A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


гісторыя

  Барбара Скінэр

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Барбара Скінэр
Грамадзкія каштоўнасьці Ўніяцкай царквы ў XVIII ст.
Здавалася б, царкоўная гісторыя русінаў у XVIII ст. ня мае амаль нічога агульнага з праблемай грамадзянскай супольнасьці. На думку большасьці навукоўцаў, гэта была гісторыя не дадатнага грамадзянскага досьведу, але пазбаўленьня правоў, перасьледу, ахвяраў і пакутаў. Гэта была гісторыя канфлікту, гісторыя змаганьня паміж абаронцамі праваслаўя і прыхільнікамі уніі з Рымам. Яна зьмянялася разам зь вялікім палітычным наратывам гэтых тэрыторыяў. Уніяцкая царква вяла рэй, калі рускія землі ўваходзілі ў склад Польска‑літоўскай дзяржавы. Калі яны апынуліся пад уладай Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, аднавілася панаваньне Праваслаўнай царквы. Гісторыкі надта часта вызначаюць, хто быў героем, а хто — ліхадзеем, зыходзячы з сваіх асабістых палітычных прыхільнасьцяў. Русафілы асуджаюць уздым Уніяцкай царквы як праяву перасьледу праваслаўных русінаў каталікамі‑палякамі. Палянафілы, у сваю чаргу, асуджаюць наступнае прымусовае навяртаньне ўніятаў у праваслаўе як праяву перасьледу ў Расейскай імпэрыі. Наяўныя крыніцы даюць дастаткова матэрыялаў, каб даводзіць і першае, і другое. Аднак падобны тэндэнцыйны падыход да царкоўнай гісторыі русінаў — бясплённы. Насамрэч ён не дапамагае зразумець уплыву Ўніяцкай і Праваслаўнай цэркваў на разьвіцьцё рускай культуры і каштоўнасьцяў, а наадварот.

Бясспрэчны гістарычны факт: пераважная большасьць русінаў на беларускіх землях больш як два стагодзьдзі належала менавіта да Ўніяцкае царквы. Пасьля 1596 г. Уніяцкая царква заняла тут дамінантнае становішча значна хутчэй, чым ва Ўкраіне, і працягвала весьці рэй, пакуль улады Расейскай імпэрыі ў 1839 г. не прымусілі вернікаў перайсьці ў праваслаўе. Незалежна ад таго, хто быў ахвярай, а хто — катам, Уніяцкая царква доўгі час уплывала на станаўленьне беларускай культурнай ідэнтычнасьці, і неабходна зьвярнуць больш увагі на асноўныя характарыстыкі гэтай царквы, каб вызначыць ейную ролю ў грамадзка‑культурным разьвіцьці Беларусі. Трэба памятаць: ад 1596 г. да XVIII ст. Уніяцкая царква сфармавалася як асобная канфэсія, якая спалучала ўсходнюю і заходнюю традыцыю, што і замацаваў Сабор у Замосьці ў 1720 г. Трэба таксама памятаць: гэта не была нацыяналістычная Грэка‑каталіцкая царква ХІХ ст. — на той час нацыянальных канатацыяў не назіралася. Але існавалі палітычныя канатацыі. Адданасьць Уніяцкай царкве зьвязвалася зь вернасьцю польска‑літоўскай Рэчы Паспалітай. Таму пэўныя грамадзка‑культурныя каштоўнасьці пранікалі ў вучэньне царквы. А значыць, разгляд вучэньня Ўніяцкай царквы XVIII ст. дае нейкае ўяўленьне пра грамадзка‑культурныя каштоўнасьці, што пашыраліся на беларускіх землях. Само гэтае вучэньне ў нечым раскрывае гістарычныя асаблівасьці грамадзянскай прасторы, зь якой паўстала сучаснае беларускае грамадзтва.

Навучальныя дапаможнікі па маральнай тэалёгіі, выпушчаныя базылянамі для парафіяльных сьвятароў, уяўляюць зь сябе каштоўную крыніцу, каб дасьледаваць пранікненьне грамадзка‑культурных каштоўнасьцяў Рэчы Паспалітай ва Ўніяцкую царкву. У іх тлумачыліся складнікі ўніяцкае веры, закон Божы і царкоўны, сутнасьць сакрамэнтаў. Першую такую кніжку ўклаў супэрыёр базылянаў (пазьней мітрапаліт) Лявон Кішка ў 1693 г., іншыя ствараліся і друкаваліся праз усё XVIII ст. Яны грунтаваліся на прынцыпах маральнай тэалёгіі Каталіцкай царквы і складаліся як дэталёвае тлумачэньне пэнітэнцыярыя з практычнымі парадамі сьвятарам, як лепш выконваць душпастырскія абавязкі ў сьвятле пастановаў Трыдэнцкага Сабору. У дадатку да асноўнага катэхізісу ва ўніяцкіх кніжках таксама выкладаўся практычны падыход да тлумачэньня складнікаў веры і абрадаў. Справаздачы зь візытацыяў і з парафіяў сьведчаць, што да канца XVIII ст. гэтыя дапаможнікі шырока выкарыстоўвалі ўніяцкія парафіяльныя сьвятары. А з тагачасных дакумэнтаў Уніяцкай царквы, датычных наданьня сьвятарскага стану, відаць, што ўсе кандыдаты на сьвятарства мусілі ведаць асновы маральнай тэалёгіі царквы1. Кім бы ні была Ўніяцкая царква — ахвярай ці катам, — праз маральную тэалёгію яна ўлучыла ў свой навучальны канон юрыдычна‑праўныя і практычныя падыходы Каталіцкай царквы. Такім чынам, уніяцкія парафіяльныя сьвятары ў сваёй працы кіраваліся зусім іншымі грамадзкімі каштоўнасьцямі, чым тыя, што прапагандавала Праваслаўная царква.

  прафэсар катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Індыяны (Indiana State University, Terre Haute). Доктар філязофіі Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту (2001, тэма дысэртацыі «Імпэратрыца і ерэтыкі: палітыка Кацярыны II адносна Ўніяцкай царквы, 1762—1796»). У сфэру яе навуковых зацікаўленьняў уваходзіць Расея, раньнемадэрная Эўропа і эўрапейскія жанчыны. Падрыхтавала да друку манаграфію «Faith and Identity in Russia’s Western Borderlands: the Suppression of the Uniates, 1772—1839».
   
Самая відавочная рыса ўніяцкіх кніжак па маральнай тэалёгіі, зьвязаная з фармаваньнем грамадзянскай сьвядомасьці, — акцэнт на закон і праўныя структуры грамадзтва. У разьдзелах, што падрабязна распавядаюць пра закон Божы, уводзіцца асноватворная заходняя канцэпцыя закону як натуральнага працягу дзесяці прыказаньняў. Напрыклад, Кішка пачынае разьдзел, прысьвечаны дзесяці прыказаньням, з кароткага пераліку формаў закону (адвечны, Божы, чалавечы і прыродны) і ўмоваў, неабходных для ўвядзеньня закону: сярод іншага, ён павінен стварацца дзеля дабра грамадзтва (dla dobra pospolitego), быць справядлівым і належным чынам абвяшчацца, выконвацца і ўхваляцца2. Такім чынам, да канца XVII ст. ва ўніяцкую маральную тэалёгію ўвайшлі падставовыя заходнія канцэпты справядлівасьці, агульнага дабра і празрыстасьці закону.

Гэты акцэнт на законе адлюстроўвае доўгую гісторыю заходняй праўнай традыцыі і заканадаўчай практыкі ў грамадзка‑палітычных структурах Рэчы Паспалітай. Першым акцэнт на закон зрабіў у сваёй кнізе Кішка, а ў пазьнейшых выданьнях па маральнай тэалёгіі гэты прынцып выкладаўся нашмат глыбей і падрабязьней. У папулярнай кнізе па маральнай тэалёгіі а. Нарольскага, упершыню выдадзенай у 1777 г., да прыкладу, падкрэсьлівалася роля папы як заканадаўчага галавы Каталіцкай царквы, а пра сьвецкія ўлады гаворыцца ў сьвятле іх заканадаўчых паўнамоцтваў як вышэйшых над усімі іншымі. У тым самым разьдзеле аналізуецца розьніца паміж вонкавым законам, усталяваным Богам, царквою і дзяржавай, і ўнутраным законам уласнага сумленьня3. Больш за тое: гэты разьдзел зьмешчаны на першых жа старонках кнігі, таму сьвятары, якія ёю карысталіся, бачылі, што апісаньне закону і праўнае замацаваньне прынятых у грамадзтве нормаў ідуць першымі паводле значнасьці.

  1 Напрыклад, у справаздачах, пададзеных на загад Паўла І, з уніяцкіх парафіяў, што заставаліся ў 1797 г. у Беларускай, Менскай і Валынскай губэрнях Расейскай імпэрыі, адзначалася, што ў адукацыі парафіяльных сьвятароў заўсёды прысутнічае маральная тэалёгія. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў, Санкт-Пецярбург, ф. 824, воп. 2, д. 113, 114, 116.

2 Kiszka, Leon. Now Roźnych Przypadkow, z Pełni Doktorow Theologii Moralniej ziawiony. To iest: Kazusy Ruskiemu Duchowieństwu. Lublin, 1693. S. 225—226. Тут цытуецца: Bonaventura, C. De Legibus.

   
Ва ўніяцкіх кнігах па маральнай тэалёгіі таксама падкрэсьлівалася, як важна шанаваць дамову, кантракт — гэты істотны грамадзкі абавязак трапляў у лік абавязкаў хрысьціяніна. Уніяцкіх сьвятароў як грамадзянаў Рэчы Паспалітай, верных ейным праўным традыцыям, навучалі выхоўваць у парафіянаў павагу да абавязкаў, што вынікаюць з кантракту. Разглядаючы сем сакрамэнтаў, у дадатку да развагаў пра шлюб як кантракт, Кішка падае вызначэньне кантрактаў і іх агульнае апісаньне, каб памагчы сьвятарам выконваць свае абавязкі:

Паколькі Шлюб — гэта кантракт, заключаны паміж дваімі людзьмі, трэба, каб у гэтым разьдзеле было сказана пра кантракты, пра якія Сьвятарам абавязкова ведаць, каб слухаць споведзь, бо Кантракт — гэта пагадненьне паміж людзьмі з абавязкам яго выконваць… Трэба таксама ведаць, што, калі хто заключае кантракт па памылцы або ўведзены ў зман, той ім не зьвязаны, і кантракт нельга заключаць у страху, бо страх касуе свабоду дзеяньняў пры заключэньні кантракту, як вучыць Арыстотэль (Этыка 3)4

Як і ў рыма‑каталіцкіх кнігах па маральнай тэалёгіі, абавязак выконваць кантракт лічыўся справай сумленьня, таму ён меў вялікую важнасьць для сьвятароў‑духоўнікаў. Кішка пералічвае розныя віды кантрактаў, у т. л. набыцьця і продажу (пры гэтым згадваецца прынятая ў Рэчы Паспалітай практыка), пазыкі, арэнды, кампаньёнства, найму на працу, гарантыйныя лісты, вэксалі, дарчыя запісы, запаветы5.

Падрабязьней за ўсё раскрывае гэтую тэму а. Антоні Каранчэўскі — у ягонай кнізе па маральнай тэалёгіі 156 старонак адводзіцца апісаньню кантрактаў6. (Даўжэйшыя — толькі разьдзелы, прысьвечаныя асноватворным складнікам уніяцкае веры: 219 старонак — пра сакрамэнты і 178 — пра прыказаньні Божыя і царкоўныя.) Ва ўступе да разьдзелу пра кантракты сьвятар‑базылянін тлумачыць:

Веданьне ці вывучэньне кантрактаў надзвычай патрэбнае і карыснае духоўным асобам, асабліва Парафіяльнаму Сьвятару і Духоўніку, тым больш, што праз хітрасьць і мудрагельства грэх у гэтай форме павялічваецца, ахопліваючы людзей усіх Клясаў і Станаў; каб духоўнік мог весьці іх зь лябірынту і ад фальшывых стараньняў, ён мусіць перадусім ведаць шляхі, якімі ў кантракце павінен ісьці чалавек, не абцяжарваючы сумленьня7.

Разумеючы, што сьвет робіцца ўсё больш і больш складаным, Каранчэўскі выступае за тое, што кожны парафіяльны сьвятар, каб дзейсным чынам настаўляць сваіх парафіянаў, мусіць быць добра дасьведчаным у гэтых пытаньнях. Імкнучыся дасягнуць сваёй мэты, на наступных старонках Каранчэўскі склаў фактычна кішэнны падручнік па кантрактным праве. Ён ня толькі прапануе сьвятару развагі пра кантракты ўвогуле і падрабязна апісвае асобныя тыпы кантрактаў. Каранчэўскі таксама дае зьвесткі пра абавязковыя складнікі кожнага віду кантрактаў, каб сьвятар мог бязь цяжкасьцяў сам укласьці кантракт. Каранчэўскі дае вычарпальнае апісаньне тыпаў кантрактаў, у т. л. вэксаляў і дарчых, апошняе волі і запаветаў, пазыкаў, закладаў, дамоваў аб набыцьці і продажы, займах, арэндзе, інвэстыцыях, падаўжэньні крэдыту і г. д.8. У адпаведнасьці з эўрапейскай традыцыяй шанаваньня абавязкаў, што вынікаюць з кантракту, Каранчэўскі піша:

  3 Narolski, J. Teologia Moralna albo Do Obyczajów Sciągaiąca się przez Pewnego Bazyliana Kapłana Prowincyi Litewski zebrana na dwie częsci podzielona. Wilno, 1777. Cr. I. S. 1—9.

4 Kiszka, Leon. Тамсама. С. 158—159.

5 Кантракты, пералічаныя Кішкам, вельмі нагадваюць інфармацыю, уключаную ў папулярную ў Заходняй Эўропе «Medulla theologiae moralis» Германа Бузэнбаўма, а таксама ў маральную тэалёгію Ратарыюса, якой карысталіся ў Польшчы каталікі абодвух абрадаў (Rotarius, Thomas Francisco. Apparatus Universae Theologiae Moralis).

6 Koronczewski, Antoni. Theologia Moralna dla sposobiących się do stanu kapłanskiego. Y owszem: dla wszystkich duchownych staranie dusz ludzkich maiących. Cz. 1 i 2. Suprasl, 1779. У часе выданьня кнігі а. Каранчэўскі быў адначасова архіпрэзьбітэрам Берасьцейскага сабору і архідыяканам Валадзімірскім.

7 Koronczewski, Antoni. Theologia Moralna… T. II. S. 254. Кантрактам прысьвечаны асобны разьдзел: Rozdział I. T. II. Traktat o kontraktach.

   

Кожны Кантракт сапраўдны нават сам па сабе, калі ён і не задзейнічае Закону; ён абавязвае сумленьне, каб ён выконваўся ў добрай Веры. Іначай Супольнасьць і Грамадзтва паміж людзей не маглі б існаваць9.

Зьмест гэтага разьдзелу з кнігі Каранчэўскага сьведчыць, што сацыяльна‑эканамічная сытуацыя ў тагачаснай Польска‑літоўскай Рэчы Паспалітай усё больш і больш ускладнялася. Для нас вельмі цікавае перакананьне аўтара, што парафіяльнаму сьвятару важна разумець гэтыя рэчы. Каб дзейсна кіраваць царкоўнай паствай, ужо недастаткова было ведаць асноўныя догматы веры. Сьвятар мусіў разумець усё больш і больш складаны сьвет, у якім жыла ягоная парафія, і быць ягонай часткай, каб па‑ранейшаму карыстацца даверам як духоўнік, галоўнае прызначэньне якога — быць судзьдзём добрых і дрэнных паводзінаў сваіх прычасьнікаў. Сьвятару было неабходна ведаць закон і правілы, што вынікаюць з кантрактных абавязкаў.

Варта адзначыць яшчэ некалькі прыкладаў таго, што ва ўніяцкіх кнігах па маральнай тэалёгіі цэнтральнае месца адводзілася закону і праўным паняткам. Ва ўсіх дапаможніках, да якіх мы тут зьвяртаемся, развагі пра прыказаньне «ня крадзь» уключалі юрыдычнае апісаньне звароту маёмасьці або кампэнсацыі за яе10. У дадатак у большасьці дапаможнікаў падрабязна разглядаецца сыстэма юрыспрудэнцыі. Нарольскі спыняецца на патрабаваньнях, якім мусіць адпавядаць справядлівая судовая сыстэма, што вядзе працэс належным чынам і ў адпаведнасьці з законам, калі судзьдзі дзейнічаюць этычна і гуманна, заўсёды памятаючы пра сьвятасьць закону, не прызначаючы ані меншага, ані большага пакараньня, чым тое, якога вымагае закон11 … Да таго ж, у развагах пра прыказаньне «ня сьведчы ілжыва» таксама прыводзяцца падрабязныя апісаньні судаводзтва ў справах хлусьні, вуснага паклёпу, падробкі дакумэнтаў, ілжывага абвінавачваньня і іншых спосабаў дыфамацыі12.

У гэтых уніяцкіх кампэндыюмах з маральнае тэалёгіі, якія адлюстроўвалі праўныя і кантрактныя нормы, прынятыя ў Рэчы Паспалітай, выяўляліся грамадзкія каштоўнасьці, карэнным чынам адрозныя ад тых, што мы заўважаем у навучальных матэрыялах для праваслаўных. Аслабленая руская праваслаўная супольнасьць Рэчы Паспалітай усё больш залежала ад літаратуры, друкаванай за мяжой, у Расейскай імпэрыі. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай яны і ўсе навернутыя ўніяты сталіся вернікамі Расейскай праваслаўнай царквы, якую ўзначальваў Сьвяты Сынод. У катэхізісах і навучальных дапаможніках, надрукаваных у Расейскай імпэрыі (збольшага напісаных царкоўнікамі ўкраінскага паходжаньня, што вучыліся ў Кіеўскай Акадэміі), прасочваецца тэндэнцыя спрыяць пашырэньню вернасьці абсалютнай уладзе манарха, усталяванай у выніку пятроўскіх рэформаў.

Найбольш заслугоўвае ўвагі катэхізіс, складзены для Расейскай праваслаўнай царквы ў 1720 г. Феафанам Пракаповічам. Хоць ад 1649 г. у Расеі раз‑пораз друкавалі катэхізіс Пятра Магілы, першы катэхізіс, які атрымаў шырокі распаўсюд, склаў Пракаповіч. Ён ствараўся практычна адначасова з «Духовным регламентом» (1721  г.), якім рэгулявалася дзейнасьць царквы, у прыватнасьці, патрыярхат замяняўся на раду Сьвятога Сыноду. Катэхізіс перадрукоўваўся праз усё XVIII ст., парафіяльныя сьвятары мусілі ведаць гэтую кнігу і чытаць зь яе сваім парафіянам13. Да канца XVIII ст. катэхізіс ведала таксама праваслаўнае насельніцтва, што засталося на беларускіх землях Рэчы Паспалітай, — гэта была першая кніга, выдадзеная ў друкарні, заснаванай беларускім біскупам Георгіем Каніскім у Магілёве пасьля ягонага прызначэньня на пасад у 1755 г.14.

Нават у кароткім катэхізісе яскрава відаць адрознае разуменьне грамадзянскай супольнасьці ў параўнаньні з уніяцкімі кнігамі. Найбольш уражвае тое, як Пракаповіч тлумачыць сэнс, укладзены ў прыказаньне «шануй бацьку твайго і маці тваю»15. Пракаповіч навучае праваслаўных вернікаў шанаваць перадусім цара і іншыя ўлады — пры гэтым асаблівая ўвага надаецца выканаўчай, а не заканадаўчай уладзе. У сьвятле гэтага прыказаньня ён прыпісвае вернікам абавязак «шанаваць усіх тых, хто ёсьць нам бацькамі і маткамі», у т. л. ня толькі кроўных бацькоў, але і «іншых, хто ажыцьцяўляе над намі бацькоўскую ўладу». Як піша Пракаповіч, герархія ўлады пачынаецца ад цара:

Першы парадак такіх людзей — найвышэйшыя ўлады, пастаўленыя Богам кіраваць людзьмі, сярод якіх найвышэйшая ўлада — цар. Абавязак валадароў — абараняць сваіх падданых, імкнуцца да таго, што для іх найлепш у справах і рэлігійных, і сьвецкіх… Гэта ў Бога найвышэйшая бацькоўская годнасьць, а падданыя, як добрыя дзеці, мусяць шанаваць цара.

Другі парадак бацькоўскае ўлады — «вышэйшыя начальнікі над людзьмі, падуладныя цару, а менавіта: царкоўныя пастыры, сэнатары, судзьдзі і ўсе іншыя ўлады цывільныя і вайсковыя». Кроўныя бацькі ідуць трэцім парадкам за тымі, хто «нясе адказнасьць за агульнае дабро, а значыць, і большую годнасьць»16. Гэтае вытлумачэньне, што ставіць паслухмянасьць перад дзяржавай у першую чаргу паводле значнасьці, паўтаралася і ў іншых, больш спрошчаных катэхізісах, якімі да канца XVIII ст. карысталіся праваслаўныя сьвятары па абодва бакі расейска‑польскай мяжы17.

Калі ва ўніяцкіх кнігах па маральнай тэалёгіі падкрэсьліваліся заканадаўчыя аспэкты, дык у тагачаснай расейскай праваслаўнай літаратуры праўныя паняткі апісваліся цьмяна, закон рэдка дзе называўся вонкавай асновай грамадзтва. У 1787 г. выйшла друкам кніга хрысьціянскіх настаўленьняў на кожны дзень для духоўных і сьвецкіх галоваў сем’яў. У ёй быў разьдзел з дваццацю сямю настаўленьнямі «пра закон», у якім увогуле не гаворыцца пра прынцыпы права. Замест іх разглядаюцца агульныя прынцыпы хрысьціянскай этыкі: імкненьне рабіць дабро, пераадоленьне спакусы, пазьбяганьне грахоў і слабасьцяў, важнасьць дабрадзейства дзеля веры і г. д.18. Па сутнасьці ў гэтых настаўленьнях асноўная ўвага надавалася ўнутранай дысцыпліне, якой мусіць кіравацца чалавек у сваіх учынках, і рэлігійным прынцыпам. У ёй ня згадваюцца вонкавыя мэханізмы кантролю праз грамадзянскае ці звычаёвае права19. У той самай кнізе пры разглядзе пятага (паводле праваслаўнай традыцыі) прыказаньня (як можна здагадацца, у ім выхоўваецца найперш паслушэнства перад уладамі, карыснымі грамадзтву, — найперш перад манархам і іншымі вышэйшымі ўладамі) працягваюцца развагі, што значыць «сапраўдны грамадзянін». Гэта «дабрадзей… беззаганных і шляхетных паводзінаў, [які] можа заўсёды знаходзіцца ў бесьперапыннай гармоніі з добрай воляй усіх, хто навокал»20. У апісаньні сярод якасьцяў сапраўднага грамадзяніна ня згадваецца выкананьне вонкавых праўных нормаў. Замест гэтага дасягненьне клясычных мэтаў гармоніі, парадку і міру прыпісваецца ўменьню кіравацца ўнутраным сумленьнем. Адпаведна, у наступным настаўленьні «Пра абавязкі грамадзяніна» добрага грамадзяніна навучаюць ведаць свае абавязкі, выбіраць дабро, кантраляваць жарсьці, супрацьстаяць злу, пазьбягаць раскошы і багацьця і шукаць толькі Божай любові добрымі ўчынкамі дзеля іншых людзей і дабрачыннасьцю на карысьць грамадзтва21. Настаўленьні красамоўна пераконваюць чытача трымацца Новага Запавету і клясычных цнотаў, спалучаць духоўныя і грамадзкія мэты, але яны маўчаць пра ролю вонкавых законаў і правілаў.

Такім чынам, дасьледаваньне ўніяцкіх і праваслаўных навучальных матэрыялаў XVIII ст. сьведчыць пра два зусім розныя падыходы да асноваў грамадзянскай супольнасьці. Уніяцкая канцэпцыя прызнае неабходнасьць грамадзянскага права як першараднага складніка працьвітаньня грамадзтва і кіруецца патрабаваньнямі празрыстай, яснай і ўсё больш разьвітай праўнай традыцыі. Парафіяльныя сьвятары мусілі разумець асновы права і кантрактных нормаў, прынятых у грамадзтве Рэчы Паспалітай. У адрозьненьне ад гэтага, сацыяльныя асновы расейскага праваслаўя у час пасьляпятроўскага абсалютызму ў Расейскай імпэрыі палягалі на ўладзе патрыярхальнага манарха і ягоных чыноўнікаў. Расейская праваслаўная літаратура XVIII ст. падрабязна казала пра ўнутраныя маральныя законы і хрысьціянскую этыку, але не прызнавала каштоўнасьцяў вонкавых праўных структураў. Затое галоўная ўвага надавалася выканаўчай уладзе.

Пры пераасэнсаваньні гісторыі рускай культуры і грамадзтва большай увагі заслугоўвае той факт, што Ўніяцкая і Праваслаўная цэрквы прапагандавалі прынцыпова розныя ідэалы ў самай простай выхаваўчай літаратуры — нават на элемэнтарным узроўні навучаньня дзесяці прыказаньняў. Розьніца паміж гэтымі ідэаламі, якая выявілася цягам XVIII ст., азначала, што перавод уніятаў у расейскую праваслаўную веру пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай цягнуў за сабою кардынальную зьмену грамадзка‑палітычных каштоўнасьцяў. Пра гэта трэба памятаць, дасьледуючы разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці (асабліва што датычыць адданасьці прынцыпам вяршэнства права) у рэгіёне, дзе цяпер знаходзіцца незалежная Беларусь.

  8 Koronczewski, Antoni. Theologia Moralna… T. II. S. 290—410.

9 Тамсама. С. 285.

10 Kiszka, Leon. Now Roźnych Przypadkow… S. 294—313; Narolski, J. Teologia Moralna Do Obyczajów… S. 49—83; Koronczewski, Antoni. Theologia Moralna… Cz. I. S. 314—344.

11 Narolski, J. Тамсама. S. 100—101.

12 Усе аўтары згадваюць шэраг злачынстваў, зьвязаных з гэтым прыказаньнем, але самае падрабязнае праўнае апісаньне падае Каранчэўскі (ч. 1, с. 344—364). Апроч таго, у сьвятле гэтага прыказаньня Кішка гаворыць пра патрэбу ў судзьдзях, якія ўмеюць чыніць правасудзьдзе, спакойна, паважліва слухаючы аргумэнты бакоў, прафэсійна, без фаварытызму разглядаючы справу (Kiszka Leon. Тамсама. С. 316).

13 Первое учение отроком. В немже буквы і слоги. Также: Краткое толкование законнаго десятословия, Молитвы Господни, Символа веры и девяти блаженств. Ст.‑Петербург, 1720. Да 1725 г. катэхізіс перавыдаваўся больш за дзясятак разоў. На час сьмерці Пятра І ён меў агульны наклад 16 000 асобнікаў. Гэты катэхізіс заставаўся «асноўным падручнікам па рэлігійным і маральным выхаваньні ў Расеі» цягам усяго XVIII ст. Гл. Cracraft, James. The Church Reform of Peter the Great. Stanford, 1971. P. 286, 290.

14 Георгий (в мире Григорий Осипович) Конисский. Русский биографический словарь. Т. 4—5. Москва, 1914. С. 433.

15 Заўважце, што ў заходняй і ўсходняй цэрквах нумары прыказаньняў адрозьніваліся. У заходняй традыцыі (а значыць, і для Ўніяцкай царквы) гэта было чацьвёртае прыказаньне, а ва ўсходняй традыцыі Праваслаўнай царквы — пятае.

16 Cracraft, James. Тамсама. С. 284.

17 Асабліва «Сокращённый катихизис» (Кіеў, 1786), які выклікаў жах у палякаў у 1789 г. Гл. дакумэнты сьледзтва па падазрэньні ў здрадзе сярод русінаў у 1789 г. Архіў Бібліятэкі Чартарыйскіх, Кракаў, сыгн. 949—956.

18 Краткие поучения о главнейших спасительных догматах веры. Разд. 9. Москва, 1787. Гэты акцэнт на хрысьціянскія прынцыпы цалкам стасуецца са шматлікімі спасылкамі на Сьвятое Пісьмо ў кнізе Пуфэндорфа «Пра абавязкі чалавека і грамадзяніна».

19 Вонкавыя законы згадваюцца толькі аднойчы — ва ўводзінах да кнігі аўтар піша: «Працьвітаньне [Айчыны] трымаецца на захаваньні яе грамадзкіх законаў; але яны пацьвярджаюцца законам Божым, і грамадзкія законы ня могуць выконвацца там, дзе не выконваецца закон Божы». Больш вонкавыя законы ніяк не камэнтуюцца.

20 Краткие поучения… Разд. 14. Павучаньне на 27 лютага.

21 Краткие поучения… Разд. 14. Павучаньне на 28 лютага.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/27