A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  Алена Гапава

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алена Гапава
Пошук сэнсу перанесеных пакут

Улицкая, Людмила. Даниэль Штайн, переводчик.
М.: «Эксмо», 2006.

Гапова, Елена. Женщины на краю Европы.
Минск: «Пропилеи», 2003.

«Хто валодае мінулым, той валодае будучыняй», — пісаў Орўэл у «1984». І намаляваў галоўнага героя, чыя штодзённая праца складаецца з таго, каб перарабляць старыя газэты — сьведкі мінулага, па якіх нашчадкі будуць аб ім судзіць, — згодна з партыйнымі патрабаваньнямі бягучага моманту. Хацелася б напісаць: «Я ўспомніла пра гэта, калі…». Але ня ўспомніла, бо памятаю пра гэта заўсёды. Таму што жыву ў той час, калі мінулае ёсьць галоўным полем барацьбы за будучыню. За апошнія пятнаццаць гадоў на маіх вачах зьмяніліся тры варыянты «афіцыйна прызнанай» (г. зн. зафіксаванай у падручніках) нацыянальнай гісторыі. Спачатку была савецкая, потым — «антысавецкая», цяпер зноў нібыта савецкая, але не зусім, бо незалежнасьць жа трэба на чымсьці будаваць — а без «гісторыі» гэтага зрабіць нельга. А па‑за гэтым яшчэ ўсе тыя варыянты, якія процістаяць афіцыйна на дадзены час прызнаным. Іх стваральнікі таксама лічаць іх адзіна праўдзівымі.

Калі ў кардынальнай зьмене «гістарычных парадыгмаў» жывеш большую частку сьвядомага жыцьця — паволі робісься «постмадэрністкай», для якой усё — сымулякр (дзякуй Бадрыяру — памянём нябожчыка). Ну, і ўвогуле здаецца, што «мяне няма» (дзякуй другому філёзафу), бо нічога няма, а ёсьць адзіная барацьба за ўладу. Якая — нагадаем яшчэ аднаго — усюды і нідзе.

Гэта неабходны ўступ да кароткага тэксту адносна кнігі, якая мае для Беларусі асаблівае паводле важкасьці значэньне. Гаворка ідзе пра раман Людмілы Ўліцкай «Даниэль Штайн, переводчик». І далей я мушу растлумачыць, чаму.

Даниэль Штайн, переводчик

Раман «Даниэль Штайн, переводчик» прысьвечаны жыцьцю габрэя (ягонае сапраўднае імя Даніэль Руфайзэн), які нарадзіўся ў Польшчы. Галакост (цудам) перажыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, спачатку перакладчыкам гестапа (дзе ратаваў тых, каго мог выратаваць), потым у каталіцкіх манашак, а потым у партызанскім атрадзе, пасьля чаго — зноў прайшоўшы праз Польшчу — усё астатняе жыцьцё да сваёй сьмерці ў аўтакатастрофе быў сьвятаром не прызнанай ніякай рэлігійнай уладай і сваімі рукамі пабудаванай хрысьціянскай царквы ў Ізраілі, салдатам міласэрнасьці і аб’яднаньня вераў, перакладчыкам з Божага на чалавечы і наадварот — з чыім жыцьцём, як напісана на вокладцы, ня можа спаборнічаць ніякая літаратура.

Акрамя галоўнага героя, у рамане пераплятаюцца лёсы, жыцьцёвыя шляхі і пэрсанальныя трансфармацыі нямецкай дзяўчыны, што працуе ў хрысьціянскай суполцы ў Ізраілі дзеля выкупленьня віны свайго народу; старой адукаванай польскай габрэйкі, якая жыве ў Бостане сярод кніг і маўчаньня; каталіцкай манашкі з савецкай Вільні, што зрабілася праваслаўнай пападзьдзёй самага артадаксальнага гатунку; саракагадовай габрэйскай амэрыканкі, якая нарадзілася ў 1943 г. у Налібоцкай пушчы, у зімовым лесе; шчырай камуністкі, якая прайшла польскія і савецкія турмы, захаваўшы марксісцкую веру; араба‑хрысьціяніна, спэцыяліста па юдаіцы, які не прыняў палітыку Арафата і быў за гэта забіты; ізраільскага радыкала, былога савецкага «адказьніка», які гатовы страляць, страляць і страляць, бо «гэта наша зямля». Ускрайкам рамана праходзяць шматлікія іншыя — хлопчык‑гей і яшчэ адзін хлопчык, які ня можа прыняць бацькавай навукі, што трэба «страляць, страляць і страляць», і канчае самагубствам — і яшчэ іншыя, і яшчэ, і амаль усе яны паходзяць з нашай часткі сьвету, якая завецца «памежжа» і якую носяць яны ў сабе, дзе б яны ні былі.

Раман адбываецца ў Ізраілі, Амэрыцы, Літве, Польшчы, Беларусі і СССР; ён закранае таксама Расею і Ўкраіну (Львоў). Тады, потым і цяпер. Я прашу рэдактара ня правіць «раман» на «падзеі» — таму што кніга сапраўды адбываецца: вялікая, дакумэнтальная, уяўленая і прыдуманая, і ўсялякая; неверагодна, як здолела аўтарка яе падняць. У рамане многасныя ідэнтычнасьці і пошукі адказаў на глябальныя пытаньні сучаснага чалавека. Ён перасякае межы, мяняе эпохі і лёсы. У ім адчыняюцца новыя сусьветы — пра якія дбае цяпер чалавецтва. Як напісаў у інтэрнэце М. Шэндэровіч: абдумваю раман Уліцкай, уражаньне — як пасьля прачытаньня «Вайны і міру».

У мяне не хапае слоў, каб яго расказаць, прынамсі, як і астатнія кнігі Ўліцкай — бо яны пра самае галоўнае: пра жыцьцё, сьмерць і свабоду, радзіму і чужыну. Але калі я не пішу рэцэнзію на літаратурны твор — а такога намеру ў мяне няма, — тады якое дачыненьне гэта мае да Беларусі? Непасрэднае, бо галоўная — ваенная — частка раману адбываецца на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Там габрэйскі юнак Даніэль Штайн нейкім цудам перажывае вайну, там польская дзяўчына выходзіць замуж за паліцая, жудаснага, жывёлападобнага беларуса, спадзеючыся ўратаваць сваю сям’ю, зацяжарвае ад яго і застаецца ягонай жонкай на ўсё жыцьцё. Там знаходзіцца Мірскае гета — аўтарка заве яго Эмскае гета — у старым замку, зь якога сыходзяць у пушчу 300 жыхароў, а 500 застаюцца — каб быць назаўтра расстралянымі. Там партызаны, якія ратуюць і якія забіваюць, і ты ніколі ня ведаеш, хто заб’е, а хто выратуе. Там… там… там… Там адбываецца Галакост.

Зьнішчэньне габрэяў адбываецца ня толькі на вачах мясцовага (беларускага) насельніцтва, а часам і рукамі гэтага насельніцтва. Немцы даюць загады; паліцаі і простыя жыхары, за выключэньнем тых праведнікаў, якія ёсьць у кожным народзе, робяць астатняе. Забітым, вельмі бедным сялянам за габрэя плацяць 20 марак. Мясцовыя палякі здаюцца трошкі больш сьвядомым народам, можа, дзеля сваёй каталіцкай веры. У тым краі яны — «эліты» (ксёндз, настаўнік, фэльчар), а таму больш адукаваныя і ўвогуле разьвітыя.

У заходнім — ці толькі амэрыканскім? — сучасным уяўленьні Галакост стаўся галоўнай падзеяй Другой усясьветнай вайны, калі глянуць на месца, што ён займае ў ваенным дыскурсе, праз экспазыцыі ў заходніх музэях, тэксты ў гістарычных падручніках, успаміны і дасьледаваньні, якія выходзяць у выдавецтвах, і фільмы, якія здымае Галівуд. Амэрыканскія студэнты ня ведаюць ані Сталінграду, ані Ленінграду (а часам і на якім баку ўвогуле быў СССР). Яны ведаюць пра Галакост, які адначасова зрабіўся галоўным маральным імпэратывам ХХ ст. Ім — удзелам у ім тады і адносінамі да яго цяпер — вымяраецца «ўсё».

Некаторыя гісторыкі пішуць пра камэрцыялізацыю Галакосту і габрэйскіх пакут1, але гаворка цяпер ідзе пра другое. Калі сур’ёзная і добрая кніга мае сваёй тэмай Галакост, яе прачытаюць «усе» і праз гэта Беларусь, якую мала хто ведае, «выводзіцца ў сьвет». Яна аказваецца ў зусім новых стасунках як з навакольным чалавецтвам, так і з самой сабой. Яе цяпершані выгляд адказвае на прадказаньні Захаду адносна «антысэміцкай» Усходняй Эўропы, па‑першае, і забірае ў «рэспублікі‑партызанкі» ейны галоўны скарб, па‑другое. Гэта пытаньне беларускага нацыянальнага быцьця ў сьвеце, і каб неяк «разьвесьці» згаданую праблему, трэба зрабіць вялікае намаганьне: самім з сабой разабрацца.

  дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманiтарнага ўнiвэрсытэту. У ейныя навуковыя інтарэсы ўваходзяць гендэр, нацыя, кляса і посткамунізм; вытворчасьць веды і поставецкае нацыятварэньне. Аўтарская назва тэксту — «Хто валодае мінулым, альбо Што будзе, калі «ў прыродных антынацыстаў» забраць кожнага чацьвертага».
   

Нацыянальная калізія

Рыхтуючы калісьці кніжку «Женщины на краю Европы», я мэтанакіравана шукала для яе тэксты на габрэйскую тэматыку — улічваючы «долю і ролю» габрэйства на землях беларуска‑літоўскага этнічнага арэалу. Такіх тэкстаў у кніжцы атрымалася чатыры з паловай (адзін прысьвечаны параўнаньню рэпрадукцыйных паводзін беларускіх, татарскіх і габрэйскіх жанчын); усе яны напісаныя заходнімі аўтарамі. Вайны датычаць два зь іх (калі ня ўлічваць успамінаў пра акупацыю Вольгі Бембель‑Дзядок). Адзін — тэкст Нехамы Тэк, дасьледчыцы Галакосту з унівэрсытэта штату Канэктыкут, якую згадвае з удзячнасьцю ў сваёй кнізе і Людміла Ўліцкая. Тэкст той завецца «Лёс жанчын» і зьяўляецца часткай зь ейнае кнігі «Defiance» («Супраціў»), прысьвечанай габрэйскаму партызанскаму атраду Бельскага. Ён дзейнічаў у Налібоцкай пушчы і меў сваёй галоўнай мэтай выратаваньне габрэяў. Тэкст пачынаецца наступным чынам:

Я шла по лесу. Меня остановил человек с винтовкой… Я подумала, что это партизан, хотя не была уверена. Мне было страшно. Он сделал вид, что хочет меня арестовать. Ему было на вид лет сорок, похож на белоруса. Он велел следовать за ним и привел меня в палатку. Затем он на меня набросился… ни о чем не спросил… просто сделал это. Изнасиловал меня…

Гэты тэкст дагэтуль выклікае ў мяне складанае пачуцьцё. З аднаго боку, ён даў магчымасьць пачаць гаворку пра «пакрытую моракам» тайну жаночага існаваньня ў ваенным лесе сярод мужчынаў. Зь іншага — пазыцыя самой аўтаркі «небезупречна» (гэта бачна з таго, як яна робіць аналіз). Я лічу, аднак, што ня маю права яе судзіць, бо ўся яе сям’я загінула ў Польшчы ў вайну, а тэкст зьяўляецца адгалоскам «нацыянальных адносін» на ўскрайку Эўропы. Яны менавіта такія, як піша ў сваім рамане Людміла Ўліцкая.

Другі артыкул — Барбары Эпштэйн, ён завецца «Жанчыны ў супраціве Мінскага гета». Аўтар (таксама амэрыканка) напісала яго спэцыяльна для зборніка на аснове інтэрвію, што зьбірала ў Менску ў удзельнікаў габрэйскага падпольля ў гета. У ейным тэксьце няма «смачных падрабязнасьцяў», у пэўным сэнсе ён нудны і нават «савецкі»: знайшлі, зьвязаліся, хаваліся, пераправілі дзяцей у дзіцячы дом, сышлі ў партызанскі атрад… У супастаўленьні з тэкстам Нехамы Тэк ён неверагодны, таму што катэгарычна іншым чынам паказвае вайну і адносіны да габрэяў:

…В завершение рассказа о подпольной деятельности в гетто Елена Майзелс пишет: «Я хочу обратить внимание на дружбу между людьми разных национальностей. Когда нас заставили переехать в гетто, мои белорусские соседи оставили у себя мою 17‑летнюю дочь; 24 ноября они пришли в гетто и забрали с собой моего 3‑летнего сына, чтобы мне было легче заниматься подпольной деятельностью». Именно «дружба между людьми разных национальностей» позволила значительному количеству евреев из Минского гетто вырваться на свободу, особенно если сравнивать это число с ситуацией в других гетто Восточной Европы. Арон Фитерсон, также входивший в подпольную организацию Минского гетто, пишет: «Я должен сказать, что если бы не белорусские и русские товарищи, а также подпольная организация в русском районе, едва ли кому‑либо из евреев удалось бы выжить. Только благодаря им мы остались в живых2.

  1 Гл., напрыклад: Cole, Tim. Selling the Holocaust: From Auschwitz to Schindler, How History Is Bought, Packaged, and Sold. Routledge, 1999; Finkelstein, Norman, G. The Holocaust Industry: Reflection on the Exploitation of Jewish Suffering. Verso, 2000.

   

З гэтага параўнаньня вынікае наступнае. У тэксьце Тэк маюцца на ўвазе тэрыторыі, што ўвайшлі ў склад СССР толькі ў 1939 г. і дзе адносіны паміж сацыяльнымі групамі заставаліся глыбока каставымі. У тэксьце Эпштэйн гаворка ідзе пра Савецкую Беларусь. У якой — сталінскай, прыгнечанай, дэнацыяналізаванай і як там яшчэ мы той час называем — нейкім чынам атрымаўся «савецкі народ» і дзе «Подполье в минском гетто было одним из ведущих центров еврейского сопротивления в годы Второй мировой войны. В рамках различных гетто известно пять крупных подпольных организаций; Минское еврейское подполье было единственным на оккупированной советской территории»3. Прычыны міжнацыянальнай салідарнасьці і зусім іншых адносінаў да габрэяў аўтар зьвязвае з камуністычным ладам жыцьця:

  2 Эпштейн, Барбара. Женщины в сопротивлении Минского гетто // Женщины на краю Европы. С. 204.

   

Нельзя сказать, что минское сопротивление было полностью коммунистическим, но партия была для подполья образцом организационной структуры, политической воли и мировоззрения. Евреи и неевреи слаженно работали в рамках движения благодаря тому, что многие знали друг друга по партии, а незнакомые верили в товарищество и «дружбу людей разных национальностей4.

Здаецца, гэта тая частка нашай гісторыі, ад якой у пошуках шляху «ў Эўропу» і ў працэсе апантанага збору доказаў адносна нашай «шляхетнасьці» шмат хто старанна імкнуўся адцурацца ў апошнія гады. І ўсё расказваў народу пра эўрапейскія нацыянальныя карані, імкнучыся яго такім чынам прывабіць. А ня трэба было. Таму што карані тыя ці былі, ці не, — хто ведае, а вайна была сапраўды, бо ёсьць тыя, хто яе яшчэ памятае, ёсьць іхныя дзеці і ўнукі. І ёсьць нехта, хто адкінутае старанна сабраў, зьвязаў у вузельчык і зрабіў сваім галоўным капіталам.

Каму належыць кожны чацьверты?

Я ня стаўлю сабе мэты далей разважаць пра розныя групы беларускіх гісторыкаў, іх пошукі, пазыцыі, навуковыя інтарэсы і г. д. Гэта добра зрабіў нямецкі дасьледчык Райнэр Лінднэр5 і некаторыя іншыя. Мяне больш цікавіць «валоданьне мінулым» і што з гэтага атрымліваюць ягоныя ўладальнікі.

  3 Тамсама. С. 188.

4 Тамсама. С. 192.

   
«Народная памяць» не існуе сама па сабе, а ў значнай ступені канструюецца дзяржаўнай ідэалягічнай машынай. Памяць пра вайну 60 гадоў канструявалася як «пункт адліку» ўзьнікненьня беларускай нацыі ды так, што «забылася» на тую беларускую вайну, пра якую піша Л. Уліцкая, і пакінула толькі тую, пра якую піша Эпштэйн, — слаўную камуністычную партызанку. Але гэта толькі частка справы.

З тае прычыны, што беларуская «вайна» сканструяваная ідэалягічнай машынай як галоўная і адзіная і выключна маральная вэрсія нацыянальнага мінулага (бо таго, пра што піша Ўліцкая, «не было», а нічога іншага не было ў увогуле — мінулага па‑за вайной няма), улада ў пошуку «легітымізуючай ідэалёгіі» імкнецца валодаць «пабедай» на выключных правах. Той, каму яна будзе «належаць», г. зн. хто абвесьціць сябе ейным нашчадкам і зможа цэнзураваць поле сымбалічнай вытворчасьці, не дапускаючы нікога іншага ў гэты дыскурс, таксама робіцца «маральным» і ўвогуле легітымізуецца «нашай перамогай». Зьдяйсьняць гэта зь цягам часу робіцца ўсё цяжэй, бо вайна адсоўваецца ў часе далей — і тады пераймяноўваюцца праспэкты, будуюцца «лініі Сталіна» і прызначаюцца сьвяты. Па‑ранейшаму ствараецца мінулае, бо што застанецца ў «прыродных антынацыстаў», калі ў іх адабраць «кожнага чацьвертага»?

Але ёсьць тут яшчэ адзін цікавы паварот, зьвязаны з кантролем над сымбалічным полем. Тыя, хто «валодаюць» ваенным мінулым, павінны зрабіць яшчэ адзін крок і давесьці, што той, хто супраціў нас цяпер (галасуе, пратэстуе, нязгодны і г.  д.), — таксама і супраціў нашай перамогі. А значыць — за фашыстаў. Калі дыспут па гэтых пытаньнях ішоў у маім «жывым журнале», мой ідэйны апанэнт запытаўся: «А ты сама як да вайны ставісься» (г. зн. на якім ты баку)? У гэты момант я зразумела тое, чаго не разумела ўсе папярэднія гады: чаму міліцыянты, што разганяюць дэманстрацыі ў Менску, завуць іх удзельнікаў «фашыстамі» і зь нянавісьцю рэагуюць на беларускую мову ўвогуле. Я стаўлюся да вайны адназначна і непахісна; а яшчэ супраць таго, каб палітычныя погляды нязгодных з уладай хоць нейкім чынам параўноўваліся з сымпатыямі да калябарантаў. Але, здаецца, менавіта гэта сталася стратэгічнай лініяй дзяржаўнай ідэалёгіі. Напрыклад, палітоляг Юры Шаўцоў — ён лічыць беларусаў прыроднымі антынацыстамі, якімі яны сталіся ў выніку ваенных пакутаў, — піша:

Для рэальнага кампрамісу апазыцыі патрэбная ўнутраная ідэалягічная трансфармацыя, каб упісацца ў дзяржаўную ідэалёгію ды ейныя сымбалі. Кампраміс на адступленьні дзяржавы ад гэтых сымбаляў — наўрад ці магчымы. Нацыяналізм, мяркую, хутчэй сам мусіць спачатку сапраўды пазбавіцца ад сымпатыяў да калябарантаў. Нацыянальны кампраміс, які абыходзіў бы гэтае пытаньне, канцэнтруючыся на 25 сакавіка 1918 г. ці іншай падзеі даўнейшай гісторыі, чым Другая ўсясьветная вайна, ня мусіць цягнуць за сабой размываньне тых каштоўнасьцяў, якія актуальны для грамадзтва цяпер, і якія дзяржава рэалізуе ў выглядзе дзяржыдэалёгіі. Таму кампрамісу без такой унутранай трансфармацыі нашага нацыяналізму, у якую ўлада і грамадзтва мусяць яшчэ і паверыць, можа і ня быць6.

  5 Лінднэр, Райнэр. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX-XX стст. Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд», 2006.

   

Кола замкнулася: палітычная апазыцыя параўналася з калябарацыяй і «стала» ёю. Дзеля чаго, здаецца, яна сама зрабіла нямала, аддаўшы «ўсе сілы» пошуку «шляхетнага мінулага», у якім дзіўным чынам бачыць шлях у Эўропу. А ён, гэты шлях, здаецца, зусім у іншым месцы пралягае. Бо калі паставіць пад сумнеў наша стаўленьне да вайны — гэта значыць забраць у многіх з нас тое, без чаго няма прыватнай гісторыі, як няма і гісторыі агульнай як наратыву пра свабоду.

Напісаньне гісторыі, яе прэзэнтаваньне як таго, што было, зьвязана з пошукам сэнсу ў перанесеных пакутах, а таму ёсьць непасрэдна палітычным актам. «Валоданьне мінулым» (у тэрміналёгіі Орўэла) азначае кантроль над наратывам, г. зн. над тым, хто мае права на голас у гісторыі; чыя праўда будзе прызнаная праўдай; чые пакуты застануцца ў памяці; чые словы застаюцца запісанымі ў «хрониках»; у канцавым выніку, хто ёсьць суб’ектам гістарычнага працэсу. Само ж існаваньне барацьбы, пра якую я сказала вышэй, пастаянны пошук інтэрпрэтацыі, выключэньне адных фактаў і вэрсій і ўключэньне іншых сьведчыць пра тое, што «нацыя» яшчэ не аформіла сваё мінулае ў кананічныя формы «вялікага гістарычнага наратыву». Паводле Габэрмаса, мінулае тое, у дачыненьні якога нацыя пагадзілася і, такім чынам, адбылася.

  6 Камэнтар для радыё «Палёнія» напярэдадні 25 Сакавіка.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/26