A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова

 


 

  ПАВАЛ БАРКОЎСКІ

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Баркоўскі
Сымбалічны пурпурова-салатавы парадак: Беларусь = Народны Прэзыдэнт

З паўсотню гадоў таму маніпуляваньне сьвядомасьцю ды сымуляцыя рэальнасьці яшчэ ня сталі на прамысловыя рэйкі — шнары ды латкі на скуры быцьця лёгка заўважаліся. Таму, каб іх загладзіць, выкарыстоўваліся наўпроставыя рэпрэсіі і выкараненьне памяці: гвалт дапамагаў «казку ператвараць у праўду». Сёньня памянёная тактыка больш не эфэктыўная, яна не апраўдвае выдаткаў на сябе. Насамрэч куды прасьцей сымуляваць рэальнасьць, чым выпраўляць яе на свой капыл. Гэта адбываецца штохвіліны і з кожным. Сымуляцыя набывае ўсё большы памер і нават пачынае сымуляваць самую сябе: усясьветны Ўраборас заглынуў уласны хвост. Але... ну што жахлівага, што рэальнасьць сымулююць, каго гэтым напужаеш? Пэўна, ня нас — пакаленьне спажыўцоў смакаў ды пахаў, ідэнтычных натуральным.

Сёньня сымуляцыя рэчаіснасьці — больш адпаведны паказьнік разьвіцьця краіны, чым славуты валавы нутраны прадукт. Рэч у тым, што разьвітае грамадзтва ў стане больш не спажываць рэальнасьці наўпрост, а мець асалоду ад яе сурагату, нічым ня горшага, а мо нават і лепшага за ўжо няісны арыгінал. Гэтак званае спажывецкае грамадзтва ня толькі вырабляе спажывецкія тавары ды паслугі, але і спараджае сам асяродак спажываньня — культуру, мову, эканоміку, палітыку, этас спажыўца. Гэты асяродак ужо не рэальнасьць, аднак і ня штосьці нерэальнае — адным словам, сымуляцыя, падмена і матэрыяльных, і духоўных каштоўнасьцяў на адпаведнікі-сымулякры. Безумоўна, ідэнтычныя натуральным. Можна спытаць: навошта ўсё гэта даводзіць? Дакладна не для таго, каб адбіваць хлеб у Ж. Бадрыяра на тутэйшай глебе. Хутчэй, каб паказаць, што сытуацыя, у якую мы ўсе разам абрынуліся, — ня нейкае мясцовае ноў-хаў, а адлюстраваньне збольшага глябальнай тэндэнцыі.

Сымуляцыя дазваляе штораз паднаўляць рэальнасьць, рыхтык працоўны стол ©Windows. Не скарыстаць з усіх ейных выгодаў, застацца ўбаку ад новых тэхналёгіяў па канструяваньні грамадзкай думкі не маглі і тыя ўрадавыя ды напаўурадавыя структуры, што кантралююць нацыянальную мэдыяпрастору. Аднак пры гэтым самі яны збольшага спажываюць мэнтальныя схемы яшчэ дваццацігадовай даўніны. Так, бадай усё, што яны цяпер вырабляюць, гэтаксама падобнае да бездакорнай сымуляцыі спажываньня ў заходнім грамадзтве ня больш, чым першыя асобнікі бразыльскіх сыліконавых імплянтантаў — да іх сучасных мадэляў. Тым ня менш, ня звыклае да прадуктаў высокай якасьці, нашае грамадзтва паступова заглыбляецца ў спажываньне тых карцінак, якімі намагаюцца перакрэсьліць тутэйшую рэальнасьць. Адразу адкінем як недарэчнае пытаньне, чым ёсьць тая самая рэальнасьць, да якой мы ўпарта зьвяртаемся. Калі коратка, гэта тое, што магло б адбывацца з нашым сьветаўспрыманьнем, каб не было ахвочых яго актыўна зьмяняць. Менавіта так, бо гаворка вядзецца не пра тое, што нехта спрабуе падмяніць вам рэальнасьць: ніхто не падсоўвае вам замест каравая каравяк — папросту каравяк перастае быць такім і... стаецца караваем. Нашмат прасьцей пераканаць чалавека, нібы ён спажывае менавіта тое, што хоча, чым змусіць яго спажываць тое, што яму не падабаецца. Дарэчы, на апошнім прагарэў СССР: нястачу высакаклясных прадметаў спажываньня не змаглі кампэнсаваць тавары ніжэйшай якасьці і прыцягальнасьці (зрэшты, іх усё адно неставала). Таму просты савецкі абываталь разганяў уласную «машыну жаданьняў», палівам для якой былі розныя імпартовыя (найперш з сацлягеру) ды напаўімпартовыя (да прыкладу, прыбалтыйскія) тавары. Татальны дэфіцыт прадуктаў спажываньня, адпаведных запатрабаваньням «машыны жаданьняў», прывёў урэшце да краху сыстэмы, ня здольнай больш вытрымліваць канкурэнцыі з гіпэррэальнасьцю сымуляцыі. Але «машына жаданьняў», заведзеная яшчэ за савецкім часам, і сёньня працягвае дзейнічаць для пераважнай большасьці нашых суграмадзян, змушаючы іх ігнараваць лёзунг разьвітага рынкавага сацыялізму: «Купляйце беларускае!».

Нязьменна высокі попыт на тавары і паслугі слынных заходніх брэндаў спараджае прагу спажываць менавіта гэтыя міты ды сымулякры, шчыльна зьвязаныя з уяўленьнямі пра дабрабыт, заможнасьць, прэстыж. Матэрыяльнае спажываньне ідзе поруч са спажываньнем духоўным. Яго складаюць прадукты культурныя (музыка, кіно, літаратура), грамадзкія (нормы паводзінаў, правы ды свабоды), нарэшце ідэалягічныя (да прыкладу, лібэральныя, дэмакратычныя або, наадварот, нэанацыскія каштоўнасьці). Для цяперашняй беларускай улады найбольш небясьпечны апошні тып спажываньня, бо чужыя ідэалягічныя сымулякры замінаюць распаўсюду ўласных і могуць спарадзіць выразную незадаволенасьць ад несупадзеньня ўзроўню жаданьняў і іх рэалізацыі. Відавочна, што змаганьне за спажыўца ў матэрыяльнай сфэры не прынясе плёну, калі дыямэтральна не пераарыентаваць сьвядомасьць звычайнага чалавека. Таму бітва разгортваецца на полі ідэалёгіі: сёньняшнія ўлады саматугам спрабуюць пераклеіць «шпалеры» рэальнасьці, зьмяніць асяродак думаньня, прасымуляваць рэальнасьць так, каб пасьля можна было лёгка зымітаваць любыя яе прадукты. Гэты працэс пачаўся досыць даўно і набірае ўсё новыя абароты. І мы павінны прасачыць некаторыя крокі сымуляцыі ды надаць ім пэўнае тлумачэньне, то бок ажыцьцявіць іх гермэнэўтычнае прачытаньне.

Найбольш відавочна дзейнічае тэхналёгія візуалізацыі патрэбных вобразаў культурнага і грамадзкага спажываньня, што пануе ў мэдыяпрасторы. За аб’ект аналізу мы абярэм той мэдыяабсяг, які прарываецца на ўзроўні паўсядзённасьці ў сьвядомасьць нават тых людзей, якія сумысьля абмяжоўваюць сваё інфармацыйнае поле. Перадусім я кажу пра масаваную візуальную атаку праз рэклямныя плякаты і білборды, што суправаджаюць нас штодня амаль на кожным кроку.

Упершыню нашэсьце агітплякату мінакі запрыкмецілі падчас ідэалягічнай вайны 2004 г. Тады стракатыя білборды з заўважнымі здалёк літарамі «ЗА» выконвалі прагматычную піяр-мэту: змусіць падсьвядомае абываталяў супасьці з пратаколамі падліку галасоў рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньні пажыцьцёвай улады. Акцыя на той момант досыць гучная, хоць відавочнае было наўпроставае перайманьне маскоўскіх піяр-тэхналёгіяў, у сваю чаргу запазычаных з заходніх падручнікаў па піяры. Але для нас цікавейшы ня той час, калі мэдыі забівалі ў галовы сваіх гледачоў стракатае «ЗА», каб выправіць рэальнасьць на свой капыл, а пэрыяд, які пачаўся адразу пасьля рэфэрэндуму і доўжыцца дасюль.

Наш час — гэта век сымуляцыі. Пасьля нядоўгай паўзы палітычная каньюнктура запатрабавала распачаць другі этап найноўшых ідэалягічных войнаў, ужо непасрэдна прывязаных да выбараў 2006 г. Для многіх сталася нечаканым, што замест нейкіх новых эфэктных піяр-тэхналёгіяў улады абмежаваліся старымі выявамі з трохі падноўленым зьместам. Але самае галоўнае ў тым, што пасьля рэфэрэндуму ў 2005 г. у Беларусі сымбалічнае пачало замяшчаць сабою рэчаіснасьць.

Першае пакаленьне плякатаў зь іх унівэрсалісцкай формулай «ЗА Беларусь!», што аднолькава гучыць на абедзьвюх дзяржаўных мовах, несла ў сабе празрыстае пасланьне на фоне непрыкметнай карцінкі: «ЁН клапоціцца пра НАС (а Мы галасуем ЗА ЯГО)». Адрозна ад сваіх папярэднікаў, новыя ўзоры агітплякату спараджалі эфэкт напластаваньня вобразу на зьмест і мелі на ўвазе просты ўплыў на падсьвядомае. Рэальнай Беларусі пачынаюць прышпільваць (пераважна ўжо на расейскай мове!) сымбалічную гісторыю як «стабільнай, самабытнай, незалежнай» і да т. п. краіны. Сымуляцыя рэчаіснасьці выяўляецца ў тым, што стакроць успрыняты мэдыявобраз стварае пачуцьцё рэальнасьці ў прапанаваным ім фармаце, а сьвядомасьць праграмуецца на ігнараваньне рэчаіснасьці і прызнаньне яе імітацыі. Рабілася гэта ўжо трохі больш прафэсійна, чым нашумелы пілёт-праект, вядомы пад кодавай назвай «чарка & скварка». Арыентаваны на ідэалы і каштоўнасьці пераважна сельскага насельніцтва, «першы блін» відавочна не адпавядаў мэнтальнасьці гарадзкога жыхара зь ягоным прагматызмам ды цынізмам. Гэтым і тлумачыцца адносная неэфэктыўнасьць пілёт-праекту. Падкрэсьлім: толькі адносная, бо для многіх менавіта згаданы мэдыявобраз стаўся рэальным увасабленьнем карціны сучаснага беларускага жыцьця, з прынцыповай і дэманстрацыйнай нецікаўнасьцю сярэдняга беларуса да ўсяго, што выходзіць за межы базавых жаданьняў — выпіць і закусіць. Формулы ж, якія сьцьвярджаюць стабільнасьць, самабытнасьць, таленавітасьць і незалежнасьць Беларусі, прымаюцца спажыўцом таму, што акцэнтуюць перадусім выяву, якая змушае прымаць подпісы ўжо як нешта само сабой зразумелае.

Апроч таго, мы назіраем, як візуалізуюцца парадкі жаданьня і прапануецца іх сымбалічнае задавальненьне — імітацыя рэальнага. Пасьля задавальненьня першасных матэрыяльных патрэбаў у канцы 90-х гг. ХХ ст. у людзей сфармаваўся вялікі пласт г. зв. «духоўных» жаданьняў. Перадусім трэба назваць жаданьне пачувацца ў бясьпецы, сьцьвердзіць уласную годнасьць, адчуць калектыўную еднасьць і да т. п. Усяго гэтага так бракуе чалавеку на пачатку жыцьця, а маладой нацыі — у першыя гады яе незалежнага існаваньня. І вось амаль інстынктыўнае жаданьне бясьпекі ўвасабляецца ў вобразах нечым задаволеных дзяцей, аптымістычнай моладзі і супакоена-прыўзьнятых пэнсіянэраў, самавітых будаўнікоў, радасных працоўных, дзяўчыны ў рамонкавым вянку зь нязбыўнай тугой у вачох… Разам яны ствараюць дыскурс стабільнасьці і бясьпекі ў беларускай дзяржаве. Ён дазваляе ўжо без нутранога пратэсту прымаць афіцыйныя зьвесткі пра нізкі ўзровень беспрацоўя, паскораныя тэмпы будаўніцтва сацыяльнага жыцьця (асабліва ў аграгарадках) і спарткомплексаў (найперш лядовых палацаў), праграмы падтрымкі маладых сем’яў ды дэмаграфічную палітыку дзяржавы. Такім чынам сымбалічная стабільная Беларусь ператвараецца ў Беларусь «рэальную», то бок ідэнтычную натуральнай.

З пачуцьцём годнасьці і зь еднасьцю трохі складаней: дзяржаве ў дадзеным выпадку невыгодна культываваць нацыянальныя каштоўнасьці мовы, гісторыі, культуры, каб празь іх імітаваць задавальненьне названых жаданьняў. Невыгодна, бо ад самага пачатку сёньняшнія беларускія ўлады супрацьпаставілі сябе ўсяму, што мае нацыянальную афарбоўку, бо нацыяналізм фармуе вернасьць не дзяржаве і яе кіраўніку, а нацыі. Улада спрабуе сымуляваць пачуцьцё еднасьці і годнасьці праз сублімацыю нацыянальнага, візуалізуючы на агітплякатах посьпехі нашых землякоў на міжнароднай арэне. Іх імёны атаясамліваюцца з назваю краіны і вонкавымі прыкметамі яе дзяржаўнасьці, а сусьветнае прызнаньне, дасягнутае суайчыньнікам, падвышае самаацэнку шараговага абываталя. Мэдалі спартоўцаў-алімпійцаў, перамогі на дзіцячым «Эўрабачаньні», на модных паказах і да т. п. ствараюць імідж таленавітай Беларусі, Беларусі — алімпійскай пераможцы, Беларусі, пра якую ведае сьвет.

Разам з тым задавальненьне названых жаданьняў сымулюецца праз паказальны клопат пра этнічную культуру беларусаў, пра захаваньне яе самабытных традыцыяў, народных звычаяў і да т. п. Рэч у тым, што самабытная этнічная Беларусь у масавай сьвядомасьці ўжо даўно ператварылася ў глямурную паштоўку, у сымулякр гісторыі, якая, паводле вернутых у школы савецкіх падручнікаў, пачалася адно за царскім часам. Імітацыя гісторыі стварае імітацыю годнасьці за яе: сымбалічная этнічная Беларусь захінае рэальную гістарычную. Нарэшце, атрыманае такім чынам пачуцьцё кансалідацыі трывала замацоўваецца праз вобраз незалежнай Беларусі. Незалежнасьць сьцьвярджаецца як дзяржаўнасьць: вось школьнік стаіць каля дошкі, на якой напісаныя словы: «Я гражданин Республики Беларусь», а пад плякатам — подпіс: «За незалежную Беларусь». То бок незалежнае = дзяржаўнае, г. зн. дзяржава і ёсьць твой гонар, і ёсьць прадукт тваіх рэалізаваных жаданьняў. Яна тое разумовае, што стаецца сапраўдным, і тое сапраўднае, што адпавядае разумоваму, — калі трохі перайначыць Гегеля.

Дасюль гаворка ішла пра першае пакаленьне сымуляцыйных білбордаў, але неўзабаве да іх дадалося другое. Іх звышзадача — умацаваць заваяваньне цяперашняй рэчаіснасьці праз сымуляцыю мінулага і будучыні. Візуальны шэраг дэманструе пераемнасьць пакаленьняў, непарыўнасьць эстафэты, якую нам перадалі дзяды і бацькі. Вось на вялізным білбордзе пад слоганам «Вы адстаялі, мы — абаронім» расчулены вэтэран нешта тлумачыць маладзёну-міліцыянту; вось вэтэраны ў атачэньні дзяцей і кветак. Плякаты гавораць: нашае мінулае — гэта нашая вайна, менавіта ў ёй вытокі нашай беларускасьці і дзяржаўнасьці, таму менавіта да яе мы з пашанай зьвяртаемся. Зачышчэньне калектыўнай памяці адбываецца ўздоўж лініі Сталіна і вызваленьня 1944 г.: у нашым мінулым — адно вайна, разбурэньне і галеча. Адсюль галоўная прыказка людзей сталага веку: «Абы вайны не было», а ўсе астатнія нягоды — драбяза. Параўнаньне з жахамі былога змушае высока ўзносіць сучаснасьць — яна падаецца сапраўдным «залатым векам».

Другую частку праекту складаюць плякаты пад ёмістым слоганам «У будучыню». Зухаватыя хлопцы і ўсьмешлівыя дзяўчаты ладна крочаць сярод клінаўскіх краявідаў — эстэтыка гораду-сонца замацоўвае манумэнтальны ідэал будучай Беларусі як краіны маладых, што мэтаскіравана глядзяць уперад. Вось дзьве маладзіцы на роліках зь дзіцячымі вазкамі шпарка імкнуцца ў будучыню; вось на буйной тусоўцы-канцэрце дзеўкі на плячох маладзёнаў махаюць дзяржаўным сьцягам. «Прагрэсіўная моладзь таксама ’за’», — нячутна шапоча сымуляцыя. Лучыць і вянчае гэтыя выявы вялізны постэр БРСМ: «Будущее Родины Строить Молодым», — дэвіз лукамольцаў-актывістаў, альбо таксама іхнае, адно што нефармальнае, «Бери от Родины Сколько Можешь». Наперадзе нас чакае сьветлая будучыня, і будаваць яе новай моладзі, якую пасьпелі ўжо ахрысьціць трапным словам «забеларусы».

Мінулае і будучыня належаць дзяржаве, і ёй трэба ня толькі сымуляваць задавальненьне ўжо наяўных жаданьняў, але і кантраляваць і прадукаваць новыя зь вядомым і належным эфэктам рэалізацыі. Сымуляцыя імкнецца да панаваньня, яна ня можа існаваць толькі на пэўным зрэзе сучаснасьці і таму спрабуе ахапіць мінуўшыну і прышласьць: выкараніць памяць і спрагназаваць/спраектаваць будучую хаду думак.

Трэцяе пакаленьне агітацыйных плякатаў, якое сёньня паступова ўваходзіць у нашае жыцьцё, нясе відавочны адбітак эклектызму, бо ягоная мэта — сцэмэнтаваць гатовы сымулякр рэчаіснасьці ў разгалінаванай мэдыяплыні. Візуальныя вобразы — прыкметна архаічныя: яны павінны спалучаць мінулае, сучаснае і будучыню ў адзіным моманце, адной выяве. Школьніцы зь вялізнымі бантамі (такіх ужо, пэўна, 15 гадоў ніхто ня вяжа) наіўна ўсьміхаюцца ў камэру і вераць, што іх сымбалічны лад адпавядае рэальнаму. Ствараецца эфэкт déjà-vu — такое фота маглі зрабіць яшчэ за савецкім часам. Галоўная формула постэраў трэцяга пакаленьня — «Беларусь — дзяржава для народа», альбо проста «За Беларусь для народа». Народ на іх прысутнічае ў асобах сваіх абраных прадстаўнікоў, а ягоныя жаданьні неадкладна задавальняюцца празь візуальныя вобразы задняга пляну: будынак Нацыянальнай бібліятэкі, скульптурны помнік Францішку Скарыну, гэтак вонкава падобнаму да першага прэзыдэнта маладой краіны, новая жыльлёвая забудова, лядовы палац і да т. п. Асноўны message застаўся нязьменным: Беларусь = дзяржава = народ = Прэзыдэнт.

Праўда, нельга сказаць, што ніякага супраціву падобнай мэдыясымуляцыі ўвогуле не адбываецца. На індывідуальным узроўні мы можам сьвядома блякаваць навязаны message, зьвяртаючыся да іншых каштоўнасьцяў, якія адкідаюць чужы код. Бясспрэчна, каб супрацьстаяць мэдыйнаму праграмаваньню, трэба мець сталую сыстэму каштоўнасьцяў, адрозную ад той, якую стварае сымуляцыя, і няспынна кантраляваць сябе. На ўзроўні ж арганізаванага, хоць і маргінальнага, супраціву робяцца спробы скасаваць сымуляцыю, перапраграмаваўшы ейны структурны код. Імітацыя мэдыявобразу з адпаведным тэкстам (да прыкладу, калёна сьмецьцезборнікаў з надпісам «ЗА стабільную Беларусь») стварае парадаксальнае сутыкненьне пасланьня з карцінкай, тоеснасьць якіх сьцьвярджае сымуляцыя. Але падобная апазыцыя існуе на ўскрайку грамадзкай думкі, пераважна вакол інтэрнэт-сайту «Белжаба».

Сымуляцыя паступова стаецца сымбалічным чынам, які празь дзяржаўныя мэдыі пакрысе заваёўвае прастору рэальнага. Яна імкнецца на сымбалічным узроўні задушыць усялякае іншадумства, праграмуючы падсьвядомую «машыну жаданьня» сярэдняга беларуса і стала падмяняючы паняткі. Заўважым яшчэ раз, што галоўная мэта сымуляцыі — зьдзяйсьненьне формулы: стабільнасьць сымбалічная = стабільнасьць рэальная, Беларусь = дзяржава для народу = улада народу = Народны Прэзыдэнт. За сымбалічным парадкам Беларусі пурпурова-салатавая сымуляцыя яе рэальнасьці: заход сонца над балотам... Добры вечар, о дзіўны новы сьвеце!

  кандыдат філязафічных навук, выкладчык у Беларускім Калегіюме. Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню. Аўтарская назва тэксту — «За сымбалічным парадкам Беларусі».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/05/19