A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ДЗЯНІС МЕЛЬЯНЦОЎ | ||||
Клясычныя рэчы, якія сёньня ня маюць ніякага сэнсу Potocki, Rodger. Flawed Elections… and Parties // tol.cz. Posted on 5 February 2007. Артыкул Роджэра Патоцкага, апублікаваны ў «Transitions Online», цікавы перадусім тым, што гэты тэкст належыць староньняму назіральніку, які, аднак, мае пэўнае дачыненьне да таго, што адбываецца ў Беларусі. Таму, з аднаго боку, бесстароннасьць аўтара дазваляе чакаць неперадузятага і нэўтральнага аналізу, а зь іншага боку — ягоная абазнанасьць у беларускай сытуацыі спрыяе таму, каб гэты аналіз быў максымальна рэалістычны. Сапраўды, спадара Патоцкага цяжка папракнуць у няведаньні беларускай рэчаіснасьці ці ў занадта аптымістычным яе ўспрыманьні. Аўтар вельмі пасьлядоўна і абгрунтавана раскладае ўсё па паліцах такім чынам, што бадай няма чаго й дадаць. Нельга не пагадзіцца з тэзай аб тым, што Лукашэнка ў чарговы раз змадэляваў выбары, а апазыцыя зноўку зазнала агаламшальную паразу. Як, зрэшты, і з тым, што апазыцыя не прадэманстравала адзінства мэты і дзеяньня падчас выбарчай кампаніі, а больш цікавілася ўнутранай барацьбой за лідэрства ў аб’яднаных дэмакратычных сілах. Аўтар таксама папракае партыйных лідэраў у развале партыйных структураў і ў адсутнасьці зь іхнага боку рэальнай падтрымкі рэгіянальным кандыдатам у дэпутаты. Дастаецца таксама і рэгіянальным актывістам, якія, паводле Патоцкага, фактычна сышлі з дыстанцыі праз адсутнасьць волі да барацьбы. Сваю порцыю крытыкі атрымалі эўрапейскія і амэрыканскія арганізацыі, якія ўпэўнілі беларускую апазыцыю ў адсутнасьці ў Беларусі сапраўдных выбараў, чым зьнізілі цікаўнасьць да іх і зьнішчылі матывацыю да ўдзелу. Усё гэта так. Чытаючы тэкст Патоцкага, не пакідае думка, што ўсё ім напісанае і так зразумела і відавочна без камэнтароў і дадатковага аналізу. Тым больш незразумела, чаму сп. Патоцкі вырашыў абрынуць сваю крытыку на апазыцыйныя партыі менавіта пасьля выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Сам ён у артыкуле кажа, што нешта вырашала толькі прэзыдэнцкая кампанія мінулага году, а сёлетнія выбары ўсё роўна не далі б ніякага плёну. Увогуле выбары ў Беларусі ператварыліся ў тэатралізаваную пастаноўку, і таму ўдзел партыяў у выбарах уяўляецца тэхнічнай рэччу, якая можа быць скіраваная на вырашэньне зусім іншых задач па-за ўласна электаральным дзеяньнем. Высокі градус эмацыйнасьці тэксту Роджэра Патоцкага выдае ягоную пэўную ангажаванасьць падчас гэтай выбарчай кампаніі на баку асобных суб’ектаў беларускага палітычнага поля. Што гэта за суб’екты, можна здагадацца, зьвярнуўшы ўвагу на тое, каго і, галоўнае, як ён крытыкуе. Напрыклад, лідэры АГП і ПКБ прадстаўленыя ў тэксьце Патоцкага гэткімі злачынцамі, якія «разам і паасобку рабілі ўсё, каб падарваць пазыцыі Мілінкевіча». Паводле Патоцкага, гэта тлумачыцца тым, што яны зайздросьцілі прызнаньню, якога дамогся ў краіне і за мяжой Аляксандар Мілінкевіч. Аўтар крытыкуе таксама і БНФ за раскол у партыі і адсутнасьць дапамогі мясцовым структурам з боку кіраўніцтва партыі. Але ж гэта крытыка іншага парадку. Я б сказаў, што гэта, так бы мовіць, бацькоўская крытыка зь вялікай доляй крыўды за кепскія паводзіны і непаслухмянасьць. Такой крыўдай прасякнуты ўвесь артыкул. Менавіта яна прымушае аўтара казаць пра маргіналізаванасьць і зьняверанасьць апазыцыйных партыяў, папракаць іх за адсутнасьць ахвярных людзей, за млявасьць і абыякавасьць да жыцьця. Да Мілінкевіча стаўленьне відавочна іншае. Аўтар прыўзьнімае яго па-над партыямі і міжпартыйнай валтузьнёй. Паводле Патоцкага, Мілінкевіч паводзіў сябе, як сапраўдны лідэр, езьдзіў па рэгіёнах, удзельнічаў у выбарчых кампаніях многіх кандыдатаў з розных партыяў, увасабляў сабой адзінства неадзінай ужо кааліцыі. І хоць дзейнасьць Мілінкевіча і ягонага штабу ў 2006 г. грашыла шматлікімі хібамі і ірацыянальнасьцю паводзінаў, Р. Патоцкі пакідае гэты факт без належнай увагі і выстаўляе Мілінкевіча ў якасьці закладніка змаганьня кааліцыйных лідэраў паміж сабой. Такое стаўленьне да беларускіх палітычных суб’ектаў у некаторай ступені можа сьведчыць пра ступень падтрымкі з боку заходніх фондаў і адначасова дазваляе прагназаваць такую падтрымку ў будучым. Увогуле, падаецца, што аўтар артыкула занадта перабольшвае ролю апазыцыйных партыяў у палітычным і грамадзкім жыцьці сучаснай Беларусі. Хоць ён і ня мае ілюзіяў на конт прыроды беларускага палітычнага рэжыму, усё ж такі, мяркую, ягоныя стэрэатыпы адносна партыйнасьці і ўяўленьні пра належнае функцыянаваньне дзяржаўных інстытутаў замінаюць аналізу сытуацыі. Патоцкі кажа пра партыйныя структуры, выстаўленьне партыйных кандыдатаў на выбары, кааліцыйнае будаўніцтва і падобныя клясычныя рэчы. Але на сёньня ўсё гэта ня мае ніякага сэнсу. Партыі выціснутыя з палітычнага поля, яны несыстэмныя і ні на што не ўплываюць. Выбары маюць значэньне толькі для дадатковай легітымацыі існай палітычнай сыстэмы. У электаральных кампаніях няма месца апазыцыйным партыям, якія ўжо фактычна ператварыліся ў дысыдэнцкія групоўкі. А дысыдэнцкая дзейнасьць мае ўжо зусім іншую лёгіку, іншыя мэты і іншы характар лідэрства. І да іх мусяць быць ужо зусім іншыя патрабаваньні. |
палітоляг, выкладчык ЭГУ ў Вільні. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |