A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (55) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Герт Ловінк | ||||
Герт Ловінк
Блогі і падзеньне ўлады традыцыйных мэдыяў
Ўэб‑блогі, ці блогі, што прыйшлі на зьмену «сваім інтэрнэт‑старонкам» 90‑х гг. ХХ ст., спалучаюць у сабе прыватнае (онлайнавы дзёньнік) і публічнае (уласны піяр). Паводле прыблізнай ацэнкі Blog Herald, у сьвеце цяпер каля 100 млн блогаў. Рабіць нейкія абагульненьні наконт іх «прыроды» і падзяляць іх на адпаведныя жанры амаль немагчыма, але я ўсё ж такі паспрабую.
Мала папросту дасьледаваць вызваленчы патэнцыял блогаў ці зьвяртаць увагу на іх контракультурны фальклёр. На маю думку, блогі — частка «пашырэньня масавасьці» гэтага ўсё яшчэ новага сродку зносінаў — інтэрнэту. Пасьля 2000 г. ён страціў «ілюзію зьменаў». Узьніклая пустэча запоўнілася незьлічонымі, поўнымі ўзаемных спасылак размовамі пры дапамозе шырокараспаўсюджанага аўтаматызаванага праграмнага забесьпячэньня. Звычайна блог вызначаюць як частае храналягічна пасьлядоўнае зьмяшчэньне ўласных думак і інтэрнэт‑спасылак, спалучэньне падзеяў асабістага жыцьця з тым, што адбываецца ў сеціве і навакольным сьвеце. Інтэрнэт‑паслугі кшталту блогаў немагчыма адасобіць ад таго, што яны прадукуюць. Акрэсьленая першакарыстальнікамі палітыка і эстэтыка блогаў будзе задаваць фармат гэтага сродку камунікацыі на дзесяцігодзьдзі наперад. Блогі зьявіліся пры канцы 90‑х гг. ХХ ст. у ценю .com‑маніі. Блог‑культура была яшчэ не настолькі разьвітая, каб над ёю запанаваў фінансавы капітал зь ягоным гістэрычным «прэзэнтацыя‑або‑сьмерць, цяпер‑ці‑ніколі». Першыя блогі ўяўлялі зь сябе нефармальныя гутаркі, якія цяжка прадаць як тавар. Блогі ствараюць летуценны паралельны сьвет. Дзякуючы гэтаму яны змаглі ўтварыць «крышталі», зь якіх вырасьлі мільёны новых блогаў. Каля 2003 г. яны дасягнулі крытычнай масы. Пасьля 11 верасьня блогінг запоўніў разрыў між інтэрнэтам і грамадзтвам. Блогі сталіся сапраўднымі каталізатарамі, якія зьдзейсьнілі сусьветную дэмакратызацыю сеціва. Аднак «дэмакратызацыя» азначае ня толькі «ўдзел грамадзянаў», але і ўнармаваньне (вызначэньне нормаў) і баналізацыю. Як казаў Жан Бадрыяр, мы жывем у «Сусьвеце суцэльнай рэальнасьці»: «Калі ў мінулым была трансцэндэнцыя, скіраваная да вышыняў, то сёньня — толькі долу. У пэўным сэнсе гэта другое «грэхападзеньне», пра якое гаварыў Гайдэгер: падзеньне ў банальнасьць, але гэтым разам без усялякай надзеі на збаўленьне». Калі вы ня можаце трываць безьзьмястоўнасьці ў вялікіх дозах, блогі не для вас. Рухавік пашырэньня блогасфэры — пераход ад коду да зьместу. Адпадае патрэба ў пустым дэма‑дызайне. Блогі — гэта не рэклямны паказ і ня бізнэс‑прапанова. Яны проста ёсьць. Блог‑культура адпачатку сталася родным домам для тых, хто прадукуе творчае і сацыяльнае напаўненьне. А што блогінг ня мае зададзенага кірунку — гэта ня хіба, а ягоная галоўная перавага. Ён ня вырас зь нейкага руху ці падзеі. Як правіла, лічыцца, што паміж блогамі і «індустрыяй навінаў» склаўся сымбіёз, але гэта небясспрэчнае меркаваньне. Цяжка адказаць, дзе існуюць блогі: у сярэдзіне мэдыя‑вытворчасьці або звонку. Нягледзячы на шматлікія спробы давесьці, што блогі — альтэрнатыва традыцыйным мэдыям, яны хутчэй трапляюць пад азначэньне «каналы зваротнай сувязі». Прагляд «звычайных» СМІ не абавязкова завяршаецца зьяўленьнем разумных камэнтароў, вартых увагі. У катэгорыю «неўспрымальнае» трапляе ледзь ня ўсё што заўгодна: ад вясёлага да вар’яцкага, сумнага, нездаровага. Што не змаглі зрабіць CNN, газэты і радыёстанцыі — знайсьці месца для шчырых інтэрактыўных «вестак» ад аўдыторыі, — за іх робяць блогі. Блогер не бярэцца за падрабязны аналіз дыскурсу і абставінаў, у якіх зьяўляецца навіна, тым болей не пераправярае фактаў. Блогер папросту зьвяртае ўвагу на навіну тым, што робіць адсылку і тлумачыць у некалькіх сказах, чаму яго зацікавіў гэты «фактоід» або чаму ён зь ім нязгодны. У блогах часта прыводзяцца сьпехам занатаваныя разважаньні вакол нейкай адсылкі ці падзеі. Блогеры, як правіла, папросту ня маюць часу, навыкаў і фінансавых сродкаў на глыбокае дасьледаваньне праблемы. Звычайныя блогі ствараюць густое воблака «ўражаньняў» на пэўную тэму. Блогі — гэта тэст: яны паказваюць, наколькі цікавая чытачам тая ці іншая інфармацыя. Паміж мэдыясфэрай і блогасфэрай досыць расплывістая мяжа. Ад самага пачатку журналісты «старых» СМІ стваралі свае блогі. Журналісцкае расьсьледаваньне вымагае месяцаў, а то і гадоў працы. Блогеры ж нагадваюць хутчэй армію мурашоў, кожны зь якіх цягне штосьці ў вялікі мурашнік, што завецца «грамадзкай думкай». Як кажа нідэрляндзкая журналістка Сэсыль Лэндман: «Журналісту трэба зарабляць на жыцьцё. Ён ня можа выставіць у сеціва ўсё, што заўгодна. Блогераў жа гэта не тубуе». Блогінг зьмяняе наяўны фармат інфармаваньня. Паводле словаў Лэндман, «…людзям надакучыў традыцыйны фармат. Яны больш ня сочаць за навінамі, тыя не захоўваюцца ў іхнай памяці. Гэта як занадта часта чутая песьня ці рэкляма: мы яе слухаем, можам нават прасьпяваць, але словы страцілі ўсялякі сэнс». Традыцыйныя СМІ пачынаюць гэта разумець. Каб прыцягнуць чытачоў (чытай: рэклямадаўцаў), яны вымушаныя шукаць новы фармат. І блогі — таксама маленькая частка гэтых трансфармацыяў. Блогі ператвараюць навіны зь лекцыі ў гутарку. У блогах чуюцца водгукі плётак і пагалосак, размоваў у кавярнях і барах, на плошчах і ў калідорах. Цікава, што пра блогі часьцяком кажуць, быццам яны ёсьць увасабленьне цынізму і нігілізму. Замест таго, каб адкінуць гэтае абвінавачаньне, я вырашыў яго праверыць і заладаваў абодва словы ў пашуковік, каб паглядзець, ці сапраўды яны сталіся вартасьцямі, трывала ўкарэненымі сярод Нацыі Блогераў. З гістарычнага гледзішча мае сэнс разглядаць «інтэрнэт‑цынізм» як рэакцыю на хвалю «міленіюмнага шаленства». У студзені 2001 г. інтэрнэт‑часопіс Clickz адзначаў: «Сярод інвэстараў, спажыўцоў і СМІ пануе адчуваньне, што ўсе надзеі, ускладзеныя на інтэрнэт, абярнуліся адным вялізным, нахабным падманам, і сёньня мы расплачваемся за грахі ўчорашняй нястрымнай весялосьці». Мне ўжо даводзілася казаць пра пахмельле пасьля .com‑маніі. У гэтым сьвятле цынізм — ня што іншае, як каменьне дыскурсу зруйнаванай сыстэмы вераваньняў, ломка пасьля Рынкавай ліхаманкі, пасьля наіўна‑аптымістычных клінтанаўскіх гадоў глябалізацыі (1993—2000). Сьмешна было б абвінавачваць усіх блогераў агулам у цынізьме. У гэтым кантэксьце цынізм — ня рыса характару, а тэхна‑сацыяльны стан. Нельга сказаць, што блогеры пераважна ад прыроды цынікі або вульгарныя эксгібіцыяністы, ня здольныя выказвацца стрымана. Істотна прыкмеціць той Zeitgeist, у якім паўстаў блогінг як масавая зьява. Інтэрнэт‑цынізм — культурная «даважка» праграмнага забесьпячэньня для блогаў, якая вынікае з апэрацыяў «зарэгістравацца», «спасылка», «праўка», «пошук», «чытаць», «пераслаць», «пазначыць», «адказаць». Некаторыя ўжо ва ўжываньні слова «цынізм» убачаць жаданьне натаўчы блогераў у каршэнь. Хай сабе. Але, паўтаруся, гаворка не пра пазыцыю, тым болей не пра нейкі агульны стыль жыцьця. Інтэрнэт‑цынізм — гэта страта веры ў кібэркультуру як падставу для самавызначэньня, а таксама ва ўсе бізнэс‑галюцынацыі, што зь яе вынікалі. Складнікі інтэрнэт‑цынізму — халодная асьвета як «постпалітычны» стан і споведзь, апісаная Мішэлем Фуко. Людзей пераканалі, што, каб вызваліцца, яны мусяць «сказаць праўду», выспавядацца — сьвятару, псыхааналітыку, ўэб‑блогу — і гэтая прамоўленая праўда нейкім чынам іх вызваліць. Блогеры выпраўляюцца на пошукі ісьціны. Але гэтая ісьціна пад пытальнікам. З найвышэйшай абсалютнай велічыні, ухваленай найвышэйшымі ўладамі, ісьціна ператварылася ў аматарскі праект. Замест таго, каб даваць агульнае вызначэньне, можна сказаць, што цынізм — гэта непрыемная манера раскрываць праўду. І тут узьнікае пытаньне: колькі можна вытрымаць праўды? Веда спараджае смутак. А нашыя прапагандысты «грамадзтва веды», здаецца, ня ўзялі гэтага ў разьлік. Інтэрнэт‑цынізм шчыры — перадусім наконт сябе. Блог‑постынг — гэта онлайнавы тавар з кароткім тэрмінам прыдатнасьці. Як кажа Спокер Джоўнз: «Праз сорак гадоў, калі інтэрнэт лясьнецца ад калясальнага нутранога выбуху дурасьці, мне б хацелася, каб я мог сказаць: «Я пры гэтым прысутнічаў». Кажуць, інтэрнэт‑цынізм спарадзіў сайты кшталту Netslaves.com, прысьвечаныя «жахам працы ў сеціве». Ён служыць трыбунай для тых, каго «дабівае некампэтэнтнасьць, дэбілізм плянаваньня, гістэрычны мэнэджмэнт новамэдыйных кампаніяў». Эксгібіцыянізм роўны сіле. Выказваць услых свае думкі і пачуцьці ў духу дэ Сада — ня проста магчымасьць, варыянт «выбару» ў лібэральным сэнсе, а абавязак, імгненны імпульс адгукнуцца, каб быць «разам з усімі». У інтэрнэт‑кантэксьце «драма свабоды» — ня ў ліху, а ў банальнасьці. Як сьцьвярджае Бадрыяр: «Усе нашыя каштоўнасьці — падробленыя. Што такое свабода? Мы маем выбар паміж тым, каб набыць адну машыну, і тым, каб набыць іншую?» Усьлед за Бадрыярам мы маглі б сказаць, што блогі — падарунак чалавецтву, які нікому не патрэбны. Вось у чым сапраўдны шок. Хіба хто‑небудзь замаўляў разьвіцьцё блогаў? Немагчыма папросту не зьвяртаць на іх увагі і весьці ўтульнае жыцьцё «публічнага інтэлектуала» ХХ ст. Як піша Мішэль Ўэльбэк, блогеры заблыталіся ва ўласных нутраных супярэчнасьцях у Краіне‑Бяз‑Выбару. «London Times» заўважае, што Ўэльбэк «піша з нутраной адчужанасьці. Ягоныя бітыя жыцьцём героі‑мужчыны, занядбаныя ў дзяцінстве бацькамі, даюць рады тым, што адмаўляюцца ад усялякіх праяваў любові. Яны пераносяць сваю халоднасьць і самоту на сьвет». Блогі — ідэальная прастора для такіх праектаў і праекцыяў. Італьянскі тэарэтык Паўло Вірно паказвае, як можна ўжываць панятак «цынізм» не ў абразьлівым сэнсе. Для Вірно цынізм зьвязаны з «хранічнай нестабільнасьцю формаў жыцьця і моўных гульняў». Вірно бачыць падставы сучаснага цынізму ў тым, што людзі перадусім сутыкаюцца з правіламі — нашмат часьцей, чым з «фактамі», і нашмат раней, чым з канкрэтнымі падзеямі. Вірно сьцьвярджае: «Але наўпрост сутыкацца з правіламі таксама азначае прызнаваць іх умоўнасьць і неабгрунтаванасьць. Такім чынам, чалавек больш ня ўдзельнічае па‑сапраўднаму шчыра ў адной перадвызначанай гульні». Замест гэтага ён ловіць свае адбіткі ва ўласных «гульнях», пазбаўленых усялякай сур’ёзнасьці і яснасьці. Гульні сталіся ўсяго толькі прасторай для непасрэднага самасьцьвярджэньня — тым больш грубага і нахабнага, то бок цынічнага, чым больш яно палягае (без ілюзіяў, але ў поўнай кароткачасовай згодзе) на тых самых умоўных, пераменлівых правілах. Энцыкляпэдысты‑аматары ў Wikipedia даюць цынікам наступнае азначэньне: «Схільныя ня верыць у чалавечую шчырасьць, цноту і альтруізм, тыя, хто сьцьвярджае, што паводзінамі чалавека кіруе толькі асабістая выгада. Сучасны цынік, як правіла, зь вялікай пагардай ставіцца да грамадзкіх нормаў, асабліва тых, што выконваюць хутчэй рытуальныя, чым практычныя функцыі. Цынік адкідае пераважную большасьць пашыраных меркаваньняў, традыцыйную мараль і агульнапрыняты здаровы сэнс, бо для яго гэта нешта пустое, састарэлае, абсурднае». У сеціўным асяродку такое азначэньне — досыць праблематычнае, бо згодна зь ім карыстальнік выступае адзінаасобным суб’ектам, які супрацьпастаўляецца групе або ўсяму грамадзтву. Інтэрнэт‑цынізм — гэта ня шлях да наркаманіі ці якой іншай бяды. Непасрэднай небясьпекі няма — усё добра. Толькі ёсьць адчуваньне застою пасярод няспынных пераменаў. Яго можна назваць «рамантызмам з расплюшчанымі вачыма». На думку Пітэра Слотэрдайка, цынізм — «абазнаная няшчырая сьвядомасьць». Цынік, кажа Слотэрдайк, гэта чалавек, што належыць да арганізацыі ці супольнасьці, існаваньне і каштоўнасьці якой ён ужо не ўспрымае як нешта абсалютнае, неабходнае і безумоўнае, і пакутуе ад сваёй абазнанасьці, бо вымушаны трымацца прынцыпаў, у якія ня верыць. Мы існуем у сьвеце «пасьля дэканструкцыі», і блогі ствараюць у ім бясконцую плынь прызнаньняў, космас мікрадумак, якія імкнуцца вытлумачыць падзеі, выходзячы за межы добра вядомых катэгорыяў ХХ ст. Імпульс нігілізму паўстае ў адказ на рост узроўню комплекснасьці ўзаемазьвязаных тэмаў. Калі ўсё можна патлумачыць з гледзішча посткаляніялізму, клясавага і гендэрнага падыходу, то прамовіць амаль нічога немагчыма. Аднак блогінг паўстае насуперак падобнай палітычнай аналітыцы, празь якую шмат чаго ўжо нельга выказаць. У блогах выказваюцца асабістыя страхі, расчараваньні, хваляваньні, шукаюцца хаўрусьнікі. Там рэдка знойдзеце жарсьць (апроч як да самога блогерства). Блогеры часта прызнаюцца ў сваіх сумневах і няўпэўненасьці: што адчуваць, што думаць, чаму верыць? Яны ўважліва параўноўваюць часопісы, дарожныя знакі, начныя клюбы, тэніскі. Гэтыя стылізаваныя ваганьні сілкуюцца з агульнапрынятага меркаваньня, што блогі мусяць быць аўтабіяграфічнымі і пры гэтым паведамляць нешта пра навакольны сьвет. Нефармальная атмасфэра робіць эмацыйную палітру блогаў нашмат шырэйшай у параўнаньні зь іншымі мэдыямі. Ці ня самае галоўнае ў блогах — спалучэньне публічнага і прыватнага. Блогі граюць у эмацыйным рэгістры ад нянавісьці да нудоты, ад жарснага захапленьня да выбуху сэксуальнага гвалту і зноў да будзённай нуды. Аўстралійскі культуроляг Джастын Клемэнс піша: «Нігілізм — гэта не яшчэ адная эпоха сярод шэрагу іншых. Гэта канчатковая форма катастрофы, што адбылася даўным‑даўна». У новамэдыйным рэчышчы гэта азначае, што блогі сьцьвярджаюць падзеньне ўлады традыцыйных мэдыяў, але сьвядома не прапаноўваюць альтэрнатывы іх ідэалёгіі. Карыстальнікам надакучыў дыялёг «зьверху ўніз», але ім няма куды сысьці. У фразе: «Іншага сьвету няма», — чуецца адказ на лёзунг антыглябалістаў: «Магчымы іншы сьвет». Блогінг — гэта нігілісцкі праект, бо ён ставіць пад пытаньне, а тады і скасоўвае структуры ўласнасьці СМІ. Блогінг — гэта стратэгія «пераразаньня жылаў». Бадрыяраў «нутраны выбух» тут не пасуе, бо ён мае на ўвазе трагедыю і відовішча, а іх акурат і няма. Блогінг — супрацьлегласьць відовішчу. Ён пляскаты (аднак не пазбаўлены значэньня). Утапічная блог‑філязофія сьцьвярджае, што СМІ асуджаныя на сьмерць. Іх заменяць «мэдыі з удзелам чытачоў». Закрытыя арганізацыі з вэртыкальнай структурай больш не эфэктыўныя, ведай нельга «кіраваць», а праца ў наш час мусіць быць супольнай і сутворчай — канстатуецца ў пастаўленым сьмяротным дыягназе. Аднак, нягледзячы на бясконцыя сыгналы трывогі, сыстэма па‑ранейшаму (не) функцыянуе. І гэтая звычайная рутына спараджае не рэвалюцыі, а нігілізм. Як справядліва адзначае Джастын Клемэнс, «нігілізм часьцяком застаецца незаўважаным — не таму, што страціў актуальнасьць для сучаснай філязофіі, а наадварот, таму што апанаваў сабою ўсё, таму што нігілізм немагчыма абмінуць». Гэты панятак амаль цалкам выпаў з афіцыйнага палітычнага дыскурсу. Ня выключана, што прычына — у «баналізацыі нігілізму». Блогі нясуць з сабою заняпад. Кожны новы блог — удар па мэдыя‑сыстэме, якая некалі вяла рэй у ХХ ст. Разбураецца Вера ў Message. Вось ён, момант нігілізму. І блогі спрыяюць пашырэньню падобнага тыпу культуры, як нішто і ніхто раней. Пазытывісты бачаць у блогах мэдыя‑камэнтары шараговых грамадзянаў. Між тым блогі дапамагаюць карыстальнікам перайсьці ад Ісьціны ў Нішто. Друкаваныя СМІ, радыё і тэлебачаньне страцілі сваю аўру. Навіны спажываюцца як тавар, вартасьць якога вымяраецца забаўляльнасьцю. Замест таго, каб крычаць пра ідэалягічную афарбаванасьць навінаў, як рабілі папярэднія пакаленьні, мы ствараем блогі — знак вяртаньня моцы духу. Дробнагеройскі ніцшэанскі жэст «піжамнага пакаленьня», блогінг паўстае не са слабасьці пэсымізму, а зь нігілізму сілы. Блогеры — нігілісты, бо яны «нічога ня вартыя». Яны дасылаюць постынгі ў Нірвану. Яны ператварылі ўласную нікчэмнасьць у прадукцыйную сілу. Апалягеты «нішто» і «няма», яны вітаюць сьмерць цэнтралізаваных сэнсавых структураў і не зважаюць на закід, што, маўляў, ствараюць яны толькі шум. Яны антыілюзіяністы, іх учынкі і меркаваньні лічацца марнымі і пустымі. Джаньні Ватыма сьцьвярджае, што нігілізм — гэта не адсутнасьць сэнсу, а прызнаньне множнасьці сэнсаў, не канец цывілізацыі, а пачатак новых сацыяльных парадыгмаў, і блогінг — адна зь іх. Нігілізм зазвычай асацыюецца з пэсымістычным перакананьнем у бессэнсоўнасьці ўсяго існага. Але ён мог бы стаць этычнай дактрынай, якая сьцьвярджае, што ў сьвеце няма маральных абсалютаў і неабвержных законаў прыроды, а ісьціна заўсёды непазьбежна суб’ектыўная. Нігілізм мае на ўвазе, што апазыцыя яму немагчымая ў прынцыпе. Нядзіўна, што такое становішча выклікае немалую занепакоенасьць. Нігілізм — гэта не маналітная сыстэма вераваньняў. Мы больш ня верым у «Нішто», як верылі ў Расеі ХІХ ст. ці ў паваенным Парыжы. Нігілізм ужо не ўяўляе зь сябе небясьпекі або праблемы — гэта папросту постмадэрны стан паводле змоўчаньня. Нічым не адметная, нават банальная рыса жыцьця, больш не зьвязаная з праблемай Рэлігіі. Блогі — зьява не рэлігійная і ня сьвецкая. Яны «пост‑маральныя». Прыкладаючы назіраньні Кэрэн Кар да сёньняшняй сытуацыі, можна сказаць, што блогер — гэта чалавек, які жыве ў самасьвядомым супрацьстаяньні зь бессэнсоўным сьветам і адмаўляецца як адрынуць, гэтак і прызнаць яго ўладу. Аднак гераічнага жэсту ня будзе. Блогінг спараджае не нудота і не адчуваньне экзістэнцыйнай пустэчы. Кар справядліва адзначае, што «ў многіх постмадэрністаў нігілізм выклікае ня жах, а позех». Нігілізм больш ня здатны спарадзіць крызіс, як у мінулыя стагодзьдзі. Калі блогераў залічваюць да нігілістаў, гэта зазначае, што яны папросту больш ня вераць у СМІ. Дэйвід Кляйн тлумачыць, што, нягледзячы на ўвесь свой нігілізм, блогінг — ня марная справа: «Праўда ў тым, што гэта ня проста пустая надакучлівая балбатня занудаў, напісаная, каб нудзіцца. Блогеры часта выказваюцца красамоўна — так, як могуць сабе дазволіць тыя, хто ня ведае самасьвядомага асьцярожнага рэтушаваньня: рэзка, без цэнзуры, чэрпаючы з энэргетыкі наноў абуджанага голасу. Штодня занатоўваючы падзеі на сваім жыцьцёвым шляху, блогеры структуруюць і асэнсоўваюць этапы і цыклі ўласнага існаваньня, якія іначай засталіся б незаўважанымі ў тлуме сучаснасьці». У падобным духу гавораць і дасьледнікі Фуко: блогі — гэта тэхналёгія стварэньня свайго «я». Але што, калі ў свайго «я» селі батарэйкі? Усьлед за Дамінікам Пэтманам мы можам сказаць, што блогінг — гэта бесьперапынны пошук чагосьці ў век татальнай зьняможанасьці. Ці рызыкуюць блогеры? Вядома, блог‑культура адрозьніваецца ад прадпрымальніцкага культу рызыкі. Блогеры сутыкаюцца зь небясьпекамі, спароджанымі бясконцымі новымі хвалямі мадэрнізацыі. У блогі трапляе нязводная няпэўнасьць будзёншчыны. Калі прадпрымальнікі, сілкуючыся энэргіяй калектыўных галюцынацыяў, калянізуюць будучыню, то блогеры зрываюць покрыва з дня сёньняшняга, у якім яны заблыталіся цяпер. Блогінг — гэта адказ на «індывідуалізацыю сацыяльнай няроўнасьці». Яна абарочваецца ня так супольнымі дзеяньнямі, як масавымі гіпэрасабовымі спасылкамі. Вось у чым парадокс сеціва: мы назіраем адначасова і стварэньне, і разбурэньне сацыяльнага. Сьцярожкае нутраное адасабленьне ператвараецца ў радыкальны выбух шчырасьці. Блогеры руйнуюць руйнавальнікаў. Яны адкідаюць вечныя размовы пра «зьмены». Падарваць постмадэрную карпарацыю надзвычай лёгка, бо яна грунтуецца выключна на пустым публічным іміджы, створаным запрошанымі кансультантамі. Інтэрнэт‑дзёньнікі, тырады і камэнтары бязь цяжкасьцяў касуюць тую штучную гармонію, да якой імкнецца мадэляваньне грамадзтва. «Паспрабуй будаваць сябе — і збудуеш руіну», — гэтая фраза сьв. Аўгустына датычыць і блогаў. Здавалася б, стандартны, але разьлічаны на індывідуальнага спажыўца сродак зносінаў праз даўжэйшы час аказваецца ненадзейным. Большасьць блогаў, да якіх карыстальнікі не зьвярталіся тры месяцы, сьціраецца з памяці сэрвэра. Інтэрнэт‑старонка жыве ў сярэднім паўгоду, і думаць, што з блогамі сытуацыя складваецца іначай, няма ніякіх падставаў. Як піша Алекс Галявіяс, «…шмат блогаў недаўгавечныя, і ў кожным разе можна меркаваць, што ўсе блогі, верагодна, будуць існаваць небясконца». «Калі ваш ўэб‑сайт складана абнаўляць, вы ня станеце яго абнаўляць», — гэтая праблема была актуальнай у 90‑я гг. Сёньня «калі вы не абнаўляеце свой блог, мы яго выдалім». Блогі «апантана зацыкленыя на самарэалізацыі», — гаворыць Эндру Кін у Weekly Standard. Ён робіць пэсымістычны празноз: «Пачніце дэмакратызаваць мэдыі — і скончыце дэмакратызацыяй таленту. Яе міжвольным наступствам стане, калі перафразаваць Томаса Фрыдмана, «пляскатасьць» культуры». А Ніклас Кар дадае: «Урэшце нам застаецца толькі адно — «пляскаты пошум меркаваньняў», жах Сакрата». Блогінг на самоце — сацыяльная рэчаіснасьць, ад якой так лёгка не адмахнесься. Блогінг пераважна ўяўляе зь сябе, паводле выразу Бэрнгарда Зыгерта, «прывідныя зносіны». «Сеціва пачынаецца і канчаецца суаднесенасьцю выключна з сабою», — піша Фрыдрых Кітлер, і гэтае аўтапаэтызаваньне нідзе не выяўляецца гэтак яскрава, як у блогасфэры. Шэлі Паркс неяк запыталася: «Вы пішаце, каб быць часткай супольнасьці? Або вы пішаце, каб пісаць, а супольнасьць можа альбо ўтварыцца, альбо не?» Дана Бойд у гэтай сувязі згадвала канцэпцыю аднароднасьці — сарока сароку бачыць здалёку. Здаецца, у блогавым кантэксьце накіраванае стварэньне самарэфэрэнцыйных групаў — ідэя яшчэ досыць новая. Блогі ўтвараюць архіпэлягі, але яны маюць вельмі слабыя нутраныя сувязі. У дадатак блогеры ня толькі спасылаюцца адно на «сваіх» і адказваюць адно «сваім», але і ня маюць дакладнага ўяўленьня, што атрымаецца, калі далучыць да блогінгу апанэнтаў. Ці можна гаварыць пра «страх перад свабодай мэдыяў»? Было б залішне проста сказаць, што існуе свабода слова і блогі — яе жывое практычнае ўвасабленьне. Мэта свабоды ў яе радыкальных праявах — стварыць незалежную прастору, пераадолець уладу мэдыя‑карпарацыяў і дзяржаўны кантроль, каб больш не зважаць на «іхныя» каналы. Большасьць блогаў выяўляе адваротную тэндэнцыю. Апантанасьць новымі «фактоідамі» ў іх даведзеная да скраеня. Фром сьцьвярджае, што свабода прывяла нас да невыноснай самоты. Таму мы заўсёды адчуваем трывогу і бездапаможнасьць. Мы альбо ўцякаем у новыя залежнасьці, альбо ўсьведамляем поўную свабоду, якая вынікае з «чалавечай непаўторнасьці і асабовасьці». Права выказваць свае думкі толькі тады чаго‑небудзь вартае, калі мы можам мець уласныя думкі. Свабода ад манаполіі традыцыйных мэдыяў у выніку азначае прывязанасьць да нечага іншага, у нашым выпадку — да блогавай парадыгмы. А яна амаль ня мае дачыненьня да поўнай свабоды, да таго, што рабіць з усёпаглынальнай функцыянальнасьцю і з пустэчай чыстага, белага кампутарнага акна. Хіба няпраўда, што выбітны дакумэнт не ўкладаецца ў наяўныя кантэксты? Хіба ісьціна ня ў тым, на што немагчыма даць адсылку?
Пераклала з ангельскай V. K. |
(Geert Lovink, нар. у 1959 у Амстэрдаме) — тэарэтык мас‑мэдыяў. Доктар філязофіі ва ўнівэрсытэце Мэльбурну, прафэсар новых мэдыяў ва ўнівэрсытэце Амстэрдаму. Неўзабаве мае выйсьці ягоная кніга «Zero Comments» (Routledge, 2007). Гэты тэкст друкуецца ў скароце і з ласкавай згоды аўтара. Арыгінальная назва «Блогінг як імпульс нігілізму». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (55) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |