A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ВАЛЕРЫ БАНС, ШЭРАН Л. ЎОЛЧЫК | ||||
Зрынуць дыктатараў: Хто стаіць за электаральнымі рэвалюцыямі ў посткамуністычнай Эўразіі? УВОДЗІНЫУ 2003 г. амэрыканцы захапілі Ірак. Пасьля таго, як адміністрацыя Буша аб- вясьціла перамогу, краіну паглынула грамадзянская вайна. Гэткае разьвіцьцё падзеяў прымушае шматлікіх аналітыкаў сумнявацца, ці ЗША адданыя ідэі прасоўваньня дэмакратыі і ці яны здольныя яе ажыцьцяўляць. Спрэчкі ў гэтай праблеме ідуць вакол двух галоўных пытаньняў. Па-першае, ці сапраўды прасоўваньне дэмакратыі ўваходзіць у лік найвышэйшых прыярытэтаў замежнай палітыкі ЗША? Рашэньне ўвесьці войскі ў Ірак абгрунтоўвалася тым, што Садам Хусэйн нібыта мае зброю масавага зьнішчэньня і падтрымлівае міжнародны тэрарызм. Калі пачатным апраўданьням агрэсіі не знайшлося матэрыяльнага пацьверджаньня, іх замянілі на ідэю прасоўваньня дэмакратыі. Наўрад ці можа быць выпадкова, што ў выніку падзеньня рэжыму Садама Хусэйна амэрыканцы атрымалі поўны доступ да ірацкай нафты. З гісторыі добра вядома, наколькі хісткай была прыхільнасьць Амэрыкі да дэмакратычных урадаў, асабліва калі афіцыйныя асобы ў ЗША лічылі іх «ненадзейнымі партнэрамі». Дастаткова згадаць умяшаньне ЗША ў 1953 г. у Іран, 1954 г. — у Гватэмалу, у сярэдзіне 1960-х гг. — у Бразылію, у 1973 г. — у Чылі, каб зрынуць законна абраныя ўрады гэтых краінаў. Вядома, гэтыя дзеяньні дыктаваліся лёгікай «халоднай вайны». Аднак ёсьць усе падставы меркаваць, што цяперашні замежнапалітычны праект ЗША — вайна з тэрарызмам — гэткім самым чынам адбіваецца на амэрыканскай палітыцы: інтарэсы бясьпекі ставяцца вышэй за дэмакратыю. Гэта відаць, напрыклад, па тым, што і ЗША, і Эўразьвяз сьцішылі крытыку расейскай агрэсіі ў Чачэніі і парушэньняў падчас выбараў; па тым, што Амэрыка падтрымлівае ваенную дыктатуру ў Пакістане, робіць двухсэнсоўныя заявы наконт дэмакратыі ў багатых на нафту і стратэгічна значных краінах, такіх, як Азэрбайджан і Казахстан.Нават калі дапусьціць, што прасоўваньне дэмакратыі сталася ўрэшце ключавой мэтай амэрыканцаў у Іраку, паўстае другое пытаньне. Ці здольныя ЗША прасоўваць дэмакратыю за мяжой? Заваёва Іраку прывяла да грамадзянскай вайны, а не да ўсталяваньня дэмакратычнай улады, як ні замыльвай вочы выбарамі і канстытуцыяй. Адміністрацыя Буша ня толькі сур’ёзна памылілася ў ацэнцы становішча ў Іраку, калі распачынала вайну. Яна і пасьля таго нарабіла глупстваў, якія яшчэ пагоршылі і без таго ня надта спрыяльны для дэмакратыі клімат. Нарэшце, застаецца агульнае пытаньне, ці могуць насамрэч эфэктыўна прасоўваць дэмакратыю дзейныя фігуры звонку. Большасьць экспэртаў па пераходзе да дэмакратыі згаджаецца, што дэмакратызацыя — найперш працэс унутраны. Да таго ж замежным дзейным асобам зазвычай бракуе ведаў, непасрэднай зацікаўленасьці ў пераменах, кантролю над падважнікамі ўзьдзеяньня, якія адыгрываюць надзвычай істотную ролю ў пераўтварэньні доўгатрывалых дыктатураў у дэмакратыю. Нарэшце, умяшаньне звонку дзеля падтрымкі дэмакратыі часта прыводзіла да згортваньня дэмакратычных працэсаў — насуперак памкненьням тых, хто прасоўвае дэмакратыю з-за мяжы. Напрыклад, падобныя дзеяньні могуць абвастрыць няроўнасьць у фінансавых рэсурсах і доступе да ўлады, а значыць, распаліць нянавісьць як да тых, хто атрымлівае дапамогу з Захаду, гэтак і да іхных замежных дабрадзеяў. Умяшаньне звонку можа стварыць дачыненьні залежнасьці — хісткі падмурак для дэмакратычнай палітыкі. Яно можа ссунуць акцэнт ва ўнутранай палітыцы на праблемы, якія здаюцца «актуальнымі» на дадзены момант для міжнароднай супольнасьці.
ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ РЭВАЛЮЦЫІ ЯК АЛЬТЭРНАТЫВААднак перш чым рабіць выснову, што ЗША не выяўляюць ні прыхільнасьці, ні здольнасьці да прасоўваньня дэмакратыі за мяжой, трэба не абмяжоўвацца інтэрвэнцыяй у Іраку, а зірнуць шырэй. Урэшце, гэта нетыповая — прынамсі, з гістарычнага гледзішча — для Злучаных (ці Раз-лучаных?) Штатаў акцыя. Сапраўды, можна знайсьці багата прыкладаў, калі міжнародная супольнасьць, у т. л. Амэрыка, станоўча паўплывала на працэсы дэмакратызацыі.Мы маем на ўвазе нядаўнія электаральныя рэвалюцыі ў Славаччыне (1998 г.), Харватыі (2000 г.), Сэрбіі (2000 г.), Грузіі (2003 г.) і Ўкраіне (2004 г.). Ва ўсіх гэтых краінах адбыліся прэзыдэнцкія або парлямэнцкія выбары, на якіх лібэральная апазыцыя перамагла дзейных на той час аўтарытарных лідэраў ці прызначаных імі пераемнікаў. Гэта адыграла ключавую ролю ў выбаўленьні названых краінаў ад дыктатуры і пераходзе на больш дэмакратычныя рэйкі. Ва ўсіх згаданых выпадках ЗША падтрымлівалі зьмену рэжыму шляхам выбараў. Такім чынам, хоць электаральная мадэль мае тую самую галоўную мэту, што і акупацыя Іраку, — зрынуць дыктатара, — яна розьніцца ад ірацкага сцэнару паводле большасьці астатніх крытэраў. Сярод іх — стан самога рэжыму (у Іраку за Садамам Хусэйнам не было ніякіх элемэнтаў дэмакратыі), дэмакратычны, а не вайсковы падыход да зьмены ўлады, доўгатэрміновая дапамога звонку, а не кароткатэрміновая інтэрвэнцыя. Але, напэўна, самая галоўная розьніца — непасрэдны трывалы пераход да дэмакратыі ў супрацьлегласьць таму бязладзьдзю і хаосу, які абрынуўся на Ірак.
ПРАСОЎВАНЬНЕ ДЭМАКРАТЫІ Ў ПОСТКАМУНІСТЫЧНЫМ РЭГІЁНЕЗ пачатку 90-х гг. ХХ ст. ЗША засяродзілі высілкі па прасоўваньні дэмакратыі на двух рэгіёнах: Лацінскай Амэрыцы і посткамуністычнай Эўразіі. Тая ўвага, якую Злучаныя Штаты надаюць посткамуністычным краінам, зьвязаная з заканчэньнем «халоднай вайны». Нягледзячы на малалікасьць насельніцтва і эканамічную слабасьць, усё больш дзяржаваў гэтага рэгіёну маюць магчымасьць узьдзейнічаць як на Заходнюю Эўропу, гэтак і на Амэрыку. Напрыклад, на іх тэрыторыях знаходзяцца радовішчы нафты і газу (Азэрбайджан, Казахстан, Расея) і стратэгічна значныя газаправоды (Грузія, Украіна, Беларусь, Польшча). Трэба ўлічваць і пашырэньне Эўразьвязу і НАТО на ўсход, а таксама стратэгічнае становішча некаторых зь іх у кантэксьце вайны з тэрарызмам (Расея, сярэднеазіяцкія дзяржавы і Азэрбайджан мяжуюць з Паўночнай Карэяй, Кітаем, Аўганістанам і Іранам). ЗША надаюць увагу посткамуністычнаму рэгіёну таксама таму, што адна з тамтэйшых краінаў — Расея — мае велізарную вагу ў міжнародных справах і істотна ўплывае на шмат каго са сваіх суседзяў. Яна падтрымлівае шчыльны хаўрус з Армэніяй, Беларусьсю, Казахстанам, Таджыкістанам ды Ўзбэкістанам і працягвае дэстабілізаваць становішча ў Грузіі і Малдове сваім узьдзеяньнем на сэпаратысцкія рэгіёны.У першыя дзесяць гадоў пасьля падзеньня камунізму найбольш распаўсюджанай формай улады ў згаданым рэгіёне быў гібрыдны рэжым, які спалучае рысы дэмакратыі і дыктатуры. Ён адлюстроўваў барацьбу за ўладу, якая працягвалася паміж камуністамі і антылібэраламі-нацыяналістамі, з аднаго боку, і лібэральнымі апазыцыйнымі сіламі, з другога. Большасьць прыхільнікаў прасоўваньня дэмакратыі ў ЗША зыходзіла з таго, што пры гібрыдным рэжыме перад замежнымі дзейнымі фігурамі адкрываюцца найбольшыя магчымасьці адыграць вырашальную палітычную ролю. Варта памятаць, што ў посткамуністычным рэгіёне да Злучаных Штатаў ставяцца досыць станоўча. ЗША часта ўспрымаюцца як больш гнуткі, дзейсны, шчодры і менш забюракратызаваны хаўрусьнік у параўнаньні з Эўразьвязам. Да таго ж большасьць гэтых дзяржаваў бачыць у ЗША сілу, здольную нашмат эфэктыўней стрымліваць гегеманісцкія памкненьні Расеі, чым Эўразьвяз, залішне схільны саступаць Крамлю.
РАЗЬВІЦЬЦЁ ЭЛЕКТАРАЛЬНАЙ МАДЭЛІЯк і большасьць новых палітычных «прадуктаў», электаральная мадэль зьмены рэжыму мае складанае паходжаньне. Але галоўную ролю ў яе разьвіцьці адыграла ўмацаваньне такога падыходу да палітычных зьменаў у недэмакратычным грамадзтве, які палягае на выкарыстаньні сплянаваных, высокаарганізаваных выступаў грамадзянаў супраць права рэпрэсіўнага рэжыму кіраваць імі. Падобны падыход адыграў вырашальную ролю ў зрынаньні камуністычнай улады ва Ўсходняй Эўропе.