A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


крытыка

  Дэйвід Р. Марплз

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дэйвід Р. Марплз
Сіла і слабасьць
беларускага аўтарытарызму

Ioffe, Grigory. Understanding Belarus: The Questions of Language // Europe‑Asia Studies. Vol. 55. № 7. 2003. P. 1009—1047.

Ioffe, Grigory. Understanding Belarus: Belarusian Identity // Europe‑Asia Studies. Vol. 55. № 8. 2003. Р. 1241—1272.

Ioffe, Grigory. Understanding Belarus: Economy and Political Landscape // Europe‑Asia Studies. Vol. 56. № 1. 2004. Р. 85—118.

Karp, Marek. Białoruska ucieczka od wolności // Gazeta Wyborcza. 1997. 26—27 ліпеня.

Уводзіны

Беларусь застаецца адной з малавядомых былых савецкіх рэспублік. Яе ўсё больш і больш успрымаюць сярод эўрапейскіх краінаў як адхіленьне ад нормы, як атавізм савецкага часу. Узначальвае яе прэзыдэнт, які, карыстаючыся мэханізмамі дзяржаўнай улады, правёў тры рэфэрэндумы (у 1995, 1996 і 2004 гг.), каб унесьці ў Канстытуцыю зьмены, што забясьпечваюць яму пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. Яго пазьбягаюць дэмакратычныя дзяржавы сьвету. Былы амбасадар Злучаных Штатаў назваў Беларусь «эўрапейскай Кубай», а прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку — «дыктатарам». Прэзыдэнт ЗША Джордж Ў. Буш улучыў Беларусь у г. зв. «вось зла». 18 студзеня 2005 г. на слуханьнях у Вашынгтоне новапрызначаны дзяржаўны сакратар Кандаліза Райс назвала Кубу, М’янму, Беларусь і Зымбабвэ «фарпостамі тыраніі», за якімі Злучаным Штатам трэба ўважліва сачыць. У 2005 г. на канфэрэнцыі ў Рызе, арганізаванай пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Латвіі, галава амэрыканскай дэлегацыі сэнатар Джон Маккейн заявіў, што Лукашэнка — «тыран», якога неабходна адхіліць ад улады. Падобную заўвагу зрабіў падчас візыту ў Латвію ў траўні 2005 г. прэзыдэнт Буш. У сьвеце мала знойдзецца дзяржаўных лідэраў, якіх настолькі ганяць.

Прэзыдэнт Лукашэнка не заўсёды меў гэткую дрэнную рэпутацыю. На пачатку 1994 г., да першых прэзыдэнцкіх выбараў у незалежнай Беларусі, Лукашэнку часам успрымалі як аднаго з радыкальна настроеных дэпутатаў Вярхоўнага Савету, які ў нечым падзяляў погляды лідэраў апазыцыі. Ён не ўваходзіў ва ўладныя структуры, і ягоны аўтарытэт — наколькі гэта магчыма для былога памежніка і дырэктара саўгасу — грунтаваўся на тым, што Лукашэнка ўзначальваў парлямэнцкую камісію па расьсьледаваньні карупцыі. Адзін колішні актыўны ўдзельнік Беларускага народнага фронту згадваў, што ў 1990 г. Лукашэнка ўсімі сіламі спрабаваў дамагчыся вылучэньня на пасаду намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету, але ня меў апірышча ані ва ўладных структурах, ані ў лягеры апазыцыі. Улетку 1994 г. апазыцыя, бясспрэчна, ня бачыла ў прэзыдэнцтве Лукашэнкі асаблівых падставаў для трывогі. Яна абвясьціла 100‑дзённы маратор на крытыку новаабранага прэзыдэнта. За гэты час ён мусіў дакладна акрэсьліць свае намеры. Аднак літаральна празь некалькі месяцаў апазыцыя зьмяніла сваё стаўленьне да прэзыдэнта, пабачыўшы ў ім незамірэнчага ворага, што прагне пры кожнай магчымасьці павялічыць асабістую ўладу. У выніку двух рэфэрэндумаў (1995 і 1996 гг.) у Беларусі зьмянілася структура ўлады, была ўведзеная квазі‑савецкая дзяржаўная сымболіка і сьцяг, расейская мова падвысілася ў статусе да дзяржаўнай, колькасьць дэпутатаў парлямэнту скарацілася з 260 да 110. На рэфэрэндум 1996 г. прыпала кульмінацыя ў барацьбе за ўладу: апазыцыя спрабавала вынесьці імпічмэнт прэзыдэнту, але Расея ў асобе прэм’ер‑міністра Віктара Чарнамырдзіна ўмяшалася ў беларускія справы, што і пераламала сытуацыю. Пасьля гэтага Беларусь, нягледзячы на некаторыя перастаноўкі, нязьменна застаецца ў расейскім полі прыцягненьня. Рэспубліка адкрыта атаясамлівае сябе з савецкім мінулым. Паводле ўсіх апытаньняў грамадзкае думкі, Лукашэнка значна выпярэджвае сваіх палітычных супернікаў. Ягоныя партрэты можна пабачыць у шматлікіх сялянскіх хатах. У дзяржаўных часопісах друкаваліся вялікія артыкулы пра сапраўдныя пілігрымкі па мясьцінах, дзе нарадзіўся і вучыўся прэзыдэнт, пра ягоны не па гадох разьвіты розум і якасьці лідэра, што праявіліся ў старэйшых клясах школы. У сваю чаргу папулізм прэзыдэнта, ягоная здольнасьць усталёўваць кантакт з аўдыторыяй і беспасярэдне, і празь дзяржаўнае тэлебачаньне выклікае замілаваньне да яго старэйшага пакаленьня, усё жыцьцё якога па‑ранейшаму абумоўлівае Вялікая Айчынная вайна.

Дык чаму ж гэтая невялікая дзяржава зь менш як дзесяцьцю мільёнамі насельнікаў разьвіваецца зусім іначай, чым яе суседзі: Польшча, Літва, Латвія, а таксама Ўкраіна, якая апошнім часам стала на новы эўрапейскі шлях і дыстанцыявалася ад Расеі? У чым вытокі сучаснага беларускага аўтарытарызму? Дзе прычыны прыходу да ўлады адміністрацыі, якая панізіла статус нацыянальнай мовы, пазбавіла апазыцыю яе ключавых фігураў, удушыла прэсу і ад 1996 г. прывязала сваю замежную палітыку да Расеі так, што апазыцыйныя партыі вымушаныя змагацца за сваё выжываньне? Як доўга можа Лукашэнка рэальна заставацца пры ўладзе? Як паўплывалі на Беларусь нядаўнія падзеі на постсавецкай прасторы, калі з канца 2003 г. зьмянілася ўлада ў Грузіі, Украіне і Кыргыстане, а ва Ўзбэкістане адбыўся выбух гвалту?

Пункты гледжаньня

Адзін погляд на шлях разьвіцьця Беларусі за Лукашэнкам прапануе навуковец са Злучаных Штатаў Грыгоры Ёфэ. Сваё бачаньне падзеяў ён падрабязна выклаў у трох вялікіх артыкулах, надрукаваных у часопісе «Europe‑Asia Studies» у 2003 і 2004 гг. Ёфэ зыходзіць з пазыцыі чалавека, які нарадзіўся на гэтай зямлі, свабодна валодае расейскай, беларускай і польскай мовамі, апошнім часам некалькі разоў прыяжджаў у Беларусь і таму мае магчымасьць глыбока прааналізаваць наяўныя тэндэнцыі. Ён пачынае з таго, што погляд на Беларусь як на дыктатуру тырана, які пашырае беларуская дыяспара, — небездакорны, бо ён не адлюстроўвае меркаваньняў большасьці беларускага насельніцтва. Яно пераважна свабодна карыстаецца расейскай мовай, сьцьвярджае Ёфэ, і адчувае шчыльную лучнасьць з былой савецкай імпэрыяй. Для жыхароў Беларусі Лукашэнка — значна больш прымальная фігура, чым любы зь лідэраў апазыцыі. У трэцім артыкуле, прысьвечаным эканоміцы, Ёфэ малюе карціну эканамічнай утопіі ў БССР за савецкай уладай. Вось дзе, на ягоную думку, падставы таго, што сучасная Беларусь падтрымлівае Расею і вяртае савецкую спадчыну. Аўтар паказвае савецкую эпоху як час, калі адсталая сельскагаспадарчая рэспубліка ператварылася ў перадавы, прамыслова разьвіты, расквітнелы рэгіён. Наколькі блізкія погляды Ёфэ і афіцыйнага Менску, відаць з таго, што трэці артыкул у скароце надрукаваў дзяржаўны часопіс «Беларуская думка».

Хоць Ёфэ і добра аргумэнтуе свае погляды, яны не ва ўсім пераканаўчыя. Асабліва непакоіць тое, што ў рэакцыі дыяспары на русіфікацыю Беларусі ён бачыць «аўтаматычны рэфлекс», а таксама спрашчае некаторыя нядаўнія падзеі. На ягоную думку, Лукашэнку «ў верасьні 2001 г. пераабралі зь велізарнай перавагай галасоў». Але большасьць назіральнікаў сьцьвярджае, што прэзыдэнт не атрымаў падобнага мандату: хоць ён, відавочна, ішоў першым сярод кандыдатаў, але ягоная перавага была значна меншай, чым сьведчаць афіцыйныя лічбы. Ёфэ мяркуе, што «шараговае» насельніцтва падтрымлівае ідэю «наддзяржаўнай супольнасьці» з Расеяй, але гэтае сьцьверджаньне абвяргаюць вынікі большасьці сацыялягічных дасьледаваньняў. Зь іх вынікае, што грамадзяне Беларусі верныя ідэі нацыянальнай дзяржавы і аддалі б перавагу сяброўству ў Эўразьвязе перад партнэрствам з Расеяй. Ёфэ заяўляе, не прыводзячы ніякіх доказаў, што «большасьць беларусаў — атэісты», але супраць яго сьведчыць тое, што ў храмах — поўна парафіянаў. Ёфэ даводзіць, што спроба нацыяналістаў стварыць нацыянальную гісторыю збольшага правалілася. На ягоную думку, яны здолелі «беларусізаваць» Францішка Скарыну з Полацку, але яны ня здолелі зрабіць таго самага зь іншымі ключавымі фігурамі, зьвязанымі зь мітам нацыянальнай гісторыі. Ёфэ бачыць супрацьстаяньне паміж нэасавецкім і апазыцыйным культам памяці, у якім другі дасюль прайграе. Тут аўтар, мабыць, мае рацыю, але ён не заўважае, што гульцы знаходзяцца ў няроўным становішчы. Сапраўды, улады шырока прапагандуюць такія падзеі, як 60‑годзьдзе вызваленьня Менску з‑пад нямецкай акупацыі, што выклікаюць у памяці станоўчыя вобразы савецкай эпохі (пра гэта — ніжэй).

Іншы, у некаторай ступені больш тэарэтычны аналіз сытуацыі, прапанаваў Марак Карп у артыкуле, які ўпершыню амаль дзесяць гадоў таму надрукавала «Gazeta Wyborcza». Ён засяроджваецца перадусім на нізкім узроўні нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Аўтар адзначае, як кардынальна розьніцца стан рэчаў у гэтай сфэры ў Беларусі і Польшчы. У Беларусі нацыянальная сьвядомасьць лічыцца «асабістай справай», «чымсьці глыбока патаемным», што не прынята выказваць у грамадзкім жыцьці. Аўтар дадае, цытуючы Чэслава Мілаша і Юр’я Туронка, што беларусы ня мелі шчыльных сувязяў, уласьцівых дзяржавам Балтыі, а іхныя сацыяльныя ўстаноўкі фармаваліся ўладамі, якія ўвесь час зьмяняліся, і ўласнай бездапаможнасьцю перад абліччам магутнай улады, адкуль бы яна ні зыходзіла — з Варшавы ці з Масквы. Усё з прычыны таго, што народ гэты быў «аморфнай вясковай нацыяй». Пры гэтым велізарныя страты беларусаў у часе вайны яшчэ больш пагоршылі іх становішча. Яны не прынялі ідэі нацыянальнай дзяржавы, якой яе бачыць цяперашні лідэр КХП‑БНФ Зянон Пазьняк. На думку Карпа, гэта азначае, што разьвіцьцё Беларусі як нацыянальнай дзяржавы, магчыма, ня пойдзе на ўзор ніводнай зь вядомых мадэляў (за выняткам, хіба, Ірляндыі). Зразумела, гэтыя сьцьверджаньні патрабуюць шырокай дыскусіі, і не ў апошнюю чаргу таму, што ў дачыненьні, скажам, да Ўкраіны яны могуць прывесьці да супрацьлеглых высноваў: пакуты ў мінулым (і рэальныя, і мітычныя) паспрыялі стварэньню і зьяднаньню сучаснай нацыі.

Нацыянальныя міты: дамадэрная эпоха

Параўнаньне з Украінай вельмі дарэчнае найперш таму, што, згодна з украінскім нацыянальным мітам, сучасная ўкраінская дзяржава сягае сваімі каранямі сярэднявечнай Кіеўскай Русі, асабліва з часу ўвядзеньня хрысьціянства князем Уладзімерам у 988 г. Як сьцьвярджае Энтані Д. Сьміт, сучасныя гісторыкі ўвогуле падзяляюць меркаваньне, што «нацыі — штучныя супольнасьці, зьвязаныя пераважна прыдуманымі сувязямі», і паколькі міт мадэрнай нацыі бярэ пачатак у дамадэрнай эпосе, каб дасьледаваць, «якім чынам дамадэрныя супольнасьці зьвязаныя з г. зв. «мадэрнымі нацыямі», каб лепей зразумець, чаму яны гэтак прыйшліся да месца ў новым часе», трэба вярнуцца да сярэднявечча. Гэтыя словы асабліва слушныя ў дачыненьні да Беларусі, якую ў найлепшым выпадку можна назваць новаўзьніклай нацыяй, а ў найгоршым — краінай, пасьпяхова дэнацыяналізаванай пасьля набыцьця незалежнасьці ейнымі ж уладамі. Як беларускія ды іншыя гісторыкі тлумачаць, чым вырозьніваецца Беларусь у суплёце ўсходнеэўрапейскіх супольнасьцяў ад сярэднявечча да нашых дзён?

Гэтае пытаньне разглядалася ў першай грунтоўнай працы з гісторыі Беларусі па‑ангельску, выдадзенай у сярэдзіне 50‑х гг. ХХ ст. амэрыканскім навукоўцам беларускага паходжаньня Н. П. Вакарам. Ён робіць выснову пра неаспрэчную старажытнасьць «радаводу» беларусаў, але заўважае, што цяжка вызначыць, наколькі ён чысты. Вакар піша, што сучасныя беларускія аўтары сьцьвярджаюць: праз усю сваю гісторыю беларусы ня зьмешваліся зь іншымі плямёнамі, адрозна ад вялікаросаў і ўкраінцаў, асабліва пасьля татара‑мангольскіх нашэсьцяў, якіх ня зьведалі землі Беларусі. Таму гэтыя самыя аўтары называюць беларусаў найчысьцейшымі з славянаў, якія маюць і найбольш разьвітую культуру (хоць якая тут сувязь — не тлумачыцца). Вакар суха заўважае, што ўяўленьне пра беларусаў як пра найбольш культурна прасунутую супольнасьць у пэўнай ступені абвяргае кіеўскі летапісец ХІ ст. Ён кажа, што тыя жывуць у лясох, як дзікія зьвяры, аднак пры гэтым адзначае, што горад Полацак згадваецца ў скандынаўскіх сагах, а Менск заснаваны значна раней, чым ён упершыню згадваецца ў летапісах у 1067 г.

У беларусаў няма такога нацыянальнага гісторыка, як ва Ўкраіне — Міхайлы Грушэўскага. У найноўшым часе найбліжэй да гэтага правобразу стаяць Усевалад Ігнатоўскі (пра яго — ніжэй) і археоляг ды гісторык Зянон Пазьняк. Але яны далёка не адыгралі той ролі, што Грушэўскі. Гісторык Мітрафан Доўнар‑Запольскі родам зь Менску выдаў найбольш вядомую вэрсію нацыянальнай беларускай гісторыі ў 1919 г. у брашуры, надрукаванай у Горадні на замову Беларускай Народнай Рэспублікі. (БНР можна разглядаць як пачатак самавыяўленьня мадэрнай беларускай нацыі, якое дасягнула піку ў сярэдзіне 20‑х гг. ХХ ст.) Доўнар‑Запольскі пераконваў, што сумнявацца, ці існавала беларуская дзяржава, — наіўна: Беларусь мела разьвітую традыцыю дзяржаўнасьці і страціла яе зусім нядаўна. Аўтар сьцьвярджаў, што беларусы — адзінае славянскае племя, якое не было чужаніцаю ў сваёй краіне, а заўсёды тут жыло, ня зьмешваючыся з прыхаднямі. Як кажа Доўнар‑Запольскі, асноўнымі рысамі беларускай гісторыі былі прага дзяржаўнай незалежнасьці, здольнасьць змагацца за яе і імкненьне да свабоднага і дэмакратычнага дзяржаўнага ладу. Дасьледчык даводзіў, што беларусы паходзяць ад трох плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, паміж якімі не было значных адрозьненьняў у мове, звычаях і рэлігіі. Нават пасьля таго, як напрыканцы Х ст. Уладзімер падпарадкаваў сабе Полацак, беларусы захавалі ўласную крывіцкую княжую дынастыю, што вяла свой радавод ад ранейшага валадара Рагвалода. Іншыя беларускія землі нядоўга заставаліся пад уладаю Кіева: яны дабіваліся ўласнай самастойнасьці.

Калі ў ХІV ст. дынастыя Рагвалода перапынілася, а на захадзе ўтварылася незалежная літоўская дзяржава, вялікія князі літоўскія заключылі дамовы зь беларускімі землямі Полацку, Смаленску і Віцебску і надалі ім адмысловыя прывілеі. Як кажа Доўнар‑Запольскі, літоўцы ніколі не захоплівалі беларускіх земляў. У часе станаўленьня беларускіх і літоўскіх княстваў распаўсюдзіліся назовы «Белая Русь» і «беларусы». Яны абазначалі вольную Русь, якая не плаціла падаткаў заваёўнікам; тлумачыцца, што «белы» азначае вольны ад падаткаў, адрозна ад астатніх плямёнаў Русі, якія сплачвалі даніну татарам. У Літоўскай дзяржаве, паводле гэтай вэрсіі гісторыі, беларуская мова займала паноўнае становішча, найперш таму, што літоўцы ня мелі ні сваёй дзяржавы, ні пісьмовай мовы і не вялі гандлю з суседзямі. Унія Літвы з Польшчай 1385 г. ніяк не адбілася на незалежнасьці беларускіх земляў. Але ў 1569 г. літоўцы і беларусы заключылі значна шырэйшую унію з Польшчай, каб супрацьстаяць пагрозе з боку Расеі. Аднак унія спарадзіла жорсткі рэлігійны канфлікт, бо палякі намагаліся прымусіць пераважна праваслаўнае насельніцтва прыняць каталіцкую веру. У XVIII ст. праваслаўныя, якія цярпелі ўціск, зьвярнуліся па дапамогу да Кацярыны ІІ, і Беларусь увайшла ў склад Расейскай імпэрыі. Беларусь страціла сувэрэнітэт, але ў яе заканадаўстве захаваліся некаторыя гістарычна ўласьцівыя ёй адметнасьці.

Паводле гэтай вэрсіі мінулага, гістарычная спадчына беларусаў багатая на таленавітых асобаў і дзеячоў культуры. Пра старабеларускую мову гаворыцца, што да 1697 г. яна была ў Літве дзяржаўнай. На факультэце права ў Віленскім унівэрсытэце беларускія праўнікі, як сьведчаць гісторыкі, выкладалі літоўскае, беларускае і нямецкае заканадаўства. Першым перакладчыкам Бібліі на «старабеларускую» мову на пачатку XVI ст. лічыцца Францішак Скарына, навуковец эпохі Рэнэсансу, які нарадзіўся ў Полацку ў 1486 г. Але з Заходняй Эўропы прыходзілі і шкодныя ўплывы — прынамсі, у выглядзе пратэстантызму і ордэну езуітаў. Аднак беларуская культура, нягледзячы на цяжкія часы, «ніколі не памірала». У 1926 г. слынны гісторык Усевалад Ігнатоўскі ў першай кнізе «нацыянальнай» гісторыі замацаваў падобны нацыяналістычны погляд на беларускую мінуўшчыну. Але яго перакрэсьліў пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў. У 1931 г. Ігнатоўскі зрабіў сабе сьмерць. З тае пары беларуская гісторыя практычна прыроўнівалася да расейскай і ў меншай ступені — да ўкраінскай у яе савецкім варыянце.

Аднак, калі ўважліва аналізаваць разьвіцьцё нацыянальных працэсаў на беларускіх землях, то вызначальны пэрыяд прыпадае на другую палову ХІХ — пачатак ХХ стст. У гэты час беларушчына і зрабіла істотныя крокі наперад, і сутыкнулася зь вялікімі перашкодамі. Большасьць беларускіх земляў уваходзіла ў склад пяцёх губэрняў: Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай. Агульная колькасьць насельніцтва складала менш за 6,4 млн чалавек, зь іх 73 % былі этнічнымі беларусамі. Каля 90 % беларусаў жыло ў вёсках, а ў гарадох 40—50 % жыхароў складалі габрэі і каля 20 % — расейцы. У 60‑я — 90‑я гг. ХІХ ст. узрасла цікаўнасьць да беларускай гісторыі і культуры. У 1870 г. выйшаў друкам першы слоўнік беларускай мовы. Сярод першых прапагандыстаў беларускасьці былі Кастусь Каліноўскі і Францішак Багушэвіч. Каліноўскі — адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 г. у Беларусі і Літве — перад пакараньнем сьмерцю ў віленскай вязьніцы ў 1864 г. напісаў «Лісты з‑пад шыбеніцы». Багушэвіч, змагар за правы беларускай мовы, мусіў друкаваць свае творы на тэрыторыі Польшчы, а не ў Расеі. Каліноўскі быў рэдактарам і выдаўцом першай беларускай газэты «Мужыцкая праўда», што ўпершыню выйшла ў 1862 г. Багушэвіч, у сваю чаргу, натхняў такіх паэтаў‑дэмакратаў, як Янка Лучына і Адам Гурыновіч.

Вырашальнай падзеяй у абмежаваньні нацыянальнага разьвіцьця Беларусі ў Расейскай імпэрыі сталася, на думку вядучага беларускага гісторыка, няўдалае польскае паўстаньне 1863 г. Пасьля яго расейцы пачалі актыўна праводзіць праграму русіфікацыі, якая ўключала і збудаваньне праваслаўных цэркваў на тэрыторыях сёньняшняй Беларусі. Палітыка русіфікацыі была скіраваная найперш на беларусаў. Пасьля скасаваньня ў 1839 г. Грэка‑Каталіцкай царквы яны лічыліся адзінаверцамі‑праваслаўнымі, мусілі вывучаць у школах і ВНУ расейскую мову і маглі паступіць на дзяржаўную службу ці прыняць сьвятарства толькі запісаўшыся расейцамі. Іншыя аўтары даводзяць, што ў другой палове ХІХ ст. «этнагенэзіс» беларусаў паскорыўся і дайшоў да этапу фармаваньня нацыі з супольнай тэрыторыяй, эканомікай, зямлёй, культурай і нацыянальнай сьвядомасьцю. Аднак на гэтым этапе не адыграла вызначальнай ролі адзінства эканомікі, што і перашкодзіла беларусам узьняцца да ўзроўню нацыі. Папросту кажучы, у Беларусі ў гэты час не адбылося індустрыялізацыі і беларусы па‑ранейшаму займаліся толькі сельскай гаспадаркай і рамесьніцтвам. Дасюль вядуцца спрэчкі, ці вытокі мадэрнага беларускага нацыяналізму трэба зьвязваць з Каліноўскім (ягоныя звароты да народу некаторыя ўважаюць за «палітычнае крэда беларускага нацыяналізму»), ці яны больш заўважныя на пачатку ХХ ст.

Аднак амаль ні ў кога няма сумневаў, што нацыянальнае самасьцьверджаньне беларусаў паскорылася пасьля 1905 г. Рэвалюцыя ў Расеі прымусіла царскі рэжым паслабіць жорсткія абмежаваньні на ўжываньне і разьвіцьцё іншых моваў, апроч расейскай. Зьявіліся магчымасьці пасьпяхова выдаваць і распаўсюджваць у Расейскай імпэрыі адносна памяркоўныя беларускія выданьні. Самы яскравы прыклад палітычных пераменаў — заснаваньне ў 1906 г. у Вільні тыднёвіка «Наша Доля», а пасьля — газэты «Наша Ніва», на чале якой стаялі браты Іван і Антон Луцкевічы. Яна пратрывала да 1915 г., пакуль Вільня не апынулася пад нямецкай акупацыяй. «Наша Ніва» правяла выразную сувязь паміж беларускай мінуўшчынай і сучаснасьцю. Пра гэта больш падрабязна пісалі такія аўтары, як Доўнар‑Запольскі і Вацлаў Ластоўскі. Яны прапанавалі прынамсі праўдападобную вэрсію беларускай гісторыі, зьвязанай зь беларускай дзяржаўнасьцю 20‑х гг. ХХ ст. — як з абвешчанай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікай, гэтак і з пазьней утворанай БССР. Праблема прыхільнікаў канцэпцыі беларускай гісторыі ў тым, што былыя савецкія ўлады адмаўлялі ўсялякае яе існаваньне і сьцьвярджалі, што пачатак беларускай дзяржаўнасьці паклала БССР, то бок гэта вынік усталяваньня ў рэгіёне савецкай улады. Падобнае вузкае бачаньне гісторыі было пацьверджана ў абедзьвюх Канстытуцыях БССР (1937 і 1978 гг.), атрымала афіцыйны статус у выдадзенай у 1948 г. савецкай гісторыі БССР і было замацавана рэжымам Лукашэнкі.

Пасьля рэвалюцыі 1917 г.

Вельмі карысна было б параўнаць Беларусь з Украінай: адмоўнае для адной краіны ўспрымаецца як станоўчае для другой. (Але за апошнія 3—5 гадоў зьявіліся новыя дасьледаваньні, у якіх апісаньне сталінскіх злачынстваў у Беларусі супярэчыць афіцыйна прынятай догме.) І ў Беларусі, і ва Ўкраіне ў 1918 г. ненадоўга ўтварыліся незалежныя дзяржавы. Іх абедзьвюх зьнішчылі бальшавікі. І Ўкраіна, і Беларусь у 20‑я гг. ХХ ст. перажылі кароткі пэрыяд нацыянальна‑культурнага адраджэньня. Хоць у Беларусі не было галадамору, што здарыўся ва Ўкраіне ў 1932—1933 гг., нацыянальная эліта абедзьвюх рэспублік зазнала надзвычай вялікія страты падчас сталінскіх чыстак 30‑х гг. ХХ ст. Абедзьве краіны ў 1939 г. узьядналіся са сваімі заходнімі часткамі, і абедзьве сучасныя незалежныя дзяржавы існуюць практычна ў межах 1939 г. (адно што да Ўкраіны яшчэ далучылі Крым). Абедзьве рэспублікі зьведалі дэпартацыі ў 1940—1941 гг. за новай савецкай уладай і ваенную акупацыю, прычым і ва Ўкраіне, і ў Беларусі значная частка насельніцтва напачатку вітала прыход немцаў у чэрвені 1941 г. Аднак у Беларусі разгарнуўся шырокі савецкі партызанскі рух, а ва Ўкраіне паўстанцы‑нацыяналісты АУН‑УПА працягвалі змагацца за незалежнасьць Украіны да пачатку 50‑х. У постсавецкі час ва Ўкраіне ўсё больш прызнаюць гістарычную ролю антысавецкіх сілаў, а ў Беларусі ўслаўляюць партызанскую барацьбу. (З партызанаў выйшлі будучыя беларускія партыйныя кіраўнікі, партызанскі рух стаўся нагодаю для дзяржаўных урачыстасьцяў і ляйтматывам шматлікіх помнікаў.) Ва ўкраінскім выпадку багата якія традыцыі незалежнай дзяржавы захоўвала ўкраінская дыяспара: яна друкавала кнігі, газэты, мела значны ўплыў на постсавецкую ўкраінскую інтэлектуальную эліту. Беларуская дыяспара, наадварот, была адносна малой, беларускім нацыяналістам у краіне ніколі не было як дамагчыся падтрымкі больш як адной пятай электарату, а насельніцтва падазрона ставілася да антырасейскіх настрояў або нападак на расейскую мову.

У аналёгіях можна зайсьці занадта далёка. Дастаткова сказаць, што ва Ўкраіне нацыянальная мартыралёгія дасягнула такога ўзроўню, якога большасьць жыхароў Беларусі нават ня можа сабе ўявіць. Чаму так сталася? Калі пакуты — перадумова стварэньня сучаснай дзяржавы, што асабліва датычыць разьвітаньня з былой краінай саветаў, чаму тады Ўкраіна здолела вылучыць зь нядаўняга мінулага новыя арыенціры, а Беларусь ня ў стане выкараскацца з савецкага балота? Што ж такое ў Беларусі (і ў Лукашэнку як увасабленьні цяперашняй дзяржаўнай улады) дазваляе падобную ідэнтыфікацыю з усім савецкім? Страх будучыні без дакладных арыенціраў, без урокаў мінулага, якімі можна кіравацца надалей? Што прымушае не заўважаць ці нават услаўляць падзеі, якія ў іншых савецкіх рэспубліках лічаць праявамі тыраніі? Ці Пазьняк, які напрыканцы 80‑х гг. змагаўся за дэсталінізацыю рэспублікі, выкрываючы некаторыя з найгоршых злачынстваў дыктатара, спрабаваў павесьці беларусаў шляхам, для большасьці занадта далёкім? Чым можна растлумачыць адносны застой у станаўленьні Беларусі як новай нацыянальнай дзяржавы? А можа, здагадка Ёфэ сапраўды слушная, і ніякай беларускай нацыі няма?

Хоць Беларусь, як ужо гаварылася, мае свае нацыянальныя міты і свой падмурак дзяржаўнасьці, можна пагадзіцца зь Ёфэ ў тым, што гарадзкое насельніцтва іх яшчэ шырока не засвоіла. Па‑першае, калі падчас вялікай кампаніі індустрыялізацыі, што пачалася пры канцы 20‑х гг. ХХ ст., сельскія жыхары пацягнуліся ў горад, яны ўліваліся ў савецкія, а не беларускія масы. Нацыяналісты апыналіся па‑за законам і па‑за грамадзтвам. Па‑другое, беларусы ня мелі свайго нацыянальнага цэнтру, які адыграў бы для іх тую ролю, што Львоў — для ўкраінцаў. Найбольш яго нагадвала Вільня, але яе зрабілі сваім культурным цэнтрам і палякі, і габрэі, так што вяскоўцам‑беларусам у Вільні амаль не засталося месца. Па‑трэцяе, традыцыю незалежнай дзяржавы, хоць і створанай у 1918 г. пад нямецкай акупацыяй, у пэўнай ступені падарвала ўтварэньне Беларускай ССР. Пасьля ўзбуйненьняў сам факт яе існаваньня гарантаваў, што нацыянальная рэспубліка будзе атаясамлівацца з савецкай уладай. Лукашэнка таксама прызнае гістарычную спадчыну беларусаў толькі выбіральна — адно ў расейскім кантэксьце (нельга забывацца, што першапачаткова ён вучыўся на настаўніка гісторыі!). У гэтым ён меў на сваім баку істотную перавагу: што ні кажы, памяць у людзей кароткая, а тое, што Беларусь гандлюе з Расеяй і застаецца палітычна бліжэйшай да яе, чым да якой іншай краіны, — геаграфічны факт.

Па‑чацьвертае, і ў Расеі, і ў Беларусі як у савецкі, гэтак і ў постсавецкі час уздымалі і ўздымаюць на ўзровень міту Вялікую Айчынную вайну. Напрыклад, Дзень Рэспублікі сьвяткуецца не тады, калі беларускі парлямэнт прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце (27 ліпеня 1990  г.) ці абвясьціў незалежнасьць ад СССР (25 жніўня 1991  г.), а 3 ліпеня, калі ў 1944 г. Менск быў вызвалены з‑пад нямецкай акупацыі. Вось як апісвае тыя падзеі адзін сучасны беларускі гісторык:

Вызваленьнем Менску 3 ліпеня 1944 г. завяршыўся першы этап апэрацыі «Багратыён». У выніку яе правядзеньня нямецкая група арміяў «Цэнтар» панесла цяжкія страты, яе асноўныя сілы былі разьбітыя. Вялікую дапамогу Чырвонай Арміі ў вызваленьні Беларусі аказалі партызаны і падпольшчыкі, а таксама ўвесь беларускі народ.

Нароўні зь перамогамі ўзьвялічваюцца і страты, якія панесьлі жыхары Беларусі ў выніку акупацыі. За гады вайны рэспубліка страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацьця. У Менску засталося толькі 40 % ад даваеннага насельніцтва. Загінула 2,2 млн чалавек — найбольшы паказьнік адносна агульнага ліку жыхароў сярод усіх рэспублік, што ўдзельнічалі ў вайне. Памяць пра вайсковую славу і пакуты ў вайне ўвекавечваецца штогадовымі парадамі, помнікамі, самым вялікім у краіне музэем у Менску, прысьвечаным гадам вайны, мэмарыяльным комплексам у Хатыні, які надоўга застаецца ў памяці. Пік урачыстасьцяў, прысьвечаных перамозе ў вайне, прыпаў на 60‑ю гадавіну вызваленьня Менску ў 2004 г. і 60‑годзьдзе канчатковай перамогі СССР над Нямеччынай у траўні 2005 г. Захаваньне на дзяржаўным узроўні памяці пра падзеі вайны — фактычна яе прапаганда — дапамагае гартаваць рэжым Лукашэнкі і мацаваць сувязі з Расеяй. З часу падпісаньня першай саюзнай дамовы 2 красавіка 1996 г. Лукашэнка нязьменна імкнецца да гэтай мэты. Але ў сьвятле апошніх падзеяў да гэтага сьцьверджаньня трэба дадаць некаторыя агаворкі.

Своеасаблівасьць Лукашэнкавага рэжыму выявілася падчас сьвяткаваньняў 2005 г. Перабываючы ў Прыбалтыцы перад візытам у Маскву, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і дзяржсакратар Кандаліза Райс асудзілі беларускія ўлады. Пасьля гэтага Лукашэнка не зьявіўся ў Маскве, як плянавалася. Магчыма, амэрыканскі бок паставіў умову, што прэзыдэнт Буш прыедзе ў Маскву толькі калі яму не давядзецца стаяць на адной трыбуне зь беларускім лідэрам. Асаблівая іронія сытуацыі была ў тым, што ў Маскву прыляцеў Віктар Юшчанка, хоць Украіна на той час відавочна сыходзіла з маскоўскай арбіты. Беларускае тэлебачаньне адно паведаміла, што Лукашэнка правядзе 9 траўня ў Менску. Адначасова прэзыдэнт абвясьціў, што на знак памяці аб 60‑годзьдзі перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне на просьбы вэтэранаў і грамадзянаў праспэкт Скарыны будзе перайменаваны ў праспэкт Незалежнасьці, а праспэкт Машэрава — у праспэкт Пераможцаў.

Падобны крок цалкам адпавядаў ранейшай палітыцы Лукашэнкі — падкрэсьліваць падзеі вайны і савецкае мінулае. Апошнім часам ён дыстанцыяваўся ад усяго, што зьвязваецца зь імем Пятра Машэрава — партызанскага камандзіра і культавай фігуры савецкай эпохі, які загінуў у аўтакатастрофе. Скарына ж увасабляе сабою гістарычную традыцыю дзяржаўнасьці, якую адмаўляе ўлада. Нават Ёфэ прызнае, што постаць Скарыны паўплывала на сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў. Калі казаць коратка, абедзьве гэтыя фігуры адыгрываюць значна больш істотную, чым Лукашэнка, ролю ў фармаваньні мадэрнай дзяржавы. Апроч таго, Лукашэнка цяпер мацней, чым калі раней, зьвязвае сваё прэзыдэнцтва з памяцьцю пра ролю Беларусі ў вайне.

Ціск міжнароднай супольнасьці вядзе да ўсё большай ізаляцыі ўраду Лукашэнкі. Ён занепакоены пераменамі ў суседняй Украіне і, відавочна, трывалым партнэрствам паміж Расеяй і галоўным ворагам Беларусі — Злучанымі Штатамі. У Беларусі больш супольнага з пансавецкімі рэжымамі, што захаваліся ў Сярэдняй Азіі, чым з суседнімі эўрапейскімі дзяржавамі.Тое, што Беларусь называюць (памылкова) «апошняй дыктатурай у Эўропе», уяўляе для прэзыдэнта немалую праблему, бо ўвага ўсяго сьвету як ніколі раней зьвяртаецца цяпер да гэтай малой дзяржавы.

Зьмена ўлады ў Грузіі і Кыргыстане, як і выбітная выбарчая кампанія ў кастрычніку‑сьнежні 2004 г. ва Ўкраіне, таксама дадала напругі беларускім уладам. Лукашэнка сьцьвярджаў, што ў ягонай дзяржаве ня будзе «ніякіх каляровых рэвалюцыяў», і жорстка зрэагаваў на акцыі пратэсту пасьля кіеўскіх падзеяў. Большасьць ягоных асноўных супернікаў і патэнцыйных апанэнтаў альбо ў турме, альбо за мяжой. На лідэраў апазыцыі няспынна ціснуць пры дапамозе запалохваньня, фабрыкаваных абвінавачваньняў і штрафаў. У Беларусі больш супольнага з пансавецкімі рэжымамі, што захаваліся ў Сярэдняй Азіі, чым з суседнімі эўрапейскімі дзяржавамі. Гэтыя падзеі сьведчаць, што пазыцыі беларускага прэзыдэнта слабеюць. Яму пакуль яшчэ хапае сілаў, каб захоўваць уладу. Але ён ня мае выразнага мандату выбарцаў, атрыманага ў дэмакратычных умовах, як ня мае і дакладна прадуманай палітыкі на будучыню.

Высновы

Шмат для каго зь беларускіх грамадзянаў ідэя сучаснай дзяржавы складаецца з памяці пра савецкую гісторыю ў афіцыйнай яе вэрсіі і зь пятнаццаці гадоў незалежнасьці. (Зь іх прыкладна два з паловай — пэрыяд хаосу, рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця за старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам і прэм’ер‑міністрам Вячаславам Кебічам, а ўсё астатняе — гады кіраваньня прэзыдэнта Лукашэнкі.) Узьніклі новыя, сучасныя палітычныя партыі, але яны не карыстаюцца папулярнасьцю ў народзе. Як заўважыў адзін навуковец, у Беларусі «няма нацыянальнай згоды», бо розныя палітычныя фракцыі ня ў стане весьці «нармальны палітычны дыялёг», як гэта зрабілі ва Ўкраіне. У дадатак насельніцтва вызначае свае прыярытэты, зыходзячы не са страху перад расейскім шавінізмам ці трывогі за лёс беларускай мовы, а з праблемаў штодзённага жыцьця, як, скажам, высокая квартплата і г. д. Яшчэ адна з ключавых праблемаў, што хвалююць беларусаў, — бясьпека. Беларусь, адрозна ад Грузіі, Таджыкістану, Узбэкістану ці нават Малдовы, ня зьведала грамадзянскіх канфліктаў, не прайшла праз жахі сучаснай грамадзянскай вайны, як Чачэнія. Перад ёю не адкрываецца пэрспэктываў далучыцца да эўрапейскіх структураў — для большасьці грамадзтва гэта цьмяная аддаленая надзея, а не рэальная мэта, дасяжная ў бліжэйшай будучыні. Беларусь баіцца росту магутнасьці Злучаных Штатаў, якая раз‑пораз праяўляецца хоць і ўскосна, але небясьпечным чынам: у налётах на Сэрбію (і зьмене прэзыдэнта), у захопе Іраку, нягледзячы на адсутнасьць санкцыі ААН. Канцэпцыю дзяржавы, збудаванай на шанаваньні нацыянальных пакутнікаў і пераадоленьня савецкай спадчыны, зьмяніла палітыка страху. Шмат каму савецкі пэрыяд па‑ранейшаму бачыцца часам камфорту і стабільнасьці. Можна гэта назваць «выбіральнай памяцьцю», але менавіта гэткую памяць прышчэплівае афіцыйная вэрсія гісторыі, менавіта гэткая памяць уплывае на навукоўцаў кшталту Ёфэ. Усе згаданыя чыньнікі служаць на карысьць Лукашэнку.

Магчыма, у такім успрыманьні мінулага адлюстравалася прынцыповая адсутнасьць у беларусаў нацыянальнай сьвядомасьці. А можа, гэта завецца савецкай вэрсіяй нядаўняга мінулага, гісторыі і бліжэйшай будучыні. Але ня трэба перабольшваць значнасьці падобных поглядаў. Яны не даюць ніякай надзеі на станаўленьне ў доўгатэрміновай пэрспэктыве нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на беларускіх каштоўнасьцях. Прэзыдэнт, у сваю чаргу, таксама не прапаноўвае свайго бачаньня ідэальнага будучага грамадзтва. Ён толькі кажа словы суцяшэньня: маўляў, сёньняшняя рэчаіснасьць суворая, але гэта не ягоная віна, і ён мае намер зьнішчаць яўных ворагаў — як унутраных, гэтак і замежных — і ахоўваць, як ён выказаўся, «крохкую судзіну» Беларусь. Таму атрымліваецца, што калі б тэарэтычна Лукашэнку адхілілі ад улады, у краіне, хутчэй за ўсё, запанавалі б нестабільнасьць і хаос, асабліва калі б на зьмену яму прыйшоў хто‑небудзь зь лідэраў апазыцыі. Да гэтага зашоранага погляду дадаецца няўменьне бачыць сучасную Беларусь і ейнае месца ў сьвеце. За гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі так і не акрэсьлілася ніякай яснай палітыкі, апроч умацаваньня прэзыдэнцкай улады. Але ў гэтым, магчыма, і крыецца ейная слабасьць.

Ёсьць падставы сьцьвярджаць, што хоць папраўкі да Канстытуцыі 1994 г. і замацавалі зьмены ў структуры ўлады, Лукашэнка ня здолеў усталяваць адкрытай дыктатуры, дарма што менавіта так замежныя СМІ і называюць Беларусь. Акурат у гэтых новых структурах, прыкладам, у абсечанай ніжняй палаце парлямэнту, у 2003—2004 гг. узьнікла новая апазыцыя прэзыдэнту. Апазыцыя ўсё ж мае магчымасьць выказваць сваю думку, напрыклад, праз агенцыю БелаПАН і газэту «Народная Воля». За гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі ў Беларусі не акрэсьлілася ніякай яснай палітыкі, апроч умацаваньня прэзыдэнцкай улады.Бясспрэчна, Беларусь — дзяржава з жорсткім аўтарытарным рэжымам, у якой прэзыдэнт зрабіўся адзінай крыніцай улады. Але нельга казаць, што апазыцыя зьнішчаная, і, як гэта ні парадаксальна, ізаляцыя Лукашэнкі ня толькі ад Эўразьвязу, але нават ад былых савецкіх рэспублік, напрыклад, ад Украіны і апошнім часам ад Расеі, прымушае яго браць пад увагу нацыянальныя фактары як адзін са складнікаў, на якіх палягае ягоная ўлада. Архетып антыбеларускага прэзыдэнта мусіць зьвяртацца да беларускіх нацыянальных пачуцьцяў, калі ў яго не засталося іншых ідэяў, якія ён мог бы эксплёатаваць. Сапраўды, беларуская дзяржава зрабілася галоўнай падставай, што гарантуе яму захаваньне ўлады і па завяршэньні ягоных паўнамоцтваў.

Канструяваньне новай нацыянальнай гісторыі застаецца для Беларусі доўгатэрміновай задачай. Але пэрспэктывы яе вырашэньня падаюцца больш аптымістычнымі, чым выглядае ў артыкулах Ёфэ. Лукашэнка ня здолеў усталяваць адкрытай дыктатуры, дарма што менавіта так замежныя СМІ і называюць Беларусь.Нягледзячы на своеасаблівасьці рэжыму Лукашэнкі зь ягонымі нападкамі на беларускую культуру і нацыянальную гісторыю, незалежная Беларусь па‑ранейшаму існуе і празь пятнаццаць гадоў пасьля распаду СССР. Прэзыдэнт не прапанаваў ніякай іншай ідэі Беларусі, апроч як дзяржавы, гістарычна і псыхалягічна зьвязанай з Расеяй. Немагчыма ня бачыць, што гэткая канцэпцыя мае абмежаваныя магчымасьці. Без падтрымкі з боку Расеі рэжым Лукашэнкі пазбаўляецца падставаў для існаваньня, бо ён вырашыў адмовіцца ад усялякага альтэрнатыўнага бачаньня гісторыі і ад усялякіх іншых гістарычных мітаў. Таму беларускім інтэлектуалам і палітычным лідэрам новага пакаленьня, як і палітычнай апазыцыі, нішто не замінае пачаць ствараць новую ідэю Беларусі, яе новае самавызначэньне як эўрапейскай дзяржавы, што на сёньня выступае адной з памежных рэспублік між НATO і СНД, з аднаго боку, і Эўразьвязам і краінамі Эўразіі, з другога. Пры гэтым, напэўна, будзе ня надта цяжка вярнуць да жыцьця больш глыбокі падыход да гісторыі беларускіх земляў. У пэўнай ступені гэтым ужо займаюцца гісторыкі, якія працуюць практычна па‑за афіцыйным гістарычным наратывам, які навязваецца адміністрацыяй прэзыдэнта. Тая ж тэндэнцыя адлюстроўваецца і ў публікацыях пра сталінскую эпоху. Першымі пралілі на яе сьвятло Пазьняк і Шмыгалёў у Курапатах у 1988 г., але цяпер гэтая тэма ў вялікай ступені вызначае асноўную плынь гістарычных досьледаў, нягледзячы на іх малыя наклады. Калі казаць каротка, хоць станаўленьне сучаснай беларускай нацыі адбываецца марудна, але гэтага працэсу нельга не заўважаць. Гісторыя не заўсёды апынаецца на баку пераможцаў. І сур’ёзна памыляюцца тыя навукоўцы, якія думаюць, што Лукашэнка — гэта прадукт цяперашняга сьветапогляду беларускіх грамадзянаў, які адпавядае іх патрэбам. Зь цягам часу гэтая ілюзія робіцца ўсё менш пераканаўчай, як бы яе ні падтрымлівала афіцыйная прапаганда.

З ангельскай пераклала V. K.

  прафэсар катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты (University of Alberta, Edmonton), дырэктар праграмы дасьледаваньняў сучаснай Украіны імя Стасюка пры Канадзкім інстытуце ўкраінскіх дасьледаваньняў. Аўтар манаграфіяў «Historia ZSRR: od rewolucji do rozpadu (Wrocław: Ossolineum, 2006), «The Collapse of the Soviet Union, 1985—1991 (Harlow, Essex: Pearson Education‑Longman, 2004), «Motherland: Russia in the 20th Century» (London: Longman, 2002), «Lenin’s Revolution: Russia 1917—1921» (London: Wesley, Addison, and Longman, 2000), «Belarus: A Denationalized Nation» (Amsterdam: Harwood Academic Publishers, 1999) і інш.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/24