A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (55) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Алесь Анціпенка | ||||
Алесь Анціпенка
Структурныя зрухі мэдыйнага поля
Мінулагодняя крыза ў беларуска‑расейскіх стасунках ды падвышэнне коштаў на энерганосьбіты зрушылі беларускую палітычную сітуацыю з мёртвага пункту. Гэта, аднак, не азначае, што ў становішчы беларускіх медыяў варта чакаць хоць якіх зменаў на лепшае.
Базуючыся на агульных тэндэнцыях, а таксама на аналізе леташняй сітуацыі, паспрабуем акрэсліць шляхі развіцця СМІ ў 2007 г. ды сфармуляваць некаторыя прафесійныя задачы, што паўстаюць перад незалежнай журналісцкай супольнасцю краіны. НЕКАТОРЫЯ ВЫНІКІ МІНУЛАГА ГОДАЯк і ў папярэднія гады, у 2006 г. улады актыўна імкнуліся выціснуць астатнія незалежныя друкаваныя СМІ з інфармацыйнай прасторы краіны. Дзеля гэтага ўжываўся «традыцыйны» арсенал сродкаў: ад пазбаўлення каналаў распаўсюду да прыпынення дзейнасці выдання. Напрыклад, на падставе пазасудовага рашэння быў прыпынены выхад часопіса «ARCHE», пазбаўлена падпіскі газета «Бреcтcкий курьер».Дзяржаўныя медыі, хоць і захавалі манаполію, аднак упершыню сутыкнуліся з праявамі публічнага астракізму, выкліканага скажоным асвятленнем прэзідэнцкіх выбараў ды ілжывай інтэрпрэтацыяй паслявыбарных падзеяў. Звяртаюць на сябе ўвагу і некаторыя іншыя з’явы. Па‑першае, падзенне цікаўнасці да сур’ёзных тэмаў і праблемаў, у тым ліку і палітычных. Пра названую тэндэнцыю сведчаць узрослая папулярнасць бульварнай прэсы і павелічэнне беспраблемных, «лёгкіх» і забаўляльных матэрыялаў у афіцыйных медыях. Тлумачыцца гэткае ссоўванне акцэнтаў як зместам афіцыйнай прапаганды з яе месыджам стабільнасці і бліскучых перспектываў развіцця краіны, так і самой эканамічнай сітуацыяй, што характарызавалася заўважным ростам спажывання сярод большасці насельніцтва. Па‑другое, прэзідэнцкія выбары і наступныя падзеі ў краіне засведчылі, што ў беларускай медыя‑аудыторыі адбываюцца некаторыя структурныя зрухі. Падчас сакавіцкіх падзеяў колькасць наведванняў найбольш папулярных незалежных інфармацыйных сайтаў упершыню сталася супастаўнай з накладам газеты «Советская Белоруссия». Можна таксама дапусціць, што ў беларускай медыя‑аудыторыі паволі пераразмяркоўваецца давер ад афіцыйных да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі (інтэрнет‑выданняў). Па‑трэцяе, відавочным фактам было развіццё беларускай інтэрнэт‑прасторы. Павялічылася не толькі колькасць інтэрнет‑карыстальнікаў, але і з’явіліся новыя інфармацыйныя рэсурсы. Досыць паспяхова развіваліся і некаторыя раней створаныя інфармацыйныя і аналітычныя старонкі. Безумоўна важную ролю адыграла развіццё замежнага вяшчання на Беларусь. Новыя радыёпраекты перадусім пашырылі спектр асвятлення беларускай рэчаіснасці. Яны ж стваралі і больш поўную карціну падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў беларускім грамадстве. Разам з тым, у замежным вяшчанні выявіўся шэраг сур’ёзных праблем. Цалкам праваліўся праект тэлевізійнага вяшчанння RTVi. Праграма не толькі лёгка блакавалася тэхнічна, але і зусім не адпавядала беларускім рэаліям. Пераважная большасць беларускіх тэлегледачоў нават і не чула пра яе. Цяжкасці, звязаныя з радыёвяшчаннем, маюць, аднак, іншы характар. Першая з іх — якасць прыёму і ахоп тэрыторыяў. Што датычыць вялікіх гарадоў, гэтую праблему можна вырашыць праз добра распрацаваныя і дынамічныя вэб‑старонкі і іх прамоцыю. Пастаянныя карыстальнікі інтэрнета ў Беларусі відавочна аддаюць перавагу сайтам ці гукавым файлам, а не радыёперадачам праз прыймач. Разам з тым, відавочна, што ўсе радыёстанцыі мусяць мець тэхнічную магчымасць перадаваць моцны сігнал, які ахопліваў бы не толькі памежныя тэрыторыі. Другая праблема — змест вяшчання. На сёння яна выяўляецца ў тым, што карэспандэнцкая сетка ўсіх без выключэння станцыяў, якія вяшчаюць на Беларусь, альбо слабая і неразгалінаваная, альбо недастаткова прафесійная. Не задавальняе і аператыўнасць размяшчэння інфармацыі цягам дня на іх сайтах. ПЕРСПЕКТЫВЫ НА 2007 ГОДНяма сумневу: палітычны крызіс у стасунках Беларусі і Расеі прывядзе і да пэўных зменаў у беларускай медыя‑сітуацыі.Няцяжка прадбачыць, што, чым больш заўважна будуць расці кошты на тавары і паслугі, тым у больш супярэчлівай сітуацыі апынуцца дзяржаўныя СМІ, якія дагэтуль тыражавалі вобраз «квітнеючай Беларусі». А ўзнікненне любой сацыяльнай напружанасці можа выклікаць усплёск недаверу да іх. Такі варыянт здаецца тым больш верагодным, калі мець на ўвазе згаданы прэцэдэнт публічнага астракізму ды паступовае пераразмеркаванне даверу ад дзяржаўных да незалежных медыяў. То бок пры пэўных умовах — заўважным пагаршэнні эканамічнага і сацыяльнага самапачування пэўнай часткі насельніцтва — можна адназначна прагназаваць рост попыту на альтэрнатыўную інфармацыю. У буйных гарадах найбольш папулярнымі яе каналамі будуць інтэрнет і спадарожнікавае тэлебачанне, а ў меншых — замежнае радыё і альтэрнатыўныя друкаваныя выданні. Напрыканцы леташняга і пачатку гэтага года мы сталіся сведкамі інфармацыйнай вайны з Расіяй. Наперадзе нас чакаюць і новыя інфармацыйна‑«баявыя» дзеянні беларускага боку, як толькі насельніцтва адчуе падвышэнне коштаў на тавары і паслугі. Падобныя кампаніі выклічуць далёкасяжныя наступствы і парадаксальныя вынікі. Адным з іх, напрыклад, будзе рост тутэйшага патрыятызму ды своеасаблівай формы «дзяржаўнага нацыяналізму» — рэжым скарыстае яго дзеля сваёй далейшай кансалідацыі. Разам з тым цягам года Крэмль, хутчэй за ўсё, ужыве і новыя спосабы ціску на А. Лукашэнку. Верагоднасць такога сцэнару тым большая, чым большых «поспехаў» у распальванні антыпуцінскіх і антырасійскіх настрояў дасягнуць афіцыйныя СМІ. Маючы на ўвазе «новы» кантэкст стасункаў з Захадам, можна чакаць і пэўнага паслаблення антызаходняй рыторыкі. Аднак малаверагодна, каб гэты кантэкст хоць якім істотным чынам паспрыяў лібералізацыі медыя‑сітуацыі ў Беларусі. Па‑першае, сумнеўна, каб цягам года ўлады апынуліся перад жорсткім выбарам: альбо эканамічныя рэформы, альбо рост сацыяльнай напружанасці і змена кіроўнай эліты — і пайшлі на саступкі. А па‑другое, агучаныя ЕС прапановы з прагматычнага гледзішча відавочна саступаюць рэальнай выгадзе сённяшніх эканамічных стасункаў з Расіяй — нават цяпер, калі расійскія датацыі ў беларускую эканоміку істотна зменшыліся. Гэткім чынам, малаверагодна, каб у 2007 г. адбыліся нейкія сур’ёзныя зрухі ў бок паляпшэння стасункаў з ЕС і беларускія ўлады дзеля гэтага пагадзіліся б на ліберальныя саступкі ў галіне медыяў ці ва ўнутранай палітыцы. А таму на кірунак будучых зменаў найбольш паўплываюць усё ж унутрыэканамічныя і ўнутрыпалітычныя фактары і працэсы: рост коштаў на тавары і паслугі, падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, эфектыўнасць альбо неэфектыўнасць дзеянняў апазіцыі, спробы ўзмацніць прапагандысцкае ўздзеянне праз дзяржаўныя СМІ і да т. п. НАЙБОЛЬШ ВАЖНЫЯ ПРАЕКТЫУ найбліжэйшай перспектыве гаворка і не ідзе пра істотныя зрухі ў сацыяльнай і палітычнай сітуацыі. Аднак у другой палове года кумулятыўны эфект — назапашванне розных негатыўных з’яваў — можа прывесці да досыць дынамічных падзеяў. Рэакцыяй на адмоўныя наступствы можа стацца пазбаўленне недзяржаўных СМІ афіцыйных каналаў распаўсюду, падпіскі ці пазасудовае прыпыненне астатніх незалежных друкаваных СМІ ў краіне, а потым і іх закрыццё. Улічваючы гэтую акалічнасць, мае сэнс надаць увагу наступным незалежным медыя‑праектам:• падтрымка незалежнай прэсы, а таксама развіццё іх інтэрнет‑версіяў; • падтрымка мясцовых нетрадыцыйных друкаваных выданняў; • стварэнне новых інфармацыйных і аналітычных вэб‑старонак, перадусім моладзевых інтэрнет‑выданняў; • стварэнне шэрагу невялікіх рэгіянальных інфармацыйных агенцыяў (напрыклад, на базе закрытых газетаў); • істотнае ўмацаванне карэспандэнцкай сеткі незалежных радыё, што вяшчаюць з‑за мяжы (варта прадугледзець таксама павелічэнне магутнасці сігналу гэтых радыёстанцыяў); • сістэмны агляд і аналіз зместу найбольш важных праўладных як беларускіх, так і расійскіх медыяў датычна мажлівых варыянтаў развіцця беларуска‑расійскіх стасункаў; • публічны маніторынг парушэння журналістамі дзяржаўных СМІ прынцыпаў журналісцкай этыкі і прафесійных нормаў; • трэнінгі, разлічаныя на прафесійнае кшталтаванне маладых незалежных журналістаў, асабліва што да працы ў складаных і экстрэмальных умовах; • трэнінгі, датычныя інтэрнет‑журналістыкі; • маніторынг і аналіз інфармацыйных і зместавых прэферэнцыяў розных сегментаў беларускай аудыторыі ў зменлівай сацыяльна‑палітычнай і эканамічнай сітуацыі. ЗАМЕСТ ВЫСНОВАЎНяма сумневу, што ў больш ці менш агляднай перспектыве сацыяльная роля медыяў у беларускім грамадстве мусіць заўважна падвысіцца. Адпаведна ўзрасце і іх адказнасць за тое, якую «карцінку» сацыяльнай, палітычнай і культурніцкай рэчаіснасці яны змадэлююць у галовах большасці беларускіх грамадзянаў.Гэта будзе адносна новая сітуацыя. І яна азначае, што для незалежных медыяў актуальнымі робяцца як мінімум чатыры прафесійныя задачы: 1) данесці ўсебаковую інфармацыю пра прычыны крызісу ў беларуска‑расійскіх стасунках ды пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі; 2) стварыць інфармацыйныя падставы, каб як мага больш грамадзянаў зрабілі выбар на карысць незалежнага і дэмакратычнага развіцця краіны; 3) ператварыць незалежныя медыі ў пляцоўку для абмеркавання найбольш значных сацыяльных, палітычных, культурніцкіх і эканамічных праблемаў; 4) нарэшце, спраўдзіць найвышэйшую каштоўнасць журналісцкай прафесіі — свабоду слова. |
папулярны беларускі філёзаф. Гэты тэкст становіць сабой дапрацаваную вэрсію публікацыі, першапачаткова зьмешчанай на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў пад назвай «Беларуская мэдыя‑сытуацыя: у якіх кірунках яна можа мяняцца?». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (55) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |