A R C H E | П а ч а т а к | № 1-2 (53) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЭНТАНІ СМІТ | ||||
Гісторыя і лёс нацый: адказы і ўдакладненні
На 60‑я гг. ХХ ст. прыпаў апагей мадэрнісцкай парадыгмы «нацыятварэння». Сапраўды, у эпоху дэкаланізацыі і ўтварэння новых дзяржаў гэта была вельмі шматабяцальная мадэль. Гэткі актывісцкі, сацыялагічны падыход выразна адрозніваўся ад парадыгмы спрадвечнага (прымардыяльнага) (ц)і заўсёднага (перэніяльнага) існавання нацый, што раней панавала ў тэорыі нацыяналізму і адводзіла вельмі абмежаваную ролю чалавечаму фактару. Але, як выявілася ў доследах «першаадкрывальнікаў» у нашай галіне, — такая мадэль часцяком у рэтраспектыве знаходзіла нацыяналізм нават там, дзе яго не было. Тады мадэрнізм і запрапанаваў радыкальна іншы, скептычны погляд не толькі на нацыяналізм як ідэалогію і рух, але і на самую сутнасць і ролю нацый: гэтыя з’явы звязваліся з сацыяльнымі і культурнымі ўмовамі мадэрнасці, пачынаючы ад французскай і амерыканскай рэвалюцый. У 1970—1980‑я гг. парадыгма мадэрнізму атрымала сваё далейшае развіццё.
Аднак аптымізм эпохі «нацыятварэння» доўга не пратрываў. Збольшага прымаючы прапанаваную мадэрнізмам перыядызацыю гісторыі, крытыкі не прамінулі ўказаць на яго відавочныя слабыя месцы. Адначасова гучалі і галасы кардынальна нязгодных: яны раскрывалі абмежаванасць рацыяналізму і (у шматлікіх выпадках) інструменталізму, якія служылі падмуркам мадэрнісцкай парадыгмы. Дадаў да гэтых сумневаў і рост цікавасці да адносна новай галіны доследаў — «этнічнасці» — і яе сувязі з нацыяналізмам. Некаторыя гісторыкі зноў звярнуліся да «неаперэніялісцкай» тэорыі нацый: яны прасочваюць вытокі прынамсі некаторых нацый у Сярэднявеччы.
Мае ўласныя сумневы датычна мадэрнізму выкрышталізаваліся ў канцы 1970‑х гг., калі я пачаў пісаць «Этнічнае адраджэнне». Я і дасюль упэўнены, што ідэалогія нацыяналізму была з’явай Новага часу, мадэрнасці. Аднак шмат дзе ў мадэрным свеце адбывалася адраджэнне (ці папросту захаванне?) этнічнасці, і ім карысталіся нацыяналісты. Таму ў мяне стала з’яўляцца думка, што трэба пачынаць вывучаць нацыі з іх ранейшых, дамадэрных, праяў — з этнічных супольнасцяў. Адсюль вынікаў разрыў з «зацыкленасцю на цяпершчыне» [blocking presentism] (тэрмін Джона Піла), уласцівай шмат каму з прыхільнікаў мадэрнісцкага і канструктывісцкага падыходаў, калі ўся ўвага засяроджваецца на праблемах, актуальных для зусім нядаўніх палітычных эліт, і на іх дзейнасці. Такія даследчыкі дэманстравалі пэўную гістарычную нізкавокасць: яны нібыта хацелі сказаць, што да XVIII ст. нацый не фармавалася, таму няма патрэбы зважаць на ранейшыя перыяды, і пагатоў іх даследаваць. Гэткая абмежаванасць не толькі не давала вывучаць сувязь паміж сучасным станам нацыі і традыцыямі мінуўшчыны. Яна засціла яшчэ адную найважнейшую праблему — сувязь паміж элітамі і больш старажытнымі грамадска‑культурнымі традыцыямі «народу», ад імя якога яны вялі палітычную барацьбу. Далей я зразумеў, што «народ» — гэта не толькі «простыя людзі», то бок не‑эліта, але і гістарычна і культурна адметная супольнасць. З гэтых культурных супольнасцяў самая тыповая — «этнас», ці этнічная супольнасць. Таму ў кнізе «Этнічныя карані нацый» я прыйшоў да высновы, што этнас і нацыя моцна, але не адналінейна звязаныя між сабою, што нацыі ствараюцца на ўзор ранейшых этнічных супольнасцяў, часта з іх і развіваюцца. Дамадэрная і мадэрная калектыўная культурная ідэнтычнасць у адным і тым жа рэгіёне значна розняцца сваімі эканамічнымі і палітычнымі чыннікамі. Таму ўсялякую пераемнасць паміж этнасам і нацыяй трэба было шукаць у культурнай і сімвалічнай сферах. Падыход, з дапамогай якога я спрабаваў вызначыць стасункі паміж рознымі тыпамі калектыўнай культурнай ідэнтычнасці, звяртаючыся да міфаў, памяці, каштоўнасцяў, сімвалаў і традыцый, атрымаў найменне «этнасімвалізм». Гэтыя праявы калектыўнай ідэнтычнасці змяняліся павольней і мелі шырэйшае значэнне, чым іншыя складнікі. Калі я пачаў даследаваць этнічнасць, нацыі і нацыяналізм у іншым ракурсе, стала зразумела, што неабходныя іншыя ідэі і гіпотэзы адносна паходжання і развіцця нацый. 1. Вялікая працягласць (La longue duree). Вывучэнне нацый і нацыяналізму патрабуе доўгатэрміновага разгляду, каб заўважыць мадэлі развіцця калектыўных культурных ідэнтычнасцяў за вялікія адрэзкі часу. Такі падыход відавочна адпрэчвае характэрную для мадэрнізму засяроджанасць на Новым часе. Але ён выразна адрозніваецца і ад ідэі «спрадвечнасці» і «ўсюдыіснасці» нацый. Доўгатэрміновы разгляд вымагае параўнальных эмпірычных доследаў, як у розныя перыяды фармуюцца нацыі. Пры гэтым навукоўца мусіць быць вольным ад усялякіх наперад складзеных меркаванняў і звяртаць асаблівую ўвагу на выяўленне аднолькавых тыпаў супольнасці ў розныя перыяды гісторыі і на розных кантынентах, на пераемнасць культурнай традыцыі ў асобных супольнасцях праз гістарычныя эпохі і на адкрыццё наноў «аўтэнтычных» культур пазнейшымі пакаленнямі1. |
адзін з найбуйнейшых сучасных дасьледнікаў нацыяналізму. Прафэсар лёнданскай Школы эканомікі, галоўны рэдактар акадэмічнага часопісу «Nations and Nationalism», які выпускае выдавецтва «Cambridge University Press». Аўтар шматлікіх кніжак на гэтую тэматыку, улучна з клясычнай «The Ethnic Origins of Nations». У 1995 годзе ў перакладзе на беларускую мову выйшла яго кніга «Нацыяналізм у XX стагодзьдзі». |
2. Сімвалічныя элементы. У падобных доследах ключавую ролю адыгрываюць міфы, супольныя ўяўленні, каштоўнасці, сімвалы і традыцыі, бо яны: а) адрозніваюць асобныя супольнасці ў рамках адзінага тыпу; б) утвараюць мадэлі адтварэння й перадачы асобнай культуры як падмурка этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці; в) забяспечваюць пераемнасць калектыўнай культурнай ідэнтычнасці паміж пакаленнямі; і нарэшце, паколькі гэтыя элементы вызначаюцца пэўнай гнуткасцю і могуць пераасэнсоўвацца; г) у выніку адбываюцца змены ў калектыўнай свядомасці. Для фармавання і захавання этнічных і нацыянальных супольнасцей асаблівую значнасць маюць сімвалічныя элементы: міфы этнічнага паходжання і абранасці этнасу, традыцыя адданасці роднай зямлі, міфы‑ўспаміны пра залаты век і міфы пра гераічную ахвярнасць. У выжыванні некаторых этнасаў і захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці асабліва важную ролю адыгралі міфы абранасці этнасу, асаблівай місіі і зямлі абяцанай. 3. Этнас і нацыя. З формаў калектыўнай культурнай ідэнтычнасці, сімвалічныя структуры якой найбліжэй суадносяцца з нацыяй, найбольш значная — этнічная супольнасць альбо этнас. Сапраўды: нацыі маюць з этнасамі некаторыя супольныя рысы: самавызначэнне, міфы паходжання і іншыя міфы і сімвалы, а таксама прывязанасць да канкрэтнай тэрыторыі. Але ў іншых аспектах нацыянальная супольнасць адрозніваецца ад этнічнай супольнасці, асабліва што тычыцца рассялення па роднай зямлі, развіцця асобнай публічнай культуры, выпрацоўкі заканадаўчых нормаў, дзе прапісаныя правы і абавязкі чальцоў гістарычнай культурнай супольнасці. Тым не менш, праблема гістарычнай сувязі паміж этнасамі і нацыямі мае эмпірычны характар. Мы не можам і не павінны дапускаць, што існуе поўная адпаведнасць паміж ранейшымі этнасамі і нацыямі, якія паўсталі на іх падмурку, аднак не можам і проста змясціць этнасы ў дамадэрныя эпохі, а нацыі пакінуць Новаму часу. 4. Дамінантныя этнасы. Гістарычна нацыі фармаваліся — пераважна, але не выключна — вакол этнічнага ядра, ці дамінантных этнасаў, якія стваралі культурную і сацыяльную аснову нацыі. Пазней яна магла пашырацца, улучаць асобных прадстаўнікоў або нават цэлыя складовыя часткі іншых этнасаў. Культура дамінантнага этнасу па‑ранейшаму стварае падставы адзінства мадэрнай нацыі (як зямля, мова, законы і звычаі), нават пасля далучэння іншаэтнічных і іншакультурных элементаў. Пра гэтае адзінства, як правіла, згадваюць у крызісныя часы, кшталту вайны ці масавай іміграцыі, каб вярнуць ранейшую чысціню і наноў з’яднаць сучасныя шматэтнічныя нацыі, чальцам якіх мадэрнасць прынесла адчуванне адчужанасці. 5. Шляхі нацыятварэння. Тыпы этнасаў розняцца між сабою, таму існуюць і розныя шляхі нацыятварэння. Як вылучаюцца гарызантальна‑арыстакратычныя, вертыкальна‑народныя і імігранцкія этнасы, гэтаксама ім адпавядаюць наступныя мадэлі развіцця нацый: а) этнічная дзяржава вышэйшых класаў праз бюракратычны дзяржаўны апарат улучае іншыя грамадскія станы і рэгіёны; б) інтэлігенцыя, імкнучыся наноў адкрыць спрадвечныя вытокі супольнасці, з’ядноўвае нацыю на моўнай глебе; в) частка этнасу, якая верыць у сваё вышэйшае наканаванне, засноўвае пасяленні на аддаленай тэрыторыі. У кожным з гэтых выпадкаў мы можам даследаваць пераемнасць і зменлівасць шляхам аналізу культурных і сімвалічных элементаў, асабліва пры дапамозе такіх спосабаў рэпрэзентацыі, як мастацтва і архітэктура, літаратура і музыка, законы і абрады. Важна таксама ведаць, як рэагуюць інтэлектуалы: неатрадыцыяналісты, асімілятары і рэфарматары‑адраджэнцы — на крызіс легітымацыі, узніклы ў дзяржавы пары навукова‑тэхнічнай рэвалюцыі. 6. Уздзеянне нацыяналізму. Усе названыя віды рэпрэзентацыі і самавыяўлення набываюць асаблівую значнасць, калі надыходзіць час нацыяналізму як ідэалогіі і грамадскага руху. Элементы нацыяналізму як ідэалагічнага руху за дасягненне і захаванне самастойнасці, еднасці і сваёй адметнасці ад імя насельніцтва, якое ёсць альбо будзе «нацыяй», можна знайсці яшчэ ў дамадэрных рэлігійных і антычных крыніцах. Рух да сапраўды касмапалітычнай, сусветнай культурнай ідэнтычнасці застаецца прэрагатывай вузкіх колаў эліты, як і да эпохі нацыянальных дзяржаў.Аднак пошук нацыянальных каранёў і вера ў суверэнную ўладу народу — набытак мадэрнай Еўропы: адтуль ён і распаўсюдзіўся на астатні свет. Як рух, што вяртаецца да ідэалізаванай мінуўшчыны, каб адрадзіць супольнасць і надаць ёй адметны гістарычны лёс, нацыяналізм можна назваць «палітычнай археалогіяй», якая дапамагае падарваць традыцыю і правесці мадэрнізацыю. Таму ён асабліва прывабны для інтэлектуалаў і людзей свабодных прафесій — мастакоў і пісьменнікаў, педагогаў і журналістаў, навукоўцаў і інжынераў, адвакатаў і лекараў. І наадварот, для нацыяналізму істотна, каб гэтыя пласты грамадства адстойвалі і распаўсюджвалі ягоны ідэал нацыі. 7. Тыпы нацыяналізму. Паколькі фармаванне нацый можа ісці рознымі шляхамі, існуюць і розныя тыпы мадэрнага нацыяналізму. Агулам вылучаюцца тэрытарыяльны, этнічны і больш «плюралістычны» варыянты. Для першага істотныя тэрыторыя пражывання, супольнасць, што мае адзінае заканадаўства, грамадзянства і грамадскую культуру. Для другога, этнічнага, — генеалагічныя сувязі, традыцыйная культура і мова, гісторыя карэннага этнасу і абуджэнне народу. Урэшце, для трэцяга, плюралістычнага, варыянту істотнае паяднанне розных імігранцкіх этнічных супольнасцяў на падставе супольнай публічнай культуры, тэрыторыі, мовы, заканадаўства і гісторыі. На практыцы чыстыя тыпы сустракаюцца рэдка, яны зазвычай накладаюцца або змяняюць адзін аднаго ў працэсе нацыятварэння. 8. Адміранне нацыяналізму. Калі ўлічыць этнічныя вытокі нацый, разнастайнасць тыпаў нацыяналізму і нераўнамернае размеркаванне этна‑гістарызму і культурна‑палітычнага плюралізму ў свеце, нацыі і нацыяналізм наўрад ці неўзабаве знікнуць. З іншага боку, створаныя глабалізацыяй эканамічная ўзаемазалежнасць і выбух масавай камунікацыі трансфармуюць (і ўзмацняюць) розныя нацыянальныя супольнасці і тыпы нацыяналізму. Можна спрачацца, да якой ступені «гібрыдызуецца» нацыянальная ідэнтычнасць. Але няма сумневу, што тэндэнцыі да глабалізацыі (і лакалізацыі) змусілі трывалыя нацыянальныя дзяржавы па‑новаму зірнуць на свае нацыянальныя традыцыі і ідэнтычнасці. Гэта тым больш актуальна, калі браць пад увагу шырокамаштабную іміграцыю і суіснаванне розных культур у кожнай нацыянальнай дзяржаве. І ўсё ж рух да сапраўды касмапалітычнай, сусветнай культурнай ідэнтычнасці застаецца прэрагатывай вузкіх колаў эліты, як і да эпохі нацыянальных дзяржаў.
Думкі, выказаныя іншымі аўтарамі, дапамаглі мне ўдакладніць, а ў нечым і скарэктаваць уласныя пазіцыі.
1. Вялікая працягласць 2. Сімвалічныя элементы. Я ўдзячны Джону Армстрангу і за тое, што ён увёў панятак «міфа‑сімвалічны комплекс», у які ўваходзяць менш зменлівыя культурныя элементы, што вызначаюць межы паміж супольнасцямі. Ён падкрэслівае, што неабходна глыбей вывучаць дачыненні паміж рэлігійнымі міфамі і сімваламі, з аднаго боку, і нацыяналізмам, з іншага. Аднак, калі мы хочам зразумець своеасаблівасці этнічнага і нацыянальнага, іх пераемнасць у зменлівасці, то трэба сістэмна вывучаць не толькі рэлігійныя, але і палітычныя, сацыяльныя і моўныя міфы, памяць і традыцыі. У гэтым кантэксце і для выжывання этнасаў, і для захавання нацый велізарнае значэнне маюць міфы абранасці этнасу. Насуперак шматлікім прадказанням, гэтыя рэлігійна афарбаваныя міфы зусім не зніклі ў працэсе секулярызацыі, а набылі новую сілу ў часы прэзідэнтаў Рэйгана і Буша, асабліва пасля трагічных падзей 11 верасня 2001 г. І ці не вынікаюць цяперашнія праблемы ў стасунках паміж Францыяй і ЗША з канфлікту «абраных народаў» і іх адпаведных міфаў пра гістарычную місію ды абранасць? 3. Этнас і нацыя. На думку Уокера Конара, тэрмін «нацыяналізм» (ці этнанацыяналізм) мусіць суадносіцца толькі з найвялікшай групай людзей, перакананых у сваім супольным паходжанні, а тэрмін «патрыятызм» трэба пакінуць за адданасцю грамадству і дзяржаве. Падкрэсліваючы асновапалеглую ролю этнічнай ідэнтычнасці для нацый і нацыяналізму, ён казаў пра важнасць этнічнага чынніка яшчэ тады, калі мала хто прызнаваў або нават згадваў этнічнасць у гэтым кантэксце. Тым не менш, яго вызначэнне, лагічна вельмі абгрунтаванае, не аддае належнага складанасці нацый з гістарычнага і сацыялагічнага гледзішча. На самым агульным узроўні, як бы мы ня імкнуліся да строгай дакладнасці ў тэрміналогіі, у нашай галіне дасягнуць яе можна толькі завялікім коштам у сацыялагічным аспекце. Нам патрэбныя паняткі, якія акрэслівалі б межы, а не шукалі б часта няўлоўных «сутнасцяў». Цяпер, калі мы правялі ключавое тэарэтычнае разрозненне паміж «дзяржавай» і «нацыяй», на практыцы нярэдка здараецца, што значэнні двух паняткаў перакрыжоўваюцца. А калі браць пад увагу блізіню паміж «патрыятызмам» і крэўнымі сувязямі (возьмем хоць бы слова «бацькаўшчына»), я сумняюся, што можна правесці нейкую жорсткую і адназначную мяжу паміж патрыятызмам і нацыяналізмам. Напрыклад, па‑мойму, немагчыма адрозніць швейцарскі «патрыятызм» і нацыяналізм, але яны зусім іншыя ад, скажам, рэтараманскага або тычынэзскага (карсіканскага) этнічнага пачуцця. Аднак, калі карыстацца тэрміналогіяй Конара, цяжка заўважыць гэтую розніцу. Для яго галоўная не фактычная гісторыя, а гісторыя пачуццяў: швейцарцы як адзіная супольнасць адчуваюць, што былі нацыяй на працягу многіх пакаленняў. У іх супольны міф паходжання, дарма што да адвечных «алеманскіх» лясных кантонаў пазней далучыліся прадстаўнікі іншых этнічных групаў. Урэшце, тое ж самае было і з англічанамі, французамі, грэкамі, італьянцамі, толькі значна раней. Я хачу сказаць, што, хаця большасць нацый сфармаваліся і выкрышталізаваліся на падмурку дамінантнага этнасу, яны могуць разрастацца (часта так і адбываецца) і «адштурхоўвацца» ад сваёй спрадвечнай асновы, а да некаторай ступені — і ад міфу паходжання. Міфы паходжання — ключавыя характарыстыкі этнасаў, але для нацый яны могуць і не мець гэткай значнасці. На першы план выходзяць іншыя міфы, памяць, сімвалы і традыцыі (трэба прызнаць, пераважна дамінантнага этнасу). Я сумняюся, што можна правесці нейкую жорсткую і адназначную мяжу паміж патрыятызмам і нацыяналізмам.Вылучаюцца і новыя чыннікі: пражыванне на роднай зямлі і прывязанасць да яе, распаўсюд адметнай публічнай культуры, вызначэнне правоў і абавязкаў у заканадаўчых нормах. Між іншага, апошнія два працэсы могуць адбывацца і па‑за межамі нацыянальнай дзяржавы — напрыклад, у рэлігійных супольнасцях, такіх як мілеты ў Асманскай імперыі. Я не адразу прыняў думку, што паміж міфамі паходжання і гістарычнай памяццю насамрэч няма розніцы. Цяпер я часта ўжываю выраз «міфы‑памяць» — напрыклад, пра залаты век. Апроч таго, да майго спіса вызначальных для этнасу чыннікаў дадаюць яшчэ два: міжасабовую сістэму сувязяў і стварэнне адмоўных стэрэатыпаў. Безумоўна, гэта вельмі істотныя фактары ва ўсіх групавых дачыненнях. Але ў мяне ўзнікае пытанне, ці ўласцівыя яны толькі этнічным супольнасцям і ці трэба іх уключаць у пералік абавязковых характарыстык этнасу? Хоць я ніколі не згаджаўся, што паміж этнасам і нацыяй існуе простая адпаведнасць, тым не менш, я заўсёды даводзіў, што этнас і этнічная культура адыгрываюць галоўную ролю ў развіцці калі не ўсіх, дык шмат якіх нацый. Але пры ўсёй значнасці этнічных чыннікаў іх нельга назваць адзінай неабходнай перадумовай для фармавання нацыі. Так, асобныя сучасныя нацыі ці, лепей сказаць, «нацыі ў працэсе тварэння» не маюць этнічнага падмурку — возьмем прыклад Эрытрэі і Паўднёва‑Афрыканскай Рэспублікі. Але ці маем мы падставы называць гэтыя і іншыя этнічна разнародныя афрыканскія (а таксама некаторыя азіяцкія) дзяржавы «нацыямі», нават калі ў іх нярэдка віруе нацыяналізм? Калі ёсць нацыі без нацыяналізму, хіба не можа існаваць нацыяналізм без нацыі? І ці не мае панятак «нацыя» на ўвазе нешта большае? 4. Дамінантныя этнасы. У цэнтры ўвагі Эрыка Каўфмана і Олівера Зімера — этнічныя пытанні, у прыватнасці, тэма дамінантнага этнасу і яго сувязі з рознымі формамі нацый. Для Каўфмана важна было пайсці далей за мяне ў развіцці ідэі дамінантнага этнасу ў сучаснасці. Ён імкнуўся выразна паказаць, як некаторыя дамінантныя этнасы акрэсліваюць нацыянальныя межы, як і межы нацыянальнай культуры, — нават у такіх краінах «грамадзянскага» і «плюралістычнага» нацыяналізму, як, адпаведна, Францыя і Злучаныя Штаты Амерыкі. Олівер Зімер згаджаецца з маёй стратэгіяй разгляду адрознасці паміж «грамадзянскім» і «этнічным» па‑за звыклымі рамкамі. Але ён крытычна паставіўся да аналізу «арганічнага» і «валюнтарысцкага» нацыяналізму як ідэй. На ягоную думку, іх варта было б даследаваць як механізмы і метафары ў стварэнні дыскурсу нацыяналізму. Пярэчанне слушнае, але калі яго прыняць на практыцы, узнікае небяспека сацыялагічнага рэдукцыянізму. Ідэі, калі перафразаваць Эміля Дуркгайма, жывуць уласным жыццём, і нацыяналісты часта карыстаюцца традыцыямі мыслення, прынятымі ў грамадстве. Спадзяюся ў далейшым вярнуцца да гэтых праблем. 5. Шляхі нацыятварэння. Распрацаваная Джошуа Фішманам вытанчаная сістэматызацыя моўнага корпуса выяўляе, што шмат якія нацыяналістычныя рухі, імкнучыся мадэрнізаваць і ўзбагаціць моўную спадчыну, схіляюцца да пурызму і падкрэсліваюць своеасаблівасць і адметнасць мовы. Гэта сведчыць пра пошук нацыянальнай «аўтэнтычнасці» — асноўную рысу мадэрнага нацыяналізму. Усёахопны артыкул Джона Гатчынсана пра ідэі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння таксама будуецца вакол «вяртання да каранёў» натхнёнай рэвалюцыйным рамантызмам інтэлігенцыі, каб стварыць «этнічныя» нацыі, з’яднаўшы «народ» на моўнай глебе. Гатчынсан адзначае ролю адраджэнцаў як маральных «першапраходцаў», якія ставілі за мэту «вярнуць да жыцця» свае супольнасці. Ён падае багата прыкладаў, як рэвалюцыйны нацыянальны рамантызм прапанаваў жыццяздольны «трэці шлях» замест неатрадыцыяналізму і асіміляцыі іншых супольнасцяў мадэрным Захадам. Дзеля гэтага рамантыкі прапагандавалі сваё новае бачанне гісторыі, радзімы, народнай культуры і мовы, палітычнай супольнасці, пабудаванай на самаахвяраванні. Фактычна самым магутным чыннікам выявілася ідэя гераічнае самаахвярнасці: яскравае пацвярджэнне чаму — Велікоднае паўстанне ў Дубліне 1916 г. І тым не менш, новыя нацыянальныя міфы гераічнай самаахвярнасці не замяняюць старых этнарэлігійных міфаў; нацыянальны міф — надбудова над традыцыяй: калі распадаюцца даўнейшыя міфы, яго прапануюць як нешта новае. 6. Уздзеянне нацыяналізму. Ідэі саміх нацыяналістаў глыбока і трывала паўплывалі на ўсе сферы грамадства і культуры. Атэна Леусі раскрывае, як цягам апошніх двухсот гадоў нацыяналістычныя ідэі адбіваліся ў тэмах і формах жывапісу. У прыватнасці, аўтарка спыняецца на асваенні кожнай нацыяй сваёй этнасімвалічнай спадчыны праз мастацтва. Яе ўсёахопны дослед дэманструе, як ва ўсіх традыцыйных жанрах нацыяналізм пашыраў тэматыку і ўводзіў новыя матывы: гісторыю народу, сялянаў і краявіды роднай зямлі. Зразумела, можна было пайсці далей, у галандскі «залаты век», а магчыма, і ў Рэнесанс. Можна было б прасачыць шматлікія нацыянальныя мастацкія матывы ў хрысціянскіх і антычных крыніцах. Аднак, паказвае Леусі, як абстрактнай «нацыі» патрабаваліся мастакі і мастацтва, каб стаць дасяжнай і канкрэтнай, так і мастакі ахвотна адказвалі на запыт «палітычнай археалогіі» сучаснага нацыяналізму і стваралі эстэтычныя формы, напаўняючы іх этнасімвалічным зместам у духу нацыянальнага ідэалу. 7. Тыпы нацыяналізму. Паколькі існуюць розныя шляхі нацыятварэння, вызначаюцца і розныя тыпы нацыяналізму. Іх часта класіфікуюць паводле схемы «грамадзянскі — этнічны». Хаця гэтае адрозненне мае вялікую тэарэтычную вартасць, часам яно перабольшваецца. Большасць нацый і нацыяналістычных рухаў у розных прапорцыях маюць у сабе элементы «этнічнага» і «грамадзянскага». І кожны канкрэтны прыклад, як правіла, набліжаецца то да аднаго, то да другога тыпу. Міжнародная сістэма, ідэолагі якой гавораць пра «адміранне нацыяналізму», сама стала адным з галоўных апірышчаў нацый і каталізатараў нацыяналізму ў шматпалярным свеце — не толькі ў Афрыцы і Азіі, але і на Захадзе.Прычына ў тым, што абодва яны суадносяцца не з дзяржавай і тэрыторыяй як такой, а з супольнасцю: гісторыя і культура — асноўнае, што звязвае розныя тыпы супольнасцяў. Так, прыклад Францыі, на якую часта спасылаюцца як на ўзор грамадзянскага нацыяналізму, прадугледжвае адзінства культуры і гісторыі — прычым найперш дамінантнага этнасу. А што атрымліваецца з «плюралістычнымі» нацыямі, якія, на думку Уокера Конара, могуць быць толькі дзяржавамі? І тут становіцца відавочным значэнне дамінантнага этнасу (і таму ім уласцівы нацыяналізм у той жа ступені, што і «патрыятызм», калі карыстацца тэрміналогіяй Конара). У ЗША і Аўстраліі ёсць дамінантны этнас каланістаў‑пасяленцаў (у Канадзе — два). Іх гісторыя, культура, мова і заканадаўства сталі падмуркам для паўсталай нацыі з яе ўласным «духам продкаў». Нават калі дзяржава пачала ў вялікай колькасці прымаць імігрантаў — прадстаўнікоў розных этнасаў, усё адно ў выніку ўтварыўся такі суплёт этнасаў, дзе рэй вядуць англасаксы і іх культура. (Яна захоўваецца нават пасля заняпаду дамінантнага этнасу.) Да трох тыпаў нацыяналізму Тонесан і Антлаў дадалі чацвёрты тып — «класавы» шлях да нацыі. Але я мушу зазначыць, што азіяцкія камуністычныя нацыяналістычныя рухі, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, вельмі нагадваюць грамадзянскі нацыяналізм у Францыі ў час Рэвалюцыі. У канцы XVIII ст. у Францыі масы ўзняліся супраць эліты свайго ўласнага этнасу, якую называлі чужынцамі‑«франкамі». 8. Адміранне нацыяналізму. Не дзіўна, што мой скептыцызм адносна мадэрнісцкага (і постмадэрнісцкага) падыходу да «постнацыянальнай» глабалізацыі выклікаў пэўную дыскусію. Эрык Каўфман вельмі дакладна адзначыў масавы пераход сярэдніх класаў да каштоўнасцяў неэтнічнага ліберальнага індывідуалізму. Але гэтую тэндэнцыю трэба разглядаць разам з этнарэлігійным ажыўленнем, абумоўленым пурытанскімі традыцыямі дамінантнага этнасу ў ЗША. Па‑мойму, сітуацыя на Захадзе змянілася не настолькі радыкальна, як уяўляецца Каўфману. Нягледзячы на глабалізацыю і яе псіхалагічныя наступствы, у тым ліку «гібрыдызацыю» нацыянальнай ідэнтычнасці, дамінантны этнас захоўвае сваё становішча на чале «састарэлых» нацыянальных дзяржаў нават у «сэрцы Еўропы», асабліва ў Францыі. Варта толькі прыгадаць перыядычныя выступленні шмат у якіх дзяржавах Еўропы супраць іміграцыі і ўцекачоў, супраць занадта цеснай еўрапейскай інтэграцыі. Больш за тое, міжнародная сістэма, ідэолагі якой гавораць пра «адміранне нацыяналізму», сама стала адным з галоўных апірышчаў нацый і каталізатараў нацыяналізму ў шматпалярным свеце — не толькі ў Афрыцы і Азіі, але і на Захадзе. Ці можна згадзіцца, што гэта пераважна «паказны нацыяналізм»? Апроч банальнага штодзённага нацыяналізму на Захадзе, разгортванне велізарных вайсковых сілаў, бясконцыя дыпламатычныя канфлікты, пратэсты большасці супраць іміграцыі — нярэдка з расісцкім адценнем, — апантаную абарону нацыянальнай культуры і яе інстытутаў, заўсёдны кантроль нацыянальных дзяржаў на Захадзе за сваім насельніцтвам наўрад ці можна адкінуць як «паказны нацыяналізм». Аднак актыўна абараняючы мадэрнісцкі касмапалітызм ад яго крытыкаў (у тым ліку і ад мяне), Мэры Кэлдар перадусім выкрывае палітычную прыроду і «сканструяванасць» нацыяналізму, паказвае закрытасць, недэмакратычнасць, прагу да гамагенізацыі грамадства, уласцівую «новаму нацыяналізму» ў Босніі і Харватыі, Нагорным Карабаху і Чачні, Індыі і Пакістане, Алжыры, Іране, Турцыі і Амерыцы (хрысціянскі фундаменталізм і сіянізм у рэспубліканскай партыі), не кажучы пра «Армію Бога» ва Угандзе і панісламісцкую ідэалогію бен Ладэна. Нацыяналісты не збіраюцца аднавіць былыя парадкі ў сучаснасці, а чэрпаюць у мінуўшчыне натхненне, каб вярнуць да жыцця заняпалае або падзеленае грамадства, каб надаць яму жыццяздольнасць і ўпэўненасць у сабе перад тварам мадэрнасці з яе выпрабаваннямі.Аднак калі няма дакладнага вызначэння, немагчыма аб’яднаць усе гэтыя размаітыя рэлігійныя і палітычныя групы паняткам «нацыяналізм», як і нельга звязваць нацыяналізм з вынікамі абавязковых для мадэрнай дзяржавы і індустрыялізацыі структурных зменаў. Апроч таго, палітычна сканструяваная кожная ідэалогія; пытанне ў тым, наколькі яна жыццяздольная. Кэлдар ужывае простае супрацьпастаўленне «прагрэсіўны — рэакцыйны» на падставе культурнай размаітасці або аднароднасці. Некаторыя малыя нацыяналістычныя рухі ў Шатландыі, Каталоніі і Трансільваніі яна запісвае ў прагрэсіўны касмапалітычны лагер, сугучны еўрапейскасці і глабалізму. А астатнія яна звязвае з экстрэмізмам, рэакцыяй і закрытасцю. Наўрад ці такое супрацьпастаўленне дапаможа нам высветліць сутнасць і мэты настолькі розных рэлігійных і палітычных групаў ды рухаў. У тым, што нацыяналізм звяртаецца да мінуўшчыны, да «залатога веку», Мэры Кэлдар бачыць «зацыкленасць на мінуўшчыне». Але гэта сведчыць пра неразуменне мэтаў нацыяналістаў: яны не збіраюцца аднавіць былыя парадкі ў сучаснасці, а чэрпаюць у мінуўшчыне натхненне, каб вярнуць да жыцця заняпалае або падзеленае грамадства, каб надаць яму жыццяздольнасць і ўпэўненасць у сабе перад тварам мадэрнасці з яе выпрабаваннямі. Да таго ж, як можна быць пэўным, што ў свеце, які арыентуецца толькі на будучыню, не застанецца жарсцяў і гвалту? Карціну свету не варта маляваць толькі чорнай і белай фарбамі. Як сцвярджае Стэйн Тонесан, такія вынікі глабалізацыі, як хуткае развіццё гандлю, інвестыцый, фінансавых патокаў, турызму, інфармацыі і іншых формаў сусветнай камунікацыі, неадназначна паўплываюць на нацыянальны характар дзяржавы. Я згодны з ім, што пераход прыярытэтных функцый дзяржавы ад эканамічнай і ваеннай да сацыяльнай і культурнай сфераў уяўляе сабой ключавую трансфармацыю нашага часу. Але я не бачу ў гэтым сур’ёзнага аслаблення нацыянальнай дзяржавы. Наадварот, штогод умяшанне дзяржавы адчуваецца ўсё больш і больш ва ўсіх сектарах грамадства — не ў апошнюю чаргу ва універсітэтах! Як паказваюць нядаўнія падзеі ў свеце, у сферы замежнай палітыкі нацыянальныя дзяржавы паводзяць сябе даволі незалежна. Тонесан цікава абараняе мадэль фармавання нацый у розных рэгіёнах свету. Заслугоўвае высокай ацэнкі яго рэцэпт «нацыяналістычнай глабалізацыі» (мой тэрмін), г. зн. адкрытай, гнуткай адаптацыі нацый да сусветнай эканомікі, але як свядомых нацыянальных супольнасцей з акрэсленым нацыянальным самавызначэннем і нацыянальнымі ідэаламі. І нарэшце, я вяртаюся да складанай, але ключавой праблемы: прыроды і часу з’яўлення нацый. Вакол гэтых пытанняў вядуцца напружаныя навуковыя спрэчкі. Пераход прыярытэтных функцый дзяржавы ад эканамічнай і ваеннай да сацыяльнай і культурнай сфераў уяўляе сабой ключавую трансфармацыю нашага часу.Мансерат Гіберно, звяртаючы ўвагу на «нацыі без дзяржаў», выяўляе змяшэнне паняткаў «дзяржава» і «нацыя» ў маім ранейшым («класічным») вызначэнні нацыі. Вельмі дарэчны прыклад Каталоніі сведчыць, што нацыі здольныя доўгі час выжываць і без дзяржавы, нават калі рэпрэсуецца і выцясняецца з «публічнай» сферы іх культура (хаця ўсё ж яна застаецца культурай супольнасці і высока цэніцца). Аднак напрыканцы свайго глыбокага даследавання Гіберно, здаецца, зноў змешвае два паняткі, калі разважае пра «палітычны» складнік нацыянальнай ідэнтычнасці і яго сувязь з «нацыянальнай дзяржавай». Апошні тэрмін я імкнуся не ўжываць. Дарэчы, я прапанаваў‑такі перагледжанае этнасімвалічнае вызначэнне «нацыянальнай ідэнтычнасці»2. |
1 Больш падрабязна панятак «этнасімвалізм» разглядаецца ва ўводзінах да маёй кнігі «Myths and Memories of the Nation» (Oxford: Oxford University Press, 1999). |
Тут ёсць і больш істотная тэма для абмеркавання. «Нацыя» — гэта не сутнасць і не нейкі нязменны стан, які альбо ёсць, альбо не. Гэта вынік розных працэсаў, адрозных паводле маштабу і інтэнсіўнасці, якія разам могуць стварыць супольнасць, больш ці менш набліжаную да ідэальнага тыпу «нацыі». Мы можам адзначыць з’яўленне і размах нацыятворчых працэсаў. Аднак зніжэнне яго інтэнсіўнасці (напрыклад, у выніку вонкавых форс‑мажорных абставін, як у Каталоніі за часамі Франка), толькі сведчыць пра большую ці меншую аддаленасць супольнасці ад ідэалу «нацыі». Яно не дае падстаў выкрэсліваць супольнасць з ліку нацый. Такім чынам, можна казаць пра культурную супольнасць X або Y, у пэўны перыяд больш ці менш набліжаную да ідэалу «нацыі». Яна мае адметную культуру, адносна адкрытую і зменлівую, але змены заўсёды адбываюцца ў межах гэтай культурнай традыцыі. |
2 Маё пазнейшае этнасімвалічнае вызначэнне «нацыянальнай ідэнтычнасці» гл. у: Smith, Anthony D. Nationalism: Theory, Ideology, History. — Cambridge: Polity, 2001.
|
Не так даўно пытанне пра «час з’яўлення» нацыі па‑новаму ўзняў Уокер Конар3 . Ён з недаверам ставіцца да любых спробаў аднесці з’яўленне нацый раней, чым на канец XIX ст. Конар зыходзіць з вызначэння нацыі і нацыяналізму як «масавых» з’яваў. Я згодзны з ім у тым, што нацыяналізм як ідэалогія і рух з іх зваротам да масаў паўсталі ў Новым часе. Гэта справядліва і датычна большасці сучасных нацый. Тым не менш, я мяркую, што некаторыя з іх узніклі раней, чым дапускае Конар. Зрэшты, і згода з яго меркаваннем узнімае цэлы шэраг праблем. «Масы», на думку Конара, гэта не толькі ніжэйшыя класы, а ўсё насельніцтва, уключаючы эліты. Таму для яго ключом, каб вызначыць час з’яўлення нацыі, выступаюць сведчанні пашырэння нацыянальнай свядомасці ў шырокіх пластах грамадства. Але як выявіць пачуцці і калектыўную свядомасць большасці насельніцтва, асабліва ў дамадэрныя перыяды? Конар адчувае ўсю вастрыню гэтай праблемы. Ён даводзіць, што калі няма іншых сведчанняў, акрамя дакументаў, у дамадэрныя эпохі непазбежна складзеныя элітай, між тым як сяляне заставаліся адарванымі ад грамадскага жыцця, непісьменнымі і безгалосымі, то мы не можам казаць пра існаванне той ці іншай нацыі. Гэта азначае, што нельга давяраць сцверджанням пра існаванне сучасных нацый да канца XIX ст. Але падобная аргументацыя не пераконвае. Конар агулам адкідвае крыніцы антычных ці сярэднявечных гісторыкаў як простыя «дапушчэнні», але я не бачу на гэта падстаў. З вышыні свайго часу мы не можам ведаць, ці мелі ў пэўны перыяд эліты яснае ўяўленне пра пачуцці ніжэйшых грамадскіх станаў. Дык чаму мы мусім меркаваць, што сяляне і рамеснікі не падзялялі нацыянальных пачуццяў, калі мелі пачуцці рэлігійныя? Безумоўна, для мэтаў даследавання прыдаліся б іншыя сведчанні: пра ўздым масаў на змаганне з ворагам у часы вайны, пра маштабныя пратэсты, паўстанні або пераследаванні на этнічнай глебе, пра вялікія народныя святы — і ў некаторых выпадках такую інфармацыю можна атрымаць. Але казаць, што без падобных сведчанняў увогуле нельга дапусціць, што нацыі маглі з’явіцца раней канца XIX ст., значыць заходзіць занадта далёка. Уокер Конар двойчы папярэджвае чытачоў: ён ніколі не казаў, што нацыі не маглі існаваць у дамадэрны перыяд. Але фактычна яго даследаванне якраз адмаўляе такую магчымасць. Нацыі здольныя доўгі час выжываць, нават калі рэпрэсуецца і выцясняецца з «публічнай» сферы іх культура (хаця ўсё ж яна застаецца культурай супольнасці і высока цэніцца).Ён лічыць, што толькі пад канец XIX ст. збіраецца дастаткова інфармацыі, каб сфармаваць меркаванне наконт існавання ці неіснавання нацый. Безумоўна, крытэр занадта абмежаваны. Бо як мы можам на часавай адлегласці ведаць, што «вельмі часта канцэпцыі нацыі, прапанаваныя элітамі, нават не даходзілі да масаў?» Мушу дадаць, што гэты самы крытэр наяўнасці сведчанняў мог бы ўжывацца і да этнічнай ідэнтычнасці, а Конар даводзіць, што яна «нязменная» ў гісторыі. Урэшце, этнічная ідэнтычнасць — таксама з’ява «масавай свядомасці», і ў яе ацэнцы мы таксама давяраем запісам, пакінутым элітамі. Усё гэта, на маю думку, супярэчыць паўторанаму Уокерам Конарам сцверджанню пра эвалюцыйнае развіццё нацыі («нацыятварэнне — гэта працэс»), этапы якога на доўгім адрэзку гісторыі немагчыма лёгка датаваць. Тым не менш, Конар даводзіць, што казаць пра існаванне нацыі можна толькі напрыканцы гэтага працэсу, калі большасць насельніцтва ведае, што яны належаць да нацыі. Ён не прымае ў разлік перасоўвання ці пашырэння межаў «нацыі». Аднак, нават дапускаючы гэтую «тэлеалагічную» схему, чаму трэба лічыць, што нацыя існуе толькі ў канцы працэсу? Чаму не ў пачатку, не ў сярэдзіне? Таму што, адказвае Конар, толькі ля фінішу, калі нацыя з’ядноўвае мноства людзей, яна робіцца «асноўнай сілай гісторыі» — а гэта, урэшце, і цікавіць даследчыкаў нацый і нацыяналізму. (Таксама занадта абмежаваны крытэр.) Але тады мы можам запярэчыць, што нацыя была «асноўнай сілай гісторыі» і ў Еўропе XVI ст., калі эліты вялі народ да перамогі (ці паразы) у часы Армады ці галандскага паўстання, або нават раней, калі швейцарскія сяляне змагаліся ў Земпаху. А чаму б не спаслацца на народную армію Уолеса, што білася на Стырлінгскім мосце, ці нават на часы Ізраільскага царства Саула і Ёнафана, калі на гары Гелвуйскай (Gilboa) «магутныя былі пераможаныя ў бітве»?! Мы ніколі не даведаемся, ці мелі нацыянальную свядомасць усе сяляне, што далучыліся да гэтых армій. Мы можам толькі ацэньваць дзеянні і вынікі. Нацыя, паводле словаў Конара, мае на ўвазе адзіную супольную свядомасць, якая пераадольвае ўсе драбнейшыя падзелы ў групе. Але, як нагадвае нам нядаўняя гісторыя, так адбываецца не заўсёды (згадаем грамадзянскую вайну ў Расіі ці Францыю за часам вішысцкага рэжыму). Нават у такіх крызісных выпадках нацыя працягвае існаваць, хаця ейны нацыяналізм часова адступае на задні план ці раздрабняецца. Я мяркую, мы не можам ведаць, што ў некаторых дзяржавах і этнасах у XVI ст. ці нават раней не існавала такой адзінай супольнай свядомасці, проста таму, што мы не маем адпаведных звестак датычна актыўнасці або свядомасці масаў. Не магу згадзіцца, што нацыі ўзнікаюць толькі тады, калі нацыянальнае пачуццё «ахоплівае ўсе асноўныя групы аднайменнага народу». Як слушна заўважыў Адрыян Гастынгс у кнізе «Канструяванне нацыянальнасці», часам дастаткова, каб істотная частка насельніцтва па‑за кіроўным класам адчула, што яна належыць да нацыі, і яна стане магутнай сілай у гісторыі, а мы зможам назваць гэтае насельніцтва «нацыяй». Але тут я дадаў бы, што дзеля гэтага мусяць дасягнуць пэўнага этапу і іншыя працэсы нацыятварэння. Безумоўна, гэта не будзе свецкая «мадэрная заходняя нацыя» з яе дакладнымі межамі, статусам палітычна‑прававой супольнасці, масавай свядомасцю і абгрунтаванасцю нацыяналізму. Гэта будзе, калі хочаце, «элітная» нацыя або нацыя сярэдняга класа, з асобнай публічнай культурай, пачуццём сувязі з роднай зямлёй, супольнымі міфамі і памяццю, ясным самавызначэннем, унармаванымі законамі і звычаямі, аднак не заўсёды з палітычнымі правамі. І нават калі нам не дадзена ведаць, як згаджаецца сам У. Конар, якой часткай народу мусіць авалодаць ідэя нацыянальнага самаўсведамлення, каб стаць эфектыўнай сілай, гэты ранні тып нацыі для ўздыму масаў не менш эфектыўны, чым «масавая нацыя» мадэрнасці. Але каб абгрунтаваць гэтыя сцверджанні, трэба было б напісаць яшчэ адну кнігу. Пераклаў з англійскай з невялікімі скарачэннямі Вольф Рубінчык паводле: Smith Anthony D. History and national destiny: responses and clarifications // Nations and Nationalism. 10 (1/2). 2004. P. 195—204. |
3 Гл.: Connor, Walker. When is a nation? // Ethnic and Racial Studies. 13 (1). 1990. P. 92—103. Нядаўнюю дыскусію на гэтую тэму гл. у: Smith, Anthony D. When is a nation? // Geopolitics. 7 (2). 2002. P. 5—32. Я не падзяляю меркавання Конара аб «масавай» прыродзе нацый. Гэта атрыбут мадэрнага заходняга варыянта нацыі, але не абавязкова «нацыі» як такой. Акрамя таго, для фармавання нацыі больш важнае значэнне маюць і іншыя працэсы. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (53) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |