A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АНДРЭЙ КАЗАКЕВIЧ | ||||
Мясцовыя выбары 2007: з пазіцыі ўлады
Кампанія 2007 г. з’яўлялася непразрыстай і мала актыўнай, таму яе аналіз мэтазгодна праводзіць у гістарычнай перспектыве і асабліва ў параўнанні з 2003 г. Сучасная беларуская выбарчая мадэль (палітычная сістэма ўвогуле) пачала фармавацца ў 2001 г. і канчаткова сфармавалася да 2004 г. Менавіта таму выбары 2003 і 2007 гг. вельмі падобныя і ў той самы час маюць істотныя адрозненні адвыбараў 1999 г. (і тым больш 1990, 1995 гг.), якія праходзілі ў іншую палітычную эпоху. Такім чынам, параўнанне 2003 і 2007 гг. дае магчымасць прааналізаваць наяўнасць/адсутнасць істотных зменаў у палітычным працэсе.
Уладная канцэпцыя значэння і характару мясцовых выбараў у 2007 г. не змянілася і была накіраваная на захаванне іх гамагеннага характару, дамінаванне ўласных кандыдатаў, фіксаваныя спісы якіх былі зацверджаныя да выбараў. Эпізадычныя заявы прадстаўнікоў улады пра магчымасць змены канцэпцыі, яе пэўную дэмакратызацыю і пашырэнне прадстаўніцтва апазіцыі ў мясцовых саветах (вясна 2006 г.) не знайшлі нават частковага ажыццяўлення. Гэта датычыла як традыцыйнае, так і «канструктыўнае» апазіцыі, якая так і не аформілася як структураваная адзінка. Прысутнасць традыцыйнае апазіцыі ў мясцовых саветах яшчэ больш зменшылася. Улічваючы адсутнасць выразнае канкурэнцыі з боку палітычнае апазіцыі і зніжэнне ўнутранае канкурэнцыі за месцы, асноўнымі задачамі ўладаў на выбарах (якія і вызначылі іхную логіку) стала зніжэнне фінансавых выдаткаў на іх правядзенне і ўдасканаленне тэхнічнага боку арганізацыі: адбор дэпутатаў, павышэнне эфектыўнасці іх перадвыбарчае агітацыі, кантакту з насельніцтвам і г. д. Кампанія праходзіла ва ўмовах далейшае кансалідацыі аўтарытарнага рэжыму без тэндэнцыяў да дэмакратызацыі і павышэння адкрытасці. Умовы для дзейнасці апазіцыі былі яшчэ больш вузкія, чым у мінулых кампаніях, а самі апазіцыйныя структуры выглядалі аслабленымі ў тым ліку і ў кантэксце матывацыі. Пошук матывацыі стаў крытычнай палітычнай задачай. Змаганне за дэпутацкія мандаты ў мясцовых саветах ва ўмовах сучаснай арганізацыі выбарчага працэсу было для большасці кандыдатаў абсалютна бессэнсоўным. Іншыя задачы — інфармаванне насельніцтва, выхад на публічны ўзровень, кар’ера ў апазіцыйных структурах і г. д. — таксама выглядалі сумнеўнымі (прадметам гэтага артыкула ёсць апісанне вынікаў выбараў, таму мы не будзем спыняцца на аналізе сітуацыі ў асяродку беларускае апазіцыі). Акрамя гэтага, кампанія праходзіла ва ўмовах адкрытага энергетычнага і нафтавага канфлікту паміж Беларусяй і Расіяй, які адцягваў увагу як выбаршчыкаў, так і ўлады, пакідаючы выбары на перыферыі. Магчыма, гэтым можна патлумачыць малаактыўную мабілізацыйную кампанію, якую праводзілі ўлады ў 2007 г., што нетыпова ў кантэксце мінулых выбараў. Такім чынам, кампанія па выбарах у мясцовыя саветы 2007 г. стала малазаўважнаю і мінімальным чынам паўплывала на палітызацыю і мабілізацыю насельніцтва і, адпаведна, патрабавала мінімальных высілкаў з боку выканаўчых структураў.
I. ЗМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕВыбары 2007 г. праходзілі з улікам паправак у выбарчае заканадаўства, якія ўступілі ў дзеянне 10 кастрычніка 2006 г. Змены прадугледжвалі пераход ад мажарытарнай сістэмы абсалютнай большасці да сістэмы адноснай большасці. Папраўка, відавочна, мела на мэце спрашчэнне працэдуры выбараў і прадухіленне другога тура (у 2003 г. другі тур праходзіў у 202 акругах). Галоўным аргументам з боку Парламенту і Цэнтральнае камісіі па выбарах была эканомія фінансавых сродкаў. Пры гэтым называлася лічба магчымае эканоміі — каля 6 мільярдаў рублёў. Істотнага ўплыву (улічваючы кантроль і адсутнасць альтэрнатывы) папраўка на хаду і вынік выбараў не мела. Дакладных дадзеных пра колькасць акругаў, у якіх мог быць праведзены другі тур, пакуль няма, але такіх акругаў было, відавочна, значна меней, чым у 2003 г.Акрамя ўвядзення сістэмы адноснае большасці, папраўкі ўтрымлівалі і іншыя змены ў арганізацыі выбарчага працэсу. Галоўным чынам яны фіксавалі дадатковыя абмежаванні на вядзенне перадвыбарчае агітацыі. У прыватнасці, ускладненне працэдуры сустрэчы з выбаршчыкамі, забарона на выданне па-за межамі краіны агітацыйнае прадукцыі і г. д. Папраўкі былі скіраваныя на ўдасканаленне механізмаў зніжэння эфектыўнасці работы альтэрнатыўных кандыдатаў, а часам цалкам паралізоўвалі іх працу ці ставілі перадвыбарчую актыўнасць па-за законам.
II. МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫСтатус і палітычнае значэнне мясцовых саветаў істотна не змяніліся. Пры гэтым захоўваецца вялікая розніца паміж фармальнымі функцыямі органаў мясцовага самакіравання, якія замацаваныя ў Канстытуцыі і нарматыўных актах, а таксама рэальнай практыкай.Асноўнай рэальнай функцыяй мясцовых саветаў застаецца зацвярджэнне (легітымацыя) рашэнняў выканаўчых структураў. Супярэчнасцяў паміж саветамі і выканкамамі практычна не бывае, пры гэтым першыя маюць другасную ролю ў вызначэнні мясцовае палітыкі. Акрамя гэтага, саветы з’яўляюцца органамі, дзе адбываецца прадстаўніцтва інтарэсаў рэгіянальных эканамічных і бюракратычных групаў, а таксама камунікацыя паміж імі. Да пэўнай ступені прадстаўніцтва ў мясцовых саветах дае магчымасць атрымоўваць інфармацыю пра прыняцце палітычных рашэнняў на рэгіянальным узроўні, а таксама лабіяваць інтарэсы (хоць і вельмі абмежавана). Да таго ж мясцовыя саветы можна разглядаць як структуры «палітычнага» рэкрутавання ў рэгіянальную эліту. Відаць па ўсім, нават такія абмежаваныя функцыі саветаў паступова адпадаюць і перадаюцца да выканаўчых структураў, і іх значэнне нават як месца камунікацыі пэўным чынам зніжаецца. Прыкметаю гэтага ёсць падзенне ўнутранае канкурэнцыі за дэпутацкія мандаты, што стала адметнасцю кампаніі 2007 г. З іншага боку зніжэнне канкурэнцыі ў большай ступені было звязанае з фармаваннем дакладных правілаў адбору будучых дэпутатаў. У 2007 г. згаданыя правілы мелі, відавочна, аформлены характар, і гэтым сітуацыя адрознівалася ад выбараў 2003 г., калі такія правілы толькі ствараліся.
Узбуйненне саветаў. За 2003—2006 гг. адбывалася ўзбуйненне і скарачэнне колькасці мясцовых саветаў. Гэты працэс адлюстроўвае змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі, якія ажыццяўляюцца з сярэдзіны 1990-х. Разам з аб’яднаннем адміністрацыйных адзінак адбываецца аб’яднанне адпаведных саветаў і выканкамаў, галоўным аргументам пераўладкавання звычайна называюць скарачэнне адміністрацыйных выдаткаў і спрашчэнне выканаўчага апарату. У параўнанні з 2003 г. колькасць саветаў скарацілася на 5,4 % (91 савет). Адпаведна скараціўся і агульны лік дэпутатаў мясцовых саветаў на 5,5 % (прыблізна 1300 чалавек). У 2003 г. краіна была падзеленая на 24 003 выбарчае акругі, выбары праводзіліся ў 1 672 мясцовыя саветы. У 2007 г. гэтыя лічбы склалі 22 661 і 1 581 адпаведна.
III. ВЫБАРЫКолькасць неабраных дэпутатаў у параўнанні з мінулымі кампаніямі была зведзеная да самага незаўважанага мінімуму. Гэта яшчэ адзін паказчык «эфектыўнасці» працы рэгіянальных выканаўчых структураў. У 2007 г. не было абрана толькі 0,1 % ад агульнага дэпутацкага корпусу (22 дэпутаты), у 2003 г. у 3 % акругаў выбары не мелі выніку. Такім чынам, працэдура абрання дэпутатаў мясцовых саветаў яшчэ больш тэхнічна адкшталтавалася (у тым ліку і ў сферы эканоміі фінансавых сродкаў), як і працэдура адбору кандыдатаў і іх зацвярджэнне праз выбары.Удзел у выбарах. Выбары 2007 г. сталі працягам прынцыпу дэманстрацыі высокае палітычнае мабілізацыі насельніцтва. Нават ва ўмовах відавочна нізкае рэальнае актыўнасці насельніцтва афіцыйныя дадзеныя паказваюць высокі ўзровень удзелу ў мясцовых выбарах (самы высокі за ўсю сучасную палітычную гісторыю). Павышэнне афіцыйных паказчыкаў удзелу дасягаецца, відаць па ўсім, праз маніпуляцыю са спісамі для галасавання, у якіх колькасць выбаршчыкаў была значна заніжаная. Акрамя гэтага, сваё значэнне мела практыка адміністрацыйнае мабілізацыі. Тым не менш, варта адзначыць адносную слабасць (у параўнанні з мінулымі кампаніямі) мабілізацыйнае кампаніі ўладаў. Улічваючы гэта, рэкордныя для мясцовых выбараў паказчыкі электаральнага ўдзелу выглядаюць дастаткова сумнеўнымі. Насамрэч актыўнасць выбаршчыкаў была відавочна нізкаю, але для яе рэальнае ацэнкі пакуль нестае сацыялагічных дадзеных. Паводле афіцыйных звестак, удзел у выбарах 2007 г. склаў 79,2 % (у 2003 г. — 73,4 %). Гэты паказчык ніжэйшы за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. і парламенцкіх выбарах 2004 г. (92,6 % і 90,26 %), але прыкладна супадае з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. — 82,5 %. Змяншэнне адміністрацыйнае мабілізацыі (магчыма, у выніку эканоміі сродкаў, магчыма, дзеля адцягнення ўвагі ў выніку энергетычнага канфлікту з Расіяй) і, адпаведна, штучнае завышэнне ўдзелу ў выбарах з’яўляюцца асноўнымі адметнасцямі кампаніі. Датэрміновае галасаванне. Датэрміновае галасаванне ўяўляе з сябе працэдуру, якая дэманструе значную дынаміку і рост свайго палітычнага значэння ва ўмовах афармлення сучаснае мадэлі аўтарытарнага рэжыму. Механізмы датэрміновага галасавання ў кампаніі 2007 г. былі рэалізаваныя ў звыклым рэжыме, паводле мадэлі, якая была аформленая падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 г. Афіцыйны ўзровень датэрміновага галасавання на выбарах 2007 г. быў дастаткова высокі (ён саступае толькі кампаніі 2006 г.). Паводле афіцыйных звестак, у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 24,9 % выбаршчыкаў. Для параўнання: у 2006 г. Цэнтральная камісія па выбарах абвясціла пра 31,3 % удзелу. На парламенцкіх выбарах 2004-га было 17,39 %, прэзідэнцкіх 2001-га і 1994-га — 14,6 % і 3,2 % адпаведна. Рэгіянальны аналіз узроўню датэрміновага галасавання на гэты раз таксама не дае нейкае ўстойлівае мадэлі электаральных паводзінаў. Гэта можа быць дадатковым сведчаннем на карысць гіпотэзы пра выпадковасць і штучнасць афіцыйных лічбаў удзелу, якія адлюстроўваюць сітуацыйную актыўнасць мясцовае вертыкалі, але не натуральныя паводзіны выбаршчыкаў. На выбарах 2007 г. самы нізкі ўзровень датэрміновага галасавання прадэманстраваў г. Мінск (16,7 %) і Магілёўская вобласць (18,9 %). Адпаведна, самы высокі назіраўся ў Гомельскай вобласці (30,7 %). Пры гэтым, напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў 2004 г. лідэрам быў Мінск (23,2 %), а апошняе месца належала Берасцейскай вобласці (12,46 % — розніца практычна ў два разы). У 2006-м лідэрам была Гарадзенская вобласць (33,8 %), Мінск апынуўся на апошнім месцы (27,1 %), пры гэтым Магілёўская вобласць была на трэцім месцы — 32,4 %. Палітычная канкурэнцыя. Палітычная канкурэнцыя паміж кандыдатамі на выбарах 2007 г. была самай нізкай за ўсю найноўшую гісторыю і склала 1,05 чалавек на месца (у 2003-м — 1,1 чалавек). Выбары мелі пераважна безальтэрнатыўны характар. Такая хада палітычнае кампаніі адпавядае логіцы сучаснага палітычнага працэсу і вызначаны, відавочна, двума асноўнымі фактарамі. Па-першае, гэта зніжэнне ўнутранае канкурэнцыі за дэпутацкія мандаты ў сістэме ўлады. Калі ў 2003 г. такая канкурэнцыя была дастаткова адчувальная, то ў 2007-м — зведзеная да мінімуму. Відавочна, адбываецца стабілізацыя працэдуры адбору кандыдатаў і фармаванне адпаведных спісаў, якія ўзгоднена складаюцца да выбараў. Магчыма, галоўным фактарам зніжэння ўнутранае канкурэнцыі стала кансалідаваная праца «ідэалагічнае» (палітычнае) вертыкалі, якая цэнтралізавала палітычныя функцыі на мясцовым узроўні. Па-другое, зніжэнне канкурэнцыі звязана з агульным змяншэннем актыўнасці апазіцыі і бесперспектыўнасці «незалежнага» вылучэння (як сродка прыцягнуць увагу ці публічнае кар’еры). Альтэрнатыўныя палітычныя практыкі на рэгіянальным узроўні былі канчаткова выціснутыя на перыферыю.
IV. ПАЛІТЫЧНАЯ СТРУКТУРА ДЭПУТАЦКАГА КОРПУСУПераймальнасць дэпутацкага корпусу практычна цалкам супадае з 2003 г., што дэманструе пэўную ўстойлівасць палітычнае структуры мясцовага кіравання (сацыяльная і дэмаграфічная структура пасля 2003 г. таксама практычна не змянілася — гл. ніжэй). Сярод абраных у 2007 г. дэпутатаў 51,2 % былі абраныя паўторна, у 2003 г. такіх было 52 %. Пры гэтым пераемнасць мясцовага дэпутацкага корпусу трохі вышэйшая за парламенцкую (каля 40 %).Партыйнае прадстаўніцтва. Найбольш цікавай тэндэнцыяй у кампаніі 2007 г. стала павышэнне партыйнага прадстаўніцтва. Пры гэтым колькасць прадстаўнікоў ад апазіцыйных партыяў скарацілася да адзінак: адзін ад АГП, каля двох ад БНФ, двох ад сацыял-дэмакратаў. Між тым рост партыйнага прадстаўніцтва вырас на 50 % (з 1 % ад агульнага складу дэпутацкага корпусу ў 2003-м да 1,5 % у 2007-м) — у абсалютных лічбах з 234 чалавек да 340. Асноўны рост прыпадае на лаяльную існаму рэжыму, але да нядаўняга часу малаактыўную Камуністычную партыю Беларусі — 299 дэпутатаў (што ва ўмовах беларускае партыйнае сістэмы высокі паказчык). Магчыма, актывізацыя партыйнай дзейнасці звязаная з дыскусіямі пра стварэнне адзінае «дзяржаўнае» партыі — ідэя, якая была агучаная ўвесну 2006 г. і абмяркоўвалася на працягу леташняга года. Асобныя прадстаўнікі кіраўнічае эліты разглядалі КПБ як магчымую аснову для такой партыі і выкарыстоўвалі мясцовыя выбары для павелічэння яе палітычнага і арганізацыйнага капіталу. Акрамя гэтага, паводле папярэдніх зьвестак, у структуры дэпутатаў мясцовых саветаў падвысілася прадстаўніцтва грамадскіх аб’яднанняў і іншых «карпарацыйных» структураў беларускае дзяржавы. Збольшага гэта выглядае лагічна, бо на іх ускладаюцца палітычныя і ідэалагічныя функцыі, акрамя таго, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітычнай канцэпцыяй, мясцовыя саветы з’яўляюцца часткаю беларускае «грамадзянскае супольнасці». Таму інтэграцыя дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў, карпаратыўных арганізацыяў і лаяльных палітычных партыяў выглядае дастаткова заканамерна.
V. САЦЫЯЛЬНАЯ І ДЭМАГРАФІЧНАЯ СТРУКТУРАСацыяльны і дэмаграфічны склад дэпутатаў мясцовых саветаў, якія былі абраныя ў 2007 г., практычна цалкам дублюе склад 2003-га. Ваганні адбыліся ў межах некалькіх адсоткаў.Колькасць жанчын складае амаль палову — 45,7 % (2007 г.) супраць 44,41 % (2003 г.), што неаднаразова абвяшчалася дасягненнем беларускае палітычнае мадэлі (і, адпаведна, вынікам мэтанакіраванае палітычнае інжынерыі). Пры гэтым удзельная вага жанчын большая за склад 1999 г. і значна большая за склад мясцовых саветаў, абраных у 1995-м. (Удзельная вага жанчын у сучасных мясцовых саветах параўнальная з савецкім перыядам, калі можна было назіраць практычна дакладны парытэт.) Пэўнай няўдачаю палітычнай інжынерыі можна лічыць падзенне прадстаўніцтва асобаў ва ўзросце да 30 гадоў з 7,2 % у 2003-м да 6,3 % у 2007-м. Гэта пры тым, што на нацыянальным узроўні неаднаразова казалі пра неабходнасць павялічыць іх прадстаўніцтва (у тым ліку і да 1/3). Прычынаю нізкага прадстаўніцтва можа быць рэальная адсутнасць падрыхтаваных і кваліфікаваных кадраў, кансерватыўнасць мясцовых элітаў. Магчыма, у пэўнай ступені, зніжэннем прывабнасці мясцовых саветаў з гледзішча кар’еры і лабіявання інтарэсаў (пры захаванні грамадскае нагрузкі). Што датычыць прафесійнай структуры, то ў параўнанні з 2003-м знізілася доля практычна ўсіх катэгорыяў. (Магчыма, гэта толькі адлюстроўвае змену методыкі падліку.) Прамысловасць і гандаль — з 16,3 % да 13,9 %, сельская гаспадарка — з 34,9 % да 28,3 %, адукацыя, асвета і навука — з 19,1 % да 16,5 % і нават дзяржаўныя службоўцы — з 14,8 % да 13,7 %. Нязначна вырасла прадстаўніцтва праваахоўных органаў (з 2,7 % да 3,2 %) і сістэмы аховы здароўя (з 8 % да 8,7 %). Пры гэтым значна змянілася доля «іншых» з 4,2 % да 16,3 %. Дакладную структуру «іншых» прасачыць пакуль дастаткова складана. Найбольш верагодным з’яўляецца значнае павышэнне вагі прадстаўнікоў «недзяржаўнага» сектару, а дакладней, так званых дзяржаўна-грамадскіх і карпарацыйных структураў.
VI. ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫНефармальныя функцыі мясцовых саветаў, відавочна, працягваюць звужацца, як і ўзровень іх уплыву на рэгіянальную палітыку. Адпаведна, зніжаецца значэнне дэпутацкіх мандатаў як механізму лабіявання рэгіянальных інтарэсаў ці палітычнае кар’еры.Улічваючы адсутнасць канкурэнтнае палітычнае сістэмы і кантроль над выбарчым працэсам з боку выканаўчых структураў, галоўнай задачай для выбараў 2007 г. было павышэнне іх тэхналагічнасці і зніжэнне фінансавых выдаткаў. Істотных зменаў (у параўнанні з 2003 г.) у структуры выбарчага працэсу і выніках выбараў не назіраецца (гэта пры тым, што адносіны і матывацыя апазіцыі да выбараў значна змяніліся). Кампаніі 2003 і 2007 гг. вельмі падобныя паміж сабою і вельмі адрозніваюцца ад 1999 г. і тым больш 1995 і 1990 гг. Кампанія праходзіла ва ўмовах нізкае палітычнае актыўнасці асноўных суб’ектаў, насельніцтва і адсутнасці сістэмнай кампаніі па мабілізацыі ўдзелу, што не паўплывала на афіцыйныя вынікі галасавання. Змяншэнне адміністрацыйнае мабілізацыі (магчыма, у выніку эканоміі сродкаў, магчыма, дзеля адцягнення ўвагі ў выніку энергетычнага канфлікту з Расіяй) і, адпаведна, завышэнне паказнікаў удзелу ў выбарах з’яўляюцца асноўнымі адметнасцямі кампаніі. Па выніках кампаніі 2007 г. можна назіраць значнае павелічэнне прадстаўніцтва ў мясцовых саветах прыдзяржаўных грамадскіх і карпарацыйных структураў, а таксама пэўную актывізацыю лаяльных палітычных партыяў (асабліва КПБ). Пры гэтым унутраная канкурэнцыя паміж прадстаўнікамі ўлады за дэпутацкія мандаты была мінімальная дзякуючы аформленым правілам адбору і, магчыма, працы «ідэалагічнай» вертыкалі. |
5 Bulota, Rytis. Sąjūdis: teorija ir praktikai // Politologija. 2003, rugsėjas. P. 7. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |