A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (56) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Алег Латышонак | ||||
Алег Латышонак
Мой рэйтынг эўрапейскіх нацыяў на пачатку XXI стагодзьдзя
Ці ёсьць у Беларусі беларусы? Вядома ж, ёсьць. Пытаньне пра беларускую ідэнтычнасьць датычыць толькі таго, што азначае быць беларусам. У падтэксьце гэтага пытаньня можна адчуць пэўнае сумненьне наконт паўнацэннасьці беларускай ідэнтычнасьці, інакш бы такога пытаньня не паўставала. Адказаў на яго можа быць шмат, але я хацеў бы пазьбегнуць ацэнкі таго, што значыць быць беларусам. Бо чаго варты, урэшце, азначэньні — «добры беларус» або «сапраўдны», «шчыры» ці вось яшчэ — «сьвядомы» беларус? Кожны будзе разумець пад гэтым нешта сваё. Для адных «сьвядомы беларус» — гэта такі, які ведае «сапраўдную» гісторыю свайго народу, лічыць Вялікае Княства Літоўскае сваёй дзяржавай і жыве пад знакам «Пагоні» і бел‑чырвона‑белым сьцягам. Ну і гаворыць па‑беларуску. Для іншых важнай зьяўляецца славянская еднасьць і братэрства з расейскім народам. Іхні сьцяг мае зазвычай чырвона‑зялёны колер, а расейская мова прызнаецца другой роднай мовай. Тым ня менш, і адзін, і другі лічаць сябе беларусамі, а ацэнка, якая з гэтых пазыцыяў ёсьць больш вартай, ня мае нічога супольнага з навуковымі катэгорыямі. Аб’ектыўна можна сьцьвярджаць толькі тое, што беларусам зьяўляецца кожны, хто заяўляе, што ён менавіта беларус. Супольная назва ў якасьці галоўнай аб’яднальнай рысы мае шмат у чым племянны характар, аднак жа няма таксама ні этнасу, ні нацыі бязь імені, без уласнай назвы.
З такога пункту гледжаньня беларусы — гэта зусім малады этнас і яшчэ маладзейшая нацыя. Нам вядома нават імя першага беларуса. Быў гэта Саламон Рысінскі, які абвясьціў сябе беларусам у 1586 г., упісаўшы сябе кнігу запісаў¹ ўнівэрсытэту ў Альтдорфе, што пад Нюрнбэргам, як Solomo Pantherus Leucorussus. Рысінскі быў вучоны‑фальклярыст і лацінамоўны паэт родам з‑пад Віцебску. На ўсходзе сучаснай Беларусі знаходзілася таксама ягоная родная «Беларусь» (Leucorossia). Першы беларус быў не праваслаўным і не каталіком, а пратэстантам‑кальвіністам. Разважаньні аб тым, што значыла для яго быць беларусам, занялі б занадта шмат месца і да таго ж мелі б чыста спэкуляцыйны характар. Напэўна мы можам сьцьвярджаць, што ахарактарызаваў ён сябе так у проціпастаўленьне літоўцам і расейцам, з чаго вынікае, што ягоныя «беларусы» былі для яго такім самым народам, як гэтыя два. Дэклярацыя Рысінскага была чымсьці вельмі асабістым, так што калі ў канцы XVI ст. існаваў беларускі народ, то складаўся гэты народ з аднаго чалавека. Такім ён заставаўся вельмі доўга. Разуменьне, што беларусы — гэта асобны народ, які мае ўласную гісторыю і павінен ажыцьцяўляць уласную палітыку, прыйшло толькі ў другой палове XIX ст. У 1862—1863 гг. зьявілася некалькі нумароў першай беларускамоўнай газэты «Мужыцкая праўда». Была гэта падпольная газэта, што выдавалася кіраўніком паўстаньня 1863—1864 гг. у Літве і Беларусі Кастусём Каліноўскім. Каліноўскі заклікаў толькі да супольнага з палякамі змаганьня супраць расейцаў. У той самы час таксама была афіцыйна выдадзеная першая беларускамоўная чытанка, аўтар якой, да сёньняшняга дня невядомы, прадставіў гісторыю Беларусі і беларускай нацыі цалкам сучасным чынам. Пра поўнасьцю сфармаваную нацыянальную ідэю можна весьці гаворку, аднак, толькі ў выпадку выдаўцоў расейскамоўнага альманаху «Гомон», якія дзейнічалі на пачатку 80‑х гг. XIX ст. Яны разглядалі паняцьці «нацыя», «нацыянальнасьць» у сучасным разуменьні гэтых слоў і пастулявалі аўтаномію Беларусі ў дэмакратычнай расейскай дзяржаве. У іх альманаху ўпершыню зьявіўся беларускі нацыяналізм, выражаны лёзунгам «Чужыя рукі прэч ад Беларусі!». Дзеля справядлівасьці дадамо, што гэтае «прэч!» не датычыла беларускіх габрэяў, якіх выдаўцы «Гомона» ўважалі за найбліжэйшы да беларусаў народ. Пад канец XIX ст. ужо бывалі выпадкі, калі сяляне называлі сябе беларусамі. Усё ж, аднак, больш пашыранай зьявай гэта сталася толькі на пачатку XX ст. У той час беларускія палітыкі ўзялі на ўзбраеньне лёзунг аўтаноміі, а таксама пачала выходзіць першая рэгулярная газэта на беларускай мове «Наша Ніва». Працэс пашырэньня самаідэнтыфікацыі насельніцтва заходніх і цэнтральных раёнаў Беларусі як беларусаў быў надзвычай імклівы. Ужо ў 1911 г. амаль усе прызыўнікі з Заходняга Палесься (рэгіёну, на які заяўляў правы ўкраінскі нацыянальны рух) абвяшчалі сябе беларусамі. Лёзунг пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы ўпершыню кінуў у 1917 г. Вацлаў Ластоўскі. Гэты лёзунг быў рэалізаваны ў 1991 г., калі Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай зь дзесяцімільённым насельніцтвам, сярод якога 8 млн складаюць беларусы. Непрадузятаму назіральніку гісторыя беларускага нацыянальнага руху павінна падацца проста‑такі неймаверна пасьпяховай. Ад усьведамленьня групкі беларусаў сябе асобнай нацыяй мінулася толькі 120 гадоў, а ад зьяўленьня лёзунгу барацьбы за незалежнасьць да яе атрыманьня — усяго 74 гады. Усё адбылося акурат у межах жыцьця аднаго чалавека. Першае пакаленьне маёй сям’і, прадстаўнікі якога лічылі сябе беларусамі, — гэта пакаленьне маіх дзядоў. Найдаўжэй сярод іх пражыла мая бабуля, якая нарадзілася падданаю імпэратара ўсяе Русі Мікалая II і магла пералічыць на памяць усіх ягоных сямейнікаў, а памерла, калі Рэспублікай Беларусь ужо другі тэрмін кіраваў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Маіх дзядоў лічылі сваімі падданымі або грамадзянамі ажно сем дзяржаў, прычым некаторыя зь іх пасьпелі пабыць то манархіямі, то рэспублікамі, то нават таталітарнымі імпэрыямі. Дзяды пасьпяхова перажылі пяць войнаў і тры рэвалюцыі, застаючыся пры тым беларусамі. Дык чаму ж беларусы па‑ранейшаму чуюць замест воклічаў зьдзіўленьня столькі нараканьняў на брак сваёй нацыянальнай самасьвядомасьці? Вядома, мы не такая самая нацыя, як французы. Але ж чаму менавіта французы павінны быць нейкім пунктам адліку? Таму, што французы — агульнапрызнаны ўзор мадэрнай нацыі. Нядаўна я спытаў у Міраслава Гроха, вядомага тэарэтыка ў галіне нацыяналізму, ці лічыць ён францускую нацыю такім узорам. Ён адказаў, што лічыць. Але па‑мойму, прызнаньне французаў узорам мадэрнай нацыі мае больш супольнага з ідэалёгіяй, чым з навукай. На маю думку, зусім відавочна, што французы — гэта вынятак сярод нацыяў Эўропы. Падобным да іх народжанай рэвалюцыяй нацыяй грамадзян ёсьць амэрыканцы і меўся быць савецкі народ. У процілегласьць гэтым нацыям амаль кожная сучасная нацыя ў Эўропе мае ў сваёй аснове паходжаньне этнічнае. Параўноўваць гэтыя нацыі з мэтаю вызначыць месца сярод іх беларусаў можна толькі пры дапамозе аб’ектыўных крытэраў і фактаў, а не ацэнак. На мой погляд, такія вызначальныя катэгорыі — гэта наяўнасьць уласнай дзяржавы і ўжываньне ўласнай нацыянальнай мовы. Наяўнасьць дзяржавы, вядома, ня ёсьць канчатковым аргумэнтам на карысьць прызнаньня нейкай групы людзей нацыяй, аднак гэта, здаецца, найвышэйшая стадыя самаарганізацыі нацыі — прынамсі, такой яе, урэшце, лічаць усе нацыянальныя дзеячы. Факт быцьця нацыяй ня мае нічога супольнага з каштоўнасьцямі, такімі, як свабода, ці формамі кіраваньня — такімі, як дэмакратыя, хоць нацыя, як правіла, дабіваецца суўдзелу ў кіраваньні сваёй дзяржавай. Аднак, нават кіраваная недэмакратычным спосабам, яна не перастае быць нацыяй і некалі пра свае правы напамінае. Таму і нельга чакаць ад цяперашняга беларускага рэжыму ўзмацненьня нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў пры дапамозе беларускай мовы і выкладаньня патрыятычнай вэрсіі гісторыі. Нацыя як такая сьмяротна небясьпечная для гэтага рэжыму, што растлумачыў мне зусім нядаўна беларускі пісьменьнік Сакрат Яновіч. Быцьцё нацыяй ня мае таксама нічога супольнага з гісторыяй, зразуметай з ацэнкавага пункту гледжаньня, — з тым, ці зьдзейсьніла нейкая нацыя некалі нешта грандыёзнае, як, напрыклад, стварэньне імпэрыі, ці яе гісторыя, падобна да гісторыі беларусаў, была «дыскрэтнай». Інакш кажучы, няма «негістарычных» нацыяў. Ясная рэч, цяжка не захапляцца ангельцамі, гішпанцамі, партугальцамі, французамі ці расейцамі, якія стварылі заакіянскія і транскантынэнтальныя імпэрыі. Тым ня менш, сёньня гэта сталася толькі ўспамінам, а часам і праблемай. Няма найменшай прычыны лічыць, напрыклад, партугальцаў больш пасьпяховымі ў сучасным сьвеце за фінаў, якія даўней ня толькі імпэрыі, але і ўласнай дзяржавы ня мелі. Надзвычай важным фактарам нацыянальнай ідэнтыфікацыі ёсьць нацыянальная мова. Беларуская нацыянальная самасьвядомасьць нарадзілася перш за ўсё праз моўную ідэнтыфікацыю, у той час як гістарычна акрэсьленай нацыянальнай тэрыторыі беларусы сто гадоў таму ня мелі. Акурат таму праблема ўжываньня роднай мовы так часта закранаецца ў спрэчках пра нацыянальную самаідэнтыфікацыю беларусаў. Зыходзячы з таго, што аб’ектыўнымі крытэрамі пасьпяховасьці нацыянальнага руху зьяўляюцца наяўнасьць уласнай дзяржавы і ўжываньне ўласнай мовы (багацьце літаратуры на гэтай мове тут ня мае значэньня), я выпрацаваў уласны рэйтынг эўрапейскіх нацыяў на пачатку XXI ст. Першая група — гэта нацыі, якія маюць уласную дзяржаву і гавораць на ўласнай мове. Я разьмясьціў іх у альфабэтным парадку, бо ў межах такой катэгорыі нішто іх не адрозьнівае: альбанцы, ангельцы, аўстрыйцы, басьнійцы‑мусульмане, баўгары, вугорцы, гішпанцы, грэкі, датчане, ісьляндцы, італьянцы, літоўцы, латышы, македонцы, немцы, палякі, партугальцы, расейцы, румыны, славакі, славенцы, сэрбы, фіны, харваты, чарнагорцы, чэхі, швэды і эстонцы. Самастойную групу складаюць некалькі мадэрнізаваных «помнікаў сярэднявечча» — такіх, як швайцарская, бэльгійская ці люксэмбурская нацыі; магчыма, сюды сама належала б аднесьці і аўстрыйцаў ці чарнагорцаў. Нацыі гэтыя часам карыстаюцца некалькімі мовамі супольна зь іншымі нацыямі альбо ідуць у кірунку ўнармаваньня ўласных дыялектаў. Некаторыя зь іх, напрыклад швайцарцы, нягледзячы на ўнутраны этнічны падзел, маюць моцнае ўсьведамленьне нацыянальнага адзінства. Аднак гэта не ўсеагульнае правіла, бо існаваньне бэльгійскай нацыі — пытаньне надзвычай праблематычнае. Да гэтай групы, згодна з афіцыйным вызначэньнем, належыць таксама гішпанская нацыя, якая мелася складацца з гішпанскай, каталёнскай, галісійскай і басконскай нацый, але гэта хутчэй праява wishful‑thinking (якія прымаюць памыснае за сапраўднае) стваральнікаў гішпанскай канстытуцыі, чым апісаньне рэчаіснасьці. Падобным канструктам ёсьць брытанская нацыя, існаваньне якой з рознай сілай, але няўхільна ставіцца пад сумнеў. Трэцюю групу складаюць нацыі, якія валодаюць уласнай дзяржавай, але маюць пэўныя праблемы з нацыянальнай мовай. Гэта нешматлікая група; яе ўтвараюць украінцы, беларусы, нарвэжцы і ірляндцы. У гэтым выпадку парадак пералічэньня не альфабэтны, бо становішча нацыянальнай мовы ў гэтых краінах не аднолькавае, а часам дыямэтральна процілеглае. Большасьць украінцаў гавораць па‑ўкраінску. Па‑беларуску гавораць 40 % беларусаў — прынамсі, столькі заявілі пра гэта ў час перапісу насельніцтва. Нават калі гэта празьмерна аптымістычная лічба, то не падлягае сумневу, што ўсё ж значная частка беларусаў гаворыць па‑беларуску. Нарвэжцы маюць дзьве літаратурныя мовы — букмал і нюнорск, першая зь якіх — гэта, уласна кажучы, адаптаваная дацкая мова з пэўнымі нарвэскімі граматычнымі формамі і фанэтыкай. Прасьцей кажучы, гэта сытуацыя, якая склалася б на Беларусі ў выпадку кадыфікацыі тут у якасьці літаратурнай мовы расейска‑беларускай «трасянкі». Мовай нюнорск, утворанай, падобна да беларускай і ўкраінскай, на аснове народных гаворак, карыстаецца менш за 20 % нарвэжцаў. Становішча ж гэльскай мовы ў даўно незалежнай Ірляндыі і зусім трагічнае. Яе ўжываюць штодня каля ста тысяч чалавек. Наступную групу складаюць нацыі, якія ня маюць уласнай дзяржавы, а валодаюць толькі той ці іншай формай тэрытарыяльнай аўтаноміі. Практычна ўсе гэтыя нацыі маюць праблемы з ужываньнем нацыянальнай мовы, таму зноў пералічваю іх у альфабэтным парадку: асэтыны, балкарцы, баскі, башкіры, валійцы, галісійцы, інгушы, кабардынцы, калмыкі, карачаеўцы, каталёнцы, комі, мардвіны, марыйцы, татары, чувашы, чаркесы, чачэнцы і, нарэшце, шатляндцы. Да гэтай групы можна залічыць таксама народы Дагестану — аварцаў, даргінцаў, лезгінаў, кумыкаў і іншыя. Апошнюю групу складаюць нацыі, у якіх няма тэрытарыяльнай аўтаноміі і якія маюць праблемы з ужываньнем нацыянальнай мовы. Да іх адносяцца, напрыклад, брэтонцы. Колькасьць нацыяў ня ёсьць пастаяннай велічынёй, бо нацыі нараджаюцца і паміраюць гэтак сама, як зьяўляюцца, мяняюць граніцы і занепадаюць дзяржавы. Шмат што таксама залежыць папросту ад прызнаньня той ці іншай этнічнай групы нацыяй. Ці ёсьць нацыяй, напрыклад, правансальцы? Частка правансальцаў напэўна адкажуць, што так. У такім разе яны належаць да апошняй групы ў маёй клясыфікацыі. Апошнім часам у Эўропе нацыі часьцей нараджаюцца, чым паміраюць. Толькі ў Польшчы ўсеагульны перапіс насельніцтва 2002 г. выявіў тры новыя нацыі — сылезцаў, кашубаў і лемкаў, прычым сылезцы аказаліся найбуйнейшай нацыянальнай меншасьцю ў гэтай краіне. Таксама і ў Беларусі ў 1990‑х гг. зьявіўся быў новы нацыянальны рух. Група жыхароў Заходняга Палесься абвясьціла сябе «яцьвягамі». Назва была запазычана ў племені, якое нібыта насяляла гэтыя землі ў сярэднявеччы. Аднак назва не замацавалася, і рух зьнік празь некалькі гадоў. Жыхары Заходняга Палесься па‑ранейшаму ня маюць саманазвы, бо тэрытарыяльнае азначэньне «паляшук» паходзіць ад суседзяў і мясцовымі жыхарамі лічыцца абразьлівым. Адсутнасьць саманазвы — найлепшы доказ на карысьць таго, што ня толькі асобнай нацыі, але і асобнага этнасу на гэтай тэрыторыі па‑ранейшаму не існуе, што, аднак, не азначае, што так будзе заўсёды. Найцяжэй паддаецца аб’ектыўнаму вымярэньню пачуцьцё блізкасьці зь іншымі нацыямі. У дачыненьні да ідэнтыфікацыі сёньняшніх беларусаў гэта ўключае істотную праблему іх адносінаў да расейцаў і Расеі, а ў шырэйшым кантэксьце — так званай славянскай еднасьці. Праблема адзінства зь іншымі народамі — ня новая для беларусаў. Ужо Саламон Рысінскі, называючы сябе беларусам, лічыў сябе таксама славянінам і цешыўся з таго, што можа падарожнічаць ад Адрыятыкі да Касьпійскага мора і паразумецца зь людзьмі пры дапамозе свае мовы. Сваёй вялікай Радзімай ён прызнаваў тагачасную Рэч Паспалітую і стараўся павысіць статус польскай мовы ў Эўропе. Такое пачуцьцё еднасьці з польскай нацыяй узмацнілася на працягу наступных вякоў і пачало траціць сваё значэньне толькі на мяжы XIX і XX стст. Як я ўжо згадваў, першыя беларускія нацыяналісты найбліжэйшай да сябе нацыяй лічылі беларускіх габрэяў. Трапляюцца сёньня беларусы, якія ўвогуле не прызнаюць сябе славянамі, толькі балтамі, блізкімі да літоўцаў і латышоў, адно што моўна аславяненымі. Тым ня менш, большасьць беларусаў, на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, адчуваюць повязь са славянамі, і ў асаблівасьці з расейцамі. Зрэшты, пачуцьцё блізкасьці — гэта рэч адносная і, як яно відаць, зьменлівая ў часе. Спашлюся тут на тое, што дасьледчыца беларускай мовы і самасьвядомасьці вясковага насельніцтва Беларусі і яе памежжа Эльжбета Смулкова пачула некалі з вуснаў беларускага селяніна (дакладней, калгасьніка). Адказваючы на яе пытаньне, ці расейцы браты беларусаў, той беларус сказаў: «Так, гэта праўда, што расейцы — нашы браты. Але мой брат — гэта ня я». |
гісторык, ад’юнкт- ¹ У арыгінале księga immatrykulacyjna (ад лац. «immatriculare» — «уключаць у сьпіс») — рэестар студэнтаў згодна з пасьлядоўнасьцю іх паступленьня ва ўнівэрсытэт. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |