A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЯКСЕЙ ЛЯВОНЧЫК | ||||
Аўганскія згадкі ШАРАМЕЦЕВА — ГАІРГАНАУ першы раз я ляцеў у Кабул з маскоўскага аэрапорту «Шарамецева-2». Я шмат чытаў пра тагачаснае становішча ў аўганскай сталіцы, і калі даваць веры газэтам ды Сеціву, хвалявацца не было пра што. Сьціжмы падбухторшчыкаў да джыхаду, прыхільнікаў «халіфату ўсяе Азіі», выціснутыя на поўдзень краіны, урадавыя войскі кантралююць сытуацыю нават у Кандагары.У Маскве мой сябра, у якога я заначаваў, пабачыўшы аўганскі цэтлік у маім спакутаваным пашпарце, запэўніў мяне, што «з такім пашпартам табе ніякая цывілізаваная краіна ня дасьць візы». Дарэчы, я ведаў, як ставяцца расейскія ўлады да аўганцаў, і ня меў сумневу, што на кабульскім рэйсе я буду адзін, бо хто з «добранадзейных» расейцаў туды паляціць? Для Расеі Аўган застаецца выселкамі цывілізаванага сьвету, нейкай рэзэрвацыяй. Нават расейская амбасада давала доўгатэрміновыя візы толькі аўганскім дыпляматам. Астатнім — толькі на месяц. Як я зразумеў празь некалькі месяцаў, усё гэта лухта. Заходнія краіны, ЗША ў прыватнасьці, інвэстуюць у гэтую краіну неймаверныя сумы. У Кабуле інжынэр можа атрымліваць 70 000 даляраў штогод, у Багдадзе — 300 000, а ў Штатах такая кваліфікацыя каштуе ну максымум 40 000. Лік замежнікаў, завабленых тамтэйшымі заробкамі, сягнуў 25 000 і працягвае расьці. Акурат таму для амбасады кожнай заходняй дзяржавы аўганская віза ў пашпарце будзе доказам добранадзейнасьці.
Большасьць замежнікаў у Аўганістане складаюць французы. За імі зь невялікім адрывам ідуць амэрыканцы (але іх ня бачна, гэтая хеўра збольшага сядзіць у Баграме, што за 20 км на поўнач ад сталіцы). Потым — арабы і іншыя арабскамоўныя «меншасьці». Шмат хто ведае расейскую мову: пераважна ўсе міжнароднікі зь Лібану ды Ярданіі вучыліся ў Расеі за саветамі. Некаторыя — пераважна палякі і французы — навучыліся яе за апошнія некалькі гадоў. У Шарамецеве на рэгістрацыю стаяла больш за 100 чалавек, збольшага аўганцы. Як я потым даведаўся, з тых, хто паехаў вучыцца ці практыкавацца да Вялікае Сястры ў час савецкай акупацыі, мала хто вярнуўся дахаты. Амаль усе яны атрымалі расейскае грамадзянства і лётаюць часам да родных на бацькаўшчыну. Шмат хто наймаецца да міжнародных НУА ў Кабуле ўжо як замежнік і атрымлівае адпаведныя грошы ды ўмовы. Некаторыя маюць дом у абедзьвюх краінах. Я заўважыў шмат супрацоўнікаў расейскае амбасады і замежнікаў, якія ляцелі транзытам праз Шарамецева. Выглядалі яны трохі спалохана. Самалёт затрымаўся на 6 гадзінаў. Прызямліўся ён на 3 гадзіны пазьней і мусіў прайсьці абавязковы агляд і абслугоўваньне. Таму мы адсыпаліся на вельмі «ўтульных ды зручных» фатэлях у залі аэрапорту. Расейцы асабліва не зважалі, калі нехта гойсаў між зонай бясьпекі ды агульнай заляй, каб купіць гарэлкі ці чаго яшчэ. Самалёт быў стары. Неверагодна стары. Абіўка з фатэляў зьлезла, зашчэпкі столікаў перад кожным сядзеньнем нават і ня думалі працаваць, аблямоўка салёну парэпаная, месцамі счарнелая, быццам там доўга нешта гарэла. Аўганцы ціхамірна ўладкоўваліся ў гэтай дамавіне. Першыя хвіліны я прыкладаў усе высілкі, каб ня выскачыць з гэтае труны. У мяне, мабыць, быў такі твар, што сусед справа прапанаваў мне выпіць нейкае брыдоты. Таджыцкая гарэлка коштам 3 самані на бутэльку. Дапамагло. Яны лётаюць, казаў мой сусед, ужо гады з тры, і не здарылася аніводнае катастрофы. Ну што ж рабіць, выйсьця не было, і я паспрабаваў прыкархнуць. Атрымалася ня вельмі: самалёт гойдала ў паветры, бы карабель у шторм. Самалёты — падарунак Індыйскіх паветраных шляхоў Міністэрству авіяцыі новага Аўганістану пасьля выгнаньня талібаў. Тыя ў часе свайго кіраваньня зьнішчылі ўвесь паветраны флёт і падарвалі аэрапорт. Адзіным сродкам больш-менш надзейнай камунікацыі заставаліся гуманітарныя рэйсы ААН з Ісламабаду і Тэгерану. Плянавалася пабудаваць аэрапорт у Кандагары, што меў стацца новаю сталіцаю краіны, але правадыр талібаў мула Амар аддаваў перавагу гасьцінцу Квэта—Кандагар. Таму аўганцы, якім трэ’ было выехаць з краіны, мусілі дабірацца пешшу ці на пераладаваных КАМАЗах — яны і цяпер служаць асноўным сродкам перасоўваньня ў некаторых правінцыях. Дарога на Герат займала 3 дні, на Пешавар — да двух, бо пабудаваная шаша існавала мо толькі ў галовах нейкіх талібскіх чыноўнікаў. Мы мусілі зрабіць пасадку ў Баку, але праз 3 гадзіны, калі я прачнуўся, самалёт яшчэ вісеў у паветры. Больш за тое, камандзір экіпажу абвясьціў, што з тэхнічных прычынаў мы сядзем даліць паліва не ў Баку, а ў Акцюбінску. Урэшце мы селі ў Мазары-Шарыфе. Там мы прабылі недзе з гадзіну і ўжо без аніякіх прыгодаў даляцелі да Кабулу. Чарга на пашпартны кантроль пасоўвалася хутка — былі нават кампутары. Але на выдачы багажу транспартэр не працаваў, таму работнікі з поля кідалі клункі ў сярэдзіну трапнымі бэйсбольнымі кідкамі. Далятала ня ўсё, і расейскі консул — а за ім і ўвесь натоўп — ірвануўся ў адтуліну багажнага адсеку і пачаў дапамагаць. Каля капы пакункаў распачалася бойка. Консулу падралі кашулю. Такога я яшчэ ніколі ня бачыў. Але консул відавочна не выглядаў засмучаным — мабыць, яму не ўпершыню. Кабульскі аэрапорт месьціцца за горадам, непадалёк ад вялікага раёну Кхаір Хона. Раней, калі яшчэ талібаў толькі-толькі выгналі і нармальнае жыцьцё яшчэ не наладзілася, яго закрылі для ўсіх, апроч дыпляматаў. Але потым скемілі, што саджаць самалёты на Мазары і потым па зямлі валачы сюды — задача не для слабых нэрвамі. Тады аэрапорт зноў адкрылі, але сустракальнікам забаранілі падыходзіць блізка. Перад аэрапортам ёсьць вялікая пляцоўка, аднак усе сустракальнікі мусяць стаяць на паркоўцы, адгароджанай цагляным мурком. Як толькі зь яе выходзіш — да цябе адразу ж падлятаюць аўганскія вайскоўцы — у сталіцы іх поўна, — ветліва бяруць за рамёны, разварочваюць на 180° і паказаюць, куды ісьці. Крый Божа, калі ты спынісься на пляцоўцы, не дайшоўшы да паркоўкі: на цябе кінецца ўзброены да барады ўзвод. Дарэчы, набітыя аўтаматы маюць толькі вартавыя аэрапорту. Даходжу да паркоўкі — там нікога. Валакуся далей, але ў галаве ўжо сасьпела бязглуздая думка: не дачакаліся. Самалёт спазьніўся на 9 гадзінаў. Аднак ніякая арганізацыя папросту НЯ МОЖА пакінуць чалавека ў Кабуле, таму што гэта паводле азначэньня небясьпечнае месца. А тады я проста падышоў да першага-лепшага чалавека каля аэрапорту — як высьветлілася, да замежнай журналісткі, і прапанаваў абмен: ёй — тэлефон, мне — машына да офісу, бо адрас я ведаў. Яна адразу пагадзілася. Як я потым заўважыў, замежнікі ў Кабуле рэдка дапамогуць чалавеку, зь якім пазнаёміліся ў самалёце, знайсьці патрэбны яму офіс. А вось у правінцыях зусім іначай, мабыць, таму, што ўсе адчуваюць сябе адарванымі ад сьвету і гуртуюцца. А аўганцы заўсёды прыйдуць на дапамогу. Варта папросту спытаць суседняга пасажыра зь цёмным тварам, і ён усё зробіць. Праўда, потым трэба выявіць цуд красамоўства, каб адкруціцца ад запрашэньняў у госьці, калі ня хочаце замінаць чалавеку ці марнаваць дзень на расповеды пра вашую жонку ды на рэлігійныя спрэчкі. Але гасьціннасьці аўганскага дому трэба паспытаць — гэта незвычайны досьвед. У Аўганістане зазвычай запрашаюць тры разы. Нават самы нішчымны чалавек, у якога дзесяць дзяцей і няма працы, запросіць вас да сябе ў хату. Калі вы першы раз адкажаце адмоўна, ён зробіць выгляд, што пакрыўдаваў, і спытае зноў, потым зноў. Традыцыйна пасьля трэцяе адмовы больш не запрашаюць. Аўганец ці іранец у самалёце, аўтобусе ці цягніку, калі выцягне з хатулёў ежу, абавязкова запросіць Вас далучыцца. Пачастунак часьцяком перарастае ў цікавую гутарку. Я такім чынам, напрыклад, знайшоў некалькіх супрацоўнікаў і проста сяброў. Аднойчы ў аўтобусе Машгад—Тэгеран мой сусед разоў дзесяць прапаноўваў кубак гарбаты ды прысмакі кабеце насупраць, і так настойліва, што адмовіцца было проста немагчыма.
Таксоўшчыкі заўжды пыталіся ў мяне, дзе я працую і ці ёсьць для іх праца. Лепей адразу адказаць проста: «Не». Хоць даваць пустыя абяцанкі ў звычаі аўганцаў. Ня трэба думаць, што яны абібокі: у гэтых людзей сапраўды няма працы, і на адмоўны адказ яны не пакрыўдуюць. Яшчэ часьцяком пытаюцца, колькі ты зарабляеш. Хоць у Аўганістане зазвычай выпінаюць сваё багацьце. Я ніколі гэтага не рабіў: нават у Кабуле можна стаць аб’ектам паляваньня. Кожны раз, як нехта зьяўляецца на вуліцы ў звычайным эўрапейскім адзеньні, за ім бяжыць гурма хлопчыкаў і дзяўчатак, вымольваючы міласьціну, гандляры прапаноўваюць абмяняць грошы, заклікалы ў корчмах запрашаюць падсілкавацца, нехта пачынае пстрыкаць фотаапаратам, нават машыны часьцяком спыняюцца. Быць незаўважным дапамагае пяцідзённая шчэць, нястрыжаныя валасы ды брудны шальвар-курта — доўгая апранаха, падобная да жаночага шляфроку, але з нагавіцамі, у тры разы шырэйшымі за сьцягно барца-сумаіста. І на ўсякае ўсё варта ведаць два-тры сказы па-арабску, бо арабы нашмат сьвятлейшыя за аўганцаў з твару. А апошнія ў абсалютнай бальшыні не разумеюць арабскае мовы і ставяцца да нашчадкаў качэўнікаў з Арабійскае паўвыспы як да «вышэйшага народу».
АТАБАРЫЎСЯОфіс месьціўся на Сарак-і-Даруламон, маё жытло — у пары сотняў мэтраў ад яго. Звычайны аўганскі дом, двухпавярховы, на дзесяць пакояў. Наша арганізацыя наўмысна здымала вялікія дамы, бо замежнікаў прыяжджала шмат: некаторыя — на пару тыдняў, некаторыя — на месяцы ці нават на гады. Калі я прыехаў, у Кабуле было больш за 30 000 замежнікаў, зь іх 5000 ААНаўскага пэрсаналу. Астатнія працавалі на вайсковую кааліцыю ў Аўганістане, урадавыя кампаніі ці тых адчайных бізнэсоўцаў, якія рызыкнулі ўкласьці грошы ў гэтую неспакойную краіну. Выбухаў і ракетных атакаў не было паўгоду запар, са жніўня 2005-га, і людзі больш не ўцякалі з гораду. Цэны на нерухомасьць расьлі штодзень і сягалі вышэй за 700 даляраў штомесяц за адзін пакой у тыповым аўганскім доме. Мабыць, прычына і ў тым, што добраўладкаваных дамоў — з водаправодам, газам, каналізацыяй, эўрапейскімі прыбіральнямі — амаль не было, і ўвішныя гаспадары ўсталёўвалі гэта ўсё, каб здаваць жытло чужынцам. А як ААН і вайсковая кааліцыя закладалі ў каштарыс каля 1000 даляраў на чалавека штомесяц, то яны зь лёгкасьцю прымалі ўмовы гаспадароў. Кватэру ў мікрараёне, на ўскраіне, можна было зьняць мінімум за 200 даляраў плюс кошт ацяпленьня, вэнтыляцыі, вады, газу. У выніку аўганцам, якія здымалі тыя кватэры, яны сталі папросту не па кішэні, і яны мусілі зьяжджаць у іншыя кварталы.Ну вось, атабарыўся я і пайшоў аглядаць дом. Вада падавалася зь сьвідравіны. Кожную раніцу наш памагаты і даглядчык Сальвар распальваў помпу, якая напаўняла вадою вялізны бак на даху, і адтуль вада падавалася ўніз. Прыбіральні зробленыя па-эўрапейску, там нават была туалетная папера. Дарэчы, яна там амаль на вагу золата. А «Саўбеліі» няма… Газаправоду таксама няма. Звычайная практыка — гэта калі даглядчык дому ходзіць на базар па звадкаваны газ — яго прадаюць на кожным рагу, — і потым выстаўляе рахунак. Дарэчы, сам ён балёны ня цягне, бо ў Кабуле можна замовіць прывезьці задарма нават вязанку хлуду ці дроваў. Зразумела, цэнтральнага ацяпленьня няма, апроч як на выселках, у мікрараёне, пабудаваным савецкімі спэцыялістамі. Але нават там яно працуе сяк-так, бо пасьля вайны тыя раёны не рэстаўраваліся, і на вонкавых мурах дасюль засталіся сьляды куляў ды снарадных аскепкаў. Відаць, тут нічога не фарбавалася ад пачатку вайны. У новым мікрараёне вада для ацяпленьня яшчэ там-сям падаецца, але ў старым — не. Таму праблема вырашаецца прыдатнымі сродкамі. Гэта можа быць дызэльны бухары (печка). Дым выводзіцца праз дымнік, прысабачаны да адтуліны ў сьцяне. Але крый Божа, калі гэтая спаруда раптам высьлізьне з адтуліны, бо адмываць фіранкі ад куродыму давядзецца не адзін дзень. Дый каштуе вельмі нятанна... Другі варыянт — такі самы бухары, але на дровах. З аднаго боку, значна таньней, а зь іншага... Я вельмі добра зразумеў, куды падзелася ўсё гальлё ў навакольлі. У Аўгане дроваў амаль няма, і аўганцы — новае пакаленьне — касавураца на тых, каму заманецца зьберагчы трохі грошай за кошт вецьця ў навакольлі. Яны закупаюць ламачча ды пасечаныя камлі на кірмашах (іх агулам прывозяць з Пакістану), штосьці блізка даляра за 7 кг — гэтага стае на два-тры дні на ўсю кватэру. Дарэчы, аднойчы мы з калегам-брытанцам пайшлі шукаць, дзе набыць вецьця. Зіма, калатнеча, усе задубелі, і тут бачым: стаіць вялікі камель побач з халупінай паліцэйскага посту. Непадалёк пра нешта гамоняць сямёра паліцыянтаў. Паглядзелі мы — камель прыдатны — відаць, асінавы. Падыходзім да іх, просім сякеру. Яны спачатку нас адгаворвалі: маўляў, камель спрабавалі сьсекчы — ня сьсеклі. А мы стаім на сваім, брытанец яшчэ ўпарцейшы за мяне будзе. Ну, паліцыянты выцягнулі сякеру і глядзяць на гэты цырк. А відовішча было яшчэ тое: камель ніяк не паддаваўся. Тут паліцыянты сталі на гарбатку да нас напрошвацца. Маўляў, ніколі такіх дзівосаў ня бачылі, як два замежнікі бадзяліся па начных вуліцах Кабулу, палюючы за хлудам. Ледзьве адкруціліся, але, каб нас падбадзёрыць, паліцыянты падкінулі нас на базар, а потым прывезьлі назад да кватэры з 20 кг ламачча. Можна ацяпляць жытло і электрапрыладамі, але звычайна электрычнасьць падаецца толькі на тры гадзіны штодзень, і калі няма генэратара, гэтага не стае. Бліжэй да майго ад’езду радыё «Ватандар» зладзіла кампанію сярод месьцічаў, каб змусіць урад падаваць больш энэргіі. На кіраўнікоў радыё вельмі моцна ціснулі, нават прыяжджала паліцыя, але дэманстрацыя адбылася. Аўганцы ўвогуле значна часьцей за нас заяўляюць ураду пра свае патрэбы. Кожны трэці дзень праходзілі розныя дэманстрацыі. ААН нават замкнула ўсе офісы па сталіцы і забараніла супрацоўнікам высоўвацца. Празь некалькі месяцаў цэны на нерухомасьць пачалі імкліва падаць, бо масавыя атакі паўстанцаў на горад выклікалі паніку сярод замежнікаў. З таго часу, дарэчы, аўганцы пачалі ставіцца да нас значна лепей — масавая эвакуацыя НУА са сталіцы пазбавіла шмат каго зь іх тых прыбыткаў, да якіх яны прызвычаіліся. Калі ўпалі цэны на жытло, шмат сялянаў змаглі пераехаць у сталіцу, каб шукаць працу.
ДАРУЛАМАНКабул падобны да вялікага кальмара, які раскінуў свае клюшні на дваццаць кілямэтраў на поўдзень, поўнач ды ўсход. На поўнач — гасьцінец на Чарыкар, Саланг, Мазор і далей — Тэрмэз ды Ташкент. На ўсход — мікрараён (там жыве сярэдняя кляса, а дзяўчаты зранку могуць і без хіджабаў гойсаць), шаша на Джалялябад, заўсёды настолькі пыльная, што на дзесяць мэтраў перад сабою нічога ня бачна — усё патанае ў шэрай смузе. І нарэшце, на поўдзень — легендарны Даруламан. У 1979 г. па ім прайшлі савецкія дэсантнікі, каб захапіць палац Аміна, апошняга кіраўніка лібэральнага Аўганістану. На месцы палаца цяпер — недарэчна вялікі ды безгустоўны комплекс расейскае амбасады, нядаўна зь вялікім шыкам адчынены наноў. Там знаходзяцца парлямэнцкія будынкі, найбольш рэзыдэнцыяў НУА ў горадзе, дзяржаўнае тэлебачаньне. А побач — базары ўздоўж шашы, небаракі ў рызманах, што просяць міласьціны ў мінакоў, паўсюдныя заторы ды адсутнасьць дрэў. У старым засьмечаным канале вада была толькі да вайны. У сьметнік яго ператварыла зусім ня суша, якая часьцяком абрынаецца на гэтую краіну неўтаймаваных плямёнаў.Калі едзеш з цэнтру гораду, трэба абмінуць па прастакутніку вялікі недабудаваны мячэт. Ён меўся стаць найвялікшым у рэгіёне (даюцца ж у знакі гэтыя замеры незаможных краін рабіць у сябе ўсё самае-самае!). Уваход савецкіх войскаў спыніў будаўніцтва — камуністы не давяралі заўважаным за намазам, таму дзяржаўныя чыноўнікі паўсюдна выракаліся рэлігіі. Па заканчэньні апошняе авантуры Савецкай Арміі мячэт меліся адбудаваць як толькі маджагеды занялі Кабул. Але замах Масуда на Рабані1 распачаў новую хвалю крывавае вайны ў краіне, і ад пляну давялося адмовіцца. Цяпер вядуцца перамовы з Іранам і Пакістанам, хоць урад публічна ня можа прызнаць, што намагаецца дамовіцца з абодвума бакамі, якія трываць ня могуць адзін другога, наконт узнаўленьня мячэта. Мяркую, справа вырашыцца хуткім прэнтам, бо ў краіне найперш адбудоўваюцца менавіта рэлігійныя будынкі. |
былы студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 2004 г. стала працуе ў Азіі ў розных валянтэрскіх праектах, стасаваных з дапамогаю уцекачам ды разьвіцьцём СМІ. Спачатку працаваў у Індыі ў якасьці асыстэнта па праграме рэабілітацыі ўцекачоў, потым у Пакістане — як кіраўнік праграмы трэнінгаў для радыёстанцыяў. Цягам апошняга году працаваў у Кабуле як трэнэр па журналістыцы ды бізнэсе. Цяпер вядзе ўласны праект па ІТ-адукацыі. Час бавіць пароўну між Кабулам, Менскам ды Дэлі. |
За мячэтам — вялікі кірмаш мабільнікаў. У Аўгане тры сотавыя апэратары; за апошні год кошт хвіліны зьнізіўся ўтрая. Ахоп насельніцтва яшчэ досыць слабы, але людзі імкнуцца да новых тэхналёгіяў. Нават жанчыны ў бурках на маіх вачах выцягвалі слухаўку і размаўлялі, падсунуўшы яе пад тканіну.
У краіне вельмі простая сувязь між багацьцем і лібэральнасьцю. Калі жанчына ў бурцы адна ходзіць па мястэчку, значыць, у яе мужа зусім няма грошай. Зь іншага боку, можна пабачыць купкі дзяўчатак, апранутых пярэста, аднак густоўна, у джынсы самага апошняга фасону, камізэлькі, доўгія спаднічкі, курткі (іх і нашы б не пагрэбавалі насіць) з адзіным дадаткам — хіджабам на галаве. Дзяўчаткі досыць сарамлівыя, да іх лепей не набліжацца і не завязваць знаёмства на месцы, бо заўжды знойдзецца аўганскі вясковец, якому закарціць абараніць жаночы гонар ад заляцаньняў нейкага кафіра (так аўганцы клічуць нявернікаў). Нават калі дзяўчатаў суправаджае па-эўрапейску апрануты хлопец, эўрапейскасьць яго можа быць чыста вонкавай. Аднойчы я нарваўся на непрыемнасьць, калі спытаў у дзяўчыны, што ішла разам з трыма сяброўкамі і братам, кірунак. Тая адказала, але хлопчык пачаў лаяцца, маўляў, спачатку трэба было спытаць яго. У гэтых дзяўчатак бацькі дастаткова заможныя, каб дазволіць ім адукацыю за мяжой — хоць бы і толькі ў Іране. За пяць гадоў пасьля кансэрватыўнага ўраду пакістанцаў-талібаў частка насельніцтва краіны вельмі хутка павярнулася да больш-менш сьвецкіх звычак, як за часам апошняга караля Заір Шага. Зьмяшэньне шматлікіх нацыянальнасьцяў ды этнасаў, з аднаго боку, можа справакаваць непараўнальную ў сваёй бязглуздасьці грамадзянскую вайну, як і здарылася ў Аўганістане, але зь іншага — вучыць талерантнасьці. Купка паліцыянтаў жывым целам проста затуляе дарогу, бо аўганцы маюць звычай ісьці па праежджай частцы, хоць ходнікі ёсьць. Проста натоўп завялікі, і нехта заўжды кудысьці сьпяшаецца. Тых, хто ня хоча вяртацца на брудны ходнік, паліцыянты хапаюць за шкіркі і кідаюць туды ледзь ня гвалтам. Паліцыя ў Аўганістане набіраецца пераважна з добраахвотнікаў. Войска таксама не прымусовае — нікога сілком зацягнуць туды немагчыма, тым больш, што шмат аўганцаў ня лічаць гэтае войска сапраўды аўганскім. Трэніроўкі там праводзяць амэрыканцы, і нават апэрацыямі, у якіх удзельнічае Урду-і-Мілі (нацыянальнае войска), кіруе амэрыканец, а не аўганец. Тыя, хто ўдзельнічае ў «зачыстках» на поўдні, рызыкуюць быць выкрадзенымі і закатаванымі да сьмерці, бо паўднёвыя аўганцы лічаць, што краіна дасюль акупаваная, на гэты раз амэрыканцамі. Кабульцы такога самага меркаваньня. Паліцыянты праходзяць трохмесяцовую падрыхтоўку, пасьля іх выпускаюць «у поле». Штомесяц такі паліцыянт атрымлівае 50—60 даляраў. На жаль, у мясцовым МУС пакуль не знайшлося новага міністра адукацыі. Той адразу ўзьняў заробкі настаўнікам з 40 да мінімум 150 даляраў. Бо грошы ў краіне ЁСЬЦЬ!!! Доўгая вулка ўздоўж каналу вядзе да Ронда Дэмазанг (Чар’і-Дэмазанг), дзе за савецкім часам месьціўся астрог для маджагедаў, ці «басмачоў». (Саветы запісвалі ў гэтую катэгорыю ўсіх, хто ўчыняў намаз.) Цяпер там Галоўнае ўпраўленьне памежнай паліцыі і дарожная паліцыя. Паварочваем налева — вось і Даруламан. Да палаца караля яшчэ шэсьць кілямэтрэў. Столькі трэба было прайсьці штурмавікам у 1979-м. Сёньня адлегласьць краіны да памыснасьці і заможнасьці вымяраецца колькасьцю розумаў, якія новы ўрад здолеў пераканаць, што мір лепшы за вайну.
HAMID, PAJSA KUDŽO HAŚCI???2… |
1 Агмад Шаг Масуд — у 1979—1989 гг. кіраўнік адной з груповак паўстанцаў супраць Савецкай Арміі, у 1992 г. — прэм’ер пераходнага ўраду, створанага па заняцьці Кабулу сямю фракцыямі, якія яб’ядналіся, каб зрынуць прасавецкі ўрад доктара Наджыбулы. Спрабаваў зьдзейсьніць замах на пераходнага прэзыдэнта Рабані, які кіраваў прапакістанскай фракцыяй. Замах прывёў да разрыву дамоўленасьці, бамбардаваньняў Кабулу і грамадзянскай вайны, у якой паступова перамогу атрымалі талібы. У 1994—1998 гг. Агмад Шаг Масуд супраціўляўся талібам, у 1998 г. заключыў зь імі дамоўленасьць аб аўтаноміі занятай ім правінцыі Пандшэр і ненападзе. У 2001 г. забіты двума арабскімі самагубцамі.
|
Грошы ў краіне ёсьць!!!
Гэта аксіёма. Эканомікі, вядома, няма — для сусьветнае супольнасьці Аўганістан дасюль знаходзіцца ў стане вайны, хоць поўнач і сталіца даўно заміраныя. Асноўныя прыбыткі краіны — замежныя інвэстыцыі ў тэлекамунікацыі ды грошы на праекты НУА, якія сюды пераказваюць замежныя дзяржавы. Зь бізнэсоўцаў укладаюць сюды звычайна толькі замежныя аўганцы ці арабы. Трохі інвэстуе Іран, магчыма, каб патрымаць шыіцкую меншасьць (большасьць насельніцтва Аўганістану — суніты). На паседжаньні парлямэнту агучвалася яскравая лічба: больш за 80 % распачатых праектаў не даводзяцца да канца, а больш за 50 % заяўленых нават не пачынаюцца. Заробак замежніка з той самай кваліфікацыяй, што і аўганца, — мінімум 2500 даляраў штомесяц без уліку жытла, машыны, кіроўцы ды мабілы. І гэта пры тым, што адукаваных аўганцаў вельмі шмат. А каб рабіць журналісцкія рэпартажы, трэба там вырасьці. Такую куламесу кланавых стасункаў, непаразуменьняў, узаемадачыненьняў можа разблытаць ды растлумачыць толькі чалавек, што жыве ды выгадаваны ў гэтым асяродку. Аўганцам плацяць 1000 даляраў за працу, за якую замежнік атрымае 5000. Чужынцы прыяжджаюць у гэтую краіну, едуць на поўдзень ў браняванай машыне са сьвіран велічынёй, робяць некалькі здымкаў на вуліцах, зацінаюцца зноў у фартэцыю мясцовай вайсковай базы кааліцыі — вось артыкул і гатовы. Ці прыяжджае дарадца па бясьпецы, які днямі, месяцамі, гадамі не вылазіць з вайсковага лягеру, і радзіць мясцоваму ураду, як яму працаваць. Замежнікі тут пераважна толькі дзеля заробку, а на працу ім, насамрэч, пляваць. Толькі некалькі чалавек — звычайна французы ці ангельцы — працуюць шчыра і аддана. Для астатніх Аўган — крыніца вялікіх грошай, і ўсё. Да таго ж у Кабуле замежнікі займаюцца не тэхнічнай працай, а кансультацыямі. Быццам у краіне, якая дзесяцігодзьдзямі сама здабывала і прадавала нафту, няма кваліфікаваных кадраў. Сярэдні заробак у краіне — 30 даляраў на месяц. ААН закупляе для сваіх супрацоўнікаў кампутары за 2000 даляраў з ліцэнзійным праграмным забесьпячэньнем, якое ў самай базавай камплектацыі каштуе 600 даляраў. Між тым у нашым праекце па ІТ-адукацыі выкарыстоўваюцца 150-даляравыя лэптопы і 300-даляравы сэрвэр. Мы заахвочваем ужываць забесьпячэньне з адчыненым кодам, кшталту Linux, ня менш зручнае за іншыя, але бясплатнае, і кампутары, атрыманыя ў рамках донарскай праграмы ад заходніх унівэрсытэтаў. Да 80 % выдаткаў на бюракратычную машыну ААН можна было б пазьбегнуць, калі б замежнікі абапіраліся на аўганскі досьвед, а не на сваё хісткае кніжнае уяўленьне пра Аўганістан. Санджар Кіём, кіраўнік найбуйнейшага ў Кабуле радыё «Ватандар», у адным з рэпартажаў адзначаў, што шмат гуманітарнае дапамогі асядае ў кішэнях мясцовых вархолаў, якія дасюль карыстаюцца значным уплывам у сваіх правінцыях. Як я пісаў, міністар адукацыі здолеў увадначасьсе падвысіць заробкі настаўнікаў у тры разы. Значыць, грошы ў краіне ёсьць. Але выдаткоўваюцца яны на забесьпячэньне камфорту замежнікаў і толькі рэшта — на ўласна праекты. А да чаго прыводзяць баляваньні падпітых чужынцаў а другой гадзіне ночы зь песьнямі на вуліцах мусульманскага гораду, які сьпіць з восьмай да чацьвертай — да першай малітвы, розьніца ў заробках між сваімі ды чужынцамі, самадурства судовае сыстэмы, розныя законы для «сваіх» і «іншых», няцяжка здагадацца. |
2 Хамід, дзе грошы???
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |