A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


гісторыя

  Андрэй Казакевіч

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Казакевіч
Палітычная геаграфія Беларусі¹
Канструяваньне сыстэмы адрозьненьняў ёсьць асноваю любога палітычнага аналізу, сэнс якога — ператварэньне аморфнае масы падзеяў, тэмаў і фактаў у суцэльныя (асэнсаваныя) структуры. Такія структуры часта штучныя, але гэта можа нават павялічваць іх палітычнае значэньне, асабліва на ўзроўні ідэалёгіі і калектыўнае памяці.

Адным з прыкладаў сыстэмы адрозьненьняў ёсьць супрацьпастаўленьне тэрыторыяў і рэгіёнаў, якія маюць і якім надаюцца асаблівыя палітычныя ўласьцівасьці. Часам такія падзелы трактуюцца як натуральная праява разнастайнасьці, часам утрымліваюць інтэнцыю да маргіналізацыі (дэманстраваньне культурнага ці эканамічнага адставаньня) пэўных тэрыторыяў.

Гэты тэкст накіраваны на ўдакладненьне праблемы тэрытарыяльнага падзелу Беларусі. Рэгіянальныя асаблівасьці Беларусі нельга лічыць значнымі і істотна палітычна заўважнымі, асабліва ва ўмовах аўтарытарнае палітычнае сыстэмы, якая рэпрэсуе і выціскае адпаведныя праявы з публічнае прасторы.

У афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі сутнасныя падзелы Беларусі не фіксуюцца, калі пакінуць па‑за ўвагаю выказваньні ў адносінах да «каталікоў», якія зьвязваюцца з «захадам» (у тым ліку і захадам Беларусі). Нацыянальная візія Беларусі таксама ня ўтрымлівае рэгіянальных супрацьпастаўленьняў, прынамсі на ўзроўні тэорыі. Толькі пасьля досьведу 1994 г. у нацыянальным дыскурсе пачала заўважацца тэндэнцыя маргіналізацыі «ўсходу» (галоўным чынам Магілёўскай і Гомельскай вобласьцяў). Нутраныя культурныя падзелы ў адносінах да культуры і мовы звычайна пазначаюцца ў сацыяльных, а не тэрытарыяльных катэгорыях.

Тым ня менш, розныя ўяўленьні аб рэгіянальных адрозьненьнях устойліва прысутнічаюць у калектыўнай сьвядомасьці, нечакана ўзьнікаюць у розных кантэкстах ацэнкі сытуацыі, аналізу пэрсанальных якасьцяў ці тлумачэньня паводзінаў. Такім падзел функцыянуе ў калектыўнай сьвядомасьці і памяці, узнаўляецца ў адпаведнасьці зь яе лёгікай, гэта значыць, пераважна праз досьвед і памяць. У пэўнай ступені ён можа быць аргумэнтам супраць пашыранага меркаваньня, што такія ўяўленьні канструююцца інтэлектуальнымі і палітычнымі элітамі, у дадзеным выпадку яны існуюць хутчэй насуперак іх намаганьням.

Улічваючы тое, што такія супрацьпастаўленьні рэпрэсаваліся ў савецкія часы і пасьля ўсталяваньня аўтарытарнае сыстэмы кіраваньня ў 1996 г., іх жыцьцёвы патэнцыял і функцыянаваньне ў «народных тэорыях» (folk theories) і на мэнтальных мапах паказваюць, што яны маюць пэўныя «аб’ектыўны» культуры і палітычны грунт, які не зьнішчаецца доўгімі практыкамі рэгіянальнай уніфікацыі. Зрэшты, самі гэтыя канцэпцыі дастаткова няпэўныя і хутчэй сымбалічныя, чым канкрэтна геаграфічныя катэгорыі. Калектыўныя ўяўленьні пра рэгіянальны падзел Беларусі звычайна выяўляюцца ў канцэпцыі «ўсходняе» і «заходняе» Беларусі, якія мы паспрабуем спраўдзіць, канкрэтызаваць і лякалізаваць мэтадамі палітычнага аналізу. Гэтая задача нам падаецца істотнай для разуменьня сутнасьці сучаснага палітычнага працэсу ў Беларусі, асабліва ўлічваючы той факт, што бінарная апазыцыя «ўсход—захад» у беларускай палітыцы звычайна спалучаецца зь лініяй «улада—апазыцыя».

Тое, якім чынам рэгіянальныя асаблівасьці функцыянуюць на ўзроўні масавае сьвядомасьці, стэрэатыпаў і палітычнай мовы, патрабуе адмысловага дасьледаваньня. Мы спынімся толькі на фіксацыі такіх адрозьненьняў на ўзроўні рэальнае палітыкі, палітычных паводзінах і галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах 1994, 2001, 2006 гг. З асаблівай увагай менавіта на 1994 г., калі, з аднаго боку, палітычны працэс быў дастаткова дэмакратычны, а з другога, рэгіянальныя адрозьненьні раптам выявіліся і атрымалі нечаканую палітычную рэпрэзэнтацыю, хоць іх далейшая эвалюцыя неўзабаве была стрыманая паступовым згортваньнем дэмакратычнага праекту ў Беларусі.

Гэты мэтад мае свае відавочныя хібы, але адначасова і перавагі, зь якіх найбольш істотнай ёсьць магчымасьць дэталізацыі палітычных арыентацыяў на ўзроўні дробных адміністрацыйных адзінак. Але спачатку коратка разгледзім саму праблему канструяваньня рэгіёнаў у гісторыі Беларусі ХХ ст. і асноўныя палітычныя наступствы.

КАНСТРУЯВАНЬНЕ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ

Нягледзячы на тое, што тэрыторыя Беларусі складае 207,6 тыс. кв. км., а насельніцтва ня так даўно перавышала 10 мільёнаў, тут цяжка весьці размову пра існаваньне сфармаваных гістарычных ці соцыякультурных рэгіёнаў з больш‑менш акрэсьленымі межамі і, пагатоў, ідэнтычнасьцю. Збольшага тэрыторыя ўспрымаецца як гамагенная і дастаткова аднастайная, а ўсе лякальныя рознасьці не зьяўляюцца акрэсьленымі і зафіксаванымі ў сьвядомасьці. Такая сытуацыя, відавочна, не ўнікальная, але, тым ня менш, і не зусім тыповая, нават калі параўноўваць з Польшчаю, ня кажучы пра Літву, Латвію ці Ўкраіну. Адзінай тэрыторыяй, якая можа прэтэндаваць на рэгіянальную акрэсьленасьць, ёсьць Палесьсе (у больш вузкім сэнсе — Палесьсе заходняе), якое мае ў тым ліку гістарычную рэпрэзэнтацыю2, выразныя культурныя і лінгвістычныя асаблівасьці, пэўную рэпрэзэнтацыю на ўзроўні ідэнтычнасьці, а калі ўзгадаць «яцьвяскі рух» канца 1980‑х пачатку 1990‑х гг., то і палітыкі. Усе астатнія рэгіёны, на якія падзяляецца Беларусь, маюць выключна геаграфічнае і адміністрацыйнае значэньне. Захаваньне назвы «Палесьсе» таксама, верагодна, зьвязанае з існаваньнем адпаведнага геаграфічнага паняцьця. Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, той факт, што да гэтага часу Палесьсе можа трактавацца як адзін рэгіён, нягледзячы на выразную розьніцу паміж ягонай заходняй і ўсходняй часткаю.

  палітоляг, галоўны рэдактар часопісу «Палітычная сфэра».

1Артыкул базуецца на матэрыялах дасьледаваньня, якое было праведзена Цэнтрам палітычнага аналізу пры часопісе «Палітычная сфера», ліпень — верасень, 2006. Больш падрабязны разгляд эмпірычнае інфармацыі гл. у арт.: Казакевіч, Андрэй. Палітычная картаграфія. Геаграфія прэзідэнцкіх выбараў 1994—2006 // Палітычная сфера. 2006. № 7.

   
У этнаграфіі, гістарычнай навуцы, археалёгіі пры неабходнасьці ажыцьцявіць падзел Беларусі на рэгіёны выкарыстоўваюцца геаграфічныя тэрміны, дакладней тэрміны зь фізычнае геаграфіі (басэйны рэк, нізіны, раўніны і г.  д.). Магчыма, што адзінай прычынай, зь якой назва «Палесьсе» захавалася ў якасьці рэгіянальнай назвы, зьяўляецца тое, што яна паралельна функцыянавала ў геаграфіі. Гэтая традыцыя дамінавала ў ХІХ ст. і замацавалася ў пазьнейшыя пэрыяды, усе адхіленьні не замацаваліся. Такая мадэль канструяваньня рэгіёнаў, відавочна, не ўнікальная, але адрозьніваецца ад мадэлі, прынятай у Літве, Латвіі, часткова Ўкраіне і ў іншых суседзяў. Тут рэгіёны мелі выразны этнаграфічны і гістарычны зьмест3. Часткова вылучэньне рэгіёнаў Беларусі ў катэгорыях фізычнае геаграфіі таксама адлюстроўвае пэўныя аб’ектыўныя рознасьці ў традыцыйнай культуры і мове, але ніякім чынам не гістарычныя традыцыі і тым больш сьвядомасьць і ідэнтычнасьць.

Гістарычныя і этнаграфічныя пласты тутэйшага ляндшафту ў практыках картаграфаваньня Беларусі ХІХ—ХХ стст. (геаграфія, этнаграфія, гісторыя, археалёгія) практычна не знайшлі свайго адлюстраваньня. Магчыма, гэтаму паспрыяла дрэннае веданьне ляндшафту ці ягоная сапраўдная аднароднасьць (рэгіянальныя адрозьненьні не апазнаваліся пры камунікацыі, напрыклад, у горадзе), магчыма, іншыя фактары, але разнастайныя рэгіянальныя падзелы і назвы (як у ХІХ—ХХ стст., так і больш раньняга пэрыяду) ня выйшлі на ўзровень рэпрэзэнтацыі. У Беларусі, такім чынам, вылучалася Падзьвіньне, Панямоньне, Паазер’е, Падняпроўе і г. д. Часам рэгіёны былі зьвязаныя з назвамі населеных адміністрацыйных адзінак — Віленшчына (Віленскі край).

На ўзроўні палітыкі і эканомікі найбольшае значэньне мела менавіта фармаваньне «рэгіёнаў» з адміністрацыйных адзінак: Гарадзеншчына, Магілёўшчына, Меншчына, Віцебшчына, пры гэтым абрысы «рэгіёну» мяняліся разам са зьменай адміністрацыйных межаў. Стабілізацыя адміністрацыйнага падзелу Беларусі ў канцы 1950‑х—1960‑х гг. на шэсьць вобласьцяў дазволіла часткова зафіксаваць адміністрацыйныя межы Беларусі на ўзроўні самасьвядомасьці і рэгіянальнае ідэнтычнасьці, дарма што падзел на вобласьці быў дастаткова штучны, а дакладныя межы выпадковыя. Напрыклад, жыхар Асіповічаў ведае, што ягоны горад адносіцца да Магілёўскай вобласьці, а значыць, зьяўляецца часткаю Магілёўшчыны з адпаведнымі культурнымі канатацыямі і стэрэатыпамі. Пры гэтым аднясеньне згаданага раёну да Магілёўскай вобласьці ў савецкія часы было дастаткова выпадковае. Існаваньне адносна ўстойлівых адміністрацыйных структураў цягам практычна 50 гадоў аказалася дастатковым для фармаваньня пэўнае рэгіянальнае ідэнтычнасьці і складаньня рэгіянальнай «эліты» з адпаведнай інфраструктурай (бюракратычныя цэнтры, адукацыйныя ўстановы, разьмеркаваньне рэсурсаў з цэнтру).

Такім чынам, тое, што цяпер называецца «рэгіёнамі Беларусі», было ўтворана ў выніку адміністрацыйнага падзелу пасьля другой усясьветнай вайны. Гэтыя рэгіёны існуюць адно на палітычным узроўні, але яны практычна не адлюстроўваюць культурных і нацыянальных падзелаў. Улічваючы гэты факт, зразумела, чаму для Беларусі зусім не характэрны фэномэн зямляцтваў і рэгіёны не падымаюцца на ўзровень культурнае спэцыфікі (пра пэўную спэцыфіку мы можам казаць толькі ў выпадку Гарадзеншчыны з адносна высокім лікам каталікоў і палякаў).

ШТО ТАКОЕ ЎСХОДНЯЯ І ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ

Адсутнасьць выразных рэгіёнаў ня значыць адсутнасьці тэрытарыяльных падзелаў. Як і для Ўкраіны, найбольш важным ёсьць супрацьпастаўленьне «захаду» і «ўсходу». Але калі ўзьнікае такая апазыцыя і што яна абазначае?

Відавочна, што падзел Беларусі на ўсходнюю і заходнюю ёсьць часткаю калектыўнае сьвядомасьці і культурных практыкаў (незалежна ад таго, на колькі такі падзел і вобраз штучны і «ўяўлены»). Разам з тым падзел на «захад» і «ўсход» — дастаткова новы («сучасны») фэномэн на мэнтальнай карце тутэйшага насельніцтва і ягоных інтэлектуальных элітаў. Для беларускага нацыянальнага руху канца ХІХ — пачатку ХХ стст. такой апазыцыі, відавочна, не існавала. Праблематыку Беларусі «паміж усходам і захадам» можна фіксаваць у палітычных і культурных дыскусіях, як падаецца, не раней за 1920‑я гг. (напэўна, першым відавочным прыкладам можна лічыць кнігу І. Абдзіраловіча4), да гэтага часу асноўныя апазыцыі тычыліся не абстрактнага цывілізацыйнага супрацьпастаўленьня, але канкрэтна палітычнага — Польшчы і Расеі. (Гэтыя цэнтры ўласна і рэпрэзэнтавалі вось культурнага і палітычнага супраціўленьня для асноўных палітычных рухаў, у тым ліку і беларускага.)

  2 Гэта адзіная назва рэгіёну, якая мае гістарычную пераемнасьць і прысутнічала яшчэ ў сярэднявеччы (у прыватнасьці, фіксуецца на мапах XVI—XVII стст.).

3 Латгалія (Латвія), Жэмайція, Аўкштайція (Літва), Букавіна, Валынь, Галіччына (Украіна) і г. д.

   
На ўзроўні сьвядомасьці большасьці насельніцтва апазыцыі «захад» і «ўсход» замацоўвацца яшчэ пазьней, у савецкую эпоху пасьля другой усясьветнай вайны. Гэта ня значыць, што падобныя падзелы не фіксаваліся дагэтуль. Дастаткова ўзгадаць функцыянаваньне назваў «Белай Русі» і «Літвы», але афармленьне падзелу як (перш за ўсё) палітычнага і сацыяльнага факту ў сучаснай гісторыі ўзьнікае пасьля распаду Расейскай імпэрыі і падзелу Беларусі паміж Польшчай і Саветамі. Заходняя частка Беларусі ня мела расейскай улады з 1915 г., а канчатковая стабілізацыя мяжы адбылася пасьля падпісаньня Рыскае дамовы 1921 г. Мяжа праіснавала да 1939 г., але яе фрагмэнты прысутнічаюць у памяці і сьвядомасьці дагэтуль. Пэўныя ўплывы можа назіраць і на інстытуцыйным узроўні. Так, тэксты, якія пісаліся лідэрамі беларускага руху ў Заходняй Беларусі, сталі важнай і адзінай даступнай крыніцай ідэяў для нацыянальнага руху 1980‑х гг., а першую і самую ўплывовую нацыянальную палітычную сілу канца 1980‑х — пачатку 1990‑х гг. Беларускі народны фронт узначаліў унук лідэра беларускага хрысьціянска‑дэмакратычнага руху 1920‑х—1930‑х гг.

Сама назва «заходняя» ў дачыненьні да беларускіх тэрыторыяў пад уладаю Польшчы была сканструяваная ў каардынатах савецкае (у тым ліку і беларускае савецкае) палітыкі. У ёй, натуральна, супрацьпастаўлялася ня ўсходняя, але «савецкая» Беларусь. Афіцыйна назва «Заходняя Беларусь» не выкарыстоўвалася, Польская дзяржава апазнавала гэтую тэрыторыю як «крэсы ўсходнія», і нават сучасныя польскія гісторыкі называюць яе «паўночна‑ўсходнімі землямі Другой Рэчы Паспалітай», каб пазьбегнуць згадкі пра этнічную прыналежнасьць. Назва «Заходняя Беларусь» замацавалася ў савецкай і беларускай гістарыяграфіі для азначэньня тэрыторыі, якая складае сучасную Гарадзенскую, Берасьцейскую і часткі Менскай і Віцебскай вобласьцяў. Гэтая тэрыторыя мела свае ўласьцівасьці, самай галоўнай зь якіх быў меншы досьвед саветызацыі. У прыватнасьці, узровень рэлігійнасьці сярод каталікоў і праваслаўных гэтых земляў значна больш высокі, чым у астатніх рэгіёнах. Але што тычыцца палітычнае і «нацыянальнае» арыентацыі, то гэта не настолькі адназначна: вялікая розьніца паміж поўначчу і поўднем рэгіёну заўважная да гэтае пары.

Тут пачынае фіксавацца амбівалентнасьць панятку «Заходняя Беларусь»: з аднаго боку — гэта гістарычнае паняцьце, з другога — яно паступова эвалюцыянавала ў культурна‑палітычную катэгорыю і ў такім сэнсе ахоплівае толькі частку гістарычнае «Заходняе Беларусі», а дакладней яе паўночную частку. (У гэтым значэньні «заходнік» — гэта чалавек з Ашмянаў ці Мастоў, а ня Пінску ці Іванава.) Пэўныя падзелы існуюць, наша задача — праз палітычны аналіз удакладніць іх лякалізацыю і характар, што дазволіць больш дасканала зразумець сутнасьць палітычнага працэсу ў Беларусі.

ПАЛІТЫЧНАЕ КАРТАГРАФАВАНЬНЕ

Супрацьпастаўленьне Заходняй і Ўсходняй Беларусі выступае адзіным актуальным палітычным і культурным падзелам. Зрабіўшы невялікія гістарычныя ўводзіны, зьвернемся да непасрэднае тэмы нашага аналізу, і якім чынам мы можам лякалізаваць палітычныя рэгіёны. Наша задача картаграфаваньня ня можа засноўвацца на дадзеных сацыялягічных дасьледаваньняў, якія звычайна абмяжоўваюцца нацыянальнай выбаркай, у адпаведнасьці зь якой нават рабіць высновы ў адносінах да вобласьцяў немагчыма. Больш падрабязныя дасьледаваньні рэдка даюць інфармацыю ніжэй за абласны ўзровень і тым больш не апісваюць раёнаў, што для нас істотна. Таму за аснову мы будзем выкарыстоўваць афіцыйныя вынікі галасаваньня. Трэба сказаць, гэта адзіная крыніца інфармацыі, з дапамогаю якой мы можам фіксаваць палітычныя паводзіны на ўзроўні раёнаў і невялікіх гарадоў.

Натуральна, што весьці размову пра адлюстраваньне рэгіянальных асаблівасьцяў падчас выбараў за савецкім часам ня мае сэнсу. Прынамсі, на ўзроўні палітычнае рэпрэзэнтацыі грамадзтва было гамагеннае ці падавалася такім. Вялікае значэньне для выбараў мелі квоты для сацыяльных і нацыянальных групаў, але яны для ўсёй БССР былі аднолькавыя. Пэўныя прыкметы тэрытарыяльных адхіленьняў можна назіраць толькі з 1990 г., калі былі праведзеныя першыя адносна свабодныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР. На жаль, спэцыяльных дасьледаваньняў на гэты конт не існуе, звычайна паведамляецца, што «дэмакратычныя» кандыдаты атрымалі перамогу пераважна ў буйных гарадах, а іх галоўным электаратам была інтэлігенцыя. Пры гэтым трэба ўлічваць агульную нестабільнасьць электаральных паводзінаў на пачатку 1990‑х і «выпадковасьць» пэўных фігураў. Наступныя выбары адбыліся ў 1994 г., выбары прэзыдэнта Беларусі, менавіта аналіз афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх кампаній 1994 (якія маюць асноўнае значэньне), 2001 і 2006 гг. мы і возьмем за аснову для выяўленьня рэгіянальных асаблівасьцяў палітычнага выбару. (Улічваючы абмежаванасьць матэрыялу, усе высновы могуць быць толькі папярэднімі.)

У сувязі з тым, што суцэльнае табліцы з вынікамі галасаваньня за 1994 г. у свабодным доступе выявіць не ўдалося, за аснову былі ўзятыя вынікі галасаваньня, надрукаваныя ў раённых газэтах. Як паказвае практыка, гэтыя дадзеныя могуць разыходзіцца з афіцыйнымі вынікамі, галоўным чынам праз памылкі рэдакцый і карэспандэнтаў. Акрамя гэтага, далёка ня ўсе газэты надрукавалі вынікі галасаваньня. Такім чынам, база за 1994 г. няпоўная і, магчыма, недакладная ў асобных дэталях і патрабуе свайго ўдакладненьня. Тым ня менш, наяўныя лічбы даюць даволі поўную карціну галасаваньня па краіне. Падобную сытуацыю маем і з выбарамі 2006 г., на момант падрыхтоўкі гэтага артыкулу комплекснае выданьне з афіцыйнай інфармацыяй па выніках галасаваньня адсутнічае, таму асноўнай крыніцай зноў выступілі раённыя газэты (адпаведна, паўтараюцца і ўсе пазначаныя вышэй хібы — няпоўная інфармацыя, магчымыя памылкі з боку журналістаў). У якасьці крыніцы за 2001 г. выкарыстоўваецца выданьне Інстытуту сацыяльна‑палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта, якое было прысьвечана адпаведнай выбарчай кампаніі5.

  4 Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам. Вільня, 1921.

   
Самая вялікая праблема тут — праблема даверу да крыніцаў для выяўленьня розьніцы ў галасаваньні. Выбары 1994 г. можна лічыць адзінымі свабоднымі і дэмакратычнымі, вынікі якіх заслугоўваюць высокай ступені даверу. Калі тут і мелі месца фальсыфікацыі, то характар іх быў відавочна дыспэрсны. Пэўнае мадэляваньне вынікаў магло мець месца пры ўдзеле рэгіянальных элітаў, але вызначыць яго ступень і маштабы немагчыма. Для гэтых выбараў не была характэрная наяўнасьць выбарчае вэртыкалі, як і сыстэмы незалежнага назіраньня. Да цяперашняга часу мы ня маем зьвестак пра мэтанакіраваныя фальсыфікацыі, таму ўсе агаворкі можна разглядаць выключна як гіпотэзы.

З 2001 і 2006 гг. сытуацыя выглядае больш складанай. Інфармацыі пра мадэляваньне вынікаў выбараў прэзыдэнта ў 2001 г. дастаткова многа: гэта і факты, зафіксаваныя сыстэмай міжнароднага і нацыянальнага назіраньня за выбарамі, і дадзеныя сацыялягічных апытаньняў (завышэньне падтрымкі дзейнага прэзыдэнта на 18 %). Цікавыя для задачаў нашага дасьледаваньня ня самі вынікі галасаваньня, якія відавочна мадэляваліся, але захаваньне пэўных рэгіянальных асаблівасьцяў палітычных паводзінаў, калі не электарату, то прынамсі мясцовай вэртыкалі. Хоць і да гэтых фактаў трэба ставіцца дастаткова асьцярожна. Тое самае тычыцца і выбараў 2006 г., некаторыя тэндэнцыі паўтараюцца нават у яшчэ менш спрыяльных умовах, што мы зьбіраемся аналізаваць, пры захаваньні крытычнага стаўленьня да саміх вынікаў.

Прадметам гэтага аналізу былі толькі электаральныя паводзіны ў сельскай мясцовасьці і невялікіх гарадох. Такая стратэгія дасьледаваньня павінна была выявіць наяўнасьць тэрытарыяльных падзелаў сярод найбольш кансэрватыўнай часткі беларускага электарату, а значыць — замацаваныя на дастаткова глыбокім узроўні тэрытарыяльныя падзелы і адрозьненьні. Гэта відавочна выключае з дасьледаваньня значную частку насельніцтва, але адпавядае задачам нашага тэксту. Дзе гэта было магчымым, з дасьледаваньня выключаліся ўсе больш‑менш буйныя населеныя пункты, тым ня менш, доля ўласна вясковага і «гарадзкога» насельніцтва ў розных раёнах была розная. Гэта магло трохі сказіць інфармацыю, асабліва калі прыняць апазыцыю «горад» — «вёска» ў якасьці асноўнай для падзелу электаральных арыентацый. Тым ня менш, пэўныя раёны з большым гарадзкім насельніцтвам дэманстравалі меншую «апазыцыйнасьць», чым практычна цалкам вясковыя, акрамя гэтага, відавочна прасочвалася суцэльнасьць пэўных арэалаў галасаваньня.

Аналіз вынікаў можа быць шматслойным і закранаць розныя аспэкты выбарчага працэсу. Карысную інфармацыю могуць утрымліваць ня толькі дадзеныя галасаваньня за асноўных прэтэндэнтаў, але і «пэрыфэрыйных», паказчыкі датэрміновага галасаваньня, супраць усіх і г. д. Улічваючы абмежаваны характар гэтага артыкулу, мы спынімся толькі на адным крытэры — галасаваньні за «дэмакратычную апазыцыю» ў 1994, 2001 і 2006 гг. У дадзеным выпадку мы адштурхоўваемся ад гіпотэзы, што менавіта гэты паказчык найбольш рэльефна паказвае тэрытарыяльныя адрозьненьні ў палітычных паводзінах і перакананьнях. У 1994 г. пад «дэмакратычнай апазыцыяй» мы разумеем З. Пазьняка і С. Шушкевіча, таму паказчыкам галасаваньня ёсьць сума галасоў за гэтых кандыдатаў. Пры рознасьці іх праграмаў і палітычнага background яны прытрымліваліся блізкіх пазыцыяў датычна дэмакратыі, незалежнасьці Беларусі, «заходняй» арыентацыі краіны і разьвіцьця нацыянальнай культуры (гэтыя пазыцыі былі асноўнымі для вызначанай палітычнай сытуацыі).

У 2001 г. пад галасаваньнем за «дэмакратычную апазыцыю» мы будзем разглядаць колькасьць галасоў, аддадзеных за У. Ганчарыка (адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, якога падтрымалі ўсе асноўныя апазыцыйныя партыі і арганізацыі). У 2006 г. сытуацыя зноў стала падвоенай, і да «дэмакратычнага» электарату мы будзем адносіць тых, хто галасаваў за А. Мілінкевіча і А. Казуліна.

ПАЛІТЫЧНЫЯ РЭГІЁНЫ (АСНОЎНЫЯ ГІПОТЭЗЫ)

Для акрэсьленьня палітычных рэгіёнаў Беларусі паспрабуем вылучыць раёны найбольшае (звыш 30 %) падтрымкі дэмакратычных сілаў у 1994 г. У адпаведнасьці з вынікамі галасаваньня ў 1994 г., зона самай шчыльнай апазыцыйнасьці і «нацыянальнае» арыентацыі лякалізавалася на скрыжаваньні Менску, Гарадзенскай і Віцебскай вобласьцяў з прылеглымі раёнамі. Такім чынам, маем зону на паўночным захадзе Беларусі ўздоўж ня польскае (як гэта часам сьцьвярджаецца), але літоўскае мяжы. Арэал апазыцыйнага дамінаваньня пачынаецца на паўночным захадзе ад Менску і ўтварае ўмоўны трохкутнік, вяршынямі якога выступаюць Менск, Ліда і Браслаў. Такім чынам, у вызначаны сэктар трапляе толькі частка (усходняя) Гарадзенскай вобласьці: Ліда, Наваградак, Іўе, Смаргонь ды Ашмяны. Да яе непасрэдна прылягае паўночна‑заходняя частка Менскай вобласьці: Вілейка, Маладэчна, відаць па ўсім, Мядзел (на жаль, інфармацыя тут ня поўная) і заходняя частка Віцебскай вобласьці: Паставы, Браслаў і Глыбокае. Гэта карэктуе звыклыя стэрэатыпы, у прыватнасьці, што цэнтрам дэмакратычных і нацыянальных настрояў была Гарадзеншчына і што гэта было нейкім чынам зьвязана з уплывам Польшчы. Раёны ўздоўж польскай мяжы мелі дастаткова сярэднія паказчыкі.

Паводле вынікаў 1994 г., менавіта гэтая частка Беларусі ўтварыла дастаткова суцэльны арэал высокае падтрымкі дэмакратычнае апазыцыі. Трэба заўважыць, што гэтая зона мае спэцыфічную мадэль нацыятварэньня. Практычна ўся вызначаная тэрыторыя ўваходзіла ў гістарычную Віленшчыну (у прыватнасьці, Віленскую губэрню) і была месцам канкурэнцыі беларускага і польскага (у значна меншай ступені — літоўскага) нацыянальных рухаў. Тым ня менш, гэты арэал далёка не супадае і не залежыць ад шчыльнасьці каталіцкага насельніцтва і польскае нацыянальнае меншасьці. Карэляцыя тут частковая.

Рэгіён, падаецца, ня меў моцнага антысавецкага руху (ён быў мацнейшы ў ваколіцах Горадні, Воранава —дастаткова параўнаць адпаведныя кнігі з сэрыі «Памяць»)

З аднаго боку, раёны найбольшай канцэнтрацыі палякаў (у прыватнасьці, Воранаўскі — да 80 % палякаў) у арэал ня трапілі, як і Шчучын, Ваўкавыскі раён і Зэльва (дзе паказчыкі падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі вагаліся паміж 20—30 %), а Гарадзенскі раён увогуле прадэманстраваў падтрымку, меншую за 20 %. Пры гэтым для пазначаных раёнаў быў характэрны значна больш моцны антысавецкі рух пасьля другой усясьветнай вайны (у форме, галоўным чынам, Арміі Краёвай), які, падаецца, павінен быў мацней замацавацца на ўзроўні калектыўнае памяці, але на палітычных падзеях 1994 г. адлюстраваўся слаба. У той самы час больш праваслаўныя і пераважна беларускія раёны Менскай вобласьці прадэманстравалі значна больш высокі ўзровень падтрымкі дэмакратычных сілаў. Сымбалічным і шмат у чым геаграфічным цэнтрам зоны дамінаваньня можна назваць Смаргонь і Смаргонскі раён, гэта адзіны раён, дзе дэмакратычная апазыцыя набрала абсалютную большасьць галасоў — 54 %. Акрамя суцэльнага арэалу на паўночным захадзе ад Менску анамальна высокі ўзровень падтрымкі дэмакратычнае апазыцыі прадэманстравалі Нясьвіскі і Столінскі раёны. Тлумачэньне гэтых фэномэнаў патрабуе асобнага дасьледаваньня — на Століншчыне гэта, магчыма, зьвязана з наяўнасьцю шматлікае пратэстанцкае суполкі.

Калі даваць агульную характарыстыку, дык фактар каталіцкае прысутнасьці быў дастаткова важным (акрамя Нясьвіжу ды Століну), але зусім не вызначальным для раёнаў, якія прадэманстравалі высокую падтрымку апазыцыі. Значэньне польскае нацыянальнае меншасьці яшчэ менш істотнае. Такім чынам, канфігурацыя зоны высокае падтрымкі патрабуе тлумачэньня празь іншыя фактары. Яшчэ адной істотнай акалічнасьцю ёсьць тое, што ўсе раёны высокае падтрымкі дэмакратычнае апазыцыі да 1939 г. не ўваходзілі ў склад БССР. Пры гэтым, наадварот, гэта правіла не працуе — пэўныя раёны «Заходняй Беларусі» маглі дэманстраваць і адносна нізкі ўзровень «апазыцыйнасьці» (Гарадзенскі, Сьвіслацкі) ці нават вельмі нізкі (Кобрынскі, Камянецкі — менш за 10 %).

Цікавасьць уяўляе лякалізацыя зоны падтрымкі дэмакратычнае апазыцыі 20—30 %. Гэтая зона зьяўляецца непасрэдным працягам прасторы яе дамінаваньня і ўтварае з апошняй суцэльны арэал. Праз Стоўпцы ахоплівае ўсю цэнтральную частку Гарадзенскай вобласьці, прасоўваецца на поўдзень: паўночна‑ўсходняя Берасьцейшчына (улучна зь Бярозаўскім раёнам), цэнтральную Беларусь (даходзіць да Менскага і Смалявіцкага раёнаў) і пашыраецца на ўсю заходнюю частку Віцебскай вобласьці. Такім чынам, арэал яшчэ больш пашырае зону і ахоплівае практычна ўсю паўночна‑заходнюю Беларусь і ваколіцы Менску. Калі далей працягваць гістарычныя аналёгіі, то практычна ўся зона 20—30 % уваходзіла ў 1921—1939 гг. у склад Польскае дзяржавы, вынятак складаюць раёны, якая прылягаюць да сталіцы.

Пэўныя тэндэнцыі неспадзявана паўтараюцца і ў 2001 г., хоць давер да лічбаў 2001 г. значна меншы. Зона, якую мы можам апазнаць як «апазыцыйную» (звыш 15 %), значна звузілася, з аднаго боку, зь іншага — зьмясьцілася. Відавочна, на яе канфігурацыю значны ўплыў зрабіла фарматаваньне рэгіёнаў цэнтральнай уладаю і мадэляваньне вынікаў. Тым ня менш, сымбалічны і геаграфічны цэнтар, які мы вызначылі для 1994 г., выстаяў — у Смаргонскім раёне за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, паводле афіцыйных зьвестак, прагаласавала больш за 20 % выбаршчыкаў, што зноў стала рэкордам для галасаваньня па‑за буйнымі гарадамі. Разам са Смаргонскім раёнам да зоны звыш 15 % агульны арэал утвараюць Мядзел і Вілейка (частка былога поясу дамінаваньня), а таксама Глыбокае. Акрамя гэтага, паказчык звыш 15 % мелі тэрыторыі ў ваколіцах Менску (Менскі і Дзяржынскі раёны) і Берасьця (Берасьцейскі і Жабінкаўскі раён).

Раёны з падтрымкаю 10—15 % зноў канцэнтруюцца ў Заходняй Беларусі, хоць і з пэўнымі зьмяшчэньнямі і выпадзеньнямі (напрыклад, Іўе — 44 % у 1994 г., 9,7 % — у 2001 г., Шчучынскі раён — меней за 5 %). Пояс прайшоў па цэнтры Гарадзенскай вобласьці — Бераставіца, Масты, Ваўкавыск, Ліда і Наваградак — ды поўначы Берасьцейскай. (Столінскі фэномэн ужо не праглядаецца.) У гэтую зону трапляе таксама цэнтральная частка Менскай і заходняя Віцебскай вобласьці. Такім чынам, агульныя абрысы 1994 і 2001 гг. у пэўнай меры паўтараюцца.

Зона з узроўнем падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў 1994 г. 10—20 % як надзіва таксама ўтварае суцэльны арэал, што дазваляе дастаткова дакладна праводзіць яе межы, якія праходзяць практычна па геаграфічным цэнтры Беларусі. Гэтая зона ўключае ўсе астатнія раёны Гарадзенскай вобласьці, большую частку Берасьцейскай і практычна ўсю Менскую. Меншчыну можна лічыць пераходнай, якая аддзяляе ад значна менш «дэмакратычнага арэалу». Толькі ў Віцебскай вобласьці зоны высокай і нізкай падтрымкі непасрэдна сутыкаюцца.

Зона нізкае падтрымкі (да 10 %) у 1994 г. была сканцэнтраваная на ўсходзе Беларусі. Прычым тут мы сапраўды можам казаць пра ўвесь усход, бо адпаведная зона цягнецца ўздоўж усяе расейска‑беларускае мяжы. Яна ахоплівае практычна ўсходнюю частку Віцебскай вобласьці ўздоўж лініі (з пэўнымі анклявамі) — Расоны, Полацак, Ворша. Ідзе ніжэй на практычна ўсю Магілёўскую і амаль усю Гомельскую вобласьці (акрамя Жыткавічаў). Для вызначэньня эпіцэнтру такіх настрояў зручна ўвесьці зону мінімальнае падтрымкі (да 5 %). Такія раёны практычна цалкам кладуцца ў Магілёўскай вобласьці. Гэтая зона можа разглядацца як антыпазыцыя Смаргоні.

У 2001 г. сытуацыя паўтараецца. Самыя нізкія паказчыкі зноў фіксуюцца на ўсходзе краіны: большая частка Магілёўскай і практычна ўся Гомельская, паводле афіцыйных зьвестак, — меней за 5 %. Пры гэтым самыя нізкія паказчыкі зьмяшчаюцца да Гомельскай вобласьці, раёнаў якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Лельчыцкі, Брагінскі і Веткаўскі).

Такім чынам, збольшага акрэсьліваюцца палітычныя раёны, якія дэманструюць розны ўзровень падтрымкі апазыцыі паводле дадзеных 1994 і нават 2001 гг. Пры гэтым на адным баку знаходзіцца паўночна‑заходняя Беларусь на другім — паўднёва‑ўсходняя. Дадзеныя за 2006 г. яшчэ больш няпэўныя, але тут таксама назіраецца цікавая акалічнасьць. Усе раёны, дзе, з афіцыйных зьвестак, апазыцыя атрымала больш за 7 % галасоў, знаходзяцца ў Заходняй Беларусі і выцягнутыя ўздоўж лініі ад Берасьця (Кобрынь, Камянец) да заходняе часткі Віцебскае вобласьці (Шаркаўшчына). У той самы час найменшыя паказчыкі (меней за 2 %) прадэманстравалі паўднёва‑ўсходнія раёны Гомельскай.

Можа паўстаць пытаньне пра тое, наколькі трывалыя і выпадковыя гэтыя зоны і ці адбылося іх разбурэньне ў выніку рэгіянальнае палітыкі Менску. Адказ на такое пытаньне ў значнай ступені спэкуляцыйны ў выніку адсутнасьці надзейных дадзеных. Тым ня менш, цікавае само ўзьнікненьне пытаньня. «Прадэмакратычная зона» была ўключаная ў склад СССР у 1939 г. і канчаткова інтэграваная ў палітычную і сацыяльную структуру БССР пасьля другой усясьветнай вайны. Тым ня менш, падзеі пачатку 90‑х гг. і вынікі галасаваньня 1994 г. дэманструюць, як хутка замарожаныя і выціснутыя па‑за афіцыйны кантэкст адрозьненьні і ідэі, якія іх падмацоўваюць, выйшлі на паверхню і сталі часткаю палітычнай рэчаіснасьці. У другой палове 1990‑х гг. аўтарытарнымі мэтадамі гэты працэс быў стрыманы, але, магчыма, зноў толькі ў форме выцісканьня і ўяўнай аднастайнасьці. Калі пэўныя інтэнцыі былі захаваныя праз (і, магчыма, маюць больш глыбокі этнаграфічны і палітычны грунт) дзесяцігодзьдзі савецкага дамінаваньня і пры гэтым узнаўляліся праз генэрацыі, яны, відавочна, застаюцца важнымі да гэтага часу.

  5 Дмитриев, Е. И., Хурс, М. Н. Беларусь: итоги и уроки президентских выборов 2001. Мн.: ИСПИ, 2002.
С. 249—258.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/27