A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  Дэйвід Р. Марплз

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дэйвід Р. Марплз
Ці ёсьць у Беларусі беларусы?
Я разгледжу гэтае пытаньне з чатырох асноўных пазыцый, якія датычаць праблемы ідэнтычнасьці.

1. Гістарычная ідэнтычнасьць

Мадэрным нацыям патрэбныя міты мінуўшчыны. У выпадку Беларусі мы назіраем працяглыя дэбаты наконт паходжаньня гэтай краіны і нават наконт значэньня яе назвы. Адны гісторыкі сьцьвярджаюць, напрыклад, што беларусы бяруць свой пачатак ад вікінгаў, у той час як іншыя прымаюць даўнейшую савецкую вэрсію пра супольнае паходжаньне трох усходнеславянскіх народаў з Кіеўскай Русі. За Лукашэнкам — а варта не забывацца, што цяперашні прэзыдэнт на золку сваёй кар’еры працаваў, між іншага, і настаўнікам гісторыі, — гісторыя як форма дзяржаўнай палітыкі абсякаецца і абмяжоўваецца савецкім пэрыядам — за кошт важных асноватворных пэрыядаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Сымболіка Вялікай Айчыннай вайны і жывучасьць міту пра беларускіх партызан прывязваюць сучасную дзяржаву да ваеннага высілку супраць нацысцкай акупацыі і такім чынам абмяжоўваюць уплывы на рэспубліку выключна расейскім унёскам у гэты высілак. Можна прывесьці розныя прыклады такой афіцыйнай палітыкі за апошні час — ад прызначэньня Дня незалежнасьці на 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў, да перайменаваньня галоўных праспэктаў сталіцы. У апошнім выпадку былі «зьмешчаныя» асьветнік пэрыяду Адраджэньня Францішак Скарына і камуністычны лідэр, знакаміты партызан Пётар Машэраў. Гэта засьведчыла, што нават у выпадку вайны ўлады лічаць немэтазгодным пакланеньне асобным героям. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што такім чынам Беларусь набывае пэўную савецкую ці постсавецкую ідэнтычнасьць, хоць на справе стан рэчаў выглядае трохі больш складаным.

2. Ідэнтычнасьць у нэгатыўным сэнсе

Тут маецца на ўвазе такая ідэнтычнасьць, якая адказвае на пытаньне, кім мы ня ёсьць. За трынаццаць год Лукашэнкавага прэзыдэнцтва гэтае пытаньне было ў вялікай ступені праясьнёнае, як будзе паказана трохі ніжэй. Але і з самага пачатку пытаньне, кім ёсьць беларусы, вырашалася часткова за кошт канстатацыі таго, кім яны ня ёсьць. Яны, напрыклад, не грамадзяне СССР, і, нягледзячы на пэўныя прыметы настальгіі па савецкім часе, у іх няма жаданьня адрадзіць яго. Не зьяўляюцца беларусы і часткай Расеі, нягледзячы на моц гістарычных сувязяў. Беларусь не ўваходзіць у ЭЗ і іншыя эўрапейскія структуры (нягледзячы на гістарычныя ўплывы з боку Польшчы і Літвы), а знаходзіцца хутчэй паміж ЭЗ і Расеяй, або паміж НАТО і Расеяй, займаючы ўнікальнае месца на мяжы дзьвюх канкурэнтных сыстэм, што застаюцца ў пэўнай ступені перажыткамі «халоднай вайны». Беларусы ня могуць далучыцца да аднаго ці другога боку, але амаль пароўну падзеленыя паводле таго, ці яны бачаць будучыню краіны разам з Расеяй, ці ў якасьці часткі ЭЗ, — і ўсё гэта дапамагае рэжыму фармаваць ідэнтычнасьць «пад сябе».

3. Пытаньне мовы

Ці магчыма стварыць нацыянальную ідэнтычнасьць без нацыянальнай мовы? На гэтае пытаньне няма адназначнага адказу, але няма і сумненьняў у тым, што мова — гэта значны фактар адрозьненьня нацыі ад яе суседзяў. Беларуская мова пачала разьвівацца — прынамсі, у сваіх пачатковых формах — у пару Вялікага Княства Літоўскага і працягвала разьвіцьцё ў розных гістарычных умовах у канцы XIX — пачатку XX стст., а таксама ў 1920‑я гг. Абвешчаная ў 1990 г. дзяржаўнай мовай, яна пацярпела няўдачу ў 1995 г., калі на першым Лукашэнкавым рэфэрэндуме расейская мова была прызнаная другой дзяржаўнай. Рэжым зьвязваў сучаснае адраджэньне беларускай мовы выключна з апазыцыяй і перш за ўсё з русафобскім нацыяналізмам, у авангардзе якога стаяў Беларускі народны фронт на чале зь Зянонам Пазьняком. Згаданы дзяяч і ягоны рух былі асноўнымі мэтамі Лукашэнкавага рэжыму на працягу першых пяці гадоў ягонага існаваньня ці, прынамсі, датуль, пакуль Пазьняк ня вымушаны быў у 1996 г. эміграваць з краіны. Пасьля рэфэрэндуму пачалося закрыцьцё беларускамоўных школ, а наклады пэрыядычных выданьняў на расейскай мове зноў, як і ў савецкія часы, сталі перавышаць наклады беларускамоўных. Ступень пашыранасьці расейскай культуры яскрава відная таксама са становішча на тэлебачаньні і ў сфэры міжасабовых зносін — нават сярод студэнтаў ВНУ. Беларусь у гэтым сэнсе нагадвае Квэбэк на паўночна‑амэрыканскім кантынэнце, з усіх бакоў абкружаны ангельскамоўным насельніцтвам. Але, у адрозьненьне ад Квэбэку, Беларусь ня мае нічога супраць такога становішча.

4. Размываньне беларускай ідэнтычнасьці

У сваёй чацьвертай увазе я, аднак, не выключаю адыходу ад непрыхаванай русіфікацыі, што назіралася ў брэжнеўскую эру. Дапускаю, што рэжым выпрацаваў новую форму ідэнтычнасьці, якая істотна адрозьніваецца ад двух ранейшых варыянтаў — «аўтарытарнага нацыяналізму» Зянона Пазьняка ды раньняга БНФ і «памяркоўнага нацыяналізму» Партыі БНФ Вячоркі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лябедзькі ці розных пераходных варыянтаў, якіх прытрымліваюцца сацыял‑дэмакраты. Новая вэрсія, сымбалем якой стаўся перадвыбарны лёзунг «За Беларусь!», мае на ўвазе новы курс, што ўключае ў сябе зацьвярджэньне і ўмацаваньне нацыянальнага сувэрэнітэту, захаваньне дзьвюхмоўя, улучна з прыняцьцём сапсаванай вэрсіі сучаснай беларускай мовы («трасянкі» ці «наркамаўкі», афіцыйна зацьверджанай у 1930‑я гг.). Усё гэта ў пэўнай ступені гаворыць пра палітычную рацыянальнасьць рэжыму і жаданьне захаваць палітычны status quo. У той самы час такі курс вымагае падкрэсьліваньня беларускай спэцыфікі, эканамічнага росту і росквіту ці яго ілюзіі пры пэўным, але не безаглядным спадзяваньні на Расею, разьвіцьця гандлю з ЭЗ і ў той самы час і зь іншымі партнэрамі, а таксама падкрэсьліваньня вонкавых пагроз. Гэтая палітыка — думаю, яе можна ахарактарызаваць так, — імкнецца трансфармаваць аднапалярны сьвет і стварыць у ім альтэрнатыўныя цэнтры сілы, іншымі словамі — прадстаўляе такую Беларусь, якая дыстанцыюецца як ад Эўропы, так і ад Расеі. Да некаторай ступені можна сьцьвярджаць, што такая пазыцыя была навязаная Беларусі, але лічу, што гэта перабольшаньне, якое ня ўлічвае рэальных намаганьняў рэжыму па пераасэнсаваньні канцэпцыі беларускай нацыі ў межах сучаснай дзяржавы.

Высновы

Напрыканцы я хацеў бы паставіць адно пытаньне і закрануць тры ключавыя пункты. Пытаньне: ці Лукашэнка займаецца нацыятварэньнем ці проста ўмацоўвае сваю ўладу? Відаць, апошняе можа ўзмацняць працэс нацыятварэньня. Далей, расейскі нэаімпэрыялізм і (ці) шавінізм цяпер выклікае больш стрыманае стаўленьне Менску, што можа проста ці ўскосна прывесьці да прапаганды беларускіх адметнасьцяў, улучна з мадыфікаванымі формамі нацыянальнай культуры і нацыянальнай мовы. Я не сумняюся, што рэжым тут сутыкаецца з праблемай пакаленьняў, і ягоная пазыцыя можа пагоршыцца ў выніку дэмаграфічных зьмен на працягу наступных 25 гадоў, калі — выключаючы фактар масавай эміграцыі — сёньняшні дысбалянс у электараце на карысьць узроставай групы старэйшых за 50 гадоў будзе пераадолены. Так ці інакш, ёсьць шэраг істотных прыкмет таго, што ў Беларусі сапраўды творыцца новая форма нацыянальнай ідэнтычнасьці, у нечым больш складанымі мэтадамі, чым грубае перакручваньне гісторыі, пра што гаворка была раней. Хутчэй за ўсё, гэтая ідэнтычнасьць ясьней аформіцца ў будучыні, пры ўмове, што краіна працягне ісьці сваім асобным шляхам і Лукашэнкаў рэжым застанецца пры ўладзе ці будзе заменены ўрадам, які прадоўжыць ягоную палітыку. Гэтая адмысловая форма нацыятварэньня не праяўлялася выразна ў першыя гады існаваньня рэжыму і, безумоўна, у вялікай ступені была навязаная ўладам знадворным ціскам. Але я лічу, што сёньня яна стала відавочнай — нягледзячы на сваю неакрэсьленасьць — і ўяўляе зь сябе спробу зьверху сфармуляваць тое, што складае сучасную, постсавецкую нацыю.

Але гэтыя развагі ўздымаюць наступнае пытаньне — наконт сувязі паміж гэтай наноў акрэсьленай вэрсіяй дзяржавы і асобай ды індывідуальнасьцю прэзыдэнта Лукашэнкі. Калі рэжым ствараецца пад адну асобу, то з гэтага вынікае, што пасьля сьмерці ці іншай формы сыходу гэтай асобы такі дзяржаўны лад і такая адмысловая форма нацыятварэньня ня змогуць быць працягнутыя. Гэты фактар таксама тлумачыць роспач, праяўленую Лукашэнкам у апошніх перамовах аб цэнах на газ з Масквой, якія вяліся ў сярэдзіне сьнежня 2006 г. Беларускі бок на гэтых перамовах падкрэсьліваў, што Расея гуляе не па правілах, што яна парушае прынцыпы расейска‑беларускага саюзу і г. д. У сваю чаргу Лукашэнка вымушаны супраціўляцца спробам расейскага «Газпрому» ўзяць пад кантроль «Белтрансгаз». Гэтыя перамовы адлюстравалі тоеснасьць дзяржаўнай пазыцыі з асобай прэзыдэнта, і гэта небясьпечны шлях для дзяржавы, бо шанцы такога шляху на посьпех скрайне малыя. Урэшце, Беларусі давядзецца плаціць за газ па вышэйшых тарыфах, вынікам чаго станецца ўступленьне лукашэнкаўскай Беларусі ў новы пэрыяд эканамічных цяжкасьцяў, якія, безумоўна, будуць сьпісаныя на расейскую незычлівасьць, але, тым ня менш, пазбавяць уладу аднаго зь яе ключавых козыраў, а менавіта распрапагандаванага эканамічнага посьпеху і магчымасьці падтрымліваць прымальны ўзровень жыцьця для большасьці насельніцтва.

  прафэсар катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты (University of Alberta, Edmonton), дырэктар праграмы дасьледаваньняў сучаснай Украіны імя Стасюка пры Канадзкім інстытуце ўкраінскіх дасьледаваньняў. Аўтар манаграфіяў «Historia ZSRR: od rewolucji do rozpadu (Wrocław: Ossolineum, 2006), «The Collapse of the Soviet Union, 1985—1991 (Harlow, Essex: Pearson Education‑Longman, 2004), «Motherland: Russia in the 20th Century» (London: Longman, 2002), «Lenin’s Revolution: Russia 1917—1921» (London: Wesley, Addison, and Longman, 2000), «Belarus: A Denationalized Nation» (Amsterdam: Harwood Academic Publishers, 1999) і інш.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/26