A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


аналітыка

  Імке Гансэн

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Імке Гансэн
Прастора беларускага палітычнага дыскурсу і ягоныя візуальныя ды пэрфармацыйныя элемэнты
Вывучэньне палітычнага дыскурсу ў Беларусі паказвае, што ён складаецца зь дзьвюх плыняў: уладна‑афіцыйнай і апазыцыйнай. На першы погляд здаецца, што яны існуюць незалежна адно ад другога, бо наўпроставага ўзаемадзеяньня між імі няма. Але яны вельмі часта адсылаюць адно да другога.

З палітычнага гледзішча можна сьцьвярджаць, што дзякуючы адсутнасьці беспасярэдняй лучнасьці прастора палітычнай культуры ў Беларусі вызначаецца двума дыскурсамі, кожны зь якіх адлюстроўвае іншы і рэагуе на яго. З аднаго боку, афіцыйны дыскурс засяроджваецца на прэзыдэнту і ягонай дзейнасьці. З другога, ягоныя апанэнты, якім няма месца ў афіцыйным дыскурсе, ствараюць свой уласны. Адсутнасьць узаемадзеяньня паміж гэтымі двума тыпамі дыскурсу вядзе да застою ў палітычнай культуры. Афіцыйны дыскурс ператлумачвае яго ў станоўчым сьвятле — як стабільнасьць (але пра гэта — пазьней).

З навуковага гледзішча лёгка заўважыць адзін двухполюсны дыскурс. На тое ёсьць дзьве прычыны. Па‑першае, асноўная мэта ягоных абедзьвюх частак — супрацьстаяць адна адной і канкураваць міжсобку, таму адсутнасьць беспасярэдняй лучнасьці больш чым кампэнсуецца ўскоснымі ўзаемнымі спасылкамі. Па‑другое, шмат якія дзеяньні, зьмест выказваньняў, і спосабы іх перадачы ў гэтых пераплеценых між сабою дыскурсах наўрад ці можна зразумець без супрацьлеглай часткі.

У гэтай дваістасьці дыскурсу трэба бачыць адсутнасьць плюралізму. Хоць сярод ягоных складнікаў ёсьць свае нюансы, але наагул варта ўжыць гэтую дваістую мадэль. Па‑першае, іх параўнаньне дае больш выразныя і больш зразумелыя вынікі, якія можна выкарыстаць у плянаваньні стратэгіі. Па‑другое, нават калі існуе і працягвае разьвівацца плюралізм, ягоная дваістасьць па‑ранейшаму застаецца вызначальнай рысай СМІ і публічнай прасторы.

У сваім артыкуле я каротка апішу названыя дыскурсіўныя плыні і іхныя традыцыі. Затым я пакажу супярэчлівую будову дыскурсу і ягоную дынаміку на прыкладах з трох розных наратываў дыскурсу: мэдыяў, празь якія ён распаўсюджваецца, рыторыкі, што ён выкарыстоўвае, і прысутнасьці дыскурсу ў публічнай прасторы. Наастачу я разгледжу ролю людзей у гэтай структуры і зраблю некаторыя высновы.

Афіцыйны дыскурс — надзвычай савецкі. Ён моцна нагадвае звод правілаў і вартасьцяў, якія вызначалі публічную мову ў СССР. Яго сфармавала літаратурная норма г. зв. сацыялістычнага рэалізму, зацьверджанага на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР у 1934 г. Ключавыя рысы таго дыскурсу — аптымізм, даступнасьць, сувязь з простым народам і рамантычны ўтапізм. Усё гэта можна пабачыць і ў беларускім афіцыйным дыскурсе — ня толькі ў ягоным зьмесьце, але і нават у большай ступені ў іканаграфіі і ў пэрфарматыве. Прыкладамі на тое — герб і сьцяг, спосабы падачы інфармацыі ў СМІ (скажам, растар праграмы «Панарама»), назвы вуліцаў, арганізацыя публічнай прасторы, а таксама розныя мерапрыемствы кшталту канцэртаў, дзён памяці і спартовых спаборніцтваў. Трэба прызнаць, што ў сучасным дыскурсе рамантычная ўтопія набыла вельмі прагматычныя формы: ня маючы пераканаўчай усёахопнай ідэалёгіі (хоць «ідэалёгія» — абавязковы прадмет у школьнай праграме), Лукашэнка малюе карціну будучыні Беларусі з акцэнтам на эканамічны рост і дабрабыт. Напрыклад, ён абяцае павялічыць да 2010 г. заробкі да 500 даляраў на чалавека. Але ў афіцыйным дыскурсе будучыня згадваецца значна радзей, чым у апазыцыйным.

Далей, кожная важная афіцыйная заява поўніцца ня толькі аптымізмам, але і напамінамі пра «пагрозы» і «ворагаў» Беларусі. Сама ідэя пагрозы — вельмі гнуткая. Каб выкрыць прычыны пэўнай наяўнай праблемы, амаль усіх і ўсё можна ператварыць у ворагаў. Пасьля прызначэньня вінаватых грамадзтву апісваюць стратэгію і плян дзеяньняў, што нібыта дапамогуць пераадолець пагрозу. Згаданы мэтад шырока ўжываецца ва ўнутранай палітыцы, каб прэзыдэнт ніколі не апынаўся вінаватым: калі адчуваецца нейкая незадаволенасьць, улады абіраюць «ахвярнага казла» і здымаюць яго з пасады.

Яшчэ адна адметнасьць афіцыйнага дыскурсу — ягоная відавочная шматслоўнасьць. У параўнаньні з савецкім дыскурсам, які быў пераважна візуальным — на моўным узроўні ён фактычна зводзіўся да лёзунгаў кшталту «Сьвету — мір», «Ленін жыў, Ленін жывы, Ленін будзе жыць», сёньняшні ж афіцыйны дыскурс — надзвычай гаваркі. Ён перадусім фармуецца прамовамі і загадамі прэзыдэнта Лукашэнкі.

Вялікую ролю ў афіцыйным дыскурсе адыгрываюць адсылкі да гісторыі. Яны зводзяцца толькі да асьвятленьня другой усясветнай вайны ў гераічным рэчышчы — праз стварэньне міту пра магутны партызанскі рух і да ўяўленьня сябе як пераможцы і вырашальнай сілы ў вайне. Таму вэтэранаў і, безумоўна, былых партызанаў выстаўляюць як галоўны маральны аўтарытэт і тым самым надаюць інструмэнтальную функцыю ў дыскурсе. Другой усясветнай вайне, якую дасюль называюць «Вялікай Айчыннай», адводзіцца велізарнае месца ня толькі ў вывучэньні і ўспрыманьні гісторыі, але і ў канструяваньні мінулага, у літаратуры, драматургіі, мастацтве. У афіцыйным дыскурсе прысутнічаюць таксама іншыя гістарычныя падзеі — Кастрычніцкая рэвалюцыя і «ўзьяднаньне» з Заходняй Беларусьсю ў 1939 г. (яно пачало падкрэсьлівацца, калі абвастрыліся беларуска‑польскія стасункі). Пэрыяды гісторыі, ранейшыя за савецкі, калі і закранаюцца, дык толькі ў кантэксьце расейскай гісторыі.

Афіцыйны дыскурс складаецца ня толькі з савецкіх сымбаляў. Сам Лукашэнка заўсёды навязваў сабе статус ключавой выявы і самадастатковай іконы для дыскурсу — ніякія іншыя непатрэбныя. Улетку 2005 г. Лукашэнка перайменаваў дзьве менскія вуліцы: праспэкт Скарыны — у праспэкт Незалежнасьці і праспэкт Машэрава — у праспэкт Пераможцаў. Тым самым прэзыдэнт паказаў, што ён супраць прысутнасьці ў цэнтры гораду якіх‑кольвек значных асобаў. Асабліва нязручнай для яго сталася памяць пра Машэрава — выглядае на тое, што Лукашэнка ня хоча, каб у публічнай прасторы захоўваліся вобразы супастаўных зь ім лідэраў. Што да зьместу афіцыйнага дыскурсу, то зьмяняюцца нават ягоныя асноватворныя ідэі: ад барацьбы з карупцыяй у сярэдзіне 1990‑х — праз хаўрус з Расеяй напрыканцы 1990‑х — да стварэньня моцнай незалежнай дзяржавы ў новым стагодзьдзі.

Афіцыйны дыскурс займае ў грамадзтве амаль усю палітычную, эканамічную, праўную і ідэалягічную прастору. Усялякая альтэрнатыва мусіць шукаць сябе і нават змагацца за прастору і трыбуну для выказваньня і часьцяком выштурхоўваецца за рамкі закону. Большасьці людзей афіцыйны дыскурс вельмі зразумелы, бо ён ужывае тую самую мову і апэруе тымі самымі рэаліямі, што вызначаюць асяродзьдзе сярэднестатыстычнага простага чалавека. Алег Манаеў назваў гэты дыскурс стратэгіяй сацыяльнай радыёлякацыі: ён улоўлівае чаканьні і парываньні большасьці, засяроджваецца на іх і вяртае іх у пераінтэрпрэтаванай форме, зьвязанай з каштоўнасьцямі і ідэямі, якія ён хоча перадаць.

Вытокі апазыцыйнага дыскурсу — часткова ў нацыяналістычнай рыторыцы Зянона Пазьняка і Беларускага народнага фронту канца 1980‑х — пачатку 1990‑х гг. Але назваць апазыцыйныя колы нацыяналістычным рухам у заходнеэўрапейскім сэнсе слова было б памылкай. Хоць афіцыйная прапаганда і лічыць усіх апанэнтаў рэжыму нацыяналістамі і фашыстамі, насамрэч у апазыцыйных колах апошнім часам стала назірацца больш адкрытасьці і размаітасьці. Перадусім сталі адыгрываць значна большую, чым раней, ролю лібэральныя тэндэнцыі. Часткова гэта зьвязана са зьяўленьнем фігуры адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Апроч таго, трэба заўважыць, што абвастрэньне рэпрэсіяў выштурхоўвае ўсё больш і больш людзей у апазыцыю.

Апазыцыйны дыскурс таксама адсылае да гісторыі, але да значна больш старажытных пэрыядаў. Ён зьвяртае ўвагу на Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае, бачыць у іх папярэднікаў, а то і раньнія формы беларускай нацыянальнай дзяржавы. Сапраўды: Полацак дамагаўся ўсё большай незалежнасьці ад двух цэнтраў старажытнай Русі — Кіева і Ноўгараду. Гэтае імкненьне выявілася нават у архітэктуры: узьвядзеньне Сафійскага сабору ў Полацку сымбалізавала ягоную незалежнасьць ад Кіева і роўнасьць яму. А ў Вялікім Княстве Літоўскім «старабеларуская» была афіцыйнай мовай княскай канцылярыі і большасьць жыхароў (праўда, не эліту) складалі беларусы. Аднак называць Полацкае княства ці Вялікае Княства Літоўскае старажытнабеларускай нацыянальнай дзяржавай — значыць нацыяналізаваць і беларусізаваць гісторыю.

Разам з тым неафіцыйны дыскурс вельмі часта зьвяртаецца да будучыні, аналізуе магчымыя ці пажаданыя сцэнары разьвіцьця сытуацыі. (У тым ліку разглядаюцца і амаль фантастычныя пэрспэктывы, што выношваюць некаторыя дзеячы нацыяналістычнага крыла дыскурсу.) І гэта ня дзіўна, бо магчымасьці для дзеяньня на цяперашні час вельмі абмежаваныя, і носьбіты апазыцыйнага дыскурсу прагнуць палітычных пераменаў.

З палітычнага гледзішча гэты дыскурс супрацьстаіць прэзыдэнту, дзяржаве і эканамічнай сыстэме, патрабуючы дэмакратыі, грамадзянскіх свабодаў, выкананьня міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Сярод іншых мэтаў — падтрымка беларускай мовы і культуры, якія рознымі спосабамі душыць цяперашні рэжым, і больш шчыльнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Апазыцыйны дыскурс не абмяжоўваецца партыямі і фігурамі на палітычнай сцэне, а пераплятаецца з г. зв. «трэцім сэктарам»: грамадзкімі аб’яднаньнямі, НУА, іншымі складнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Апазыцыйны дыскурс імкнецца да большай візуальнасьці і пэрфармацыйнасьці, чым вэрбальнасьці. На тое ёсьць дзьве прычыны. Па‑першае, моўны фармат амаль немагчымы, калі няма форуму — тыя нешматлікія незалежныя газэты, што яшчэ існуюць у краіне, ня маюць амаль ніякіх магчымасьцяў для распаўсюду і даходзяць толькі да вузкага кола. Іншыя спосабы публічнага моўнага выяўленьня рэпрэсуюцца. Гэта адбілася і на правілах флэшмобаў — вельмі папулярнай формы апазыцыйнага дыскурсу: «Ніякіх словаў! Толькі дзеі!»

Па‑другое, размаітасьць дыскурсу вядзе да таго, што ўсімі прызнаныя паняткі: дэмакратыя, свабода, незалежнасьць — абясцэньваюцца. Ад бясконцых паўтораў гэтыя асноватворныя ідэалы ператварыліся ў банальнасьць. Таму незалежны дыскурс зьвяртаецца да іканічных знакаў, вобразаў і сымбаляў (напр., бел‑чырвона‑белы сьцяг і «Пагоня» — герб Вялікага Княства Літоўскага, які да 1995 г. быў гербам незалежнай Беларусі). Спробы на ўзор «Памаранчавай рэвалюцыі» знайсьці супольны колер пакуль застаюцца безвыніковымі.

МЭДЫІ ДЫСКУРСУ

Што да сродкаў распаўсюду дыскурсу, можна сказаць, што афіцыйны дыскурс цалкам займае сабою тэлебачаньне, радыё і ледзь ня ўвесь сэктар прэсы. Апазыцыйны дыскурс абмежаваны Інтэрнэтам, некалькімі газэтамі і часопісамі, ён практычна пазбаўлены магчымасьці распаўсюджвацца легальна. Але ў беларускім выпадку неабходна разгледзець яшчэ адзін значна больш істотны сродак — саму мову. Прынцыповая розьніца паміж двума варыянтамі дыскурсу ў тым, што яны карыстаюцца рознымі мовамі. Афіцыйная пазыцыя за некаторымі выключэньнямі выкладаецца па‑расейску. І гэта ня дзіўна, калі браць пад увагу блізкасьць афіцыйнага дыскурсу да савецкай культуры. Беларускую мову падаюць як ніжэйшую: яна прыдатная для гутаркі зь вяскоўцамі, але не для палітычнага дыскурсу і выказваньня інтэлектуальных ідэяў. Падобны падыход абумоўлены ня толькі моўнай палітыкай савецкага часу, але і тым, што пасьля вайны ў прамысловых гарадах вялі рэй расейцы. Іх адмыслова накіроўвалі ў Менск адбудоўваць горад і забясьпечваць эканамічнае разьвіцьцё. Такім чынам, расейская мова сталася «гарадзкой», а за беларускай замацаваўся вобраз неразьвітай вясковай гаворкі. Апошнім часам афіцыйны дыскурс выяўляе беларускую мову небясьпечным сродкам зносінаў, бо ім карыстаецца апазыцыя. Аднак нічога гэтага наўпрост у афіцыйнай палітыцы не сьцьвярджаецца. Стаўленьне да беларускай мовы адчуваецца хутчэй у безыменнай дыскрымінацыі мовы сыстэмай улады, у пагардзе да яе з боку чыноўнікаў усіх узроўняў.

Апазыцыйны дыскурс, наадварот, карыстаецца пераважна беларускай мовай. Часткова гэта тлумачыцца нацыяналізмам, часткова — тым, што расейская мова сымбалізуе моўны і культурны прыгнёт савецкага часу, а часткова — тым, што беларуская мова сталася азнакай сёньняшняй апазыцыі — яна ўсё больш уваходзіць у моду сярод апазыцыйна настроенай моладзі. Для апанэнтаў улады тут як адкрываюцца новыя магчымасьці, гэтак і застаецца старая праблема. Іх лёгка пазнаць па беларускай мове, і гэта дапамагае ствараць сетку сувязяў і мацуе давер паміж прыхільнікамі апазыцыі. Але большасьць насельніцтва ня хоча карыстацца беларускай мовай у побытавых зносінах на асабовым узроўні, таму для іх яна ня будзе гэткай сама зразумелай, знаёмай і блізкай, як расейская, што для большасьці грамадзянаў была мовай сацыялізацыі.

РЫТОРЫКА: КЛЮЧАВЫЯ СЛОВЫ І МЭТАФАРЫ

Яшчэ больш, чым мова, вызначаюць дыскурс словы. Праз ужываньне адных паняткаў і пазьбяганьне іншых, улучэньне іх у пэўны кантэкст і спалучэньне між сабою перадаюцца палітычныя ідэі і фармуецца геаграфія дыскурсу. Аднак ня толькі паняткі фармуюць дыскурс, але і наадварот. Увесьчаснае паўтарэньне некаторых паняткаў у адным і тым самым ці пераменных кантэкстах надае кожнаму зь іх пэўнае сэнсавае напаўненьне і значнасьць. Кантэкст можа таксама дыскрэдытаваць некаторыя паняткі.

  гісторык, выкладчыца катэдры ўсходнеэўрапейскай гісторыі Гамбурскага ўнівэрсытэту. Вывучала паліталёгію і эўрапеістыку ў Ягелонскім унівэрсытэце (Кракаў). У сфэру яе навуковых інтарэсаў уваходзяць ідэнтычнасьць, трансфармацыі і нацыятварэньне ў Беларусі.

   
Райманд Ўільямс1 назваў такія паняткі «звышпрысутнымі», раскрыў сутнасьць «ключавых словаў» у дыскурсе і прывёў цэлы іх набор. Ён таксама паказаў, што словы ў дыскурсе ўвесь час зьмяняюцца і, каб пазьбегчы непаразуменьня, трэба абгаворваць і акрэсьліваць значэньне слова. Відаць, адна з праблемаў беларускай інтэлектуальнай і палітычнай прасторы ў тым, што зьмест паняткаў амаль не абмяркоўваецца. Розныя бакі ўжываюць іх у розных кантэкстах і ў розных значэньнях. Магчыма, гэтая праблема існуе і ў стасунках паміж Беларусьсю і Захадам: адныя й тыя самыя паняткі прайшлі розны шлях фармаваньня і маюць розныя значэньні. Трэба гэта прызнаць і дамовіцца пра зьмест паняткаў, перш чым ужываць іх у дыскусіі.

У прамовах і заявах Аляксандра Лукашэнкі раз‑пораз зьяўляецца ключавое слова «маладая дзяржава». «Маладая» аўтаматычна стварае станоўчае ўражаньне: у гэтым слове чуецца дынаміка, яно асацыюецца з ростам, зь вялікімі здольнасьцямі і магчымасьцямі. Сам Лукашэнка называе «маладую дзяржаву» «дынамічнай краінай, якая стабільна рухаецца наперад». Да таго ж маладой дзяржаве, у якой яшчэ няма досьведу, дазваляецца рабіць памылкі, і «маладосьць» можа служыць іх апраўданьнем. Аднак панятак «маладая дзяржава» ня толькі робіць станоўчае ўражаньне, але й ілюструе створаную афіцыйным дыскурсам канструкцыю гісторыі. Ён лічыць Беларусь маладой дзяржавай, бо не прызнае існаваньня беларускай дзяржаўнасьці да абвяшчэньня Саветамі БССР у 1919 г. Апазыцыя ж, наадварот, падкрэсьлівае, як заўважалася вышэй, дасавецкія формы беларускай дзяржаўнасьці. Нарэшце — і магчыма, гэта самае галоўнае, — выраз «маладая дзяржава» наводзіць людзей на думку, якімі бездапаможнымі яны былі б без уладнай верхавіны і прэзыдэнта. Краіна выяўляецца маленькай дзяўчынкай, пра якую мусіць клапаціцца «бацька».

Яшчэ больш значнае ключавое слова ў афіцыйным дыскурсе — стабільнасьць. У прамове за два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. Лукашэнка назваў курс, якім ідзе Беларусь пад ягоным кіраўніцтвам, «шляхам да палітычнай стабільнасьці»2. У гэтым кантэксьце палітычная стабільнасьць можа азначаць толькі стабільнасьць адной асобы. І сам Лукашэнка выступае вызначальным фактарам і гарантам стабільнасьці. Можна сказаць, што ён — само ўвасабленьне палітычнае стабільнасьці. Але ягоныя апанэнты разумеюць яе як застой — стабільнасьць набывае адмоўную афарбоўку, таму гэты панятак увогуле не выкарыстоўваецца ў апазыцыйным дыскурсе. Апазыцыя хоча не стабільнасьці, а зьменаў.

  1 Williams, Raymond. Key Words, a Vocabulary of Culture and Society. Glasgow, 1967.
   
Трэці панятак, пра які пойдзе гаворка, — дэмакратыя. Гэта ключавое слова ў апазыцыйным дыскурсе. Яно ўжываецца ў настолькі размаітых кантэкстах, што ўжо страціла канкрэтны зьмест і стала папросту нейкім модным слоўцам. Але яно дасюль мае надзвычай станоўчую афарбоўку. Нават сярод апазыцыі дэмакратыю вызначаюць па‑рознаму. Што ўжо казаць пра рознае разуменьне дэмакратыі апазыцыяй і заходнімі дарадцамі ды спонсарамі ці апазыцыяй і ўладай.

Як афіцыйны дыскурс успрымае тое, што апазыцыйны называе дэмакратыяй, відаць зь некалькіх заяваў прэзыдэнта. За два дні да сакавіцкіх выбараў ён заўважыў:

Асобна мушу сказаць аб захаваньні грамадзкага парадку. Некаторыя з кандыдатаў настойліва заклікаюць людзей выйсьці на вуліцы, калі вынікі галасаваньня будуць не на іх карысьць. Дык хіба ў гэтым разуменьне дэмакратыі? Беспарадкі, пагромы, гвалт3.

Насамрэч падставовы складнік дэмакратыі — свабода выказваньня ў форме дэманстрацыяў за ці супраць чагосьці — тут паўстае як увасабленьне хаосу. Лукашэнка ня толькі паставіў знак роўнасьці паміж палітычнай апазыцыяй і хаосам. Ён таксама даў уяўленьне пра тое, як ён разумее асноватворныя для яго структурныя прынцыпы «парадак» і «хаос». Ён са сваёй канцэпцыяй улады і дзяржавы гарантуе парадак, а ўсё астатняе, у т. л. і дэмакратыя, вядзе да хаосу. Лукашэнка ўжывае падставовую ў рэлігіі канцэпцыю: парадак і хаос, ці, іначай кажучы, космас і хаос, — дзьве спачатныя супрацьлегласьці.

Прэзыдэнт вельмі часта ўжывае слова «дэмакратыя» ў своеасаблівым кантэксьце: ён зьвяртае ўвагу на сацыяльныя праблемы, скандалы, зь якімі сутыкаюцца ЗША ці заходнеэўрапейскія дзяржавы, і пытаецца: «І гэтыя краіны будуць вучыць нас дэмакратыі?»

Афіцыйны дыскурс надзіва шырока выкарыстоўвае яшчэ адзін стылістычны прыём — мэтафару. Бадай, найлепш вядомая мэтафара Аляксандра Лукашэнкі — вобраз дрэва, які сымбалізуе ягонае разуменьне падзелу ўладаў: прэзыдэнт — ствол, ад якога адыходзяць усе астатнія галіны. Гэтая мэтафара ня проста паказвае, як ён разумее структуру кіраваньня, шырока ўведзеную ім у жыцьцё. Яна замацоўвае за аўтарытарнай вэртыкальнай структурай вобраз натуральнасьці і арганічнага росту. У мэтафары ствала спалучаюцца ўсе тры вышэйзгаданыя ключавыя словы: дынаміка росту і стабільнасьць асацыююцца з дрэвам, а арганічная ўпарадкаванасьць галінаў адлюстроўвае іх супрацьлегласьць хаосу.

Стварыць ня менш магутную мэтафару — задача для апазыцыйнага дыскурсу амаль невырашальная. Апанэнты Лукашэнкі заклалі ў аснову сваёй палітыкі прынцыпы свабоды асобы і дэмакратычнага падзелу ўладаў. Калі параўноўваць, то дэмакратыя — ня дрэва, а луг. Тут узьнікаюць дзьве праблемы. Па‑першае, простыя, моцныя мэтафары і вобразы прасьцей успрымаюцца і разумеюцца, чым доўгія тлумачэньні. З гэтага гледзішча рыторыка афіцыйнага дыскурсу ў большай ступені наўпрост прываблівае насельніцтва. Па‑другое, адзінства часам выглядае больш прыцягальна, чым размаітасьць і плюралізм, асабліва калі людзі адчуваюць сацыяльную і эканамічную неабароненасьць.

ДЫСКУРС У ПУБЛІЧНАЙ ПРАСТОРЫ:
ВІЗУАЛЬНЫ І ПЭРФАРМАЦЫЙНЫ АСПЭКТ

Як сказана вышэй, публічную прастору ў Беларусі займае афіцыйны дыскурс, які выяўляецца ва ўрачыстасьцях, сьвяткаваньнях, назвах вуліцаў, помніках і такіх манумэнтальных будынках, як новы менскі чыгуначны вакзал і Нацыянальная бібліятэка. З 2004 г. усюдыісным і вельмі выразным элемэнтам афіцыйнага дыскурсу сталася кампанія «За Беларусь!». Яна распачалася ў 2004 г. у падтрымку рэфэрэндуму, які дазваляў Лукашэнку вылучаць сваю кандыдатуру на трэці тэрмін, што на той час не дазвалялася Канстытуцыяй. У бюлетэні выбарцы мусілі адзначыць, «за» яны альбо «супраць» трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Таму ўся кампанія будавалася не вакол палітычных ідэяў ці асобы Лукашэнкі, а вакол лёзунгу «За!». Тлустымі чырвона‑зялёнымі літарамі (гэта колеры дзяржаўнага сьцягу) на плякатах было напісана: «За Беларусь!». Лёзунг фігураваў на фоне шэрагу розных выяваў. Кампанія працягвалася ў 2005 г. і пашырылася ў 2006 г. — перад прэзыдэнцкімі выбарамі дадаліся новыя карцінкі. У іканаграфіі плякатаў пераважалі вобразы вясковага жыцьця, здымкі працоўных, партызанаў, дзяцей — яна вельмі нагадвала савецкія часы. Вось вэтэраны тлумачаць нешта студэнтам, дзяўчаты ў нацыянальных строях падносяць хлеб‑соль на дажынках, шчасьлівыя дзеці бягуць па залатых палёх пшаніцы, сталага веку жанчыны займаюцца традыцыйнай жаночай працай, сьмяюцца працоўныя ў камбінэзонах, крочаць салдаты і г. д. — усё вельмі ясныя і зразумелыя сытуацыі. Кампанія дзейнічае прынамсі на трох узроўнях. Па‑першае, на ўсіх плякатах — радасныя, шчасьлівыя людзі, таму яны нясуць станоўчы зарад і малююць карціну шчасьлівай Беларусі. Тут немагчыма быць «супраць», можна быць толькі «за». Па‑другое, калі пэўныя сытуацыі падносяцца як складнікі або тыповыя рысы вобразу Беларусі — яны ствараюць ня проста канкрэтнае ўяўленьне пра Беларусь, а вобраз, якога нельга не прымаць і якім нельга не ганарыцца, тым самым кампанія на візуальным узроўні спрычыняецца да нацыятварэньня. Па‑трэцяе, яна зьвяртаецца да людзей на вельмі асабістым узроўні, бо для кожнай магчымай мэтавай групы паводле ўзросту, прафэсіі ці асяродзьдзя ёсьць свой прывабны плякат. Такім чынам атрымліваецца даходзіць да кожнага чалавека паасобку, прапануючы яму тое, з чым ён можа атаясаміць сябе.

Публічную прастору ня толькі займае афіцыйны дыскурс, але і ахоўвае рэпрэсіўны мэханізм. Ёсьць нават спэцыяльны тэрмін для «злачынства», калі апазыцыя актыўна ўваходзіць у публічную прастору і займае яе, — «хуліганства». І ўсё ж апазыцыйны дыскурс сьведчыць пра сваю прысутнасьць — у графіці, бел‑чырвона‑белых сьцягах, што зьяўляюцца на дахах, ва ўлётках і г. зв. флэшмобах. Я ўпершыню стала сьведкай флэшмобу на плошчы перад Камароўскім кірмашом: з розных бакоў па ёй паасобна ішлі маладыя людзі і чыталі «Советскую Белоруссию». Тады яны парвалі газэту і выкінулі яе ў адну сьметніцу. Празь некалькі хвілінаў сьметніца была перапоўненая, а вакол паўсюль валяліся пашкамутаныя газэты. Рэакцыя міліцыі — разгубленая і бездапаможная. Гэта вельмі добры прыклад флэшмобу, за які нельга арыштаваць: удзельнікі не зьбіраюцца ў «незаконны» натоўп, іх учынкі абсалютна дазволеныя — яны чытаюць «афіцыйную» газэту і мэханічным жэстам кідаюць яе ў сьметніцу, дбаючы пра чысьціню гораду. Іншы спосаб выражэньня, які нясе вельмі падобную ідэю, — калі ўдзельнікі акцыі стаялі перад велізарным тэлеэкранам на Кастрычніцкай плошчы з завязанымі вачыма. Самі зь сябе дзеі бліскучыя, але ў іх праяўляецца адзін структурны недахоп апазыцыйнага дыскурсу: яны больш гавораць пра рэжым, чым пра апазыцыю. Сказаць пра сябе так, каб цябе слушна зразумелі, далёка ня проста, як сьведчыць іншая акцыя ў публічнай прасторы.

На Кангрэсе дэмакратычных сілаў гучаў гімн «Магутны Божа» на словы Натальлі Арсеньневай. Для часткі апазыцыі гэта альтэрнатыва афіцыйнаму дзяржаўнаму гімну — старому савецкаму са зьлёгку зьмененым тэкстам. Паэтка Натальля Арсеньнева падчас другой усясьветнай вайны зьехала ў Прагу. Яна была сярод тых, хто спадзяваўся вырваць Беларусь з Савецкага Саюзу і верыў у магчымасьць збудаваць нацыянальную дзяржаву. У вайну яны супрацоўнічалі зь немцамі, і пасьля вайны ўсіх удзельнікаў гэтай групы лічылі калябарантамі і здраднікамі, не зважаючы на матывы іх дзеяньняў. Натальлю Арсеньневу таксама называлі здрадніцай, ейныя вершы былі пад забаронай. Тым, хто пра гэта ведае, хто амаль усё сваё сьвядомае жыцьцё чуў, што Арсеньнева вінаватая ў дзяржаўнай здрадзе, цяжка зразумець, чаму апазыцыя абрала сваім гімнам акурат гэтую песьню. Нават тыя, хто атаясамлівае сябе з палітыкай і каштоўнасьцямі апазыцыі, магчыма, ня змогуць знайсьці сябе ў гэтым наратыве зь ягонай гісторыяй і рознымі сэнсавымі адценьнямі. Ён занадта далёкі ад таго, чаго людзі вучыліся і як выхоўваліся.

ВЫСНОВЫ

Апошні прыклад, як і ўсе астатнія, зьвяртае ўвагу непасрэдна на адзін ключавы момант у палітычным дыскурсе ўвогуле і ў пераходны пэрыяд у прыватнасьці — на суадносіны зьменаў і пераемнасьці. Бязь зьменаў немагчымыя рост і разьвіцьцё, але яны ствараюць уражаньне неабароненасьці, страху, а таксама завышаныя патрабаваньні. Між тым, пераемнасьць, хоць і азначае застой, але дае адчуваньне бясьпекі, яснасьці, дасьведчанасьці і надзейнасьці. У апазыцыйным палітычным дыскурсе зашмат зьменаў, а афіцыйны складаецца амаль выключна зь пераемнасьці. Калі чытаеш прамовы Лукашэнкі, нельга не заўважыць, як часта ён ужывае слова «моцны». А ў тэкстах апазыцыі, да прыкладу, у маніфэсьце Мілінкевіча, зьвяртае на сябе ўвагу слова «новы»: новыя магчымасьці для краіны і грамадзянаў, новыя рынкі, новыя працоўныя месцы. Але мусяць жа захоўвацца нейкія суадносіны новага і знаёмага, зьменлівага і моцнага.

З гледзішча навукі, каб паспрыяць зьменам, патрэбная пэўная доля пераемнасьці. Псыхалягічна пераемнасьць прываблівае беларусаў больш за зьмены. Можна таксама адзначыць, што дуалізм дыскурсу змушае людзей да падзелу на дзьве розныя групы. Пры гэтым шмат каму не знаходзіцца месца ні ў адной, ні ў другой. Але мне думаецца, яны хутчэй схільныя застацца ў афіцыйным дыскурсе, бо ён дзейнічае на эмацыйным узроўні, і гэта прываблівае людзей, прынамсі, гэта ім знаёмае.

З гледзішча палітыкі галоўная праблема ў тым, у якой долі пераемнасьць неабходная для правядзеньня зьменаў. Апазыцыі пайшло б на карысьць улічваць гэтае пытаньне пры стратэгічным плянаваньні. Калі глядзіш на беларускую гісторыю і рэчаіснасьць, цяжкасьці і недахопы ў дзейнасьці апазыцыі і праблемы зь ейным іміджам выглядаюць абсалютна зразумелымі. Умовы яе працы такія, што горш амаль не бывае. Апазыцыі цяжка супрацьстаяць усюдыіснаму, лёгкаўцямнаму афіцыйнаму дыскурсу. Больш за тое, яна робіць стратэгічныя памылкі. Напэўна, апазыцыя дасягнула б большага, калі б паспрабавала прыцягнуць на свой бок людзей адтуль, дзе яны цяпер ёсьць, а не адтуль, дзе яны мусяць або могуць апынуцца калі‑небудзь у будучыні. Прага апанэнтаў сыстэмы да зьменаў цалкам зразумелая, але яна часам ператвараецца ў перашкоду, бо людзі звычайна ўспрымаюць занадта вялікія зьмены як залішні стрэс.

Ад нядаўняга часу назіраецца цікавая тэндэнцыя: кожны з дыскурсаў спрабуе заняць месца іншага. Афіцыйны, які традыцыйна быў прасавецкім і антынацыянальным, уводзіць усё больш і больш нацыянальных і нацыятворчых элемэнтаў — гэтую прастору традыцыйна займалі апанэнты ўлады. Тут ужо згадвалася кампанія «За Беларусь!». Але той самы настрой адчуваецца і ў рэгулярных прамовах Лукашэнкі, і ў праграмах навінаў на тэлебачаньні. Іншы інструмэнт, каб адваяваць у апазыцыі кавалак ейнай прасторы, — ужываньне ў некаторых кантэкстах беларускай мовы.

Апазыцыйны дыскурс таксама карыстаецца гэтым мэтадам. Калі ўвечары дня галасаваньня Мілінкевіч павёў натоўп на плошчу Перамогі, каб ускласьці кветкі, удзельнікі маршу завалодалі адным з галоўных элемэнтаў афіцыйнага дыскурсу — цэнтральным, найважнейшым помнікам, якім канструюецца памяць пра другую ўсясьветную вайну і вобраз пераможцаў. Для людзей было цалкам натуральна і звыкла прыйсьці на плошчу Перамогі і ўскласьці кветкі, бо гэта традыцыйнае месца цяперашніх афіцыйных і ранейшых савецкіх урачыстасьцяў. Гэты ход — добры прыклад таго, як можна захоўваць фармальную і культурную пераемнасьць, але прыўносіць новы зьмест.

Апроч дыскурсаў, у якіх вядзе рэй вельмі тонкі слой дзейных асобаў, у 2006 г. пачала заўважацца яшчэ адна зьмена. Падчас сакавіцкіх выбараў і пасьля іх людзі на вуліцы былі іншыя. Гэтая зьмена паўплывала на наратыў, які толькі пачынае трапляць у поле ўвагі сацыялёгіі — наратыў чалавечых дачыненьняў, пра які пісаў Джэфры Голдфарб у кнізе «Палітыка малых рэчаў»: як людзі размаўляюць, абыходзяцца адзін з адным, узаемадзейнічаюць. Самы відавочны прыклад гэтага я бачыла, калі праз тыдзень пасьля выбараў ехала ў маршрутцы «Менск—Магілёў». Адна вельмі гаваркая жанчына гадоў шасьцідзесяці пыталася ў кожнага з пасажыраў, за каго яны галасавалі. Людзі не ўдавалі, нібы яе не заўважаюць, і не мянялі тэмы, але адкрыта казалі пра свой выбар, абгрунтоўвалі яго, прыводзілі аргумэнты. Год‑два таму ўявіць нешта падобнае было б немагчыма.

Прыкладна такую самую сытуацыю я назірала ў офісе адной праваабарончай арганізацыі: там сабралася шмат узлаваных, разьюшаных матак. Яны ўсе разам голасна абураліся арыштам сваіх дзяцей у прыватнасьці і ўсёй уладай увогуле. Адчуўшы іхную энэргію, пачынаеш думаць, што, мабыць, няма ў сьвеце сілы мацнейшай і магутнейшай за ўгневаных матак. Гэтыя зьмены ў паводзінах, напэўна, ня зьменяць сыстэмы, але яны ствараюць добры падмурак для палітызацыі грамадзтва і ўлучэньня людзей у грамадзкае жыцьцё. Я заўважала, што апазыцыі трэба дайсьці да людзей, датуль, дзе яны цяпер знаходзяцца. З гэтага гледзішча можна сказаць, што людзі самі зрабілі крок насустрач апазыцыйнаму дыскурсу.

  2 Даклад Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на трэцім Усебеларускім народным сходзе. 2006. 2 сакавіка.

3 Тэлезварот Аляксандра Лукашэнкі. 2006. 17 сакавіка.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/24