A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (55) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Максім Жбанкоў | ||||
Максім Жбанкоў
«pARTisan»: хованкі з канцэптам Спроба прыватнай культур‑дывэрсіі pARTisan. 2002—2006. №№ 1—4. Трэба адразу шчыра прызнацца: я ня ведаю, адкуль і навошта зьявіўся часопіс «pARTisan». Нават ня ведаю, ці можна лічыць яго часопісам. У гэтым — і адзінае ў гэтым — я салідарны з большасьцю шараговых беларускіх грамадзянаў і адказных асобаў. Ім было б лепей без «pARTisan’а». Сапраўды: што за новыя партызаны ў краіне адвечнай Перамогі? А вось мне падабаецца жыць з «pARTisan’ам». Таму што ён адначасова — хованкі ў патаемных кутках забароненай гісторыі, бессаромны зьдзек з таннага «глямурчыку» дзяржкультуры, контрабандысцкая сьцежка ў Эўропу і саманадзейны маніфэст незалежнасьці творчай меншасьці. «pARTisan» стабільны ў сваёй нестабільнасьці. Ён шукае і часам знаходзіць. Але заўсёды ня тое, на што разьлічваў.
Вяртаньне лясных братоўЧасопіс «pARTisan» ад самага пачатку быў спробай публічна прэзэнтаваць актуальнае мастацтва Беларусі. У сытуацыі глябальнай «зачысткі» айчыннай інфармацыйнай прасторы прыватная ініцыятыва мастака і культур‑мэнэджара Артура Клінава спачатку выглядала чарговым one man / one issue show: разьвялі спонсараў на грошы, зрабілі нумар, грымнулі на прэзэнтацыі — і канец. Аднак гісторыя мае працяг. Таму, што Клінаў здолеў ператварыць у пераканаўчы брэнд адвечную (як слушна зазначыў Валянцін Акудовіч) беларускую схільнасьць гуляць з жыцьцём у хованкі. Дзякуючы яму (а таксама хлопцам з N.R.M.) партызанства ў прасунутай сьвядомасьці неадваротна ператварылася з нафталінавага параду герояў‑вызваліцеляў у формулу сучаснага эстэтычнага супраціву. «pARTisan» — гэта школа мужнасьці для сучасьнікаў «Супэр‑лято», «парадку і дысцыпліны» ды Анжалікі Агурбаш. Як выжыць і ня страціць розум у абсурднай культурніцкай прасторы «Славянскіх базараў» і іншых «цягні‑штурхаеў»? Па‑нашаму, па‑партызанску: адбудаваць сваё пасярод чужога, ператварыць вонкавы прэсінг у энэргію творчасьці. Няма іншай краіны — але ёсьць іншая культура, пазбаўленая дурной залежнасьці ад «саўка». Пустэчаў у культуры ня будзе, калі побач апынуўся пазасыстэмны аўтар.Як вядома, сапраўднага партызана ня бачна. Ён выходзіць, калі захоча. Яго магчыма адзінае пачуць — калі сыходзіць пад адхон цягнік ці ўзьлятае ў паветра мост. Культур‑партызан трапляе ў поле публічнай зацікаўленасьці на кароткі час: калі выходзіць часопіс, музычны дыск альбо фільм. І зноў зьнікае — да чарговай «дывэрсіі». Партызан ня мае графіку працы альбо зацьверджанага пляну. Але мае перакананьні. Бо лясныя браты вяртаюцца, каб не пагадзіцца з прапагандыстамі і агітатарамі. Актуальны мастак працуе як падвойны агент: Эўропы — у завіслай на старце гадоў дзесяць таму Беларусі, Беларусі — на збольшага абыякавым да нас Захадзе. Шмат хто з аўтараў і раней самастойна, навобмацак абіраў падобны шлях. Але быў патрэбны «pARTisan», каб зрабіць тэхналёгіі арт‑партызанкі часткай публічнага дыскурсу.
Вайна пад стрэхаміМожна пазначыць «pARTisan» як адметны каталёг нашага неафіцыйнага мастацтва. Але гэта будзе толькі частка праўды пра камандантэ Клінава і ягоных камандас. Першапачатковы «pARTisan» сапраўды выглядаў як разгорнутая прэзэнтацыя мастацкіх тэкстаў айчынных нонканфармістаў. Перадусім — для замежных спажыўцоў, галерэйнікаў ды спонсараў. Як шчыра прызнаецца рэдактар выданьня, за мяжой актуальным беларускім мастацтвам цікавяцца непараўнальна больш за «тутэйшых». Гэты сэгмэнт клінаўскага партызанства спрацаваў на ўсе сто адсоткаў. У Бэрліне, Варшаве і Парыжы шмат хто даведаўся пра Беларусь менавіта праз творчыя акцыі Клінава ды іншых «партызанскіх» творцаў: Руслана Вашкевіча, Андрэя Дурэйкі, Сяргея Ждановіча, Ігара Цішына.Партызан‑арт — мастацтва на экспарт. У гэтым ягоная моц. І адначасова — ягоная параза. Таму што большасьць суайчыньнікаў існуе ў фармаце калгаснага спажывецкага канфармізму: «мастак — Савіцкі, балетмайстар — Елізар’еў, пісьменьнік — Чаргінец, сьпявачка — Смолава». Паводле словаў Артура Клінава,
зараз маем дзьве вэрсіі беларускай культуры. Паралельная афіцыйнай культура спалучана з ідэяй партызанства. Гэта не андэрграўнд, таму што гэты тэрмін мае для мяне пэўны нэгатыўны зьмест. Больш дакладна казаць пра актуальную культуру, дзе на сёньня працуюць самыя цікавыя творчыя рэсурсы краіны.
Вайну за шырокую беларускую сьвядомасьць суполка «pARTisan» пакуль безнадзейна прайграе. І гэта абсалютна лягічна: ня тыя магчымасьці. І, напэўна, ня той «кліент». Мастацкія аб’екты са старонак часопіса разьлічаныя на адукаваную сярэднюю клясу, якой пакуль няма. Мы затрымаліся на стадыі «дзікага» капіталізму пачатку 90‑х, каб потым адразу пераскочыць у фармат «кіраванага рынку» з новай элітай — дзяржаўнымі капіталістамі і топ‑мэнэджарамі пад «дахам» улады. Гэтым хлопцам ня трэба Клінава — хопіць і «Клінскага». Плюс Comedy Club ды саўна зь дзяўчатамі. Клінаў прынцыпова гуляе «не па правілах» і ня схільны прыстасоўвацца. Але ня варта лічыць «pARTisan» маргіналам‑памежнікам. Ён насамрэч — празь‑межнік, бо існуе па‑за межамі пэўных стыляў, школаў ды рухаў. І гэтая незалежнасьць шмат каму падаецца падазронай. Вайна пад стрэхамі ідзе на два франты: супраць айчыннай інэртнасьці ды расейскай культур‑экспансіі. «Партызанская культура» разгортваецца ў «тармазнутай» краіне, якая сваіх партызанаў слаба ведае, фактычна ня бачыць і, магчыма, не чакае.
Пазьбегнуць перамогіАле, акрамя мастацкага вэктару, «pARTisan» мае гэтаксама й інтэлектуальны. Дзеля пасіянарнай меншасьці — магчыма, найважнейшы. Сярод ягоных аўтараў рэальная беларуская эліта: Валянцін Акудовіч, Юрась Барысевіч, Ігар Бабкоў, Сяргей Харэўскі, Алесь Анціпенка. Маем ня проста мастацкі часопіс, а яшчэ й сапраўдную майстэрню айчыннай думкі, што выбудоўвае істотныя для разуменьня наяўнай сытуацыі канцэпты. Таму канцэпт «pARTisan» мае будучыню незалежна ад лёсу наяўнага рэжыму.Але пэўных канатацыяў, натуральна, пазьбегнуць не выпадае. Мне падабаецца ідэя Андрэя Хадановіча пра тое, што ў мінулым сакавіку адбыўся не палітычны, а перадусім эстэтычны канфлікт — паміж татальным ідыятызмам афіцыйнага праграмаваньня мазгоў і нармальным правам кожнага слухаць і любіць сваё. На працягу пяці гадоў самотнай працы каманда Клінава будавала пэўнае поле зьместаў — і цяпер яно пачынае існаваць самастойна. Цалкам відавочна, што Клінаў падманвае суайчыньнікаў і ладзіць грандыёзную правакацыю: пад вокладкай нібыта мастацкага альманаха схаваны выбуховы пакет, здольны лёгка «зьнесьці дах» звычайнаму кліенту памяркоўных арт‑тусовак. Ён распаўсюджвае ня проста «карцінкі», а хуліганскія канцэпты, прапануе ня проста гульню ў словы, а пэўны лад мысьленьня. Амаль «кактэйль Молатава»: інтэлектуальная плынь «мысьленьня пра Беларусь» сустракаецца на старонках «pARTisan’а» зь неканвэнцыйнымі мастацкімі тэкстамі. Каб давесьці да суайчыньнікаў клінаўскае несьмяротнае: «Кожны аўтар — амаль партызан. Трэба адзінае дадаць крышку касмэтыкі». У гэтай мазаічнай культурніцкай прасторы карціць застацца — і жыць. Часу хопіць на ўсё, бо партызан прынцыпова ня можа перамагчы. Таму што тады ён ператвараецца ў Новага Боса. Таму што тады ён ужо ніколі ня вернецца ў свой вольны лес. Партызан памірае не тады, калі яго падаб’e вораг, а калі ён набывае свой першы «Мэрс». Машына сэнсаў імя «камандзёра Клінава» працуе дзеля тых, хто здольны іх успрымаць. Варта злавіць хвалю і выйсьці нарэшце са свайго ўтульнага андэрграўнду. Бо сапраўдны арт‑партызан не чакае дазволу на чарговы агнявы дывэртысмэнт. Ён проста ня можа інакш. Дык дзе вашыя запальнічкі? Дынаміту «pARTisan» ужо падвёз. |
культуроляг, кінааналітык, журналіст. Аўтар шматлікіх аналітычных артыкулаў у пытаньнях сучаснай культуры ў часопісах «Мастацтва», «Фрагмэнты», «pARTisan», на сайце «Наше мнение». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (55) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |