A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Ненатольны вядзьмак А. Казлоў

Казлоў, А. С. Юргон: раманы, аповесці, апавяданні.
Мінск: Мастацкая лiтаратура, 2006. — 255 с.

Ёсьць пісьменьнікі, якія ад году да году спакойна і ўпэўнена працуюць над уласнымі тэмамі. Да іх ліку належыць Анатоль Казлоў — аўтар дзьвюх кніг мастацкай прозы і галоўны рэдактар тыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Летась у сэрыі «Беларуская проза XXI стагодзьдзя», распрацаванай выдавецтвам «Мастацкая літаратура», пабачыла сьвет новая кніга А. Казлова — «Юргон», якая складаецца з двух раманаў, дзьвюх аповесьцяў і трох апавяданьняў. Як экспэрт «Нашай Нівы» я назваў яе адной з найлепшых кніг 2006 году.

КУДЫ ПРЫВОДЗІЦЬ КАХАНЬНЕ?

У сваёй кнізе А. Казлоў дасьледуе, між іншым, прагу каханьня.

Ненатольнай жарсьцю валодаць кожнай прыгожай жанчынай ахоплены юнак Юргон («Юргон») — «жаласьлівы каханак», як называе яго сам аўтар. Князёўна Кацярына («Мінск і воран, Парыж і цень») марыць аб адваротным: быць адзінай жанчынай для свайго мужа. «Ты толькі, княжыч, любі мяне. Мяне любі, княжыч», — горача шэпча яна. Мацярынская любоў старэнькай Акуліны («Ейны боль»), сын якой трагічна загінуў, настолькі моцная, што кожны дзень жанчына выпраўляецца на могілкі, каб пагаманіць, быццам з жывым, са сваім дзіцем.

«Любоўная хвароба — злая штука», — кажа адзін з герояў А. Казлова. У Чачэніі ці Мэксыцы пазбаўлены каханьня чалавек можа схапіцца за нож. Беларус здольны на больш жудасную помсту. Ён знойдзе ведзьмака, каб той пракляў крыўдзіцеля. Калі верыць А. Казлову, іх у нашай старонцы вельмі шмат. Чарадзеі маюць дастаткова сэксуальнай энэргіі, каб «пусьціць у белы сьвет сотні дачок і сыноў», як зрабіў гэта вядзьмак Чорны Гардзей («Юргон»). Вобраз Беларусі, краіны, у якой жыве процьма людзей з «чорнымі» магічнымі здольнасьцямі, у А. Казлова атрымаўся змрочным, прароцкім.

Пісьменьнік намаляваў шэраг запамінальных вобразаў беларускіх ведзьмакоў. Я б вылучыў сярод іх партрэт Петрака («Крывавы прысмак») — апошні ў гэтай галерэі. У пяці старонках апавяданьня пра тое, як д’яблы, зь якімі стары вядзьмак уклаў дамову, абараняюць хату Петрака ад Сьмерці і нябожчыкаў, загінулых ад ягоных рук, пра тое, як Пятрок напружвае апошнія сілы, каб адбіцца ад іх, адтэрмінаваўшы адплату за злачынства даўжынёю ў жыцьцё, А. Казлоў пераўзышоў самога сябе.

Ведзьмакі — толькі выканаўцы чужой волі: «Мне ж самавольна наслаць Вісуна (духа бясьсільля. — П. А.) на староньняга чалавека нельга», — прызнаецца Чорны Гардзей. У кнігах А. Казлова яны чыняць шкоду пераважна на просьбы жанчын, якія прагнуць каханьня ці помсты за абразу з боку каханага. Прыкладам, князёўна Кацярына («Мінск і воран, Парыж і цень»), атручаная каханкай свайго мужа Севалада Марфай, набывае праз стагодзьдзі зямную абалонку і жорстка помсьціць нашчадкам Севалада і Марфы.

ЗЯЛЁНЫЯ МУХІ ЯК ПАГРОЗА

Маладым аўтарам, якія блытаюць кульмінацыю з разьвязкай, ёсьць чаго павучыцца ў А. Казлова. У завязках сваіх твораў ён родзіць у душы чытача прадчуваньне бяды («За адну ноч ссох вяз каля хаты Яновічаў»; «Юргона сурочылі!») альбо проста інтрыгуе, завалодвае ягонай увагай («Сярод ледзь бачнай сьцежкі на гарачым пяску моўчкі сядзелі два хлопцы»; «Ужо хвілін дзесяць я стаяў каля ўваходу ў тэатар і чакаў Лару»).

У той самы час пісьменьнік знаходзіць месца і для апісаньняў прыроды, якія амаль зьніклі ў сучаснай мастацкай прозе, і лірычных адступленьняў. Апрача надзвычай удалых вобразаў ведзьмакоў, А. Казлову добра атрымліваюцца духі і птушкі. Узяць згаданага мною Вісуна, які шмат разважае пра лёс і маральныя якасьці чалавецтва, ці крумкача («Мінск і воран, Парыж і здань»), вачыма якога мы сузіраем людзей у Асінаўскім замку і яго навакольлі. Дарэчы, будзьце пільныя, калі ў творах празаіка пачынаюць бзынкаць зялёныя мухі (тое здараецца ў абодвух раманах) — нічога добрага іхняе зьяўленьне не абяцае.

Горад А. Казлоў апісвае з пэўнай доляй грэблівасьці. Мінакоў ён параўноўвае з мурашамі, машыны ў яго фыркаюць, як «напоеныя коні», ці зьбіваюцца ў зграі — «брудныя, сьмярдзючыя, азлобленыя». Вычарпальна сказаў адзін з герояў пісьменьніка: «Нутро падбівае горад».

Сустракаюцца ў А. Казлова і мастацкія недапрацоўкі. Возьмем, да прыкладу, аповесьць «Раздарожаны саракоўнік». Спачатку аўтар апісвае ў драбніцах Яновічаў, брата і дзьвюх сясьцёр, іхнія клопаты‑трывогі, маладыя гады, а потым, на самым цікавым месцы, калі чытач толькі‑толькі пачаў суперажываць героям (Валянціна Яновіч трапляе ў шпіталь, а ейны брат Антон даведваецца, што муж Валі здраджвае жонцы, прычым не абыходзіцца без сурокаў), раптоўна абрывае твор банальнай рэплікай пра крызіс сярэдняга ўзросту. Аповесьць недапісаная, гэта відавочна… Альбо дзяўчына з той самай аповесьці, якая на вуліцы сталіцы крычыць свайму бой‑фрэнду: «Пацалуй мяне ў дупу, я на Спаса мёд ела!» Дзе мог пабачыць і пачуць сёньня ў Менску А. Казлоў такую дзяўчыну з такім веданьнем беларускага фальклёру? А мо яму сапраўды калісьці сустрэлася разьюшаная выпускніца філфаку БДУ?

Не зашкодзіў бы кнізе і прафэсійны літаратурны рэдактар. Бо калі беларускія шляхцічы ўжываюць слова «сантымэтар» (с. 94), князёўна згадвае прапэлер (с. 142), а 24‑гадовы хлапец кажа незнаёмцы пра сябе «я — малады археоляг» (с. 125), — гэта недаравальна.

…«Слабы ты, чалавек, пры ўсёй сваёй зьнешняй моцы», — у гэтых словах, прамоўленых апавядальнікам у рамане «Юргон», — квінтэсэнцыя ўсіх ягоных маральна‑філязофскіх разваг. Аднак А. Казлоў ня страчвае веры ў чалавека і, падобна свайму герою з апавяданьня «Верасава вечнасьць», гатовы перад Усявышнім прасіць «вечнасьці і міру Зямлі і людзям».

Вечнасьці людзям, а не ведзьмакам.

  літаратурны крытык. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/17