Завяршальным элемэнтам сталася ўсьведамленьне з боку навукоўцаў, палітстратэгаў і палітычных дзеячоў, што выбары — ключавы паказьнік дэмакратыі. Па-першае, хоць сам факт правядзеньня выбараў і не гарантуе дэмакратыі, выбары — неабходная яе ўмова. Па-другое, вынік выбараў у посткамуністычных краінах — адзін з найбольш надзейных індыкатараў, наколькі глыбокімі і трывалымі будуць дэмакратычныя пераўтварэньні. Калі на выбарах перамагае лібэральная апазыцыя, дэмакратыя заўсёды выйграе. Нарэшце, аўтарытарныя лідэры часта адчуваюць сябе абавязанымі праводзіць выбары, каб легітымізаваць сваю ўладу. Акурат таму яны адкрываюць магчымасьці для палітычных зьменаў, якіх самі не прадбачылі. Такім чынам, выбары часта могуць павярнуцца супраць дзейнай улады — напрыклад, калі ўлучаныя ў сыстэму палітычныя групоўкі робяцца рэальнымі канкурэнтамі, калі слабее аўтарытарная ўлада, калі розныя апазыцыйныя групы пераадольваюць непаразуменьні і пачынаюць працаваць разам, калі грамадзяне ўсьведамляюць, што выбары — гэта не рытуал, а магчымасьць даць сваю ацэнку дзеяньням улады і выказаць сапраўдныя палітычныя прыхільнасьці. Акурат таму, што выбары адбываюцца рэгулярна і ўспрымаюцца большасьцю грамадзтва як неад’емнае права, яны ўяўляюць зь сябе найбольш дзейсны мэханізм уплыву на аўтарытарныя рэжымы. Выбары могуць дапамагчы пераадолець праблемы, што стаяць на шляху да супольных дзеяньняў. Дзеля гэтага неабходна, каб і шараговыя выбарцы, і апазыцыя паверылі, што яны здолеюць выказаць свае сапраўдныя палітычныя прыхільнасьці, што падлік галасоў будзе сумленным, што вынікі выбараў будуць адлюстроўваць рэальныя настроі грамадзтва і што ад іх удзелу сапраўды нешта залежыць.
КЛЮЧАВЫЯ СКЛАДНІКІ ЭЛЕКТАРАЛЬНАЙ МАДЭЛІНа першы погляд электаральная мадэль здаецца адносна простай. Аднак на практыцы яна палягае на аптымізьме, цяжкай працы і грунтоўнай падрыхтоўцы. Па-першае, хоць выбары — падзея аднамомантавая, але ім папярэднічае доўгі падрыхтоўчы этап: станаўленьне грамадзянскай супольнасьці (часткова пры дапамозе міжнародных арганізацыяў) і папярэднія масавыя пратэсты. У ліку сярэднетэрміновых элемэнтаў — выкарыстаньне «акенцаў» у СМІ; арганізацыя супрацоўніцтва паміж зьняверанымі і разьяднанымі апазыцыйнымі групоўкамі; разьвіцьцё сацыялягічных службаў, дзе дазваляюць палітычныя ўмовы; пашырэньне базы падтрымкі апазыцыі — і геаграфічнай, і ўзроставай; канкурэнцыя ўладзе на мясцовых выбарах. Напрыклад, у Харватыі, Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне перад «галоўнымі» выбарамі апазыцыя здолела атрымаць перамогу на мясцовых. У Славаччыне, Грузіі, Украіне і найперш у Сэрбіі перад вырашальнымі выбарамі моладзь арганізавалася ў шырокі рух. Сэрбскі «Отпор» узьнік у 1999 г., калі студэнты выступілі супраць адукацыйнай рэформы, якая пагражала паставіць крыж на самастойнасьці сэрбскіх унівэрсытэтаў. «Отпор» адыграў ключавую ролю ня толькі ў выяўленьні слабасьці рэжыму, але і ў тым, каб прыцягнуць на бок апазыцыі моладзь па ўсёй краіне, прымусіць апазыцыю аб’яднацца і працаваць на лідэра, здольнага перамагчы.Самі выбары патрабуюць вялікіх высілкаў. Пры падрыхтоўцы ўсіх электаральных рэвалюцыяў праводзіліся сэрыі мэтанакіраваных акцыяў. На ўладу чыніўся ціск, каб прымусіць яе ўдакладніць сьпісы для галасаваньня. Ад цэнтральных выбарчых камісіяў патрабавалі, каб іх склад быў больш прадстаўнічым, каб яны строга выконвалі прадугледжаную законам працэдуру і працавалі больш адкрыта. Шырока распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы, у якіх тлумачылася, колькі каштуе цяперашняя ўлада. Выбарцаў пераконвалі, што іхны голас мае вырашальнае значэньне. Апазыцыя праводзіла значна больш маштабныя кампаніі, чым на папярэдніх выбарах ці ў параўнаньні з тагачаснымі ўладамі (асабліва ў Грузіі і Ўкраіне, дзе Саакашвілі і Юшчанка наведалі літаральна кожны закуток). Арганізоўвалася назіраньне за выбарамі — унутранае і міжнароднае (у Сэрбіі — толькі ўнутранае). Шырока выкарыстоўваўся паралельны падлік галасоў і экзыт-полы — зь іх вынікамі можна было параўнаць афіцыйныя зьвесткі. Нарэшце, апазыцыя была падрыхтаваная да масавых акцыяў пратэсту на той выпадак, калі ўлада прайграе, але адмовіцца сыходзіць. Апазыцыйныя сілы максымальна задзейнічалі свае сувязі з грамадзкімі арганізацыямі па-за сталіцай і буйнымі гарадамі. Аднак посьпех акцыяў пратэсту залежаў яшчэ і ад перамоваў прыхільнікаў апазыцыі зь сіламі бясьпекі. Тым нагадвалі, што яны таксама дорага заплацілі за ўмацаваньне рэжыму. Уражвае, што падчас масавых акцыяў пратэсту пасьля выбараў у Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне, нават калі ўлада прымушала сілы бясьпекі ўжываць гвалтоўныя захады, тыя ня ўмешваліся, калі на вуліцы выйшлі тысячы і тысячы людзей. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі і канкрэтныя «плюсы» арыентаванай на выбары мабілізацыйнай кампаніі: грамадзяне бачаць у выбарчых фальсыфікацыях замах на іхныя асноўныя правы; выбары даюць магчымасьць як вызначыць сваю палітычную пазыцыю, так і дамагчыся значных палітычных пераменаў, а галасаваньне само па сабе ўлучае ў палітычны працэс і мабілізуе шараговых грамадзянаў. Злучаныя Штаты падтрымлівалі рэалізацыю ўсіх гэтых элемэнтаў электаральнай мадэлі. І тут немагчыма не заўважыць усяе іроніі сытуацыі. Па-першае, прэзыдэнцкія выбары 2000 г. у саміх ЗША прайшлі з такімі парушэньнямі, што, паводле большасьці ацэнак, замежныя назіральнікі не прызналі б іх вынікаў. Па-другое, улетку 2003 г. адміністрацыя Буша накіравала ў Грузію не каго іншага, як Джэймса Бэйкера. Той мусіў пераканаць свайго старога сябра Эдуарда Шэварднадзэ, што трэба строга трымацца выбарчай працэдуры, дапусьціць на парлямэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў і дазволіць паралельны падлік галасоў. А ў 2000 г. гэты самы «рыцар дэмакратыі» Бэйкер адказваў за перападлік галасоў у Флорыдзе і здолеў разам з губэрнатарам — братам прэзыдэнта — аддаць штат Бушу. Гэты факт і галасаваньне ў Вярхоўным судзе (5 — «за», 4 — «супраць») вызначыла вынік выбараў у 2000 г.
ПОСЬПЕХІ І ПАРАЗЫАднак у посткамуністычным рэгіёне можна пабачыць шмат прыкладаў, калі спробы аспрэчыць перамогу ўлады на выбарах ні да чаго не прыводзілі. Пераменнасьць посьпеху электаральнай мадэлі, у чым мы нядаўна пераканаліся на прыкладзе Азэрбайджану, а таксама Армэніі і Беларусі, прымушае задаць пытаньне: пры якіх умовах дэмакратычнай апазыцыі ўдаецца ў выніку электаральнай рэвалюцыі прыйсьці да ўлады?Па-першае, трэба зьвярнуць увагу на вялікую розьніцу ў ступені разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Калі ўзяць Каўказ, то, бясспрэчна, у Грузіі грамадзкіх арганізацыяў нашмат больш, і яны маюць нашмат багацейшы досьвед працы, чым у Армэніі і Азэрбайджане. Тая ж калясальная розьніца выявіцца, калі параўнаць Славаччыну, Сэрбію, Украіну і Харватыю зь Беларусьсю — краінай з самым моцным дыктатарскім рэжымам у рэгіёне. Па-другое, ва ўсіх краінах, дзе адбыліся пасьпяховыя электаральныя рэвалюцыі, імёны антылібэральных лідэраў былі зьвязаныя зь фінансавымі скандаламі, рэзкім ростам карупцыі, а часам і з гвалтоўнымі дзеяньнямі супраць палітычных апанэнтаў (асабліва ў выпадку зь Мілошавічам і Кучмам — Януковічам). Гэтыя скандалы шырока абмяркоўваліся, да іх прыцягвалася ўвага падчас ранейшых кампаніяў пратэсту. Аднак нельга прадказваць зьмены рэжыму, абапіраючыся яшчэ на адзін паказьнік неэфэктыўнасьці ўлады — эканамічны спад і рост сацыяльна-эканамічнай няроўнасьці. Украіна, Харватыя і асабліва Славаччына эканамічнымі паказьнікамі кардынальна розьніліся ад Сэрбіі і Грузіі, якія зьведалі эканамічную катастрофу. Трэцяя супольная рыса ўсіх пасьпяховых электаральных рэвалюцыяў — выразныя сьведчаньні, што ўлада лідэра пахіснулася. Напрыклад, кіраўнік краіны страчвае хаўрусьнікаў, хвалюецца пра захаваньне ўлады або робіцца больш неасьцярожным ды ідзе на скрайнасьці. Сюды ж адносяцца пераход часткі кіроўнай эліты на бок апазыцыі (у Сэрбіі, Украіне і Грузіі), распад уладнай кааліцыі (асабліва ў Грузіі), масавыя пратэсты супраць лідэра краіны (у Сэрбіі, а таксама ва Ўкраіне і Грузіі за некалькі гадоў да вырашальных выбараў), паразы на мясцовых і нават парлямэнцкіх выбарах. Зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адна рыса, якая адрозьнівае пасьпяховыя электаральныя рэвалюцыі ад выбараў, скажам, у Азэрбайджане і Беларусі. І Аліеў, і Лукашэнка праводзілі энэргічную выбарчую кампанію, чаго нельга сказаць пра Януковіча, Мілошавіча і асабліва хаўрусьнікаў Шэварднадзэ. Нарэшце, ва ўсіх пасьпяховых электаральных рэвалюцыях можна было назіраць: 1) доўгую, цяжкую, але ў канчатковым выніку пасьпяховую працу па стварэньні вялікай аб’яднанай апазыцыі; 2) вызначэньне адзінага апазыцыйнага лідэра, які мае найбольш шанцаў заваяваць шырокую падтрымку грамадзтва; 3) выкарыстаньне электаральнай мадэлі. Варта параўнаць хоць бы маштабы акцыяў пратэсту ў Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне зь не такімі шматлікімі і значна горш арганізаванымі дэманстрацыямі ў Кыргыстане, Армэніі, Беларусі і Азэрбайджане. Гэты кантраст яшчэ больш уражвае, калі ўзяць пад увагу ступень рэпрэсіўнасьці рэжыму: былі ўсе падставы меркаваць, што, напрыклад, Мілошавіч быў больш схільны ўжыць сілу, каб застацца пры ўладзе, чым кіраўніцтва Армэніі і Кыргыстану.
НАКОЛЬКІ ІСТОТНАЯ РОЛЯ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ?«Каляровыя рэвалюцыі» спарадзілі досыць стракаты надрэгіянальны альянс у складзе Уга Чавэса (Вэнэсуэла), аўтараў The Guardian, Уладзімера Пуціна (Расея), лідэраў Кітаю, Узбэкістану, Зымбабвэ, а таксама нядаўна зрынутага кіраўніка Кыргыстану. Усе яны хорам абвінавачваюць ЗША ў арганізацыі дзяржаўных пераваротаў у Грузіі і асабліва ва Ўкраіне. Дык ці адыграла дапамога, або, калі адкінуць усялякія алюзіі на дабрачыннасьць, умяшаньне Амэрыкі, вызначальную ролю ў тым, каб справакаваць электаральныя рэвалюцыі ў Славаччыне, Харватыі, Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне?Ёсьць некаторыя падставы прызнаць вырашальны ўплыў Злучаных Штатаў. Вядома, яны заўсёды выступаюць за свабодныя і справядлівыя выбары, але ў выпадку са Славаччынай, Харватыяй, Сэрбіяй, Грузіяй і Ўкраінай ЗША выдаткавалі большыя рэсурсы на выбарчыя праекты. У дадатак ЗША выказвалі заклапочанасьць тым, ці правядуць улады сумленныя выбары. Часам Амэрыка паказвала, што жадае паразы дзейнага кіраўніка дзяржавы (асабліва ў Сэрбіі, якая мусіла пазбавіцца ад «балканскага кбта» — так назвала Мілошавіча Мадлен Олбрайт). ЗША падтрымлівалі ўдзельнікаў вулічных акцыяў пратэсту і абяцалі значную дапамогу новаму ўраду. Але было б сур’ёзнай памылкай зводзіць электаральныя рэвалюцыі да махінацыяў ЗША. Іх суаўтарамі выступалі розныя дзейныя фігуры — як звонку, гэтак і ўнутры краіны. Больш за тое, ва ўсіх краінах посьпеху электаральнай мадэлі спрыялі ня толькі амэрыканскія пашыральнікі дэмакратыі і мясцовыя дзеячы, але і актывісты з суседніх краінаў. Менавіта прэцэдэнты электаральных рэвалюцыяў і досьвед актывістаў-суседзяў, а не фінансавую дапамогу і парады ЗША называлі ключавыя палітычныя акторы Славаччыны, Грузіі, Сэрбіі і Ўкраіны ў якасьці галоўнага ўнёску Амэрыкі ў паразу антылібэральных кіраўнікоў і палітычных кааліцыяў. Падтрымка Злучанымі Штатамі грамадзянскай супольнасьці ў посткамуністычным рэгіёне можа прывесьці і да адваротных наступстваў. Яна часам абарочваецца падзелам грамадзтва, дэмаралізуе яго, а не надае яму сілы. Унёсак Амэрыкі ў разьвіцьцё дэмакратыі за мяжой не гарантуе памысных вынікаў. Электаральныя рэвалюцыі не заўсёды разьвіваліся так, як хацелася б Злучаным Штатам. Напрыклад, ЗША не зусім задавальняла фігура Ваіслава Каштуніцы як кандыдата ад апазыцыйнай кааліцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2000 г. у Сэрбіі. Амэрыка досыць халаднавата ставілася да Міхаіла Саакашвілі, асабліва калі ён скарыстаў з факту падтасоўкі вынікаў парлямэнцкіх выбараў у лістападзе 2003 г., каб адхіліць ад улады прэзыдэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ. Нельга забывацца на мясцовую спэцыфіку і ролю палітычных актораў унутры кожнай краіны. Мы маем на ўвазе гатоўнасьць апазыцыйных сілаў да супрацоўніцтва, іхную здольнасьць нэўтралізаваць сілы бясьпекі (часта зь вялікай рызыкай для сябе), памылкі залішне самаўпэўненых аўтарытарных лідэраў, якія адштурхоўваюць ад іх хаўрусьнікаў ды грамадзтва і г. д. Прасоўваньне дэмакратыі звонку можа быць эфэктыўным толькі ў спалучэньні з высілкамі тамтэйшых прыхільнікаў дэмакратыі. Роля Амэрыкі ў электаральных рэвалюцыях — у тым, каб спрыяць зьмене ўлады і палегчыць яе. Нельга сказаць, што ЗША адзінаасобна стваралі, навязвалі, вызначалі і кантралявалі падзеі. Як заўважыў сябра Інстытуту Свабоды ў Грузіі Георгі Мэлякадзэ, абвінавачваць амэрыканцаў у змове — значыць, лічыць, што сэрбы, грузіны, украінцы і г. д. ня хочуць ні дэмакратыі, ні свабодных выбараў, а калі і хочуць, дык ня могуць іх дамагчыся. Такім чынам, роля грамадзянаў зводзіцца амаль да нуля, хоць менавіта яны рыхтавалі перамены, рызыкавалі, ішлі на выбарчыя ўчасткі, а калі неабходна — выходзілі на вуліцы. Менавіта самі грамадзяне, якія ў большасьці працяглы час захоўвалі пасіўнасьць, і мясцовыя палітычныя актывісты, якія збольшага доўга пачуваліся зьняверанымі, разам адстаялі сваё права выбіраць сабе ўладу.
ВЫСНОВЫЦі слушна назваць выбары, якія прывялі да зьмены ўлады ў 1998—2004 гг. у Славаччыне, Харватыі, Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне, пасьпяховымі спробамі дэмакратызацыі? Ва ўсіх гэтых дзяржавах пасьля электаральных рэвалюцыяў узровень дэмакратыі значна падвысіўся. Так, усяго дзьве краіны посткамуністычнага рэгіёну — Харватыя і Сэрбія — перайшлі, паводле рэйтынгу Freedom House, у катэгорыю цалкам свабодных. Але толькі празь перамогу лібэральнай апазыцыі ажыцьцяўляўся канчатковы пераход да дэмакратычнай палітыкі. Калі ён адбыўся, вяртаньня назад зазвычай няма. Можна казаць пра адзінае выключэньне з гэтага правіла — Славаччыну за часам Мэчыяра. Ці азначае гэта, што ў Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне склалася разьвітая і трывалая дэмакратыя? Не. Галоўны іспыт, які Харватыя і Славаччына ўжо здалі, — наступныя выбары пасьля дэмакратычнага прарыву: ці прывядуць яны да кадравых зьменаў у партыях, што знаходзяцца пры ўладзе? Гэта вельмі істотна для ўсталяваньня палітычнай канкурэнцыі, абмежаваньня карупцыі, выпраўленьня палітычных памылак і ўлучэньня ў палітычны працэс тых, хто прайграў на дэмакратычных выбарах.Наколькі верагодна, што электаральная мадэль прывядзе да перамогі дэмакратычнай апазыцыі ў іншых краінах? Тут ёсьць падставы і для аптымізму, і для скепсісу. Аптымізм вынікае з самой сутнасьці гэтай мадэлі: яна выкарыстоўвае магчымасьці, створаныя самімі аўтарытарнымі ўладамі, і мае магутны патэнцыял ад аб’яднаньня шырокага грамадзтва і апазыцыі вакол супольнай мэты. Аднак посьпех электаральных рэвалюцыяў залежыць ад таго, наколькі разьвітая грамадзянская супольнасьць і наколькі апазыцыйныя групоўкі гатовыя супрацоўнічаць. Перамозе папярэднічае шэраг «генэральных рэпэтыцыяў». Дзеля посьпеху электаральных рэвалюцыяў неабходная высокая ступень мабілізацыі грамадзтва і неўмяшаньне, калі не спрыяньне, сілаў бясьпекі. А гэта, насамрэч, вельмі малаверагодны зьбег абставінаў.
Пераклаў з ангельскай А. Т. |
палітоляг, загадчыца катэдры дзяржаўнага кіраваньня Корнэлскага ўнівэрсытэту (Cornell University). У сфэру ейных навуковых зацікаўленьняў уваходзіць тэорыя дэмакратызацыі і пашырэньня капіталізму ў краінах «трэцяга сьвету». Апошняя кніга — «The Design and the Collapse of Socialism and the State» (Cambridge University Press, 1999).
ШЭРАН Л. ЎОЛЧЫК |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |