A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


гісторыя

  Анджэй Cуліма Камінскі

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Анджэй Cуліма Камінскі
Сутыкненьне Захаду і Ўсходу пад Воршай і Віцебскам
Аб антыімпэрскай візіі беларускай гісторыі

Няма супольнай меры там, дзе чалавек іначай разумее сваё месца ў сьвеце.

Чэслаў Мілаш, Родная Эўропа.

Беларусь — дзяржава, у якой выканаўчая ўлада засяроджаная ў руках прэзыдэнта‑аўтакрата, а ўсёмагутныя спэцслужбы прыціскаюць, перасьледуюць і маргіналізуюць усялякую (а ня толькі дэмакратычную ці нацыянальную) апазыцыю, якая, у адрозьненьне ад сваіх папярэдніц у Польшчы або Славаччыне, ня здолела дагэтуль знайсьці ўнівэрсальных лёзунгаў і сымбаляў, што зрабілі б яе духоўным лідэрам нацыі. Хоць наконт таго, ці ёсьць Лукашэнка бязвольнай марыянэткай у руках Пуціна альбо самастойным гульцом, няма згоды між палітолягаў, ягоны кантроль над краінай не падлягае сумневу.

Пішучы гэтыя некалькі слоў, я хачу падзяліцца з чытачамі дзьвюма заўвагамі. Першая датычыць беларускай мінуўшчыны, а другая — будучыні, аднак абедзьве цесна зьвязаныя з пачуцьцём ідэнтычнасьці, якая перажывае цяпер сур’ёзны крызіс. Прычын на гэта, пэўна, некалькі, але найважнейшая зь іх, на маю думку, палягае ў страце ўласнай гісторыі. Згасаньне веды аб айчыннай гісторыі зайшло так далёка, што беларускія сяміклясьнікі сваімі нацыянальнымі героямі лічаць, поруч зь Янкам Купалам і Францішкам Скарынам, — Кацярыну Вялікую (sic!), Суворава і забойцу полацкіх базылянаў Пятра I (зьвесткі з апытаньня, праведзенага ў 1993/1994 навучальным годзе). Затое сярод найвялікшых злачынцаў XX ст. называюць Гітлера і Гарбачова. Злачынствам апошняга, відаць, лічыцца развал Савецкага Саюзу. Прозьвішча Сталіна, які колькасьцю сваіх ахвяр у шмат разоў пераўзышоў Гітлера, сустракалася толькі спарадычна.

Чытаючы творы беларускіх сацыёлягаў ці палітолягаў, зьвяртаеш увагу на гэтую нястачу адсылак да мінуўшчыны пры аналізе сучаснасьці і складаньні прагнозаў на будучыню. Таму робіцца ўражаньне, што, нягледзячы на намаганьні групы гісторыкаў — такіх, як Генадзь Сагановіч, Андрэй Катлярчук, Алесь Краўцэвіч, — распачатая імі вайна за айчынную гісторыю не разглядаецца як неабходная ўмова перамогі ў барацьбе супраць запаведніка саветызму, які акапаўся ў Менску.

Для большасьці суседзяў Беларусі (як і для большасьці эўрапейцаў) гісторыя зьяўляецца скарбніцай аргумэнтаў, якія закліканыя абгрунтоўваць іх сучасныя палітычныя задумы. Яна ўпісвае іх у апрабаваныя шматвяковым досьведам належныя спосабы паводзінаў, дадае павагі, дапамагае пайсьці на буйную рызыку, дазваляе ў імя прадзедаў праклінаць або апраўдваць. Відавочна, што, кіруючыся сваімі бягучымі патрэбамі, палітыкі жадаюць больш слухаць палітолягаў, эканамістаў, сацыёлягаў ці дасьледчыкаў грамадзкай думкі, чым гісторыкаў, бо гэта спрашчае збор зьвестак, на падставе якіх прымаюцца рашэньні. Аднак ніводная зь «вялікіх» палітычных дыскусій ніколі не абыходзіцца без зваротаў да «голасу продкаў». І акурат гэты голас, а тым больш усьведамленьне яго важнасьці, быў прысутны ў кожным сур’ёзным палітычным утварэньні, кожным уплывовым інтэлектуальным асяродку.

У Расеі спрэчка аб ацэнцы рэформаў Пятра I падзяліла інтэлігенцыю на два проціборчыя лягеры, якія на працягу XIX, а часткова і XX стст. адстойвалі розныя палітычныя і грамадзкія праграмы. Іосіф Сталін у папулярызаваных ягонымі ж загадамі постацях Івана Грознага і Пятра I шукаў «гістарычнага абгрунтаваньня» сваёй ролі ў гісторыі. Пуцін пры пабудове аўтакратычнага апарату ўлады хоча ставіць помнікі Дзяржынскаму, а не Емяльяну Пугачову, а ягоны гонар з нагоды гісторыі ўласнай нацыі не саступае сілай і ідэалягічным запалам гонару Карамзіна.

У Польшчы падчас падрыхтоўкі да сьвяткаваньня тысячагодзьдзя хросту дзяржавы Гамулка прайграў кардыналу Вышынскаму ў барацьбе за «ключ да разуменьня» польскай гісторыі, а «Салідарнасьць» у сваім гістарычным міце ўпісвала сябе ў гісторыю гераічнай Барскай канфэдэрацыі, сьпяваючы яе рэлігійныя песьні і перадрукоўваючы яе патрыятычныя вершы. Дагэтуль прыхільнікі вяршэнства выканаўчай улады асьцерагаюць ад традыцыяў празьмернай грамадзянскай (шляхецкай) самаволі, а іх праціўнікі нагадваюць, што сучасныя асноватворныя прынцыпы дэмакратыі і талерантнасьці былі рэалізаваныя яшчэ ў XVI ст. на польскіх, літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх землях.

У той жа час проста‑такі пабожная павага вугорцаў да Кароны сьвятога Стафана ў сваю чаргу «матывавала» характар іх палітыкі да славянаў і румынаў. Можна доўжыць прыклады, прыгадаўшы таксама пра значэньне герояў 1848 г. у гарачыя дні напярэдадні вугорскага паўстаньня 1956 г. Можна ўспомніць значэньне бітвы на Косавым полі, якая дагэтуль застаецца надзвычай істотнай для сэрбаў, або Гуса і Градчанскай дэфэнэстрацыі 1618 г. — для чэхаў. Аднак годзе множыць далейшыя прыклады, каб пераканаць чытача, што гісторыя ў руках сучасьнікаў заклікана абгрунтоўваць іх палітычны выбар. У гэтай сытуацыі імкненьне кантраляваць гісторыю ці навязваць яе інтэрпрэтацыю (асабліва ў школьных падручніках, на радыё і тэлебачаньні) звычайна спадарожнічае барацьбе за ўладу. Можна заломваць рукі над такім карысьлівым парушэньнем гістарычнай праўды, можна сьпяваць асанну гістарычнай праўдзе і аб’ектывізму, але нельга адмаўляць значэньне гістарычнай сьвядомасьці ў жыцьці кожнай нацыі.

Усе мы ведаем, што пераможцы (напрыклад, імпэрыі) бяруць на сябе працу напісаньня гісторыі заваяваных імі народаў. Часта гэтая імпэрская візія набывае форму агульнапрынятай і «навуковай» ісьціны. Да сёньня гісторыкам паняволеных нацыяў былой Расейскай імпэрыі (і Савецкага Саюзу) цяжка ўвесьці ў сусьветную навуку сваю ўласную, антыімпэрскую візію нацыянальнай гісторыі. Гэтая адвечная барацьба за гісторыю і яе інтэрпрэтацыю зьяўляецца таксама ўнутранай барацьбой, як барацьба за сувэрэнітэт ці, прынамсі, за выжываньне. У гэтай барацьбе можна страціць мову, але, не зважаючы на гэта, выжыць, як выжылі ірляндцы. Але памятайма, што яны ніколі не ўключалі ангельскіх герояў у свой нацыянальны пантэон. Ведама, у момант, калі мы пачынаем мысьліць самастойна і прыступаем да ўпарадкаваньня назапашаных у нас стэрэатыпаў, мы праводзім і крытычную рэвізію мноства нацыянальных мітаў. Тыя зь іх, якія ўсё‑такі застаюцца, сваім унівэрсалізмам лучаць нас з цэлым сьветам, а айчынным калярытам — зь ценямі продкаў. Таму запачаткаваньне барацьбы за памяць пра айчынную гісторыю і культуру падаецца мне адным з найважнейшых патрабаваньняў, якія стаяць перад прыхільнікамі любой (ня толькі беларускай) самакіраванай дэмакратыі, а таксама індывідуальнага і нацыянальнага сувэрэнітэту.

Сёньня вялікая частка беларусаў, нягледзячы на нелюбоў да NАТО, хацела б далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. Ня ведаю, колькі прыхільнікаў яднаньня з Захадам пры гэтым усьведамляюць, што для іх краіны гэта будзе не «падарожжа» ў невядомае, а вяртаньне да цывілізацыі, у якой іхнія продкі бралі ўдзел на працягу больш як 300 гадоў.

Нагадаю тут, што тагачасныя беларусы‑эўрапейцы — гэта не абавязкова ўдзельнікі дзяржаўнага жыцьця, што займаюць высокія месцы ў Сэнаце, палаце прадстаўнікоў (izbie poselskiej) і міністэрствах, як Храптовічы, Сапегі, Агінскія, Пацеі, Пацы, Білевічы ці Тышкевічы, але і шматлікія праваслаўныя і ўніяцкія сьвятары — такія людзі, як Мялет Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Іпат Пацей, Язэп Вельямін Руцкі, Антоні Сялява, Якуб Суша, Рафаэль Корсак і многія іншыя, якія ня ў меншай ступені, чым Пятро Магіла, належалі да дзьвюх, калі ня трох, эўрапейскіх культур. Апроч сваёй надзвычай багатай мовы, усе яны свабодна валодалі — як на пісьме, так і вусна — унівэрсальнай лацінай, польскай і нярэдка грэцкай мовамі. Іх творы і багатая карэспандэнцыя да сёньня зьдзіўляюць сваім інтэлектуальным узроўнем, арыгінальнасьцю думкі, тонкім дасканалым досьціпам і выдатным веданьнем сьвету ды чалавечай натуры. Шмат хто зь іх аднолькава адчуваў сябе «як дома» і ў Рыме, і на сьвятой гары Афон, і ў сталічнай Вільні, і ў славутых Сапегавых Смургонях. Ня іх віна ў тым, што для большасьці сваіх сёньняшніх нашчадкаў яны куды менш вядомыя, чым «афіцыйна» прызнаныя аўтары «Ўсходу і Захаду».

Эўрапейцамі былі таксама шматлікія пэдагогі многіх беларускіх езуіцкіх калегіюмаў — узяць хоць бы Васіля (Базыля) Рудомыча, прафэсара Замойскай Акадэміі. Апошні, наколькі мне вядома, аж дагэтуль не перакладзены на беларускую мову, а між тым ягоны вялізны, надзвычай цікавы, месцамі наскрозь у духу Сэм’юэла Пайпса дзёньнік вёўся, у залежнасьці ад настрою Яго Магніфіцэнцыі рэктара Замойскай Акадэміі, на трох мовах — лацінскай, старабеларускай і польскай. Высьвятленьне таго, якія тэмы, эмоцыі або жарсьці ўплывалі на выбар мовы аўтарам, магло б адкрыць нам шмат невядомых старонак з гісторыі беларускай сьвядомасьці XVII ст.

Эўрапейцамі, якія ўмелі адстойваць свае правы на чалавечую годнасьць і на самакіраваньне, былі мяшчане вялікіх і малых гарадоў Беларусі. А што яшчэ цікавей — эўрапейскае разуменьне людзкіх правоў і годнасьцяў бытавала ня толькі сярод украінскага казацтва, але і між беларускіх сялянаў. Тагачасная Беларусь уласным высілкам апынулася ў грамадзянскай прасторы. Надзвычай імпануе грамадзянская сьвядомасьць беларускіх мяшчан, іх павага і вера ў дзейснасьць права, адданасьць зацята адстойванаму гарадзкому самакіраваньню, а таксама іх велізарная верацярпімасьць. Не магу ў гэтым месцы ўтрымацца, каб не пацьвердзіць свае думкі галасамі мяшчан Магілёва, Воршы, Віцебску, Крычава XVII ст, апублікаваных больш як сто гадоў таму ў царскім Санкт‑Пецярбургу ў крыніцазнаўчым выданьні «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической Комиссиею, т. 14 (дополнение к в. 3). — Санкт‑Петербург, 1889». Скарыстаны тут чацьверты том носіць назву «Присоединение Белоруссии, 1654—1655».

Сьпярша невялікае ўдакладненьне. У 1654 г., пасьля прыняцьця Ўкраіны Багдана Хмяльніцкага ў царскае падданства, бацька Пятра Вялікага Аляксей Міхайлавіч пачынае вайну за Вялікае Княства Літоўскае і балтыйскія парты. Сваёй ваеннай агрэсіі ён надае характар рэлігійнага крыжовага паходу, пакліканага прынесьці вызваленьне праваслаўным братом, што церпяць няволю эгіпэцкую, разграміць унію, зьнішчыць каталіцкі і эвангелічны публічныя культы ды пакараць сьмерцю, палонам ці выгнаньнем жыдоў. Зацікаўленых чытачоў адсылаю да знакамітай кнігі Генадзя Сагановіча («Невядомая вайна»), а сам абмяжуюся некалькімі асноўнымі фактамі. Цар заклікаў унівэрсаламі, а таксама асабістымі лістамі праваслаўных япіскапаў, праваслаўную шляхту і мяшчанства падтрымаць яго войскі ў вайне з ворагамі праваслаўя — паганскімі ерэтыкамі ляхаўскай веры. Ён заклікаў таксама прадстаў‑нікоў усіх япархіяў, гарадоў і ваяводзтваў прыбыць у ягоную ваенную штаб‑кватэру і прынесьці прысягу яму на вернасьць. Царскія войскі ўзялі Смаленск у аблогу, а магутныя маскоўскія аддзелы, узмоцненыя казакамі Хмяльніцкага, рушылі заваёўваць гарады Беларусі. Ва ўсе гарады і мястэчкі з‑пад Смаленску высылаліся эмісары, пакліканыя пераканаць праваслаўных мяшчан адчыніць гарадзкія брамы. Аднак ня ўсё пайшло гладка. Нават там, дзе па даўжэйшай ці карацейшай абароне брамы былі адчыненыя, паўсюль, нават у найбольш зь іх усіх ляяльным Магілёве, мяшчане надзвычай заўзята дамагаліся захаваньня дагэтулешняй праўнай сытуацыі, а брамы адчынялі адно па атрыманьні запэўніваньняў, што іх патрабаваньні будуць выкананыя. Відавочна, што яны баяліся лёсу «цяглага» насельніцтва царскіх гарадоў, баяліся свавольства чыноўнікаў і прадстаўнікоў царскай улады. Яны жадалі захаваньня такога ладу жыцьця, ад якога хацеў іх «вызваліць» праваслаўны цар. Яны дамагаліся захаваньня выбарнага самакіраваньня, захаваньня гарадзкога суду, больш за тое — захаваньня правоў іншаверцаў ці прынамсі гарантыяў іх бясьпечнага сыходу ў Літву ці Польшчу. Яны паўсюль прасілі таксама аб дазволе апранацца па‑свойму (а не па‑маскоўску). Іх патрабаваньні ад гораду да гораду гучэлі вельмі падобна. Часам прасілі, перш як пастанавіць паддацца Маскве, дазволіць выправіць паслоў у Смаленск і іншыя яшчэ няскораныя гарады — для прыняцьця супольнага рашэньня. Часам абяцалі паддацца толькі разам зь іншымі гарадамі. Такім чынам, як бачым, энтузіязму ў дачыненьні да няпрошанага «вызваліцеля» не было. Зрэшты, самі паслухаем іх уласныя галасы: «Б’ём чалом Вашай Царскай Вялікасьці, каб правы і прывілеі, месту Магілёву наданыя, цэлыя і непарушныя водле абяцаньня Царскай Вялікасьці, абвешчаныя нам, былі захаваныя, і каб усе мяшчане, што жывуць у Магілёве, водле даных правоў і прывілеяў праз бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, а таксама войта, якія ад усіх згодна на кожны год, асобна хто зь мяшчанаў пры абраньні абраны быць маець, адным непадзельным судом і правам майдэбурскім суджаны былі; а пазываньне, калі каму прысуд не спадабаецца, каб ні да каго іншага, але да самага стальца вашай царскай вялікасьці было дазволена, і тое толькі ў справах вялікіх» (с. 260). «І каб усе мяшчане, у месьце Крычаве жыхары, водле даўніх правоў і прывілеяў праз бурмістраў, райцаў і лаўнікаў, а таксама і войта, якія ад усіх згодна зь мяшчан абраныя быць маюць, ад адным і непадзельным судом і правам магдэбурскім суджаны былі. А калі каму прысуд не спадабаецца, каб ні да кога іншага, толькі да самага стальца вашай царскай вялікасьці зазыўныя граматы імаць дазволеныя былі, і то ў вялікіх справах» (с. 413). Цікава, што, пішучы да цара, крычаўцы б’юць чалом «вашай Царскай Вялікасьці, каб нам, мяшчанам, захаваў даўнія прывілеі і вольнасьці, ад слаўных памяці каралёў польскіх на гандаль даныя» (с. 413). Крычаўцы, як і жыхары іншых гарадоў, не забывалі таксама, у гадзіну найвялікшай пагрозы, заступацца за «сваіх суайчыньнікаў жыдоў». «Б’ём чалом Вашай Царскай Вялікасьці за падстаросту крычаўскага, каб у здароўі з усім сваім здабыткам і жыдамі, якія ёсьць у Крычаве, быў адпраўлены ў Літву альбо, з ласкі Вашай Царскай Вялікасьці, каб яму дазволена было надалей жыць у Крычаве» (с. 413). Падобную просьбу адпусьціць падстаросту з жыдамі склалі таксама і магілёўцы, наконт чаго пазьней спэцыяльная камісія правяла сьледзтва (с. 370—380). А прадстаўнікі Віцебшчыны вылучылі эвакуацыю жыдоў і шляхты пад вайсковай аховай як умову спыненьня барацьбы і пераходу пад уладу цара (с. 292). На заканчэньне дадамо, што магілёўцы, падобна да жыхароў іншых гарадоў, білі чалом Царскай Вялікасьці, «каб адзежу мяшчане магілёўскія па даўняму звычаю мелі» (с. 261).

Патрабаваньні гэтыя былі такія паўсюдныя, такія падобныя адно да аднаго, што цяжка не заўважыць: менавіта там, пад Смаленскам, Крычавам, Віцебскам, Воршай, Мсьціславам ці Старым Быхавам, адбываецца сутыкненьне сьвету паняцьцяў, адметных традыцыяў, сацыяльных ды праўных структур Усходу і цывілізацыі, якую мы сёньня называем заходняй і якая тады, ужо з XVI ст., асталявалася ля Дняпра. Расейскі цар, расейскія законы і традыцыі былі тут чужымі і, за выняткам праваслаўя, нежаданымі. Беларусь ад арміі Аляксея Міхайлавіча баранілі перш за ўсё тыя, каго тагачасныя, згаданыя тут расейскія крыніцы называюць, у адрозьненьне ад ляхаў і ліцьвінаў, беларусамі. Выступаючы ў 1976 г. ў Ерусаліме са штогадовай лекцыяй імя Дынура, я зьвярнуў увагу на стаўленьне мяшчан і ўвогуле беларускага насельніцтва да жыдоў падчас маскоўскай агрэсіі. Лекцыя выклікала зьдзіўленьне (якое заўсёды назіраецца там, дзе ставяцца пад сумнеў стэрэатыпы, у гэтым выпадку падмацаваныя аўтарытэтам Дубнова). А між тым гэты момант з гісторыі Беларусі нельга аддаць забыцьцю. Ён павінен, разам з многімі іншымі, апынуцца на старонках кнігі, прысьвечанай эўрапейскай гісторыі грамадзянскіх супольнасьцяў. Гісторыі, такой патрэбнай Эўропе сёньня для ўзбагачэньня грамадзянскімі традыцыямі, якія былі такімі беднымі ў Францыі ці Гішпаніі XVII ст.

Пад канец XVIII ст. межы эўрапейскай цывілізацыі, дагэтуль бароненыя Магдэбурскім правам, статутамі і канстытуцыямі, а таксама мясцовым самакіраваньнем, перасунуліся на захад. Імпэрскія ўлады зьнішчылі грамадзянскую супольнасьць. Заходнія эўрапейцы, а нават і беларусы пачалі на працягу XIX ст. забывацца, што некалі дзякуючы Магдэбурскаму праву, павятоваму самакіраваньню, Літоўскім статутам і Літоўскаму трыбуналу межы Эўропы даходзілі да Дняпра. Расеец, пераехаўшы гэтую мяжу, упадаў у поўнае аслупяненьне, у чым лёгка пераканацца, узяўшы ў рукі хоць бы падарожны дзёньнік Пятра Талстоя (прыезд і апісаньне Магілёва). Дзьвесьце гадоў панаваньня царскай, а затым Савецкай Расеі нішчылі і нявечылі памяць аб эўрапейскай спадчыне. Сёньня мяжа паміж Эўропай і «дугінаўскай» Эўразіяй пралягае ня толькі ўздоўж граніц тых ці іншых дзяржаў, але ўздоўж лініі, пазначанай сымбалямі адрозных вартасьцяў. Гусэрлеўская эсхаталёгія эўрапейскага духу ня церпіць сымбаляў таталітарызму і спыняецца там, дзе па сёньняшні дзень стаяць помнікі Леніну і дзе, забыўшыся пра ГУЛАГ і галадаморы, надалей увенчваюць дамы чырвонай зоркай і знакам сярпа і молата. Барацьба з гэтымі сымбалямі настолькі ж важная, як і барацьба з сымбалямі фашызму: адны і другія служылі і служаць тым, хто зьнішчаў і надалей хоча зьнішчаць сьвет правоў чалавека, талерантнасьці, самакіраваньня і дэмакратыі. Мяжа, пазначаная помнікамі Леніна, праводзіць глыбокі падзел сярод беларусаў, а таксама ўкраінцаў і расейцаў. Яе доўгае існаваньне не палягчае высілкаў тым, хто хоць бы з прагматычных меркаваньняў хацеў бы скарыстацца дабрадзействамі Эўрапейскага Зьвязу.

Апошнім часам згасла эўфарыя Майдану і аціхлі хваласьпевы Віктару Юшчанку. Драматычная, шалёна адважная перамога ўкраінскай апазыцыі захлынулася ня толькі з прычыны сілы алігархіі, дробязных сварак лідэраў і ўплываў магутных спэцслужбаў, але і ад хаосу ў сьвеце вартасьцяў, а таксама адчужэньня асобы ад уплыву на ўладу — хоць бы найбліжэйшага ўзроўню ў раёне, горадзе ці сельсавеце. Украінцы, сьвядома спрабуючы адрадзіць традыцыі ня існай сёньня грамадзянскай супольнасьці, слушна зьвяртаюцца да гісторыі казацтва і парлямэнтарызму аўстрыйскай пары. Гэтак і беларусы могуць зьвяртацца да грамадзянскіх традыцый Полацку, Віцебску, Крычава ці Слуцку. Цясьнейшае знаёмства з гэтай традыцыяй дапаможа ўсім будаўнікам самакіраваньня, якія намагаюцца тварыць дэмакратыю зьнізу. Больш за тое, канцэнтрацыя ўвагі на сфэры духоўных вартасьцяў і сьвядомага маральнага выбару будзе добрым арыенцірам на дарозе ў Эўропу. Без істотных зьменаў у беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ўсе палітычныя трансфармацыі на цэнтральным узроўні могуць прынесьці вынікі, карысныя толькі для пераможнай эліты і магутных групаў уплыву.

Свабода, прынесеная звонку, заўсёды небясьпечная. Вызваленьне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Чырвонай Арміяй ад нацыстаў прынесла новую акупацыю і страту сувэрэнітэту пад панаваньнем мясцовых камуністычных калябарантаў (якіх, на жаль, у кожнай сыстэме дастаткова). Прыўнесеныя звонку законы і канстытуцыі, пакліканыя стварыць грамадзянскую супольнасьць і пабудаваць дэмакратыю, таксама небясьпечныя. Уся гісторыя посткаляніяльных краін у XX ст. і сучасны ірацкі досьвед сьведчаць пра гэта надзвычай пераканаўча. Тым ня менш, у культуры і традыцыях многіх краін бываюць пэрыяды ці хоць бы кароткія моманты дэмакратычнай традыцыі, думкі і досьведу, якія даюць падставу для самастойных, суаднесеных з умовамі і традыцыямі спробаў аднаўленьня самакіраваньня і стварэньня на яго аснове пачуцьця грамадзянскасьці ды сапраўднай дэмакратыі, што кантралюе як урад, так і парлямэнт. Беларусы, у адрозьненьне ад многіх іншых нацыяў сьвету, маюць вельмі багатыя традыцыі самакіраваньня і грамадзянскай супольнасьці. Пазіраючы на сваіх далёкіх продкаў, яны маюць падставы для гонару. Сёньня яны ведаюць пра іх мала, але гэта ўжо іншая рэч, якую ня так і цяжка паправіць. Нельга, аднак, больш цярпець навязанае пэдагагічнае невуцтва і крывадушную хлусьню. Кіруючыся пачуцьцём спакою, разумовай ляноты, звычак апошніх дзесяцігодзьдзяў і страху перад невядомым, беларусы могуць выбраць дарогу ў Эўразію. Усе тыя жыхары Беларусі, хто дагэтуль шкадуе пра распад Савецкага Саюзу, ужо зайшлі гэтай дарогай вельмі далёка. А тыя, каго не абражае заахвочаная самадурствам Лукашэнкі страта нацыянальнай мовы, там ужо знаходзяцца, нават калі мараць стаць расейскамоўнымі эўрапейцамі. Засталыя могуць паспрабаваць адрадзіць і духоўную повязь са сваімі продкамі, здольнымі напісаць Літоўскія статуты і са зброяй у руках ваяваць з бацькам Пятра I. Ніхто за іх такога ня зробіць, а бяз гэтага высілку любая мадэрнізацыя і трансфармацыя а‑ля Бальцаровіч ці Майдан будуць трымацца на вельмі хісткіх падставах.

  прафэсар гісторыі Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту (Georgetown University) у Вашынгтоне і Вышэйшай Школы Гандлю і Права імя Р. Лазарскага ў Варшаве. Аўтар манаграфій «Historia Rzeczypospolitej wielu narodów» (Lublin: Instytut Europy Środkowo‑Wschodniej, 2000), «Republic vs. Autocracy: Poland‑Lithuania and Russia, 1686—1697»
(Cambridge: Harvard Ukrainian Research Institute, 1993) і інш.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/24