A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (55) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Павал Абрамовіч | ||||
Павал Абрамовіч
Я — сьведка Мудроў, В. Альбом сямейны. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе). — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007. — 232 с.: іл. Кніга Вінцэся Мудрова — агучаная ў этэры «калекцыя некалі страшных, пасьля сьмешных, а потым забытых словаў», як пазначана ў анатацыі на яе вокладцы, — нагадала мне праект Беларускай службы радыё «Свабода» «Слова дня», які быў рэалізаваны ў 1999 г. і потым выйшаў у выглядзе спэцыяльнага нумару «ARCHE» пад назвай «Слоўнік Свабоды» (7/2000). Аднак між імі ёсьць канцэптуальнае адрозьненьне: словы‑фатаздымкі з «Альбому сямейнага» лякалізаваныя ў часе — яны ўсе прадукт савецкай эпохі. Як засьведчыў сваёй кнігай аўтар, словы з штампам «made in USSR» даюць нам ня толькі ўяўленьне аб савецкіх рэчах, але і характарызуюць тагачасны грамадзка‑палітычны лад у цэлым, выразна акрэсьліваюць характар стасункаў між грамадзянамі і ўладай. Словамі краіна‑Левіятан не раскідвалася — эканоміла маўленчыя сродкі. Дастаткова згадаць надпіс часоў СССР на вагонных вокнах «Не вытыркайся!», каб зразумець/узгадаць: дзяржава зьвярталася да грамадзян пераважна на мове загадаў. Аднак нягледзячы на строгасьць, дыктат, савецкая навамова і расейская мова ў цэлым па ўсім парамэтрам прайгравалі ўнутры краіны замежным мовам, чужым словам. Гэта наглядна паказаў аўтар «Альбому сямейнага». Прыкладам, ровар «Орлёнок», выраблены на Шаўляйскай фабрыцы, меў на раме надпіс па‑летувіску «Ereliukas», і гэта ў вачах падлеткаў «аўтаматычна выводзіла яго на першае месца» («Велік»). Ці возьмем поліэтыленавую торбу, упрыгожаную літарамі «Marlboro». Чым, як не аб’ектам зайздрасьці і сьведчаньнем заможнасьці, была яна ў вачах савецкага чалавека 70‑х гадоў («Торбы поліэтыленавыя»)? Асабіста я дасюль памятаю словы маёй першай настаўніцы, Франі Вікеньцьеўны, зьвернутыя да ўсяе клясы: «Дзеці! Не купляйце і не насіце нічога з замежнымі надпісамі! А раптам там напісана «Забі рускага»?» Вось якія пачварныя формы набывала «моўнае» супрацьстаяньне ў Савецкім Саюзе!
Хто разваліў СССР?Прадмова Аляксандра Лукашука да кнігі «Альбом сямейны» называецца «Як В. Мудроў разваліў С. Саюз». Жарты жартамі, але Мудроў сапраўды спрычыніўся да гэтага. Разам зь іншымі. З тымі, хто ўдзельнічаў у безжыцьцёвых, некрэатыўных школьных сьвятах, калі вучням даводзілася з году ў год паўтараць са сцэны адны і тыя самыя вершаваныя радкі («Літмантаж»), ці з тымі, хто пасьля заканчэньня маёвак, якія праходзілі «пад чарачку» на прыродзе, кідаў пад ногі непатрэбныя ганаровыя граматы («Маёўка»). Дзеці і дарослыя — жыхары краіны — усе яны так ці інакш прыклалі руку да развалу СССР. У сярэдзіне 60—80‑х гг. мінулага стагодзьдзя савецкія грамадзяне ўсяляк імкнуліся праігнараваць афіцыйныя мерапрыемствы і ператварыць у фарс свае абавязкі перад краінай — у адказ на бяздушныя адносіны да іх самой дзяржавы. Так, кіраўніцтву СССР было напляваць на сваіх грамадзян. Калі дзяржава даручае інстытут грамадзянскай абароны адстаўнікам і на ўвесь Наваполацак ёсьць толькі трыццаць адгазьнікаў («Абарона грамадзянская»), а людзі душацца ў чэргах — «з начнымі пераклічкамі, вогнішчамі, з напісанымі на потных далонях нумарамі й выбітым шклом крамных дзьвярэй» («Чэргі») і ходзяць зімою ў кепурках праз адсутнасьць зімовых шапак («Пыжык»), то ўзьнікае толькі адно пытаньне: колькі можа праіснаваць такая краіна? Але сфармуляваць і агучыць гэтае пытаньне ў часы СССР маглі нямногія (каб адразу апынуцца ў вар’ятнях) — шараговыя грамадзяне ж за шматлікімі чырвонымі сьцягамі і агромністымі агітацыйнымі плякатамі не маглі нічога разгледзець. Дакладней будзе сказаць (у стылі Льюіса Кэрала) — яны не маглі бачыць, што там — нічога.Савецкія людзі — бязвольная масоўка, якая ня ведала фіналу п’есы. Затое сёньня кожны, хто не адвучыўся думаць самастойна, ясна бачыць: чырвона‑зялёная фарба, у якую сьпехам перафарбаваныя савецкія артэфакты, паблякла і лупіцца. І мы, чыё жыцьцё праходзіць у атачэньні хісткіх дэкарацый «самай сацыяльна арыентаванай і справядлівай дзяржавы ў сьвеце», загадзя ведаем, чым усё скончыцца.
Краіна чутак і галечыПазбаўленыя аб’ектыўнай і поўнай інфармацыі, жыхары Савецкага Саюзу актыўна абменьваліся чуткамі. У «Альбоме сямейным» іх цэлы стос. Вось некаторыя зь іх: міліцыя за язду на роварах бяз рук выдзірае ніпэлі, Людміла Зыкіна падтрымлівае інтымную сувязь з прэм’ерам Аляксеем Касыгіным, газэтная фарба выклікае рак кезаўкі, «заходнія» немцы скажаюць тэлесыгнал, каб савецкія грамадзяне не маглі нармальна глядзець чэмпіянат сьвету па футболе. Няспынна адсейваючы інфармацыю і скажаючы яе ў сваіх інтарэсах перад тым, як перадаць насельніцтву краіны, савецкая прапагандысцкая машына спрыяла зьяўленьню ўсё новых і новых чутак (ці заўважылі вы, зь якой хуткасьцю лятуць чуткі па сучаснай Беларусі — пра здароўе кіраўніка дзяржавы, пажар на ЧАЭС, дэнамінацыю нацыянальнай валюты?). Некаторыя зь іх былі здатныя паралізаваць грамадзтва, выклікаць эканамічны каляпс. Мудроў прыгадвае, як пасьля падзеяў у Чэхаславакіі, улетку 1968‑га году, людзі канчаткова спустошылі крамы («Праская вясна»). Усе чакалі вайны, таму хапалі мыла, запалкі, папяросы. Бацька Мудрова не пасьпеў стварыць стратэгічнага запасу папярос — прыйшлося год паліць махорку. Вось вам яшчэ адно пацьверджаньне таго, што не Гарбачоў, Тэтчар і Рэйган, а самі савецкія грамадзяне развалілі СССР. Бо кожны з жыхароў краіны браў удзел у распаўсюджваньні чутак — гэтай чумы таталітарных і аўтарытарных рэжымаў.Кнігу Мудрова можна назваць ня толькі зборам рэчаў і чутак, але і малой энцыкляпэдыяй галечы. Як сьведчыць «Альбом сямейны» (а я стаўлюся да гэтай кнігі менавіта як да дакумэнту, што ўтрымлівае невялікія мастацкія ўстаўкі), галеча ў СССР была паўсюль і мела безьліч абліччаў. Яна выяўлялася ў тым, што чалавек меў фотаапарат, але ня мог зрабіць адразу ўсіх фатаздымкаў — гэта было дорага. Ці ў тым, што дзеці зь вёскі елі дарэшты расталае марозіва, якое бацькі прывозілі ім з гораду ў бідончыках, і ўспрымалі яго як падарунак. Сьведчаньнем галечы ў Савецкім Саюзе быў «каўбасны экспрэс» Менск—Талін і продаж туалетнай паперы льготнікам, аднолькавыя для ўсіх мужчын сямейныя трусы і авоські ды яшчэ шмат чаго. Мудроў, што важна, не складае інвэнтарнага попісу, абапіраючыся на чужыя зьвесткі, а занатоўвае, адбірае для свайго альбома толькі сямейныя фотаздымкі. Сям’я Мудрова не магла пахваліцца заможнасьцю, як і 99 % савецкіх сем’яў, і фіксацыя сапраўднага ў ягоных яскравых праявах дазваляе аўтару адпрэчыць закіды тых, хто настальгуе па СССР, часах чутак і галечы, але не жадае расчыніць сваю памяць і скласьці для сябе, дзяцей і ўнукаў падобны «Альбом сямейны», падсьвядома баючыся, што ружовы туман разьвеецца. Хочацца пажадаць, каб беларусы, чыё дзяцінства і юнацтва прайшло на тле першага, другога, трэцяга тэрміну кіраваньня Лукашэнкі, добра ўгледзеліся ў нутро сябе і склалі кожны свой «Альбом сямейны». Я ўпэўнены, што ў многіх зь іх атрымаюцца шчырыя, мужныя, таленавітыя, цікавыя тэксты. Зразумела, гэтыя творы трэба надрукаваць, распаўсюдзіць. Каб паскорыць перамогу над маною і забыцьцём у Беларусі і прысьпешыць росквіт нацыянальнай аўтабіяграфічнай прозы. Радасьць пазнаваньняКніга ў Мудрова атрымалася крышачку сумнай, крышачку саркастычнай. Але і сонечнай таксама. Таму што многія савецкія рэчы апісаныя вачыма дзіцяці, падлетка: «Раніцай у маленстве прачнесься, пацягнесься й абавязкова памацаеш пальцамі шарыкі на сьпінцы мэталёвага ложка. На кожнай сьпінцы было пяць шарыкаў: два збоку й тры пасярэдзіне, на нікеляванай папярочыне» («Ложак з панцырнай сеткай»). Калі мне трапляліся ў кнізе такія месцы, я адчуваў радасьць пазнаваньня, а ў грудзях разьлівалася цяпло. І ў маёй кватэры калісьці сохлі падвешаныя да люстры фатастужкі, і я меў плаўкі з мэталёвым якарком, і ў майго бацькі была кашуля як бы пашытая з газэты! Савецкі Саюз падарыў нам агульныя ўспаміны. І мы ня ў стане адрачыся ад іх, бо «жыцьцё такое кароткае, і ніхто ня можа дазволіць сабе раскошу напляваць на памеры таго, што ўжо адбылося», як піша сучасны швэдзкі пісьменьнік Ульф Эрыксан у апавяданьні «Колер неба, колер надзеі».Дарэчы, сам аўтар «Альбому сямейнага» не імкнуўся зьвесьці асабістых рахункаў з імпэрыяй зла. Для яго было важна распавесьці, у першую чаргу — маладым людзям (пра гэта сьведчаць ужытыя ў кнізе выразы накшталт «цяпер маладыя ўладальнікі лічбавых «кодакаў» і ўявіць ня могуць…» ці «сёньняшнія хлопцы… павінны ведаць…»), што гэта была за краіна і якім было ягонае жыцьцё ў ёй, а таксама адрадзіць у слове рэчы, гукі, мэлёдыі, пахі, эмоцыі сваёй залатой пары. |
літаратурны крытык. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (55) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |