A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  МАКСІМ ЖБАНКОЎ

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Максім Жбанкоў
Інтэлігент як здохлы сабака
Зацемкі на палёх кніжкі, якой няма

Мацкевич Владимир. Вызывающее молчание.
Москва: ООО «Вариант». — 2007. — 240 с.

Белеет мой парус, такой одинокий...

Юлій Кім (песьня з тэлефільму «12 крэслаў»).

Вы оцените красоту игры!

Тамсама.

«Што тут робіць гэты чалавек?» — чыноўная дама з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (на той момант ён яшчэ меў менскую прапіску) пагрозьліва бліскала вачыма ў бок майго суразмоўцы. «Майце на ўвазе: дапамога такіх нам не патрэбная!» Было гэта напярэдадні прымусовага закрыцьця на загад высокіх інстанцыяў самага эўрапейскага з сталічных ВНУ. А гутарылі мы — менавіта з гэтай нагоды — зь незалежным аналітыкам Уладзімірам Мацкевічам. Згаданы выпадак адметны тым, што дакладна выяўляе нязьменны — вось ужо больш за дзесяць гадоў — статус нашага героя.

ПРАГРЭСАР: НАСУПЕРАК ВІДАВОЧНАМУ

Незалежны аналітык Мацкевіч — герой‑аўтсайдэр, прарок‑самотнік, супэрзорка бяз супэрпаствы. На меншае ён ня згодны. Большага — тут і цяпер — атрымаць папросту ня можа. Рэч ня толькі ў агульнай занядбанасьці культурнага слою. Рэч яшчэ і ў місіі, абранай сабе аўтарам згаданага інтэлектуальнага праекту.

Наш герой — пэрсанаж памежжа, узорны «свой‑чужы»: тутэйшы чалавек зь нетутэйшай адукацыяй, нязвыклым ладам мысьленьня і завышанымі, як на ціхмяных пралетараў разумовае працы, амбіцыямі. Апалягет сыстэмнага Падыходу, што нечакана сышоў з вышыняў тэарэтычных сэмінараў абедзьвюх сталіцаў у роднае балота. Хтосьці зласьліва прамовіць: «Інтэрвэнт», хтосьці далікатна шапне: «Агент уплыву» (ах, гэтая схільнасьць паўсюль вышукваць «руку Масквы»!). Аднак нам бліжэйшы іншы тэрмін: Калянізатар. Альбо — паводле любімых Уладзімерам Мацкевічам братоў Стругацкіх — Прагрэсар. Той самы, які за свайго зь перадавымі тэхналёгіямі, па рэцэпты сацыяльнага росту ў кішэню не палезе, працуе зь недаразьвітай масай у рэжыме закансьпіраванага місіянэра духу. І, самае галоўнае, займаецца скрайне няўдзячнай справай: падцягвае за вушы электарат да жаданага роўню нацыі.

Прагрэсар як пэрсанаж — канцэптуальны партызан, генэратар сэнсаў, плянавальнік будучыні — сваім зьяўленьнем абавязаны хрушчоўскай «адлізе». Заставаўся ён рамантычным героем вельмі нядоўга: да зьяўленьня савецкіх танкаў на вуліцах Прагі ў ліхім 1968‑м. Інтэлектуальны праект чэскіх тэарэтыкаў‑прагрэсістаў прыйшоў у відавочную супярэчнасьць з грубай лёгікай савецкай улады. І ня здолеў выбудаваць адэкватнае контрагульні. Але Прагрэсары засталіся. Яны сышлі ў катакомбы мэтадалёгіі навуковага спазнаньня, гісторыі філязофіі і сэміётыкі, шліфавалі тэхнікі мысьленьня ў спадзеве на лепшую будучыню. Здавалася, яна прыйшла разам з распадам Саюзу і «парадам сувэрэнітэтаў».

Час неверагоднага посьпеху «тоўстых» часопісаў, грамадзкіх дыскусіяў і сацыяльных зрухаў спарадзіў ілюзію запатрабаванасьці Прагрэсараў. Ілюзію — бо Прагрэсары не прынялі постсавецкай намэнклятурнай рэчаіснасьці. А рэчаіснасьць, у сваю чаргу, не прыняла Прагрэсараў. Новы (дакладней, наноў выдадзены) тэкст Уладзімера Мацкевіча — падарожжа па могілках нерэалізаваных праектаў, калекцыя — як казаў бы Віні‑Пух — «крычалак», якіх практычна ніхто не пачуў.

МАЙСТРА ДУМКІ НА RENDEZ‑VOUZ

А ці магло быць іначай? З вышыні сёньняшняга дня можна сьмела казаць: не. Праблема зусім ня ў тым, ці да тых людзей зьвяртаўся на пачатку 1990‑х «павяртанец» Мацкевіч, ці з тымі палітычнымі сіламі ладзіў супрацу, ці тыя аргумэнты ўжываў, каб пацьвердзіць уласную пазыцыю ў калектыўных дыскусіях. Дакладныя запытаньні гучаць зусім іначай: наколькі запатрабаваныя актуальнай беларускай рэчаіснасьцю разумныя рэцэпты? І ці гатовая яна разьвівацца з розумам? Толькі непапраўны (і абсалютова недасьведчаны) аптыміст дасьць станоўчы адказ. І гэта, як ні дзіўна, добра. Бо падганяць сацыяльную рэчаіснасьць пад інтэлектуальныя лякалы — занятак небясьпечны і непрадказальны. Матэрыял, бач ты, супраціўляецца. Прагрэсіст скажа: «Тым горш матэрыялу!» Матэрыял ашчэрыцца: «Тым горш Прагрэсісту...»

Нязбыўная самота Ўладзімера Мацкевіча — ягоны выбар і крыжовы шлях, перадвызначаны ўсёй папярэдняй біяграфіяй асобы і прафэсіянала. Аўтар актыўна разважае апошнім часам пра місію беларускага інтэлектуала (гл. арт. у: ARCHE. 2006. № 9), але насамрэч застаецца тыповым постсавецкім інтэлігентам — прафэсійным стваральнікам канцэптуальных фантомаў, шчыра перакананым а) у мажлівасьці зацугляць хаос мысьліўнымі высілкамі, б) у безумоўнай слушнасьці ўласнай пазыцыі, в) у бясспрэчнай мэтазгоднасьці практычнага ўкараненьня сваіх канцэптаў — вядома, дзеля агульнага дабра. Як казаў Еўтушэнка: «Граждане, послушайте меня...» Інтэлігент — гэта работнік разумовае працы з абвостраным пачуцьцём сацыяльнае адказнасьці. Яму баліць усё. Ён лічыць сябе адказным за ўсё. І гатовы ўсё хуценька наладзіць. Уладзімір Мацкевіч прафэсійна «мысьліць Беларусь». Але ягонае мысьленьне слаба стасуецца з наяўным чалавечым рэсурсам. Таму і вынік маласуцяшальны.

Досьвед самотнага мысьленьня абсалютова непрыдатны ў варунках Беларусі, дзе — у найлепшых традыцыях Бронксу і Люберцаў — уся культурная, сацыяльная і палітычная прастора даўно падзеленая на зоны ўплыву. Прагрэсары непатрэбныя, бо тут кожны сам сабе Прагрэсар.

ПЁС‑ПРЫВІД: ВЯРТАНЬНЕ БЛАЗНА

У такім кантэксьце Чалавек з Плянам, амбітны пазасыстэмны аналітык, непазьбежна робіцца маргіналам. І трапляе ў непазьбежную «цёмную зону». Як здохлы сабака пасярод аўтастрады. Мацкевіч ёсьць, але яго не відаць. Ён кажа «ў тэму», але ягоная тэма — па‑за мяжой увагі грамадзкіх суб’ектаў. У глябальным сэнсе гэта раўназначна маўчаньню. Стаміўшыся ў пошуку аднадумцаў, аўтар зьмяняе хвалю вяшчаньня. Ён рашуча ператварае свой тэкст у шалёны кактэйль Молатава, дзе перамяшаныя абрыўкі тактычных распрацовак і аналітычныя нататкі, разборкі зь неда‑аднадумцамі і братамі па інтэлектуальным гета (і навошта мне ведаць, хто такі Бабайцаў?), дыялёгі з самім сабою і біблійныя цытаты. Чытаць усё запар, спатыкаючыся аб бясконцыя камэнтары і заўвагі, амаль немажліва. Зусім не чытаць — таксама.

Гэтая кніга — публічнае самаспаленьне аўтара, вельмі асабістае пасланьне краіне і сьвету, справаздача Ўсявышняму аб правальнай місіі ў «бездарной стране» (А. Вярцінскі). І адначасна спроба разбурыць уласную міталёгію: пыхлівы аналітык ператвараецца ў апантанага блазна, перамяніўшы выкшталцоны гарнітур на зацыраваную апранаху «дурня». Здохлы сабака‑інтэлігент нечакана ўваскрасае ў вобразе містычнага Пса‑прывіда. Блазен‑самурай, на ліха Канту, Фукуяме і Бабосаву, бярэ на абардаж Нацыянальную бібліятэку. Спатыканьне патоку словаў правакуе нэрвовую нязгоду, нішчыць шаблёны мысьленьня.

Ёсьць такі занятак: інтэлектуальная правакацыя. Недалюблены краінаю Ўладзімер Мацкевіч мяняе амплюа. Далей — альбо казань, альбо картачныя фокусы.

  (нар. у 1958 у Менску) — культуразнаўца. Скончыў аддзяленьне філязофіі БДУ. Кандыдат філязофскіх навук. У сфэры ягоных зацікаўленьняў уваходзяць дынаміка мас‑культуры і аналіз візуальных тэкстаў.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/17