A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (55) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ | ||||
Віталь Сіліцкі
Разьвітаньне зь Мілінкевічам
На акцыі 25 сакавіка ў Менску каля будынка Акадэміі Навук я сустрэў свайго даўняга знаёмага — чалавека непалітызаванага, але, як той казаў, спачуваючага. «Гэта нейкае дэжа‑вю, — сказаў ён, камэнтуючы дэманстрацыю і мітынг. — З году ў год прыходзіш, і кожны год адно і тое самае». Магчыма, мой суразмоўца проста не заўсёднік апазыцыйных акцый, бо дэталі, канечне, мяняюцца — вагаецца колькасьць удзельнікаў, рознымі бываюць маршрут дэманстрацыі, памеры і мэтад зачыстак. Зь іншага боку, шмат чаго — скажам, заблякаваная Кастрычніцкая плошча, неймаверная колькасьць аўтазакаў ва ўсіх магчымых завулках і падваротнях і даволі стандартныя прамовы збольшага прадказальных прамоўцаў — сапраўды можна ўзгадаць шмат зь якіх папярэдніх акцыяў.
Такім чынам, я ўсё ж мушу збольшага пагадзіцца з заўвагай свайго сябра, хоць, мушу прызнаць, што адно шпацыраваньне наперадзе калёны спадара Фядуты зь бел‑чырвона‑белым сьцяжком дало мне дастаткова эмоцыяў і ўражаньняў, каб менавіта гэтая акцыя запомнілася. Колькасьць удзельнікаў пратэсту, хоць і аказалася значна вышэйшай, чым акцыі на пачатку першых гадоў ХХІ ст., стабілізавалася на нейкім даволі прадказальным для назіральніка і заўсёдніка ўзроўні. Некалькі спробаў рэбрэндынгу дня 25 сакавіка (пра афіцыйны рэбрэндынг — размова асобная, яна вартая асобнага артыкула), скажам, як нейкага «дня адзінства», відавочна праваліліся. Тыя, хто выйшаў на вуліцу, сьвяткавалі яго менавіта як Дзень Волі. І што цікава, нават прамовы выступоўцаў, канцэнтраваліся не на пагрозе страты незалежнасьці (пра што так доўга казалі у час вядомых газавых канфліктаў і правакацыйных, у добрым сэнсе, мэсыджаў спадара Мілінкевіча і інтэлігенцыі да ўлады), а на палітычных пытаньнях — на той самай свабодзе, адчуваньне недахопу якой ізноў вывела дэмакратычную субкультуру ў той самы дзень на тое самае месца. Выйшлі тыя, для каго незалежнасьць і свабода ўзаемазьвязаныя, неаддзельныя адна ад другой. Простае параўнаньне з акцыямі 1990‑х гг., калі менавіта пагроза страты незалежнасьці выводзіла на вуліцы ў той самы дзень неверагодную на сёньняшні час колькасьць удзельнікаў, паказвае, што пагроза страты незалежнасьці ў беларускім грамадзтве цяпер проста не ўспрымаецца. А раз так, то камусьці можна і скакаць на імпрэзе «За независимую Беларусь», а іншым слухаць праз мэгафон даўно вядомыя хіты з альбому «Я нарадзіўся тут» (гэта, здаецца, замест канцэрту, пра які так доўга гаварыў і спрачаўся аргкамітэт). Падчас мітынгу я ўзгадаў, што гэты самы альбом у мяне запісаны на mp3‑плэеры, які быў у маёй кішэні. Надзеўшы слухавачкі і паставіўшы той самы «Палянэз», я дасягнуў нашмат больш прымальнай якасьці гучаньня бесьсьмяротнай мэлёдыі Агінскага і цудоўнага голасу Веранікі Кругловай. Злавіў сябе на думцы, што яшчэ лепш гэта гучала б дома на хатнім кінатэатры, а дзеля гэтага можна было там і застацца. Жартую, канечне. Сэнс 25 сакавіка — ня ў тым, якім чынам пройдзе акцыя, і нават ня ў тым, што там хто скажа — дарэчы, са мной, па маіх заўвагах, пагаджаліся многія ўдзельнікі, якія мэтадычна перамяшчаліся ў натоўпе, сустракаючы і віншуючы, абгаворваючы навіны і абмяркоўваючы, колькі народу выйшла, пяць тысячаў ці дзесяць, і збольшага не заўважаючы, што даносіцца з мэгафонаў, якія ў задніх шэрагах усё роўна перабіваў міліцэйскі мацюгальнік. Вартасьць гэтага дня для тых, хто на яго заўсёды выходзіць, ня ў тым, колькі выйшла, і ня ў тым, хто выступіў, нават ня ў тым, ці паказалі ўсё гэта на Euronews. Безь яго проста немагчыма адчуць сваю беларускасьць і нават нацыянальную годнасьць. Таму можна дараваць кволую арганізацыю, устрымацца ад таго, каб крыкнуць пару ласкавых на адрас таго ці іншага палітыка, які цягам часу проста канкрэтна дастаў (дарэчы, большасьць зь іх на акцыю проста не зьявілася, як у тым анэкдоце пра ваяра, які наклаў у штаны не са страху, а зь вялікай нянавісьці), і ляяльна праігнараваць, як вычварыўся мітынговы мацюкальнік зь бесьсьмяротнага шэдэўра. Менавіта тое, што гэты дзень увасабляе пачуцьцё годнасьці і самасьвядомасьці, і прыводзіць да таго, што самыя масавыя (альбо найменш правальныя) апазыцыйныя пратэсты, на фоне амаль поўнай адсутнасьці нейкай сацыяльнай напружанасьці і агульнай грамадзкай пасіўнасьці, праходзяць менавіта на 25 сакавіка. Аднак гэтага прынцыповага, унутрана неабходнага, даволі масавага (але не замасавага) выхаду на вуліцы дэмакратычнай і нацыянальнай субкультуры хапіла на гэты раз толькі на тое, каб прадэманстраваць ужо звычную рутыну. Пасьля поўнай дэзарганізацыі і дэмаралізацыі незалежнага грамадзтва на пачатку першых гадоў ХХІ ст. і пасьля мінулагодняга ўсплёску як быццам усё вярнулася на зыходныя пазыцыі. Вось гэтая рутынізацыя, аднак, і ёсьць галоўным палітычным вынікам сакавіка 2007 г. У болей шырокім сэнсе мы, здаецца, проста падышлі да той мяжы, за якой можна ўжо дакладна сказаць, што пэўны цыкль палітычнага і грамадзкага жыцьця, пікам якога стала леташняя Плошча Каліноўскага, закончыўся. А раз так, то гутарка мусіць весьціся не пра саму акцыю, а пра тое, што ёй папярэднічала. Некалькі месяцаў таму ў сваім артыкуле ў «ARCHE», тады яшчэ па гарачых сьлядах сакавіцкіх падзеяў, я паспрабаваў зазірнуць у будучыню і акрэсьліў некалькі фактараў, якія, на мой погляд, адлюстроўвалі і будуць адлюстроўваць дынаміку працэсаў у беларускім апазыцыйным і незалежным грамадзтве. Мае разважаньні прывялі, нагадаю, да наступных высноваў: 1) Крызісу ўлады, аб якім так шмат распавядала апазыцыя, не назіраецца. 2) Грамадзтва і дзяржава збольшага знаходзяцца ў стане раўнавагі адно з адным, і пратэставы асяродак абмежаваны рамкамі пэўнай дэмакратычнай субкультуры, якая адсечаная ад больш шырокага грамадзтва пэўнай сыстэмай сацыяльных кантрактаў (карпаратызацыяй) і віртуалізацыяй публічнай сфэры. 3) Палітычная барацьба ва ўмовах карпарацыйнай дзяржавы непазьбежна саступае месца грамадзкаму супраціву і дысыдэнцкай дзейнасьці. 4) Палітычная інфраструктура і інстытуцыянальныя рамкі існай апазыцыі непрыдатныя да дысыдэнцкага фармату грамадзянскага супраціву. Мае разважаньні сустрэлі шмат крытыкі з боку палітычных суб’ектаў і шараговых апазыцыйна настроеных грамадзянаў, так што неяк у этэры радыё «Свабода» я нават заслужыў мянушку палітоляга‑канфарміста. Ня буду яе аспрэчваць — я не магу паставіць сабе ў адзін шэраг, на адзін узровень са Зьмітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам альбо Міколам Статкевічам ці Аляксандрам Казуліным. Аднак, вяртаючыся да сёлетніх падзеяў 25 сакавіка, не магу не зазначыць, што я не адзін у сваім канфармізьме, у сваім ціхім, не радыкальным, больш маральным, чым дзейсным, супраціве. Нават той, каму хапіла сьмеласьці выйсьці на вуліцы, не імкнуўся лезьці на ражон, пазьбягаў сутыкненьняў, замест гэтага, папросту імкнуўся знайсьці тое месца, тую пляцоўку, тую прастору, якую яшчэ не адсеклі АМАПаўцы, і пазьбягаў сутыкненьняў там, дзе месца ўжо было занятае, ачэпленае ці неяк акрэсьленае. Як трапна заўважыў філёзаф Ігар Бабкоў, супрацьстаяньне нагадвала не канфрантацыю, а нейкую шахматную гульню (альбо нават, дадам, гульню ў коткі‑мышкі). І гэтае цалкам дысыдэнцкае, на мой погляд, манэўраваньне лепш за ўсё і прадэманстравала той стан, той максымум, на які пакуль што здольнае незалежнае грамадзтва — стан больш маральнага, чым палітычнага, а разам з тым збольшага прагматычнага і самаабмежаванага супраціву. Склалася ўражаньне, што незалежнае грамадзтва, незалежна ад таго, што можа сказаць Сіліцкі, слухач радыё «Свабода» ці партыйны лідэр, само па сабе прызнала перавагу рэжыму і проста ня лезе на ражон (пры гэтым таксама цікавая колькасьць разнастайных сустрэчаў і сэмінараў за мяжой, якія былі нейкім чынам прызначаныя менавіта на 25‑га…). Не магу сказаць, што я сам у захапленьні ад свайго канфармізму ці ад пастаўленага мной дыягназу, але здаецца, што ён ня быў ужо такі і недарэчны. Спаўзаньне ў дысыдэнцтва, безумоўна, нясе вялікія пагрозы як палітычнай апазыцыі, так і беларускаму незалежнаму грамадзтву. Сутнасьць гэтых пагрозаў — у абмежаваньні мэтаў і сродкаў дзейнасьці, у абмежаваньні, калі так можна сказаць, гарызонту надзеі. Прызнаўшы сябе дысыдэнтамі, а не апазыцыяй, апанэнты ўлады папросту мусяць заявіць, што ня бачаць магчымасьці дасягненьня нейкага палітычнага выніку, нейкіх зьменаў у абсяжнай вокам пэрспэктыве. Мае разважаньні, як і ў папярэдніх артыкулах, так і ў гэтым, — гэта ня заклік да дысыдэнцтва, а хутчэй разважаньні наконт таго, што можна зрабіць у тым разе, калі палітычная дзейнасьць насамрэч спыніцца. Аднак, на жаль, здаецца, працэс адыходу ад палітычнай дзейнасьці і спаўзаньня ў дысыдэнцкую, болей за тое, у найгоршыя ейныя праявы, так ці інакш, незалежна ад прагнозаў і выказваньняў, памкненьняў і жаданьняў, закранае ўсе сэгмэнты той часткі беларускага грамадзтва, якая выказвае сваю нязгоду з рэжымам. У чым гэта выявілася? Па‑першае, гэта відавочны спад масавай, буйнагрупавой пратэставай актыўнасьці, што падштурхоўвалася працэсам выцісканьня з палітычнай і грамадзкай сцэны той часткі незалежнага грамадзтва, што яшчэ была здольная да актыўных дзеяньняў і пратэстаў. Частка гэтай часткі была проста вымушана зьехаць зь Беларусі, і іх нельга ў гэтым вінаваціць. Урэшце, жыцьцё ў чалавека адно, і дзяўчатам і юнакам, што адседзелі спачатку на плошчы, потым на Акрэсьціна і ў Жодзіна, ніхто ня верне іхныя васямнаццаць‑дзевятнаццаць‑дваццаць гадоў і магчымасьці атрымаць адукацыю. Але гэты працэс меў ярка выражаныя наступствы — актыўная частка апазыцыі, здольная да таго, каб зламаць дысыдэнцкую рутыну і нейкім чынам ператварыць пасіўны супраціў у актыўны, імкліва зьмяншалася. Улада ўсімі сродкамі спрыяла гэтаму вымываньню актывістаў прэвэнтыўнымі арыштамі і затрыманьнямі, якія літаральна абезгалоўлівалі вуліцу перад знакавымі падзеямі, пэўна, навучыўшыся з часоў Плошчы, калі яна папросту прагадала асноўны напрамак удару. Празь нейкі зьбег абставінаў шмат каго з вулічных лідэраў калісьці павычышчалі і з апазыцыйных партыяў. На што яшчэ, акрамя ўнутраных разборак, здатная палітычная апазыцыя ў ейным сёньняшнім стане і ў ейных сёньняшніх умовах?Па‑другое, пры відавочным спадзе калектыўнай палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці адбылася рэзкая, магчыма, часовая, радыкалізацыя, як палітычных так і непалітызаваных, індывідуальных і «малагрупавых» пратэставых дзеяньняў (хоць вернікаў царквы «Новае жыцьцё», што правялі галадоўку, назваць малой групай неяк язык не паварочваецца). І што цікава, на гэтыя пратэсты, нягледзячы на іхны шырокі грамадзкі і нават міжнародны рэзананс, палітычная апазыцыя амаль не адгукнулася. Такім чынам, сама па сабе радыкалізацыя меней масавых пратэставых дзеяньняў у чымсьці сьведчыла пра тое, што выспы нязгоды зь сёньняшняй уладай папросту ня цягнуцца, не зрастаюцца з палітычнай апазыцыяй, а апошняя працягвае жыць ва ўласным мікрасьвеце нават тады, калі для яе зьяўляецца пэўная сацыяльная глеба. Па‑трэцяе, гэта крызіс, уласна кажучы, палітычнай дзейнасьці ў ейным традыцыйным разуменьні, аб чым ужо напэўна можна сьцьвярджаць пасьля сумнавядомай кампаніі ў мясцовыя саветы. Дастаткова сказаць, што яна ўрэшце пераўтварылася ў сродак высьвятленьня адносінаў унутры палітычнай апазыцыі, а гэта толькі яшчэ раз узьняло пытаньне, на што ж яшчэ, акрамя ўнутраных разборак, здатная палітычная апазыцыя ў ейным сёньняшнім стане і ў ейных сёньняшніх умовах. Не зважаючы на варункі, у якіх у Беларусі праводзяцца выбары, трэба зазначыць, што хадзіць і зьбіраць подпісы, а потым заявіць электарату, што, вобразна кажучы, «у вас сваё вясельле, а ў нас сваё», — гэта не дадае палітычнай апазыцыі выгляду адказнай і пасьлядоўнай сілы. Па‑чацьвертае, расейска‑беларускі нафтагазавы канфлікт. Менавіта гэтая падзея, здавалася б, магла стаць галоўным контраргумэнтам наконт маёй тэзы аб адсутнасьці ў Беларусі крызісу ўлады. У кароткатэрміновай пэрспэктыве расейска-беларускі нафтагазавы канфлікт толькі ўзмацніў пазыцыі рэжыму і выклікаў новыя разборкі паміж празаходняй і прарасейскай часткамі беларускай апазыцыі.Безумоўна, наступствы згаданага канфлікту ня могуць не спрычыніцца да карэнных пераменаў як у беларускай эканамічнай мадэлі, так і, магчыма, унутры ўладных колаў, што можа стварыць падставы для будучых крызісаў і трансфармацыяў. Аднак у кароткатэрміновай пэрспэктыве крызіс толькі ўзмацніў унутраныя пазыцыі рэжыму і ўскосна выклікаў новыя разборкі паміж празаходняй і прарасейскай часткамі беларускай апазыцыі. Болей за тое, апазыцыя (калі не лічыць ліста Мілінкевіча — сам па сабе патэнцыйна моцны палітычны крок, які, аднак, не атрымаў працягу ў яго дзеяньнях), апазыцыя і незалежнае грамадзтва назіралі за канфліктам пераважна ў ролі статыста, прыкладна так, як кубінскія эмігранцкія колы ў Маямі назіраюць за чарговай хваробай Фідэля Кастра — гучнымі заявамі пра немінучы каляпс рэжыму і зларадзтвам. Апазыцыя збольшага змарнавала шанец паўстаць адказнай палітычнай сілай, здольнай заявіць і прадэманстраваць зьмястоўную альтэрнатыву дзеяньням папярэдняй палітыцы ўладаў. Нейкія публічныя заявы агучыла кіраўніцтва БНФ на аснове распрацовак пачатку 1990‑х гадоў, г. зн. таго часу, калі ў Беларусі была паўнавартасная палітычная апазыцыя. Іншы вядомы палітык заявіў, што альтэрнатыва ёсьць, але трэба, фігуральна кажучы, пазьбіраць па розных справаздачах, распрацоўках, праектах. Цікава, што за год, які папярэднічаў канфлікту (і цягам якога канфлікт відавочна насьпяваў), часу, каб пазьбіраць, чамусьці не хапіла. Папросту кажучы, да вызначальнага для будучыні Беларусі канфлікту палітычная апазыцыя ў сваёй большасьці аказалася непадрыхтаванай. Як вынік, усе палітычныя выгады з канфлікту выцягнуў пакуль што выключна спадар Лукашэнка. Тут трэба зрабіць пэўную агаворку. Безумоўна, нафтагазавы канфлікт унёс ажыўленьне ў затухаючае палітычнае жыцьцё і актывізаваў намаганьні па распрацоўцы палітычных праектаў, аўтары якіх імкнуліся сыграць на цэлым комплексе палітычных і эканамічных супярэчнасьцяў, што ўзьніклі пад узьдзеяньнем канфлікту ў беларуска‑расейскіх і беларуска‑эўрапейскіх дачыненьнях. Ініцыятарам найбольш гучнага такога протапраекту стаў спадар Мілінкевіч, які фактычна прапанаваў рэжыму адмовіцца ад часткі ўлады для вырашэньня цэлага шэрагу пытаньняў на эўрапейскім кірунку і для стварэньня гарантыяў для захаваньня незалежнасьці Беларусі. Ліст Мілінкевіча — сам па сабе патэнцыйна моцны палітычны крок, які, аднак, не атрымаў працягу ў яго дзеяньнях.Адмоўную рэакцыю на прапановы Мілінкевіча з боку значнай часткі палітычнай апазыцыі можна было прадказаць ужо проста таму, што зь ёй выступіў абкладзены кааліцыйнымі інтрыгамі спадар Мілінкевіч. Было б глупствам абвінавачваць былога адзінага кандыдата ў згодніцтве ці ў наіўнасьці. З аднаго боку, Мілінкевіч відавочна здаваў сабе справу, якія насамрэч шанцы на тое, што на ягоную прапанову будзе атрыманы дадатны адказ. Зь іншага — абвінавачваньні з боку некаторых апазыцыйных маргіналаў, што апазыцыя на чале зь Мілінкевічам «сьпелася з уладай на глебе антырасейскай гістэрыі», папросту абсурдныя. Тое, што Мілінкевіч вызначыў мяжу, за якую апазыцыя ня мае права пераступаць у змаганьні з Лукашэнкам (гэтая мяжа — незалежнасьць Беларусі), сьведчыць ня толькі пра пэўныя маральныя якасьці такіх крытыкаў, але таксама і пра поўнае неразуменьне таго факту, што любая антыбеларуская дзейнасьць ці рыторыка ёсьць шляхам на палітычны сьметнік, незалежна ад таго, ці працуе палітык на праўладным ці на апазыцыйным поле. Таму на другі, выкліканы замежнымі чыньнікамі, палітычны праект — пераход апазыцыі на пазыцыі нацыянальнага здрадніцтва і ператварэньне яе ў пятую калёну расейскіх нафтагазавых манаполіяў з мэтай дапамогі ў захопе крытычнай беларускай інфраструктуры — ня варта і выдаткоўваць шмат паперы ці друкаванай плошчы. Зазначым толькі, што пад размовы пра расчараваньне бязьдзейнасьцю і прыстасавальніцтвам беларускай статуснай апазыцыі ініцыятары гэтага праекту самі цынічна спрабуюць дасягнуць таго самага, у чым яны абвінавачваюць сваіх апанэнтаў, — проста кажучы, знайсьці спосабы, каб самім ператварыцца ў кліентуру пэўных замежных актораў і забясьпечыць уласнае квазіпалітычнае выжываньне. Рэжым паспрабаваў урэшце прыватызаваць брэнд 25 сакавіка і пазбавіць яго нацыянальнага, незалежніцкага зьместу.Што да кампраміснай прапановы Мілінкевіча, то можна зазначыць, што яна пакуль што выявіла адну традыцыйную хваробу нашай апазыцыйнай палітычнай супольнасьці — непасьлядоўнасьць і няздольнасьць даводзіць справу да лягічнага выніку. Сказаўшы А, трэба ўмець казаць Б. Прапанова аб аб’яднаньні высілкаў па захаваньні незалежнасьці мела б сэнс, калі б за ёй наступіла б вылучэньне новых умоваў, прапановаў і патрабаваньняў да ўлады, якія мусілі стаць лякмусавай паперай да высьвятленьня сапраўднага, а не рытарычнага стаўленьня ўлады да незалежнасьці. На жаль, гэтай інфармацыйнай і ідэалягічнай атакі не наступіла, больш за тое, сваю ўласную контратаку разгарнуў сам рэжым, зрабіўшы эфэктны крок, каб паспрабаваць урэшце прыватызаваць брэнд 25 сакавіка і пазбавіць яго нацыянальнага, незалежніцкага зьместу. У цэлым можна зрабіць выснову, што падставы для палітычных абвастрэньняў, рэальных ці патэнцыйных, у Беларусі пакуль што высьпяваюць пад уплывам вонкавых, а ня ўнутраных чыньнікаў. Падставы для палітычных абвастрэньняў параўнальна лёгка амартызуюцца пры дэградацыі ўнутранага палітычнага поля.Гэта цалкам лягічны працэс, калі мець на ўвазе як структуру беларускай улады, так і адсутнасьць інстытуцыйных магчымасьцяў для палітычнай канкурэнцыі. Цалкам верагодна, што без такіх штуршкоў звонку палітычныя зьмены ў Беларусі ўвогуле немагчымыя. Але таксама відавочна, што гэтыя штуршкі звонку параўнальна лёгка амартызуюцца пры дэградацыі ўнутранага палітычнага поля. Такім чынам, на фоне вельмі дынамічных і знакавых падзеяў, зьвязаных з грамадзянскім супрацівам, на працягу 2006 г. адбывалася паступовае і пасьлядоўнае згасаньне ўласна кажучы апазыцыйнай дзейнасьці ва ўсіх яе праявах — сыстэмнай (праца на выбарах), пазасыстэмнай (радыкальныя вулічныя дзеяньні) і інтэлектуальнай (прадстаўленьне новага бачаньня і альтэрнатываў уладзе, якая сутыкаецца з пэўнымі крызіснымі тэндэнцыямі). Замест гэтага палітычная дзейнасьць цягам апошняга году зьвялася найперш да яе імітацыі і барацьбы за выжываньне. Гэтая барацьба, у сваю чаргу, збольшага зьвялася да імітацыйных спосабаў, калі форма (існаваньне, уласна кажучы, палітычных суб’ектаў) была больш важнай за зьмест (нейкія канкрэтныя крокі і дзеяньні), якіх ад гэтых суб’ектаў — партыяў, кааліцыяў і г. д. — мы амаль не дачакаліся. Тут ня варта нават узгадваць і аналізаваць усе акалічнасьці публічнай і закуліснай барацьбы, што адбываліся ў радзе «Аб’яднаных» дэмакратычных сілаў і валтузьні вакол асобы яе лідэра. Таксама пытаньне ня ў тым, хто мае рацыю — Мілінкевіч ці тыя, хто спрабуе яго скінуць. Адзіны лідэр і сапраўды адзіная апазыцыя пярэчаць законам выжываньня, бо гэта ставіць пад пытаньне існаваньне структураў, што забясьпечвае raison d’etre цэлага шэрагу апазыцыйных дзеячоў, а разам з тым — цэлых структураў і даволі значнай колькасьці людзей, якія да гэтых структураў прывязаныя. Зь іншага боку, Мілінкевіч увесь год займаўся збольшага карыснымі і патрэбнымі, але малымі справамі, і зьмястоўнай праграмы дзейнасьці палітычнай апазыцыі ці незалежнага грамадзтва мы ад яго не дачакаліся. Тое, што Мілінкевіч выбраў мэтадам барацьбы за існаваньне менавіта барацьбу ў межах кааліцыі, а ня працу зь незалежным грамадзтвам, проста адлюстроўвае тыя абмежаваньні, якія накладвае на палітычныя амбіцыі дысыдэнцкі андэрграўнд.Тое, што Мілінкевіч выбраў мэтадам барацьбы за існаваньне менавіта барацьбу ў межах кааліцыі, а не наўпрост працу зь незалежным грамадзтвам, проста адлюстроўвае тыя абмежаваньні, якія накладвае на палітычныя амбіцыі дысыдэнцкі андэрграўнд. Папросту кажучы, незалежным грамадзтвам не пакамандуеш — тут лідэрства трэба дасягаць дзеяньнямі, а ня статусам. Гаўлаў і Гандзі на кангрэсах не абіраюць. А ад нейкіх прарыўных дзеяньняў, ад празьмернай самаахвярнасьці Мілінкевіч таксама ўтрымаўся. Парадаксальна, але ў акалічнасьцях сучаснай Беларусі ня толькі шлях да сапраўднага лідэрства, мяркуючы па ўсім, ляжыць праз турму, але і ў турме палітык можа мець нашмат болей магчымасьцяў, каб прыцягнуць увагу ды заявіць пра сябе, чым на адноснай свабодзе, што яскрава паказалі цягам 2006 г. лёс і паводзіны Аляксандра Казуліна. Не беручы пад увагу мэты і сродкі дзеяньняў Казуліна (я не зьбіраюся адмаўляцца ад той крытыкі, якая гучала на ягоны адрас з маіх вуснаў), усё ж такі зазначу, што менавіта ён ажыўляў палітычнае жыцьцё цягам імклівага спаўзаньня да застою ў апазыцыі, хай і шляхам выразна дысыдэнцкіх дзеяньняў. Што да Мілінкевіча, дык ён, магчыма, і здолеў бы аформіцца як лідэр грамадзянскай супольнасьці і незалежнага грамадзтва, дзе ў яго яшчэ захоўваецца шырокая падтрымка. Але, на жаль для яго, на імітацыйную палітычную дзейнасьць сфармаваўся пэўны попыт, і ня толькі нутраны. Прырода незалежнага грамадзтва ў тым, што да яго нельга дакрануцца, дакладна вызначыць, яго цяжка прадставіць у справаздачах і эфэктна прэзэнтаваць. Кааліцыя, нават пры поўнай бязьдзейнасьці ўнутры краіны, — рэч нашмат больш адчувальная. Менавіта яна стварае ўяву працягу палітычнай дзейнасьці пры яе поўнай адсутнасьці. У прыватнай размове з адным з партыйных лідэраў я пачуў менавіта гэта — неабходна ўсімі сродкамі супраціўляцца вызначэньню апанэнтаў улады як дысыдэнцкага асяродку і захоўваць хоць бы вонкавы выгляд кааліцыйнага адзінства і палітычнай дзейнасьці. У чымсьці такая пазыцыя мае рацыю, бо кааліцыя, нават фармальная, — гэта ўсё ж такі нейкі шэраг абавязаньняў да калектыўных дзеяў, калі не цяпер, дык у будучым. Было б безадказна заклікаць да развалу кааліцыі, нават дзеля лідэра, які табе асабіста падабаецца. Праблема, аднак, у тым, што імітацыйная дзейнасьць мае пэўныя межы. Яшчэ больш недарэчным было б спадзяваньне, што нумар з вылучэньнем адзінага кандыдата пад выбары і яго наступным зьліцьцём будзе праходзіць колькі заўгодна. Пры адсутнасьці зьмястоўнай палітычнай дзейнасьці незалежнае грамадзтва само па сабе вымушанае скочвацца да самаабмежаваньня, да збольшага рытуальных дзеяньняў, якія ў найлепшым выпадку маюць заявіць аб сваёй грамадзянскай пазыцыі і нязгодзе з уладай, але пры гэтым пакідаюць шляхі да бясьпечнага вяртаньня да паўсядзённага жыцьця. У сучаснай Беларусі шлях да сапраўднага лідэрства ляжыць праз турму. У турме палітык можа прыцягнуць увагу ды заявіць пра сябе лепш, чым на адноснай свабодзе, што яскрава паказалі лёс і паводзіны Аляксандра Казуліна.Вядома ж, было б глупствам кагосьці вінаваціць у гэтай патавай сытуацыі, бо, з гледзішча апазыцыі, менавіта грамадзкая пасіўнасьць прыводзіць да згасаньня палітычнай дзейнасьці. У болей шырокім сэнсе і тыя, і іншыя сутыкаюцца з пакуль што непахіснай сеткай сацыяльных кантрактаў, якая абмяжоўвае базу для любой альтэрнатыўнай палітычнай ці грамадзянскай актыўнасьці. Пры гэтым таксама няясна, ці мэтазгодна цяпер заўчасная радыкалізацыя апазыцыйнай палітычнай актыўнасьці пры відавочным захаваньні раўнавагі паміж грамадзтвам ды ўладай, пры якой радыкальныя дзеяньні могуць хутчэй спрычыніцца да далейшага адтоку з апазыцыйных шэрагаў найбольш актыўнай часткі праз палітычную эміграцыю. Зазначым, аднак, што менавіта самаахвярнасьць незалежнага грамадзтва, ягоная здольнасьць ісьці, як на плошчы Каліноўскага, на не заўжды лягічныя, нерацыянальныя ўчынкі, і забясьпечыла палітычную апазыцыю на нейкі час тым крэдытам даверу і спрыяльнымі чаканьнямі, якіх тая так і ня здолела апраўдаць. Без падобных выбуховых, прарыўных, лідэрскіх дзеяньняў і ўчынкаў гібельнае для палітычнай апазыцыі самаабмежаваньне грамадзкага пратэсту і альтэрнатыўнай дзейнасьці непазьбежнае. Зрэшты, 25 сакавіка на вуліцы будзем выходзіць заўжды. Бо інакш перастанем быць беларусамі — а гэта нашмат страшней, чым трапіць за краты. |
палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». Загаловак ад рэдакцыі. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (55) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |