A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (56) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Пётра Садоўскі
…як сама Расія
Пра Ельцына Расія яшчэ не ўсё сказала. Кожная нацыя мае права па‑свойму глядзець на гісторыю, блізкую і больш далёкую, гэтак і на асобаў, што яе стваралі. Так і кожная асоба мае права судзіць пра носьбітаў гістарычнага чыну. Расійская гісторыя і ейныя дзейныя асобы не толькі добразычліва краналі Беларусь сваім суседскім крылом, але нярэдка распасціраліся над намі чорным птахам і засланялі ўвесь небасхіл. Падзеі нядаўняй гісторыі — распад СССР, «закладавыя аўкцыёны», фінансавы дэфолт, «Саюзная дзяржава» — гэта ўсё і пра нас у эпоху Ельцына. Сваім жабрацкім заробкам нашы дзяды і бацькі мацавалі савецкае войска, будавалі саюзныя прамысловыя гіганты, у ельцынскую эпоху падараваныя будучым расійскім алігархам. Гэта цяжкія здабыткі і беларусаў, дзесяцігоддзямі ашчаджаныя для сваіх дзяцей, ператварыліся ў інтэграцыйным катле «Саюзнай дзяржавы» праз фінансавы дэфолт, справакаваны безгаловай палітыкай расійскага кіраўніцтва, у нікчэмны друз. Гэта горкая праўда жыцця, і яе нельга выкінуць з памяці і штодзённай свядомасці.
Але ж пачалася гэтая эпоха не з Ельцына, а нашмат раней. Грамадзяне былога СССР, выходзячы за межы штодзённага клопату, гадоў дваццаць таму пачалі гаварыць: «Нешта не так мы жывём…» І пайшлі на вечары паэзіі шукаць адказ у паэтаў. Затым пачалі з’яўляцца дысідэнцкія збюркі, а потым і наменклатурныя рэфарматары. Ельцын быў з гэтай пароды. Кожны, хто тады ступаў на сцежку наменклатурнай кар’еры, мусіў абавязкова напачатку перакрочыць мяжу прыстойнасці, каб не заўважаць хлусьні і маны савецкай ідэалогіі. Кажуць, што нельга было будаваць у той сістэме і не забрудзіцца. Будаўнік не становіцца раптам рэфарматарам, а тым больш рэвалюцыянерам. Таму, гаворачы пра Ельцына, адной фарбай не абысціся. Зразумець разам з народам, што так далей жыць нельга, адчуць нікчымнасць свайго існавання, вырвацца з наменклатурнага асяродку і стаць яго ж крытыкам — цяжэй, чым быць абвінаваўцам з шэрагу аўтсайдэраў. На падобны крок здатная толькі моцная асоба. Ельцын здолеў гэта зрабіць. Ельцын не выйшаў, як Пуцін, з цёмнага калідору мяккай хадой і не сеў ва ўладкаванае ўладнае крэсла. Такія пераемнікі будуць менш рабіць фармальных памылак, не будуць публічна каяцца, не будуць шукаць выйсця ў «допінгу». Ельцын з болем і пакутамі, як казачны расійскі сядун, што доўга пасля нараджэння не мог хадзіць, вылузаўся сам з сістэмы, устаў і прыйшоў, як Пугачоў, каб даць волю (пакуль не свабоду!) усім — і журналістам, і бізнэсу, і аўтаноміям, і саюзным рэспублікам — хто колькі адужае з’есці, як пасля Вялікага посту. Ельцына папракаюць за падбор кадраў «маладых рэфарматараў» («нарадзіўся — вучыўся — міністар»), чыя палітыка прывяла Расію да калапсу. А з каго было браць? Кругом — бетонная наменклатура. Невядома, ці зрушылася б Расія пад кіраўніцтвам камуністычных рэфарматараў тыпу Рыжкова або Прымакова. Можа, ахвяры былі гістарычна непазбежныя? Можа, такі варварскі шлях раздзяржаўлівання быў для Расіі адзіна эфектыўны? Ёсць у мяне некаторыя асабістыя ўражанні зблізу ад Ельцына і ягонага асяродку. «Цара Барыса» рабіла ягоная разнамасная світа: сярод рэкрутаваных неафітаў‑рэфарматараў былі вельмі сімпатычныя асобы, але трапляліся і выпадковыя людзі. У гэтай сувязі згадваецца выступ Ельцына ў Вярхоўным Савеце Беларусі перад ад’ездам у Віскулі. Дакладней, запаў у памяць сувенір расійскага прэзідэнта. Загаварыўшы труістычна пра «векавыя сяброўскія сувязі рускіх і беларусаў», ён узгадаў «руска‑польскую вайну» 1654—1657 гг. і паднёс спікеру Станіславу Шушкевічу мастацкую копію архіўнага дакументу — «Ахоўную грамату Воршы ад 1664 году» як сімвал «вызвалення Беларусі рускімі войскамі ад польскага прыгнёту». Цяжка вінаваціць спікера за адсутнасць імгненнай рэакцыі. Я не ведаю, хто і як бы тут імгненна зрэагаваў. Апазіцыя БНФ, абазнаная ў старой гісторыі, захвалявалася. Некаторыя пачалі пакідаць залу. У перапынку я як член Прэзідыум Вярхоўнага Савета папрасіў міністра замежных справаў РФ Андрэя Козырава патлумачыць, што б гэта азначала. Козыраў спакойна, у стылістыцы высокай савецкай наменклатуры адказаў: «Хер их знает, может, там Бурбулис что‑то и напутал. Это его ребята готовили сувениры». Дзе там было новым рускім палітыкам разбірацца ў гістарычных хітраспляценнях ХVІІ стагоддзя! Супрацьстаянне Ельцына і былой савецкай наменклатуры з ліку высокіх вайсковых чыноў я адчуў на эмацыйнным узроўні ў Берліне і Пацдаме 5—9 траўня 1994 г. у час цырыманіяльных мерапрыемстваў з нагоды вываду Заходняй групы войскаў. Шматлікія генералы, што з’ехаліся на ўрачыстасьці, паміж сабою дазвалялі з’едлівыя заўвагі на адрас Ельцына — разбуральніка Саюзу і Перамогі. Дэманстрацыяй незадавальнення стаў пачатак урачыстага вечара ў Пацдаме, былым адміністрацыйным цэнтры зямлі Брандэнбург у ГДР, дзе месцілася большасць савецкіх войскаў. У прэзідыуме сядзелі прадстаўнік Ельцына, начальнік Заходняй групы войскаў генерал Бурлакоў, амбасадары трох славянскіх рэспублік былога СССР і 11 маршалаў Савецкага Саюзу, колішніх генералаў‑вайскаводаў ЗГВ — сівых, з баявымі ўзнагародамі. Прагучалі першыя акорды новага расійскага гімну — «Патрыятычнай песні» Глінкі. Большасць прысутных не ведала мелодыі. Калі ж зала паднялася і маршалы зразумелі, што гэта гімн, многія з іх селі ў знак пратэсту. Двое пакінулі прэзідыум. Адзін з іх стаў збоку ад заслоны і плакаў. Гэтыя прыгожыя сівыя маршалы — і безаблічны прадстаўнік прэзідэнта… Я сам быў у нейкай эмацыйнай прастрацыі. Непаважліва паводзілі сябе высокія вайсковыя чыны і падчас выступу Ельцына ў Тэатры на Жандармэнпляц у Берліне раніцой 8‑га траўня. Я бачыў здзіўленне англійскага прэм’ера Джона Мэйджэра, ужо тады вельмі хворага французскага прэзідэнта Франсуа Мітэрана, канцлера Гельмута Коля ды іншых эксцэленцыяў, калі пахмеленыя пасля ўчорашняга прыёму ў пасольстве, ужо «разжалаваныя» Ельцыным тлустыя генералы з Заходняй групы войскаў дэманстратыўна гучна размаўлялі ў прыцішанай зале. У час берлінскіх урачыстасцяў праявіліся надзвычай яскрава тыя рысы характару Ельцына, якія далікатна называюць экстравагантнымі. Баюся здацца занадта арыгінальным, але скажу: у Берліне не ўсё было так страшна, як распісалі расійскія журналісты. Так, Ельцын быў неадэкватна вясёлы і адкрыты для дзеяча такога рангу, але для звычайнага рускага — зусім нармальны. Дырыгаваў паліцэйскім аркестрам і спатыкнуўся. Усяго толькі. Нямецкія журналісты гэтага не заўважылі. Ельцын быў неардынарны, як народны самадзержац, што прыехаў даць Еўропе свабоду. На прыёме ў расійскай амбасадзе ён гаварыў маршалам: «Ну что, дадим немцу свободу?» Пасля ўзгаданай ранішняй урачыстасці ў Тэатры на Жандармэнпляц, прымаючы рапарт генерала Бурлакова пра вывад войскаў, Ельцын, як кажуць, напалову вуха слухаў рапарт і ўладным позіркам абводзіў выстраенае карэ высокіх гасцей па перыметры плошчы. Робячы ўрачысты абыход гасцей, ён «забыўся» на германскіх урадоўцаў, парушыў пратакол і хвілін на пяць затрымаўся каля Зыкінай, Кабзона і Нямцова… Адны казалі — хамства, другія — вальяжнасць пераможцы… Магчыма, яшчэ з’явіцца добразычлівае даследаванне пра Ельцынскую схільнасць да самаразбурэння — сапраўдную і ўяўную. Тут усё значна складаней, чым здаецца. Удаваная прастата Ельцына, на мой погляд, часта дапамагала яму ў няпростых сітуацыях. Барыс Ельцын, як і ягоная жонка, быў чалавекам шчырым і добрай душы. Цяжка сабе ўявіць, каб Ельцын, як Пуцін, мог сказаць пра застрэленую апазіцыйную журналістку Паліткоўскую: «Яе смерць нарабіла Расіі большую шкоду, чым ейныя артыкулы». Калі забілі Ўладзіслава Лісцева, які не раз крытыкаваў і прэзідэнта, Ельцын прыйшоў у Астанкіна на грамадзянскую паніхіду, знайшоў словы суцяшэньня для блізкіх і мужна прызнаў, што ўлада нясе адказнасць за крымінагенную сітуацыю. Я не магу сабе ўявіць, каб Ельцын, які менш публічна выказваў пабожнасць, чым Пуцін, мог на дзяржаўным канале тэлебачання радавацца нованароджаным шчанятам лабрадорскай сучкі на наступны дзень пасьля тэракту ў Есентуках 8 снежня 2003 г., калі яшчэ адкопвалі целы 45‑ці загінулых маладых людзей. Ельцын не быў прыхільнікам паказальных судовых працэсаў, яму была не чужая такая хрысціянская рыса характару, як міласэрнасць. Ён мог бы вельмі строга абысціся з путчыстамі, аднак не зрабіў гэтага. Фармальна за спробу дзяржаўнага перавароту іх чакала суворая кара. Аднак адбыліся судовыя працэсы, якія прадэманстравалі магчымасць шукаць праўду для іншадумаў. Ельцын фактычна памілаваў фармальных злачынцаў, захаваўшы ў краіне грамадзянскі мір і хрысціянскую мараль. Усё спазнаецца ў параўнанні. Што значыць фігура Ельцына для Беларусі? Наша незалежнасць не звалілася з неба, як лічаць некаторыя. І Ельцын адыграў немалую ролю ў тым, што адбылося ў Віскулях. Для беларусаў не так важныя тагачасныя эмацыйныя імпульсы расійскага прэзідэнта: гаварылі ў ім уласныя антыгарбачоўскія амбіцыі ці не — не істотна. Галоўнае, што гістарычны выбар быў слушны і карысны для Беларусі. Нішто не магло зляпіць трэснутую імперыю. Барыс Ельцын, як Барыс Гадуноў, «цараваў» у часе гістарычных зігзагаў і закалотаў. Шукаў, рабіў памылкі, каяўся. Нацыянальныя прарокі гаварылі голасам і дзяржаўных мужоў, і блазнаў, народ то маўчаў, то пагражаў бунтам. Праведнікі ішлі пад кулі і падымаліся на танкавыя вежы. Маэстра Растраповіч памяняў віяланчэль на аўтамат Калашнікава і стаў побач з Ельцыным. Гэта была не аперэта. Гэта была жывая Расія ва ўсім ейным неўладкаваным трыюмфе і трагедыі. Сэрца Ельцына перастала біцца ўсяго на некалькі дзён раней, чым замоўкла віяланчэль Растраповіча. Кажуць, што Ельцын вельмі перажываў брутальны разгон «Маршу нязгодных» на вуліцах Масквы і нібыта сказаў: «Мы так не рабілі». Можа, гэта народная легенда. Барыс Ельцын мучыўся, як Расія. Ён быў сам яе супярэчлівым увасабленнем… |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |