A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВАЛ УСАЎ | ||||
Мясцовыя выбары ці самарэкрутацыйная кампанія ўладаў?
Калі падчас прэзыдэнцкай і парлямэнцкай кампаніяў улады дазвалялі наяўнасьць альтэрнатывы, то апошняя выбарчая кампанія была амаль цалкам безальтэрнатыўная. Згодна з дадзенымі Цэнтравыбаркаму, на 22 658 мандатаў на мясцовых выбарах прэтэндавала 23 791 кандыдатаў. Гэта азначае, што ў сярэднім толькі на 1 133 участках было па два кандыдаты, на ўсіх астатніх быў толькі адзін кандыдат, які прэзэнтаваў уладу. Падчас кампаніі здараліся сытуацыі, калі выбары прызнаваліся несапраўднымі, бо адзіны на ўчастку кандыдат раптам сыходзіў з дыстанцыі. Як зазначыла Л. Ярмошына, «у трох акругах выбары не праходзілі наагул — там напярэдадні выбылі ўсе кандыдаты. Прычым, адзін зь іх памёр напярэдадні галасаваньня...»
Гэтыя мясцовыя выбары лягічна будзе акрэсьліць як публічную самарэкрутацыю ўлады — кантраляваны палітычнай уладай працэс фармаваньня органаў мясцовага кіраваньня пры прымусовым удзеле вялікай часткі грамадзтва. Ягонымі адметнымі рысамі былі: → Шырокая мабілізацыя і ўдзел насельніцтва. Працэс павінен быць публічным, па-першае, каб стварыць уражаньне ўсеагульнай і безумоўнай падтрымкі насельніцтвам цяперашняга палітычнага рэжыму, па-другое, «публічна» абсьмяяць няздарнасьць і слабасьць апанэнтаў улады. Улада выкарыстоўвала СМІ дзеля распаўсюду інфармацыі аб «правільных» удзельніках працэсу, для агітацыі за ўдзел у кампаніі і галасаваньне за патрэбнага кандыдата. Публічнасьць ёсьць палітычнай прыладай рэалізацыі курсу кіраўнічай эліты. → Прызначэньне кандыдатаў цэнтральнай адміністрацыяй (улада сама прызначала сябе). De facto асоба становіцца абранай (рэкрутаванай), як толькі верхавіна палітычнай эліты спыніць на ёй свой выбар. Ад волі грамадзян амаль нічога не залежыць. Так, напрыклад 35 з 40 дэпутатаў Магілёўскага гарадзкога савету дэпутатаў займаюць кіраўнічыя пасады. Дэпутацкія мандаты атрымалі старшыні дзьвюх раённых адміністрацыяў, першыя сакратары райкаму і гаркаму ГА БРСМ, чатыры галоўныя дактары і кіраўнікі вучэбных установаў, тры чыноўнікі з праваахоўных органаў, 13 дырэктараў прадпрыемстваў, дзяржустановаў і іхныя намесьнікі. Большасьць з кандыдатаў ад улады не праводзіла агітацыйнай кампаніі. → Суцэльны кантроль цэнтральнай адміністрацыі над працэсам ад самага пачатку (фармаваньне рэкрутацыйных (выбарчых) камісій) і да апошняй стадыі (абвяшчэньне вынікаў). → Адказнасьць рэкрутаваных асобаў (т. зв. народных выбраньнікаў) толькі перад сваімі патронамі, а ня выбарцамі. Калі праца кліента задавальняе патрона, дык ён можа прэтэндаваць на сталае месца ў эліце, і нават магчымасьць кар’ернага прасоўваньня. Вельмі часта адміністрацыя выкарыстоўвала «тэхнічных рэкрутаў», якія ня мелі асаблівых прафэсійных характарыстык і не разглядаліся як патэнцыйныя ўдзельнікі «кіруючай эліты». Збольшага гэтыя сацыяльна і палітычна пасіўныя, але ляяльныя да ўлады людзі былі патрэбныя дзеля таго каб запоўніць вакансію, ня даўшы магчымасьці кандыдату ад апазыцыі ці проста незалежнаму кандыдату прайсьці ва ўладу. Наяўнасьць такіх «тэхнічных рэкрутаў» сьведчыць аб сталым недахопе прафэсійных кадраў на ўсіх узроўнях піраміды ўлады. «Самарэкрутацыя» — гэта дадатковы мэханізм палітычнага кантролю грамадзтва з боку эліты. Па-першае, грамадзяне, асабліва работнікі дзяржаўных устаноў, студэнты ды інш. пад страхам пакараньня змушаныя выконваць загады адміністрацыі, фармуючы пры гэтым у сябе пазыцыю паслухмянасьці і падаўляючы ўнутраныя памкненьні да супрацьстаяньня ці грамадзкага аб’яднаньня. Па-другое, падчас «рэкрутацыйнай» кампаніі ўлада мае магчымасьць выяўляць і ізаляваць найбольш актыўных грамадзян праз рэпрэсіі, публічнае асуджэньне і пакараньне. Па-трэцяе, праводзячы «публічную кампанію», улады ажыцьцяўляюць інфармацыйны ціск на грамадзкую сьвядомасьць, фармуючы ў людзей пэўныя мадэлі прыняцьця палітычнай рэчаіснасьці ў краіне. У грамадзтва разьвіваецца стан, які можна назваць псыхалягічнай адаптацыяй да існых умоваў: упэўненасьць у немагчымасьці зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне заглушае ўнутраныя памкненьні чалавека да дзеяньняў. (Найбольш распаўсюджаныя меркаваньні сярод жыхароў Беларусі — гэта «альтэрнатывы няма», «якая розьніца, за каго галасаваць», «лепей рабіць тое, што кажуць», «апазыцыя нічога ня зробіць, а можа нават будзе яшчэ горш», «выбары нічога не вырашаюць».) Узьнікае пытаньне, чаму, калі перамога кандыдата ад улады так ці інакш была забясьпечаная, паноўны рэжым зварачаўся да мэтадаў адміністрацыйна-рэпрэсіўнага ціску? Рэпрэсіі — гэта самы просты, хуткі і танны мэтад адрынуць праціўніка. Нашто траціць грошы на чорны піяр, які не дае дастатковых гарантый таго, што людзі дадуць яму веры, калі канкурэнта можна застрашыць альбо ізаляваць шляхам кароткатэрміновага арышту? Рэпрэсіі — гэта неад’емная частка аўтарытарнага рэжыму, якая на нейкі час гарантуе яму стабільнасьць. Рэпрэсіі даюць кіраўнічай эліце псыхалягічную ўпэўненасьць у сваёй магутнасьці і недатыкальнасьці. Дзякуючы рэпрэсіям улада фармуе ляяльнасьць сілавых структураў, куды ўваходзяць суды, пракуратура, міліцыя, КГБ, і мабілізуе вакол сябе цэлыя сацыяльныя групы (міліцыянтаў, судзьдзяў ды інш.). Аднойчы парушыўшы закон і адчуўшы сваю беспакаранасьць, яны й надалей будуць гатовыя выконваць любыя без вынятку загады, якія могуць супярэчыць і цьвярозаму розуму, і таму самаму закону. Да таго ж інфармацыя аб рэпрэсіях трапляе да людзей і падмацоўвае ў іх пачуцьцё страху перад уладай. Для таго, каб аўтарытарная дзяржава магла існаваць, грамадзтва мусіць яе баяцца. Да «палітычных» формаў барацьбы, якімі карысталася ўлада падчас «публічнай самарэкрутацыі», трэба аднесьці нэгатыўную і пазытыўную піяр-кампанію. Прыкладам чорнага піяру і быў распаўсюд улётак за некалькі дзён да галасаваньня ў г. Барані пад Воршай. У іх незалежныя кандыдаты — прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі, АГП, Партыі БНФ — былі названыя «шушарай», якая фінансуецца з Захаду. Іншым «палітычным» мэтадам барацьбы супраць незалежных кандыдатаў было скажэньне інфармацыі ў афіцыйнай выбарчай рэкляме. Так, у надрукаваных плякатах кандыдата ў Менскі аблсавет А. Волчына зь яго біяграфіі быў выдалены факт таго, што ён быў ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Апазыцыя вагалася паміж удзелам у кампаніі і байкотам. «У мяне склалася ўражаньне, што ўлады зацікаўленыя ў прысутнасьці апазыцыі ў выбарчай кампаніі, — заявіў адзін зь лідэраў АГП С. Альфэр, ацэньваючы выбары ў Менскі гарадзкі савет. — Калі ня будзе нас, людзей, якія ў стане размаўляць з выбаршчыкамі і вывесьці іх на выбарчыя ўчасткі, то яны проста ня пойдуць галасаваць і страцяць да гэтых выбараў усялякі інтарэс». Улада, наадварот, рабіла ўсё, каб прысутнасьць апазыцыі ў кампаніі была нязначнай. Нават з удзелам апазыцыі кампанія не выклікала асаблівай зацікаўленасьці грамадзян. Выбары былі амаль безальтэрнатыўныя, і такі байкот быў бессэнсоўны. Колькасьць прадстаўнікоў ад апазыцыі была настолькі мізэрная, што грамадзяне проста не заўважылі б ейнай адсутнасьці, як і не заўважылі ейнай прысутнасьці. (Агулам кандыдатамі было зарэгістравана 535 партыйцаў, зь іх 213 прадстаўлялі апазыцыйныя партыі — менш як 1 % ад усяго ліку кандыдатаў). Няўдзел апазыцыі ў кампаніі мог нэгатыўна паўплываць таксама на ейны і без таго ня надта прывабны імідж ды пазбавіць яе хоць і абмежаванай, але магчымасьці беспасярэдняй камунікацыі з грамадзтвам. Як зазначыў А. Мілінкевіч, «любыя заявы кіраўнікоў палітычных партыяў аб зьняцьці дэмакратычных кандыдатаў сьведчыць аб няўпэўненасьці ў сваіх сілах гэтых кіраўнікоў, якія так і не змаглі зарганізаваць шырока разрэклямаванай агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі «Мясцовыя выбары». Няма сумневу, наяўнасьць незалежных кандыдатаў стварала праблемы для ўлады. Трэба было арыштоўваць актывістаў, разглядаць іхныя скаргі ды інш. Пры адсутнасьці апазыцыі камісіям засталося б толькі агучыць канчатковыя вынікі.
Выбары праведзеныя. Насельніцтва краіны прагаласавала за тых, за каго мусіла прагаласаваць. Якія яшчэ прэтэнзіі могуць быць з боку АБСЭ ці ПАРЭ да выбарчага працэсу ў Беларусі? Часам здараецца, што кагосьці могуць не зарэгістраваць, напрыклад, ініцыятыўную групу Яраслава Раманчука, аднаго з намесьнікаў старшыні АГП. А ўсё таму, што Ўпраўленьне ўнутраных справаў МУС па Гарадзенскай вобласьці не пацьвердзіла наяўнасьці ў яго беларускага грамадзянства. Каб выбірацца, трэба быць грамадзянінам Беларусі! На выбары прыйшло 78,7 % выбарцаў. Якая іншая з прасунутых дэмакратычных краінаў сьвету можа пахваліцца такім высокім грамадзянскім удзелам у палітычным працэсе? Інтуіцыя падказала выбаршчыкам, за каго галасаваць. Дастаткова было б толькі паглядзець на твар кандыдата, ці на ягоную біяграфію (напрыклад, дырэктар школы), лепей, канечне, каб там было запісана «сябра БРСМ» ці «сябра ФПБ», каб адразу пераканацца, што менавіта гэтыя людзі годныя даверу грамадзян. Дзіўна, чаму толькі каля 1465 маладых БРСМаўцаў і 1449 прафсаюзных актывістаў трапілі ў мясцовыя саветы!? |
былы старшы выкладчык катэдры паліталёгіі і сацыялёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова (звольнены з гэтай пасады ў сакавіку 2005 г.). Стыпэндыят «Lane Kirkland Scholarship Program» (працуе ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |