A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова

 


 

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Бэтонныя агароджы зь сьлядамі ад куляў

Прапанова паехаць на тыдзень у Інгушэтыю прыйшла для мяне зьнянацку. Як і шматлікія іншыя нечаканасьці ў жыцьці, гэтая пачалася з тэлефанаваньня: «Паехалі праводзіць школу па правах чалавека ў Інгушэтыю». Паехалі, no problem. Напэўна, так вырашаюць запісацца ў Францускі замежны легіён.

Нашыя калегі з паўночнакаўкаскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня «Мэмарыял» задумалі зладзіць дзьве школы па правах чалавека ў Назрані: адну для чачэнскай моладзі, а другую для выкладчыкаў чачэнскіх ВНУ. Нас запрасілі як трэнэраў разам з выкладчыкамі з Нарвэгіі.

ІНГУШЭТЫЯ

Зь Менску мы ехалі цягніком да Масквы, адтуль да сталіцы Паўночнай Асэтыі Ўладзікаўказу ляцець дзьве з паловай гадзіны. Набыты ў аэрапорце Дамадзедава раман расейскага ЖЖ-сэнсэя Сяргея Мінаева «Духless» на столькі і разьлічаны, а жанр твору можна вызначыць як крытычны глямур, звычайны цяпер для маскоўскага капіталістычна-барыжнага стылю.

Ва Ўладзікаўказе нас сустракае Басаеў. Праўда, не Шаміль, а толькі Казбэк — фотажурналіст France-Presse на паўночнакаўкаскі рэгіён. Ён тлумачыць, што, апроч журналістаў і сілавікоў, з Асэтыі ў Назрань амаль ніхто ня езьдзіць — пасьля бэсланскай трагедыі 2004 г. стасункі паміж асэтынамі і інгушамі вельмі напружаныя, шмат людзей зьнікае бязь сьледу на тэрыторыі суседняй рэспублікі. Так што нам пашанцавала, і дзякуючы журналісцкай дапамозе мы даяжджаем да сталіцы Інгушэтыі Назрані без прыгодаў. У дарозе найбольш уражвае першы пабачаны блёк-пост, а таксама агульная занядбанасьць краю.

Звычайна, як прыяжджаеш у якую краіну і заводзіш размову пра Беларусь, даводзіцца шмат тлумачыць пра маладосьць нашай дзяржаўнасьці, пра тое, што мы толькі пачынаем сваю палітычную гісторыю. Інгушы падобнага аргумэнту не пракаўтнуць — іхная дзяржаўнасьць яшчэ маладзейшая за нашую. Рэспубліка Інгушэтыя ўтварылася толькі 4 чэрвеня 1992 г. — раней інгушы былі ў складзе Чачэна-Інгускай рэспублікі на правах «малодшага брата» ў параўнаньні з чачэнцамі. Цяпер Інгушэтыя — самы малы паводле тэрыторыі суб’ект Расейскай Фэдэрацыі. Гэты маленькі народ мае ўласную дзяржаўнасьць толькі дзесяць гадоў, але, зь іншага боку, інгушы ўсяляк падкрэсьліваюць свае шматвекавыя традыцыі. Напрыклад, любяць распавядаць, як яны трымаліся традыцыйнай рэлігіі і не прымалі ісламу — маўляў, мы не прымалі навамоднага веравызнаньня «праз кінжал» (г. зн. ад татарскіх ды турэцкіх заваёўнікаў), а прынялі толькі «праз кій» (то бок ад чачэнскіх прапаведнікаў і місіянэраў).

Саманазоў інгушоў — галгай — «будаўнікі». Кажуць, што паходзіць ён ад традыцыйнага стылю інгускай архітэктуры — абарончых вежаў. Для інгушоў гэтыя вежы — унівэрсальны нацыянальны сымбаль, яны выяўленыя і на гербе сучаснай рэспублікі.

Калі мы папрасілі зладзіць нам на выходны дзень нейкую экскурсію, арганізатары глыбока задумаліся. Звычайная прынада для наведнікаў тут адна — горы і тое, што ў гарах: вежы, прырода, шашлык. Шмат хто наракае на ўзмацненьне памежнага рэжыму — у некаторыя маляўнічыя горныя раёны цяпер так проста ня трапіш. Горы сапраўды прыгожыя, але што яшчэ паказаць цікаўнаму турысту? Кажуць, апроч кірмашу, глядзець у Назрані няма на што. Але вырашаем ад экскурсіі не адмаўляцца. Абіраем маршрут: горад Магас, Музэй рэпрэсаваных народаў, сьвятая для мусульманаў крыніца, мясцовы офіс «Мэмарыялу».

МАГАС

Пры абвяшчэньні Інгускай Рэспублікі сталіцай абралі проста самае вялікае сяло ў краіне, і ў выніку ўзбуйненьня і пашырэньня Назрані цяпер у горадзе жыве 130 тысячаў жыхароў. Але ў 2000 г. інгушы вырашылі скарыстацца з досьведу бразыльцаў і казахаў, якія наноў збудавалі свае сталіцы. Цэнтар улады перанесьлі ў спэцыяльна пабудаваны горад Магас, што ў 4 кілямэтрах ад Назрані. Адчуваецца, што рабілася гэта не ў апошнюю чаргу зь меркаваньняў бясьпекі — на ўезьдзе ў Магас стаіць блёк-пост, дзе міліцыянты перапісваюць нумары ўсіх аўтамабіляў і пытаюцца пра мэту візыту ў Магас. Заяўлены намі «агляд славутасьцяў гораду» выклікае ў службоўцаў нейкае падозраньне, яны доўга перамаўляюцца па радыё з начальствам. Турысты — нязвыклы зьвер у гэтых мясьцінах.

Кажуць, Магас па-інгуску значыць Горад-Сонца, што выклікае сумныя асацыяцыі з Тамазам Кампанэлам. Сапраўды, краявід тут трохі дзіўны: горад складаецца з комплексу пампэзных адміністрацыйных будынкаў, якія глядзяць на засыпанае сьнегам плято, што ўпіраецца ў ланцуг гораў. Калі не лічыць міліцыянтаў, людзей на вуліцах няма зусім. Пад пахмурным зімовым небам засьнежаная раўніна і пусты горад выглядаюць, як дэкарацыі да фільму-катастрофы. Зрэшты, чаго дзіўнага — у сталіцы Інгушэтыі на 2005 г. быў прапісаны 301 жыхар.

Але нашая каманда добра пачуваецца ў гэткіх дэкарацыях. Трэба чуць, зь якім гонарам студэнты адказваюць на пытаньне міліцыянта: «Адкуль вы?» — «Чачэнія, Грозны». Перад самым палацам прэзыдэнта распачынаецца маштабная бітва ў сьнежкі. Калі б прэзыдэнт Інгушэтыі цяпер зірнуў у вакно, то, напэўна, усьцешыўся, як весела ды файна бавіць час інгуская моладзь.

Дарэчы, прэзыдэнт Мурат Зязікаў не чужы нам чалавек. Генэрал-лейтэнант ФСБ скончыў у 1984 г. курсы КГБ у Менску. Ці ёсьць пытаньні? Навуковыя зацікаўленьні названага кагэбіста палягаюць у галіне этнапалітыкі, асабліва яму блізкія канцэпты нацыянальных культураў народаў Паўночнага Каўказу.

Матэрыялы мясцовых мэдыяў пра свайго прэзыдэнта маюць звыклы для беларускага назіральніка фармат: «Новая школа жителям селения Хьули — подарок от Президента Ингушетии». Ранейшы прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў не хаваў сымпатыі да свайго калегі генэрала Джахара Дудаева.

Каля сьвятой крыніцы спыняемся. Нам прапануюць пакаштаваць вады, настойліва пераконваюць, што яна вылечвае ўсе хваробы. Адмаўляюся, сам не разумеючы, чаму...

Паводле перапісу, у Інгушэтыі беларусы складаюць 0,0049% насельніцтва. Тут жывуць 23 нашыя суайчыньнікі, але ні з кім зь іх сустрэцца не давялося.

Заяжджаем у музэй рэпрэсаваных народаў, што месьціцца ў Мэмарыяле, пабудаваным у памяць пра высяленьне інгушоў у Казахстан у 1944 г. Формаю ён адпавядае традыцыйным інгускім вежам. У сярэдзіне сабраныя сьведчаньні ня толькі пра дэпартацыю інгушоў, але і пра лёс іншых выселеных народаў.

ЧАЧЭНЦЫ

І інгушы, і чачэнцы належаць да вайнахаў. Кажуць, іхні легендарны продак насіў імя Каўкас. У саміх народаў існуюць розныя легенды пра ўласнае паходжаньне. Аднак сучасная навука выводзіць іхныя карані аднекуль з Мэсапатаміі.

Шкада, што мы не змаглі трапіць у Чачэнію. Кожны слухач школы ўвесь час запрашае ў Грозьненскі ўнівэрсытэт, кажа, як цяпер бясьпечна і прыгожа стала ў адноўленым Грозным. Запытваюся, ці называе хто горад «Джахар», як яго перайменавалі за Яндарбіевым. Адказваюць: не.

Сама аўдыторыя з прадстаўнікоў нохчыйч’о (саманазоў чачэнцаў) выклікае досыць дзіўнае ўражаньне. У іх перадусім заўважаюцца гонар за свой народ і пачуцьцё годнасьці. Яны ўсяляк падкрэсьліваюць сваю свабоду, з мабільнікаў (пераважна — модных мадэляў) гучаць бунтарскія сьпевы Цімура Муцураева. Але адначасова яны носяць майкі з сымболікай ЛДПР і «Адзінай Расеі», колеры расейскага сьцяга. Тлумачыцца гэта проста: паўсюль на Паўночным Каўказе і асабліва ў Чачэніі расейскія ўлады вядуць маштабную палітычную кампанію, каб заахвоціць моладзь да расейскага патрыятызму. Ідзе змаганьне за маладыя душы, якое падтрымлівае сёньняшняя прарасейская адміністрацыя прэм’ера Рамзана Кадырава. Ва ўсіх унівэрсытэтах і тэхнікумах ствараюцца прапуцінскія грамадзкія аб’яднаньні, якія праводзяць прапагандысцкую працу сярод моладзі.

Расейскія ўлады ў Чачэніі абапіраюцца на ляяльную частку мясцовай эліты, падтрымліваюць паноўныя тэйпы, не патрабуючы зашмат наўзамен. Па сутнасьці сёньняшняя сыстэма ўлады ў Чачэніі будуецца на дамове паміж імпэрскім цэнтрам і кампрадорскай мясцовай элітай, а ўстойлівасьць гэтага пакту грунтуецца на стомленасьці насельніцтва ад дванаццацігадовага бязладзьдзя й вайны.

Чачэніяй цяпер кіруюць кадыраўцы. Былога муфтыя Ічкерыі Ахмата Кадырава паставілі тут расейскім намесьнікам пасьля другой чачэнскай вайны. У 2003 г. ён сабраў 82 % галасоў выбарцаў. Расейцы зразумелі: разьбіць Ічкерыю можна толькі абапёршыся на частку яе эліты — і зрабілі стаўку на не заўважанага ў вайсковых справах Ахмата Кадырава, які карыстаўся пэўным палітычным аўтарытэтам. Але пасьля гібелі Ахмата Кадырава фактычна рэспублікай кіруе ягоны малодшы сын Рамзан Кадыраў. Яму падпарадкоўваюцца ўсе сілавыя структуры рэспублікі (зразумела, апроч фэдэральных сілаў). Трыццацігадовы Рамзан Кадыраў узначальвае мясцовую філію партыі «Адзіная Расея» і таксама кантралюе парлямэнт.

Вось па мясцовым тэлебачаньні паказваюць сьвяткаваньне Новага году ў Грозным. Упершыню за шмат гадоў у цэнтры гораду паставілі сцэну і зладзілі сьвяточны канцэрт. Выхад на сцэну Рамзана (а яго ўсе так і завуць — проста Рамзан) сустракаюць авацыямі. Прэм’ер вітае даволі нешматлікую публіку (кажуць, каб пазьбегнуць тэрактаў, пра канцэрт наперад не абвяшчалі), сьпявае і танчыць разам з нашай суайчыньніцай сьпявачкай Падольскай. Недзе я гэтыя сцэны ўжо бачыў… Аўтарытарныя рэжымы падобныя… Паўсюль у кадар трапляюць чырвона-зялёныя сьцягі Чачэніі з партрэтам Рамзана а-ля Чэ Гевара.

Асьцярожна пытаюся, які час у найноўшай гісторыі чачэнскага народу быў найлепшым. Усе кажуць, што цяпер мірнае жыцьцё і інвэстыцыі з фэдэральнага цэнтру спрыяюць аднаўленьню краю. Заўважаюць, што зьнікненьняў, катаваньняў і тэрактаў стала значна менш, усталяваўся парадак. Пра часы Дудаева добрага асабліва ня кажуць, хоць сам генэрал застаецца бясспрэчным героем чачэнскага народу. Нечакана высьвятляецца, што ключавым момантам у найноўшай чачэнскай гісторыі стаўся Хасаўюрт, дамова паміж расейскім генэралам Лебедзем і лідэрам Ічкерыі Масхадавым. Тады ў чачэнцаў зьявіўся шанец усталяваць нармальнае жыцьцё.

ЗЯМЛЯ І ІМПЭРЫЯ

У гарах зямлі на ўсіх не хапае. Возера ў цэнтры Назрані сымбалічна сьведчыць пра зямельнае пытаньне. Мы захацелі абыйсьці яго наўкола, але не змаглі: з двух бакоў да берагу не падступіцца, каля яго збудаваныя прыватныя дамы. Зямля тут — дэфіцыт.

Спрэчку паміж асэтынамі і інгушамі за тэрыторыю Прыгараднага раёну справакавала савецкая палітыка правядзеньня межаў, а таксама наступствы дэпартацыі народаў за сталінскім часам. У 1990 г. падчас актыўнай фазы канфлікту загінула больш за 600 чалавек, больш за 900 атрымалі раненьні, 30 тыс. інгушоў з Прыгараднага раёну ўцяклі з Паўночнай Асэтыі. На гэтую спрэчку наклалася гекатомба Бэслану, якая крывавай рысай падзяліла мусульманскую Інгушэтыю, адкуль быццам прыехалі баевікі, і хрысьціянскую Паўночную Асэтыю, якая сталася ахвярай.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Чачэніяй і Інгушэтыяй вядзецца за Сунжанскі раён, які па распадзе Чачэна-Інгускай АССР кожная з рэспублік палічыла сваім. У момант падзелу ў 1992 г. у Сунжанскім раёне склалася двоеўладзьдзе, утварыліся асобныя інгуская і чачэнская адміністрацыі, якім падпарадкоўваліся тэрыторыі, населеныя, адпаведна, інгушамі і чачэнцамі. Цяпер, з замірэньнем Чачэніі, імпэрскі цэнтар схіляе інгушоў і чачэнцаў аб’яднацца ў адзіную вайнаскую рэспубліку. Але мясцовыя эліты скептычна глядзяць на такі праект.

Хоць на мапах Расеі пазначаная мяжа Інгушэтыі з Кабардына-Балкарыяй, але насамрэч гэтыя суб’екты паміж сабою не мяжуюць. Інгушэтыю ад Кабардына-Балкарыі аддзяляе вельмі вузкі лапік зямлі, дзе месьціцца сяло з асэтынскай назвай Хурыкаў і пераважна інгускім насельніцтвам. Фармальна гэты кавалачак належыць Паўночнай Асэтыі.

Інгуская Рэспубліка дасюль ня мае вызначаных межаў. Нават на палітычнай мапе Паўночнага Каўказу, выдадзенай у Назрані, мяжа Інгушэтыі з Чачэніяй не пазначаная, а мяжа з Асэтыяй хоць і пазначаная, але з адмысловым камэнтаром, што тэрыторыя спрэчная.

Расея асуджаная на распад. Калі паміж дзьвюма часткамі фэдэрацыі захоўваецца лятэнтны канфлікт, калі людзі баяцца езьдзіць з адной тэрытарыяльнай адзінкі ў іншую, калі адміністрацыйная мяжа ахоўваецца вайскоўцамі ў рознай форме, калі чачэнскія сілавыя структуры няспынна выкрадаюць людзей і мясцовая пракуратура пад ціскам фэдэральнага цэнтру нічога ня ў стане зрабіць — такая дзяржава ня можа быць адзінай.

ШКОЛА

Мы праводзім праваабарончую школу. Пытаньне, ці рабіць перапынак у занятках падчас намазу, вырашаецца адмоўна. Але некаторыя настаўнікі і адна дзяўчына атрымліваюць дазвол пакідаць заняткі на намаз.

Іслам не замінае выпускнікам і піць шампанскае з нагоды атрыманьня дыплёму. Але перакладчыца адмаўляецца перакладаць з ангельскай пытаньні пра правы прастытутак і гомасэксуалізм — нашым нарвэскім калегам даводзіцца карэктаваць зьмест заняткаў. Шмат дыскутуем наконт стану правоў чалавека ў Чачэніі. Моладзь крытычна ацэньвае сытуацыю, але ўвесь час адзначае пазытыўныя тэндэнцыі. Група настаўнікаў, падаецца, глядзіць на рэчы зь меншым аптымізмам.

У гатэлі вісіць плякат: «Што рабіць, калі вас узялі ў закладнікі». Фатаграфуемся на фоне ўзброенай аховы, якая бавіць час у фае зь неахайна кінутымі на стойку аўтаматамі. З жартам прыгадваем славуты фатаздымак экіпіраванага, як баявіка, сябра чэскай праваабарончай арганізацыі «Чалавек у нядолі», які неаднаразова дэманстраваўся на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні як сапраўднае аблічча праваабарончага руху.

У моладзевай групе толькі дзьве дзяўчыны з Грознага. Кажуць, адпускаць дзяўчыну адну ў іншы горад у мясцовай культуры не прынята. Школу наведвае яшчэ адна дзяўчына — зь ліку чачэнскіх уцекачоў у Інгушэтыі.

Падчас практыкаваньня «Дыялёг» прапануем вучням пагадзіцца альбо не пагадзіцца з выказваньнем: «Мужчыны і жанчыны карыстаюцца роўнымі правамі ў Чачэніі». Усе згодныя з гэтым сьцьверджаньнем — мы, госьці зь Беларусі, застаемся ў адзіноце. Спрабуем тлумачыць сваю пазыцыю праз пытаньні: колькі нерухомасьці знаходзіцца ў руках жанчын? Колькі ў сярэднім зарабляюць жанчына і мужчына? Колькі жанчынаў ва ўрадзе? Ці практыкуюцца нядобраахвотныя шлюбы і выкраданьне нявестаў? Колькі мужоў можа мець жанчына і колькі жонак можа мець мужчына? Які парадак разводу? З кім у выпадку разводу застаецца дзіця? Адказы на ўсе гэтыя пытаньні, як і можна было прадказаць, сьведчаць на нашую карысьць, але амаль ніхто з апанэнтаў не мяняе меркаваньня. Толькі адзін хлопчык перайшоў на наш бок. Звычка не мяняць свайго меркаваньня захоўваецца і далей — у гэтым праяўляецца чачэнскі характар.

Дзяўчаты абавязкова носяць спадніцы. Заўважаю, што чачэнкі больш схільныя да зусім чорнага колеру ў адзеньні, а інгушкі дазваляюць сабе больш зыркія колеры. Гэта знак апошняга дзесяцігодзьдзя: амаль усе чачэнскія сем’і былі ў жалобе па пагіблых сваяках. Гуляючы па Назрані, мы ва ўсім горадзе заўважылі толькі адну дзяўчынку ў джынсах. Зразумела, яна была «ня з нашага раёну»…

Мясцовым дзяўчатам, як нам сказалі, нельга танчыць нічога, апроч традыцыйнай лезгінкі. Але ж у гэтым вузкім жанры яны на вышыні! Зь іншага боку, хлопцам дазволеныя заходнія танцы, але лезгінка ім, бясспрэчна, бліжэйшая. Пара танчыць звычайна ў цэнтры, а гурток абступае яе колам і пляскае ў ладкі ў такт музыцы.

БЭСЛАН

Школа сканчаецца, і перад намі зноўку паўстае пытаньне, як даехаць да аэрапорту ва Ўладзікаўказе. Ніхто з таксістаў не пагаджаецца везьці пасажыраў у суседнюю рэспубліку. Кажуць, што могуць падкінуць да блёк-посту паміж Інгушэтыяй і Асэтыяй, а там можна выклікаць асэтынскую машыну. Але на дапамогу зноў прыходзіць Казбэк Басаеў — ён вольны ў гэты дзень і згодны давезьці нас да аэрапорту. Па дарозе бачым найбуйнейшы гарэлачны завод у Расеі. Вязем на радзіму знаёмцам знакамітую бэсланскую гарэлку.

Чарговы блёк-пост. Просяць паказаць дакумэнты і пытаюцца пра мэту знаходжаньня ў Інгушэтыі. «Гэта журналісты», — кажа Казбэк, і ягоныя словы маюць вагу. Патрабуюць расейскую візу. Даводзіцца тлумачыць, што паміж нашымі краінамі існуе бязьвізавы рэжым і ўвогуле мы знаходзімся на тэрыторыі гэтак званай «саюзнай дзяржавы». Але іроніі не разумеюць — ды і гучыць яна недарэчна перад бэтоннымі агароджамі зь сьлядамі ад куляў.

Вырашаем заехаць на месца бэсланскай трагедыі. Бэслан — гэта найбліжэйшы прыгарад Уладзікаўказу. У мясцовай школе ў 2004 г. узялі ў закладнікі сотні дзяцей, якія пасьля загінулі падчас штурму. Адна з самых жудасных трагедыяў у найноўшай расейскай гісторыі, адзін з найбольш крывавых і бесчалавечных тэрактаў у сьвеце.

Пад’яжджаем па вуліцы Камінтэрну да школы, якая месьціцца пасярод раёну адна- і двухпавярховай забудовы. Побач пяціпавярховы дом — паводле адной з вэрсіяў, менавіта адтуль прагучаў правакацыйны стрэл, які і стаўся casus belli для штурму. Руіны прыбудовы школьнай спартзалі пакрытыя шкляным копулам. Ніякага адмысловага мэмарыялу няма — рэшткі з чырвонай цэглы гавораць самі за сябе. Надзіва, астатняя частка школьнай будыніны ацалела, хоць дзьверы і вокны пазабіваныя. Паўсюль спачувальныя надпісы. Унутры каркасу спартзалі на сьценах прымацаваныя сотні партрэтаў пагіблых дзяцей. Пасярэдзіне — драўляны крыж, які дамінуе ў прасторы пад копулам. Паўсюль кветкі і плястыкавыя бутэлькі з вадой — закладнікам не давалі піць, яны жудасна пакутавалі ад нястачы вадкасьці.

Мая спадарожніца плача. Моўчкі сядаем у машыну і даяжджаем да аэрапорту.

ДАДОМУ

Традыцыя гасьціннасьці ў вайнахаў — х’ёшал — уключае і падарункі ў дарогу. Вязем дадому чачэнскую халву, асэтынскую гарэлку, інгускія хусткі. Маем і што пачытаць у самалёце — падораны раман — «энцыкляпэдыю жыцьця інгускага народу» клясыка інгускае літаратуры Ідрыса Базоркіна «Зь цемры стагодзьдзяў» і яшчэ прыгожы альбом з гісторыі інгускай культуры.

Аэрапорт. Кідаюцца ў вочы дзяўчаты ў джынсах — амаль Эўропа. Знаёмімся з прадстаўнікамі мясцовай апазыцыі — сябра мясцовага дэмакратычнага руху едзе ў Маскву на сустрэчу з Гары Каспаравым.

Нехта са службы бясьпекі аэрапорту цікавіцца мэтаю майго знаходжаньня «тут» і просіць камандзіровачнае пасьведчаньне. Зноў даводзіцца тлумачыць пра бязьвізавы рэжым паміж Расеяй і Беларусьсю.

Нарэшце вылятаем. У Маскве маем некалькі гадзінаў. На Беларускім вакзале спрабуем знайсьці кнігі Фядуты ды Калінкінай з Шараметам — але няма, мабыць, ня там шукаем. Ля вагону чуем знаёмыя фразы пра нафтавыя мыты, газавыя дамовы і лёс расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Паступова вяртаемся да беларускай рэчаіснасьці.

Але і па прыезьдзе міжволі шукаю ў Інтэрнэце навіны з Інгушэтыі. Вось на наступны дзень пасьля нашага ад’езду зьдзейсьнены замах на муфтыя Інгушэтыі. Сам муфтый і ягоны сын шпіталізаваныя. Празь дзень у пяціпавярховіку блякаваныя некалькі «баевікоў» — пасьля працяглай аблогі адзін зь іх узарваў сябе гранатай.

Вось так яно…

  палітоляг, праваабаронца ў галіне свабоды асацыяцыяў і правоў няўрадавых арганізацыяў, сябра Сойму Партыі БНФ.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/05/19