A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • гісторыя • літаратура • мова

 


 

  ПАЎЛЮК БЫКОЎСКІ

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Паўлюк Быкоўскі
Апазыцыя ў мясцовых выбарах: ні ўдзел, ні байкот

Апанэнтам кіроўнага рэжыму чарговы раз давялося рабіць выбар паміж удзелам у кампаніі і яе байкотам. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) вырашылі выкарыстаць мясцовыя выбары для правядзеньня адзінай шырокамаштабнай палітычнай кампаніі як простага працягу прэзыдэнцкіх выбараў, як легальны спосаб камунікацыі зь беларускімі грамадзянамі (па-за выбарчым працэсам магчымасьці апазыцыйных сіл для камунікацыі з насельніцтвам імкнуцца да нуля). Прыхільнікі байкоту, найперш кіраўніцтва Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, аспрэчылі дадзены тэзіс, сьцьвердзіўшы, што фармальна заканадаўства і па-за выбарчым працэсам гарантуе магчымасьці для палітычнай дзейнасьці.

28 ліпеня 2006 г. на паседжаньні Палітычнай рады АДС у Менску прайшло абмеркаваньне фармату ўдзелу ў кампаніі. Большасьць чальцоў палітрады выказалася за важнасьць вылучэньня дэмакратычных кандыдатаў першым чынам у абласныя і Менскі гарадзкі Саветы дэпутатаў. Пытаньні аб удзеле ў выбарах у раённыя і пасялковыя Саветы, на думку большасьці чальцоў Палітрады, павінны вырашацца на ўзроўні мясцовых дэмакратычных арганізацый.

«Сам сэнс удзелу ў гэтай кампаніі — ахапіць агітацыяй як мага больш людзей. Пры гэтым людзей, якія пагодзяцца заняцца гэтай агітацыяй, ня маючы рэальных шанцаў стаць дэпутатамі, мы шмат не набяром, — адзначыў на «круглым стале» намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. — Значыць, трэба выбіраць тыя акругі, якія давалі б магчымасьць аднаму кандыдату ахапіць максымальную колькасьць людзей. Гэта акругі Менскага гарадзкога Савету і абласных Саветаў. Іх прыкладна 300 па Беларусі і ў Менску — 55. Трэба забясьпечыць гэты мінімум».

Было абвешчана, што на працягу бліжэйшых двух тыдняў усе суб’екты Палітрады павінны падрыхтаваць прапановы па кандыдатурах, на аснове якіх будзе сфармаваны адзіны сьпіс прэтэндэнтаў у кандыдаты. Ні ў азначаны тэрмін, ні пазьней адзіны сьпіс не зьявіўся.

Плянавалася, што лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч стане даверанай асобай ва ўсіх кандыдатаў, якія будуць балятавацца па адзіным сьпісе ў Саветы дадзенага ўзроўню. Лідэры партый абвясьцілі, што ад дэмакратычнай апазыцыі ў выбарах у мясцовыя Саветы возьмуць удзел ад трох да пяці тысяч чалавек.

Насамрэч было ўсяго 600—700 ініцыятыўных груп апазыцыйных прэтэндэнтаў на больш як 22 000 месцаў дэпутатаў, але захавалі сябе і працягнулі кампанію толькі 230 кандыдатаў у дэпутаты.

Для чальцоў АДС на кампанію «мясцовыя выбары» накладалася іншая кампанія — па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. У якасьці мэханізму вылучэньня дэлегатаў была зацьверджаная прыдуманая намесьнікам старшыні Партыі БНФ Віктарам Івашкевічам працэдура, якую ў блізкіх да апазыцыі колах ахрысьцілі «два ў адным». В. Івашкевіч вырашаў дзьве задачы — шукаў кампраміс, які задаволіў бы кааліцыю АДС, а таксама шукаў матывацыю, якая забясьпечыла б удзел апанэнтаў рэжыму ў выбарах у мясцовыя Саветы. А рашэньне аказалася адно на дзьве праблемы: каб стаць дэлегатам кангрэсу, неабходна сабраць 300 подпісаў пад зваротам «Шлях да свабоды», прычым гэтыя подпісы неабходна было сабраць падчас кампаній па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты.

4 студзеня 2007 г. (за 10 дзён да асноўнай даты галасаваньня) чальцы Палітрады АДС распавялі журналістам пра сытуацыю зь мясцовымі выбарамі. Прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый у адзін голас казалі пра абмежаваньне магчымасьцяў для ўдзелу ў выбарах у мясцовыя Саветы. Розьніца палягала ў тым, што камуністы ўжо рэкамэндавалі сваім кандыдатам адмовіцца ад удзелу (у іх было 245 ініцыятыўных груп, але ПКБ атрымала найбольшы адсеў пры рэгістрацыі кандыдатаў, пасьля рашэньня зьезду аб пажаданым няўдзеле ў выбарах засталося 50 кандыдатаў), а АГП, напрыклад, абвясьціла пра намер зрабіць гэта пасьля завяршэньня агітацыйнай кампаніі. Прадстаўнік руху «За свабоду!» Віктар Карняенка рэзюмаваў: «Мы не павінны падаць да стрэлу, а выкарыстаць усе магчымасьці. Мы не выключаем магчымасьці здыманьня кандыдатаў, але толькі пасьля таго, як выкарыстаныя ўсе нашы рэсурсы для інфармаваньня насельніцтва».

Прадстаўнікі палітычных партый сярод кандыдатаў у дэпутаты складалі 2 %, сярод абраных дэпутатамі — 1,5 % ад агульнай колькасьці, або 335 чалавек. Найбольшая іх колькасьць, 299, прадстаўляе ляяльную да кіроўнага рэжыму Камуністычную партыю Беларусі, яшчэ 24 — Аграрную партыю. Прадстаўніцтва астатніх партый — ад аднаго да трох чалавек, — паведаміла ў інтэрвію «Звяздзе» старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Такім чынам, астатнія партыйныя дэпутаты — гэта 12 чалавек. Як высьветлілася, ледзь ня ўсіх прадстаўнікоў апазыцыі ў мясцовых Саветах можна назваць пайменна.

Дык у чым быў сэнс удзелу апазыцыі ў мясцовых выбарах? Ці можна ацаніць ягоны плён? Большасьць прадстаўнікоў АДС кажуць, што сэнс быў у данясеньні да насельніцтва нейкай інфармацыі. Але пры бліжэйшым разглядзе, калі паставіць пытаньне, што канкрэтна вы хацелі данесьці да суграмадзян, пэўнага адказу не ўдаецца атрымаць. Вылучыць нейкі тэзіс, які можна было б разглядаць як нейкае пасланьне (message) не атрымліваецца.

Можа, яго ўвогуле не было? Не, пярэчаць прадстаўнікі АДС, мы зьбіралі подпісы пад зваротам «Шлях да свабоды», мы распаўсюджвалі альтэрнатыўную інфармацыю. З гэтым можна пагадзіцца, калі разглядаць гэтую альтэрнатыўную інфармацыю як увогуле палітычны кантэнт — так, гэта было.

Але гэта было і да мясцовых выбараў, і на працягу кампаніі, і будзе пазьней. Ці было гэта больш інтэнсіўна за часам кампаніі? Відаць, не, бо, паводле дадзеных незалежных сацыёлягаў, пераважная большасьць рэспандэнтаў нават не знаёмая з асноўнымі інфармацыйнымі кампаніямі, якія ладзілі апанэнты кіроўнага рэжыму — то бок НЕ чыталі іх інфармацыйных і агітацыйных матэрыялаў, НЕ размаўлялі зь іхнымі ўдзельнікамі, НЕ абмяркоўвалі са сваімі знаёмымі, НЯ ўдзельнічалі ў іх і г. д. (гл. табл. 1).

  палітычны камэнтатар, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок». Аўтарская назва тэксту — «Стратэгія апазыцыі на мясцовых выбарах».
   

Табліца 1. Ці знаёмыя вы з грамадзка-палітычнымі кампаніямі «Салідарнасьць» і «За свабоду!»?1
Варыянт адказу %
Не знаёмы ні з воднай зь іх 77,7
Знаёмы з кампаніяй «За свабоду!» 11,2
Знаёмы з кампаніяй «Салідарнасьць» 5,9
Ня толькі знаёмы, але й браў удзел у іх (або ў адной зь іх) 3,3
Знаёмы з абедзьвюма 1,3
Няма адказу 0,6

Тое, што 21,7 % апытаных сказалі, што ў той або іншай ступені сутыкаліся апошнім часам з апазыцыйнымі грамадзка-палітычнымі кампаніямі, патрабуе асобнага камэнтару. Гэта ня так мала для сытуацыі, калі апанэнты кіроўнага рэжыму фактычна пазбаўленыя доступу да масавых мэдыяў.

Але разам з тым, гэты адсотак фактычна адпавядае традыцыйнай колькасьці перакананых праціўнікаў сёньняшняй беларускай улады2. Для параўнаньня: 20,6 % рэспандэнтаў у верасьні 2005 г. «нешта чулі» пра тое, што мусіць адбыцца Кангрэс дэмакратычных сілаў, які абярэ адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад АДС. Пры гэтым сярод тых, хто чуў аб кангрэсе, толькі 15,3 % пэрсанальна ня ўдзельнічалі ў вылучэньні дэлегатаў і асабіста ня ведалі людзей, якія ўдзельнічалі ў вылучэньні дэлегатаў3.

Калі разгледзець працэс камунікацыі апазыцыйных структур з насельніцтвам на прыкладзе Кангрэсу дэмсіл 2005 г., то можна канстатаваць, што палова занятых у працэс вылучэньня дэлегатаў на гэты форум, тых, хто ведаў такіх людзей або чуў пра кангрэс, ня мелі дачыненьня да апазыцыі. Разам з тым у працэс быў залучаны толькі кожны пяты апазыцыянэр.

З гэтага вынікае, што апанэнты А. Лукашэнкі не змаглі выкарыстаць напоўніцу ўласныя структуры ня толькі для ўдзелу ў працэсе азначэньня адзінага кандыдата (а менавіта ў гэтым складалася задача кангрэсу), але нават у інфармаваньні ўсіх сваіх прыхільнікаў аб гэтай падзеі. Трывожным званком для лідэраў афіцыйнай апазыцыі мусіў быць факт, што 9,7 % з тых, хто аднёс сябе да апанэнтаў А. Лукашэнкі, засталіся абыякавымі да дзеяньняў улад, якія перашкаджалі правядзеньню апазыцыйнага форуму.

Паказальна, што практычна супадае колькасьць тых, хто адносіць сябе да апазыцыі, і тых, хто ў апошнія гады сустракаўся і размаўляў зь сябрамі якіх-небудзь палітычных партый, — 17 %. Можна выказаць здагадку, што гэты адсотак зьяўляецца паказчыкам палітычна актыўнага насельніцтва, тым або іншым чынам залучанага ў арбіту дзейнасьці партый. Супадзеньня ўласнай апазыцыйнасьці і сустрэч з прадстаўнікамі партый няма (больш паловы ад тых, хто сустракаўся зь сябрамі партый, не адносяць сябе да апазыцыі). Разам з тым роўна палова апытаных заявілі аб тым, што жадалі б больш ведаць пра беларускую апазыцыю — палітычныя партыі і іншыя арганізацыі, пра іх лідэраў і праграмы. Гэта амаль утрая больш за ўласна апазыцыянэраў і тых, хто за апошнія гады меў магчымасьць размаўляць зь сябрамі партый. Адпаведна, узровень зацікаўленасьці перавышае сёньняшняе яго задавальненьне і, такім чынам, ёсьць патэнцыял для росту.

Ведаючы гэта, можна зрабіць дапушчэньне, што ў такім разе выкарыстаньне мясцовых выбараў 2006—2007 гг. для інфармацыйнай працы пераўтварылася ў працу пераважна са сваімі ж прыхільнікамі, але не працавала на пашырэньне аўдыторыі.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 г. апазыцыя здолела крыху вырвацца з адведзенага ёй уладай інфармацыйнага гета: 29,9 % рэспандэнтаў сказалі, што бачылі матэрыялы Аляксандра Мілінкевіча і 16,5 % — Аляксандра Казуліна4. Натуральна, мясцовыя выбары зусім не падобныя па энэргетыцы на прэзыдэнцкія, але калі АДС ставілася задача правесьці адзіную шырокамаштабную палітычную кампанію як прамы працяг прэзыдэнцкіх выбараў, то яна ня выканана.

 

1 Тут і далей выкарыстоўваюцца дадзеныя зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (iiseps.org). Нацыянальнае апытаньне ладзілася напрыканцы студзеня 2007 г., мэтадам «face-to-face interview» апытана 1 474 чалавекі ў веку 18 гадоў і старэй, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 3 %.

2 Манаев, О. Т. Трансформация электората // Президентские выборы в Беларуси: от ограниченной демократии к неограниченному авторитаризму (1994—2006). Новосибирск, 2006. С. 46.

3 Нацыянальнае апытаньне ладзілася ў верасьні 2005 г., мэтадам «face-to-face interview» апытана 1 504 чалавекі ў веку 18 гадоў і старэй, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 3 %.

   
Сацыёлягі канстатуюць, што 78,8 % рэспандэнтаў ня здолелі сфармуляваць свайго стаўленьня да апазыцыйных кампаній (гл. табл. 2).

Табліца 2.
Калі вы знаёмыя з кампаніямі «Салідарнасьць»
ці «За свабоду!», то як да іх ставіцеся?5
Варыянт адказу %
Падтрымліваю 10,0
Абыякава 8,6
Не падтрымліваю 2,6
Няма адказу 78,8

Толькі 10 % апытаных выказалі падтрымку абвешчаным апазыцыйным кампаніям, якія ладзіліся апошнім часам. Гэта амаль на палову менш за колькасьць грамадзянаў, якія знаёмыя зь сябрамі партый (17 %). Такім чынам, палітычныя партыі ў мясцовых выбарах наўрад ці здолелі паказаць сябе нават з гледзішча правядзеньня інфармацыйнай працы.

І апошняе. Агульным пунктам незалежнай аналітыкі ёсьць сьцьверджаньне, што гэтыя мясцовыя выбары аказаліся яшчэ менш дэмакратычнымі і што ўлады здолелі арганізаваць праходжаньне ў Саветы выключна ляяльных да сябе дэпутатаў. У грамадзянаў жа склалася іншае ўражаньне.

Табліца 3. За якога кандыдата Вы прагаласавалі?6
Варыянт адказу %
За кандыдата — прыхільніка А. Лукашэнкі 37,9
За кандыдата — праціўніка А. Лукашэнкі 5,0
За іншага кандыдата 8,9
Ня ўдзельнічаў у галасаваньні 34,4

Адсотак тых, хто прызнаўся ў падтрымцы праўладных кандыдатаў, прыкладна адпавядае ўзроўню жорсткай падтрымкі кіроўнага рэжыму, але значна меншы за рэйтынг А. Лукашэнкі (50,9 %). Але 5 %, якія паведамілі пра сваё галасаваньне за апазыцыйных кандыдатаў, былі ўведзеныя ў зман — столькі праціўнікаў А. Лукашэнкі нават не балятаваліся ў дэпутаты. Можна разважаць, наколькі гэтыя сацыялягічныя дадзеныя сьведчаць пра пераразьмеркаваньне галасоў выбарчымі камісіямі (пры ацэнцы малых лічбаў 3 % рэпрэзэнтацыйнай памылкі пазбаўляюць сэнсу гэтае разважаньне), але выбаршчыкі ня ўбачылі адсутнасьці апазыцыі ў выбарчых бюлетэнях, а гэта яскрава сьведчыць пра тое, што апанэнты кіроўнага рэжыму ня здолелі данесьці нават такой інфармацыі да сваіх прыхільнікаў.

ВЫСНОВЫ

1. Апазыцыя не была адзінай падчас электаральнай кампаніі.

2. Байкот мясцовых выбараў не атрымаўся, але й рэальнай кампаніі за байкот не праводзілася.

3. Фактычна адсутнічала назіраньне.

4. Для шырокай апазыцыі падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сілаў аказалася больш цікавым заняткам, чым удзел у мясцовых выбарах або выкарыстаньне электаральнай кампаніі для камунікацыі з насельніцтвам.

5. Удзел апазыцыі ў выбарах безь вядзеньня абяцанага правядзеньня адзінай шырокамаштабнай палітычнай кампаніі як прамога працягу прэзыдэнцкіх выбараў прывёў да частковай легітымізацыі выбараў (нягледзячы на выказваньні апазыцыйных лідэраў, што гэта ня выбары, бо насельніцтва пра гэта не даведалася), а сьціплая магчымасьць агітацыі, якая мусіла б выступаць у ролі сродку дасягненьня нейкай мэты, для апазыцыйных кандыдатаў замяніла мэту.

6. Апазыцыя фактычна адмовілася ад арганізацыі і правядзеньня масавых акцый пратэсту супраць мадэляваньня вынікаў галасаваньня ў Менску і ў рэгіёнах і толькі адзінкі аспрэчвалі вынікі ў судовым парадку.

7. Апазыцыя ня здолела выкарыстаць слабасьці кіроўнага рэжыму падчас спрэчак па пастаўках энэрганосьбітаў з Расеяй і не паставіла пытаньня аб вядзеньні рэжымам адказнай палітыкі ў гэтай галіне.

8. Падчас кампаніі на актывістаў апазыцыі рабіўся ціск, яны траплялі пад рэпрэсіі, аднак АДС ня здолелі ня толькі абараніць сваіх людзей, але й зрабіць іхную ахвяру абгрунтаванай нейкімі палітычнымі дывідэндамі.

9. Апазыцыя прадэманстравала крызіс у сваім асяродку, палітычную барацьбу паміж старшынём АДС і ягонымі суб’ектамі.

  4 Нацыянальнае апытаньне ладзілася ў лютым 2006 г., мэтадам «face-to-face interview» апытана 1 430 чалавек у веку 18 гадоў і старэй, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 3 %.

5 Нацыянальнае апытаньне ладзілася напрыканцы студзеня 2007 г., мэтадам «face-to-face interview» апытана 1 474 чалавекі ў веку 18 гадоў і старэй, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 3 %.

6 Тамсама.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/05/17