A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


аналітыка

  Аляксей Пікулік

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Пікулік
Наколькі рацыянальны беларускі аўтарытарызм?
Публікацыі, якія згадваюцца ў артыкуле:

North, Douglass Cecil. Understanding the process of economic change / Douglass C. North Imprint Princeton. N.J.:
Princeton University Press, 2005.

Pierson, Paul. Increasing returns, path dependence and the study of politics. Florence: European University Institute, 1997.

Інтэрпрэтацыя беларускага аўтарытарызму ў нашым аналітычным асяродку ча‑ ста зводзіцца да двух падыходаў. З аднаго боку — група аргумэнтаў ad hoc і ad hominem, з другога — гістарычны структуралізм, рэдукаваны да культурных фактараў і ролі іх спадчыны.

Першы сцэнар тлумачыць дынаміку беларускага рэжыму праз гіпэррацыяналізацыю Лукашэнкі. У гэтай мадэлі ён — нейкі магутны «анёл гісторыі», які зьмяніў канфігурацыю грамадзка‑эканамічнага і палітычнага ляндшафту. Такі аналітычны падыход прапаноўвае простую стратэгію: замяніце Лукашэнку — і Беларусь адразу ператворыцца ў лібэральную дэмакратычную краіну грамадзка‑рэгуляванага капіталізму. Канцэптуальная недарэчнасьць гэтага сцэнару ў ігнараваньні ролі структураў, якія абмяжоўваюць дзейных фігураў ці адкрываюць перад імі новыя магчымасьці.

Другі падыход (longue durée1) зводзіцца да простага тэзісу: гістарычная спадчына — нацыянальнае самаўсьведамленьне, досьвед дзяржаўнасьці і сацыяльны капітал беларусаў — адыгрывае галоўную ролю ў станаўленьні і кансалідацыі беларускага недэмакратычнага рэжыму. Безумоўна, гэтыя структуры адыгрываюць важную ролю, і слабая нацыянальная ідэнтычнасьць спрыяла ўмацаваньню беларускага рэжыму. Але нельга казаць, ці была яна галоўным вызначальным фактарам без аналізу іншых чыньнікаў, такіх, як выпадковасьці, эканамічныя структуры, інстытуцыйная мадэль, прыналежнасьць дзейных фігураў да некаторых сацыяльных сетак, мабілізацыйны патэнцыял апазыцыі, інэрцыйнасьць, вонкавыя ўзрушэньні і г. д.

Гэтыя структуры мяняюцца павольна і часам могуць ствараць перадумовы ці перашкоды для разьвіцьця іншых інстытутаў — як эканамічных, так і палітычных. Інакш кажучы, моцнае нацыянальнае самаўсьведамленьне — толькі адзін у шэрагу чыньнікаў дэмакратызацыі і стварэньня пасьпяховага рынку. Але менавіта ўзаемадзеяньне гэтых чыньнікаў, дзейныя фігуры, ідэі, канкрэтныя выпадковыя гістарычныя падзеі, а таксама руіны мінулага, зь якіх (але не на якіх) узводзіцца будучыня, вызначаюць гэтую самую будучыню.

Падсумую: мне не падабаюцца аргумэнты ad hoс і ad hominem амаль так сама, як і тлумачэньне складаных зьяў праз культурныя дэтэрмінанты. Ні ad hoc, ні longue durée паасобку не дазваляюць пабудаваць якую‑небудзь слушную мадэль.

Часткова дадзеная праблема вырашаецца ў межах інстытуцыянальнай тэорыі (інстытуцыяналізм рацыянальнага выбару і гістарычны інстытуцыяналізм). Інстытуты ўвогуле — гэта пэўныя фармальныя і нефармальныя правілы, нормы, убудаваныя ў арганізацыйную структуру палітыкі і эканомікі. Аднак яны не заўсёды ўсталёўваюцца для таго, каб быць сацыяльна эфэктыўнымі, фармальныя правілы пэрыядычна ствараюцца ў інтарэсах тых, хто паводле займанай пазыцыі здольны ўплываць на фармаваньне новых правілаў. Сама дзяржава — ня проста незалежны пасярэднік паміж групамі з рознымі інтарэсамі, а суплёт інстытутаў, нормаў і ўлады.

Фармальныя і нефармальныя інстытуты ствараюць пэўную каньюнктуру магчымасьцяў для розных актораў. Інакш кажучы, вынік інтэракцый (напрыклад, паміж рознымі палітычнымі і эканамічнымі групамі) уяўляе зь сябе асобнага роду «структураваную неакрэсьленасьць», якая здольная зь цягам часу станавіцца больш ці менш дэтэрмінаванай. Лукашэнка карэнным чынам адрозьніваецца ад дэмакратычных палітыкаў здольнасьцю як свавольна мяняць інстытуты, так і заставацца ўдалым «інстытуцыйным прадпрымальнікам» — г. зн. гуляць і падладжвацца пад любыя правілы гульні, а ў крытычныя моманты, калі ёсьць пагроза паразы, — гэтыя самыя правілы і мяняць. У дэмакратычным рэжыме, які мае сыстэму стрымак і проціваг, зьніжаецца магчымасьць адвольна выкарыстоўваць інстытуты «пад сябе». Плюралістычныя цэнтры рэпрэзэнтацыі грамадзкіх інтарэсаў у такой сыстэме зьніжаюць кошт прыняцьця калектыўных рашэньняў і змушаюць шукаць аптымальную рацыянальнасьць.

  дасьледчык, дактаранат «European University Institute» (Флярэнцыя).

1 Я добра ўсьведамляю, што выкарыстоўваю тэрмін longue durée адвольна і, магчыма, не зусім дыскрэтна, аднак пасьля Брадэля ён значна зьмяніўся. Тут longue durée ўжываецца ў значэньні, замацаваным інстытуцыяналістамі, у прыватнасьці Кэці Тэлен.

   
Рацыянальнасьць інстытуцыянальнай сыстэмы заўсёды абмежаваная непаўнатой інфармацыі, у тым ліку і пра паводзіны іншых гульцоў2. Зазвычай удзельнікі ня маюць магчымасьці мяняць правілы гульні, прыстасоўваючы іх да сваёй рацыянальнасьці. Для Лукашэнкі як папулісцкага палітыка рацыянальнасьць — гэта максымізацыя і кансэрвацыя ўлады зь мінімальнымі выдаткамі (зьмена канстытуцыі, падаўленьне апазыцыі і г.  д.). Рацыянальнасьць Лукашэнкі ў той ці іншай ступені паўплывала на спыненьне ў 1996 г. і без таго ледзь жывых рынкавых рэформ. Прыватызацыя, лібэралізацыя і рынкавае рэгуляваньне стварылі б новую клясу ўласьнікаў (напрыклад, алігархаў), зьявіліся б моцныя эліты, якія маглі б самаарганізавацца і прэтэндаваць на ўладу. Гэта пахіснула частку раўнаваньня ўлады Лукашэнкі.

У адрозьненьне ад многіх аўтарытарных лідэраў Лукашэнка імкнуўся, выкарыстоўваючы мэханізм пераразьмеркаваньня, купляць ляяльнасьць максымальна шырокіх колаў і дыскрымінаваць толькі групы зь мінімальным мабілізацыйным патэнцыялам. Кансалідацыя пэрсаналісцкага рэжыму, пабудаваньне сацыялістычна‑зьмяшанай мадэлі эканомікі, стварэньне асымэтрыяў у замежным гандлі здольныя толькі на некаторы час прынесьці павышаны прыбытак палітыку‑ініцыятару. Кансалідацыя гэтых інстытутаў стварае Лукашэнку ўсё больш вузкія калідоры. Аднак новая інстытуцыйная арганізацыя і павольныя грамадзкія працэсы абмяжоўваюць свабоду манэўру Лукашэнкі. Ён дзейнічае толькі ў «дыяпазоне», дазволеным яму грамадзтвам і інэрцыйнасьцю створаных ім самім інстытутаў. Нават пры ўсім жаданьні Лукашэнка ня здолее цяпер пачаць структурных рынкавых рэформаў, як ня здолее і цалкам адмовіцца ад выбараў. Ён вымушаны захоўваць норму свайго палітычнага «прыбытку» не ніжэй за пэўны ўзровень і зьніжаць выдаткі (стрэсы, пратэсты, супраціў). І вось тут ён загнаны ў рамкі сваёй структуры.

Інстытуцыйныя зьмены пэрыядычна прыводзілі да нечаканых пабочных эфэктаў: да грамадзкай падтрымкі ўзьніклай інстытуцыйнай мадэлі (спалучэньне адміністраванай зьмяшанай сацыялістычнай эканомікі і нелібэральнага аўтарытарызму) і да стварэньня і ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці. У выніку аўтарытарызм пачаў жыць самастойна, стаў рацыянальным для грамадзтва. Дадзеная рацыянальная стратэгія заміж падмогі ва ўтрыманьні ўлады прывяла да зьяўленьня ў Беларусі клясы рант’е, асноўнай крыніцай рэнт для якіх і ёсьць асымэтрыі беларускага рэжыму.Такім чынам, дадзеная капіталізацыя, не магчымая ў межах дэмакратычнага капіталізму, зьяўляецца адной з асаблівасьцяў беларускага рэжыму па‑за межамі фігуры Лукашэнкі. Ён зрабіўся пэўнай самаўзмацняльнай тэндэнцыяй. Сумарны сацыяльны кошт спыненьня ўлады Лукашэнкі ўспрымаецца насельніцтвам як больш высокі ў параўнаньні з працягам гэтага рэжыму. Аўтарытарныя інстытуты прыклеіліся да беларускага грамадзтва, і аўтарытарызм аказаўся рацыянальным для большасьці. Беларусы навучыліся жыць у іх межах, вызначаць сваю рацыянальнасьць і карэктаваць свае паводзіны, атрымліваць выгоду ад наяўнага status quo. Часам гэтае прыстасаваньне прымае самыя парадаксальныя формы. Неяк знаёмы распавёў мне, што ў адным выдавецтве вырашылі не зьмяшчаць партрэту беларускага першадрукара (зь піцерскімі каранямі) Францішка Скарыны побач з артыкулам пра яго. Маўляў, калі Скарына трапіў у няміласьць афіцыйнай улады (нават праспэкт перайменавалі), лепш перастрахавацца і не трапляць у апалу сьледам за нашым земляком.

Ці рызыкавала чым‑небудзь выдавецтва? Наўрад. Гэта прыклад ініцыятывы на месцах. Той ініцыятывы, якая прымушае бэтэшных (цяпер яны — «Першыя») тэлезомбі ствараць мэдыя‑прадукт, ад якога хочацца хрысьціцца і доўга адмывацца ў душы, ініцыятывы, якая вымушае загадчыка катэдры звальняць выкладчыка за ўдзел у «Плошчы Каліноўскага», ініцыятывы, якая дазваляе ўдарыць у твар жанчыну з партрэтам зьніклага мужа. І рэч тут не заўсёды ў заробках ці ў гаранце канстытуцыі, які стаіць за сьпінай. Рэч у рацыянальным выбары і ў эфэкце дэманстрацыі. Калі гаранту канстытуцыі дазволена ўсё, значыць, і празрыстых і прадказальных правілаў гульні de facto няма ўвогуле. З аднаго боку, такая сытуацыя зачыняе дзьверы для нармальнай асабістай свабоды, зь іншага — адчыняе дзьверы магчымасьцяў у межах сыстэмы. Так што наўрад ці гарант канстытуцыі тэлефануе каму‑небудзь ды палохае ці ўвесь час спрабуе каго‑небудзь падкупіць…

Мы маем сытуацыю, у якой удзел у калектыўным дзеяньні больш рацыянальны за адмову ад калябарацыянізму. Інстытуты жывуць самі па сабе. Людзі прыстасоўваюцца і імкнуцца дзейнічаць рацыянальна, забываючыся на недакладнасьць інфармацыі і на тое, што зьмены абавязкова прыйдуць. Прыстасаваньне да рэжыму, адпаведнасьць яму прыводзяць да зьяўленьня безьлічы «халяўнікаў», якім выгадная цяперашняя тэндэнцыя. Маналітны аўтарытарызм азначае замацаваныя правілы гульні і павышаную інэрцыйнасьць у часе.

Шмат якія навыкі (як неабходныя для выжываньня гены), якія былі выпрацаваныя беларусамі за час улады Лукашэнкі, можна выкарыстоўваць выключна ў аўтарытарным і некапіталістычным рэжыме. Інакш кажучы, дзе апынуцца тэлевізійныя фанатыкі‑ксэнафобы? Хіба будуць асьвятляць падзеі ў Эўракамісіі? Дзе будуць выкладчыкі ідэалёгіі? Хіба перакваліфікуюцца ў выкладчыкаў этыкі? Дзе будзе беларуская апазыцыя, якая ўмее толькі весьці працяглую і нераўнапраўную асабістую барацьбу як адзін з адным, так і з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам? Хіба ва ўладзе? Ня сьмешна. Што здарыцца з дырэктарамі дзяржпрадпрыемстваў, калі перад імі закрыюцца рынкі збыту? Гэта яны будуць рэструктураваць і прыватызаваць кампаніі? Капіталізм, безумоўна, адбудуецца, вось толькі ўжо зь іншымі мэнэджарамі. Што будуць рабіць некаторыя беларускія бізнэсоўцы, якія навучыліся выжываньня і партызанскага бізнэсу — бартэр, хуткія ўгоды, высокія бар’еры ўваходу і выхаду з рынку, — калі ім давядзецца працаваць у празрыстым рынкавым асяродзьдзі, ды яшчэ з адкрытым паўнацэнным рынкам капіталу? Што будуць рабіць чыноўнікі пад пагрозай люстрацыі? Што, усім будзе сорамна? Так, сорам — таксама інстытут, але ў аўтарытарнай Беларусі, ён, на жаль, адсутнічае. Не рацыянальны… Дый увогуле, калябарацыя залежыць ад таго, хто прыходзіць да ўлады пасьля «захопніка».

Нерацыянальны і неэфэктыўны, беларускі аўтарытарызм як інстытуцыйная мадэль прывёў да пэўнага замыканьня сыстэмы, калі тэндэнцыя добрая толькі тым, што спыніць яе даражэй, чым працягваць. Дзейны прэзыдэнт — адно ўмелы сэрфінгіст на хвалях структур. Паглядзім, як доўга ён зможа ўплываць на мэтэаўмовы.

 

2 Я ўсё ж веру ў тое, што гульцы ведаюць свае аб’ектыўныя інтарэсы і стратэгію іх дасягненьня. Хоць з гэтым паспрачаліся б амэрыканскія канструктывісты  і… французы…

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/24