сродкаў на жыцьцё, у некаторых выпадках дэмаралізаваная падзеямі вайны, будзе старацца цяпер нелегальным, злачынным спосабам здабыць сабе сродкі. У сувязі з гэтым і злачыннасьць у найбліжэйшай будучыні вырасьце, калі ня будуць зробленыя самыя радыкальныя і далёкасяжныя захады64.
Поруч з рэпэртуарам сродкаў, якія выкарыстоўваліся ў барацьбе з агітацыяй і антыдзяржаўнымі выступамі, раілася таксама пільней сачыць за асобамі, «якія бадзяліся» па вёсках. Войтаў і старастаў надзялілі паўнамоцтвамі, і яны мелі права дазваляць грамадзкім дружыньнікам затрымліваць падазроных дзеля дастаўкі іх у найбліжэйшы пастарунак65. Паліцыя ўвесь час абнаўляла сьпісы беспрацоўных, каб такім чынам стала кантраляваць сытуацыю, а ў выпадку хваляваньняў змагчы пасьпяхова ўмяшацца66. Таксама калі пачынаўся страйк на эканамічнай глебе, паліцыя ачэплівала тэрыторыю, каб не дапусьціць эскаляцыі выступаў. Яна гарантавала бясьпеку кіраўніцтву, ахоўвала маёмасьць прадпрыемстваў ад зьнішчэньня і рабіла немагчымай патэнцыйную камуністычную агітацыю, аднак ня ўмешвалася ў непасрэдны канфлікт на глебе заробкаў паміж працадаўцам і працаўнікамі67. Кожны страйк з пункту гледжаньня інтарэсаў улады разглядаўся як магчымая пагроза, якая можа дэстабілізаваць палітычную сытуацыю на падначаленай тэрыторыі. Мэтадам заспакаеньня антыдзяржаўных настрояў мусіла быць дзейнасьць часовых судоў. Згодна з прынятымі ўладамі прынцыпамі, вырашэньня сытуацыі шукалі перш за ўсё ў эскаляцыі рэпрэсіўных сродкаў. Часовыя суды распачалі сваю дзейнасьць 1 жніўня 1922 году. На паўночна‑ўсходніх землях поруч з індывідуальнымі рабункамі крымінальнага характару асаблівы націск у тэксьце плякату‑абвесткі рабіўся на ўдзел у арганізаваных злачынных групах. Сам удзел у групе караўся зьняволеньнем больш чым на восем гадоў, затое ўдзел у дывэрсіях, скіраваных супраць чыгуначнага абсталяваньня, цягнікоў, касьцельных і ўрадавых будынкаў, мог карацца нават сьмерцю. Сьмерцю каралася таксама забойства асобаў, якія выконвалі публічныя функцыі. Пастановы часовых судоў былі канчатковыя, а асуджаны ня меў права на апэляцыю68. Прысуды, якія выносіліся падчас судовых працэсаў, былі суровыя і нагняталі страх69. |
63 Archiwum Ministerstwa Spraw Wewnętrznych i Administracji. Sygn. B IV/9/7. K. 43. 64 Archiwum Ministerstwa Spraw Wewnętrznych i Administracji. Sygn. B IV/ 535. K. 65. 65 Ibidem. Sygn. B IV/ 535. K. 65v. 66 PAOB. Sygn. f. 2026. O. 1,4 340. K. 27. 67 PAOG. Sygn. f. 200. O. 2. D. 11. K. 463.
|
Рашэньне заснаваць часовыя суды было прынятае ў адказ на актывізацыю ў 1922 годзе дзейнасьці дывэрсійных групаў. Хоць узброеныя дзеяньні скончыліся два гады таму, на паўночна‑ўсходніх землях не адбывалася чаканага паляпшэньня бясьпекі. На дэмаралізацыю ваеннага пэрыяду пачала ўсё больш моцна і адчувальна накладацца праца дывэрсійных аддзелаў, інсьпіраваных літоўскімі ці савецкімі ўладамі. Зыгмунт Даманскі так згадваў умовы, у якіх даводзілася жыць чыноўнікам у першы пэрыяд увядзеньня польскай улады на крэсах:
Прыехаўшы ў Нясьвіж як цывільныя чыноўнікі, мы хоцькі‑няхоцькі пэўны час выконвалі абавязкі вайсковага гарнізону. Гэта цяжка акрэсьліць інакш, бо мы няспынна, асабліва ўначы, мусілі мець з сабой зброю і быць гатовымі да ўсяго. Спачатку спыняліся на даўжэйшы ці карацейшы пастой самыя разнастайныя вайсковыя адзінкі, але ў кожны момант яны маглі сысьці ў сувязі зь няспыннымі перадысьлякацыямі і частковай дэмабілізацыяй. Зьмена да лепшага адбылася толькі тады, калі зьявіліся сьпярша кватармайстры, а потым увесь 27‑мы ўланскі полк70. |
68 Ibidem. Sygn. f. 551. O. 1. D. 7. K. 28—29. 69 Instytut Polski i Muzeum im. gen. W. Sikorskiego w Londynie [IPMS]. Sygn. A.43/11. K. 6. Historia dywersji sowieckiej na Wileńszczyźnie i w Nowogródzkiem — podkomisarz Wacław Salmański.
|
Шанцы кантраляваць сытуацыю на землях крэсаў бачыліся ва ўшчыльненьні дзяржаўнай мяжы. Мытныя батальёны, якія займаліся аховай мяжы, у 1922 годзе былі падмацаваныя спэцыяльнымі вайсковымі аддзеламі. Бясьпекай прымежных паветаў Наваградзкага ваяводзтва мусіла заняцца камандаваньне 9‑й коннай брыгады. У загадзе камандзіра брыгады палкоўніка Варашкевіча ад 17 чэрвеня 1922 году чытаем:
Заданьнем аддзелаў (швадронаў), накіраваных на дапамогу мытным батальёнам, будзе абарона насельніцтва ад нападаў, а таксама перасьлед і зьнішчэньне дашчэнту савецкіх бандаў, якое павінна выконвацца як мага больш энэргічна, хутка і бязьлітасна71. |
70 Biblioteka Narodowa. Dział Rękopisów. Zygmunt Domański. Wspomnienia z lat 1892—1950. Sygn. akc. 9215, 9216. K. 298.
|
Наступныя гады паказалі, што на паўночна‑ўсходніх землях адбываецца далейшая эскаляцыя дывэрсійных акцыяў, якая павінна была шляхам нападаў бандыцкага характару дэстабілізаваць унутраную сытуацыю на крэсах. Пры нагодзе варта згадаць, што хоць у 1922 годзе была адзначана найбольшая колькасьць рабункаў і разбояў, учыненых арганізаванымі злачыннымі групамі (разам на тэрыторыі Віленскага, Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў было 313 выпадкаў такога кшталту), аднак 1923—1924 гады (у 1923 годзе — 228, а ў 1924‑м — 178) з увагі на сілу і маштаб выкарыстоўваных дывэрсантамі сродкаў выявіліся найгоршымі ў пляне грамадзкай бясьпекі. Значным для грамадзкага ўспрыманьня быў таксама той факт, што дывэрсійныя акцыі, якія працягваліся ўжо шэраг гадоў, ня толькі дэстабілізавалі сытуацыю, але і ставілі пад сумнеў прэстыж і сілу маладой польскай дзяржавы. На падставе сабраных польскай выведкай у пачатку 1923 году зьвестак вынікала, што вясной на тэрыторыі Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў мелася ўзьняцца беларускае паўстаньне. На прымежнай савецкай тэрыторыі былі арганізаваныя «паўстанцкія» аддзелы, якія ў момант распачацьця акцыі на крэсах мусілі перайсьці мяжу. У Валожынскім павеце паліцыя ліквідавала групу, якая называла сябе чальцамі арганізацыі «Запфронт», што мела на мэце схіляць жыхароў да ўзброеных выступаў супраць польскай дзяржавы і браць актыўны ўдзел у раззбраеньні службоўцаў дзяржаўнай паліцыі, вайсковых аддзелаў, а таксама зьнішчаць польскія маёнткі і ўрадавыя будынкі72. Аднак не заўсёды дзеяньні паліцыі былі пасьпяховыя. Ня маючы дастатковага веданьня мясцовасьці, паліцыянты не да канца арыентаваліся ў маштабах і фактычнай мэце рыхтаванай акцыі, напрыклад, інфармацыя пра ўздым масавага паўстаньня не пацьвердзілася73. Як паказвала практыка, гэта былі дзеяньні мясцовых групаў, накіраваныя хутчэй на дэстабілізацыю сытуацыі, чым на арганізацыю масавага беларускага паўстаньня. |
71 PAOG. Sygn. f. 679. O. 1. D. 3. K. 80.
|
Легендарнай постацьцю на паўночна‑ўсходніх крэсах быў атаман банды, які хаваўся пад псэўданімам Муха (Міхальскі)74. Былы вахмістар войска польскага, дэзэртаваўшы, утварыў групу добра арганізаваных злачынцаў, якая ажыцьцявіла мноства разбойных нападаў. Сам Муха ў аповедах мясцовага насельніцтва быў адначасова бандытам і героем. Падкрэсьлівалася, што ягоная група, зьдзяйсьняючы напады, выкарыстоўвала агнястрэльную зброю толькі ў крайнім выпадку. Дзейнасьць Мухі абрастала своеасаблівымі легендамі пра нечуваныя подзьвігі бандыта. Адна з показак апавядала пра тое, як падчас адыходу банда, хочучы запалохаць мясцовага ксяндза, паклала яму на сьпіну бульбіну замест гранаты і забараніла рухацца. Сьвятар вытрываў у нязручнай позе некалькі гадзінаў, перш чым яго знайшлі вернікі. «Папулярнасьць» Мухі на мяжы 1922 і 1923 гадоў была такой вялікай, што практычна ўсе ўчыненыя ў той пэрыяд напады на Віленшчыне прыпісваліся менавіта яму75.
Пад канец 1922 году сытуацыя пачынала выходзіць з‑пад кантролю адміністрацыйных уладаў. Аддзелы паліцыі, акрамя штодзённых службовых дзеяньняў, накіроўваліся на ахову мастоў і чыгуначных лініяў76. На асабліва небясьпечных трасах паліцыя перад праездам цягніка кантралявала стан трасы, прыбіраючы з каляінаў усякія рэчы, якія маглі прывесьці да крушэньня саставу, напрыклад, у Баранавіцкім павеце невядомыя раскладалі на трасе кастылі77. У дывэрсійных акцыях бралі ўдзел як асобы, закінутыя з Савецкага Саюзу, так і мясцовае насельніцтва. Сыстэма дзейнасьці была дваякая: або мяжу пераходзіла цэлая група, або — што было часьцейшым і больш эфэктыўным мэтадам дзеяньня — да закінутых з Савецкага Саюзу на працягу двух‑трох дзён далучаліся мясцовыя добраахвотнікі. Дывэрсанты, закінутыя з Савецкага Саюзу, імкнуліся пасьля зьдзяйсьненьня нападу пакінуць тэрыторыю Польшчы як мага хутчэй, у той час як мясцовыя часьцей за ўсё вярталіся дадому78. Мэтай атак дывэрсійных групаў былі галоўным чынам асобы польскай нацыянальнасьці — уладальнікі маёнткаў, вялікіх зямельных гаспадарак. Напады рабіліся таксама на т. зв. амэрыканцаў — багатых земляробаў, якія пасьля знаходжаньня ў Злучаных Штатах вярнуліся ў родны край і купілі тут зямельныя гаспадаркі79. Выбарам заможных палякаў дасягаўся падвойны эфэкт: дзякуючы гэтаму атака набывала палітычны характар, а з другога боку — дазваляла абрабаваць маёнтак багатыроў. Дзякуючы такой тактыцы крымінальныя напады адначасова рабіліся выяўленьнем палітычнай волі. Умелае злучэньне клясавага і нацыянальнага антаганізму было козырам асабліва ў выпадку беларускага камуністычнага руху. Мясцовае насельніцтва, паводле ацэнкі службаў бясьпекі, не надавала досыць дапамогі ў барацьбе з дывэрсійнымі групамі. Гэта было прыкметна ў выпадку праваслаўных, якія выразна спачувалі камуністычнаму руху і партызанскім групам. Падчас акцыяў перасьледу яны ўводзілі ў зман паліцэйскія ці вайсковыя аддзелы, выпраўляючы ў кірунку, адваротным таму, у якім скіравалася дывэрсійная група80. Савецкія ўлады ўмела выкарыстоўвалі тагачасны антаганізм, разьлічваючы на тое, што ўзмоцненая дывэрсійная дзейнасьць схіліць польскія ўлады да масавых рэпрэсіяў супраць беларускага насельніцтва, дзякуючы чаму ўдасца лягчэй здабыць падтрымку тутэйшых жыхароў для чарговых выступаў супраць Польшчы81. Здабываючы такім чынам падтрымку насельніцтва, савецкі ўрад палегчыў бы сабе заданьне ў выпадку распачацьця ваенных дзеяньняў. Удзел савецкіх дзяржаўных установаў (у прыватнасьці ГПУ) у арганізацыі дывэрсійных групаў, на думку польскіх уладаў, не выклікаў сумневаў. Пра гэта сьведчыла выведка, а таксама тое, што нападнікі заўсёды адыходзілі ў бок мяжы з Савецкім Саюзам, дзе маглі разьлічваць на дапамогу савецкай памежнай варты, якая клапацілася пра тое, каб пасьля пераходу памежнага пасу група была ў бясьпецы. Савецкі бок прынцыпова не выдаваў Польшчы чальцоў дывэрсійных аддзелаў82. Апошнія месяцы 1923 году і пачатак 1924‑га, нягледзячы на часовае памяншэньне (з увагі на пару году) колькасьці нападаў, умацавалі перакананьне адміністрацыйных уладаў, што для кантролю над сытуацыяй неабходна выкарыстаць большую колькасьць вайсковых аддзелаў. 16 красавіка 1924 году Рада міністраў упаўнаважыла міністра ўнутраных справаў і міністра вайсковых справаў
даручыць кіраўніцтва акцыямі па захаваньні бясьпекі і грамадзкага спакою: 1) генэралу Рыдз‑Сьмігламу як інспэктару арміі ў Вільні і на прасьцягу Беластоцкага, Палескага, Наваградзкага ваяводзтваў і ў Віленскай адміністрацыйнай акрузе; 2) генэралу Ромэру ў намесьніцтве інспэктара арміі «Львоў» на прасьцягу Валынскага, Тарнопальскага і Станіславаўскага ваяводзтваў83. Іх заданьнем была каардынацыя вайсковых і цывільных дзеяньняў у сфэры бясьпекі на землях крэсаў. Гаворка ішла пра як мага лепшае выкарыстаньне наяўных сілаў для барацьбы з падрыўнымі дзеяньнямі. Генэралы былі ўпаўнаважаныя выдаваць ад свайго імя [міністра ўнутраных справаў] адміністрацыйным уладам ІІ і І інстанцыі абавязковых распараджэньняў у сфэры бясьпекі і грамадзкага спакою, б) звальняць са службы праз пасярэдніцтва адпаведных ваяводаў (дэлегатаў ураду) службоўцаў службы бясьпекі і дзяржаўнай паліцыі ў выпадку невыкананьня ці няўдалага выкананьня іх распараджэньняў, в) распараджацца ад імя міністра вайсковых справаў усімі вайсковымі аддзеламі, якія будуць ім падпаракаваныя з гэтай мэтай на тэрыторыі адпаведных камандаваньняў акругамі корпусаў, г) звальняць за пасярэдніцтвам камандзіраў акругі неадпаведных камандзіраў вайсковых аддзелаў84. |
72 PAOG. Sygn. f. 551. O. 1. D. 126. K. Mv. 73 Ibidem. Sygn. f. 551. O. 1. D. 126. K. l‑lv, Ibidem. Sygn. f. 551. O. 1. D. 179. K. 4.
74 Полуян В., Полуян И. Революционное и национально-
75 IPMS. Sygn. а. 43/11. K. 4—5, 10. Historia dywersji sowieckiej na Wileńszczyźnie i w Nowogródzkiem — podkomisarz Wacław Salmański. Асабліва каштоўнай здабычай у той пэрыяд быў конь, таму і дывэрсійныя аддзелы выкрадалі перш за ўсё верхавых коней.
76 PAOG. Sygn. f. 662. O. 3. D. 14. K. 4, 11.
77 Ibidem. Sygn. f. 662. O. 3. D. 11. K. 34.
78 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 65. K. lv.
79 IPMS. Sygn. а. 43/11. K. 4. Historia dywersji sowieckiej na Wileńszczyźnie i w Nowogródzkiem — podkomisarz Wacław Salmański.
80 CAW. Sygn. 1.303.4.2544. Referat Informacyjny Inspektoratu Armii № 1, 3.X.1924 r.
81 Полуян В., Полуян И. Революционное и национально-
82 CAW. Sygn. 1.303.4.2544. Referat Informacyjny Inspektoratu Armii № 1, 3.X.1924 r.; PAOB. Sygn. f. 67. O. l. D. 765. K. 33.
|
Генэрал Рыдз‑Сьміглы, атрымліваючы вялізныя паўнамоцтвы ад урадавых уладаў, меў даручэньне з выкарыстаньнем вайсковых сілаў ліквідаваць дывэрсійную дзейнасьць. Было палічана, што ад адпаведнай рэакцыі ўрадавых органаў залежыць ня толькі бягучая бясьпека на крэсах, але і прэстыж усёй дзяржавы. Жорсткая і рашучая рэакцыя мусіла дзейсна адбіваць ахвоту ад распачацьця антыдзяржаўных акцыяў, а таксама паказваць суседнім дзяржавам рашучасьць польскіх уладаў у змаганьні з усялякімі дывэрсійнымі рухамі. Генэрал Рыдз‑Сьміглы распачаў энэргічныя дзеяньні пад канец траўня 1924 году. Ён даручыў цывільным уладам падрыхтаваць схемы дысьлякацыі памежнай паліцыі, а таксама колькасны падрахунак службоўцаў паліцыі з адмысловым улікам рэзэрваў пешай і коннай паліцыі. Камандзіры гарнізонаў каардынавалі ўсе дзеяньні з цывільнымі ўладамі. З гэтай мэтай пры пасярэдніцтве спэцыяльных сувязных афіцэраў камандзіры адмысловых аддзелаў наладжвалі кантакт з наступнымі старастамі: камандзіры 4‑й брыгады кавалерыі — з сувалкаўска‑сэйненскім старастам, камандзір 1‑га палка ўланаў — з аўгустоўскім старастам, камандзір 29‑й пяхотнай дывізіі — з гарадзенскім старастам, камандзір 3‑й кавалерыйскай брыгады — са сьвянцянскім, браслаўскім, дзісенскім і дунілавіцкім старастам, камандзір 1‑й пяхотнай дывізіі — зь віленска‑троцкім старастам, камандзір 86‑га пяхотнага палка — зь віленска‑валожынскім старастам, камандзір 27‑га ўланскага палка — са стаўпецка‑нясьвіскім старастам, камандзір 84‑га пяхотнага палка — з лунінецка‑столінскім старастам85. Камандзірам дапаможных аддзелаў мусіў прызначацца «старэйшы, сур’ёзны і тактоўны, аднак рашучы афіцэр»86. |
83 CAW. Sygn. I. 3030.4.2497. Pismo Ministerstwa Spraw Wewnętrznych 26.IV.1924 r. Хоць асноўная пастанова Рады міністраў, якая давала генэралу Рыдз‑Сьмігламу адмысловыя паўнамоцтвы, была прынятая 16 красавіка 1924 году, аднак фактычна перадача яму акрэсьленых паўнамоцтваў і прызначэньне тэрытарыяльных кампэтэнцыяў адбыліся толькі праз чарговыя ўхвалы Палітычнага камітэту Рады міністраў ад 19 траўня 1924 году і 1 жніўня 1924 году. 84 CAW. Sygn. I. 3030.4.2497. Pismo Ministerstwa Spraw Wewnętrznych 26.IV.1924 r.; PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 6—7.
|
Аднак сытуацыю было няпроста ўзяць пад кантроль нават з дапамогай шматлікіх вайсковых аддзелаў. Адной з прычынаў была даўжыня памежнай лініі, а таксама актыўны ўдзел, асабліва савецкага боку, у падтрымцы і арганізацыі дывэрсійнага руху на польскіх землях. Тэрыторыя дзеяньня дапаможных аддзелаў была падзеленая на падучасткі. У сярэдзіне жніўня 1924 году на прасьцягу Стаўпецкага, Нясьвіскага, Наваградзкага і Баранавіцкага паветаў камандзір акругі корпусу № ІХ першапачаткова вызначыў сем эксадронных падучасткаў, падначаленых камандзіру 9‑й самастойнай кавалерыйскай брыгады87. Аднак ужо пад канец жніўня адбылася зьмена — да аддзелаў кавалерыі былі далучаныя часьці 77‑га і 78‑га пяхотных палкоў, а таксама палова бранятанкавага ўзводу. Участак, падначалены камандзіру 9‑й самастойнай кавалерыйскай брыгады, быў зноў падзелены, гэтым разам на тры падучасткі: Івянец, Нясьвіж і Наваградак. У кампэтэнцыі камандзіра падучасткаў было: клапаціцца пра шчыльнасьць мяжы, арганізоўваць спраўнае ўзаемадзеяньне ўсіх прыкамандзіраваных дапаможных аддзелаў, наладжваць кантакт з цывільнымі ўладамі, арганізоўваць павярхоўную выведку і контравыведку на падначаленай яму тэрыторыі, кантраляваць якасьць службы дапаможных аддзелаў і камандаваць у выпадку распачацьця ўзброенай атакі88.
|
85 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 14—17. 86 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 2. 87 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 407. K. 33—34.
|
У прымежных паветах Палескага ваяводзтва дапаможную службу арганізоўваў камандзір 84‑га пяхотнага палка зь Пінску. Гэты прасьцяг быў падзелены на лунінецкі і столінскі падучасткі89. Рада міністраў, пацьвярджаючы 1 жніўня 1924 году паўнамоцтвы, дадзеныя ў красавіку 1924 году генэралу Рыдз‑Сьмігламу, адначасова выключыла з‑пад яго камандаваньня тэрыторыю Палескага ваяводзтва90. Гэтае рашэньне выклікала раскол у камандаваньні і прывяло да спрэчкі наконт кампэтэнцыяў паміж палескім ваяводам і інспэктарам арміі № 1. Даўнаровіч абвінавачваў Рыдз‑Сьміглага ў аддачы загадаў на падпарадкаваных яму (Даўнаровічу) тэрыторыях. Палескі ваявода ў лісьце ад 9 верасьня 1924 году пісаў:
[…] зьвяртаю ўвагу, што тэрыторыя Палескага ваяводзтва не ўваходзіць у кампэтэнцыю інспэктара арміі, і на гэтай тэрыторыі я сам непадзельна адказваю за стан бясьпекі, і што ўмяшаньне войска дапушчальнае толькі на патрабаваньне ўладаў палітычнай адміністрацыі і ў межах, акрэсьленых палітычнай уладай91.
Гэты прыклад найзырчэй паказвае, што нават перад абліччам сур’ёзнай пагрозы праяўляліся амбіцыі асобных палітыкаў, якія працівіліся абмежаваньню свайго палітычнага ўплыву. Дапаможным аддзелам, якія праводзілі зьнішчальныя рэйды на польскай тэрыторыі, катэгарычна забаранялася рабіць якія‑небудзь спробы пераходу мяжы. Такім чынам улады хацелі пазьбегнуць канфліктаў міжнароднага характару. Калі ў акцыі акрамя войска брала ўдзел таксама паліцыя, то камандаваў перасьледаваньнем заўсёды афіцэр войска. Недапушчальным быў падзел вайсковага аддзелу і перадача невялікіх групаў жаўнераў у распараджэньне службоўцаў паліцыі92. Афіцэры мелі права кантраляваць працу памежнай паліцыі, правяраць стан баявой падрыхтоўкі да выпадку атакі супраціўніка. Згодна з рэкамэндацыямі генэрала Рыдз‑Сьміглага, у тыпова паліцэйскіх дзеяньнях, напрыклад, ператрусах, войска (наколькі было магчыма) не павінна было ўдзельнічаць. Аддзелы мусілі абмежавацца толькі абкружэньнем вёсак, «надаючы сваёй прысутнасьцю большую вагу і аўтарытэт у дачыненьнях з насельніцтвам»93. Да шчыльнага супрацоўніцтва паліцыі з войскам, нягледзячы на ўласныя канфлікты наконт кампэтэнцыяў з генэралам Рыдз‑Сьміглым, заклікаў таксама палескі ваявода С. Даўнаровіч. Праз акруговага камэнданта дзяржаўнай паліцыі ў Берасьці ён зьвяртаў увагу службоўцаў на тое, што супрацоўніцтва з войскам павінна складвацца як найлепш і нельга дапускаць
ніякіх спрэчак і непаразуменьняў — асабліва гэта тычыцца органаў дзяржаўнай паліцыі, а менавіта тых, камандаваньне якімі ў выпадку пільнай патрэбы прымае адпаведны афіцэр94. |
88 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 407. K. 112—119. 89 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 407. K. 50. 90 Archiwum Akt Nowych [AAN]. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 70—71. 91 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 25. 92 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 407. K. 7. 93 PAOG. Sygn. f. 200. O. 2. D. 5. K. 55.
|
Нягледзячы на рэкамэндацыі зьверху, паліцыя не заўсёды сьпяшалася выконваць загады афіцэраў. Таксама супрацоўніцтва на лініі камандзір дапаможнага аддзелу — павятовы камэндант дзяржаўнай паліцыі не заўсёды складвалася добра. На практыцы даходзіла да сытуацыяў, у якіх вайсковыя і паліцэйскія аддзелы незалежна адзін ад аднаго пасылаліся ў пагоню за адной і той жа групай95. Дывэрсійным актам, які прымусіў Раду міністраў зноў прыгледзецца да справаў бясьпекі на ўсходніх землях і ў выніку выклікаў актывізацыю палітыкі польскага ўраду, стаўся напад на Стоўпцы 4 жніўня 1924 году. Група каля 100 чалавек а палове на трэцюю ночы напала на павятовае мястэчка, атакавала дзяржаўныя будынкі і пошту. Была праведзеная атака на сядзібу староства і пастарунак дзяржаўнай паліцыі. Акцыя была добра арганізаваная96. Ядро групы складалі дывэрсанты з Савецкага Саюзу, на што ўказвала адзеньне і ўзбраеньне. Атакай камандаваў Арлоўскі (пазьней двойчы герой Савецкага Саюзу)97. Загадзя былі адрэзаныя камунікацыі, занятыя дарогі пад’езду да мястэчка, а сама атака на галоўныя будынкі ў горадзе была праведзеная па‑ваеннаму ўмела. Аддзел кавалерыі, які, прыбыўшы на дапамогу, хацеў уехаць у горад найкарацейшым шляхам, быў затрыманы на мосьце кулямётным агнём. Дывэрсійная група амаль праз гадзіну рабункаў адступіла з загружанымі вазамі ў бок мяжы з Савецкім Саюзам98. Вялікая частка нападнікаў здолела пакінуць тэрыторыю Польшчы. Паліцыі і войску ўдалося затрымаць дзесяць зь нечым чалавек, падазраваных ува ўдзеле ў нападзе, а таксама вярнуць частку скрадзеных рэчаў. Размах і маштаб праведзенай акцыі напалохалі ня толькі мясцовыя ўлады, але і цэнтральныя. Міністар вайсковых справаў генэрал У. Сікорскі ўжо празь дзень пасьля нападу на Стоўпцы прапанаваў Радзе міністраў распачаць з пасярэдніцтвам Міністэрства замежных справаў шырокую дыпляматычную кампанію, якая б дыскрэдытавала дзеяньні Савецкага Саюзу да польскай дзяржавы. Генэральны штаб мусіў даць адпаведныя матэрыялы, якія раскрываюць сыстэму савецкіх базаў падрыхтоўкі дывэрсантаў. Гэта мелася дыскрэдытаваць у вачах міжнароднай супольнасьці (што плянавалася зрабіць пры дапамозе Лігі Нацыяў) савецкі ўрад. Сярод прычынаў, якія ўплывалі на дэстабілізацыю сытуацыі на крэсах, генэрал Сікорскі згадаў слабасьць структураў цывільнай адміністрацыі і дэмаралізацыю дзяржаўнай паліцыі (паўсюднае п’янства), што, на думку міністра, прыводзіла да падзеньня аўтарытэту дзяржавы сярод мясцовага насельніцтва. Ён раіў увесьці надзвычайнае становішча, мілітарызаваць памежную паліцыю і надаць адмысловыя паўнамоцтвы ваяводам, што дало б ім магчымасьць ачысьціць крэсы ад варожых элемэнтаў. Выснова міністра вайсковых справаў гучала наступным чынам:
Ніякія меркаваньні палітычнага альбо эканамічнага характару ня могуць на дадзены момант адыгрываць у гэтай справе сур’ёзнай ролі, паколькі сёньня ўсходняя мяжа Польшчы знаходзіцца ў сапраўднай небясьпецы. […] Пакуль вайсковыя ўлады не пачнуць кіраваць на ўсходніх тэрыторыях, адказнасьць за бясьпеку на гэтых тэрыторыях ускладзена непасрэдна і выключна на Міністэрства ўнутраных справаў. Паўнамоцтвы, дадзеныя генэралу Рыдз‑Сьмігламу, не зьмяняюць сытуацыі, бо генэрал Рыдз‑Сьміглы — выканаўчы орган міністра ўнутраных справаў, а яго паўнамоцтвы настолькі слабыя, што на перамяшчэньне аднаго камісара паліцыі трэба горы лістоў і цэлыя тыдні99. |
94 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 765. K. 12. 95 CAW. Sygn. 1.303.4.2544. Pismo do Referatu Informacyjnego Inspektora Armii № 1, 3.X.1924 r. 96 Rubas M. J. Wschodnie pogranicze II Rzeczypospolitej // Kresowe Stanice. 1998. № 1—2. S. 6.
97 Głos w dyskusji (M. Iwanow) // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-
98 AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 72—73; PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 407. K. 19—19v.
|
Вайсковыя органы ўжо з пачатку 1924 году разважалі над магчымасьцю ўвесьці на ўсходніх крэсах надзвычайнае становішча. У падрыхтаваным з гэтай мэтай праекце капітана Палонскага з сэктару нацыянальнасьцяў ІІ аддзелу Генэральнага штабу плянавалася стварыць павятовыя вайсковыя камэндатуры. Цывільныя ўлады былі б цалкам падпарадкаваныя гэтым камэндатурам. Вайсковыя павятовыя камэндатуры рэпрэзэнтавалі б інтарэсы насельніцтва і ўладаў, а таксама былі б адказныя за бясьпеку на падначаленым ім прасьцягу. Яны рэгулявалі б прынцыпы палітычнага жыцьця, эканамічныя пытаньні (барацьба са спэкуляцыяй), а таксама арганізоўвалі б і ахоўвалі дарожны і чыгуначны транспарт100. Пад канец ліпеня, ужо пасьля наданьня паўнамоцтваў генэралу Рыдз‑Сьмігламу, ІІ аддзел Генэральнага штабу рэкамэндаваў увесьці на ўсходніх крэсах надзвычайнае становішча і ўвесьці пры інспэктару арміі № 1 пасаду камісара ўраду, які меў бы адмысловыя адміністрацыйныя паўнамоцтвы. Гэта павінна было палегчыць прыняцьце рашэньняў палітычнага характару, што паспрыяла б большай эфэктыўнасьці вайсковых акцыяў101. Прапановамі генэрала Сікорскага палітычны камітэт Рады міністраў заняўся 6 жніўня 1924 году. Падчас паседжаньня Рада міністраў не разьдзяліла пункту гледжаньня генэрала на вырашэньне пытаньня бясьпекі на крэсах. Яна была супраць рэзкай дыпляматычнай кампаніі, якая ў выніку магла б прывесьці нават да польска‑савецкай вайны, чаго польская дзяржава, ня маючы ў распараджэньні адпаведных сродкаў, хацела пазьбегнуць. Таксама задума ўвесьці надзвычайнае становішча на крэсах не знайшла падтрымкі. Быў выстаўлены аргумэнт, што
надзвычайнае становішча, акрамя права на дэпартацыі і затрыманьні, па сваёй сутнасьці не пашырыць нашых паўнамоцтваў, якія ўрад мае ў барацьбе з бандамі. На падставе пастановы Рады міністраў ад 16 красавіка паўнамоцтвы генэрала Рыдз‑Сьміглага цалкам дастатковыя102. |
99 Ibidem. K. 76—77. 100 CAW. Sygn. 303.4.2538. Raport Kpt. Połońskiego — Możliwość dywersji na terenach wschodnich. 23.I.1924 r. 101 Ibidem.
|
У распараджэньне генэрала Рыдз‑Сьміглага Рада міністраў аддавала вайсковыя сілы ў такой колькасьці, якую ён палічыць патрэбнай. Выдаткі на ўсю акцыю пакрываліся зь бюджэту Міністэрства ўнутраных справаў. Дзяржаўныя ўлады таксама плянавалі на самых небясьпечных тэрыторыях перадаць паліцыі са складоў войска найлепшае ўзбраеньне і паслаць два бронецягнікі. Падчас чарговых паседжаньняў палітычнага камітэту Рады міністраў 8‑га, а таксама 21 і 22 жніўня 1924 году былі прынятыя далейшыя рашэньні наконт сытуацыі на ўсходніх крэсах. Плянавалася як мага хутчэй раскватараваць у кашарах і мілітарызаваць аддзелы памежнай паліцыі, павялічыць сілы сувязі і ўзмацніць выведку на тэрыторыі супраціўніка. Было падлічана, што падзеі на ўсходніх крэсах Польшчы мелі прыкметы ўзброенай барацьбы, таму мусілі сустрэцца з адпаведнай рэакцыяй польскіх вайсковых аддзелаў. Як прэм’ер, так і прэзыдэнт згадзіліся з фактам, што войска можа дзейнічаць самастойна, не чакаючы закліку адміністрацыйных уладаў, а генэрал Рыдз‑Сьміглы з прычыны атрыманых паўнамоцтваў мог ня толькі распараджацца вайсковымі адзінкамі, але і аддзеламі паліцыі. На пасаду наваградзкага ваяводы быў прызначаны генэрал Мар’ян Жагота‑Янушайціс103. Затое прэм’ер катэгарычна адкінуў усякія задумы правесьці акцыю помсты на савецкай тэрыторыі ў адказ за напад на Стоўпцы. |
102 AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 74v.
|
Такая акцыя, — сьцьвярджаў прэм’ер, — ня толькі магла б спрычыніцца да пашырэньня сярод мясцовага насельніцтва бандытызму, але, што важней, выкарыстаньне савецкіх мэтадаў, нават толькі для помсты, не сумяшчальнае з аўтарытэтам польскай дзяржавы104.
Нягледзячы на адмысловыя захады Рады міністраў дзеля нармалізацыі стану бясьпекі на крэсах, на паўночна‑ўсходніх землях надалей адбываліся атакі дывэрсійных аддзелаў. Чарговай гучнай акцыяй, якая набыла шырокі розгалас, быў напад 25 верасьня 1924 году на цягнік Берасьце—Лунінец. У сваіх успамінах тагачасны прэм’ер Уладыслаў Грабскі, згадваючы жнівеньскую атаку на Стоўпцы і верасьнёўскі напад на цягнік, пісаў: «Самым вядомым быў напад на Стоўпцы, найбольш прыніжальным быў напад на ваяводу Даўнаровіча»105. Прыніжальным — паколькі бандыты пакінулі палескага ваяводу Даўнаровіча і акруговага камэнданта дзяржаўнай паліцыі Берасьця Мянсовіча без адзеньня. Іншых падарожных пазьбівалі ці паабкрадалі, напрыклад, біскуп Лазінскі пазбыўся крыжа. Узамен за адабранае адзеньне і іншую маёмасьць пасажыраў нападнікі пакінулі расьпіску з подпісам: «Украінска‑беларускае таварыства». «Kurier Wileсski», апісваючы здарэньне, не прамінуў пакпіць з пазыцыі абодвух высокіх дзяржаўных чыноўнікаў, якія «ня здолелі абараніць ані свайго гонару, ані дзяржавы»106. Сярод іншых загалоўкаў у прэсе красавала назва «Голы факт»107. Пікантнасьці дадавала тое, што акрамя ваяводы і акруговага камэнданта дзяржаўнай паліцыі ў цягніку ехалі некалькі паліцыянтаў і афіцэраў войска — разам, як падлічылі журналісты, каля 20 узброеных мужчынаў, якія, ня чынячы супраціву, пасіўна падпарадкаваліся загадам бандытаў108. Падчас нападу загінуў габрэйскі гандляр быдлам Гезэйр, які бараніў свае грошы, і сьмяротна паранены пры супраціве быў участковы паліцыянт Дмоўскі109. Гэты прыніжальны для дзяржаўных чыноўнікаў высокага рангу факт стаўся чарговым імпульсам да зьменаў у прымежнай палітыцы дзяржавы. Акрамя прызначанага раней наваградзкім ваяводам генэрала Янушайціса, палескім ваяводам замест Даўнаровіча 7 кастрычніка 1924 году быў прызначаны тытулярны генэрал брыгады Казімеж Младзяноўскі110. Ваяводы ў рангу генэралаў атрымалі паўнамоцтвы кіраваць усімі вайсковымі аддзеламі, прысланымі на іх тэрыторыю для дапаможнай працы, асабліва падчас зьмены фармаваньняў памежнай бясьпекі. Узьнікаў непакой, што падчас перадачы абавязкаў на мяжы памежнай паліцыяй новаўтвораным фармаваньням — корпусу аховы памежжа, будзе паслабленая памежная лінія, чым змогуць скарыстацца дывэрсійныя аддзелы111. Атрымліваючы новыя паўнамоцтвы ў кіраваньні дапаможнай працай, ваяводы‑генэралы прынялі тым самым частку заданьняў, якія дагэтуль былі ў кампэтэнцыі генэрала Рыдз‑Сьміглага. Згодна з уведзенымі новымі прынцыпамі арганізацыі дапаможнай службы, Наваградчына і Палесьсе былі падзеленыя на ўчасткі бясьпекі, якія адпавядалі зонам паасобных ваяводзтваў. На тэрыторыі Наваградзкага ваяводзтва лякалізавалі наваградзкі ўчастак бясьпекі, падзелены на раёны Глыбокае і Ліда, якія ў сваю чаргу дзяліліся на акругі: раён Глыбокае — на акругі Вялейка, Дунілавічы, Дзісна, а раён Ліда — на Ліду і Валожын. Загады, якія датычылі дапаможнай службы, мог аддаваць як ваявода‑генэрал, так і інспэктар арміі112. У палескі ўчастак бясьпекі ўваходзілі раёны Лунінец, Столін і Пінск. Арганізацыяй палескага ўчастку заняўся камандзір 30‑й пяхотнай дывізіі палкоўнік Тэсара. Выдаткі на ўсе захады, зьвязаныя з дапаможнай службай, у далейшым пакрываліся зь бюджэту Міністэрства ўнутраных справаў113. Камандзіры акругаў вызначылі вайсковыя аддзелы для распараджэньня ваяводы‑генэрала. Камандзір акругі корпусу № ІХ перадаў 6 лістапада 1924 году наступныя аддзелы для дапаможнай службы з вызначэньнем раёну іх дзейнасьці: а) камбінаваны кавалерыйскі полк — камандзір палка — Лунінец; 25‑ты ўланскі полк — Кажангарадок; эскадрон 27‑га ўланскага палка — Мокраць — Леніна — Мікашэвічы; эскадрон 36‑га ўланскага палка — Ганцавічы —Манкавічы; эскадрон 15‑га ўланскага палка — Дзяніскавічы — Груднін — Лактышы, б) рота 84‑га пяхотнага палка — Лунінец, в) рота 35‑га пяхотнага палка — Столін — Давыд‑Гарадок, г) рота 84‑га пяхотнага палка — Пінск, д) рота 83‑га пяхотнага палка — Кобрын, е) рота 82‑га пяхотнага палка — Берасьце, ё) эскадрон 25‑га ўланскага палка — Пружаны114. Камандаваньне акругі корпусу № ІІІ дэлегавала на дапаможную службу наступныя аддзелы: эскадрон 4‑га ўланскага палка — месца дысьлякацыі Празарокі; эскадрон 23‑га ўланскага палка — Сервеч; узвод 86‑га пяхотнага палка — Шыпкі; эскадрон 13‑га ўланскага палка — Абвадоўцы; дзьве роты 77‑га пяхотнага палка — Валожын, Пяршаі, паўбатальёну 77‑га пяхотнага палка — Ліда. Выкарыстаньне іншых аддзелаў, акрамя вызначаных, у дапаможнай службе патрабавала кожнаразовай згоды камандзіра акругі корпусу115. Выкананьне заданьняў у дапаможнай службе парушала нармальную хаду навучаньня чарговых набораў рэзэрвістаў, таму дзеля захаваньня працягласьці навучаньня адбывалася ратацыя аддзелаў116. Прызначаныя для дапаможных дзеяньняў вайсковыя аддзелы павінны былі заўсёды знаходзіцца ў гатовасьці да распачацьця акцыі перасьледу. Сувязь паміж аддзеламі ўтрымлівалася пры дапамозе асьвятляльных ракетаў. Умоўныя знакі сыгналізавалі пачатак бою з выяўленым дывэрсійным аддзелам ці просьбу дапамагчы. Камандаваньне раіла адмовіцца ад выкарыстаньня тэлефонаў і тэлеграфаў, паколькі саветы падслухоўвалі і інфармавалі пры дапамозе ўмоўных асьвятляльных сыгналаў дывэрсійныя групы117. Падчас бою з выяўленай групай вайсковы аддзел, згодна з рэкамэндацыямі камандзіра акругі корпусу № ІІІ, ня мог задаволіцца толькі вяртаньнем скрадзеных рэчаў. Сапраўдным посьпехам лічылася поўная ліквідацыя банды. Калі абкружаныя не хацелі здавацца, войска выкарыстоўвала ўсю сваю агнявую моц, якой валодала, для іх фізычнага зьнішчэньня. Рэкамэндавалася выкарыстоўваць аўтаматычную зброю, каб праз атрыманьне перавагі перахапіць ініцыятыву ў баі.
Падчас бою, — раіў камандзір акругі корпусу № ІІІ, — ня трэба шкадаваць ні высілку, ні людзей, ні коней. Пасьпяховая абарона нашай краіны зьвязаная ў дадзены момант са справаю аўтарытэту і гонару войска. […] Банда, напаткаўшы супраціў хоць некалькіх чалавек, адступае, нягледзячы на сваю колькасную і збройную перавагу. У барацьбе зь імі энэргічнасьць і рашучасьць прыносяць посьпех. Паводзіны войска ў дапаможных дзеяньнях павінны характарызавацца той рухавасьцю і ініцыятывай, якой адзначаліся нашыя аддзелы падчас апошняй кампаніі на ўсходнім фронце118. |
103 Żegota‑Januszajtis M. Życie moje tak burzliwe... Wspomnienia i dokumenty. Warszawa, 1993. S. 20; Sawoniewski L. Korpus Ochrony Pogranicza narzędziem polityki kresowej II Rzeczypospolitej // Zeszyty Naukowe Wojskowej Akademii Politycznej 1978. № 97. S. 109. 104 AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 78—82. Нягледзячы на катэгарычны супраціў прэм’ера, польскі бок праводзіў акцыі помсты на савецкай тэрыторыі. Яны былі арганізаваныя афіцэрамі ІІ аддзелу Генэральнага штабу (прадстаўніцтва № 1, Вільня). Адна зь іх была ня надта ўдалай акцыяй вылазкі на Койданава з 2 на 3 кастрычніка1924 году. «Напад, — інфармаваў наваградзкі ваявода, — быў арганізаваны досыць няўдала, паколькі ў Рубяжэвічах перад вылазкай ужо гаварылі [...] пра яе. Вылазка была нязграбная і выкрытая. Нападнікі натрапілі на бальшавіцкую засаду, у выніку чаго іх абстралялі. З нашага боку палегла трое, з бальшавіцкага, відаць, некалькі параненых» (CAW. Sygn. 1.3030.4.5256. Pismo wojewody nowogródzkiego z 17.X.1924 r.). На тэму гэтай акцыі гл. таксама: Dąbal T. Ruch partyzancki w Polsce // Nowy Przegląd 1924—1925. Warszawa, 1959 [перавыданьне]. S. 292—293. 105 Grabski W. Dwa lata pracy u podstaw państwowości naszej 1924—1925. Warszawa—Rzeszów, 2003. S. 116. 106 Kurier Wileński. 26.IX.1924. 107 Życie Polesia. 5.X.1924. 108 Восем афіцэраў войска, якія пасіўна паводзілі сябе, сталі перад судом гонару (AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 114a). 109 Kurier Wileński. 3.X.1924. Участковы Дмоўскі быў адзначаны Крыжам Заслугі. 110 Rataj M. Pamiętnik (1918—1927). Warszawa, 1965. S. 236, 284. С. Даўнаровіч страціў пасаду ваяводы, нягледзячы на пратэкцыю генэрала Сікорскага. 111 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 26. 112 CAW. Sygn. 371.3.10. Organizacja służby asystencyjnej na terenie województw wschodnich, 9.XII.1924. 113 PAOB. Sygn. f. 2003. O. 2. D. 219. K. 9. 114 Ibidem. Sygn. f. 67. O. 1. D. 765. K. 41‑41v. 115 CAW. Sygn. 371.3.10. Organizacja służby asystencyjnej na terenie województw wschodnich. 9.XII.1924 r. 116 AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 78. 117 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 765. K. 35.
|
Вайсковыя аддзелы выкарыстоўваліся для дапаможнай службы самкнутым строем, драбненьне на меншыя групы не рэкамэндавалася як з тактычных, так і з палітычных меркаваньняў. Улады баяліся, што малыя групы жаўнераў пры кантакце зь мясцовым насельніцтвам маглі хутка паддавацца дэмаралізацыі119. Пасьля нападу на цягнік 25 верасьня 1924 году для аховы бясьпекі пасажыраў былі накіраваныя вайсковыя аддзелы. На даручэньне камандзіра акругі корпусу № ІХ генэрала Рыбака камандзіры 9‑й самастойнай кавалерыйскай брыгады і 30‑й пяхотнай дывізіі павінны былі дэлегаваць жаўнераў для аховы цягнікоў. Тыя мусілі езьдзіць у вызначаным купэ ці адмыслова прычэпленым для гэтага пасажырскім вагоне (ІІ ці ІІІ клясы). З пункту гледжаньня войска найбольш прыдатнымі для гэтых мэтаў былі прасторныя вагоны расейскага тыпу (старыя) або новыя нямецкія. Цесныя вагоны, бяз выйсьця ў абодва бакі рабілі практычна немагчымым правядзеньне абароны (гэта быў адзін з аргумэнтаў, які выкарыстоўвалі для свайго апраўданьня афіцэры, абвінавачаныя ў пасіўнай пазыцыі падчас нападу на цягнік 25 верасьня 1924 году)120. Да парадаў камандзіра акругі корпусу № ІХ прыслухаўся міністар вайсковых справаў, які ў лістападзе 1924 году даў указаньне далучыць да кожнага пасажырскага саставу ва ўсходніх ваяводзтвах браняваны вагон і больш за дзясятак жаўнераў суправаджэньня121. Аховай бясьпекі падарожных падчас паездкі мусіла заняцца таксама паліцыя. На самых небясьпечных лініях траса мусіла патрулявацца спэцыяльнымі аддзелам паліцыі за гадзіну да праезду цягніка. У Гарадзенскім павеце пэўным пастарункам даручылі кантраляваць адпаведныя адрэзкі трасы122, а ў Палескім ваяводзтве, у Берасьці, Лунінцы і Сарнах арганізавалі паліцэйскія групы на 20 чалавек, у Жабінцы — 10 асобаў. Іх заданьнем было ахоўваць пэўныя адрэзкі найбольш небясьпечных трасаў. Пасьля нападу на Стоўпцы адбыліся зьмены і ў ахове гарадоў на крэсах. Улады хацелі такім чынам прадухіліць паўтор падобнай дзёрзкай акцыі. Лідзкі стараста ў лісьце ад 6 кастрычніка 1924 году даручыў тамтэйшаму павятоваму камэнданту дзяржаўнай паліцыі зрабіць наступныя прафіляктычныя захады:
Горад Ліда павінен ахоўвацца ўначы вартамі, якія сталы паліцэйскі ўчастак […] выставіць за горадам […]. Разьмяшчэньне вартаў павінна дастасоўвацца да мясцовасьці і надвор’я. Пры тумане падчас дажджу варты павінны быць больш шчыльнымі, а патруляваньне больш інтэнсіўным. Варты маюць аднаго камандзіра, які адказвае за іх спраўнае функцыянаваньне. У выпадку нападу лінія вартаў стрымлівае нападнікаў ад уварваньня ў горад. Асобныя патрулі і пастарункі падымаюць трывогу стрэламі. Камандзір вартаў павінен трымаць напагатове спэцыяльную групу, якую выкарыстоўвае ў выпадку нападу для ўмацаваньня лініі вартаў, абкружэньня нападнікаў і перасьледу123. |
118 CAW. Sygn. 371.3.10. Organizacja służby asystencyjnej na terenie województw wschodnich, 9.XII.1924; PAOB. Sygn. f. 200. O. 2. D. 1. K. 1—6. 119 PAOB. Sygn. f. 2003. O. 2. D. 219. K. 6. 120 PAOB. Sygn. f. 67. O. 1. D. 406. K. 41—42. 121 AAN. Protokoły Komitetu Politycznego RM z lat 1924—1926. K. 208. 122 PAOG. Sygn. f. 200. O. 2. D. 1. K. 335.
|
У другой палове 1924 году назіралася выразная актывізацыя падрыўных акцыяў. Напады дывэрсійнага характару пачалі адзначаць ня толькі ў прымежных паветах, але і ў глыбі Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў. Таксама маштаб ажыцьцяўляных акцыяў сьведчыў пра добрае веданьне тэрыторыі і падрыхтаванасьць дзеяньняў124. Паўсюль шырылася інфармацыя пра плянаваньне вялікага скаардынаванага збройнага выступу125. Стаўленьне мясцовага (беларускага) насельніцтва да нападнікаў было або прыхільнае, або прынамсі пасіўнае, што найчасьцей тлумачылася боязьзю за ўласную бясьпеку. Тыя, хто супрацоўнічаў з уладамі, мусіў лічыцца з рэпрэсіямі з боку дывэрсійных аддзелаў, значную частку якіх складала мясцовая моладзь, добра абазнаная ў мясцовых справах126. Пасьля зімовага пэрыяду, што натуральным чынам не спрыяў дзеяньням, ужо з раньняй вясны 1925 году пачыналіся новыя напады. Надалей практыкавалася правераная тактыка атакі, якая палягала ў адначасовым начным правядзеньні штурму галоўных адміністрацыйных будынкаў гораду ці селішча127. Дэстабілізацыя сытуацыі ў першай палове 1925 году на крэсах пачала спрычыняцца да павелічэньня колькасьці нападаў разбойнага характару і ў Беластоцкім ваяводзтве. Досыць вялікі дывэрсійны аддзел дзейнічаў на тэрыторыі Белавескай пушчы128. Да службаў бясьпекі даходзіла інфармацыя пра перакіданьне на тэрыторыю Польшчы падрыхтаваных агентаў, якія спэцыялізаваліся ў дывэрсіях. Праводзілася масавае вэрбаваньне камуністычнай моладзі129. У пачатаку 1925 году агульнавядомай была інфармацыя пра ўздым вясною беларускага паўстаньня. Лічылася, што ў выпадку распачацьця дзеяньняў частка жаўнераў, якія служылі ў войску польскім — беларусаў і ўкраінцаў, — адмовіцца выконваць загады. Найлепш да выступу былі падрыхтаваныя, як меркавалася, камуністычныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў Наваградзкім, Слонімскім, Кобрынскім, Пінскім, Бельскім, Гарадзенскім і часткова Беластоцкім паветах130. Пацьверджаньні пра плянаваную акцыю прыходзілі таксама з польскай амбасады ў Маскве; брытанская выведка перадала польскай дыпмісіі інфармацыю пра прыбыцьцё ў камандаваньне Чырвонай Арміяй у Маскве двух чальцоў «Беларускага камітэту дзеяньня (czynu)» — Старункіневіча і Рызоя, якія далажылі пра сытуацыю на паўночна‑ўсходніх землях Польшчы. З рапарту, падрыхтаванага імі, вынікала, што гэта быў найлепшы час для распачацьця збройных дзеяньняў. Беларускае насельніцтва было непрыхільнае да польскай адміністрацыі і памешчыцтва, сілы будучых паўстанцкіх аддзелаў ацэньваліся на 40 000. Як сьцьвярджалася ў рапарце, у будучым перакіданьне групаў зь Беларусі ў Польшчу мусіла значна ўскладніцца, што было зьвязана з арганізацыяй новага вайсковага ўтварэньня — корпусу аховы памежжа. Гэта таксама было прычынай, чаму рэкамэндавалася распачаць атаку як мага хутчэй. Плян дзеяньняў прадугледжваў адначасовы ўдар на ўсе двары і польскія паселішчы на паўночна‑ўсходніх крэсах, што ўжо ў пачатку дзеяньняў павінна было прывесьці іх да поўнага зьнішчэньня131. Адным з захадаў, якія супрацьдзейнічалі пашырэньню нападаў, была арганізацыя 1 красавіка 1925 году вялікай аблавы на ўсходніх землях міжваеннай Польшчы. На тэрыторыі Наваградзкага ваяводзтва ў акцыі бралі ўдзел 1700 паліцыянтаў і 4000 жаўнераў. Меркавалася арыштаваць 292 чалавек і правесьці ператрус у 1382 чалавек, а фактычна было затрымана 350 чалавек і зроблена 1634 ператрусы, падчас якіх былі знойдзеныя: 10 ручных гранатаў, 17 вінтовак, 21 рэвальвэр, 400 куляў, 100 штук старых камуністычных адозваў і газэтаў132. Паліцыя больш энэргічна занялася адловам асобаў, якія пераходзілі ў пачатку 1925 году мяжу. З інфармацыі, якую мелі ўлады, вынікала, што мяжу перайшлі некалькі арганізаваных групаў, якія, аднак, не ўчынілі нападаў. У сувязі з гэтым існаваў непакой, што можа рыхтавацца буйная дывэрсійная акцыя на польскіх землях133. Стараючыся як мага хутчэй авалодаць сытуацыяй, улады пачалі рабіць на паўночна‑ўсходніх крэсах інвэстыцыі, якія мусілі паспрыяць паляпшэньню стану бясьпекі. У 1924 годзе ў Наваградзкім ваяводзтве было пабудавана 400 км тэлефонных лініяў, а ў 1925‑м плянавалася ўсталяваць яшчэ 1500 км. Улады меркавалі, што частку матэрыялу на тэлефонныя слупы атрымаюць ад прыватных асобаў. На зьезьдзе старастаў Наваградзкага ваяводзтва абмяркоўвалася магчымасьць узбраеньня вайсковых асаднікаў, якія, падзеленыя на аддзелы на чале з афіцэрам, утварылі б дапаможныя вайсковыя фармаваньні134. Непакою адміністрацыйных уладаў адносна беларускага паўстаньня не падзялялі вайсковыя колы. З падрыхтаванага пад канец 1925 году вайсковымі ўладамі аналізу сытуацыі выразна вынікала, што беларускага паўстаньня не чакалася. У рапарце адназначна сьцьвярджалася, што «Беларусь з пункту гледжаньня паўстанцкіх арганізацыяў найменш падрыхтаваная»135. Мясцовая беларуская супольнасьць лёгка паддавалася ўплыву антыдзяржаўнай прапаганды, ня верачы ў трываласьць польскай дзяржавы. Яна ахвотна слухала ўсякія навіны пра магчымасьць паўстаньня ці палітычных зьменаў, чакаючы, што тым самым палепшыцца яе сытуацыя, аднак насамрэч была далёкая ад актыўнага, масавага збройнага выступу. Праца камуністычных уладаў, якая ў значнай ступені грунтавалася на выкарыстаньні любых дзеяньняў — нават бандыцка‑крымінальнага характару — дзеля палітычных пачынаньняў, на самай справе не спрыяла стварэньню згуртаванай паўстанцкай арганізацыі. Значна лягчэй, чым арганізаваць каардынаваную паўстанцкую дзейнасьць, было схіліць згалелае насельніцтва — нават пры дапамозе палітычных лёзунгаў — да выступаў крымінальнага характару, накіраваных пераважна супраць сацыяльных ці прафэсійных групаў, якія ня цешыліся сымпатыяй, — памешчыкаў, чыноўнікаў, паліцыянтаў. У працы, падрыхтаванай ІІ аддзелам Генэральнага штабу, дывэрсіі, якія праводзіліся на паўночна‑ўсходніх землях у першай палове дваццатых гадоў, былі падзеленыя на «маральныя», «нападныя» і «пажарныя». «Маральныя» мелі на мэце як праводзіць палітычную агітацыю, так і абуджаць мясцовае насельніцтва праз распаўсюджаньне штовясну інфармацыі пра магчымасьць паўстаньня136. «Нападныя» дэстабілізавалі сытуацыю ў дзяржаве, паглыбляючы пачуцьцё нетрываласьці і часовасьці польскіх уладаў. У вялікай ступені яны залежалі ад пораў году — значна зьмяншаліся ў зімовы пэрыяд. Разьвіцьцю пачуцьця нестабільнасьці мусілі спрыяць таксама «пажарныя» дывэрсіі, якія несьлі з сабою значныя фінансавыя страты. У пэўны пэрыяд страхавыя таварыствы меркавалі нават адмовіцца ад выплатаў за пажары на ўсходніх землях137. |
123 Ibidem. Sygn. f. 200. O. 2. D. 5. K. 65. 124 Ibidem. Sygn. f. 662. O. 3. D. 11. K. 1—3, 36. 125 PAOB. Sygn. f. 2026. O. 1. D. 417. K. 91. 126 PAOG. Sygn. f. 662. O. 3. D. 11. K. 36. 127 Głos Wileński. 29.III.1925. 128 PAOB. Sygn. f. 93. O. 1. D. 475. K. 202. 129 Ibidem. Sygn. f. 93. O. 1. D. 423. K. 8; Ibidem. Sygn. f. 200. O. 1. D. 17. K. 52. 130 Ibidem. Sygn. f. 93. O. 1. D. 236. K. 25. 131 AAN. Instytucje Wojskowe. Sygn. 296/11‑18. K. 1. 132 CAW. Sygn. 303.4.2538. Sprawozdanie o sytuacji dywersyjnej w województwach wschodnich. 1.III—1.VI.1925. Czaty 20.IV.1925. 133 PAOG. Sygn. f. 200. O. 2. D. 1. K. 8—8v; Ignatowicz W. Moja osada wojskowa Konna // Kresowe Stanice; 2003. № 2. S. 32. У пачатку дваццатых гадоў большасьць асаднікаў мела зброю. 134 AAN. Ministerstwo Spraw Wewnętrznych. Sygn. [мікрафільм] 20172. K. 22. 135 CAW. Sygn. 3030.4.2538. Ocena sytuacji w województwach wschodnich.
|
Паляпшэньне стану бясьпекі пачало заўважацца ў 1925 годзе. З аналізаў, праведзеных вайсковымі органамі, вынікала, што ўжо на мяжы 1924 і 1925 гадоў пачала зьмяншацца сярэдняя колькасьць нападаў. Гэта дазволіла звольніць вайсковыя аддзелы са сталай дапаможнай службы. У Наваградзкім ваяводзтве апошні аддзел адправіўся ў свой гарнізон 28 траўня 1925 году138. У 1926 годзе колькасьць нападаў рэзка ўпала139. Заканчэньне масавых дывэрсійных акцыяў завяршыла, несумненна, найгоршы ў пляне грамадзкай бясьпекі пэрыяд у гісторыі паўночна‑ўсходніх земляў міжваеннай Польшчы. Прычынаў заканчэньня дзейнасьці дывэрсійных групаў у 1925 годзе было некалькі. Адной зь іх трэба прызнаць актыўную дзейнасьць часовых судоў, якія выносілі прысуды за падрыўную дзейнасьць. Абвесткі пра чыннасьць судоў, акрамя інфармацыі на плякатах, зьяўляліся ў мясцовай прэсе140. Улады, ацэньваючы ролю прэсы як сродку перадачы інфармацыі, раілі публікаваць таксама навіны аб ліквідацыі чарговых групаў і аб працэсах і прысудах часовых судоў. Асаблівае ўражаньне рабілі навіны пра сьмяротныя пакараньні, тым больш што такі прысуд выконваўся на працягу 24 гадзінаў141. У рэпартажах прэсы падкрэсьліваўся крымінальны характар дзеяньняў асуджаных. Так, у артыкуле ў «Gіosie Wileсskim» аб працэсе над 70‑й асабовай «бальшавіцка‑беларускай бандай», падкрэсьлівалася, што хоць інсьпірацыя зыходзіла з савецкай і літоўскай агентуры (за нямецкія грошы), аднак
ні пра якое паўстаньне не магло ісьці й гаворкі, і ўсё скончылася звычайнымі рабункамі і нападамі, прычым ахвярамі нападаў і рабункаў было і так званае беларускае насельніцтва. […] паказаньні сьведкаў неаспрэчна даказалі, што ўсе абвінавачаныя — гэта ніякія не «беларусы», а звычайныя бандыты, якія за добрую плату гатовыя паліць і забіваць кожнага142.
Усё большыя вынікі давала дзейнасьць службаў бясьпекі. Улады добра арыентаваліся на тэрыторыі, арыштоўвалі актыўных чальцоў камуністычнай партыі. Добра выконвала сваё заданьне новае памежнае ўтварэньне — корпус аховы прымежжа — пасьпяхова блякуючы наплыў непажаданых элемэнтаў з Савецкага Саюзу143. Аднак сапраўдная прычына спыненьня дывэрсійнай дзейнасьці знаходзілася з савецкага боку. Умацаваньне Сталіна пры ўладзе было зьвязанае са зьменай тактыкі. Экспарт камунізму ў заходнія дзяржавы быў адкладзены на пазьнейшы час, да моманту поўнага трыюмфу ідэі пралетарыяту ў самім Савецкім Саюзе. Распачатая ўнутраная барацьба, якая ў будучыні прывяла да масавых рэпрэсіяў, выключала ў найбліжэйшай пэрспэктыве канфлікт з капіталістычнымі дзяржавамі, у тым ліку і з Польшчай. Таму ўтрыманьне сталых дывэрсійных аддзелаў у савецкай Беларусі перастала быць мэтазгодным, тым больш што гэтыя групы з аддзелаў, што дэстабілізавалі сытуацыю ў Польшчы, маглі ператварыцца ў групы, якія б пачалі шукаць здабычы на тэрыторыі савецкай Беларусі. Як надуманую прычыну для ліквідацыі групаў савецкія ўлады выкарысталі канфлікты паміж аддзеламі і справакавалі ў жніўні 1925 году да сутычкі ў Койданаве паміж імі, што фактычна сталася завяршальным актам арганізаванай дзейнасьці дывэрсійных групаў, якія падтрымліваў Савецкі Саюз144. Характэрнай рысай беларускай дывэрсійнай дзейнасьці ў 1920—1925 гадах была моцная інсьпірацыя звонку. Сьпярша галоўнай дзяржавай, якая падтрымлівала партызанскі рух, была Літва, потым — Савецкі Саюз. Хоць абедзьве дзяржавы мелі іншыя палітычныя мэты, яны шчодра і ахвотна кідаліся нацыянальнымі беларускімі лёзунгамі, умела выкарыстоўваючы несумненна ўласьцівую частцы беларускага грамадзтва антыпатыю да Польшчы. Аднак беларусы ў арганізацыйным пляне былі ня ў стане самастойна прывесьці да паўстаньня. Пераважная большасьць сялянскіх масаў гатовая была падтрымаць зьмены, аднак пры ўмове, што інсьпірацыя прыйшла б звонку. Галоўны разьлік быў на Савецкі Саюз, які, з гледзішча беларускіх сялянаў, спалучаў у сабе рысы старой царскай Расеі з надзеяй на новыя сацыяльныя зьмены. Спыненьне Савецкім Саюзам падтрымкі дывэрсійнага руху фактычна азначала ягоны канец145. Масавыя выступы супраць асобаў і ўстановаў, якія лічыліся сымбалем польскага панаваньня, зноў адбыліся толькі пасьля 17 верасьня 1939 году. Тады, пачуўшы навіну пра ўваходжаньне Чырвонай Арміі, спакойнае і ляяльнае дагэтуль беларускае насельніцтва пачне з інсьпірацыі савецкіх эмісараў і стыхійна ўтвараць узброеныя аддзелы, і, часта жорсткім спосабам, распраўляцца з чыноўнікамі, паліцыянтамі, жаўнерамі і земляўласьнікамі146.
Крыніца: Rocznik Statystyczny Rzeczy Pospolitej Polskiej, 1922-1927. З польскай мовы пераклаў Антон Кузьміч |
136 Зьвесткі пра беларускае паўстаньне былі цыклічныя, напр. у сакавіку 1927 году паліцыя ў Берасьці атрымала навіну пра плянаванае на вясну паўстаньне (PAOB. Sygn. f. 92. O. 1. D. 130. K. 25). 137 Krótki zarys... 138 Dziennik Urzędowy Województwa Nowogródzkiego z 3.VI.1925.
139 PAOG. Sygn. f. 602. O. 3. D. 11. K. 203. Боязь перад новымі дывэрсійнымі дзеяньнямі на паўночна-
140 Wspólna Sprawa. 31.XII.1925.
141 Ibidem. 13.III.1926.
142 Głos Wileński. 3.V.1925; Urbański K. System penitencjarny w II Rzeczypospolitej a więźniowie polityczni (na przykładzie województwa Kieleckiego). Kielce, 1997. S. 22. Часовыя суды на паўночна‑ўсходніх землях (апэляцыйная акруга Вільня) дзейнічалі да 1927 году.
143 У польскіх даваенных, а таксама паваенных успамінах і працах пануе погляд, што галоўныя заслугі ў нэўтралізацыі і ліквідацыі дзейнасьці дывэрсійных групаў належаць корпусу аховы памежжа. Не памяншаючы заслугаў КАП, я ўсё ж мяркую (што выказваю ў гэтай публікацыі), што галоўная прычна спыненьня дывэрсійных дзеяньняў палягала ў зьмене палітыкі Савецкага Саюзу пасьля прыходу Сталіна да ўлады.
144 Ziemia Wileńska. 28.VI.1925. № 26; IPMS. Sygn. а. 43/11. K. 25—26. Historia dywersji sowieckiej na Wileńszczyźnie i w Nowogródzkiem — podkomisarz Wacław Salmański.
145 На паўночна-
146 Гл. больш: Wierzbicki M. Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Stosunki polsko‑białoruskie na ziemiach północno‑wschodnich II Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939—1941. Warszawa, 2000.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (53) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |