A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (56) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Пэры Андэрсан | ||||
Пэры Андэрсан
Расейская «кіраваная дэмакратыя»: Саюз моцнага кулака і вострага розуму
Пад нізка навіслым небам моўчкі цягнулася тонкая нітка тых, хто прыйшоў разьвітацца з Ганнай Паліткоўскай. Яна вярталася з крамы, калі ў ліфце яе ва ўпор застрэліў наняты забойца. Паліткоўская заплаціла жыцьцём за мужнасьць і адвагу, зь якой яна пісала пра няспынную бойню ў Чачэніі. Пасьля чарговага артыкула пра зьверствы клану Кадырава, якога з Крамля паставілі кіраваць рэспублікай, Ганну Паліткоўскую прыбралі. Яна жыла і памерла, як змагар. Але ейная сьмерць ня выклікала масавага абурэньня. Яе пахавалі ціха — ні грамадзкага гневу, ні пратэсту.
Афіцыйныя СМІ тлумачылі, што забойства Паліткоўскай — гэта альбо тайна, схаваная змрокам, альбо падкопы ворагаў ураду, якія дарэмна спрабуюць яго дыскрэдытаваць. Прэзыдэнт Пуцін заўважыў, што Паліткоўская была пустым месцам, а яе сьмерць — адзіная вартая ўвагі падзея ў ейным жыцьці. Было б вельмі зманліва, але няслушна пабачыць тут толькі звычайную пагардлівасьць улады. Усе ўрады не прызнаюць сваіх злачынстваў і збольшага з разуменьнем ставяцца да хлусьні іншых. Буш і Блэр, у якіх рукі яшчэ больш у крыві, трымаюцца гэтага правіла гэтак жа аўтаматычна, як і Пуцін. Але Пуцін адрозьніваецца ад калегаў па «вялікай восемцы» дый, відаць, ад усіх астатніх дзяржаўных лідэраў у сьвеце. Паводле зьвестак сацыялягічных апытаньняў, ён найбольш папулярны галава дзяржавы нашага часу. З тае пары, як ён прыйшоў да ўлады ў 2000 г., яго нязьменна падтрымліваюць больш за 70 % насельніцтва. Ніводзін іншы сучасны палітык нават не набліжаецца да гэтага рэкорду. Дзеля параўнаньня: рэйтынг Шырака складае 38 %, Буша — 36 %, Блэра — 30 %. Хоць узьлёт Пуціна і здаецца нейкім вычварэньнем, але яго нельга назваць невытлумачальным. Перадусім аўтарытэт Пуціна абумоўлены кантрастам паміж ім і ягоным папярэднікам, які і прывёў яго да ўлады. З гледзішча Захаду, эпоху Ельцына ніяк не аднясеш да правалаў. Наскокам правёўшы самую маштабную ва Ўсходняй Эўропе прыватызацыю прамысловасьці і захаваўшы відочнасьць дэмакратычных выбараў, Ельцын заклаў падмурак расейскага капіталізму на новае стагодзьдзе. І нягледзячы на ягонае п’янства, на часам блазенскія паводзіны, гэтыя грунтоўныя дасягненьні забясьпечылі яму неабмежаваную падтрымку ЗША. Але ў вачох большасьці расейскіх грамадзянаў адміністрацыя Ельцына спарадзіла хвалю карупцыі і злачыннасьці, яна плялася, спатыкаючыся ад аднаго палітычнага крызісу да другога, прывяла да беспрэцэдэнтнага падзеньня ўзроўню і сярэдняй працягласьці жыцьця, прыніжала нацыянальны гонар нізкапаклонствам перад іншымі краінамі, падарвала нацыянальную валюту і ўрэшце збанкрутавала. Няма дзіва, што, калі гэтая гора‑ўлада набліжалася да фінішу, рэйтынг Ельцына быў каля нуля. На такім фоне любая новая адміністрацыя мусіла б вельмі пастарацца, каб не выглядаць лепш. А Пуціну яшчэ і пашанцавала — ён прыйшоў да ўлады акурат як пачалі расьці кошты на нафту. Калі раптам пайшлі ўгору паступленьні ад экспарту энэрганосьбітаў, расейская эканоміка хутка і надзейна стала на ногі. Пачынаючы ад 1999 г. штогадовы прырост ВУП складаў 6—7 %. Назіраецца прафіцыт бюджэту, створаны стабілізацыйны фонд у памеры 80 млрд даляраў на выпадак падзеньня цэнаў на нафту. Карацей, Расея атрымала непараўнальную выгаду ад сусьветнага таварнага буму пачатку ХХІ ст. Для шараговых расейскіх грамадзянаў гэта азначала адчувальнае паляпшэньне ўзроўню жыцьця. Хоць рэальныя заробкі ўсё яшчэ нізкія (менш за 400 даляраў на месяц), але за Пуціным яны вырасьлі ўдвая. У гэтым — галоўны фактар ягонай падтрымкі. Да адноснага дабрабыту Пуцін дадаў стабільнасьць. Ператрасеньні кабінэту, канфрантацыя з парлямэнтам, прэзыдэнт у ступары — усё гэта адышло ў мінулае. Хоць адміністрацыя дзейнічае і не нашмат эфэктыўней, але аднавіўся парадак — прынамсі, на поўнач ад Каўказу. Нарэшце, над краінай больш няма «кантролю звонку»: скончыўся час, калі МВФ дыктаваў бюджэт, а МЗС нагадвала хутчэй амэрыканскае консульства. Вызваліўшыся ад замежнай пазыкі і дыпляматычнай залежнасьці, Расея зноў зрабілася сувэрэннай дзяржавай. Дабрабыт, стабільнасьць, сувэрэнітэт — на задавальненьні гэтых «першасных патрэбаў» і палягае ўсенародная падтрымка, якой карыстаецца Пуцін. І неістотна, што кожны з названых трох паняткаў менш напоўнены рэальным зьместам, чым здаецца на першы погляд, — галоўнае, што ў параўнаньні з часам Ельцына прагрэс відавочны. Але надхмарны рэйтынг Пуціна адлюстроўвае яшчэ адну асаблівасьць — імідж лідэра дзяржавы. На Захадзе ён здаецца нейкім шэрым, халодным чалавекам. У культурах, звыклых да больш эмацыйна‑экспрэсіўнага стылю кіраваньня, прылізаная галава, як у тхара, ды сталёвыя, ледзяныя вочы ня выклікалі б шырокай прыязнасьці. Аднак у Расеі харызма мае іншае аблічча. Калі Пуцін толькі стаў прэзыдэнтам, яе ў яго і блізка не было. Але ўлада яго зьмяніла. Ад самага пачатку Пуцін культывуе дзьве рысы, што надаюць яму аўру, якая, магчыма, ня згасьне і па ягоным сыходзе з пасады. Першая зь іх — гэта вобраз цьвёрдага, калі трэба — жорсткага кіраўніка. З гістарычнага гледзішча ў Расеі часьцей захапляліся грубым навядзеньнем парадку, чым баяліся яго. Кагэбэшнае мінулае ня кінула ценю на партрэт Пуціна, а стварыла яму німб прыхільніка суворай дысцыпліны. Па‑ранейшаму патрыярхальнае грамадзтва цэніць «крутасьць» — у «джэнтэльмэнскі набор» Пуціна ўваходзіць дзюдо і ўменьне «батаць па фені». Прычым, як сьведчаць вынікі апытаньняў, найбольш фанатычна падтрымліваюць Пуціна жанчыны. Але ў ягонай ледзяной харызьме ёсьць і другі, менш відавочны складнік — культурны. Людзі захапляюцца ягоным выдатным валоданьнем мовай. Апошнім кіраўніком дзяржавы, які пісьменна размаўляў па‑расейску, быў Ленін. Сталін праз свой моцны грузінскі акцэнт рэдка рызыкаваў прамаўляць публічна. Хрушчоў казаў грубымі, прымітыўнымі словамі, з барбарскай граматыкай. Брэжнеў ня мог і двух сказаў зьвязаць. У Гарбачова чуўся правінцыйны паўднёвы акцэнт. Лепш зусім не казаць пра няўцямную дыкцыю Ельцына. Прамовы лідэра, здольнага выказвацца ясна, пісьменна і бегла, для слыху многіх расейцаў гучаць як музыка. Дзіўна, але прэстыж Пуціна трымаецца і ягоным розумам. Ён зрабіўся, паводле сучасных невысокіх патрабаваньняў, красамоўным палітыкам. Пуцін можа гадзінамі адказваць на пытаньні гледачоў — гэтак жа ўпэўнена і выразна, як ён дае адлуп журналістам у інтэрвію ці партнэрам на сустрэчах «вялікай восемкі», — там ён перасягае самога сябе ў зласьлівым сарказьме. Пуцінскі інтэлект, абмежаваны і цынічны, вышэйшы за ўзровень ягоных ангельска‑амэрыканскіх калегаў, але пазбаўлены колькі‑небудзь значных амбіцыяў. Аднак гэтага хапіла, каб надаць Пуціну халоднага бляску ў Расеі. У масавым уяўленьні запанаваў саюз моцнага кулака і вострага розуму. Спалучэньня спрыяльнай нафтагазавай каньюнктуры і вобразу цьвярозага дзяржаўнага дзеяча аказалася дастаткова, каб грамадзкая думка адмежавала Пуціна ад ранейшай улады і дазволіла яму адзінаасобна займаць усё палітычнае поле. Аднак насамрэч ягоны рэжым не настолькі парваў зь ельцынскай спадчынай, як здаецца на першы погляд. Пуціна знайшла ў пераемнікі Ельцыну «сям’я». Але Пуцін разумеў: калі ён хоча стварыць у Расеі моцную ўладу, нельга дапускаць ранейшага ўсеўладзьдзя алігархаў. Папярэдзіўшы тых, што ім застануцца іхныя багацьці толькі тады, калі яны ня будуць лезьці ў палітыку, Пуцін узяўся зацугляць алігархаў. Ён удушыў трох самых амбітных магнатаў: Гусінскага, Беразоўскага, Хадаркоўскага. Двое першых апынуліся ў выгнаньні, трэці — на зоне. Чацьверты, Абрамовіч, хоць і ня лічыцца ў Крамлі persona non grata, але жыве за мяжой. Пуцін часткова вярнуў пад кантроль дзяржавы нафтавую прамысловасьць і ператварыў «Газпром» у гіганцкі канглямэрат. Доля дзяржаўнага сэктару ў ВУП узрасла ўсяго на 5 %, але «дзікі капіталізм» 90‑х гг. спыніўся. Вярнуўшы пад свой кантроль некаторыя стратэгічна важныя вяршыні эканомікі, дзяржава ўзмацніла мэханізмы ўзьдзеяньня на бізнэс. Балянс улады зрушыўся ад дзіўных прыватна‑рабаўнічых груповак да больш звыклых формаў бюракратыі. Гэтыя зьмены выклікаюць занепакоенасьць дзелавой прэсы на Захадзе: маўляў, злавеснае адзяржаўліваньне ставіць пад пагрозу лібэралізацыю. Насамрэч рынку нічога не пагражае. Расейская дзяржава ўмацавала свае пазыцыі як эканамічны суб’ект, але ня дзеля таго, каб праводзіць нацыяналізацыю, а проста каб дабіцца большай палітычнай улады. Ва ўсім астатнім Пуцін яшчэ далей пайшоў у ажыцьцяўленьні той самай праграмы, што і ягоны папярэднік. Нарэшце адбылася прыватызацыя зямлі — урад Ельцына так і ня змог адолець гэтага бар’еру. У Маскве мільярдэраў больш, чым у Нью‑Ёрку, аднак падаходны падатак для ўсіх аднолькавы — 13 %. Рэгрэсіўны адзіны сацыяльны падатак прыпадае на тых, хто хоць можа яго сплаціць. Сацыяльныя ільготы манэтызаваныя і скарочаныя. Ключавыя міністэрствы застаюцца ў руках перакананых рыначнікаў. Нэалібэралізму ў Расеі сёньня нічога не пагражае, заявіў прэзыдэнт. У час візыту ў Нямеччыну ў кастрычніку 2006 г., адмахнуўшыся ад пытаньняў пра сьмерць Ганны Паліткоўскай, ён сказаў: «Мы не разумеем нэрвовай рэакцыі прэсы на тое, што Расея ўкладае сродкі за мяжой. Адкуль гэтая гістэрыя? Гэта не Чырвоная Армія наступае на Нямеччыну. Гэта такія самыя капіталісты, як і вы». Расейская палітычная сыстэма, сфармаваная па сыходзе Ельцына, таксама ўяўляе зь сябе сумесь новага і старога. У заходніх журналістаў стала абавязковым рытуалам наракаць, што Пуцін пасадзіў на ланцуг СМІ, вылегчаў парлямэнт і абмежаваў палітычныя свабоды. Аднак усе гэтыя зьявы ўзыходзяць да эпохі Ельцына. Той чыніў нашмат большыя беззаконьні. Ніводзін крок Пуціна нельга параўнаць з расстрэлам парлямэнту з танкаў ці наступным сфальсыфікаваным рэфэрэндумам, які ўвёў у дзеяньне сёньняшнюю аўтакратычную канстытуцыю. Але Ельцын лічыўся прыдатным, хоць часам і вартым пагарды, інструмэнтам заходняй палітыкі. І таму першую падзею віталі авацыямі практычна ўсе замежныя карэспандэнты, а на другую папросту не зьвярнулі ўвагі. Не было чуваць крытыкі і з нагоды бессаромнага выкручваньня рук належачых алігархам прэсе і тэлебачаньню, каб забясьпечыць пераабраньне Ельцына. Яшчэ менш увагі надавалася працэсам, што адбываліся ўнутры самога дзяржаўнага апарату. Пад кіраўніцтвам Ельцына бюракратычная машына разраслася практычна ўдвая. І гэта ня ўсё. Доля выхадцаў са спэцслужбаў і арміі ў вышэйшых эшалёнах улады рэзка падскочыла ў параўнаньні са сьціплымі квотамі часоў заняпаду КПСС: за Гарбачовым іх было ўсяго 5 %, а за Ельцыным яны займалі як мінімум 47 % найвышэйшых дзяржаўных пасадаў. Хоць такая спадчына можа прыдацца кожнаму ўладару, але Пуціну яна дасталася ўжо добра паточаная шашалем. Ён арганізаваў сілавікоў у моцную цэнтралізаваную структуру ўлады. Абапіраючыся на бясспрэчную падтрымку электарату, Пуцін ня меў патрэбы абстрэльваць дэпутатаў ці фальсыфікаваць вынікі плебісцытаў. Але, каб быць гатовым да любога павароту падзеяў, ён умацоўвае карны апарат. За Пуціным бюджэт ФСБ вырас утрая, працягвае павялічвацца колькасьць выхадцаў са спэцслужбаў на ключавых дзяржаўных пасадах — іх ужо больш за палову. У добрым гуморы Пуцін дазволіў сабе пажартаваць на сустрэчы з вэтэранамі Лубянкі: «Таварышы, нашая стратэгічная місія выкананая — мы захапілі ўладу». Але з інстытуцыйнага гледзішча найбольш уражвае такое новаўвядзеньне, як аб’яднаньне эканамічных і палітычных слупоў Пуцінскай сыстэмы ўлады. У 90‑я гг. розных прайдзісьветаў, якія захапілі пад свой кантроль расейскія запасы карысных выкапняў, называлі «сыравікамі», а чыноўнікаў зь сілавых структураў — «сілавікамі». За Пуціным гэтыя дзьве групоўкі зьліліся ў адну. Пры новым рэжыме тон задаюць крамлёўскія прызначэнцы і міністры з «гэбэшнай біяграфіяй», якія адначасова ўзначальваюць найбуйнейшыя дзяржаўныя кампаніі, прысутныя на фондавым рынку. Раней алігархі беспардонна зьмешвалі бізнэс з палітыкай, але гэта флібуст’еры зь першага сэктару бралі на абардаж другі. Пуцін іх адолеў іхнай жа зброяй: ён дамогся больш арганічнага сымбіёзу паміж бізнэсам і палітыкай — гэтым разам у ім вядзе рэй палітыка. На сёньня адзін намесьнік прэм’ер‑міністра ўзначальвае «Газпром», другі — расейскую чыгунку. Чатыры намесьнікі галавы крамлёўскай адміністрацыі займаюць аналягічныя пасады ў другой паводле маштабаў нафтавай кампаніі, у расейскім атамным гіганце, у кампаніі па транспартаваньні энэргіі і ў «Аэрафлёце». Міністар прамысловасьці ўзначальвае нафтаправодную манаполію, міністар фінансаў — ня толькі манаполію па здабычы алмазаў, але і другі па велічыні дзяржаўны банк, міністар тэлекамунікацыяў стаіць на чале найбуйнейшай кампаніі — апэратара мабільнай сувязі. Ад любога такога саюзу грошай з уладаю неаддзельная карупцыя. Усе згаджаюцца, што цяпер яна разраслася яшчэ больш, чым за Ельцыным, але набыла іншы характар. Вельмі красамоўным тут будзе параўнаньне з Кітаем. У КНР карупцыя — ненавіснае насельніцтву насланьнё. Нішто іншае не выклікае такога абурэньня шараговых грамадзянаў. Кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітаю трывожыцца, што карупцыя пагражае яе аўтарытэту, і пры нагодзе паказальна карае чыноўнікаў, якія зарваліся, хоць і ня можа вырашыць праблемы карэнным чынам. У Расеі ж амаль ніхто актыўна не абураецца з карупцыі, што апанавала ўсё грамадзтва. Зазвычай лічыцца, што чыноўнік, які бярэ хабар, лепшы за таго, каго садзяць у «варанок». У такой атмасфэры Пуцін можа з разьлікам выкарыстоўваць карупцыю як інструмэнт дзяржаўнай палітыкі — і каб заахвочваць паслухмяных, і шантажаваць нязгодных. Пры такіх магчымасьцях Крамлю няцяжка было ператварыць тэлебачаньне і прэсу ў рупар рэжыму. Вельмі сымбалічны лёс тэлекампаніі НТВ, створанай Гусінскім, і газэты «Известия», якую кантраляваў Патанін. Абедзьве цяпер належаць «Газпрому». Тэлеканалам ОРТ, які раней быў у руках Беразоўскага, сёньня кіруе апякун з ФСБ. Кантроль Пуціна над СМІ робіцца ўсё больш усёахопным. Там, дзе паслушэнства не гарантуецца правам уласнасьці, усё шырэй дзейнічае нож самацэнзуры. Але што яшчэ больш уражвае, дык гэта Gleichschaltung парлямэнту і палітычных партыяў. Ня маючы ніякай канкрэтнай праграмы, апроч безумоўнай падтрымкі Пуціна, прэзыдэнцкая партыя «Адзіная Расея» разам са сваімі разнамаснымі хаўрусьнікамі займае прыкладна 70 % месцаў у Дзярждуме. Гэтага хапіла б, каб пры неабходнасьці перапісаць канстытуцыю. Але ўвядзеньня аднапартыйнай сыстэмы пакуль не прадбачыцца. Наадварот, памятаючы пра абавязковыя для кожнай рэспэктабэльнай дэмакратыі нормы, крамлёўскія паліттэхнолягі цяпер кляпаюць апазыцыйную партыю. Яна задуманая дзеля таго, каб расчысьціць палітычную сцэну ад шматкоў камунізму (лібэралы ўжо ліквідаваныя) і стварыць дэкаратыўную супрацьвагу партыі ўлады ў наступным парлямэнце. Такім чынам, у Расеі поўным ходам ідзе мэтадычная выбудова аўтарытарнага рэжыму адной асобы на трывалым унутраным падмурку. Часткова ягоная прывабнасьць для расейцаў тлумачыцца вяртаньнем замежнапалітычнага сувэрэнітэту. Але тут разрыў паміж уяўленьнем і рэчаіснасьцю шырэйшы, чым на ўнутраным фронце. Пуцін прыйшоў да ўлады на хвалі каляніяльнай вайны. У сакавіку 1999 г. Захад пачаў бамбіць Югаславію. У тым самым месяцы ў Крамлі ўзяліся плянаваць захоп Чачэніі і яе вяртаньне ў склад Расеі. На пачатку жніўня галава ФСБ Пуцін прызначаны прэм’ер‑міністрам. У апошні тыдзень верасьня, спасылаючыся на напад з боку Чачэніі на Дагестан, Расея пачала авіяналёты на Чачэнію акурат на ўзор 6‑тыднёвага бамбаваньня Югаславіі сіламі НАТО. Яшчэ да наземнага ўварваньня каля чвэрці насельніцтва мусіла пакінуць рэспубліку. Прычыніўшы калясальныя разбурэньні з паветра, расейская армія падышла да Грознага і на пачатку сьнежня ўзяла яго ў аблогу. За два месяцы градавых абстрэлаў тактычнымі ракетамі горад быў зруйнаваны і выпалены больш за Сталінград. У разгар баёў, напярэдадні Новага году, Ельцын сыходзіць у адстаўку і перадае паўнамоцтвы Пуціну. Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на сакавік. Пад канец лютага камандаваньне расейскай арміі заявіла пра завяршэньне «контратэрарыстычнай апэрацыі». Пуцін прыляцеў у Грозны, каб адзначыць перамогу. Клінтан вітаў «вызваленьне Грознага». Блэр пасьпяшаўся ў Пецярбург абняць «вызваліцеля». Праз два тыдні Пуцін зь вялікім адрывам перамог у прэзыдэнцкай гонцы. Так адбыўся хрост сёньняшняга расейскага рэжыму, і сьвятой вадой яго абпырскаў Захад. Алеепамазаньне ў наступным годзе зьдзейсьніў Буш, зазірнуўшы ў душу расейскага прэзыдэнта. Акупацыя Чачэніі не здушыла нацыянальнага супраціву: рэспубліка ператварылася ў пекла. Але якія бясчынствы ні чынілі б расейскія войскі ды іхныя мясцовыя калябаранты, заходнія дыпляматы тактоўна адводзілі вочы. А пасьля 11 верасьня Чачэнію абвясьцілі другім фронтам вайны з тэрарызмам. Аднак пад канец першага прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна ў дачыненьнях паміж Расеяй і Захадам адбыліся зьмены. Праз два тыдні пасьля сакавіцкіх выбараў 2004 г. НАТО, прыняўшы ў свой склад дзяржавы Балтыі, падступіла да расейскага парога. І нават калі Масква нічога не атрымала ад Вашынгтону, Расея перастала выступаць у ролі прасіцеля. Калі Пуцін прыйшоў да ўлады, цэны на нафту былі крыху большыя за 18 даляраў за барэль. У 2004 г. цана перавысіла 40 даляраў і працягвала хутка расьці да сёньняшняга ўзроўню — болей за 60 даляраў. Толькі ў 2005 г. на Расею як зь неба звалілася дадатковага чыстага прыбытку на 37 млрд даляраў. Цяпер яна магла сабе дазволіць большую самастойнасьць. Праўда, вынікі пакуль досыць сьціплыя: няўклюдныя спробы спыніць замацаваньне Захаду ўздоўж расейскай паўднёвай мяжы праз шантаж Украіны і Грузіі, адмова абмежаваць кантроль над трубаправодамі ў Эўропу, перагляд афшорных канцэсіяў на Сахаліне. Але цень Расеі як энэргагіганта ўсё падаўжаецца. Яна найбуйнейшы ў сьвеце вытворца газу і другі пасьля Саудаўскай Арабіі экспартэр нафты. Чым больш Эўропа ўзалежніваецца ад расейскіх энэрганосьбітаў, тым больш важкімі робяцца мэханізмы ўзьдзеяньня Расеі на Эўропу. Дыпляматычнай рэвалюцыі пакуль не прадбачыцца. Але Расея адназначна выйшла з‑пад апекі Захаду. |
брытанскі журналіст, літаратурны крытык. Тэкст друкуецца ў скароце. Аўтарская назва тэксту «Чаму Пуцін? Расейская «кіраваная дэмакратыя». |
Гісторык Рычард Пайпс у манаграфіі «Расейскі кансэрватызм і ягоныя крытыкі»¹ зьвяртаецца да думкі, што сваімі каранямі расейская тыранія савецкай эпохі сягае ў аўтарытарную традыцыю расейскай палітычнай культуры. Як мяркуе Пайпс, Пуцінскі рэжым заняў сваё натуральнае месца. Расейцам не ўласьцівыя грамадзкае і нацыянальнае адзінства, разуменьне таго, што такое ўласнасьць, жаданьне прымаць адказнасьць на сябе. Яны ўспрымаюць дэмакратыю цынічна, падазрона ставяцца да сабе падобных і баяцца чужынцаў. Для іх няма горшага ліха за анархію, а аўтарытарная ўлада — неабходная ўмова мірнага жыцьця. У часопісе Foreign Affairs Пайпс тлумачыць, што Пуцін карыстаецца папулярнасьцю «акурат таму, што ён вярнуў традыцыйную расейскую мадэль кіраваньня — аўтакратычную дзяржаву, якая зьняла з грамадзянаў усялякую палітычную адказнасьць і якая стварае ўяўны вобраз замежнага ворага, каб змацаваць штучнае адзінства». Такія змрочныя выказваньні не вітаюцца ў заходніх палітычных колах. Канструкцыйныя дачыненьні з Масквой не пацярпелі ад чачэнскай вайны, і ўжо тым болей іх не сапсуе дробны канфуз кшталту забойства журналісткі, якая крытыкавала ўладу, ці здрадніка‑эмігранта. Вось мільярдэр варты трыбуналу ААН, а да гэтых каму якая справа? З палёгкай адзначыўшы, што дапытаць сьведкаў і дамагчыся экстрадыцыі ў справе Літвіненкі немагчыма, The Economist даверліва паведамляе чытачоў: «Магчыма, падобныя расчараваньні — гэта ня так ужо і кепска», бо «брытанскія дыпляматы больш за ўсё баяліся не таго, што Скотлэнд‑Ярд зойдзе ў тупік, а таго, што ён раскрые забойства».
У перамогу над камунізмам укладзена занадта шмат, каб глыбей задумляцца над лёсам Расеі. Усе прыкрасьці ўспрымаюцца або як нармальная на гэтым этапе разьвіцьця і пераадольная зьява, або як сумная, але непазьбежная плата за прасоўваньне шляхам капіталізму, або як укарэненыя ў longue duree заганы. На пачатку Ельцынскай эпохі нават пры рэзкім падзеньні накладаў найлепшыя расейскія газэты друкавалі цікавыя, разнастайныя рэпартажы і камэнтары. Яны прынесьлі прызнаньне многім добрым журналістам. Але калі пры двары Ельцына разгарнулася міжфракцыйная барацьба, а алігархі ўзялі СМІ пад свой кантроль, прэсу працяла карупцыя ў самых розных яе праявах: ад хабарніцтва і кампрамату да лісьлівай праўладнай прапаганды. У гэткай атмасфэры прэса імкліва пайшла на дно. Як і варта было чакаць, пераможцамі апынуліся самыя бульварныя таблоіды, якія пішуць пра сэнсацыі ды зорак. Між тым друкаваныя СМІ пачалі адыгрываць усё меншую ролю ў параўнаньні з тэлебачаньнем. Першапачаткова Расейскае тэлебачаньне было дынамічнай сілай, абуджала і мабілізоўвала грамадзкую думку. Пачынала яно з высокага прафэсійнага ўзроўню і амбітных праектаў. Але і тэлебачаньне таксама хутка накрыла хваля камэрцыялізацыі. Найбольш папулярныя праграмы скаціліся да такога ідыятызму і безьзьмястоўнасьці, што пераплюнуць і амэрыканскія. У адукаваных колах тэлебачаньне так узьненавідзелі, што Расея сталася, напэўна, адзінай у сьвеце краінай, дзе самыя розныя людзі паўтараюць, саркастычна на вас пазіраючы: «У мяне няма тэлевізара», — нібы гэта само сабою зразумела і няма чаго пытацца. А як сёньня пачуваецца расейская лібэральная інтэлігенцыя? У яе колах шмат хто ненавідзіць Пуцінскі рэжым (часьцяком у прыватных гутарках гэтую варажнечу выказваюць у самых рэзкіх словах). Але публічнай нязгоды амаль не назіраецца. І прычына ня толькі ў страху. У глыбіні душы лібэральная інтэлігенцыя разумее: яна сама сябе скампрамэтавала, прыклаўшыся да стварэньня таго самага рэжыму, які сёньня выклікае ў яе такую агіду. Упарта трымаючыся за Ельцына, нават калі карумпаванасьць і антызаконнасьць ягонай улады былі абсалютна відавочныя, лібэралы страцілі давер у вачох большасьці насельніцтва. Скончылася ўсё тым, што Ельцын пасадзіў ім на шыю Пуціна. У гэтых колах нярэдка наракаюць: маўляў, чаму заходнія СМІ малююць 90‑я гады як час хаосу, злачыннасьці і карупцыі, падтрымліваюць усе магчымыя адмоўныя стэрэатыпы, калі насамрэч гэта быў найбольш вольны пэрыяд у гісторыі краіны? І чаму яны цяпер называюць Расею дэмакратыяй, «калі мы жывём пры фашызьме»? А калі заходнія журналісты зьвяртаюць увагу на пераемнасьць паміж рэжымамі Ельцына і Пуціна як на асабістым, гэтак і на інстытуцыйным узроўні, расейскія лібэралы апраўдваюцца: мы па наіўнасьці памыліліся ў ацэнцы чалавечай супольнасьці, створанай савецкай уладай. А тая хутка вярнулася на колы свае і вырабіла Пуціна — урэшце, яшчэ «ня самае горшае», што яна магла адрыгнуць. Іншымі словамі, ва ўсіх бедах Расеі ні Ельцын, ні яны самі не вінаватыя. Пасьля жніўня 1991 г. адразу было зразумела: выпрабаваньнем новага расейскага лібэралізму станецца нацыянальнае пытаньне. Падчас першай чачэнскай вайны лібэральная інтэлігенцыя трымалася годна: выступала супраць расейскай агрэсіі і станоўча ўспрыняла прызнаньне Расеяй сваёй паразы. Але другая чачэнская вайна зламала іхны маральны дух. Некаторыя працягвалі пратэставаць, але ўвогуле лібэральная інтэлігенцыя пераканала сябе, што «радзіме пагражае ісламскі тэрарызм» і яго трэба зьнішчыць, колькі б чалавечых жыцьцяў гэта ні каштавала. Праз год, калі Амэрыка сама абвясьціла вайну з тэрарызмам, Расея магла цешыцца, знайшоўшы падтрымку на Захадзе. Сёньня мала хто ў захапленьні ад клану Кадырава ў Грозным — большасьць абмінае ў размовах чачэнскую тэму. Набліжаныя да Ельцына асобы, якія і цяпер застаюцца дарадцамі Пуціна, выказваюцца больш шчыра. Гайдар тлумачыць, нібы чалавеку звонку цяжка зразумець, «што азначала для Расеі агрэсія супраць Дагестану ў 1999 г. Дагестан — гэта частка нашага жыцьця, частка нашай краіны, нашай рэчаіснасьці» (sic — расейцы складаюць усяго 9 % насельніцтва Дагестану). Таму «размова ішла ўжо не аб праве чачэнскага народу на самавызначэньне. Пытаньне было ў тым, ці павінен расейскі ўрад абараняць сваіх грамадзянаў». Чубайс выказаўся больш просталінейна: «Мэтай Расеі ў новым стагодзьдзі мусіць быць лібэральная імпэрыя». Такія погляды, натуральна, вітаюцца ў Крамлі. Вакол цяперашняга Пуцінскага рэжыму групуюцца і іншыя. Яны бачаць у развале СССР пераварот, зьдзейсьнены супольна лібэраламі і нацыяналістамі (ня толькі балтыйскімі, украінскімі ці грузінскімі, але і расейскімі). Але за Ельцыным гэтыя дзьве сілы раскалоліся. Расейцы, надзеленыя пачуцьцём нацыянальнага гонару, адчувалі, што Ельцын ператварыўся ў крэатуру Амэрыкі, а лібэралы па‑ранейшаму заставаліся зь ім. Паводле гэтай вэрсіі, геній Пуціна ў тым, што ён здолеў прымірыць нацыяналістаў зь лібэраламі і стварыць першы ў гісторыі Расеі ўрад на аснове шырокага палітычнага кансэнсусу. Вярнуўшы краіне спакой і парадак, Пуцін дасягнуў «панаваньня стабільнасьці». Інтэлектуалы, што выказваюць гэткія погляды, яскрава бачаць недахопы і патэнцыйныя праблемы пуцінскага рэжыму і гавораць пра іх, не хаваючыся за эўфэмізмамі. Пуцін дае канцэсіі кожнай групоўцы — ад алігархаў да простых людзей — і пры гэтым трымае ўладу ў сваіх руках. Ён «дзяржаўнік да мозгу касьцей», ён пагарджае бізнэсоўцамі і не давярае ім. І хоць ён не перасьледуе іх, але і нічым не дапамагае малому й сярэдняму бізнэсу, каб на практыцы пасьпяхова разьвіваліся толькі сыравінавыя і банкаўскія манаполіі‑гіганты. Аднак тыя, хто паставіў на «панаваньне стабільнасьці», рызыкуюць паўтарыць шлях лібэральнай інтэлігенцыі эпохі Ельцына. Тая думала, што сваімі парадамі і дапамогай здолее накіроўваць Ельцына ў слушным напрамку. А скончылася ўсё тым, што Ельцын прывёў да ўлады Пуціна, ад якога ў іх дрыжыкі па скуры бягуць. Сёньняшнія нацыянал‑лібэралы больш цьвяроза глядзяць на сытуацыю, але нельга сказаць, ці маюць яны большы рэальны ўплыў пры двары, чым іх папярэднікі. Калі ў Крамлі ўладкуецца адзін з кандыдатаў, якіх яны найбольш баяцца, — намесьнік прэм’ера, былы міністар абароны Сяргей Іваноў ці нават бляклы прэм’ер Міхаіл Фрадкоў, яны могуць апынуцца ў тым самым становішчы, што і падпявалы Ельцына. Нацыянал‑лібэралы спадзяюцца, што Пуцін прызначыць пераемнікам каго‑небудзь мякчэйшага, напрыклад, свайго другога фаварыта Дзьмітрыя Мядзьведзева, у абавязкі якога ўваходзіць надаваць твару рэжыму выраз клопату пра насельніцтва. Але на выбар пераемніка нацыянал‑лібэралы могуць паўплываць ня больш за астатніх грамадзянаў. У Расеі склалася «кіраваная дэмакратыя»: праводзяцца выбары, але іх вынікі вядомыя наперад; суды разглядаюць справы, але выносяць рашэньні ў адпаведнасьці з інтарэсамі ўладаў; дэкляруецца плюралізм прэсы, але ўся яна за рэдкім выключэньнем залежыць ад улады. То бок практычна ў Расеі пануе сыстэма «безальтэрнатыўнай улады». Яна ўсё больш нагадвае савецкую дзяржаву, толькі без ідэалягічнага падмурку. Хутчэй за ўсё, пераемнік Пуціна будзе менш за яго папулярным, бо ўлада больш і больш ізалюецца ад масаў. Высокі рэйтынг Пуціна абумоўлены ягонай прэзыдэнцкай пасадай — у кіраўнікоў Казахстану і Азэрбайджану прыкладна гэткі самы, бо сыстэмы ўлады ў краінах надзіва падобныя. Але ў 2008 г. расейскі рэжым сутыкнецца з сур’ёзнай праблемай. Ці адыдзе Пуцін ад улады і перадасьць пасаду пераемніку або зьменіць канстытуцыю і застанецца прэзыдэнтам? Абодва шляхі зьвязаныя з рызыкай. Ён можа лёгка зьмяніць канстытуцыю і застацца ў Крамлі на неабмежаваны тэрмін, як зрабіў Назарбаеў. Дума выканае ўсё, што захоча Пуцін, а на Захадзе залішне наракаць ня будуць. Але тады ў Расеі ўсталюецца штосьці бліжэйшае да традыцыйнай дыктатуры, чым да кіраванай дэмакратыі. Дыктатура патрабуе пэўнай ідэалёгіі, а яе ў Пуціна і няма. І хоць ён вывучае працы філёзафа напаўфашысцкага кшталту Івана Ільліна, які пасьля Першай усясьветнай вайны эміграваў у Нямеччыну, найбольш верагодна, што Пуцін не захоча заставацца ва ўладзе назаўсёды, бо дзеля гэтага спатрэбіўся б надта кардынальны ідэалягічны пераварот. Ці можа стацца такім ідэалягічным падмуркам нацыяналізм? На думку гісторыка Дзьмітрыя Фурмана, ён для гэтага заслабы. Расейскі нацыяналізм — гэта не фанатычная сіла, якой трымаўся гітлераўскі рэжым, а хутчэй бясьсільная крыўда, што Расея ня можа наводзіць жах на суседзяў, як раней. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, кампанія супраць грузінаў, у якую выліваецца расчараваньне былой нацыі ўладароў, вымушанай цяпер ставіцца да колішніх ніжэйшых народаў як да роўных. Ужо склалася пэўная мадэль: выбухі гневу праз усялякую драбязу, што потым хутка забываюцца: канфлікты з Украінай, абурэньне падзеямі ў Сэрбіі і г. д. Усё гэта нэўратычныя, а не псыхатычныя сымптомы. Падобнай дробнай злосьці мала, каб на яе падмурку збудаваць новую дыктатуру. Зь іншага боку, калі Пуцін ня стане зьмяняць канстытуцыю і адмовіцца ад улады, у 2008 г. сыстэма таксама сутыкнецца зь вялікай праблемай. Упершыню ў расейскай гісторыі ў краіне ўзьнікне два цэнтры ўлады: новы прэзыдэнт і стары. Гэта гатовая формула палітычнай нестабільнасьці: чыноўнікі будуць вагацца між двума гаспадарамі, ня ведаючы, каго слухацца. Магчыма, Пуцін думае, што абярэ пераемніка, на якога здолее ўплываць, але, калі азірнуцца на гісторыю, з гэтага ніколі нічога не атрымлівалася. Падобныя фігуры самі хочуць мець усю паўнату ўлады. Па сьмерці Леніна партыйная вярхушка зрабіла стаўку на Сталіна як на найменш выбітную фігуру, баючыся больш моцнай асобы Троцкага. А Сталін зрабіўся ўсёмагутным дыктатарам. Пасьля Сталіна першым сакратаром абралі кампрамісную фігуру — Хрушчова, а не мацнейшых Берыю ці Малянкова. Хрушчоў неўзабаве іх зрынуў і адзінаасобна захапіў уладу. Тое самае адбылося і з Брэжневым — пасрэднасьцю, якую калегі па палітбюро палічылі найменш небясьпечнай фігурай. Верагодна, тое самае паўторыцца і пасьля 2008 г. |
¹ Pipes, Richard. Russian Conservatism and Its Critics. Simon and Schuster, 2005. P. 464.
|
Сацыёлягі прапаноўваюць этнаграфічныя апісаньні некаторых спосабаў выжываньня ў посткамуністычнай інстытуцыйнай пустэльні. Напрыклад, Алена Ледзянёва, аўтарка кнігі «Як насамрэч дзейнічае Расея»², праводзіць чытача праз густыя зарасьці «неафіцыйных» расейскіх завядзёнак: кампрамат, кругавая парука, што працінаюць палітыку, прафэсійную сфэру, бізнэс, СМІ, скасоўваючы або скажаючы афіцыйна прынятыя нормы. На думку дасьледчыцы, гэтыя незаконныя зьявы разьвіліся як рэакцыя на рост фармальнай ролі права ў грамадзтве, дзе сама законнасьць застаецца па‑ранейшаму неабавязковай, падуладнай усялякім махінацыям. Яны адначасова і падтрымліваюць, і падрываюць станаўленьне ў Расеі праўнай дзяржавы.
Яшчэ больш змрочны вэрдыкт выносіць Эндру Ўілсан. Ягоная кніга «Віртуальная палітыка» — гнеўнае абвінавачваньне «паліттэхналёгіі» шантажу і подкупу, запалохваньня і махлярства ў галіне выбараў. За пяць гадоў, з 1990‑га да 1994‑га, узровень сьмяротнасьці расейскіх мужчынаў падскочыў — у мірны час — на 32 %, а сярэдняя працягласьць жыцьця скарацілася да 58 гадоў — менш, як у Пакістане. Да 2003 г. колькасьць насельніцтва скарацілася за дзесяць гадоў больш як на 5 млн чалавек і працягвае штогод зьмяншацца на 750 000. Паводле афіцыйных прагнозаў, да 2050 г. у Расеі будзе жыць усяго крыху больш за 100 млн чалавек. У новай Расеі да сьпісу «традыцыйных» забойцаў — алькаголь, нікатын і г. д. — дадаліся СНІД, сухоты, рэзкі скачок самагубстваў. Пры гэтым на ахову здароўя выдаткоўваецца ўсяго 5 % дзяржаўнага бюджэту — удвая менш, чым у Лібане. Пра поўную спустошанасьць дэмаграфічнага ляндшафту дае ўяўленьне лёс жанчынаў. Амаль палова зь іх жыве на самоце. Паводле зьвестак найноўшых дасьледаваньняў, з кожнай тысячы расейскіх жанчын 175 ніколі не былі замужам, 180 — удовы, 110 — разьведзеныя, якія жывуць адны. У Расеі сёньня жанчын на 15 % больш за мужчын. Мала якім народам давялося прайсьці праз столькі ўзрушэньняў і выпрабаваньняў, як расейскаму за апошнія 15 гадоў: тут і лібэралізацыя, і дэпрэсія, і экспрапрыяцыя, і нішчымніца, і выміраньне, і страта былой велічы. Нават калі з гледзішча гісторыі гэта ўсяго невялікія наступствы значна страшнейшых віхураў ХХ ст., ня дзіва, што масы, як кажа сацыёляг Георгі Дэрлугян, «пераважна разрозьненых, прыбітых, ня схільных да гераізму абываталяў сярэдняга веку, якія спрабуюць як мага стачыць канцы», пасьля дваццаці гадоў няспраўджаных чаканьняў «бясконца стомленыя і не падуладныя ніякай грамадзкай мабілізацыі». Сёньня, як казаў Пушкін, «народ безмолвствует».
Пераклаў з ангельскай Р. Д. паводле: London Review of Books. Vol. 29. № 2, 25. January, 2007. |
² Ledeneva, Alena. How Russia Really Works. Cornell, 2006. P. 288. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |