A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (56) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Уладзімер Булаўскі | ||||
Уладзімер Булаўскі КаКа, або Каравы каравяк
Каляровая карова: Анталогія дзіцячай польскай паэзіі;
Першае ўражаньне, калі ўбачыш і прагартаеш кніжку: «Клясна, проста выдатна, што выйшла яшчэ адно перакладное, дзьвюхмоўнае выданьне!» Аднак пытаньні мімаволі множацца, а непаразуменьне узрастае, калі ўглядаесься і ўчытваесься ўважліва. Відавочна, што праца зробленая тытанічная, а вось вынік… Пачнём з вокладкі. На ёй, ні многа ні мала, значыцца: «Пераклад Інэсы Кур’ян». Брава! Геніяльны маркетынгавы ход і проста супэрсьціпла! Так і не ўдалося прыгадаць, каб Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч або Васіль Сёмуха вынес сваё імя на вокладку кнігі перакладаў. Ідзём далей і чытаем у анатацыйнай картцы:
Кніга з’яўляецца першай анталогіяй польскай дзіцячай паэзіі па‑беларуску, над якой праца вялася на працягу 2002—2006 гг. Падбор тэкстаў і іх размеркаванне — самастойнае творчае рашэнне перакладчыцы. Аўтарская анталогія дае альтэрнатыўнае ўяленне пра дзіцячую паэзію да існуючай беларускай традыцыі на прыкладзе знакамітых польскіх вершаў для дзяцей. У кнізе беларускія пераклады суправаджаюцца арыгінальнымі польскімі тэкстамі і тэматычным слоўнікам.
Вельмі хацелася б дазнацца, што гэта за тэрмін — «аўтарская анталогія», якая адначасна «з’яўляецца першай анталогіяй польскай дзіцячай паэзіі па‑беларуску»? І калі ўжо яна першая, дык у адносінах да чаго «дае альтэрнатыўнае ўяленне» (так у тэксьце! — заўв. аўт.)?! Даўняя добрая традыцыя дзьвюхмоўных выданьняў — падаваць арыгінальны, першасны тэкст, а поруч зь ім — узнаўленьне ў іншай мове. Аднак спадарыня перакладчыца самастойна і творча разьмяркоўвае (!) наадварот і суправаджае (!!!) свае пераклады польскімі тэкстамі! У гордай адзіноце абараніла яна сваю працу копірайтам. Аднак чамусьці не заслужылі падобнага гонару ні мастачка Дзіна Даніловіч, ні выдавец Ігар Логвінаў. Цяжка даўмецца, чаму ў зьмесьце перакладчыкам верша Адама Міцкевіча «Сябры» сарамяжліва, у дужках пазначаны С. Мінскевіч. (Заўважым тут, што польскую дзіцячую паэзію перакладалі Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Сяргей Дзяргай, Пятрусь Макаль, Алег Мінкін, Уладзімір Мархель і іншыя творцы.) За што ж аднаму яму, Сержу, такая міласьць?! Хіба што па сямейных абставінах? Даволі няўцямным і штучным выглядае разьмеркаваньне аўтараў і твораў па чатырох разьдзелах: «Дыдактыка», «Забава», «Подумкі» (бравісіма! — і з гэтым нэалягізмам таксама хочацца павіншаваць спадарыню Кур’ян) і «Захапленне». Хіба могуць адны вершы быць наскрозь дыдактычнымі, другія — пацяшальнымі, трэція — прымушаць задумацца, а чацьвертыя — выклікаць адно толькі захапленьне?! Ва ўступным слове чытаем: «…Па‑першае, следам цягнуўся хвост ганарлівых думак, што «Каляровая карова» цудоўна названая…» Зноў віват! Бяром найменьне верша Ёаны Кульмовай у якасьці загалоўка з разьдзела «Захапленне» і з захапленьнем хвалім сябе, памахваем хвастом ганарлівых думак! Чытаем наступны сказ: «Па‑другое, падалося, што ўпершыню паўстала кніжка дзіцячай паэзіі для дарослых». Паўстаньне кніжкі пакінем на сумленьні ўкладальніцы (хоць зазначым, што паўстае яна яшчэ не адзін раз!), а вось на адраснасьці спынімся, бо далей можна прачытаць «Запрашаем дзяцей увайсці, а дарослых вярнуцца ў яскравы, забаўны, павучальны свет дзіцячай паэзіі», а на чацьвертай старонцы вокладкі — «Прызначаецца не толькі для маладога, але і дарослага чытача, у тым ліку для літаратуразнаўцаў». І чым больш гартаеш кніжку, тым болей пераконваесься: укладальніца хацела нават не зарыгінальнічаць, стварыўшы кнігу «дзіцячай паэзіі для дарослых». Гэтая кніжка — не для дзяцей і не для дарослых, бо робяцца адпаведныя кнігі паводле розных канонаў. Яна, «Каляровая карова», створаная адно толькі дзеля задавальненьня творчых амбіцый і вэрсыфікатарскіх комплексаў самой спадарыні Кур’ян! Дзецям такая кніга без патрэбы, бо ні падобным фарматам, ні абстрактна‑нонфігурацыйнымі ілюстрацыямі іх не прывабіш. Ні дзеці, ні іхныя бацькі, а тым болей бабулі зь дзядулямі ня змогуць чытаць беларускія тэксты, надрукаваныя такім дробным кеглем. А польскія наагул надрукаваныя так дробна, нібыта за мэту было прымусіць чытачоў набываць лупы. Да таго ж некаторыя тэксты («Смерць Палкоўніка» Міцкевіча, «З магільнай пліты грамадзяніну D.O.M.» Сыракомлі, «Жыдкі ладзілі танцы» Галчынскага і інш.) цяжка аднесьці да паэзіі дзецям. Калі ж прызначалася кніга літаратуразнаўцам, дык наўрад ці набярэцца па ўсім сьвеце 300 беларусістаў, гэткіх 300 адважных спартанцаў, якія будуць чэрпаць навуковае натхненьне і прыклады з «Каляровай каровы». Хіба што гэта будуць прыклады, як нельга рабіць і пісаць. Бо калі траціну перакладаў пры адпаведнай грунтоўнай літрэдактуры можна было б прыняць, то астатнія дзьве — абсалютна бездапаможныя. Відавочна, што можна ведаць і нават пасьпяхова выкладаць польскую мову, але ня мець пры гэтым паэтычнага таленту. А эстэтычная глухата перакладчыцы, бедны лексыкон і элемэнтарнае няведаньне беларускай мовы часам проста шакуюць. Дзякуючы перакладчыцы чытачы, да прыкладу, змогуць дазнацца, што выпадкі інцэсту нярэдкія ня толькі ў жывёлаў, але і мурынаў:
Ёсьць у слана сынок і дачушка,
Канешне, кахае свайго сына матка,
А качка‑дзівачка ў аднайменным вершы польскага клясыка й праўда дзівачка, бо:
…Ішла да аптэкі прама
У арыгінале качка больш сьціплая і задавольвалася пяцьцюдзесяцьцю грамамі, але трэба ж улічваць экстралінгвістычныя моманты, бо выраз «узяць сто грамаў» (колькі ні крычы «малако, малако!») выклікацьме ў чытача (дарослага, якому адрасуецца кніга дзіцячай паэзіі) непажаданыя (ці пажаданыя, на думку спадарыні перакладчыцы?) асацыяцыі. Вось пераклад кароценькага вершыка «Козы» Марыі Каўнацкай:
Прыбеглі з падворка дзве козкі‑распусты
Пакінем па‑за ўвагаю своеасаблівыя, аўтарскія знакі прыпынку, але зазначым, што слова «распусты» гучыць тут неадпаведна і груба. Але ўзьнікае і арытмэтычна‑фізіялягічнае пытаньне. Якой з васьмі ножак драпалі дзьве козкі? Ці ножкі зрасьліся ў іх, як у сіямскіх блізьнятаў? Можа, здолее чытач прадрацца per aspera ad astra ў перакладзе верша Баляслава Лесьмяна, які працытуем цалкам, вылучыўшы прамым шрыфтом толькі паасобныя пэрлы?
Душлік
Свет абмерыў Байдала, Зноў працяглая авацыя! Ну, проста фантастыка — у кожным катрэне, мякка кажучы, аўтарскія нэалягізмы, парушэньні нормаў граматыкі, збой рытму, перацяжка націскаў, іншыя неахайнасьці і недарэчнасьці! Тое самае можна пабачыць і ў іншых перакладах. Хай здагадваецца чытач, што такое скаканка (с. 76), што значыць раскульбачыць каня (с. 43), хай звыкаецца, што дазволена перакладчыцы ўжываць мундур замест мундзір (с. 43), рухлівы замест рухавы (с. 77), папужкі замест папугаі (с. 190). Поруч са спадарыняй Кур’ян клясык рускае літаратуры Фёдар Дастаеўскі, які ганарыўся тым, што здолеў узбагаціць рускую літаратурную мову адным толькі словам «стушеваться», адпачывае! Бездапаможна млявы, незапамінальны пераклад хрэстаматыйнага верша Ўладзіслава Бэлзы. Хай параўноўвае, мяркуе чытач, хоць бы збольшага абазнаны ў пальшчызьне:
Katechizm polskiego dziecka
— Kto ty jesteś?
Катэхізіс малога паляка
— Хто ты?
Шчыра шкада польскіх паэтаў, рэпрэзэнтаваных гэткім чынам. Асабліва хочацца паспачуваць клясыку Яну Бжэхву (Jan Brzechwa) — мабыць, дзеля альтэрнатыўнага, аўтарскага, арыгінальнага прачытаньня — перакладчыца «перахрысьціла» яго ў немілагучнага Яна Брэхву! Z tego taki morał mamy: спадарыні Кур’ян супрацьпаказана займацца мастацкім перакладам, прынамсі, паэтычным. Пра гэта няўмольна сьведчыць «Каляровая карова», ад якой застаецца адно толькі дзіцячае — «Кака»… |
літаратуразнаўца, тэарэтык перакладу, выкладчык. У «ARCHE» друкуецца ўпершыню. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |