A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

   

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Вытрымаць атаку шчасьця

Керэт Э. Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам /
 Пер. з іўрыту П. Касьцюкевіча. —
 Менск: выдавец І. Логвінаў, 2007. — 200 с.

Гэтая кніга — быццам галіна дзікага хмелю: усё тут пераплецена — смутак і радасьць, надзея і расчараваньне, пяшчота і жорсткасьць, рэальнасьць і казка. Да таго ж кожнае наступнае апавяданьне быццам перакрэсьлівае папярэдняе — і не таму, што яны былі напісаныя ў розныя гады. Так, адзін пэрсанаж прыходзіць да высновы, што «дзеўкі — гэта атрута» («Шуні»), а другі бяжыць за аўтобусам, каб пасьпець на спатканьне («Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам»). Адзін герой траціць веру ў тое, што людзі могуць паразумецца («Ніхто не разумее квантаў»), другі знаходзіць месца, дзе ўсе такія, як ён («Трубы»). Адзін пэрсанаж пасьля таго, як яго забілі, стрэліўшы ў голаў з аўтамата, жыве сабе далей на дзіва іншым («Кохі»), а другі ад куль памірае («Юлія»). Адзін герой даведваецца пра жахі Галакосту («Адыдасы»), а другі сустракае ў разбураным горадзе фюрэра, які гуляе сабе ў шахматы і не зважае на навакольны сьвет («Мы зь Людвігам забіваем Гітлера бяз дай прычыны, або Бэрлінская вясна»).

Керэт — рухавы, як іртуць. Яму, саракагадоваму, усё яшчэ цікава быць папераменна вясёлым і маркотным, дрэнным і добрым, брыдкім і прыгожым, літасьцівым і цынічным, рэалістам і фантазёрам. Спачатку верыць у каханьне, а потым абвяшчаць, што ў людзкіх сэрцах пануе нянавісьць, і кропка. Сёньня пераконваць, што кожны можа зьмяніць сваё жыцьцё, што шчасьце — ёсьць, а заўтра выносіць вэрдыкт: жыцьцё — «заўсёдная беспрасьвеціца». Керэт заўсёды катэгарычны і заўсёды… шчыры. Ці не таму моладзь у Ізраілі абвесьціла яго сваім гуру?

МАЛАДЫХ НЕ ПАДМАНЕШ

Маладых не падманеш, о не. Але Керэт і не зьбіраецца гэтага рабіць. Ён праўдзіва піша пра сяброўства, каханьне, стасункі між дзецьмі і бацькамі, тэрміновую службу ў войску. Насамрэч гэта даецца нялёгка, бо з гадамі многія пісьменьнікі страчваюць здольнасьць неперадузята, натуральна апісваць жыцьцё маладога пакаленьня, пачынаюць займацца маралізатарствам, пераконваць мастацкімі тэкстамі, што ў іхныя гады моладзь была ня тая. Але Керэт «душой не старэе» — і кніга «Кіроўца аўтобуса…», у якую ўвайшлі апавяданьні са зборнікаў, выдадзеных у 1992‑м, 1994‑м і 1998‑м гг., найлепшае таму пацьверджаньне. Возьмем, напрыклад, праблему «бацькоў і дзяцей» — адну з цэнтральных у творчасьці Керэта. Пісьменьнік застаецца на баку маладых, бо яны заўсёды востра адчуваюць, як старэйшыя страчваюць жыцьцёвыя сілы, адмаўляюцца ад сваіх надзеяў і мараў, пачынаюць кіравацца здаровым сэнсам, ісьці на саступкі. Герой апавяданьня «Чэмпіён сьвету» фактычна выконвае абавязак свайго бацькі — былога чэмпіёна сьвету, а цяпер лысага бязвольна‑добразычлівага таўстуна, якому дораць на юбілей пазалочаную шчотку для чысткі пупка, — набівае морду нахабнаму кватаранту, які атайбаваўся ў кватэры іх нябожчыка дзеда і адмаўляецца зьяжджаць. Сын ня можа жыць паводле прынцыпу «ня варта шуму ўся аблава», ён ня хоча праз трыццаць гадоў атрымаць на дзень нараджэньня такі самы падарунак, як і ягоны бацька.

Разам з тым Керэт ня мае сумневу, што дзеці насьледуюць рысы характару сваіх бацькоў. Алекс, сын кіраўніка «Масада» (ізраільскай вонкавай выведкі), з аднайменнага апавяданьня — дзіўнае стварэньне ў кароткіх штонцах, зь якіх тырчаць «танклявыя бляклыя» ногі‑хадулі, — нават не здагадваецца, кім працуе ягоны бацька, і на першы погляд здаецца слабаком. Аднак калі Алексу наносяць страшэнную абразу, то выяўляецца, што ён можа абараніць свой гонар. Алекс распраўляецца з крыўдзіцелем і вяртаецца дахаты. Стомлена пасьміхаючыся, ён паўтарае выраз свайго бацькі: «Такі дзень быў — і не пытайцеся».

Керэт сымпатызуе тым дарослым, якія, падобна дзецям, не стаміліся верыць у цуды і заўсёды радуюцца — жыцьцю, новым сустрэчам і г. д. Калі да штукара Абрама, які выступае ў дзіцячых тэлевізійных перадачах («Абрам‑Кадабрам»), прыходзяць апісаць маёмасьць два судовыя выканаўцы, то адзін зь іх, Нісым, бацька маленькага хлопчыка, пазнае Абрама і літаральна забываецца на свае абавязкі. Забываецца не таму, што пабачыў тэлевізійную зорку, а таму, што ў душы застаўся дзіцем і цяпер узрадавана чакае новага магічнага труку. Нісым дапамагае фокусьніку схаваць тэлевізар (яго Абрам набыў для сваёй старэнькай матулі) і нават самастойна робіць фокус з афіцыйнымі блянкамі. «Сым‑сялябім» — і паперак няма.

Нямала апавяданьняў Керэт прысьвяціў праблеме дружбы. У іх таксама ніводнай фальшывай ноты. Адно з такіх апавяданьняў — «Мой найлепшы сябар» — проста выдатнае. На першы погляд здаецца, ну што за немудрагелісты сюжэт — хлапец адмаўляецца ад дзяўчыны ў імя сябра — аднак як гэта напісана! Керэт — майстар дынамічнага аповеду, гумарыстычнага ракурсу, запамінальнага вобразу.

Апроч апавяданьняў, Керэт піша сцэнары да тэатральных, тэле‑ і кінапастановак. Паводле ягоных твораў пастаўлена каля 50 кароткамэтражных і некалькі паўнамэтражных фільмаў. У ліку ўзнагародаў Керэта — ізраільскі «Оскар» і American MTV Prize. Сапраўды, «Кіроўцу аўтобуса…» ня проста чытаеш, але й бачыш. І калі «Мой найлепшы сябар» няўлоўна нагадвае фільмы ангельца Гая Рычы, то «Мой брат у дэпрэсіі» пераймае стылістыку стужак амэрыканца Квэнтына Тарантына. Ліецца кроў, а герой вядзе адстаронены маналёг пра тое, што здрада дзяўчыны з пажарнікам — гэта ўсё‑ткі не абраза для яе бой‑фрэнда, бо «пажарнік людзей ратуе і ўсё такое». Але самае галоўнае — гэтую літаратуру і кіно Керэт творыць для моладзі, абсалютна не жадаючы дагадзіць ёй, спадабацца. Аўтар «Кіроўцы аўтобуса…» — не каньюнктурнік. У нас, дарэчы, такое кіно за празьмерную жорсткасьць забараніла б камісія пры Менгарвыканкаму. Бо нашыя дзеці, цьвердзіць афіцыйная прапаганда, і закону не парушаюць, і бацькоў слухаюцца (між тым крымінальная статыстыка сьведчыць пра адваротнае). Зразумела, беларуская моладзь ня лепшая і ня горшая за ізраільскую. Толькі вось аўтара, які б пісаў для нашых юнакоў і дзяўчат (і разумеў іх) так, як празаік і кінасцэнарыст Керэт, пакуль няма.

ПЕКЛА — ГЭТА ІНШЫЯ ПЛЮС МАСКУЛЬТ

Моладзь супрацьстаіць дарослым, а кожны чалавек паасобку — грамадзтву. Сьвет, прамаўляючы вуснамі натоўпу, патрабуе, каб асоба зьмянілася. Вядома, у «найлепшы» бок. Галоўнага героя Керэта называюць «несьвядомым», «шызафрэнікам», «дэбілам», «несур’ёзным», «бездухоўным, пазбаўленым каштоўнасьцяў», кажуць, што ён «ня мае фантазіі», «ня здольны сябе выставіць», «мае сур’ёзныя праблемы з успрыманьнем рэальнасьці». Герой востра адчувае сваю адчужанасьць, але не зьбіраецца прыстасоўвацца да вонкавых абставінаў і патрабаваньняў іншых. Ён альбо шукае аднадумцаў ці месца, дзе яму будзе камфортна («Трубы»), альбо адказвае на выклік («Мы зь Людвігам забіваем Гітлера бяз дай прычыны…»).

Яшчэ адна пагроза для чалавека крыецца ў культуры спажываньня, цэмэнтуюць якую грошы. Схавацца, унікнуць альбо перамагчы яе ня здолее ніхто, цьвердзіць Керэт. Найлепшым чынам гэтую думку ілюструюць апавяданьні «Так добра!» і «Дэфэкты». Гераіня апошняга твору «інфікаваная» «павучкамі макрамэ», якія перадаюцца праз рэклямныя брашуры і залазяць у душу, каб сплесьці коскі і тым самам яе атрафаваць. А ў першым апавяданьні створаная трагікамічная атмасфэра: пэрсанаж, якога зваць Іцык, забарыкадаваўся ў доме, чакаючы атакі Шчасьця. Іцык спрабуе адстрэльвацца, адначасова думаючы пра непрыемныя рэчы, якія існуюць у сьвеце (СНІД, Галакост, самалійская бойня і інш.), каб нэўтралізаваць гэтага небясьпечнага ворага, але дарэмна: яго абкружаюць, зрываюць бронекамізэльку, каб памяняць майку з пытальнікам «Why?» на саколку «Don’t worry, be happy!» і валакуць у фургон. Тое самае некалі адбылося з бацькам Іцыка. Наперадзе хлопца чакае жанчына ў шыкоўным гатэлі і шмат грошай. Вельмі сьмешна і… страшна. Нават больш, чым у «Дэфэктах». І куды толькі глядзеў канал MTV, калі даваў Керэту прэмію?

БОГ ЁСЬЦЬ

Сьвет у некаторых апавяданьнях Керэта скажоны, перакулены, пачварны, бессэнсоўны. Зайцы бегаюць з аўтаматамі Калашнікава, вожык ідзе рабаваць банк, кэралаўская Аліса падрасла і стала прасталыткай, аўтобусы канаюць на вуліцах і невядома куды падзелася цэлая кляса дзяцей. Азірнецеся, быццам кажа нам пісьменьнік, паглядзеце, што адбываецца наўкола. У сьвеце няма гармоніі, і крыніцы закаламучаныя, нам немагчыма паразумецца, бо чалавечае жыцьцё — гэта адзіночны палёт, імклівае прасоўваньне ў пустэчы да чорнага фіналу («Шломік‑Гомік», «Здані бясплотныя», «Цэляфан», «Дзяўчына на лядоўні», «Замежная мова»). Іншым разам, калі Керэт пачынае сьмяяцца, робіцца жудасна, бо гэта не «карнавальны сьмех», а той «жахлівы сьмех, што ўзьнікае, калі бачыш абсурд», пра які пісаў Рэнэ Дамаль у кнізе «Патафізыка і адкрыцьцё сьмеху» (1929). Жыцьцё невыноснае, трагічнае, самотнае. Пра тое, што адбываецца з табой, немагчыма гаварыць — прасьцей апавесьці лухту пра прусака, «апранутага ў чорны гарнітур без кішэняў», які засіліўся ў кухні («Безь яе»), чым сказаць страшную праўду, падзяліцца сваёй бядою і смуткам з чужым чалавекам (бо іншых не бывае).

Але Керэт адной рукой забірае, а другой — дае.

Няхай анёлы ў ягоных творах маюць крылы, але ня лётаюць і толькі «балбочуць, апавядаючы дэбільныя гісторыі» («Дзірка ў сьцяне»), і людзей, якія трапілі ў пекла, хочацца пашкадаваць, бо ўвесь час нягоднікі былі на крок наперадзе іх («Кацэнштайн»), затое Бог у Керэта — сапраўдны, літасьцівы і спагадлівы. Бог Новага запавету. Ён працуе кіроўцам аўтобуса і адчыняе дзьверы ўсім, хто спазьняецца.

Нягледзячы на скаргі пасажыраў у салёне.

   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/27